epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Трывожны сігнал

Замест лірычнай прадмовы
Лясы шумелі на трывогу
І ў ЧК пачалася нарада
У дарогу
У стане ворага
Трывожны сігнал
На новыя прасторы
Замест эпілога


 

 

Замест лірычнай прадмовы

Заместа лірычнай прадмовы,

Спавітай у ясны паяс,

Я выкажу простыя словы

Пра смутак у песнях у нас.

 

Размах будаўніцтва нязвыклы,

Напружная праца штодзень...

І трэба —

упарта і сціпла

Прымаць найвялікшы удзел!

 

І трэба —

аддана і смела

Тварыць рэвалюцый пасаг,

Каб сонца на ветразях белых

Данесці ў цвятлівісты сад.

 

А ты, мой

Нялюбы паэта,

Маўклівы ідзеш на папас;

Каханне дарэшты запета,

Зняслаўлена жальба і гас.

 

Ты прозай штодзённаю клічаш

Свае абавязкі,

І сум

Адценнем сухім на абліччы

Ад воч засланяе красу.

 

Туман прычыняе павекі,

Утомай збіваючы з ног.

Ты прагнеш рамантыкі нейкай,

Навеянай вёсламі сноў.

 

А ў кожнай пульсацыі сэрца,

У кожным размаху рукі —

Ты бачыў, паэт,

Як імкнецца

Жыццё разламаць берагі?!

 

Ты бачыў задумныя вочы,

Калі нечаканая гаць

Хаду прыпыняе рабочых, —

Ці выйшаў ты ім памагаць?!

 

Ты, дзесьці складаючы вершы

Пра радасць натруджаных рук,

Ні кроплі у радасць не верыш,

Не верыш у нашу зару.

 

І ведаеш,

Колькі жалобы

Радкі затаілі твае!

Ты песні і маршы угробіў

Пад холадам снежных завей.

 

А ў час,

Калі чорная скруха

Стаіць ля тваіх ля акон, —

Ты, ломячы белыя рукі,

Шукаеш рамантыкі дзён.

 

Спяваеш тады пра каханне

І цемру асенніх начэй,

І песні ў старым чамадане

Хаваеш ад нашых вачэй.

 

Тваё распраданае сэрца

Рамантыкай той не гарыць,

Як мускул ад працы ірвецца —

Імкнецца Камуну стварыць.

 

Не знае рамантыкі й іншай,

Калі забіваў брата брат,

Каб сонца з далёкіх узвышшаў

Данесці ў цвятлівісты сад.

 

Няшчасны!

Якая жалоба

У радасці прозы твае!

.................................................

Зямны паварочваю глобус —

Жыццё маладое ўстае.

 

І будуць у смутку наяўна

Рамантыкі нашае сны:

Было,

як гавораць,

нядаўна —

У час грамадзянскай вайны.

 

 

Лясы шумелі на трывогу

Лясы шумелі на трывогу,

І голас іх надрыўны быў.

У цёмнай засціле дарога

Штафіравала чорны пыл.

 

Ішлі на ўсход калоны войска,

Забраўшы радасці надзей:

Чуць золак —

Вораг прыйдзе ў вёску,

Бяду краіне прывядзе.

 

І нехта ў полі клікаў сына:

— Вярніся, сынку!..

Хто ж цяпер

Хаціны нашае краіны,

Хто ж абароніць без цябе?!

 

Але прайшло

І знікла войска,

І стала ціха навакол.

Ад сонца вузкая палоска,

Як стужка, ўпала над ракой.

 

Рака схіснулася ў даліне,

Зашалясцеў сухі аір.

Жалезны мост,

Як павуціна,

Павіс на ліштвах цераз вір.

 

Па мастаўі,

Як рысы-жылы,

Чыгунных рэек паясы

Пабеглі параю няўхільнай

Аж за азёры,

За лясы.

 

Лясы шумелі на трывогу:

— Куды ты, грозная ЧК?

Не едзь утоптанай дарогай —

На долю будзеш наракаць.

 

Тваіх галоў чакае вораг,

Падмогі марна ты не шлі:

Палкі чырвоныя за горы

Яшчэ уранку адышлі.

 

 

І ў ЧК пачалася нарада

Пазалотаю тонкай вакзал

Убірала

вячорнае сонца.

Цягнікі адышлі

і назад

Праз гадзіну вярнуліся зноўку.

 

Параходы прайшлі на Дзвіне

І прынеслі трывожныя чуткі:

За вярсту ад вакзала ці дзве

Аўладалі бандыты чыгункай.

 

Аўладалі мастом,

ля ракі

Перарэзалі ўсе пераходы:

На вакзале стаяць цягнікі,

На прыстанку стаяць параходы.

 

Нерваваліся людзі ў ЧК,

Гаварылі —

пакінуць трэ ветку.

Камісар загадаў пачакаць,

Покуль вернецца наша разведка.

 

Вартавалі дарог палатно

Ахінёныя зморай атрады.

Летні вечар прыйшоў пад акно,

І ў ЧК пачалася парада.

 

Ценявой павалокаю сад

Шалясцеў пад пустыняй палеткаў.

Задуменны сядзеў камісар,

Слухаў рапарт уважна разведкі.

 

Мігацелі у зацьме агні.

Рзалі коні трывожна і глуха.

Камісар данясенне спыніў,

Загадаў прапанову паслухаць.

 

— Мае таварышы!

Ніколі

Не ведаў страху наш атрад:

З любой засады —

вымчаць коні,

А ці наперад,

ці назад.

 

Не ў гэтым рэч.

За нашым войскам

Цягнік нядаўна вёз прыпас.

Пакуль апал насілі з вёскі —

Ён запыніўся тут на час.

 

І раптам банда захапіла

Чыгунку скрозь каля ракі,

Два параходы затапіла,

Назад вярнула цягнікі.

 

Няма калі нам траціць часу:

За намі вораг наш ідзе,

І трэба вывезці прыпасы

Ці па зямлі, ці па вадзе.

 

Вы,

камандзіры эскадронаў,

Як толькі сцішыцца агонь, —

Пагрузіце

прыпас

і коні

І самі сядзеце ў вагон.

 

А зараз клічце машыніста,

Няхай ён будзе лепш пры мне.

Калі зрыхтуеце ўсё чыста —

Прашу паведаміць мяне.

 

Адказ кароткі:

— Ёсць!

— Ідзіце! —

Махаў вялізманым пяром,

Качаўся,

слаўся

лёгкі вецер,

Каб чыста вымесці перон.

 

 

У дарогу

Калі сонца за мора пайшло,—

Вечар зоры сабраў на мітынг,

Месяц жоўты стаяў над сялом,

Быццам з золата тонкага літы.

 

Вартаваў ён людскі супакой,

Толькі дзе там яго увартуеш:

Гаманіў кулямёт за ракой,

Ахінёны туманнаю туляй.

 

І трывога павольна расла,

Як раслі чалавечыя цені, —

Гэта сум на палетках паслаў

Палахлівых вачэй шалясценне.

 

Бо спакойна мігалі агні,

Нагружалі вагоны чэкісты,

Уздыхаў на пероне цягнік,

Залатыя губляючы іскры.

 

А калі,

насупроць ціхіх дум,

Падалася каманда:

«Гатова!»,

Так,

як коні храпуць на бяду,

Разбіваюць

цяжкія падковы, —

 

Заірзаў,

пашчапаў супакой,

Аж звяры у лясах пашалелі,

І пайшоў ён павольнай ступой,

Выгінаючы гнуткае цела.

 

А пасля —

ўсё хутчэй

і хутчэй

Аж звінелі вагонныя шыбы,

Быццам чуў,

што вось гэтых людзей

Ён апошніх вязе на пагібель.

 

 

У стане ворага

Адчараваўся месяц ясны,

На змену выйшла мілавіца;

Упалі кос ружовых пасмы,

Як згібы тонкай бліскавіцы.

 

Яна звязала косы бантам

І стала, зорная, пад лесам:

Дзівілася на тую банду,

Што ў Беларусь прыйшла з Адэсы.

 

На мосце моцна спала варта,

А коні тупалі па полі;

Каля агню гулялі ў карты

На лёс,

на шчасце і на долю.

 

Якая смешная наіўнасць

Не знаць,

што долю сваю самі

Яны расстрэлілі нявіннай

Сваімі лютымі рукамі!

 

І дзень наступнага,

бясспрэчна,

Рыхтуе смерці падарунак:

Схіснуўся важка мост над рэчкай

І зазвінелі рэйкі-струны.

 

— Трывога! —

выпрастаўся голас,

Заекатаў далёка ў лесе:

— Калі не свой —

паўсотні голаў

На соснах шыбельных павесіць.

 

Вы чуеце —

падземны рокат,

Бяда бяду

нясе атраду:

Цягнік ідзе,

і недалёка,

Якую льга прыдумаць раду?

 

Раскідаць рэек мы не ўхопім —

Сігнал трывожны запаліце,

Заляжце поблізу ў акопы —

Цягнік павінен супыніцца.

 

І вось

у змроку прадсвітальным

На стромкім насыпу-адхоне,

Як водбліск месяца аддальны,

Замігацеў агонь чырвоны.

 

 

Трывожны сігнал

Быццам віхар з вятрамі,

імчыцца цягнік,

Толькі рэйкі звіняць,

толькі рэйкі гудуць:

Праязджае шпарчэй

і шпарчэй машыніст

За вярстою —

вярсту,

За вярстою —

вярсту...

 

Адшумелі лясы,

прамінулі палі...

«Як жа мост прамінуць,

пераехаць раку?»

І трывога расце —

гэта скруха зямлі,

І ЧК -

начыку,

І ЧК -

начыку.

 

— Хто там смелы такі,

каб цягнік тарнаваць?!

Не спыняй цягніка,

не спыняй, машыніст,

Бо за здраду

з плячэй паляціць галава! —

А цягнік — павальней,

прыпыніўся цягнік.

 

І, як шэлест лясны,

Пракаціўся прытоены рокат:

— Гэта ён...

— Гэта ён нас прывёз на пагібель!

— Перарэзаны шлях...

— Семафорам закрыта дарога... —

Хтосьці плакаў,

і слёзы звінелі па шыбах.

 

І расла навальніца

нянавісці дзікай і злосці.

Нехта крыкнуў тады:

— Расстраляць камісара... —

І з вагона ў вагон,

як дэпеша па радыё РОСТа,

Абляцела чэкістаў усіх

тэлеграма.

 

Знерваванай хадою

прыйшоў камісар,

Быццам сэрца пачула

трывожныя весткі;

Ён халодным дакорам

шкляных акуляр

Паглядзеў на сцяне

на кавалкі абвесткі.

 

А пасля —

глянуў ветла

на чорных людзей,

Загадаў праз хвіліну

знайсці машыніста.

І пятнаццаць чэкістаў —

Пайшло да дзвярэй,

А паўсотні —

маўчала чэкістаў.

 

— Што ж, сябры!

Расстраляйце мяце,

Знаю вашы намеры ліхія...

З нас ніводнага смерць не міне —

Дываном сваім белым накрые.

 

Перарэзала банда наш шлях —

Семафор у трывожным сігнале.

Покуль змрокам спавіта зямля,

Нас не будзе трывожыць навала.

 

А калі загарыцца зара,

Калі сонца на пасеку выйдзе —

Прыйдзе вораг жыццё забіраць,

Насміхацца над намі ён прыйдзе.

 

Адабраўшы усё:

і душу,

І надзею на шчасце краіны, —

Павядзе пад насмешлівы шум

І павесіць на першай асіне.

 

Выйдзе маці каторага зваць,

Анямеюць ад крыку палеткі.

Будзе доўга з надзеяй чакаць

Суцяшальнай і радаснай весткі.

 

А калі вецер весткі прымчыць,

Яны сэрца матуліна вымуць, —

Пойдзе зноў жабраваць,

Клянучы,

Што сыны аддаліся жывымі.

 

Што ж, сябры,

Расстраляйце мяне,

Толькі ворагу я не аддамся:

Усё роўна нас смерць не міне —

Без яго лепей згінуць, прынамсі...

 

Ані слова адказу

не чуў камісар —

Затаілі глыбока

трывогу чэкісты,

Толькі нехта нясмела

ў цішы адказаў,

Што яны не знайшлі

анідзе машыніста.

 

Спахмурнела тады

ў камісара чало:

«Без яго можа будзе...

загінуць лягчэй...»

І паўсотні бялявых

і русых галоў

 

Закрычала маўклівым

шаленствам вачэй.

Бліскавіцай прабегла

халодная дрож,

Камісар затаіў

гэты боль галавы,

Павярнуўся і выйшаў:

— А ну, паравоз! —

І пагладзіў ласкава

рукой паравік.

 

Уздыхнуў,

застагнаў

і няроўнай ступой

Зварухнуўся цягнік

і павольна пайшоў.

Узрастала трывога

і рос неспакой,

Нечы сутаржны твар

скамянеў і пажоўк.

 

Бо здавалася —

зараз, як толькі на мост,

Зварухнецца зямля,

як пад бураю сад,

Сіметрычнасць сусвету

ахопіць хаос

І загіне навекі

жыццё і краса.

 

А цягнік ўсё ішоў...

І трывожны сігнал,

І масты,

і засады

мінуў ён даўно.

За вярстою

вярсту

Камісар яго гнаў,

Не шкадуючы цвёрдых,

жалезістых ног.

 

 

На новыя прасторы

Мінула ноч, і сонца ўстала,

На ясны выйшла небакрай,

Пялёсткаў скрозь парассыпала

Няхай над ветрамі гараць.

 

А ветры лёгкія здалёку

Насустрач беглі цягніку,

Віталі ветлы яго лёскат

І пошчак неслі за раку.

 

Яны разносілі трывогу

І скруху сэрцаў маладых,

Віталі нашу перамогу,

У песнях славілі уздым.

 

Цягнік імчаўся

далей,

далей —

Бліжэй да сонечнай красы,

І рассцілаліся па шпалах

Чыгунных рэек паясы.

 

Яны вялі да новых боек,

Да новых такжа перамог,

Каб сілы нашыя удвоіць,

Каб пралетарый перамог.

 

Вялі на новыя прасторы,

Каб такжа іх адваяваць

І запаліць над імі зоры

Камуны светлай хараства.

 

 

Замест эпілога

Пайшлі ў далёкае выгнанне,

Як на вадзе ідуць кругі,

І дні вялікага змагання,

І ночы цёмныя тугі.

 

На небе расцвітае яснасць,

Як пацалунак маладой.

Мае сябры,

Якое шчасце

Прайсці жывому над вадой!

 

Мінуць трывожныя сігналы,

Павахтаваныя масты,

Дзе ў старасвецкіх прычындалах

Стаяць варожыя пасты.

 

У шатах новага пакрою,

Прыкрыўшы рыцарскі саян,

Пяром вялізманым узброен

Галоўны іхні атаман.

 

А навакол яго —

штукмайстры,

Як слугі верныя яго,

Вянкамі руж і белых астраў

Прыгожаць меднае чало.

 

Як дзень, так ноч —

нямыя суткі

(Нямала часу так прайшло),

Адценні радасці і смутку

І не кранаюць медны лоб.

 

Рукой халоднай

безупынку

Ён ставіць творчасці пячаць:

За радасць нашую —

адзінку,

За сум варожы —

цэлых пяць.

 

Мае сябры,

Якое шчасце!

Мінаем варту,

край зямлі...

І хвалі шоўкавыя лашчаць

Пяшчотнай ласкай караблі.

 

Гараць трывожныя сігналы,

І вораг вабіць на спачын,

А караблі —

ўсё далей,

далей

Плывуць па сонца ўдалячынь.

 

Нішто не зверне іх з дарогі:

Ні навальніца, ні скавыш,

Ні мора грозны тайны рокат,

Ні смерць адважных стырнавых

 

І ні варожыя сігналы,

З агнямі злосці і маны,

Што караблі іх абагналі,

Што ўзадзе кінуты яны.

 

Мае сябры,

Надзея цвеліць,

Што не рассыплецца краса —

Яна дажджом

пялёсткаў белых

Аквеціць новы зорны сад.

 

А не ўтаймуем буры словам,

Не будзем ныць і наракаць,

Мы сонца цвет і пурпуровасць

На цвёрдых вынесем руках.

 

1929 г.


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан