epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

У дарогу

І
II
ІІІ
IV
V


 

 

І

 

З усходу на захад —

азёры,

лясы,

Палеткі,

балоты, аблогі.

І ворагі топчуць

каралі красы,

Як людзі пясок па дарогах.

З палеткаў зрабілі

для гульбішчаў пляц

(Не чуюць

ні скарг,

ні дакораў),

І носіцца ціхі

надломаны плач,

І хвалі шумяць на азёрах.

Пракоцяцца хвалі

І слёзы збяруць,

Нясуць

аж у мора рыданні.

Заходняя частка,

мая Беларусь,

Ці здзейсніш калі парыванні?

Ці збудуцца мары,

жаданні людзей,

Твае,

дарагая,

таксама?

І чую ў адказ:

— Набліжаецца дзень,

Паўстанем,

адважна паўстанем!

Нядарам у пушчах

калышацца звон

Навостранай помстаю сталі:

На гранях мінулых

і будучых дзён

Паўстанем змагацца,

паўстанем!

Навала узрушыць

блакітную гладзь,

Прамчыцца са скогатам каня,

І стане той скогат —

адчаянны плач —

Апошнім народным рыданнем.

Ніякая сіла

не спыніць размах, —

Агні разгарацца,

засвецяць,

І стане пад сцягам

краіна мая

Адной Беларуссю Савецкай.

Не ўчуеш

ні скаргі,

ні плачу тады,

Крыламі атуліць вясёласць.

А зараз —

трывожна шумяць

гарады,

Гамоняць узрушана сёлы.

Праз гэту

трывожнасць,

надзею,

адчай

Я чую над краем рыданні:

Выходзіць сын долю

ці смерць сустрачаць,

І маці чытае літанні.

А месяц пахмуры

ў далёкай цішы

Праходзіць памалу над лесам,

З халодным спакоем

халоднай душы

Глядзіць на «усходнія крэсы».

 

 

II

Старэнькія хаты,

гнілыя хлявы

Пасталі абапал дарогі.

На вуліцах

дробны пясочак і жвір —

Убор небагаты і строгі.

Галоўная вуліца роўна ідзе —

Парадак парушыць баіцца.

У цэнтры пышліва раскінулі цень

Не гмахі,

а ўсё ж камяніцы.

 

Яны,

як вянком,

абкружылі бульвар,

Празваны Вялікаю плошчай;

А поруч з дамамі —

старая царква

І крамы навокала з дошчак.

 

Над вуліцай звесілі голле дубы,

Купчастыя клёны і вязы,

А елкі да неба паднялі чубы...

Мястэчка завуць гэта Вязынь.

 

За некалькі крокаў ад места ў аддаль

Віецца істужкаю рэчка;

Свіціцца вада,

як зялёны паркаль;

На беразе —

лозы,

парэчкі.

 

Пад ценем свайго

лапушнога галля

Каліны сцюдзёнасць схавалі.

Разносяць па свеце назову «Вілля»

Рачныя

шумлівыя хвалі.

 

Жыве разнастайны ў мястэчку народ:

Рамеснікі,

цеслі,

сяляне;

Ёсць тут і не просты,

а «выбраны» род —

Суддзя,

паліцэйскія,

пані.

 

Да гэтага

старасту трэба дадаць,

Начальніка Вязынскай гміны,

Ён — самая важная тут галава

На шыі спрацованай, сіняй.

 

Сялян так

не злічыш на пальцах усіх —

Іх тысячы тут занядбаных:

Старэнькія хаты

ў завулках крывых —

Не месца для «яснага пана».

 

Вунь вецер на стрэхах салому разнёс,

Збіраюць па каліву ў жменю.

Дзе дуб малады вершаліну узнёс —

Жыве селянін Асташэня.

 

 

ІІІ

На ўсю акалічнасць вядомы Рыгор,

Блукаў ён па свеце багата,

Разбураны ўшчэнт Асташэневых двор,

Каламі падпёртая хата.

 

Палоска зямелькі —

два крокі ўшыркі,

Сажон каля тысячы лугу.

У Вязыне ўсе так жывуць беднякі,

Святым,

як гаворыцца,

духам.

 

А горай за ўсіх —

Асташэня Рыгор:

Няма ад сям’і дапамогі, —

Ад рання да ночы,

ад сонца да зор

Спачынку не ведаюць ногі.

 

І толькі на сына надзея адна:

«Вучыў нездарма,

дапаможа...»

І маці старая ў малітвах штодня

Аб сынавай долі варожыць.

 

Яна на працягу

шматлікіх начэй

Выходзіць за вёску паволі

І, слёзы раняючы

з хворых вачэй,

Сыноў сваіх кліча у полі:

 

— Сыночкі-саколы,

лятаеце дзе? —

І вецер нясе ёй адказы:

«Загінуў старэйшы даўно ў барацьбе,

Даўно,

што не помніць і Вязынь.

 

Другога...

Забілі

нядаўна зусім,

Шчэ крыж не дагніў на магіле;

Ніхто,

толькі я

над труной галасіў...

Адважна паўстанцам загінуў.

 

А трэці,

пранізаны куляй наскрозь,

Дагас у турме на Лукішках.

Я гэтаму такжа

узвеяў на скронь

Пяску жвіраватага крышку.

 

Чацвёрты і пяты —

жывыя сыны...

Іх лепшая доля чакае:

Хоць можа і згінуць —

запаляць агні

Над гэтым зняволеным краем».

 

І маці вачыма

шукае маяк,

Што будзе праменіць над полем.

Матуля,

адвечная скруха твая

Загіне калі

ці ніколі?

 

 

IV

Восень.

Ноч.

Завываюць вятры.

Пагасіла агні свае Вязынь.

Аканіцамі вецер

трывожна рыпіць.

«Нехта стукнуў,

здаецца,

два разы».

 

Устрывожана маці

бяжыць да дзвярэй...

Цішыня...

Толькі вецер скуголіць.

«Дзе ж

Уладзік?

Сыночак мой дзе?

На дварэ гэтак цёмна сягоння».

 

І маркотна,

і дымна

лучына гарыць,

Шалясцяць палахлівыя цені,

На палатках не спіць

Асташэня стары,

Аглядае задумліва сцены.

 

Мары ткуць залаты

і дзівосны дасэнь,

Развіваючы пасмы з навою:

«Новы дом,

а над ім

каміны на страсе

Дуб зялёнай накрыў галавою».

 

Маці возьме

паправіць

самотны агонь,

Зложыць рукі ізноў на каленях

І нахіліцца нізка,

заплача чагось

І застыне ізноў задуменна.

 

Думы такжа снуюцца,

складаюць дасэнь,

Толькі іншыя фарбы узораў:

Паўстае маладосць

у атрутнай красе,

Паўстае невыказнае гора.

 

І сціскаецца болем надрыўным душа,

Узрастае за сына трывога...

А на ганку знаёмая чутна хада,

Маці бегма бяжыць да парога.

 

— Ты?..

Уладзік?

Сыночак!..

Прыйшоў... —

І павісла на шыі у сына.

— Есці даць?

Ды не ведаю што —

Толькі хлеб на вячэру з мякінай.

 

Сын ласкава цалуе

маршчыністы лоб

І садзіцца ў знямозе на лаву.

Уздыхае стары:

— Эх!

Усё адышло,

Не паможа ніхто,

не паправіць!

 

— Слухай, тата,

пакінь бедаваць,

Не папраўлю табе я намнога.

Трэба волю здабыць —

і тады будаваць...

Заўтра я

адыходжу ў дарогу...

 

 

V

— Эх,

сынок мой,

сынок!

Гадаваў я цябе,

Ускладаў гэтак многа надзеі!

І стараўся вучыць...

А цяпер...

Што цяпер?

Паміраюць і гаснуць надзеі.

Хіба згінула мала

такіх вось,

як ты,

А ці далі якую палёгку?

Вось і ты,

дарагі,

прападзеш маладым,

А бацькам гэта —

цяжка,

нялёгка...

Навучыўся —

і добра,

пасаду бяры,

 

Можа й нам дапаможаш капейкай:

Хата ледзьве ліпіць,

хлеў таксама стары,

А ты ўбіўся ў гэту ячэйку!..

 

— Слухай, родны,

вінуй,

калі я вінават,

Ці ж не бачу,

жывём як багата?

Калі будзе няволя

у нас панаваць,

Дык разваліцца й гэтая хата.

 

Ты сягоння карову,

каня нажывеш,

Заўтра ўсё прададуць за падаткі.

Любы,

родны мой,

сыну павер —

Не бывае канца без пачатку.

 

Не на смерць жа іду я,

а толькі на сход —

Падлічыць нашы сілы і страты.

Дык чаго сумаваць,

дык журыцца чаго?

Неўзабаве вярнуся дахаты.

 

Бацька голаў пакорна схіліў

і заціх,

Маці нішкам слязу выцірала,

Брат маленькі Алесь

паглядаў на усіх,

Урачыстасць цішы панавала.

 

- Ну,

бывайце здаровы,

пара мне,

пайду... —

Маці сына за шыю ўхапіла...

Бразгатаў у акно

сваім голлейкам дуб,

Маладыя прабуючы сілы.

 

Хлопец торбачку ўзяў

і ступіў за парог,

Маці крыж тры разы палажыла,

Прашаптала ўздагон:

— Будзь, сыночак, здароў! —

І прыпала вачыма да шыбы...

Сын ідзе па двары,

вось ён выйшаў з двара,

Бацька ўжо зачыняе вароты.

Маці доўга глядзіць,

заклапочаны твар

Агартае

і сум

і самота.

1928 г.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан