epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Святло з Усходу

Малюнак першы
Малюнак другі
Малюнак трэці
Малюнак чацвёрты
Малюнак пяты
Малюнак шосты
Малюнак сёмы
Малюнак восьмы
Малюнак дзевяты


 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Уладзімір Ільіч Ленін.

Аляксандр Фёдаравіч Мяснікоў.

Тарас Іванавіч Азорыч — член франтавога камітэта і Мінскага Савета.

Язэп Макейчык — рабочы дэпо, член Мінскага Савета.

Марына Варановіч — маладая работніца, член Мінскага Савета.

Андрэй Цімчук — селянін.

Аксеня Паўлаўна Званская — працаўнік земства ў Мінску.

Ігнат Кузьміч Высокаў — петраградскі рабочы.

Адась Валошын — фельдфебель, машыніст бронецягніка.

Грыгоры Баравы

Нічыпар Мелех

Мікола Ліпавец

Алесь Макарэвіч — салдаты рускай арміі.

Яніна Петрашэўская — прыбіральшчыца.

Меер Гольман — рабочы друкарні.

Агата Міранок — бежанка.

Таня — дачка Міранок.

Дзядзька Хораш — вартаўнік на Мінскім вакзале.

Генерал Балуеў — камандуючы Заходнім фронтам.

Антон Міхайлавіч Рабінін — кадэт, камісар Часовага ўрада на Заходнім фронце.

Іван Ігнатавіч Віскаваты — меншавік, член франтавога камітэта.

Барыс Міхайлавіч Яноўскі — эсэр, памочнік начальніка станцыі Мінск.

Вінцэнты Лешчыц — член Беларускага нацыянальнага камітэта.

Эстар Кацман — бундаўка.

Даўнарскі — капітан рускай арміі.

Ядвіга Карлаўна Вайніловіч — памешчыца.

Людміла Арыстархаўна Кучынская — дачка багатага крамніка.

 

Рабочыя, салдаты, бежанцы, інваліды вайны. Дзея адбываецца паміж красавіком і лістападам 1917 г. у Петраградзе, Мінску і на Заходнім фронце.

 

 

Малюнак першы

Асабняк Кшасінскай у Петраградзе. З вестыбюля на другі наверх падымаецца шырокая, роўная лесвіца. Насупраць яе на другім паверсе — двое дзвярэй у залу; каля адных з іх на варце радавы салдат Грыгоры Баравы. Гадоў яму дваццаць пяць — дваццаць шэсць, але выглядае ён значна маладзейшым, асабліва цяпер, калі ўвесь яго прыгожы і энергічны твар свеціцца вялікім захапленнем. За дзвярыма спачатку чуваць бурныя воплескі, а затым спеў «Інтэрнацыянала». З левых дзвярэй аўдыторыі выходзіць Тарас Азорыч і заклапочана набліжаецца да правых дзвярэй. Яму гадоў пад трыццаць. Ён высокі, хударлявы ў твары, апрануты ў афіцэрскі шынель, але без пагонаў. Баравы заступае яму дарогу.

 

Баравы

Таварыш, выхад цераз двор, направа...

 

Азорыч

Мяне Высокаў клікаў.

 

Баравы

А! Хвілінку.

 

Знікае за дзвярыма. З глыбіні калідора, спяшаючыся, з'яўляецца Званская. Гэта маладая і стройная, проста, але з густам апранутая жанчына. Гадоў ёй дваццаць два — дваццаць тры. Яна заклапочана аглядаецца, кагосьці шукаючы. Заўважыўшы Азорыча, Званская з радасцю бяжыць да яго.

 

Званская

Тарас Іванавіч!

 

Азорыч

Адкуль ты, Ксеня?!

 

Званская

Цябе шукаю.

 

Азорыч

Не, без жартаў, праўда?

 

Званская

Я афіцыйна тут па справах земства,

Але калі сказаць табе па праўдзе,

Дык справы я прыдумала сама.

Ты рад?

 

Азорыч

Аксеня, мілая мая!..

 

Званская

Я так засумавала па табе!

Два тыдні без цябе... О божа! Вечнасць!

 

З аўдыторыі выходзяць Баравы і Высокаў — пажылы рабочы, з пышнымі вусамі, у якіх прабіваецца ўжо сівізна.

 

Высокаў

Азорыч!

 

Азорыч

Зараз. Выбачай, Аксеня,

Ты пачакай мяне хвілінак пяць,

У нас тут справы.

 

Званская

Добра, пачакаю.

(Выходзіць.)

 

Высокаў

Ільіч даведаўся аб мінскіх справах

І хоча з вамі гаварыць.

 

Азорыч

Са мной?

 

Высокаў

Вам гаварыў ужо таварыш Фрунзе,

Якое Мінск набыў цяпер значэнне.

Там блізка фронт, там тысячы салдат,

І слова нашай партыі да іх

Дайсці павінна чыстым і праўдзівым.

А як жа масы могуць вам паверыць,

Калі вы дружыце з меншавікамі?

 

Падчас гэтай рэплікі з’яўляецца Лёнін, але Азорыч яго не заўважае.

 

Азорыч

Ігнат Кузьміч, якая ж гэта дружба?

 

Высокаў

Чаму ж у вас агульны камітэт?

 

Азорыч

Бальшавікоў у нас у Мінску мала...

 

Ленін

Няправільна! Галоўнае цяпер

Не даць сябе заблытаць ні на момант

У розныя дурныя аб’яднанкі

З цэнтрыстамі, з меншавікамі, з Бундам.

Ніякім чынам, ні адной хвіліны

Сумесна з абаронцамі вайны!

Вы з Мінска будзеце? Азорыч? Добра.

Нам з вамі трэба гаварыць грунтоўна.

Давайце пасядзім... Прашу, сядайце.

Ну, што ж вы маўчыце, Азорыч, а?

 

Азорыч

Збянтэжыўся крыху, таварыш Ленін.

 

Ленін

Бальшавікам патрэбна смелым быць.

На рэвалюцыю з усіх бакоў

Мядзведзем лезе здрадніцтва. Мы што ж,

Не маем права біцца? Выбачайце!

Вы бойкі любіце?

 

Азорыч

Магу.

 

Ленін

У вас

Вялікую правесці трэба бойку.

 

Высокаў

У Мінску пошасці багата вельмі...

 

Азорыч

Але там ёсць таксама і народ.

 

Ленін

Вось гэта правільна. Ішто ж народ?

 

Азорыч

Народ пакутуе — вайна, галеча...

 

Ленін

А што аб міры кажуць, аб зямлі?

 

Азорыч

Вайну клянуць, а як дабіцца міру —

Ніхто не ведае. Жывуць надзеяй

На Устаноўчы сход і на Саветы.

 

Ленін

Цяжкую і складаную задачу

Перад рабочай партыяй Расіі

Паставіла гісторыя. Глядзіце:

Пралетарыят у барацьбе з царызмам

Не шкадаваў ні сілы, ні жыцця;

Ён праявіў сапраўдны гераізм;

Ён здзейсніў рэвалюцыю, стварыў

Кіруючыя органы — Саветы

Рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

І што ж? Эсэры і меншавікі

Аддалі ўладу ўсю капіталістам.

На словах быццам бы правадыры,

А сапраўды — хвасты буржуазіі.

І толькі, можа, юныя курсісткі

Паверыць могуць ім, але не мы.

Яны не могуць, нават каб хацелі,

Ні хлеба даць, ні міру, ні свабоды.

 

Азорыч

Выходзіць, што урад патрэбна скінуць?

 

Ленін

Так і не так. Яго патрэбна скінуць,

Таму што ён урад буржуазіі.

Яго, аднак жа, нельга скінуць зараз,

Таму што ён трымаецца на згодзе

З Саветамі Рабочых Дэпутатаў,

І мы яго падолеем тады,

Як заваюем большасць у Саветах.

Пра гэта масам трэба і сказаць,

Сказаць выразна, прыклады прывёўшы..

Вось надышла вясна, пара сяўбы.

Вядома, партыі буржуазіі

За тое, каб зямельнае пытанне

Адкласці на няпэўны час —

Да Устаноўчага, як кажуць, сходу,

Ім што?! Яны гатовы пачакаць.

А селяніну як?

 

Баравы

Што ім сяляне,—

Абы памешчыкі былі здаровы!

 

Ленін

Сялянству трэба так і гаварыць:

Бярыце панскую зямлю і сейце,

Каб ратаваць народ ад галадухі.

Такая агітацыя — паможа,

І масы стануць павяртаць да нас.

Як вы мяркуеце?

 

Азорыч

Абавязкова:

Зямля для селяніна — гэта ўсё.

 

Ленін

Таксама нельга ў вас у Беларусі

Мінаць нацыянальнага пытання.

Прызнанне за народамі правоў

На самастойны лёс, на аддзяленне —

Важнейшы момант нашай барацьбы.

 

Азорыч

Я — беларус. Правы майго парода

Мне дорагі.

 

Ленін

Я разумею вас.

Аднак заўсёды трэба добра помніць,

Што Беларусь не можа быць свабоднай

Без аб’яднання сіл усёй Расіі.

Вось для чаго мы, рускія, павінны

Падкрэсліваць свабоду аддзялення,

А ў вас у Беларусі, на Украіне —

Свабоду аб’яднання. Мы стаім

За моцную, вялікую дзяржаву,

Але дабіцца нашай мэты хочам

Не сілаю, а брацкім згуртаваннем

Працоўных мас усіх свабодных нацый.

 

Азорыч

Таварыш Ленін, значыцца, Саветы

Павінны даць нам новы тып дзяржавы?

 

Ленін

Саветы аднаўляюць тып дзяржавы,

Якім была Парыжская камуна.

 

Азорыч

У нас у Камітэце фронту ў Мінску

Ёсць меншавік заядлы, Віскаваты...

Вы знаеце, як уяўляе ён камуну?

 

Ленін

Ну, ну? Цікава вельмі.

 

Азорыч

Ён гаворыць:

Народ таму не схільны да камуны,

Што пад агульнай коўдрай спаць не хоча

 

Ленін

(весела і шчыра смеючыся).

Так і сказаў, нягоднік? Ох, умора!

Вы чуеце, таварыш Баравы?

Які нягоднік! — Зноў пускае ў ход

Стары паклёп, што быццам бы камуна —

Агульная казарма. Сам ён, ясна,

Не верыць гэтаму.

 

Баравы

Але хацеў бы

Паспаць, як кажа, пад агульнай коўдрай.

 

Ленін

І ён не адзінокі, многа іх...

Вам трэба неадкладна — сёння ж, заўтра

Парваць з меншавікамі і ўтварыць

Сваю арганізацыю для Мінска,

Арганізацыю бальшавікоў.

Каб забяспечыць справу перамогі

Для рэвалюцыі ў другім этапе,

Патрэбна праявіць такія цуды

І згуртаванасці і гераізму,

Якіх раней дасюль не ведаў свет.

Падолееце здзейсніць наш наказ?

 

Азорыч

Падолеем, таварыш Ленін.

 

Ленін

Добра.

А мы паможам. Як, Ігнат Кузьміч?

 

Высокаў

Я, Уладзімір Ільіч, гатоў хоць сёння.

 

Ленін

Трымайце з Мінскам сувязь непарыўна.

Мы не маглі б ад піцерскіх рабочых

Паслаць туды пасылкі для салдат?

 

Высокаў

Не ведаю, ці ўдасца — галадоўля.

 

Ленін

Тут не ў саміх пасылках справа,— ім

Маральнае патрэбна падтрыманне.

 

Высокаў

Я думаю, што сёе-тое зробім.

 

Ленін

Ну вось і добра. Дзейнічайце дружна,

Паведамляйце аб усіх падзеях —

Вялікіх і малых. Ну, да спаткання

На фронце новых пралетарскіх бітв

І перамог.

 

Азорыч

Бывайце.

 

Высокаў

Да спаткання.

 

Ленін

Прашу вас перадаць вітанне Фрунзе

І Мяснікову.

 

Азорыч

Дзякуй, перадам.

 

Ленін, Высокаў і Баравы выходзяць. Азорыч падыходзіць да акна і глядзіць ім услед як зачараваны. Праз момант з'яўляецца Аксеня Званская.

 

Званская

Аб чым ты так задумаўся, Тарас?

А, дрэвы зацвілі... А помніш, любы,

Як мы з табой калісь перад вайной

Гулялі ў садзе? Сад быў белы-белы...

 

Азорыч

Аксеня, мілая!.. Каб ты магла

Хоць на хвіліну глянуць мне ў душу,

Пабачыла б не гэткія сады!..

 

Званская

Ты, любы мой, усё такі ж рамантык.

А я нядаўна ездзіла дамоў.

Схадзіла ў парк, дзе мы з табой гулялі,

І — божа мой! — які цяпер там жах!

Альтанка зломана, усюды брудна,

Прысады высечаны...

 

Азорыч

І табе

Шкада рабінінскіх маёнткаў стала?

 

Званская

Я ў тым маёнтку вырасла. Мой бацька

Дванаццаць год быў там за аканома.

Навошта ж разбураць людскую працу?

 

Азорыч

Хто ж вінават?

 

Званская

Не будзем гаварыць...

 

Азорыч

Не, трэба гаварыць, Аксеня, трэба!

 

Званская

Мне страшна, любы: пры такіх размовах

Між намі ўсё вышэй расце сцяна.

 

Азорыч

Сягоння, іменна сягоння, Ксеня,

Табе і мне патрэбна ведаць: хто ты?

 

Званская

Я — чалавек, люблю людзей, а людзі...

 

Азорыч

Не людзі ж разбураюць, а нянавісць,

Законная нянавісць да былога!..

 

Званская

Патрэбна не нянавісць, а любоў.

Адна яна ўратуе нам радзіму.

А вы, замест таго каб згуртавацца

І бараніць свабоду ад чужынцаў,

Вы точыце вайну паміж народам.

 

Азорыч

Хто гэта «вы»?

 

Званская

Бальшавікі.

 

Азорыч

А вы?

Хто ж вы сама?

 

Званская

Не ведаю. Здаецца,

Што я рэвалюцыянерка проста.

 

Азорыч

Такіх няма ў прыродзе. Глупства!

Вы тая ж самая курсістка, аб якой

Таварыш Ленін гаварыў...

 

Званская

Ах вось!

Я разумею вас цудоўна — Ленін...

 

Азорыч

Не смей так гаварыць!

 

Званская

Тарас!..

 

Азорыч

Не смей!

Я шчаслівейшы сёння чалавек:

Перада мной адкрылі новы свет.

Ты гэтага не можаш зразумець,

І нам няма аб чым і гаварыць.

Бывай!

(Шпарка ідзе да выхаду.)

 

Званская

Тарас Іванавіч!.. Азорыч!..

Паслухай жа, шалёны чалавек,

Я сёння еду ў Мінск,— што перадаць?

 

Азорыч

Мы самі скажам наша слова Мінску.

(Выходзіць.)

 

Званская

Ну вось і ўсё!.. Цяпер ужо канец.

Эх, мілы, мілы!.. Смешны мой рамантык!

Калі б я ведала — куды ісці?

На сэрцы у цябе цвітуць сады,

Мая ж душа бурліць, як чорны вір.

І цёмна, змрочна скрозь, як у магіле.

Адкуль, адкуль жа з’явіцца святло?

 

 

Малюнак другі

Прасторны пакой у памяшканні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Праз вокны пярэдняй сцяны відаць край будынка Віленскага вакзала. Вокны злева выходзяць у сад, поўны вясновага цвету. Сонца з усходу шчодра льецца ў пакой, і ад акон цякуць шырокія струмені святла і дробных пылінак.

Яніна Петрашэўская выцірае ў пакоі вокны. Гэта яшчэ даволі маладая жанчына; ёй нельга даць больш трыццаці год, але пакуты жыцця пакінулі на яе твары глыбокія сляды. І ўсё ж такі, не зважаючы на гэта, у руках яе многа імклівасці, а ў словах — весялосці і, часамі, з’едлівай іроніі. Апрача Петрашэўскай, у пакоі Андрэй Цімчук — сялянскі хадок па зямельных справах. Гэта напорысты і дасціпны стары, якому нядаўна пераваліла гадоў за шэсцьдзесят. Невысокага росту, каржакаваты, ён таксама, відаць, вясёлы па натуры, але заклапочанасць не дае ёй цяпер праявіцца.

 

Петрашэўская

Святло да нас ідзе з усходу, дзядзька!..

Ледзь сонца выплыве на небакрай —

Адразу ўсё і заліе праменнем.

 

Цімчук

Будынак для Савета самы раз:

З вакзала шасць і — у Савет.

 

Петрашэўская

Вы заявіліся залішне рана.

Таварыш Фрунзе выехаў на фронт,

А Мяснікоў сягоння будзе позна.

 

Цімчук

Дык што ж ты мне, кабеціна, параіш?

 

Петрашэўская

Ідзіце да яе, да Вайніловіч,

Няхай дае зямлю — і ўся гаворка.

 

Цімчук

А дзе ж я ў горадзе яе знайду?

 

Петрашэўская

А я скажу вам адрас. Я ў яе

Дванаццаць год за наймічку служыла.

Ідзіце да чырвонага касцёла,

А там вам дом яе пакажа кожны.

 

Цімчук

Патупаю цішком. Яно ўсё ж лепш,

Калі зайсці да гаспадыні з добрым.

 

Петрашэўская

На дабрату яе надзеі мала.

Вы націскайце сілай, пагразіце,

Няхай не думае, што гэта ёй

Стары рэжым.

 

Цімчук

Ды я пагавару!

Вясна, зямля пятрэе, сеяць трэба...

(Выходзіць.)

 

Петрашэўская

Вось так і ходзяць людзі кожны дзень.

 

Уваходзіць Аксеня Званская.

 

Званская

Дзень добры! Што, яшчэ няма нікога?

 

Петрашэўская

Азорыча яшчэ няма, галубка.

 

Званская

Чаму Азорыча?

 

Петрашэўская

Ну, а каго ж?

У нас тут лепшых хлопцаў і няма.

 

Званская

Мы пасварыліся, Яніна, з ім,

І я прашу аб ім не гаварыць.

 

Уваходзіць Рабінін, трыццацігадовы раскошны афіцэр у чыне капітана. Ва ўсіх яго рухах — мяккасць і нядбайнасць; але гэта толькі знешні выгляд, а па сутнасці — гэта цынічны, нахабны і жорсткі чалавек.

 

Рабінін

Аб кім такі загад — не гаварыць?

 

Петрашэўская

Вядома ж, не аб вас. Наадварот,

Вас тут, відаць, чакалі, пан Рабінін.

 

Рабінін

Чаму ж я пан?

 

Петрашэўская

Так у мяне вядзецца:

Адзін — таварыш мне, другі мне — дзядзька,

Той — грамадзянін, а вось гэты — пан.

 

Рабінін

Не, рэвалюцыя зраўняла ўсіх.

 

Петрашэўская

Я нешта не заўважыла...

(Выходзіць.)

 

Званская

Кашмар!

Яна падумала, што я сюды

Прыйшла спаткацца з вамі.

 

Рабінін

Ну і што ж?

Мае адносіны да вас — не тайна.

А вы вось сталі забываць сяброў.

 

Званская

Антон Міхайлавіч, не трэба, кіньце.

Якія мы сябры? На дзень? На два?

 

Рабінін

Чаму? Вы ж на маіх вачах раслі.

 

Званская

Не на вачах, а на дзядзінцы вашым,

Дык вы і не заўважылі таму,

Што я іначай думаю, чым вы.

 

Рабінін

І калі ласка — думайце іначай.

 

Званская

А гэта можа нас і пасварыць.

 

Рабінін

Аксеня Паўлаўна, ніколі, не!

Вы ж ведаеце, што ў мяне ў душы

Да вас не толькі дружба...

 

Петрашэўская

(уваходзячы).

Пан Рабінін,

Пытаюць вас.

 

Рабінін

Прасіце.

Петрашэўская выходзіць.

 

Званская

Я пайду.

 

Рабінін

Дзе вы сягоння будзеце пазней?

 

Званская

У земстве на рабоце.

 

Рабінін

Я зайду.

 

Званская

Не, не!.. Ні ў якім разе! Не заходзьце!

 

Званская выбягае. З другіх дзвярэй пад канвоем Язэпа Макейчыка ў пакой уваходзіць Людміла Кучынская — дачка багатага крамніка, маладая, прыгожая, зусім бесклапотная і бяздушная істота. Часамі яна здаецца наіўнай, але наіўнасць яе робленая. Язэп Макейчык — стары чыгуначнік, разважлівы і трохі маўклівы чалавек, які многа перажыў за свае шэсцьдзесят год. Апрануты ён у характэрную для таго ваеннага часу вопратку рабочага, з чырвонагвардзейскай павязкай на рукаве.

 

Макейчык

Член гарадской міліцыі Макейчык.

 

Рабінін

У чым жа справа, брат Макейчык, а?

 

Макейчык

Ды я, сказаць, і не да вас ішоў...

 

Рабінін

Я камісар Часовага урада.

 

Макейчык

Урад урадам, а буржуй буржуем.

Рабочыя ад галадоўлі гінуць,

А гандляры збываюць хлеб без картак.

 

Рабінін

О, гэта, брат, злачынства! Чуеш, дзетка?

 

Людміла

Вось дык свабода! Я ўжо не магу

Прадаць, каму хачу, кавалак хлеба!

 

Макейчык

А што ён — твой? Ты сеяла яго?

 

Рабінін

Я разбяруся сам у гэтай справе.

 

Макейчык

Залішне доўгія разборы ў вас. (Выходзіць.)

 

Рабінін

Ты што ж, не ведаеш законаў, дзетка?

 

Людміла

А мне мой татусь загадаў прадаць.

Не будзе ж ён сваім уласным хлебам

Карміць бальшавікоў.

 

Рабінін

А гэта слушна!

Ты б не зайшла, малютка, да мяне?

Дом пані Вайніловіч знаеш?

 

Людміла

Знаю.

 

Рабінін

Вось і прыходзь. Дамовіліся?

 

Людміла

Добра.

 

Рабінін праводзіць Людмілу да дзвярэй. У гэты час у пакой заходзяць Віскаваты, Яноўскі, Лешчыц, Кацман. Хто ж гэтыя людзі? Рэвалюцыя вынесла іх на паверхню, як хваля выносіць шчэпкі. Яны розныя, але ў іх больш агульнага — гэта іх баязлівасць перад бурным морам жыцця. З асаблівай сілай яна праяўляецца ў характары Віскаватага — гэтага нікчэмнага фантазёра, які дванаццаць год быў «рэвалюцыянерам» і дванаццаць год дрыжаў перад кожным квартальным. Яму заўсёды «жудасна». Праўда, бываюць моманты, калі з баязлівасці ён становіцца лютым. Іншыя асобы гэтай кампаніі прыкрываюць сваю разумовую і маральную баязлівасць па-рознаму. Малады чыноўнік транспарту Яноўскі — сваёй ганарлівасцю; пажылая і ўраўнаважаная баба Эстар Кацман — празмернай экзальтаванасцю; высокі і гарбаты ад усведамлення сваёй уласнай грамадскай вагі Вінцэнты Лешчыц — знарочыстаю грубасцю, якую ён падае як адзнаку сваёй «беларускай народнасці». Яны заходзяць у пакой развязна, як гаспадары становішча, але перад асобай раскошнага і спакойнага афіцэра Рабініна адразу тушуюцца. Першым баязліва і лісліва пачынае Віскаваты.

 

Віскаваты

Э! вы, Антон Міхайлавіч, дзялок:

Заўсёды ля дзяўчат.

 

Рабінін

Прашу без жартаў!

Сядайце, калі ласка, грамадзяне.

Як камісар Часовага урада,

Я вас усіх паклікаў, грамадзяне,

Для вырашэння вельмі важнай справы.

Мы ўсе — прадстаўнікі ад розных партый.

Аднак жа ёсць у нас ва ўсіх адно,

Што нас яднае — гэта ёсць Расія.

 

Лешчыц

Дазвольце! Беларускі камітэт

За аўтаномію для Беларусі.

 

Рабінін

Я спадзяюся, нашы з вамі спрэчкі

Развяжа Устаноўчы сход. Расія,

Народ яе не могуць дапусціць,

Каб бацькаўшчына выбыла з вайны

Прыніжанай. Мы абаронім права

Радзімы нашай на пачэсны мір.

Вайна павінна весціся далей,

Да поўнай перамогі.

 

Яноўскі

Мы — эсэры...

 

Віскаваты

Меншавікі таксама, дадавайце.

 

Яноўскі

Вайну падтрымліваем з агаворкай:

Не для захопаў, а для абароны

Рэвалюцыйнае Расіі,— толькі.

 

Віскаваты

Таварышы, але ж вайна — знішчэнне?!

 

Рабінін

Мыляецеся, мір нясе знішчэнне!

Мы скінулі цара не для таго,

Каб дабівацца для Расіі міру,

А для таго, каб лепей ваяваць.

 

Яноўскі

Мы разумеем гэта вельмі добра...

 

Рабінін

А паміж тым ад Мінскага Савета,

Дзе ўсе вы маеце сваю вагу,

На фронт ідуць ідэі разлажэння.

 

Кацман

Бальшавікі!..

 

Віскаваты

Якая ганьба — жах!

 

Яноўскі

Сябры! Пара даўно пакончыць з гэтым!

Мы гаварылі...

 

Лешчыц

Пане дабрадзею,

Якая нам карысць з тваёй гаворкі!

Тут трэба дзейнічаць не словам, а...

 

Рэпліку Лешчыца абрывае крык за дзвярыма. У пакой урываецца пані Вайніловіч — узбуджаная і чорная ад страху. У гэты момант зліняла ўся яе штучная маладжавасць, і з-пад моднага капялюшыка выбіваюцца пасівелыя валасы.

 

Вайніловіч

Мяне аграбіць хочуць!.. Прапусціце!..

Антон Міхайлавіч!.. Ратуйце!.. Смерць!..

 

Віскаваты

Што здарылася, пані Вайніловіч?

 

Вайніловіч

Аграбіць хочуць... Мужыкі... Бандыты...

 

Рабінін

Вы супакойцеся і раскажыце.

 

Вайніловіч

Ледзь толькі выйшлі вы нядаўна з дому,

З’явіўся селянін і да мяне:

«Аддай зямлю. Аддай сама — іначай

Мы возьмем сілаю». Так і сказаў.

 

Віскаваты

Анархія! Далей так нельга жыць.

Патрэбна цвёрдая рука. Жахліва!

 

Вайніловіч

Абараніце ж бедную кабету.

Хіба я манархістка, каб мяне

Пужаць пагромам нейкім? Я, дарэчы,

Сама настроена дэмакратычна.

Скажыце, пане Лешчыц, я і Скірмунт

Не памагаем беларускай справе?

 

Лешчыц

Мы вам удзячны, пані Вайніловіч.

 

Рабінін

Ядвіга Карлаўна, я не кажу,

Ці добрай памагаеце вы справе,

Але мы абарону вам дадзім.

Анархію патрэбна супыніць,

І мы яе супынім,— будзьце пэўны!

 

Вайніловіч

На вас надзеі ўсіх грамадскіх колаў.

Даруйце мне... Бывайце!..

(Паварочваецца да дзвярэй і натыкаецца на Мяснікова, які перад гэтым зайшоў у пакой.)

Божа мой!

Мне паказалася, вы — бальшавік.

 

Мяснікоў

І вы не памыліліся. Праходзьце!

(Прапускае Вайніловіч і зачыняе за ёю дзверы. У пакоі стаіць цішыня. Усе крыху збянтэжаныі засаромлены.)

Ну, што ж вы так прыціхлі, «дэмакраты»!

Вы радуйцеся: вы абаранілі

Памешчыцу...

 

Яноўскі

Зямельнае пытанне

Не можа быць праведзена ў жыццё

Шляхамі сілы. Гвалт і грабяжы —

І небяспечны і найгоршы сродак

У галіне эканамічнай працы.

 

Мяснікоў

Пастой, не барабань!..

 

Кацман

Што «барабань»!

Каму ў карысць аграрныя эксцэсы?

Контррэвалюцыі, а не сялянству.

 

Віскаваты

А канфіскацыя зямлі павінна

Прайсці заканадаўчым, мірным шляхам.

 

Рабінін

Я ад імя кадэтаў заяўляю:

Зямлі бясплатна мы не можам даць.

 

Лешчыц

І правільна! Край беларускі — бедны.

Каб з нашых нетраў атрымаць багацце,

Патрэбны капіталы. Дзе іх браць?

 

Мяснікоў

Вы мне не заяўляйце. Заявіце

Прадстаўнікам саміх сялян аб гэтым.

(Прачыняе дзверы і гукае.)

Таварыш селянін, прашу, заходзьце.

 

Віскаваты

Навошта гэта? Што вы? Жах адзін!

 

Кацман

Вы хочаце наладзіць фарс ці драму?

 

Уваходзіць Цімчук.

 

Віскаваты

Пазней, таварышок, пазней!

 

Цімчук

Вясна,

Пара на поле з плугам выязджаць!

Наконт зямелькі да каго тут з вас?

Да вас, ці што?

 

Рабінін

Я па ваенных справах,—

На гэта ёсць губернскі камісар.

 

Цімчук

Хадзілі — не дае.

 

Рабінін

Звярніся ў земства.

 

Цімчук

Былі і там — адмовілі таксама.

Надзея ўся, таварышы, на вас.

 

Віскаваты

Барыс Міхайлавіч, пагаварыце...

 

Яноўскі

Чаму канечне я?

 

Віскаваты

Бо вы эсэр.

Зямельнае пытанне — ваша справа.

 

Яноўскі

Я думаю, выпадак гэты мае

Мясцовае значэнне, і няхай

Рашае Беларускі камітэт.

Скажыце, грамадзянін Лешчыц, слова.

 

Лётчыц

Магу сказаць. Я, дзядзька, так мяркую.

Не аб чужой зямлі нам трэба дбаць,

А трэба думаць аб сваёй краіне.

Збярэцца з часам Устаноўчы сход,

Дасць нашай нацыі яе правы,

Мы сыдземся на свой краёвы сойм

І вырашым тады усе пытанні.

 

Цімчук

А ты мне, брат-таварыш, дай зямлю,

Дык нацыю я ўстанаўлю і сам.

Скажыце мне, а Фрунзе тут няма?

 

Віскаваты

А ведаеш, што Фрунзе бальшавік?

 

 

Цімчук

Браточак мой, і Ленін бальшавік?

 

Рабінін

Тады з бальшавіком і гавары.

Прашу вас, грамадзянін Мяснікоў.

 

Мяснікоў

Зямлю патрэбна браць і засяваць.

 

Цімчук

Што, што? Ты як сказаў, таварышок?

 

Мяснікоў

Бяры, кажу, зямлю і засявай.

 

Цімчук

Ты, калі ласка, паўтары мацней,

Я нешта недачуў.

 

Мяснікоў

Я гавару:

Бярыце панскую зямлю і сейце.

 

Цімчук

Вось гэта правільна! Цяпер я чую.

 

Рабінін

За кожны самавольна ўзяты шнур

Вы будзеце адказваць па закону.

 

Цімчук

Ну, што ты скажаш! Як жа мне рабіць?

Засудзяць жа, каб іх судзіла ліха.

 

Мяснікоў

Па-добраму урад зямлі не дасць,

І за яе змагацца трэба сілай.

 

Кацман

Вы падбіваеце сялян на бунт.

Я вымушана заявіць пратэст

І пакідаю пасяджэнне.

 

Мяснікоў

З богам!

 

Яноўскі

Я далучаюся.

 

Лешчыц

І я таксама.

 

Усе трое ўстаюць і выходзяць.

 

Віскаваты

Таварышы, таварышы!.. Да згоды!..

Я заклікаю вас усіх да згоды.

Таварыш Мяснікоў, вы адштурхнулі

Ад рэвалюцыі такіх людзей,

Якія здольны ёй былі служыць.

 

Мяснікоў

Абыдземся!

 

Віскаваты

Без іх не абысціся,

Улада, што прыйшла на змену царскай,

На жаль, была і будзе буржуазнай.

 

Уваходзіць Азорыч.

 

Азорыч

А я сцвярджаю іншае: уладу

Павінны ўзяць Саветы дэпутатаў.

 

Мяснікоў

Тарас Іванавіч, з прыездам!

 

Азорыч

Дзякуй.

Аб чым у вас ізноў ідуць дэбаты?

 

Мяснікоў

Усё аб тым жа: аб зямлі і ўладзе.

 

Азорыч

На канферэнцыі таварыш Ленін

Падкрэсліў зноў: уладу ўсю — Саветам,

Зямлю — сялянству, фабрыкі — рабочым.

 

Мяснікоў

Ты слухаеш, стары? Зямля — сялянству!

 

Цімчук

А хто сказаў так, хто?

 

Мяснікоў

(паказваючы на Азорыча).

Таварыш кажа.

 

Цімчук

Эге ж, ён, можа, чалавек і добры,

Ды сіла не яго, начальства ёсць.

 

Азорыч

Не я так гавару, а Ленін.

 

Цімчук

Ленін?

 

Азорыч

Ты чуў пра Леніна?

 

Цімчук

Ты што — жартуеш?

А хто ж і дзе пра Леніна не чуў?

 

Азорыч

Дык Ленін, дзядзька, так сказаў: «Сяляне,

Стварайце ў вёсках вашы камітэты,

Бярыце у памешчыкаў зямлю

І засявайце».

 

Цімчук

Правільна сказаў.

А слова гэта запісалі дзе?

 

Азорыч

Пра гэта ўсё напісана вось тут.

(Дае Цімчуку брашуру.)

 

Цімчук

Цяпер мне ясна, ёсць закон і наш.

А ты мне, шэльма, што казаў нядаўна?!

(Наступае на Віскаватага.)

 

Віскаваты

Ты хочаш біць?

 

Цімчук

Не шкодзіла б ударыць,

Ды часу вось няма, на поле трэба.

Бывайце, хлопцы, дзякуй за параду.

(Выходзіць.)

 

Віскаваты

Ну што ж, выходзіць, нам не па дарозе.

 

Мяснікоў

Што ў Петраградзе?

 

Азорыч

Ленін даў наказ

Парваць з меншавікамі і стварыць

Арганізацыю бальшавікоў.

 

Мяснікоў

Шкада, што Фрунзе выехаў на фронт.

 

Азорыч

За старшыню ЦК цябе параіў,

І трэба дзейнічаць сягоння ж, зараз.

 

Мяснікоў

Мы можам склікаць фракцыю Савета,

Здаецца, нашы тут усе. Марына!

 

Уваходзіць Марына Варановіч. Маладая жанчына шмат, відаць, бачыла гора, але пры яе дваццаці гадах гэтага непрыкметна. І, не зважаючы на строгія рысы твару, якім гладкая прычоска на прабор надае нават адценне халаднаватасці, адчуваецца, што яна ўвасабленне парыву і маладосці.

 

Варановіч

А, дэлегат з’явіўся! Добры дзень.

 

Мяснікоў

Прасі таварышаў на пасяджэнне.

Азорыч нам раскажа падрабязна

Аб тым, якія даў наказы Ленін.

 

Мяснікоў, Азорыч і Марына накіроўваюцца ў пакой для пасяджэнняў. Віскаваты рушыў за імі ўслед. Азорыч заступае яму дарогу.

 

Азорыч

А ты куды?

 

Віскаваты

На пасяджэнне.

 

Азорыч

Хлусіш!

Ад гэтых дзён на нашы пасяджэнні

Меншавікам зачынен уваход.

 

 

Малюнак трэці

Акопы адной з рускіх часцей Заходняга фронту. Узгоркаватая мясцовасць, парослая рэдкім лесам. Відаць, што яна не раз падвяргалася артылерыйскаму абстрэлу, аб чым сведчаць паваленыя дрэвы і разбураныя будынкі, якія віднеюцца ўдалечыні. Спякотны летні дзень. Непадалёку аднаго з акопаў — група салдат, занятых сваёй няхітрай салдацкай гаспадаркай. Тут і чыста паголены, з зухавата закручанымі вусамі Алесь Макарэвіч, і стары, зарослы барадою Нічыпар Мелех, і малады, бязвусы Мікола Ліпавец — людзі самых розных узростаў, але адной салдацкай долі.

 

Ліпавец

Несправядліва, хлопцы, свет устроен.

Ужо і лета хутка праміне,

А доля наша ўсё адна і тая ж...

Эх, маці дарагая, лепш бы ты

На свет мяне малога не радзіла!

 

Мелех

Цяпер у нас, напэўна, дома жнуць...

 

Ліпавец

Калі было на чым і што пасеяць.

 

Мелех

Дай божа знешніх ворагаў разбіць,

Тады мы возьмемся за ўнутраных.

 

Ліпавец

Што, за памешчыкаў?

 

Мелех

А што ты думаў!

 

Ліпавец

А я сваім вяскоўцам так пішу:

«Дзяліце смела панскую зямлю

І не чакайце устаноўчых сходаў,

А мы тут зброі нашай не пакінем

І вернемся да вас на абарону».

 

Макарэвіч

Раней вайну закончыць трэба...

 

Ліпавец

Гляньце,

Яшчэ адзін ідзе. Каторы гэта?

 

Мелех

Ні то чацвёрты, ні то пяты...

 

Ліпавец

Песню!

 

Салдаты

(спяваюць).

Эх, пайду я, сіраціна,

З гора злога ў цёмны лес.

 

Уваходзіць Баравы.

 

Баравы

Здарова, землячкі! Здарова, хлопцы!

 

Салдаты

(не зважаючы і яўна дэманстрацыйна спяваюць далей).

Я пайду туды з вінтоўкай,

Тры бяды я там зраблю.

 

Баравы

Э, бачу, вам, сябры, не да гаворкі.

Ну што ж, тады і я дапамагу. (Спявае.)

Ах, як першую бяду —

Камандзіра адвяду.

 

Ліпавец

Даволі, стоп! Здаецца, хлопец свой,

Мы думалі, чарговы агітатар.

 

Баравы

Эх вы, сваіх не можаце пазнаць!

І ты не пазнаеш, Нічыпар Мелех?

 

Мелех

Чакай: Грыгоры Баравы, ці што?

 

Баравы

Ён самы, мілы мой!..

 

Мелех

Адкуль жа ты?

 

Баравы

Ад Керанскага, брат, з паведамленнем.

 

Галасы

Што, можа, мір? Дахаты адпускаюць?

 

Баравы

Ого, чакай! Дахаты не пускаюць —

І ў Петраградзе жыць не дазваляюць.

 

Мелех

Як так?

 

Баравы

А так. Завезлі ў Петраград,

Там паглядзелі і — на фронт.

 

Мелех

За што?

 

Баравы

За што? Каб Леніна не смелі слухаць.

 

Ліпавец

А што гаворыць Ленін?

 

Баравы

Эх, браток,

Калі б мая варыла галава,

Я расказаў бы, што гаворыць Ленін!

Адно запомніў цвёрда... Ён сказаў:

«Салдаты! Справа міру і зямлі

Знаходзіцца у вашых жа руках».

 

Мелех

Пракляты немец не дае нам міру.

 

Баравы

Табе, відаць, вайна не надаела...

 

Мелех

Маўчы, таварыш мой! Я так змарыўся,

Што лёг бы вось, здаецца, на зямлі,

Прырос бы да яе і не падняўся...

А трэба... Трэба бараніць свабоду!

 

Баравы

Ты думаеш, што гэта за свабоду

У наступленне гоняць?

 

Макарэвіч

Не пагоняць,

Павер сацыялісту-дэмакрату.

 

Баравы

Партыйны?

 

Ліпавец

Меншавік.

 

Баравы

Прапашчы хлопец.

 

Ліпавец

Увага, хлопцы, Віскаваты... Песню!

 

Салдаты спяваюць. Уваходзіць Віскаваты.

 

Салдаты

Эх, пайду я, сіраціна,

З гора злога ў цёмны лес.

Я пайду туды з вінтоўкай,

Тры бяды я там зраблю.

Ах, я першую бяду —

Камандзіра адвяду.

А другую ўжо бяду —

Я вінтоўку навяду.

А як трэцюю бяду —

Проста ў сэрца пападу.

Ах, начальнік, ты начальнік,

Прападзі ад нас навек!

 

Віскаваты

(на фоне салдацкай песні).

Здаровы, малайцы!.. Што гэта значыць?

Я не дазволю розным прайдзісветам

З'яўляцца ў часць і бунтаваць салдат.

 

Ліпавец

Адставіць! Свой ідзе — Адась Валошын.

 

Песня абрываецца.

 

Віскаваты

Якая ж розніца?

 

Ліпавец

А тая, братка,

Што нам свайго прыемна і паслухаць.

 

Уваходзяць Варановіч і Валошын — фельдфебель тэхнічных войск, чалавек гадоў трыццаці; і хоць вайсковая вопратка сцірае знешнюю розніцу паміж людзьмі, у абліччы Валошына няцяжка заўважыць тыя рысы, якія характарызуюць кадравага кваліфікаванага рабочага.

 

Мелех

Здароў, салдацкі поп!

 

Валошын

Здаровы, людзі!

 

Ліпавец

Што, зноў служыць малебен будзеш?

 

 

Валошын

Служыць сягоння будзе пападдзя.

 

Ліпавец

Ого, не пападдзя, а пападзянка!

 

Валошын

Член Мінскага Савета Варановіч.

 

Варановіч

Таварышы салдаты, я да вас

Прывезла рэзалюцыю Савета

Аб наступленні...

 

Ліпавец

Наступаць? Не выйдзе!

 

Варановіч

Якраз наадварот! Мы заяўляем,

Што наступленне можа быць карысным

Буржуазіі толькі, а не нам.

 

Макарэвіч

А ты сама з якога класа будзеш?

 

Варановіч

О, я з радні заможнай. Бацька мой

Валодаў тапаром і мазалямі.

І я была багатаю з маленства,

А з дзесяці гадоў пайшла вучыцца:

Спярша на фабрыку, пасля ў турму.

І невялікі шлях жыццёвы мой

Усыпаны з канца ў канец слязьмі.

Калі б ператварыць іх у алмазы,

Хапіла б высыпаць акопы вашы.

 

Мелех

Дачушка ты мая, такім багаццем

Багаты кожны з нас, залішне нават.

Не маем толькі аднаго мы — праўды.

 

Варановіч

І праўда ёсць! Прыслухайцеся толькі,

Што вам і нам усім гаворыць Ленін.

«Салдаты,— кажа ён,— цясней рады!

Яднайцеся з рабочымі, з сялянствам,

Тады народ здабудзе мір і волю».

 

Віскаваты

А ты параіш, як дабіцца міру,

Калі нямецкія буржуі супраць?

 

Варановіч

Таварыш Ленін раіць, як дабіцца:

Падаць руку нямецкаму салдату,

А ўжо салдат дамовіцца з салдатам.

 

Ліпавец

Дамовімся!

 

Мелех

Пайшлі да немцаў, хлопцы!

 

Баравы

Пайшлі, таварышы!

 

Валошын

Далоў вайну!

 

Варановіч

Няхай жыве братэрства ўсіх працоўных!

 

Зрывае з галавы чырвоную хусцінку і, як сцяг, падымае яе над галавой. Спяваючы «Інтэрнацыянал», салдаты рушылі да нямецкіх акопаў. Наперадзе іх Баравы нясе шчыт, на якім напісана: «Далоў вайну! Любой цаною мір!»

 

Віскаваты

Спыніцеся! Назад! Назад, вар'яты!

Чакайце ж, я вам зараз лазню дам.

 

Бярэ пакінутую вінтоўку, кладзе яе на бруствер акопа і цэліцца. У адказ на яго стрэл з нямецкага боку затрашчалі кулямёты. Рускія салдаты, прыгінаючыся і падаючы, бягуць назад да сваіх акопаў. Многія з іх паранены, у тым ліку і Марына Варановіч.

Салдаты дапамагаюць Валошыну вынесці Марыну з-пад агню.

 

Мелех

Вось вам і братанне, пагаварылі...

 

Прыбягае капітан Даўнарскі — малады служака, які яшчэ не паспеў нацешыцца сваім службовым становішчам. За ім з’яўляецца Віскаваты.

 

Даўнарскі

Што тут за стрэлы?

 

Макарэвіч

Немцы абстралялі.

 

Даўнарскі

Гарніст!

 

Ліпавец

Я слухаю.

 

Даўнарскі

А чын мой?! Чын!

 

Ліпавец

Пан капітан...

 

Даўнарскі

Глядзі мне, шэльма... Збор!

 

Гарніст іграе збор. Збіраюцца салдаты. З зямлянкі выходзяць Балуеў і Рабінін. Да іх падбягае Віскаваты.

 

Віскаваты

Дазвольце далажыць, пан генерал?

Настрой салдат надзвычай неспакойны.

Гавораць, што калі не будзе міру,

Яны пакінуць самавольна фронт.

 

Даўнарскі

Пан генерал, па вашаму загаду

Асобная пятнаццатая часць

Пастроена.

 

Балуеў

Здарова, малайцы!

 

Салдаты

Здароўя добрага, пан генерал!

 

Балуеў

Салдаты! Я звяртаюся да вас

Не як начальнік ваш, а як салдат.

Пакіньце строй, сядайце, дзе зручней,

І пагаворым шчыра, як сябры.

Мы дамагліся поўнае свабоды,

І нам яе патрэбна бараніць.

Вы, як салдаты, ведаеце, мусіць,

Што абарона ёсць і наступленне.

Як глядзіце на гэта вы, салдаты?

 

Макарэвіч

Мы за вайну, але ж і нам ахвота

Хоць паглядзець на светлае жыццё.

 

Рабінін

Няхай свабоду забірае немец?

 

Ліпавец

А мы не аддадзім.

 

Балуеў

А як жа будзе,

Як немцы пойдуць наступаць?

 

Ліпавец

Не пойдуць,

Пра гэта мы дамовімся як-небудзь.

 

Балуеў

Вы ж прабавалі. Хто ж па вас страляў

 

Баравы

Такія ж афіцэры, як і вы...

 

Рабінін

Што ты сказаў?!

 

Баравы

Не тыкайце.

 

Рабінін

Маўчаць!

 

Балуеў

Які ж апошні будзе ваш адказ?

 

Баравы

Дазволіце ў пісьмовай форме?

 

Балуеў

Можна.

 

Баравы падымае шчыт з надпісам: «Далоў вайну! Любой цаною мір!»

 

Рабінін

Ты з кім... ты з кім жартуеш, сукін сын!

З камандуючым фронтам так жартуеш?!

На катаргу! Страляць за гэта трэба!

 

Баравы

Няма каму страляць і высылаць:

Усе салдаты думаюць, як мы.

 

Балуеў

Я сам... Я выканаю доўг салдата.

Пры братанні, пры адступленні з фронту

Страляць па непакорных з кулямётаў —

Такі апошні будзе мой загад.

Пакуль ён не падпісаны яшчэ,

Хапайце, утапчыце ў гразь, забіце...

Няхай мае не бачаць лепей вочы

Ні ганьбы, ні пагібелі Расіі.

 

Балуеў расчулены адыходзіць убок і змахвае слязу. Салдаты некалькі разгублены.

 

Мелех

Нядобра нейк выходзіць, землякі.

 

Макарэвіч

Перастраляюць нас, паб’юць усіх...

 

Мелех

Я думаю, што можна б так рашыць:

Калі суседзі згодзяцца — мы згодны.

 

Макарэвіч

І правільна, як людзі, так і мы.

 

Валошын

Ды гэта ж правакацыя! Ніхто,

Ніводзін полк у наступ не кранецца.

 

Макарэвіч

Тым лепш, тады і наша часць не пойдзе.

 

Балуеў

Апошні раз пытаю ваш адказ.

 

Мелех

Пан генерал, калі другія часці

Захочуць наступаць — мы падтрымаем.

 

Валошын

А вы ж кляліся Леніну, салдаты!

Што ж вы адкажаце рабочым Мінска?

 

Баравы

Пастой! Хто даў загад аб наступленні?

 

Балуеў

Загад падпісан Керанскім.

 

Баравы

І толькі?

 

Мелех

А Ленін?

 

Рабінін

Ленін нам не камандзір.

 

Баравы

А нам ён камандзір... і найвышэйшы!

 

Віскаваты

Таварышы, ды гэта ж ашуканства!

 

Баравы

А мы не ведаем. Такі наказ

Нам далі з Мінскага Савета. Праўда?

 

Галасы

Мы згодны! Правільна! Такі наказ.

 

Прыбягае салдат і падае Даўнарскаму нейкую паперу. Той, прабегшы яе вачыма, перадае Балуеву.

 

Даўнарскі

Пан генерал, дэпеша з Петраграда.

 

Балуеў

(прачытаўшы тэлеграму і хрысцячыся).

Малюся, госпадзі, табе душой,

Што злітаваўся над маёй радзімай.

(Тон яго размовы адразу мяняецца.)

Салдаты! З Петраграда тэлеграма.

З анархіяй пакончана. Учора

Узброеныя масы захапілі

Палац Кшасінскай — штаб бальшавікоў.

Паводле вестак, Ленін арыштован...

 

Баравы

Няпраўда!

 

Ліпавец

Хлусіце!

 

Валошын

Шантаж!

 

Балуеў

Чытай!

(Падае паперу Валошыну.)

 

Валошын

(прабегшы вачыма паперу, чытае).

...Кіраўнікі і Ленін разам з імі

Прыцягнуты к адказнасці за здраду.

 

Баравы

Арыштавалі... Як жа мы адны!..

Таварышы!.. Сябры!..

 

Балуеў

(паказваючы на Баравога).

Канвой, узяць!

 

Мелех

Грыгорыя? Не, хлусіш! Не дадзім!

 

Балуеў

Забраць абодвух!

 

Балуеў, Рабінін і Віскаваты выходзяць.

 

Даўнарскі

Ну, бунтаўшчыкі,

Наперад арш!

 

Макарэвіч

Турэмшчыкі!

 

Ліпавец

Забойцы!

 

Канвой на чале з Даўнарскім выводзіць арыштаваных.

 

Макарэвіч

Якое ашуканства! Людзі! Братцы!..

 

З’яўляюцца Мяснікоў і Высокаў.

 

Валошын

Таварыш Мяснікоў, скажыце — праўда?

 

Мяснікоў

Пытаешся аб Петраградзе? Праўда.

 

Ліпавец

А Ленін?

 

Мяснікоў

Ленін у падполлі.

 

Валошын

Зноў

Навек навісла над Расіяй цемра.

 

Мяснікоў

Без роспачы. Таварыш з Петраграда

Запэўніў ад імя сваіх рабочых,

Што Леніна яны аберагуць.

 

Ліпавец

А дзе ён зараз?

 

Высокаў

З намі і між нас.

 

Валошын

Чаму ж Савет не стаў на абарону?

Што сталася?

 

Высокаў

Давайце разбярэмся.

Перад Расіяй дзве ляжаць дарогі:

Або працяг вайны і наступленне,

Або спыненне гэтай лютай бойні

І пераход улады да Саветаў.

Меншавікі, эсэры і кадэты

Не за народ, а супраць, і таму

І пачалі ў яго страляць. Ніколі

Так званыя «прадстаўнікі» народа

Не падалі так нізка, як цяпер,

І не даходзілі да большай ганьбы.

Прадажныя, не могуць зразумець,

Што чым яны грубей, найміты, брэшуць,

Тым больш мацнейшая любоў рабочых

Да дзейнасці свайго правадыра.

Ільіч — жывы. Ён з намі. Ён працуе.

Ён павядзе ізноў на барыкады.

 

Макарэвіч

Цяпер я іх пазнаў, меншавікоў...

Вось ён, ганебны іх білет. Іюды!

(Раздзірае і кідае свой партыйны білет.)

Прашу лічыць мяне бальшавіком.

 

Мяснікоў

Бальшавіком залічаць вас па справах.

 

Валошын

Што ж нам рабіць, таварыш Мяснікоў?

 

Мяснікоў

Цэнтральны Камітэт нам скажа — што.

Цясней гуртуйцеся вакол яго,

Вакол вялікай партыі бальшавікоў.

 

 

Малюнак чацвёрты

Перон і першыя пуці Віленскага вакзала ў Мінску. Ўглыбіні —будынак вакзала, а ў левым крыле яго пакой дзяжурнага па станцыі. Вокны пакоя адчынены на перон. Калі дзяжурны па станцыі Яноўскі выглядае ў акно, яму відаць: справа — багажны склад, а злева — невялікая крама з шыльдай: «Хлебны гандаль Арыстарха Кучынскага». Каля крамы стаіць чарга па хлеб. Адпускае яго сама Людміла Кучынская.

На пероне маса пароду: цывільныя, ваенныя, раненыя, бежанцы з чамаданамі, з клункамі, з кашолкамі, з дзецьмі. Сярод іх і Агата Міранок — сухарлявая жанчына гадоў пад сорак, змучаная і панурая. Да яе нібы і не даходзіць шум і гоман навакольнага жыцця. Адно, на што яна яшчэ рэагуе, гэта кожны рух яе невялікай дачкі Тані.

А Таня звяртае ўвагу на ўсё і на ўсіх: і на старога вартаўніка на вакзале дзядзьку Хораша, і на малых хлапчукоў, якія круцяцца каля хлебнай крамы, і на пажылога высокага Меера Гольмана, які прымасціўся непадалёку са сваім паходным газетным кіёскам, і асабліва на маладога салдата-гарманіста Міколу Ліпаўца, які майстэрскі іграе «казачка» і каля якога зухавата танцуе другі малады салдат. Калі ігра абрываецца, у шуме і гомане вылучаецца голас Меера Гольмана.

 

Гольман

Каму газет! Каму газет! Газет!..

Ёсць самая праўдзівая газета!

Ёсць бальшавіцкая «Звязда»!

 

Цімчук

А ну,

Дай самую праўдзівую «Звязду».

Тут пра зямлю не пішуць?

 

Гольман

Пачытай.

 

Цімчук

Я непісьменны.

 

Г ольман

А нашто купляеш?

 

Цімчук

Раз пра зямлю, дык грамацея знойдзем.

Ды што ты мне даеш, дай штук пятнаццаць.

 

Гольман

Ого!

 

Цімчук

Няхай усё сяло чытае.

Ты, пры газетах седзячы, не чуў —

У Петраград праеду?

 

Гольман

А чаго?

 

Цімчук

Ты разумееш... Я вось раскажу.

(Прымошчваецца каля Гольмана.)

Мы, значыць, дабіваемся зямлі.

Туды, сюды хадзілі — не даюць.

Нарэшце трапілі да Мяснікова.

Ён, па загаду Леніна, і кажа:

Бяры, стары, зямлю і засявай.

Засеялі. Аж тут прыйшоў Карнілаў

І новы выдае загад — забраць!

У вас, гаворыць ён, ціятр вайны.

Прыслалі войска і забралі... Чуеш?

Хіба ж гэта парадак? Паглядзі:

Стаяць, чакаюць, просяць людзі хлеба...

А хто ж яго паробіць? Дзе ж зямля?

Паеду скардзіцца.

 

Гольман

А да каго?

 

Цімчук

Да Леніна.

 

Гольман

Няма яго, таварыш,

І Леніну дарогу зачынілі.

 

Цімчук

Памочнік ёсць. Не можа быць, каб Ленін

Людзей пакінуў без распараджэння.

Пайду пытацца цягніка на Піцер.

 

Ідзе ў вакзал. На пероне з’яўляецца Валошын і накіроўваецца да Ліпаўца.

 

Гольман

Таварыш, ахвяруйце, калі ласка,

У фонд рабочае газеты. Дзякуй.

 

Ліпавец

Ну што, Валошын?

 

Валошын

Сустракаюць. Пойдзем.

 

Гольман

Каму газет! Каму газет, газет!

Ёсць самая праўдзівая газета!

 

Валошын і Ліпавец праходзяць каля хлебнай крамы.

 

Ліпавец

(ківаючы на Людмілу).

Глядзі, якая краля за акном!

 

Валошын

Ох ты! Не дзеўка, а партрэт у рамках.

 

Людміла

Не вамі пісаны — не вам глядзець!

 

Да франтавікоў падыходзяць Міранок і Таня.

 

Міранок

Салдацікі, у вас не будзе хлеба?

Дапамажыце бежанцам няшчасным.

 

Валошын

Ты маеш хлеб, Мікола?

 

Ліпавец

Сухары.

 

Таня

Я сухары люблю, яны хрумсцяць...

 

Валошын

Эх ты, гаротніца! Хрумсцяць, гаворыш?

 

Таня

Хрумсцяць і смачныя...

 

Ліпавец

Бяры, хрумсці.

 

Дае Міранок і Тані сухары. Заўважыўшы гэта, да Ліпаўца кідаюцца людзі з чаргі — жанчыны і дзеці.

 

Галасы

Дай, дзядзечка, сухар. І мне!.. І мне!..

 

Валошын

Ох ты, як згаладалі людзі,— страх!

 

Ліпавец

Усё, таварышы, не маю больш.

 

Людзі ізноў становяцца ў чаргу. Ліпавец завязвае пусты ранец. Падыходзяць Петрашэўская і Варановіч.

 

Валошын

Таварыш Варановіч, добры дзень!

 

Варановіч

На канферэнцыю?

 

Валошын

Ага.

 

Варановіч

Пайшлі.

 

Валошын

Знаёмцеся — таварыш Ліпавец.

 

Варановіч

Я помню вас... Але ж вы беспартыйны?

 

Ліпавец

Калісьці быў, а зараз бальшавік.

 

З вакзала выходзіць Азорыч.

 

Петрашэўская

Вось і Тарас Іванавіч ідзе.

 

Валошын

Азорыч! Прывітанне, братка, з фронту!

 

Азорыч

Здароў. З вінтоўкамі?

 

 

Валошын

А што?

 

Азорыч

Вайна.

Паведамляюць з Гомеля, што Стаўка

Задумала зрабіць пераварот.

Ідзіце ўсе ў партыйны камітэт.

Таварыш Мяснікоў і Фрунзе там.

Ты, Петрашэўская, бяжы ў дэпо,

Бярыце там з Макейчыкам рабочых

І зараз жа з’яўляйцеся сюды.

 

Петрашэўская, Валошын, Ліпавец і Варановіч шпарка выходзяць. Азорыч падыходзіць да Хораша.

 

Азорыч

Таварыш Хораш!

 

Хораш

Слухаю.

 

Азорыч

Сачыце

За адпраўленнем эшалонаў з Мінска

І зараз жа паведамляйце.

 

Хораш

Добра.

 

Азорыч накіроўваецца ў вакзал і твар у твар сустракаецца з Аксеняй Званскай. Хвіліна замяшання. Азорыч першы перамагае яго і рашуча ідзе ў вакзал.

 

Званская

Тарас Іванавіч! Адну хвіліну...

 

Азорыч

Я слухаю.

 

Званская

У вас якое гора?

 

Азорыч

Дык вы паможаце?

 

Званская

А што ж, магчыма.

 

Азорыч

Вам гора нашага не зразумець.

 

Званская

Калі я страціла давер’е ваша?

 

Азорыч

Аксеня Паўлаўна, скажыце шчыра:

Вы што, не разумееце падзей?

Над рэвалюцыяй пагроза смерці.

 

Званская

А калі гэта вам здаецца толькі?

 

Азорыч

А ліпеньскі расстрэл?! А турмы Мінска?!

А новая кадэцкая пагроза?!

 

Званская

Дык гэта праўда?

 

Азорыч

Людзі так гавораць.

 

Званская

І гэта небяспечна?

 

Азорыч

Можа быць.

 

Званская

Тарас...

 

Азорыч

Мне вельмі некалі. Даруйце.

(Выходзіць.)

 

Званская

Няўжо ж я страчу назаўсёды шчасце?

Не, трэба нешта зараз жа рабіць.

 

Ідзе ў вакзал. На пероне з’яўляецца Рабінін.

 

Рабінін

Людміла Арыстархаўна!

 

Людміла

Ага!

 

Рабінін

Прашу вас на хвілінку выйсці.

 

Людміла

Зараз.

 

Людміла выходзіць з крамы на перон.

 

Рабінін

Зусім сакрэтна. Зараз прыбывае

Цягнік надзвычай важнага значэння.

Каб не звярнулі на яго увагі,

Вы нарабіце каля крамы шуму.

Спыніце гандаль, распусціце чуткі...

Вы зразумелі, дзетка?

 

Людміла

Зразумела.

 

Людміла вяртаецца ў краму, а Рабінін ідзе ў пакой дзяжурнага.

 

Яноўскі

(праз акно дзяжурнага пакоя).

Давай, стары, званок, цягнік прыходзіць.

 

Хораш дае званок. Натоўп замітусіўся. Людзі ад чаргі каля хлебнай крамы кінуліся да Хораша.

 

Міранок

Куды цягнік — не ведаеце, дзядзька?

 

Хораш

Нікуды не ідзе, а прыбывае.

Міранок

А божа ж мой, а там жа хлеб даюць.

 

Міранок, а за ёю і другія кінуліся назад, да хлебнай крамы.

 

Цімчук

На Петраград не скора пойдзе?

 

Хораш

Куды табе на Петраград! Чакай!

 

Цімчук

А цягнікі, аднак жа, ходзяць.

 

Хораш

Ходзяць!

Ды ездзяць, браце, не табе раўня.

Камандуючы фронтам прыбывае.

 

Цімчук

А мне канечне трэба ў Петраград.

Ты разумееш... Я вось раскажу.

(Прымошчваецца каля Хораша.)

Мы, значыць, дабіваемся зямлі...

 

Людміла

Эй, публіка, не стойце! Хлеб увесь,

І крама зачыняецца.

 

Міранок

Што, што?

Ты чуеш, Таня?

 

Таня

Цётачка, галубка,

Ну, дайце хоць вось столечкі, хоць скрылік!

 

Людміла зачыняе краму і неўзабаве з яўляецца на пероне.

 

Галасы

Што ж гэта робіцца? Ды хлеб жа ёсць!

Чаго ж мы тут стаялі цэлы дзень?!

 

Людміла

А мне якая справа? Хочаш есці —

Ідзі ў Саветы, там цябе накормяць.

 

Галасы

Ах ты, паскудніца! Ламіце краму!

 

На перон выходзяць Рабінін, Даўнарскі і некалькі салдат.

 

Рабінін

Што тут за крык? Ачысціце перон!

 

Даўнарскі

А ну, давайце вон, давайце вон!

 

Салдаты адціскаюць публіку ў вакзал. На пероне выстрайваецца каравул. Чуваць, як набліжаецца цягнік. Праз момант у акружэнні світы з’яўляецца генерал Балуеў.

 

Рабінін

Дзень добры, генерал.

 

Балуеў

Вітаю вас.

 

Рабінін

Што новага, пан генерал, у Стаўцы?

 

Балуеў

Ужо сягоння першыя палкі

Накіраваліся на Петраград.

Карнілаў загадаў нам забяспечыць

Свабодны пропуск войск, і перш за ўсё

Накіраваць казачы эшалон,

Які цяпер стаіць у нас у Мінску.

Якая ваша думка?

 

Рабінін

Генерал,

Пакуль у нас не з’явіцца дыктатар,

Датуль парадку цвёрдага не будзе.

Бальшавікі акрэпнуць, зваляць нас,

І на чале Расіі стане Ленін.

 

Балуеў

Карнілаў — выскачка! А Ленін... Ленін —

Незразумелы, страшны і... вялікі!

З такім змагацца вельмі небяспечна.

 

Рабінін

Вы проста бальшавік.

 

Балуеў

Я манархіст.

І я, напрыклад, так бы вам параіў.

Казачы эшалон адправіць сёння ж,

Як небяспечны быццам бы для Мінска;

Узяць пад арышт Фрунзе, Мяснікова

І неадкладна зачыніць «Звязду».

 

Рабінін

Я разумею так вас, генерал...

 

Балуеў

Я не палітык, я салдат, Рабінін.

Вы ж камісар Часовага урада,

Вы і падумайце, як гэта ўсё зрабіць.

Вось вам загад Карнілава. Бывайце.

(Выходзіць.)

 

Рабінін

Ох, і ліса! Адказнасці баіцца.

(Падыходзіць да акна дзяжурнага пакоя.)

Дзяжурны!

 

Яноўскі

Я.

 

Рабінін

Казачы эшалон

Адправіць зараз жа на Петраград.

 

Яноўскі

Гатовы? Можна.

 

Рабінін

Зараз падрыхтуем. (Выходзіць.)

 

Яноўскі

Давай званок аб адпраўленні, Хораш.

 

На пероне з’яўляецца Цімчук.

 

Цімчук

Скажы, цягнік на Петраград, ці што?

 

Хораш

Не ведаю. Каго ж бы тут паслаць?

Паслухай, чалавек! Ты ведаеш Савет?

 

Цімчук

Каля вакзала? Быў.

 

Хораш

Бяжы туды,

Скажы, што адпраўляюць эшалон.

 

Цімчук

А можа, ён на Петраград, цягнік?

 

Хораш

Бяжы ты, пасажыр няшчасны! Чуеш?

 

Цімчук

А ты не лайся. Трэба — пабягу.

 

Хораш

Дык і бяжы, бяжы!..

 

Цімчук

Ну і пабег.

 

Выбягае. Хораш дае званок. З вакзала высыпаюць пасажыры.

 

Галасы

Куды цягнік, не ведаеце? — Не.

Эй, вартаўнік, куды цягнік ідзе?

Які цягнік? Ніякіх цягнікоў.

Ох, божа, зноў дарэмная трывога.

 

На пероне з’яўляюцца Мяснікоў, Азорыч, Цімчук і іншыя. Мяснікоў падыходзіць да акна дзяжурнага.

 

Мяснікоў

Дзяжурны!

 

Яноўскі

Я.

 

Мяснікоў

Без ведама Савета

Ні аднаго ваеннага саставу

Не адпраўляць.

 

Яноўскі

А вы нам не закон,

Мы падчыняемся загадам Стаўкі.

 

Мяснікоў

А Стаўка, ведаеш, куды вядзе?

(Звяртаючыся да людзей.)

Таварышы рабочыя, салдаты!

Крывавы царскі генерал Карнілаў

Падняў мяцеж і рушыць эшалоны

На сэрца рэвалюцыі, на Піцер.

Ён хоча гвалтам задушыць Саветы

І навязаць народу дыктатуру.

Мы пакляліся ленінскаю клятвай,

Што гэтага не будзе. Не прапусцім

Ні аднаго мяцежнага саставу!

 

Галасы

Далоў Карнілава! Няхай жыве

Вялікі правадыр таварыш Ленін!

 

Мяснікоў

Для абароны заваёў народа

Савет рабочых утварыў у Мінску

Рэвалюцыйны штаб. Начальнік штаба —

Таварыш Фрунзе. Па яго загаду

Звяртаюся да вас і патрабую

Ўзяць пад кантроль чыгунку і вакзалы.

Упаўнаважаным Азорыч будзе.

 

З натоўпу паяўляецца Азорыч.

 

Азорыч

Таварышы! За мною, на пуці!

 

У адным парыве рабочыя і салдаты, мужчыны і жанчыны рушылі на пуці. Убягаюць Віскаваты і Яноўскі.

 

Віскаваты

Вы чулі, што Карнілаў робіць? Жах!

 

Яноўскі

Контррэвалюцыя, мяцеж сапраўдны...

 

Мяснікоў

Вы толькі зараз гэта зразумелі? (Выходзіць.)

 

Віскаваты

Што ж нам рабіць, Яноўскі, што рабіць?

 

Яноўскі

Я думаю, пратэставаць патрэбна.

Сказаць Карнілаву нарэшце ўголас,

Што гэта не дэмакратычна так.

 

Ідуць у пакой дзяжурнага. На пероне застаецца каля сваіх убогіх пажыткаў адзінокая бежанка Міранок і яе дачка Таня.

 

Таня

Мамуся, а Карнілаў — праўда, страшны?

 

Міранок

Карнілаў, дзетка, гэта голад, смерць...

 

Таня

А што, мамуся, лепей — смерць ці голад?

 

Міранок

Я думаю, дачушка, смерць...

 

Таня

І праўда,

Памрэш, тады і есці не захочаш.

 

Да дзяжурнага пакоя падыходзіць Рабінін.

 

Рабінін

Дзяжурны, можна адпраўляць, гатова.

 

Яноўскі

Цягнік? Цяпер я не магу адправіць.

 

Рабінін

Загадваю адправіць неадкладна.

 

Яноўскі

Куды? Мяцежніку? На Петраград?

 

Рабінін

Не ваша справа. Гэта наша тайна.

 

Яноўскі

Я без дазволу Мінскага Савета

Адправіць не магу.

 

Рабінін

Я вас прымушу.

Давайце зараз жа свабодны пуць,

Іначай я застрэлю вас на месцы!

(Вымае рэвальвер.)

 

Яноўскі

Антон Міхайлавіч, прыміце зброю.

Пуць падрыхтованы...

 

Рабінін

(Хорашу).

Давай званок.

 

Хораш

Званка не дам.

 

Рабінін

Давай, стары, званок!

 

Хораш

Званок?.. Даю. Таварышы! Сюда!..

Трывога!.. Адпраўляюць эша-ло-ны!

(З вялікай сілай б'е ў звон.)

 

Рабінін

(збіваючы Хораша з ног).

На! Вось табе званок! Давай, Даўнарскі!

 

Чуваць шыпенне паравоза. З вакзала прыбягае Званская.

 

Званская

Антон Міхайлавіч! Не трэба, што вы?!

Вы гэтага не зробіце.

 

Рабінін

Зраблю.

 

Званская

Задушыце свабоду?

 

Рабінін

Задушу!

 

Званская

Душыце і мяне. (Становіцца на рэйкі.)

 

Рабінін

Вар’ятка вы!

 

Адштурхоўвае Званскую на перон. Убягаюць Азорыч, Макейчык, рабочыя і салдаты.

 

Азорыч

Макейчык, зброю!

 

Макейчык

Хораш, дай ключы.

(Бярэ ключы, адмыкае багажны склад і раздае рабочым зброю.)

 

Азорыч

Рабінін, зараз жа спыні цягнік!

 

Рабінін

Мне дадзены загад маім урадам.

 

Цімчук

Карнілаў твой урад, каб ты хварэў?

А ну-тка дайце мне вінтоўку, хлопцы!

Я пакажу яму ціятр вайны.

(Бяжыць к складу.)

 

Азорыч

Таварышы з вінтоўкамі, на пуць!

 

Узброеныя лажацца ўздоўж пуці.

 

Рабінін

А покуль ты, дык я...

(Цэліцца ў Азорыча.)

 

Званская

Тарас!.. Тарас!..

 

Становіцца паміж Азорычам і Рабініным. Азорыч адхіляе яе і выбівае з рук Рабініна рэвальвер. Валошын і Ліпавец хапаюць Рабініна пад рукі.

 

Валошын

А ну, пайшлі, таварыш камісар!

 

Рабініна выводзяць. З боку паравоза паказваецца з салдатамі Даўнарскі.

 

Даўнарскі

Эй, вы! Ачысце зараз жа пуці!

Даю вам тэрміну адну хвіліну.

 

Азорыч

Макейчык, Гольман! Разбірайце рэйкі.

Давайце шпалы на пуці, каменне...

 

Рабочыя, салдаты, жанчыны, дзеці — усе кінуліся на рэйкі, цягнуць шпалы, нясуць каменне.

 

Даўнарскі

Хвіліна скончана. Вяду цягнік.

 

Цяжка грукаючы па рэйках, цягнік рушыцца і злавесна набліжаецца. Тулячыся да зямлі, людзі папаўзлі з рэек на абочыны.

Міранок распіхвае натоўп і выходзіць з Таняй на пуць.

 

Міранок

Пусціце! Кленч, дачушка, кленч. Не бойся.

Глядзі на ўсход. Адтуль ідзе святло.

Памерці за яго не страшна. Кленч.

 

Становяцца на рэйках на калені. Усе змярцвелі. Цягнік набліжаецца. Азорыч выхоплівае рэвальвер і страляе ў машыніста. Макейчык ускаквае на паравоз і выключае рэгулятар. Цягнік спыняецца.

 

 

Малюнак пяты

Памяшканне гэта калісьці было школай. Цяпер тут турма. Злева па калідоры камера № 6, насупраць яе — дзверы ў другі пакой. На вокнах камеры — краты. Ва ўсім іншым гэты пакой не падобны па турэмны. Лёгка здагадацца, што раней тут быў школьны клас, адзнакі чаго засталіся і цяпер: на адной сцяне, напрыклад, вісіць геаграфічная карта, а поруч з ёю — класная дошка. Але трэба сказаць, што пакой даволі цесны. Вялікую частку яго займаюць нары, змайстраваныя на школьных лаўках. На нарах небагаты адзетак арыштаваных, у пераважнай большасці салдацкія шынялі. У правай сцяне, якраз насупраць нараў, дзверы ў калідор. Куток каля дзвярэй займае шафа, на якой стаяць розныя лепленыя фігуры. У камеры Баравы, Ліпавец, Мелех і яшчэ некалькі арыштаваных.

 

Баравы

Вучыцца, Ліпавец, усюды трэба.

Таварыш Ленін і ў турме вучыўся.

Ты кажаш, што цябе за хлеб забралі.

А хлеб — палітыка. Вось паглядзі.

(Баравы пачынае круціць глобус.)

Кручу я гэта падабенства свету

І думаю: разумная мадэль,

Праўдзіва нам паказвае жыццё.

Вось Петраград, а тут вось недзе Быхаў.

Тут Керанскі, а ў Быхаве Карнілаў.

Адлегласць паміж імі — два вяршкі.

Цяпер я гавару: крутні, салдат!

 

Ліпавец круціць.

 

Зямелька пакруцілася і стала.

А Керанскі як быў, так і застаўся

З Карнілавым на той жа паралелі.

Вось ты мне і рашы, хлапец, задачу:

Што трэба для таго, каб адлучыць

Карнілава ад Керанскага. Ну?

 

Ліпавец

Я гэтакай задачы не рашу.

 

Баравы

Для авалодання такой навукай

Урад цябе і пасадзіў у школу.

А каб не давучыўшыся не збег,—

На вокны краты і замкі на дзверы.

Вучыся, дурань, покуль не пазнаеш,

Як адлучыць турэмшчыка ад ката.

 

Мелех

А сам рашыш ты?

 

Баравы

Вельмі проста.

Карнілава ўгару, на полюс,

А Керанскага ўніз спусціць, на тропік,

Адлегласць пераменіцца адразу.

(Ставіць глобус на шафу.)

 

У калідоры з’яўляецца Макарэвіч і, адамкнуўшы дзверы, заходзіць у камеру.

 

Макарэвіч

Вас колькі тут?

 

Мелех

Семнаццаць чалавек.

 

Макарэвіч

Не бачу.

 

Мелех

Частка недзе на рабоце.

 

Баравы

А, Макарэвіч! Ты дзяжурны сёння?

Мне, братка, трэба ў горад.

 

Макарэвіч

Не магу.

Ты кожны дзень і так у горад ходзіш.

 

Баравы

Я ж не абы хадзіць. Я справы маю.

 

Ліпавец

Яго нявеста, плачучы, чакае.

Сягоння шлюб якраз. Што ж ёй рабіць?

З другім вянчацца?

 

Макарэвіч

Я ўжо адпусціў

Такіх, як ён, дванаццаць жаніхоў.

 

Баравы

Зазнаўся, землячок!

 

Макарэвіч

(ціха).

Ты што, сур’ёзна?

У вас няма паўкамеры людзей.

 

Баравы

Ну, добра, змірымся. Дык што ты хочаш?

 

Макарэвіч

Хачу дабавіць чалавека.

 

Мелех

Цесна.

 

Баравы

Вясёлы хлопец?

 

Макарэвіч

Дзядзька ніштаваты.

 

Баравы

Давай.

 

Макарэвіч

(у калідор).

Эй, вартавы, вядзі сюды!

 

Вартавы прыводзіць у камеру Цімчука.

 

Ну вось і новы вам жыхар, не крыўдзіце.

(Выходзіць.)

 

Цімчук

Дзень добры вам у хату!

 

Мелех

Добры дзень!

 

Баравы

О! Як жа ты сюды патрапіў, дзядзька?

 

Цімчук

Відаць, адной дарогаю з табой.

Ад торбы і турмы не заракайся.

Пры Мікалаю не паспеў пабыць,

А вось пры Керанскім і даслужыўся.

 

Баравы

Цікава, як ты трапіў да ваенных?

 

 

Цімчук

Мы ўсе цяпер ваенныя, саколе.

Тут можна, братка, торбу палажыць?

 

Мелех

(з асалодаю ўдыхаючы пах хлеба ў торбе).

Кладзі... Ды выбірай сабе мясціну.

 

Цімчук

Чаго ты нюхаеш? Прапахла, можа?

 

Мелех

Ды не, наадварот: цудоўны пах!

 

Цімчук

Чакай, а кормяць вас тут як? Нішто?

 

Баравы

Ды так, абы трымаўся дух у целе.

 

Цімчук

Дык што ж вы маўчыце?! А ножык ёсць?

 

Ліпавец

Што-што, а ножык знойдзецца.

 

Цімчук

Давай.

 

Ліпавец дастае захаваны пад нарамі ножык.

 

Сядайце, падсілкуйцеся крыху.

(Дастае з торбы хлеб і сала і частуе салдат.)

А я такі падбіўся у дарозе.

Вёрст трыццаць гналі, падлы, пехатою.

А перад гэтым быў у бітве.

 

Ліпавец

З кім?

 

Цімчук

Ты разумееш... Я вось раскажу.

Мы, значыць, дабіваліся зямлі.

Ну, па загаду Леніна прыдбалі,

Засеялі. Аж тут прыйшоў Карнілаў

I новы выдае загад — забраць.

Прыслалі войска і забралі... Чуеш?

Я, доўга не чакаючы, за торбу

І ў Мінск, каб ехаць проста ў Петраград.

А ў Мінску б’юць Карнілава якраз,

Вінтоўкі раздаюць каля вакзала.

Я за вінтоўку... Трэба ж ратавацца!

Узяў і думаю: а што далей?

А тут якраз ідзе таварыш Фрунзе.

У Петраград, гаворыць, марна ехаць:

Калі ваш камітэт зямлі не возьме,

Дык Керанскі яе не дасць ніколі.

Я бачу, чалавек гаворыць праўду.

Што ж тут гадаць? Я торбу на плячо,

Вінтоўку пад бравэрку і — дахаты.

 

Баравы

З вінтоўкаю?

 

Цімчук

А як жа, брат, іначай?

Прыходжу да сваіх і гавару:

Бярыце стрэльбы і паедзем жаць.

Паехалі. А тут на нас казакі.

Яны за стрэльбы — мы за стрэльбы... Чуеш?

Пачаўся бой. Вядома, сіла іх,

Нас разагналі. А назаўтра рана

Мяне паднялі з ложка і сюды.

 

Ліпавец

Відаць, вы слаба біліся.

Цімчук

Чаму!

Карнілава такі перамаглі.

 

У калідоры з’яўляецца Варановіч з павязкай «Чырвонага крыжа» на рукаве.

 

Варановіч

Дзяжурны!

 

Макарэвіч

(выходзячы з канцылярыі.)

Слухаю.

 

Варановіч

Чырвоны крыж.

 

Макарэвіч

Прашу, прашу, таварыш Варановіч.

(Упускае Варановіч у камеру.)

 

Баравы

Адна?

 

Варановіч

Адна.

 

Баравы

А ты ж нам абяцала,

Што і таварыш Фрунзе будзе сёння.

 

Варановіч

Таварыш Фрунзе выехаў ад нас.

ЦК паслаў яго ў другую вобласць.

Ён наказаў вам кланяцца, вітаць

І перадаць, што блізіцца пара

Вялікай барацьбы. Патрэбна будзе

На заклік партыі падняцца ўсім.

Ажыццявім яго наказ?

 

Ліпавец

Ажыццявім.

 

Варановіч

А гэтая пара ўжо недалёка.

Народ рашуча заявіў: даволі!

Далоў вайну! Далоў капіталістаў!

Прэч Керанскага і яго урад!

 

Мелех

Ох ты, дачушка, што ж ты так і паліш?

Ты нам скажы намёкамі. Напрыклад...

Як, Баравы, завецца гэта штука,

Што ты круціў тут перад намі?

 

Баравы

Глобус.

 

Мелех

Ты нам, напрыклад, так і гавары:

Далоў, таварышы, пракляты глобус!

А мы ўжо самі будзем разумець,

Што да чаго.

 

Варановіч

(смяецца).

Ну, добра, дзядзька Мелех.

Дык вось, таварышы, стаіць задача,

Каб скавырнуць пракляты гэты...

 

Мелех

Глобус.

 

Варановіч

Зноў у парадак дня пастаўлен лозунг:

«Улада ўся Саветам!» Трэба помніць,

Што зараз гэта— заклік да паўстання.

У вас... спакойна тут?

 

Баравы

Было спакойна.

 

Варановіч

Да нас пагутарыць аб тым аб сім

Прыехаў прадстаўнік ад Петраграда.

Я зараз прывяду яго сюды. (Выходзіць.)

 

Баравы

Вы чулі? Прадстаўнік ад Петраграда!

Не, не забыўся Петраград пра нас.

 

Мелех

Напэўна, гэта Ленін нас успомніў.

 

Варановіч

(у калідоры).

Дзяжурны!

 

Макарэвіч

(выходзячы з канцылярыі).

Зараз.

 

Варановіч

Трэба прапусціць

Прадстаўніка ад Петраграда.

 

Макарэвіч

Не магу,

Начальнік тут.

 

Варановіч

Ёсць афіцыйны пропуск.

 

Макарэвіч

А, справа іншая. Я далажу.

Пан капітан, тут просяць прапусціць...

 

Даўнарскі

(выходзячы з канцылярыі).

Ізноў? Ніякіх пропускаў! Даволі!

 

Варановіч

На гэта ёсць дазвол ад каменданта.

(Падае паперу.)

 

Даўнарскі

(прагледзеўшы паперу).

Ідзіце, Макарэвіч, правядзіце іх.

 

Макарэвіч выходзіць.

 

Прытулак для сірот, а не турма:

Чырвоны крыж, пасылкі, школы, глупствы.

 

Варановіч

А вы б хацелі так, як пры цары?

 

Даўнарскі

Не горш было й пры Керанскім нядаўна.

 

З’яўляецца Макарэвіч, а за ім Азорыч і Высокаў.

 

Варановіч

Прашу, таварышы, у шосты нумар,

Тут пераважна ўсё франтавікі.

 

Даўнарскі

Франтавікі... Злачынцы! Дэзерціры!

Ім не пасылак бы, а добрых розаг.

 

Азорыч

Не ваша справа.

 

Даўнарскі

Гэта і бяда.

А я парадачкі б павёў!.. Ідзіце.

 

Азорыч, Высокаў, Варановіч і Макарэвіч заходзяць у камеру. Даўнарскі прынік да дзвярэй і прыслухаўся.

 

Высокаў

Дзень добры.

 

Галасы

Добры дзень.

 

Баравы

Высокаў!

 

Высокаў

Грыша!

 

Азорыч

Вось і свае знаёмыя знайшліся.

 

Высокаў

За што ж цябе?

 

Баравы

За што?

 

Мелех

За гэту штуку.

(Паказвае на глобус.)

 

Арыштаваныя смяюцца.

 

Высокаў

Не разумею, хлопчыкі.

 

Варановіч

За глобус.

 

Ліпавец

Ды гэта ж Керанскі! Не зразумелі?

 

І зноў усе смяюцца.

 

Высокаў

Вы гэта добра выдумалі — глобус!

А я да вас. Рабочы Петраград

Шле прывітанне і гасцінец вам.

Гасцінец невялікі, выбачайце,

А прывітанне шчырае. Прыміце.

Хто тут у вас старэйшы?

 

Мелех

Баравы.

 

Высокаў

Вазьмі, Грыгоры, ды раздай хлапцам.

(Перадае пасылкі.)

 

Баравы

Мы шчыра дзякуем, ад сэрца шчыра...

 

Высокаў

(дастаючы з кішэні пісьмо).

А гэта вось маленькая пасылка...

Ад Леніна...

 

Баравы

Таварышы!..

 

Высокаў

Чакай.

Усе бальшавікі?

 

Цімчук

(аглядаючыся і нясмела).

Бальшавікі...

Ты што так на мяне глядзіш?

 

Мелех

А ты?

Я, праўда, без білета...

 

Цімчук

Дык і я ж!..

Але я сэрцам ей жа ей партыйны.

 

Баравы

Спакойным можаш быць, Ігнат Кузьміч,

Усе свае.

 

Высокаў

Свае яно свае,

Аднак жа тут чытаць пісьмо нязручна.

 

Азорыч

Ігнат Кузьміч раскажа змест пісьма.

 

Высокаў

Таварыш Ленін піша так, сябры:

«Бальшавікі павінны ўзяць уладу».

А як узяць — Ільіч гаворыць: мірна

Улады нельга ўжо цяпер узяць.

Выходзіць, трэба рыхтавацца к бою.

Дык вось я і хацеў ад вас дазнацца,

Як вы рыхтуецеся?

 

Ліпавец

Мы гатовы.

 

Цімчук

Вінтоўку адабралі, ліха ім,

А з качаргой на пана не палезеш.

 

Азорыч

Вінтоўка, дзядзька, справа нажытная.

А як у вас з ваеннай падрыхтоўкай?

 

Варановіч

Расказвай, Баравы.

 

Высокаў

І падрабязна.

 

Баравы

Нас у турме бадай што цэлы полк.

Мы выбралі надзейных камандзіраў,

Разбілі ўсіх па ротах і па ўзводах,

Вядзем заняткі з імі.

 

Высокаў

Гэта добра.

Нам трэба быць гатовым кожны момант.

 

Азорыч

Дазвольце мне ад вашага імя

Запэўніць тут рабочы Петраград,

Што мы яго заўсёды падтрымаем.

 

Ліпавец

Абавязкова.

 

Высокаў

Дзякую. Бывайце.

 

Цімчук

Шчасліва.

 

Мелех

Дзякуем за падарункі.

 

Усе, апрача арыштаваных, выходзяць у калідор. Даўнарскі адскаквае ад дзвярэй камеры і заступае Высокаву дарогу.

 

Даўнарскі

Хвілінку, грамадзяне. Я павінен

Пры выхадзе з турмы праверыць вас.

 

Высокаў

Мяне?

 

Азорыч

А хто вам даў на гэта права?

 

Даўнарскі

Камандуючы фронтам загадаў.

Сюды прыносяць шкодныя лістоўкі,

Выносяць пісьмы розныя, адозвы...

Эй, Макарэвіч, абшукаць яго!

 

Варановіч

Тарас Іванавіч, пісьмо, пісьмо!..

 

Макарэвіч

А вы не бойцеся, я далікатна.

(Абмацвае кішэні Высокава.)

Пан капітан, у іх ніякай зброі...

 

Даўнарскі

Дурніца! Порах ёсць! Пісьмо. Канвой!

 

Азорыч

Таварышы, на выручку! Сюды!

(Ён адным махам расчыняе дзверы ў камеру. Арыштаваныя выбягаюць у калідор.)

Канвой не выпускае нас з турмы.

 

Баравы

А ну, пастараніцеся!

 

Ліпавец

Сябры,

Давайце ў кабінет яго, сюды!

 

Арыштаваныя ўпіхаюць Даўнарскага ў канцылярыю замыкаюць дзверы.

 

Высокаў

Вы сапраўды гатовы падтрымаць.

Вялікі дзякуй вам, вялікі дзякуй.

 

Азорыч

Пайшлі, таварышы.

 

Высокаў

Бывайце, хлопцы.

 

Ліпавец

Перадавайце наша прывітанне

Рабочым і салдатам Петраграда.

 

Цімчук

А Леніну — паклон за падарунак.

 

 

Малюнак шосты

Пакой Рабініна ў доме пані Вайніловіч. Уважаючы на абсталяванне пакоя, можна меркаваць, што гэта была даволі багатая панская гасціная. Тут усё амаль так і засталося без усялякіх змен, калі не лічыць прынесеных сюды нядаўна некаторых прадметаў практычнага абыходку: пісьмовага стала з ваеннай картай на ім, палявога тэлефона, афіцэрскай шаблі на раялі і інш.

У пакоі Рабінін і Людміла.

 

Людміла

(гарэзліва ківаючы пальцам).

Не, не, Антон Міхайлавіч, няможна...

 

Рабінін

Чаму няможна?

 

Людміла

А таму, што вы

Паклікалі мяне не для забавы...

Іначай я адзелася б не так.

 

Рабінін

А вы сядайце да мяне бліжэй,

І будзем гаварыць аб нашай справе.

(Бярэ Людмілу за руку і садзіць поруч з сабой.)

 

Рабінін

Людміла Арыстархаўна!..

 

Людміла

О божа,

Як гэта здорава гучыць! Маўчу.

 

Рабінін

Па ўсёй Расіі створаны цяпер

Жаночыя фарміраванні, войска.

Іх называюць — батальёны смерці.

 

Людміла

Ох, страх адзін! На фронт? Ніколі! Што вы?

 

Рабінін

Чаму на фронт? Работа ёсць і тут...

 

Людміла

А нам і форму выдадуць?

 

Рабінін

А як жа.

 

Людміла

Дык гэта ж можна быць шыкарна! Праўда?

 

Рабінін

Дамовіліся, значыць?

 

Людміла

Безумоўна.

 

Рабінін

Цяпер я дам вам першае заданне.

У Мінскім бальшавіцкім камітэце

Ёсць важнае сакрэтнае пісьмо.

Пісьмо ад Леніна... Вы зразумелі?

О, калі б вы маглі яго дастаць

Ці хоць даведацца, аб чым там пішуць!

 

Людміла

Не, гэта немагчыма.

 

Рабінін

Паспрабуйце.

Там ёсць у іх Агата Міранок.

Працуе прыбіральшчыцай. Жанчына

Дайшла да роспачы, ледзь-ледзь жыве.

Пагаварыце, дайце, колькі скажа,

Мы за цану стаяць не будзем.

 

Людміла

Добра.

Я пастараюся. А што мне будзе?

 

Рабінін

Усё. Вы будзеце, нібы царыца,

Хадзіць у золаце, купацца ў вінах...

 

Людміла

Канец, дагаварыліся! Дарэчы,

Якое вы п’яце віно?

 

Рабінін

Чаму?

 

Людміла

Я вам магу параіць, дзе дастаць.

 

Рабінін

На керанкі?

 

Людміла

На кацярынкі, што вы!

 

Рабінін

А на карнілаўкі, напрыклад?

 

Людміла

Што?

А гэта што яшчэ за грошы?

 

Рабінін

( уздыхнуўшы).

Грошы,

Якія я цаню вышэй за ўсё.

 

Людміла

А што вы можаце купіць за іх?

 

Рабінін

( з пафасам).

Усё, увесь мой дабрабыт і шчасце:

Маёнтак, фабрыку, партфель міністра,

Цябе, напрыклад, Люсік, ці другую...

 

Людміла

Што, што!.. Не смейце мне купляць другой

 

Рабінін

Няможна? Добра, я куплю цябе.

 

Людміла

Цалуйце рукі, гадкі вы хлапчук!

Хіба ж я прадаюся? Што я — лялька?

Я — вольны чалавек. Цалуйце рукі.

 

Рабінін

З вялікай асалодай. Вашы рукі

Заўсёды пахнуць... булкамі.

 

Людміла

Нягодны!

А вы іх любіце?

 

Рабінін

Што? Булкі?

 

Людміла

Рукі!

 

Стук у дзверы.

 

Людміла

Ой, божа мой!

 

Рабінін

Заходзьце, калі ласка!

 

Уваходзіць Званская.

 

Званская

Я вам не перашкодзіла?

 

Рабінін

( збянтэжана).

Не, не...

Мы тут займаліся адною справай.

Вось так... Вы можаце ісці, Людміла.

 

Людміла

Займацца больш не будзем?

 

Рабінін

Адкладзём.

 

Людміла

З другой займацца будзеце?

 

Рабінін

Людміла!

 

Людміла

Бывайце! Не зважаючы на ўсё,

Я выканаю ваша даручэнне. (Выходзіць.)

 

Званская

Мне цёмна. Уключыце электрычнасць.

 

Рабінін

Аксеня Паўлаўна, даю вам слова...

 

Званская

Мяне пачуцці вашы не цікавяць.

Я на правах старой знаёмай вашай

Прыйшла пагаварыць начыстату.

Калі вы скончыце свае інтрыгі?

 

Рабінін

А што пад гэтым трэба разумець?

 

Званская

Згаворы вашы розныя, якія

Народ аплачвае сваёй крывёю.

Вы топчаце бязлітасна нагамі

Людзей, свабоду, іх жаданні, думкі...

Дзеля чаго?

 

Рабінін

Каб ратаваць Расію.

 

Званская

У гэта вы не верыце і самі.

 

Рабінін

Ну, не Расію, дык сябе і вас.

 

Званская

Мы з вамі не Расія... Ёсць народ.

Ён хоча іншага, чым я, напрыклад.

Пасля карнілаўскіх падзей у Мінску

Я доўга думала. І мне цікава:

А з кім жа вы, Рабінін, за каго?

 

Рабінін

А для чаго вам гэта трэба ведаць?

 

Званская

Каб ведаць, дзе і з кім стаяць самой.

 

Рабінін

Аксеня Паўлаўна, паверце мне...

 

Уваходзіць Даўнарскі.

 

Даўнарскі

Камандуючы генерал Балуеў.

 

Рабінін

Прасі. Прабачце, у мяне нарада.

(Прачыніўшы дзверы ў другі пакой.)

Ядвіга Карлаўна, у нас тут госці.

 

Вайніловіч

(за дзвярыма).

А хто?

 

Рабінін

Ідзіце паглядзіце.

 

Вайніловіч

Зараз. (Уваходзіць.)

Аксеня Паўлаўна! Якая радасць!

Дзе ж вы прапалі?.. Божа, генерал!

 

Уваходзіць Балуеў.

 

Балуеў

Ядвіга Карлаўна, лічу за гонар...

 

Вайніловіч

Сядайце, генерал, і раскажыце,

Што новага. Павесяць скора нас?

 

Балуеў

Ратуй вас бог!

 

Вайніловіч

Да гэтага ідзе.

Пад Мінскам у маім адным маёнтку

Паміж салдатамі і мужыкамі

Ішоў сапраўдны бой.

 

Балуеў

Выпадкі ёсць,

Але пакуль яшчэ улада наша.

 

Вайніловіч

Я жабраваць пайду, кашулю скіну...

 

Балуеў

Ядвіга Карлаўна, навошта ж гэта?

 

Вайніловіч

Апошнюю капейку вам аддам,

Абы вы толькі навялі парадак.

 

Балуеў

 

Не клапаціцеся, парадак будзе.

 

Уваходзіць Даўнарскі.

 

Даўнарскі

Прадстаўнікі дэмакратычных партый.

 

Рабінін

Адну хвіліначку.

 

Вайніловіч

У вас нарада?

Аксеня Паўлаўна, прашу ка мне.

 

Вайніловіч і Званская выходзяць.

 

Рабінін

Хачу вас папярэдзіць, генерал,

Ніякіх больш хістанняў быць не можа.

 

Балуеў

Ах, божа мой, аб чым ідзе размова?

Ці ж я не разумею, што Расія

У прорву коціцца? Я разумею.

Але ў мяне старая ўжо хвароба:

Перад магчымай зменаю улады,

Я прызнаюся, у мяне заўсёды

І галава баліць і сэрца ные.

 

Рабінін

Аб ліквідацыі Саветаў перад імі

Не трэба гаварыць. Прасіць?

(Ківае на дзверы.)

 

Балуеў

Прасіце.

 

Рабінін

(прачыніўшы дзверы).

Прашу, панове.

 

Віскаваты

Можна, генерал?

 

Балуеў

Заходзьце і сядайце, грамадзяне.

 

Уваходзяць Віскаваты, Яноўскі, Кацман і Лешчыц.

 

Балуеў

Я вас пазваў...

 

Рабінін

Дазвольце, генерал?

Нарада наша склікана, панове,

Неафіцыйна і сугуба тайна.

 

Лешчыц

Ды гэта, пане мой, нам зразумела.

 

Рабінін

Прашу вас, генерал.

 

Балуеў

Я вас паклікаў,

Каб папярэдзіць новае паўстанне.

Пасля карнілаўскіх падзей у Мінску

Саветы сталі цэнтрам небяспекі.

У іх сістэматычна і няспынна

Павагу трацяць партыі парадку,

А набываюць моц бальшавікі.

Адну ім канферэнцыю сарвалі,

Яны цяпер наладзілі другую.

Замест «Звязды» пачаў выходзіць «Молат»,

Які з’яўляецца, як сам ён піша,

Працягам той жа шкодніцкай газеты.

Вось пачытайце толькі, што ён піша.

(Перадае газету Віскаватаму.)

Ён падрывае ўсякае давер’е

Да нашага каманднага саставу

І армію вядзе да разлажэння.

 

Віскаваты

Жахліва! Паглядзіце толькі — страх!

(Перадае газету Яноўскаму.)

 

Балуеў

Ён абвясціў вайну заможным класам

І заклікае скінуць наш урад.

 

Яноўскі

На Керанскага пішуць! А?! Скажыце!

(Перадае газету Лешчыцу.)

 

Лешчыц

Я, пане мой, не буду і чытаць.

(Перадае газету Кацман.)

 

Балуеў

Бальшавікі даюць рабочым зброю,

Арганізуюць скрозь свае атрады,

Штодзень праводзяць абучэнне іх

І пагражаюць выгнаць нас усіх.

І гэта можа здарыцца сягоння.

Ад Леніна, як стала нам вядома,

У Мінскі камітэт прыйшло пісьмо.

Пісьмо ад Леніна! Вы зразумелі,

Якая падрыўная гэта сіла?!

 

Яноўскі

Няхай бальшавікі нам выбачаюць,

Але мы возьмемся за іх іначай.

 

Лешчыц

А вы ж туліліся пад іх крыло.

 

Віскаваты

Калі?

 

Лешчыц

А пры Карнілаве.

 

Яноўскі

Успомніў!

Тады і вам было таксама страшна.

(З апаскаю паглядзеў на Рабініна.)

 

Рабінін

Даруйце мне, Яноўскі, я тады

Пагарачыўся.

 

Яноўскі

Правільна рабілі.

 

Лешчыц

Калі б мы не былі тады аслы...

 

Кацман

Вы намякаеце ўжо на асобы!

 

Лешчыц

Я не на вас, бо вы яшчэ — каза...

Аслы — яны.

 

Кацман

Абраза! Чуеце?

 

Яноўскі

А вы падкідыш Скірмунта!

 

Лешчыц

А ты!..

 

Рабінін

Панове!

 

Віскаваты

Грамадзяне!

 

Рабінін

Як не сорам!

 

Віскаваты

Прызнаемся, што мы былі аслы,

І мы за гэта досыць пакараны!

 

Лешчыц

Калі б Карнілаву тады дапамаглі,

Ён нас прывёў бы на ўстаноўчы сход,

І нам бы не было чаго сварыцца.

 

Рабінін

Памылку выправіць яшчэ не позна.

Якія ў Мінску сілы, генерал?

 

Балуеў

За нас адзін Георгіеўскі полк.

А на баку бальшавікоў — турма,

Дзе тысяч дзве салдат-бальшавікоў,

Атрады гвардыі і гарнізон.

Мы, праўда, маем на Заходнім фронце

Вялікі лік ударных батальёнаў.

Ствараецца таксама польскі корпус,

І генерал Мусніцкі лёгка зможа

Адрэзаць Беларусь ад Петраграда.

Ізаляваць патрэбна толькі Мінск.

 

Рабінін

Для гэтага сцягнуць належыць войска,

Каб горад акружыць з усіх бакоў.

І генерал Балуеў просіць санкцый.

Прадстаўнікі ад партый згодны з гэтым?

 

Лешчыц

Што за пытанне, пане дабрадзею!

Я заяўляю цвёрда: мы гатовы

Ахвяраваць нацыянальнай справай,

Абы уратаваць айчыну нашу

Ад бальшавіцкай пошасці і ганьбы.

Любая ўлада, толькі не Саветы.

 

Кацман

Я з гэтым цалкам згадна: нам патрэбна

Стварыць спачатку моцную Расію,

А потым марыць аб ажыццяўленні

Задач нацыянальных.

 

Рабінін

Ваша слова?

 

Віскаваты

Маё? Як мы, Яноўскі?

 

Яноўскі

Я лічу,

Такі Савет не грэх і разагнаць.

 

Балуеў

Тады я не затрымліваю вас.

Камандаванне знойдзе досыць сіл,

Каб вашы пажаданні і намеры

Ажыццявіць. Бывайце, грамадзяне.

 

Прадстаўнікі кланяюцца і выходзяць.

 

Вы аб Савеце раілі маўчаць,

А дэмакраты кажуць — разагнаць.

 

Рабінін

І гэта трэба здзейсніць неадкладна.

Паклікаць ад’ютанта, генерал?

 

Балуеў

Як загадаеце.

 

Рабінін

Бог з вамі! Што вы?!

(Звоніць.)

 

З'яўляецца Даўнарскі.

 

Даўнарскі

Што загадаеце, пан генерал?

 

Балуеў

Распарадзіцеся казацкі полк,

Ударны полк і батальёны смерці

Накіраваць паходным маршам к Мінску.

Загад падпішам заўтра. Гэта раз.

Другое. Вышліце нарад казакаў

I ліквідуйце «Молат».

 

Даўнарскі

Што?

 

Рабінін

Газету.

 

Даўнарскі

А, зразумела. Слухаю.

 

Рабінін

Пры гэтым

Нядрэнна б затрымаць і Мяснікова.

 

Балуеў

Выконвайце. Загад падпішам заўтра.

 

Даўнарскі выходзіць.

 

Рабінін

А як жа нам з Карнілавым звязацца?

 

Балуеў

Я заўтра ў Быхаў вышлю афіцэра.

Бывайце, друг.

 

Рабінін

Шчасліва, генерал!

 

Балуеў выходзіць. З суседняга пакоя выходзіць Званская.

 

Рабінін

Ну вось, Аксеня Паўлаўна, цяпер

Прадоўжым нашую размову.

 

Званская

Позна.

 

Рабінін

Ды дзе там позна, восьмая гадзіна.

 

Званская

Наогул позна.

 

Рабінін

Як вас разумець?

 

Званская

Я чула вашу гутарку.

 

Рабінін

Ах, вось!

І што ж вы можаце сказаць пра гэта?

 

Званская

Я думаю, што вы ад вашых планаў

Адмовіцеся.

 

Рабінін

А чаму?

 

Званская

Ды гэта ж...

Карнілаўшчына новая!

 

Рабінін

І што ж?

 

Званская

Я гавару ўсур’ёз: вам давядзецца

Адмовіцца ад вашых планаў.

 

Рабінін

Не.

 

Званская

А вы не дапускаеце, Рабінін,

Што я магу сказаць бальшавікам?

 

Рабінін

Вы гэтага не зробіце.

 

Званская

Чаму?

 

Рабінін

Данос і вы?.. Не вяжацца ніяк!

 

Званская

Не, гэта не данос, і я зраблю.

 

Рабінін

Тады я вас не выпушчу адгэтуль.

 

Званская

Пусціце мне руку, баліць... Вар’ят!

Ядвіга Карлаўна!

 

Уваходзіць Вайніловіч.

 

Вайніловіч

А я ўжо тут...

Што ў вас такое?

 

Званская

Мне пара дамоў.

Вы можаце мяне правесці?

 

Рабінін

Я?

Вы што — жартуеце?

 

Званская

Эх вы, палітык! Не разумееце, калі жартуюць.

 

Рабінін

Аксеня Паўлаўна, такія жарты...

 

Званская

Павінны быць навукаю для вас.

Як можна гаварыць аб важных справах,

Не забяспечыўшы іх поўнай тайны?!

Ну добра, што пачула гэта я.

А што, калі б другі?

 

Вайніловіч

Аб чым размова?

 

Званская

Вучу, Ядвіга Карлаўна, мужчын:

Ніяк не ўмеюць тайны берагчы.

 

Вайніловіч

Ого, ім пахваліцца — гэта ўсё!

 

Званская

Ну што ж, Антон Міхайлавіч, пайшлі?

 

Рабінін

З прыемнасцю... І дзякуй за навуку.

 

Званская

Ядвіга Карлаўна, спакойнай ночы!

 

Вайніловіч

Дабранач, любая! Не забывайце...

 

 

Малюнак сёмы

Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Гэта той жа пакой, які мы ўжо бачылі ў другім малюнку. Розніца толькі ў атмасферы і святле: тады ў яго ліліся патокі вясенняга сонца і пад вокнамі цвіў бэз; цяпер у пакоі асенні надвячорак, а пад акном залацістымі агнямі гарыць клён, асветлены захадам сонца.

У пакоі даволі многа людзей — дэлегатаў Другой абласной канферэнцыі бальшавікоў Беларусі і Заходняга фронту. У адзенні пераважае рабочая вопратка і салдацкія шынялі. Сярод прысутных мы заўважаем Варановіч, Валошына, Петрашэўскую і іншых знаёмых нам людзей.

 

Варановіч

Цішэй, таварышы! Хто з дэлегатаў

Не атрымаў яшчэ літаратуры?

 

Валошын

Я сам не помню — атрымаў ці не.

Марына, глянь у спісак, дарагая.

 

Петрашэўская

Магу сказаць не гледзячы, Валошын:

Ты падыходзіш сёння пяты раз.

Табе не кнігі, а Марына трэба.

 

Валошын

Паклёп, бажуся богам, што паклёп...

 

Варановіч

Валошын, не дурыся, адпраўляйся.

 

Валошын

Ёсць адпраўляцца, камандзір. Пайшлі.

Бывайце, дарагія. Што ты зробіш,

Салдата некаму пашкадаваць. (Сур'ёзна.)

Калі якія здарацца падзеі,

Адразу ж накажыце нам, Марына.

 

Варановіч

Не бойся, будзем вас трымаць у курсе.

Ды ты яшчэ не раз у Мінску будзеш.

 

Валошын

Хто ведае, калі настане дзень,

Якога мы чакаем. Да спаткання!

 

Ваенныя дэлегаты канферэнцыі выходзяць.

 

Варановіч

Ну, я пайшла на фабрыку, Яніна.

 

Петрашэўская

І мне пара таксама.

 

Макейчык

А мяне

Пакінеце, сарокі, аднаго?

 

Петрашэўская

А ў нас жа Міранок, якраз вам пара.

(Адчыняе дзверы і на парозе сустракае Людмілу.)

Ох ты, куды там цётка Міранок!

Тут вунь да вас якая прыгажуня.

 

Макейчык

Ох, у цябе ж і язычок, Яніна!..

 

Петрашэўская

Як шыла, дзядзечка.

 

Варановіч

Пайшлі, Яніна.

 

Петрашэўская і Варановіч выходзяць.

 

Макейчык

А вам каго, таварышка? Чакай!

Дык гэта ж я цябе сюды прыводзіў?!

 

Людміла

Мне трэба бачыць цётку Міранок.

 

Макейчык

Яна вам што — знаёмая?

 

Людміла

Ага.

 

Макейчык

Я зараз запытаю, пачакайце.

 

Выходзіць, а праз момант уваходзіць Міранок.

 

Міранок

Дзень добры, пані. Гэта вы пыталі?

 

Людміла Вы нетутэйшая?

 

Міранок

З-пад Навагрудка.

 

Людміла

А я вас ведаю.

 

Міранок

Дык дзіва што!

Мы ж каля вашай крамы начавалі,

Пакуль дзяўчаты, дай ім бог здароўя,

Мяне сюды не ўзялі, у Савет.

 

Людміла

У вас маленькая дачушка Таня.

 

Міранок

Ляжыць цяпер, пакутніца, хварэе.

 

Людміла

Дык вось мяне да вас паслалі людзі

Дапамагчы вам.

 

Міранок

Дай ім бог здароўя.

 

Людміла

Яны вам грошай могуць даць, адзетку...

 

Міранок

А хто ж яны такія? Вы сядайце.

 

Людміла

Яны асобы важныя...

 

Міранок

Ага.

А за якую ж гэта ласку?

 

Людміла

Так.

Вы, праўда, можаце і адплаціць.

Паперы перадаць якія часам...

 

Міранок

Чаму ж не перадаць, паперы ёсць.

 

Людміла

Яны хацелі б вельмі пачытаць

Пісьмо... ад Леніна.

 

Міранок

Ага, пісьмо...

Дык Ленін жа цяпер не піша, кажуць.

 

Людміла

Ды піша, піша!.. Ёсць пісьмо такое,

Што за яго цябе азалацілі б.

 

Міранок

А дзе ж яго дастаць?

 

Людміла

Або ў Азорыча.

 

Міранок

А як узяць?

 

Людміла

Яны начуюць тут ці па кватэрах?

 

Міранок

Усяк бывае, хлопцы маладыя...

Вы б самі падкаціліся да іх.

 

Людміла

А выгарыць?

 

Міранок

Чаму ж.

 

Людміла

Наўрад, не выйдзе.

 

Міранок

Вось бачыце, дык як жа я дастану?

 

Людміла

Ты толькі мне паведамі аб тым,

Калі яны бываюць ноччу тут.

 

Міранок

Не, боязна...

 

Людміла

Чаго табе баяцца?

 

Міранок

Мяне ж Савет за гэта арыштуе.

 

Людміла

Які Савет! Савета больш не будзе.

 

Міранок

А дзе ж ён дзенецца?

 

Людміла

Разгоняць.

 

Міранок

Праўда?

 

Людміла

Для гэтага пад Мінск ідзе ўжо войска.

Ты разумееш?

 

Міранок

Трохі разумею.

Цябе не цяжка зразумець, паскуда.

Марш зараз жа адгэтуль! Марш, паганка,

Каб і нагі тваёй тут не было!

 

Людміла выбягае, як апантаная. На крык уваходзіць Макейчык.

 

Макейчык

Чаго ты раскрычалася, Агата?

 

Міранок

Ты чуў, Язэп, чаго яна была?

Яе лісты ад Леніна цікавяць!

 

Уваходзіць Мяснікоў.

 

Мяснікоў

Каго яе?

 

Макейчык

Кучынскага дачку.

 

Мяснікоў

Не так яе цікавяць, як другіх.

А што яна казала вам яшчэ?

 

Міранок

Пра вас і пра Азорыча пытала.

Вы сёння, хлопцы, не начуйце тут.

 

Мяснікоў

Нічога, будзем жывы.

 

Міранок

Не кажыце,

Яна казала, што Савет разгоняць,

Ужо нібы на Мінск ідзе і войска.

 

Мяснікоў

Яны б то разагналі, каб маглі,

Ды рукі ў іх кароткія на гэта.

Аднак нам трэба быць напагатове,

Паведамленні грозныя, Макейчык.

Паклічце, цётка, Гольмана сюды.

 

Міранок

Ён у друкарні?

 

Мяснікоў

Недзе там.

 

Міранок

Паклічу. (Выходзіць.)

 

Мяснікоў

А вы ўсё маўчыце, Язэп Макейчык?

 

Макейчык

У кожнага характар, што паробіш.

 

Мяснікоў

А мне якраз маўклівы і патрэбен.

Злавіў на слове, а?

 

Макейчык

Якая ж справа?

 

Мяснікоў

З Бабруйска трэба перавезці зброю.

 

Макейчык

А з кім звязацца там?

 

Мяснікоў

Я дам запіску. (Піша.)

Вось чалавек і адрас.

 

Макейчык

Добра, зробім.

 

Мяснікоў

А як вы гэта зробіце, Макейчык?

 

Макейчык

На паравоз. У вугаль. Прывязём.

 

Мяснікоў

Часць гэтай зброі вашаму атраду,

А часць патрэбна будзе захаваць.

Вы месца знойдзеце?

 

Макейчык

Знайду.

 

Мяснікоў

Ну, добра,

Жадаю поспеху.

 

Макейчык

Бывайце жывы.

Прашу вас вельмі, будзьце асцярожны.

 

Макейчык выходзіць. Мяснікоў стаіць і доўга глядзіць яму ўслед, нібы бачыць яго за сценамі пакоя. Затым ён паварочваецца, глыбока ўзрушаны і ўсхваляваны.

 

Мяснікоў

Якія волаты! Якія людзі!

Я, здэцца, іх і ведаю, і кожны раз

Гляджу ізноў шырокімі вачыма

На іх высакародныя учынкі.

Агата Міранок, Язэп Макейчык,

Андрэй Цімчук і тысячы другіх,

Апранутых у лахманы, у зрэб’е,

Узнятых рэвалюцыяй з глыбінь

Нязведаных прастораў Беларусі,

Гатовых засланіць уласным сэрцам

Ад грознай небяспекі сэрца друга.

Арменія, мой родны край бацькоўскі,

Як шмат іх у мяне такіх сяброў!

Пад іх аховаю на сэрцы безмяцежна

Нашу пісьмо, якога так шукаюць,

Пісьмо ад Леніна. Вось, вось яно!

Чытайце, людзі, слухайце яго!

(Дастае з кішэні і перачытвае пісьмо.)

«Адкіньце дробную на час работу

І ўсю увагу вашую аддайце

Ваеннай падрыхтоўцы да паўстання.

Складзіце план, стварыце камітэт,

Збярыце падрабязнейшыя весткі

Аб размяшчэнні войск, аб іх саставе.

У плане улічыць абавязкова

Захоп важнейшых пунктаў: тэлеграфа,

Чыгуначных вакзалаў, тэлефона...»

Мы гэта зробім, зробім неадкладна!

(Садзіцца за стол і пачынае пісаць.)

 

Уваходзіць Меер Гольман.

 

Гольман

Ну? Новае заданне?

 

Мяснікоў

Адгадалі.

Набраць брашуру трэба. Вельмі спешна.

 

Гольман

Я так рабіць не ўмею! Ноч, апоўнач...

 

Мяснікоў

(спакойна, не звяртаючы ўвагі).

Я зараз дам вам матэрыял.

 

Гольман

Цяпер?

А хто ж газету?

 

Мяснікоў

І газету вы.

 

Гольман

Скажыце ж мне, таварыш Мяснікоў,

Я колькі маю рук: чатыры? восем?

 

Мяснікоў

Здаецца, дзве.

 

Гольман

Дык як жа мне рабіць?

 

Мяснікоў

Падумайце.

 

Гольман

Вам лёгка гаварыць:

Брашуру набіраць павінен я,

Газету друкаваць павінен я,

І думаць я. Не, гэтага не будзе. (Садзіцца.)

 

Мяснікоў

А што вы прапануеце другое?

 

Гольман

Нічога я не прапаную вам.

Што, нельга ўжо і паспрачацца?

 

Мяснікоў

Нельга.

Брашура Леніна, таварыш Гольман.

 

Гольман

Дык вы адразу так бы і сказалі.

І гэта вельмі спешна?

 

Мяснікоў

Вельмі. Мінск

Акружаны казацкімі часцямі.

Штодзень ідуць якіясь перамовы

Між франтавымі штабамі і Стаўкай.

Усё шырэй супроць бальшавікоў

Вядзецца агітацыя ў часцях.

Такія факты сведчаць аб адным:

Контррэвалюцыя ізноў збірае сілы

І пагражае разагнаць Саветы.

«Ўся будучыня рускай рэвалюцыі

Пастаўлена на карту»,— піша Ленін.

І словы Леніна патрэбна спешна

Данесці да рабочых і салдат.

 

Гольман

Ну, калі спешна — зробім, рукі знойдзем.

 

Мяснікоў

Вазьміце матэрыялы для брашуры,

А потым я прышлю перадавы.

 

Гольман

І на падборку семдзесят радкоў.

 

Уваходзіць Азорыч.

 

Мяснікоў

А на падборку дасць Азорыч.

 

Азорыч

Што ты?!

 

Гольман

Напішаце, нічога. Я пайшоў. (Выходзіць.)

 

Азорыч

Ох, замарыўся! Цётка Міранок!

Чайку там можна?

 

Міранок

Зараз прынясу.

(Уваходзіць з чайнікам у руках.)

Ізноў на цэлу ноч пісаць?

 

Мяснікоў

Ізноў.

 

Міранок

Загубіце вы, хлопчыкі, сябе.

Вам тут няможна сёння быць.

Яны ж вас схопяць, як рудых мышэй.

 

Азорыч

А варта?

 

Міранок

Варта...

 

Мяснікоў

Цётка Міранок!..

 

Міранок

Няма каму вас, хлопцы, ушчуваць.

(Выходзіць.)

 

Мяснікоў

Як у палку сустрэлі? Не пабілі?

 

Азорыч

Салдаты, брат, стаяць за нас гарой.

І рэвалюцыю прынялі нашу.

 

Мяснікоў

Дык вось і напішы ў газету.

 

Азорыч

Ох, і пакута ж для мяне пісанне!

 

Мяснікоў

Не разумею, марыць ты ахвотнік,

А як пісаць — табе цяжкая справа.

 

Азорыч

А хіба можна напісаць аб тым,

Як уяўляеш ты наступны свет?

Падай мне, калі ласка, чайнік. Дзякуй.

Вось прачытаў я ленінскі наказ:

«Бальшавікі павінны ўзяць уладу».

Я дзень пры дні пытаюся: калі?

Калі ён грымне, жыватворчы гром?

Я ведаю, наперадзе змаганне,

І смерць, і цяжкасці, і горы працы.

Але перада мною паўстаюць

Жывыя вобразы людскога шчасця:

Народ не будзе паміраць на войнах,

Не будзе ў лахманах дрыжаць ад сцюжы,

Не будзе галадаць і жабраваць.

 

Мяснікоў

Не, рэвалюцыя не толькі ў гэтым.

Вялікая для чалавека справа хлеб,

Але змаганне дасць нам і другое.

У барацьбе за шчасце чалавек

Знаходзіць ісціннае прызначэнне.

Жыццё яго скалечыла і змяла.

Ён падымаецца і праяўляе

Сапраўдную сваю людскую сутнасць,

Становіцца руплівым хадаком

У заўтрашні вялікі дзень жыцця.

 

Уваходзіць Гольман.

 

Гольман

Чаёк п’яце?!

 

Мяснікоў

А ты ізноў сварыцца?

 

Гольман

Сварыцца? Не! Зямлю пад вамі рваць!

 

Мяснікоў

Што здарылася?

 

Гольман

Арышт! Арышт!

 

Азорыч

Што?

 

 

Гольман

Газету нашу зноў арыштавалі.

 

Мяснікоў

Газету нашу?

 

Азорыч

«Молат»?

 

Гольман

Не, кавадла!

 

Мяснікоў

І апячаталі?

 

Гольман

Пакуль што не.

Яшчэ ўсё поруцца ў паперах розных.

 

Мяснікоў

А можна зараз вывезці набор?

 

Гольман

На чым? На мне?

 

Мяснікоў

А ёсць куды?

 

Гольман

Абы было на чым. Уга!

 

Мяснікоў

Азорыч,

Бяры машыну і гані ў друкарню.

А вы выносьце зараз жа набор.

 

Азорыч

Пайшлі.

 

Гольман

Ну, вось, цяпер я разумею,

А то сядзяць і папіваюць чай.

 

Мяснікоў

Перадавы артыкул мне канчаць?

 

Гольман

А як па-вашаму? Газета наша

Выходзіць можа без перадавога?

 

Азорыч і Гольман выходзяць. Мяснікоў садзіцца ізноў за стол і піша. Праз нейкі момант чуецца стук у дзверы.

 

Мяснікоў

Хто там яшчэ... Заходзьце, калі ласка.

 

Уваходзіць Званская.

 

Званская

Даруйце мне, што я турбую вас.

Але я думаю, што гэта важна.

 

Мяснікоў

Вы нечым усхвалёваны. Сядайце.

Я слухаю.

 

Званская

Вы толькі мне паверце...

Супроць бальшавікоў рыхтуюць змову.

 

Мяснікоў

Ды гэта нам зусім не навіна:

Супроць бальшавікоў заўсёды змова.

 

Званская

Вы разумееце мяне не так.

У Мінск дамовіліся вызваць войска

І разагнаць Савет.

 

Мяснікоў

Хто вам сказаў?

 

Званская

Аб гэтым гаварылі на нарадзе.

 

Мяснікоў

Была нарада?

 

Званская

Так.

 

Мяснікоў

Калі?

 

Званская

Учора.

Я не магла раней прыйсці... сачылі.

 

Мяснікоў

А хто ўдзельнічаў — вядома вам?

 

Званская

Балуеў, Віскаваты, Лешчыц, Кацман.

 

Мяснікоў

А хто яшчэ?

 

Званская

Рабінін і Яноўскі.

 

Мяснікоў

Паход контррэвалюцыі пачаўся.

Якія ж часці выклікаюць з фронту?

 

Званская

Ударны полк, адзін казацкі полк

І батальёны смерці.

 

Мяснікоў

Што яшчэ?

 

Уваходзіць Азорыч. Званскай ён не заўважае.

 

Азорыч

Набор уратавалі, перавозяць.

 

Мяснікоў

Тут не ў адной газеце сэнс, Азорыч,

Контррэвалюцыя зрабіла змову,

Каб разагнаць Савет.

 

Азорыч

А хто сказаў?

 

Мяснікоў

Таварыш Званская паведамляе.

 

Званская

Яны абодвух арыштуюць вас.

 

Мяснікоў

Становішча сур’ёзнае, Тарас,

Я зараз пазваню ў камітэт...

 

Азорыч

У франтавы? А ім аб гэтым скажуць?

 

Мяснікоў

Аднак звязацца з імі неабходна.

 

Мяснікоў выходзіць.

Званская рынулася да Азорыча.

 

Званская

Тарас, даруй мне!.. Мілы мой, даруй!

Я горка памылілася.

 

Азорыч

Аксеня,

Цяпер не час пра гэта гаварыць.

 

Званская

Я ведаю... Але мне вельмі цяжка.

 

Азорыч

Забудзем, Ксеня.

 

Званская

Мілы мой, ратуйся!

Я буду вечна дакараць сябе,

Калі вы трапіце да іх у рукі.

 

Азорыч

Не бойся, Ксеня, гэтага не будзе!

За нас народ, увесь народ Расіі.

 

Уваходзіць Мяснікоў.

 

Мяснікоў

Заўважылі, які быў спорны дождж?

 

Азорыч

Ну, што ты чуў?

 

Мяснікоў

У камітэце фронту

Не ведаюць нічога. Безумоўна,

Пан Віскаваты падпісаў загад

Употайкі ад членаў камітэта.

 

Азорыч

Дык што ты прапануеш?

 

Мяснікоў

Я мяркую,

Табе паехаць трэба ў Петраград.

У Мінску нас яны не лёгка возьмуць,

Але відаць, што загавор шырокі,

І трэба ўсё паведаміць ЦК.

 

Убягае Агата Міранок.

 

Міранок

Ой, хлопчыкі! Казакі!

 

Званская

Уцякайце!

Мы затрымаем іх.

 

Мяснікоў

Пайшлі, Тарас.

Перадавай ЦК і Петраграду:

Мінск для змагання з ворагам — гатовы.

 

Мяснікоў і Азорыч выбягаюць. У пакой урываюцца казакі на чале з Даўнарскі.

 

Даўнарскі

Няма і тут!

 

Званская

Спазніліся, панове!

 

 

Малюнак восьмы

Той жа прасторны пакой Мінскага Савета, што і ў другім малюнку. Але паколькі ў пакоі няма цяпер сонца, выглядае ён і цяснейшым і больш змрочным. Вокны яго завешаны газетамі. Скупое святло невялікай электрычнай лямпы на стале заслонена аркушам паперы. Схіліўшыся над сталом, палажыўшы каля палявога тэлефона галаву на рукі, спіць Марына Варановіч. У парозе на табурэце, прыпёршыся да сцяны і паставіўшы паміж ног вінтоўку, сядзіць Ігнат Высокаў. Можа паказацца, што і ён дрэмле таксама, але гэта не так — ён думае і прыслухоўваецца. У пакой уваходзіць Язэп Макейчык.

 

Макейчык

Марозік на дварэ, і добры.

 

Высокаў

Рана.

 

Макейчык

Сягоння дваццаць пятае?

 

Высокаў

Ага.

 

Макейчык

Дык што ты, брат, канчаецца кастрычнік,

Марозіку пара.

 

Высокаў

У нас мякчэй.

 

Макейчык

У Петраградзе? Можа. Там у вас

Ад фабрык тых адных гарачыня.

 

Высокаў

Паскардзіцца не можам: багацеям

Мы часта падсыпаем аганьку.

 

Макейчык

Ад вашага агню святлей і нам.

Глядзі, Ігнат, які пагодны дзень!

(Тушыць электрычнасць, здымае з акон газеты, і ў пакой смела ўступае ясная, асенняя раніца.)

 

Высокаў

Марыну не пара будзіць?

 

Макейчык

Шкада,

Каторы дзень не спіць.

 

Высокаў

Каб не празябла.

(Акрывае яе сваім пінжаком.)

 

Макейчык

А я вось не магу ніяк заснуць.

Усё трывожуся, калі ж пачнецца:

Сягоння? Заўтра?

 

Высокаў

Можа, і сягоння...

 

Уваходзіць Мяснікоў

 

 

Мяснікоў

Не толькі «можа», а напэўна сёння!

Паўстане ў Петраградзе пачалося...

 

Усе ў адно вокамгненне нібы змярцвелі. І раптам выбухае вялікая, бязмежная радасць.

 

Галасы

Ура! Няхай жыве таварыш Ленін!

 

На гоман у пакой прыбягаюць Петрашэўская, Міранок, Таня і другія.

 

Мяснікоў

Спакой, таварышы, спакой і яснасць.

Нам трэба дзейнічаць рашуча, смела,

Але абдумана. І перш за ўсё

Патрэбна вызваліць арыштаваных.

Макейчык!

 

Макейчык

Слухаю.

 

Мяснікоў

Высокаў!

 

Высокаў

Я.

 

Мяснікоў

Вазьміце зараз жа сваіх гвардзейцаў

І вызвальце арыштаваных.

 

Высокаў

Ясна.

 

Мяснікоў

Узброіўшы людзей, збірацца тут.

 

Макейчык і Высокаў выходзяць.

 

Мяснікоў

Марына, Гольмана!

Гольман

(уваходзячы ў пакой).

А Гольман тут.

 

Мяснікоў

Азорыч вам нанёс загад рэўкома.

Надрукаваць яго за паўгадзіны.

 

Гольман

Ого! Вы чулі?

 

Мяснікоў

Гольман!

 

Гольман

Што вам Гольман?

Загад не запрашэнне на банкет.

Такія рэчы трэба друкаваць...

За пяць хвілін! Вазьмі, чытай, Марына!

 

Падае Марыне аддрукаваны ўжо «Загад Мінскага Выканаўчага Камітэта Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў».

 

Мяснікоў

Ох ты! І цяжка ж мне з табою, Гольман.

 

Гольман

А мне, вы думаеце, з вамі лёгка?

 

Варановіч

(чытае загад).

Жыхарству Мінска і яго аколіц.

Загад. Таварышы! У Петраградзе

Уладу ў рукі ўзяў Савет рабочых,

Салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.

Балтыйскі флот і войскі гарнізона

Прызналі новы лад адзінадушна.

У сувязі з падзеямі ў сталіцы

Улада ў Мінску і яго раёне

Таксама пераходзіць да Саветаў

Рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Даводзячы да ведама аб гэтым,

Савет паведамляе грамадзян,

Што ім прыняты меры для аховы

Рэвалюцыйнага правапарадку

І ўстанаўлення цвёрдай дысцыпліны.

 

Мяснікоў

Загад патрэбна зараз жа расклеіць.

 

Гольман

Пайшлі, Яніна!

 

Петрашэўская

Цётка Міранок!

 

Таня

Ой, дзядзечка, і я!

 

Мяснікоў

Давай, Танюша.

 

Гольман, Петрашэўская, Міранок і Таня бяруць лістоўкі і накіроўваюцца да выхада. Ува ходзяць Азорыч і Баравы.

 

Азорыч

Са святам вас, таварышы, са святам!

 

Петрашэўская

І вас таксама.

 

Міранок

Дзякуем.

 

Баравы

Са святам!

 

Мяснікоў

Ну, як, усё ў парадку, Баравы?

 

Баравы

Рэвалюцыйны Першы Мінскі полк

Гатоў служыць.

 

Мяснікоў

Узброены?

 

Азорыч

Не ўсе.

 

Мяснікоў

Заняць артылерыйскі склад

І ўзяць вінтоўкі там і кулямёты.

Узброеных па дваццаць чалавек

Даць у распараджэнне камісараў.

А камісарамі рэўкома раю:

Цябе, Тарас Іванавіч, у штаб,

На тэлеграф і пошту — Варановіч,

Макейчыка — на станцыю і вузел,

Высокава — у Гарадскую думу.

Пярэчанняў няма?

 

Азорыч

Няма

 

Мяснікоў

Патрэбна

Заняць у горадзе ўсе каравулы

І ў першую чаргу — усе пасты

У вызначаных мною установах.

Задачы ясныя? Тады за справу.

 

Азорыч

Пайшлі, таварышы.

 

Мяснікоў

Жадаю ўдачы.

 

Усе, апрача Мяснікова, выходзяць. Мяснікоў падыходзіць да тэлефона і пачынае накручваць ручку.

 

Мяснікоў

Ало! Што за хвароба! Сувязь! Сувязь!

 

Уваходзіць Цімчук.

 

Цімчук

Ну, вось і я! Дзень добры вам у хату!

Пазнаеце, таварыш Мяснікоў?

 

Мяснікоў

Як быццам пазнаю: Цімчук, ці што?

 

Цімчук

Цімчук, таварыш Мяснікоў, Цімчук.

Адседзеўся, хачу цяпер прайсціся.

 

Мяснікоў

Куды?

 

Цімчук

Пайду, куды вы скажаце.

 

Мяснікоў

У вёску трэба, падымаць сялян.

 

Цімчук

Ды гэта мы за мілую душу...

 

Убягае Таня.

 

Таня

Ай, дзядзечка!.. Таварыш Мяснікоў!

Лістоўкі нашыя зрываюць!

 

Мяснікоў

Хто?

 

Уваходзяць Віскаваты, Лешчыц, Янкоўскі, Кацман.

 

Таня

Вось гэтыя...

 

Цімчук

Вось гэтыя?!

 

Віскаваты

Ну-ну!

Не смей чапаць! Я —

Камітэт Выратавання рэвалюцыі.

 

Мяснікоў

Ідзі расклейвай, Танюша.

 

Таня

Ага,

Вы думаеце, я вас пабаюся!

 

Мяснікоў

Чым я магу служыць!

 

Віскаваты

Я старшыня,

А гэта нашы члены Камітэта

Выратавання рэвалюцыі.

 

Мяснікоў

Ужо і камітэт такі стварылі?

 

Віскаваты

Вы мне скажыце, што гэта такое?

 

Мяснікоў

Загад Савета Мінска нумар першы.

 

Яноўскі

Падпісаны без ведама Савета?

 

Мяснікоў

Падпісан Выканаўчым Камітэтам.

 

Кацман

Вы нагла карыстаецеся тым,

Што Выканаўчы Камітэт за вас.

Але ў Савеце ёсць яшчэ і мы,

І мы адсюль не выйдзем. Грамадзяне,

Прашу, сядайце!

 

Мяснікоў

Пасядзіце, што ж!

А я не маю часу на размовы.

 

Уваходзіць Рабінін у суправаджэнні некалькіх казакаў і дружынніц жаночага батальёна на чале з Людмілай Кучынскай.

 

Рабінін

І вы не выйдзеце адсюль таксама!

 

Людміла

І не скандальце, грамадзянін! Ясна?!

 

Цімчук

Таварыш Мяснікоў, махнуць?

 

Мяснікоў

Не трэба,

Я вас прашу пакінуць нас адных.

 

Цімчук

Шкада, я паказаў бы гэтай кралі!

(Выходзіць.)

 

Мяснікоў

Дык хто ж стаіць за вамі, Віскаваты?

Рабінін, значыць. І, відаць, Балуеў?

А я ўсё думаю і не рашу:

Адкуль у вас такі напор узяўся?

 

Лешчыц

Вы не жартуйце, пане дабрадзею.

 

Кацман

Вы узурпатары, вы самазванцы!

 

Мяснікоў

Чаго ж вы хочаце, панове «дэмакраты»?

 

Віскаваты

Вы захапілі ўладу незаконна.

 

Рабінін

І вы павінны адмяніць загад.

 

Мяснікоў

Не будзе так!

 

Убягае Варановіч.

 

Варановіч

Таварыш Мяснікоў,

Здымаюць нашы каравулы.

 

Мяснікоў

Хто?

(Кідаецца да тэлефона.)

 

Рабінін

Не клапаціся, провад перарэзаў

І горад у маіх руках. Мяркую,

Што вы цяпер адменіце загад?

 

Віскаваты

Я патрабую гэтага!

 

Мяснікоў

Дарэмна:

Мы нашага загаду не адменім.

 

Рабінін

Адменіце.

 

Убягае Азорыч.

 

Азорыч

Таварыш Мяснікоў,

У горадзе з’явіліся казакі,

На плошчы выстаўлены батарэі...

 

Рабінін

Калі загад не будзе скасаваны,

Я разнясу не толькі ваш Савет...

 

Азорыч цяпер толькі заўважыў усіх прысутных і зразумеў становішча. У голасе яго з'ўляецца горкая і злая іронія.

 

Азорыч

А, гэта вы, Рабінін! Нават з войскам?!

Вы любіце з такімі ваяваць!..

 

Віскаваты

Начальнікам над войскам буду я.

 

Азорыч

Які з цябе начальнік, баязлівец!

Табе каб хутарок, курэй выводзіць...

Эх, сволачы! Прадажныя найміты!

Тапчыце, подленькія вашы душы,

Тапчыце рэвалюцыю, казяўкі!

 

Віскаваты

Ну, ведаеце, гэта ўжо залішне!..

Апошні раз: мы патрабуем здацца!

 

Азорыч

Рэвалюцыйны Мінск не можа здацца!

 

Віскаваты

Мінск рэвалюцыі не вырашае,

А вырашаюць Піцер і Масква.

 

Рабінін

І калі вы не пойдзеце на здачу,

Я рушу войска на Маскву і Піцер.

 

Мяснікоў

Якія ж ставяцца умовы здачы?

 

Віскаваты

Зняць неадкладна вашы каравулы,

Рэвалюцыйны Мінскі полк раззброіць

І цалкам перадаць уладу нам.

 

Мяснікоў

Не, мы гатовы весці з вамі перамовы,

Калі і Камітэт выратавання

Не будзе пасылаць і прапускаць

Часцей на Петраград і на Маскву.

 

Рабінін

На гэтыя умовы мы не згодны.

 

Мяснікоў

Ну, што ж, мы вымушаны будзем біцца.

 

Віскаваты

Таварышы, да згоды. Мне здаецца,

Што папярэдне можна пункт прыняць...

З умоваю, што і Савет таксама

Не будзе з фронту выклікаць часцей.

 

Мяснікоў

Ну, што ж, мы на такіх умовах можам

Паслаць два чалавекі ад Савета

Для падпісання канчатковай згоды.

 

Рабінін

І мы даем на гэта вам гадзіну.

 

Віскаваты

Размовы нашы скончаны на гэтым.

Прашу за мною, члены камітэта.

Прадстаўнікі камітэта выходзяць.

 

Азорыч

Алёша, як жа так?

 

Мяснікоў

А што ж рабіць?

 

Азорыч

Здавацца? Ім? І ты сур’ёзна?

 

Мяснікоў

Так.

Ідзі, Марына, перадай людзям,

Няхай спакойна здымуць каравулы.

 

Варановіч

Я не пайду, таварыш Мяснікоў,

Калі б не вы сказалі, я лічыла б,

Што гэта здрада.

 

Азорыч

Гэта горш яшчэ!

Ты прапануеш мірна здаць уладу,

Заваяваную крывёй народа.

І здаць каму? — Буржуям і панам!

Такім памешчыкам, як сам Рабінін,

Або такім падпанкам, як Яноўскі.

Не, я з табой не згодны.

 

Варановіч

Я таксама.

 

Мяснікоў

А што ж вы прапануеце рабіць?

 

Азорыч

Змагацца да апошняга байца!

За намі фронт...

 

Мяснікоў

За намі, ды далёка.

Пакуль адтуль паспее дапамога,

Мінск разаб’юць, падымуць часці

І рушаць па Маскву і Петраград.

Ты разумееш? Трэба ратаваць

У першую чаргу Маскву і Петраград.

 

Азорыч

Няшчасны лёс, няшчасны мой народ!

 

Мяснікоў

Ідзі, Марына.

 

Варановіч

Добра, я пайду. (Выходзіць.)

 

Мяснікоў

А па дарозе Званскую пакліч.

Пакуль мы будзем весці перамовы,

Патрэбна тайна выехаць на фронт,

Узняць рэвалюцыйныя палкі

І, перш за ўсё, прыслаць бронецягнік.

 

Азорыч

Дык што ты на мяне глядзіш пытальна?

 

Мяснікоў

Заданне вельмі труднае, Тарас.

 

Азорыч

Заданне партыі не можа быць

Ні трудпым, ні цяжкім, Алёша.

 

Мяснікоў

Я ведаю, але цяпер яно

Амаль што раўназначна смерці.

Калі ты пападзешся ў рукі контры,

Мы заступіцца за цябе не зможам.

Ты дзейнічаеш сам і за сябе.

 

Азорыч

Не бойся, я ім поваду не дам,

Каб затапіць крывёй народа Мінск.

 

Уваходзіць Званская.

 

Званская

Дазволіце зайсці?

 

Мяснікоў

Прашу, прашу.

 

Званская

Вы клікалі?

 

Мяснікоў

У нас ёсць просьба.

У земстве рамантуюцца машыны.

Вы можаце паслаць адну на фронт?

 

Званская

Я дакументы выпісаць магу...

 

Мяснікоў

А болей нам нічога і не трэба.

Шафёра мы свайго аформім, самі...

Вы пасядзіце тут, я зараз буду.

(Выходзіць.)

 

Званская

Тарас, а хто з машынай едзе?

 

Азорыч

Я.

 

Званская

І гэта небяспечна?

 

Азорыч

Не!.. Не вельмі.

 

Званская

Ты мне ніколі не гаворыш праўды.

 

Азорыч

Бо ты яе ўжо ведаеш.

 

Званская

Аб чым?

 

Азорыч

Аб тым, што я люблю цябе, люблю!

І гэтай праўдай, вечнай і нязменнай,

Я жыў, жыву і з ёю і памру.

 

Званская

Каханы мой, не гавары пра смерць.

Калі ты будзеш верыць у жыццё

І будзеш помніць, што цябе чакаюць...

Ты вернешся...

 

Уваходзіць Мяснікоў.

 

Мяснікоў

Ну вось, усё гатова.

Бяры дакумент і бывай, мой друг.

 

Азорыч

Бывай, Алёша. Да спаткання, Ксеня.

 

Званская

Бывай і помні, што цябе чакаюць.

 

Мяснікоў

Ад поспехаў тваіх залежыць лёс

Не толькі горада, а ўсёй краіны.

Калі Масква і Піцер перамогуць,

Дык пераможа й Мінск. Святло з усходу

Залье сваім праменнем цэлы свет.

 

 

Малюнак дзевяты

Пасажырская зала першага класа на Віленскім вакзале ў Мінску. Проста перад гледачом на перон выходзяць два паўкруглыя высокія акны, а злева ад іх такія ж паўкруглыя і напалову шкляныя дзверы. Другія дзверы, у правай сцяне залы, вядуць у пакой дзяжурнага па станцыі, а трэція, у левай сцяне,— у вестыбюль вакзала. Зала абсталявана па-вакзальнаму казённа. Але ў прасторным кутку, паміж дзвярыма на перон і дзвярыма ў пакой дзяжурнага, простая цвёрдая мэбля і пара мяккіх крэслаў расстаўлены так, што яны ўтвараюць даволі ўтульную, асобную ад усёй залы мясціну. У зале пуста і ціха. Толькі каля дзвярэй на перон сядзіць адзінокі дзядзька Хораш, ды за сцяной, у пакоі дзяжурнага, бесперапынку стукоча тэлеграф.

 

Хораш

Крычалі, плакалі, раўлі, і вось —

Як вымерла! Адно без перапынку

І дзень і ноч стукоча тэлеграф.

Нядобрым скончыцца такая ціш...

(Падыходзіць да дзвярэй дзяжурнага пакоя. Прыслухоўваецца да работы апарата і ўголас чытае па тэлеграфнай азбуцы.)

Э-ша-эл-о-эн-ы... Э-ша-ло-ны...

Эм-эс-ка-вэ... Ма-скве... Чэ-тэ-вэ-тэ.

Чэ-тэ-вэ-тэ?.. Не разумею. Глух.

Не чую ўжо. А некалі ў салдатах

Нядрэнны быў тэлеграфіст. А-дэ...

 

Уваходзіць Званская.

 

Хораш

А вам куды, паненка?

 

Званская

На перон.

 

Хораш

Няможна, забаронена.

 

Званская

Скажыце,

А з фронту будуць цягнікі сягоння?

 

Хораш

Хто ведае, цяпер няма раскладу.

 

Званская

(садзіцца ў задуме на лаўку).

Хоць бы якая вестка ад яго!

 

Уваходзяць Мяснікоў і Высокаў. Званская кінулася да Мяснікова.

 

Таварыш Мяснікоў!

 

Мяснікоў

Вы тут ізноў?

Ідзіце, вам не месца тут. Ідзіце...

 

Праводзіць Званскую да выхада.

 

Высокаў

Дзе Баравы?

 

Хораш

З Язэпам.

 

Высокаў

Пазавіце.

 

Хораш выходзіць на перон і вяртаецца адтуль з Баравым і Макейчыкам.

 

Высокаў

Ну, што чуваць?

 

Баравы

Усё ў парадку.

Ніводзін эшалон на гэты час

Не быў адпраўлены.

 

Мяснікоў

А тыя два?

 

Макейчык

Затрыманы абодва сёння ў Оршы.

 

Мяснікоў

Трымайцеся, таварышы. Ад нас

Залежыць вельмі шмат.

 

Высокаў

Калі стрымаем,

Не пусцім на Маскву і Петраград

Часцей контррэвалюцыі адгэтуль,

Аўксенцьевы і Гоцы задыхнуцца,

Мы скруцім Камітэт выратавання.

 

Мяснікоў

А мы пакуль што будзем і далей

Зацягваць з імі перамовы

І падымаць на іх Заходні фронт.

Час перамогі блізка. Гарнізон

Штодзень становіцца на бок Саветаў.

Калі ж мы атрымаем помач з фронту —

Рабініным і Віскаватым смерць.

Трымайцеся.

 

Макейчык

Таварыш Мяснікоў,

Рабочыя чыгункі не здадуцца.

 

Баравы

І першы Мінскі полк таксама.

 

Мяснікоў

Дзякуй.

Калі якія здарацца падзеі,

Паведамляйце неадкладна.

 

Баравы

Добра.

 

Мяснікоў і Высокаў выходзяць.

 

Макейчык

Ты, Хораш, чуў? Глядзі, суседзе мой.

 

Хораш

Не бойся, я гляджу, Язэп, гляджу.

 

Макейчык

Пайшлі, таварыш Баравы.

 

Баравы

Пайшлі.

 

Макейчык і Баравы выходзяць.

 

Хораш

Чацвёрты дзень на лініі застой.

От нехрысці, няма на іх канца!

 

Уваходзяць Віскаваты і Рабінін у суправаджэнні дружынніц на чале з Кучынскай.

 

Рабінін

Любой цаной саставы трэба рушыць.

Бяспечнасць ваша можа загубіць.

Найболей верныя палкі і тыя

Становяцца на бок бальшавікоў.

 

Віскаваты

Я пакажу ім, сукіны сыны!..

 

З пакоя дзяжурнага выбягае з тэлеграмай Яноўскі.

 

Яноўскі

Іван Ігнатавіч, дэпеша з Стаўкі.

 

Віскаваты

Чытай! (Садзіцца ў крэсла.)

 

Яноўскі

( чытае).

Усерасійскі Камітэт

Выратавання бацькаўшчыны нашай

Звяртаецца да арміі і просіць

Прыслаць хоць па адным палку пяхоты.

Любымі сродкамі і неадкладна

Даставіць часці ў Гатчыну і Лугу.

Уся адказнасць за невыкананне

Падзе на вас.

 

Віскаваты

А хто падпісан там?

 

Яноўскі

Падпісан Керанскі, Аўксенцьеў, Гоц.

 

Віскаваты

Пара настала. Дзейнічай, Рабінін.

Бяры адданых, верных нам салдат

І — з богам!

 

Рабінін

Слухаю. (Выходзіць.)

 

Віскаваты

А ты, Яноўскі...

Што там за гоман?

 

Людміла

Просяцца да вас.

 

Віскаваты

Пусці!

 

Уваходзяць пані Вайніловіч, Лешчыц, Кацман.

 

Вайніловіч

Шаноўны пане Віскаваты!

Я выязджаю з горада, і я

Прашу дазволіць мне сказаць два словы.

У гэты грозны час выпрабаванняў

Расія ўся глядзіць на вас з надзеяй.

Няхай жа вам дапамагае бог

У вашым подзвігу ў імя Радзімы.

 

Віскаваты

Як некалі вядомы князь Пажарскі,

Я на сябе бяру цяжар улады

Не для ўзвышэння самаго сябе.

Але за пажаданні вашы, пані,

Я шчыра дзякую.

 

Уваходзяць Балуеў і Даўнарскі.

 

Балуеў

Што тут за мітынг?

 

Віскаваты

Даруйце, генерал!

 

Балуеў

Рабінін тут?

Паклічце.

 

Віскаваты

Ёсць! Рабінін!

 

Рабінін

Я.

(Выходзіць з дзяжурнага пакоя.)

 

Балуеў

Антон Міхайлавіч, ратуйце справу.

З раз’езда Хвоева ў кірунку Мінска

Ідзе бронецягнік.

 

Рабінін

Не можа быць!

Там нашы афіцэры.

 

Балуеў

Афіцэры

І машыніст арыштаваны.

 

Віскаваты

Жах!

 

Балуеў

Цягнік вядзе фельдфебель-бальшавік.

 

Вайніловіч

Ой, божа мой! Ён зараз будзе тут.

(Выбягае.)

 

Рабінін

Без панікёрства! Члены камітэта,

Насустрач трэба выслаць дэлегатаў

І што б там ні было цягнік спыніць.

Хто згодзен выехаць?

 

Яноўскі

Я не прамоўца.

 

Віскаваты

Няма такіх? Тады, як старшыня,

Я буду прызначаць. Вінцэнты Лешчыц...

 

Лешчыц

Чаму, мой пане дабрадзею, я?

З бальшавікамі трэба гаварыць

Не словам, пане мой, а кулямётам.

Але, калі патрэбна, я паеду.

 

Віскаваты

Таварыш Кацман? Вы?

 

Кацман

Калі паедуць...

 

Віскаваты

Ну, вось і добра. Возьмеце яшчэ

Двух-трох ваенных членаў і — айда.

 

Рабінін

Яноўскі, дайце ім драбіну.

 

Яноўскі

Добра.

 

Яноўскі, Лешчыц і Кацман выходзяць.

 

Рабінін

Надзеі мала... Эх, ваяка вы!

Праз вас!

 

Віскаваты

Яшчэ не позна. Генерал,

Прашу вас падтрымаць мяне.

 

Балуеў

А чым?

Калі ў цябе няма надзейных войск,

Дык у мяне тым болей іх няма.

Нядаўна ў штаб з’явіліся салдаты

І нада мной паставілі кантроль.

Я генерал без арміі.

 

Віскаваты

Няпраўда!

За намі пойдуць тысячы салдат.

Мяне на ўсім Заходнім фронце знаюць.

 

Уваходзіць Яноўскі.

 

Яноўскі

А ў Мінскім гарнізоне — ні адзін.

Пасланых намі зараз дэлегатаў

Арыштавалі нашыя ж салдаты.

Цягнік мінае Фаніпаль.

 

Рабінін

Ну, вось!

 

Яноўскі

Цяпер патрэбна цвёрдая рука,

І нават не Аўксенцьева, а Гоца.

 

Рабінін

Не! К чорту ваша згодніцтва з Саветам!

Дазвольце мне машыну, генерал!

 

Балуеў

Прашу вас, пан Рабінін, калі ласка.

 

Людміла

Куды, старая качарга? Назад!

 

Але пакуль Кучынская падбегла да дзвярэй, Хораш ужо быў на пероне.

 

Рабінін

Мы выскачым з Даўнарскім на раз’езд,

Развернем рэйкі, узарвём масты

І браняпоезд пусцім пад адкос.

 

З перона ўбягаюць Званская і Хораш.

 

Званская

Шалёны вырадак!

 

Рабінін

А, гэта вы?!

Пазнаеце мяне? Якая радасць

Напісана цяпер на вашым твары!

Прашу, не пакрыўдуйце толькі:

Я разлічуся з вамі да астачы!

За мной, дружынніцы! За мной, казакі!

Мы прыйдзем з перамогаю. За мной!

 

Усе, апрача Званскай і Хораша, выходзяць. Праз момант на вуліцы пачулася сірэна машыны, а яшчэ праз момант пачалася страляніна.

 

Званская

Павезлі смерць і вынішчэнне. Божа!

Няўжо ж цяпер усё?

 

Хораш

Не галасі.

Я наказаў праз хлопца Мяснікову.

Ён дасць ратунак нейкі, быць не можа!

Пастой... Паслухай вухам маладым:

Ці я не чую, ці стральба заціхла?

 

Званская

Заціхла.

 

Хораш

То-та ж што, а ты галосіш!

Шкада глядзець на вас, на далікатных.

 

Уваходзяць Мяснікоў і Ліпавец.

 

Мяснікоў

Ну, як, таварыш Ліпавец?

 

 

Ліпавец

Парадак.

Машына загадала доўга жыць.

 

Мяснікоў

А як там у Высокава?

 

Ліпавец

Няважна.

Казакі не здаюцца.

 

Мяснікоў

Гэта горш.

Ну, што ж, паклічце камандзіраў.

 

Ліпавец

Ёсць. (Выходзіць.)

 

Хораш

(да Званскай).

Вось бачыш, я ж казаў, паслаў хлапца.

 

Уваходзяць Мелех, Макарэвіч, Ліпавец і Варановіч.

 

Макарэвіч

З’явіліся на вашаму загаду.

 

Мяснікоў

Таварышы, казакі не здаюцца.

Каб забяспечыць цягніку пуці,

Заваяваць іх трэба сілай зброі.

Ты, Макарэвіч, з ротай зоймеш пляц,

Абараняючы вакзал з фасада.

Вы чуць правей, таварыш Мелех.

 

Мелех

Ясна.

 

Мяснікоў

А ты, таварыш Варановіч, злева.

Пайшлі, сябры.

 

Званская

Таварыш Мяснікоў,

Дазвольце мне таксама ўзяць вінтоўку.

 

Мяснікоў

Таварыш Мелех, выдаць Званскай зброю!

 

Усе, апрача Хораша, выходзяць за Мясніковым.

 

Хораш

А я ізноў адзін на ўвесь вакзал.

Ані званкоў табе, ані білетаў...

Чакай! Ці апарат, ці страляніна?

Не, апарат... І што ён там дзяўбе?

 

Накіроўваецца ў пакой дзяжурнага, але раптоўна блізкі стрэл перапыняе яго на паўдарозе.

 

Цьфу ты, каб ты аглух! Такі ж страляюць.

 

Рассыпаецца доўгая кулямётная чарга, і ўсё ізноў заціхае, толькі ўсё гэтак жа аднастайна стукае тэлеграфны апарат.

 

Хораш

Ну, вось і ўсё. А ён дзяўбе, як дзяцел.

А ну-тка гляну, што ты там друкуеш.

 

Ідзе ў пакой дзяжурнага і праз нейкі момант варочаецца з тэлеграфнай стужкай. Дастае акуляры, сядлае імі нос і чытае.

 

«Тэлеграфуем з першага раз’езда.

Бронецягнік ідзе на Мінск. Азорыч».

Пяць кіламетраў засталося. Чулі?

А ну-тка, дзядзька Хораш, дай званок.

Ды зазвані, як не званіў ніколі.

Ты абвяшчаеш людзям перамогу.

 

Выходзіць на перон. Зноў пачынаецца — і вельмі блізка — страляніна. У залу ўбягаюць Віскаваты і Яноўскі.

 

Віскаваты

Канец!.. Канец, Яноўскі, нашым марам!

Давай у горад, тут нам небяспечна.

 

На пероне чуецца часты і моцны званок. Адначасова з ім у залу ўрываюцца Цімчук, Макарэвіч, Мелех і інш.

 

Яноўскі

Я гаварыў, што Гоц і толькі Гоц...

 

Цімчук

Не пераскочыў — не кажы і гоц!

 

Віскаваты

Назад, Яноўскі! На перон! Сюды!

 

Кідаюцца да дзвярэй на перон, але адтуль у залу ўрываюцца Баравы, Макейчык і іншыя.

 

Баравы

А ну,здавайся, контра!

 

Віскаваты

Паміраю.

(Падае непрытомны ў крэсла.)

 

Баравы

Эх, і слабыя ж нервы ў небаракі.

 

Уваходзіць Мяснікоў.

 

Раззброіць іх і вывесці адгэтуль.

 

Убягае Званская.

 

Званская

Таварышы, бронецягнік!

 

У зале збіраюцца рабочыя, салдаты, жанчыны — усе, хто сваім словам і справай каваў перамогу. Людзі кідаюцца да акон і дзвярэй і шырока расчыняюць іх на перон. Увіты зелянінаю і чырвонымі палотнішчамі, цяжка грукаючы коламі, прыходзіць бронецягнік. Азорыч проста цераз акно кідаецца ў абдымкі Мяснікова, Званскай, Высокава — усіх, хто яму трапляецца. Салдаты і рабочыя абдымаюцца і цалуюцца. Высокаў паціскае руку Валошыну.

 

Высокаў

Вялікі дзякуй вам, вялікі дзякуй!

 

Мяснікоў

Таварышы рабочыя й салдаты!

Вы праявілі ў барацьбе за волю

Яшчэ небачаны ніколі гераізм,

І рэвалюцыя перамагла.

Ад гэтых дзён для вольнай Беларусі,

Як і для ўсёй Расіі, наступае

Вялікая эпоха камунізма.

Яе, на шчасце нам і пакаленням,

Адкрыла партыя бальшавікоў,

Вялікі сын і правадыр народа

Таварыш Ленін.

 

1946-1957 гг.


1946-1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Драматычныя творы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 334 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан