epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

У падарожжы

 

...А на вакзале гоман не змаўкае,

Не гаснуць там ніколі ліхтары:

Ад раніцы і да вячэрняе зары

Няспынна коціцца за цягніком цягнік,

Мігаюць сінія, чырвоныя агні.

 

Народу шмат мяняецца ў вагонах:

Адны прыехалі, другія ад’язджаюць,

І думы, іхнія далёка дзесь лунаюць,

А ў іх вачах люструецца паспешнасць,

І сумна ім, і весела, і смешна.

 

Адны ва ўсіх жаданні й летуценні:

Імкнуцца ўдаль, бяскрайнасць дасягнуць,

Дык вось таму яны й спяшаюцца ў пуць...

Імчыцца ўдаль за цягніком цягнік,

Мігаюць сінія, чырвоныя-агні.

 

* * *

Каля касы чарга...

Далі двойчы званок:

— Негарэлае!.. Стоўбцы!.. Варшава!..

Я заходжу ў купэ і гляджу праз акно

На перон, бурапенны, як лава.

 

Паравік даў гудок.

Страпянуўся цягнік.

Скалыхнуліся важка вагоны

І удаль паплылі.

Замігалі агні

Ўсё хутчэй

І хутчэй —

Не дагоніш!

 

* * *

За вярстою —

вярста,

за вярстою —

вярста...

А цягнік ўсё ідзе,

А цягнік не прыстаў.

За далінай —

гара,

за гарою —

аблог...

А цягнік не прыстаў,

Гэта дым толькі злёг.

За слупамі —

слупы,

за пасёлкам —

сяло...

Успаміны плывуць,

Агартаюць чало.

Беларусь! Беларусь!

(А палеткі бягуць...)

Колькі новыя дні

Табе шчасця нясуць?!

Мы да мэты ідзём,

Цягніку — не прыстаць:

За вярстою —

вярста,

за вярстою —

вярста...

 

* * *

Бачу, край мой савецкі,

Мая Беларусь,

Будаўніцтва тваё, будаўніцтва!

Вось і новы вакзал.

Паравік уздыхнуў,

Прыпыняецца злёгку,

Спыніўся.

 

Я выходжу з купэ, паглядаю вакол,

А вакзал гэты нейкі адменны,

Хоць і тут, як і скрозь, каля хат частакол,

Хоць і тут дзеравяныя сцены.

 

Але новы перон і будынак адзін

Шмат аб чым маім думкам гавораць:

Руйнаванне было,— хай не знаць тых гадзін,

Хай не знаць нам мінулага гора.

 

Чуе сэрца маё, думкі знаюць, што там.

Кіламетраў за сем ад вакзала,

Дзе слупы і мяжы пагранічнае шрам,

Там і сёння не збудуцца жалю.

 

Віснуць стогны і енк, разліваецца плач

Над краінай забранай, закутай;

Беларускіх сыноў распінае палач,

Сыноў лепшых вядуць на пакуты.

 

Цісне смутак душу, у абдымках тугі

Узрастае напорнасць і сіла.

Адыходзіць цягнік; ён ідзе аж туды,

За мяжу, дзе крыжы і магілы.

 

— Дружа любы, чакай! Я хачу перадаць

Прывітанне ад вольнай краіны:

Мы сягоння ідзём Вызваленне спраўляць —

Не загінулі мы, не загінем!

 

Прыспяшае хаду — не спыніўся цягнік,

Я гукаю тады наўздагонку:

— Закрычы на ўвесь свет, хай жалезны твой крык

Да змагання абудзіць старонку.

 

Закрычы-загукай ва ўсе свету канцы,

Хай дрыжыць вораг люты трывожна:

Над краінай вітаюць прадвесня ганцы,

Дык не спынімся мы ў падарожжы!

 

* * *

Цягніка не відаць, у далёкасці знік,

Толькі рэйкі уздрыгваюць глуха.

На пероне стаю, галавою панік,

Потым долу прыкладваю вуха.

 

І вось чую, як быццам бы стогне зямля,

Крык жалезны далёка пачуўся:

— Пралетарый, злучайся! Надходзіць вясна,

Вызваленне нясе Беларусі.

 

1928 г.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 1. Вершы, балады і паэмы /[Аўт. прадм. А. Вялюгін].— Мн.: Маст. літ., 1984.— 319 с. 1 л. партр.4 л. іл.
Крыніца: скан