epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Васілеўскі

Твой заўтрашні дзень

Частка першая
Частка другая


П'еса ў дзвюх частках

 

Дзеючыя асобы:
Касценя
Гваздзёў
Максім
Лена
Валодзя
Iрына
Каця
Садовіч
Штаўбе
Лізэр
Савецкія людзі у розныя гады,
партызаны, іспанскія танцоркі,
немцы, нямецкія паслугачы...

 

Частка першая

 

Быць чалавекам — значыць адчуваць сваю адказнасць...

Сент-Экзюперы

 

Кватэра Садовіча. З густам падабраная сучасная мэбля, на сценах — афорты ў простых рамках. На ўсім ляжыць адбітак наладжанага дабрабыту і парадку. Уваходзіць Садовіч.

Садовіч. Заходзь, заходзь, дарагі госць! (Крычыць.) Каця! Ты ў хаце? Паглядзі, хто да нас... Ну, чаго ты стаў на парозе?

Касценя (уваходзіць). Твой парог не так проста пераступіць...

Садовіч. Пакінь!

Уваходзіць Каця.

Каця, ці пазнаеш ты гэтага валацугу?

Касценя і Каця, быццам заварожаныя, стаяць адзін перад адным.

Каця. Алёшка...

Касценя. Ён самы. А я думаў, ты ўжо зусім бабулька... А ты вунь якая!

Каця. Ты таксама не вельмі змяніўся. Крыху толькі скроні марозам прыхапіла...

Касценя. Гэта пасля Іспаніі. Прыхапіла, ды так і засталося...

Каця. Пасля Іспаніі я не паспела цябе разглядзець...

Садовіч. Успаміны потым, Каця! Цягні на стол усё, што ёсць у хаце... Такі госць! (Падыходзіць да серванта.) Ну, вось! Калі трэба — суха, як у Сахары... Каця, была ж бутэлька армянскага...

Каця. Мабыць, Ірына з Валодзькам...

Садовіч. (да Касцені). Чуў?! Дачка п’е бацькаў каньяк, і хоць бы хны! Ну і моладзь пайшла!

Каця. Нічога не зробіш — жаніх! А сучаснага жаніха інакш не ўтрымаеш...

Садовіч. Ох, не дай бог у наш век быць бацькам дарослай дачкі!

Касценя. У вас дачка... нявеста?

Каця. Ляціць час, Алёшка!

Садовіч. Ну, добра... Пакуль гаспадыня тое-сёе збярэ на стол, я збегаю. (Выходзіць.)

Паўза.

Каця. (ківае на пусты рукаў). Дзе руку згубіў?

Касценя. У гестапа пакінуў.

Каця. Добра — жывы застаўся...

Касценя. Застаўся...

Паўза.

Каця. Я ведаю, ты ніколі не даруеш мне. Гэта тваё права...

Касценя. Не трэба аб гэтым. Што пражыта — тое не вернем!

Каця. Але скажы: у чым мая віна? Скажы!

Касценя.Табе зараз добра?

Каця. Як бачыш...

Касценя. Калі добра — навошта шукаць апраўдання?

Каця. Значыць, не дараваў...

Касценя. Якое гэта мае значэнне цяпер?

Каця. Ды ніякага! (Выцірае хусцінкай лоб.) Ну і лета! Паліць і паліць... Прама Афрыка.

Касценя. У мяне ўраджай гарыць...

Каця. Які ўраджай? Дарэчы, дзе ты зараз працуеш? Пасля вайны пра цябе ні слыху ні дыху... Быццам у ваду сігануў.

Касценя. Працую старшынёй калгаса.

Каця. (здзіўлена). Звычайным старшынёй калгаса?

Касценя. Ну, не зусім звычайным — лепшым. Лепшым старшынёй лепшага калгаса ў раёне.

Каця. Разумею... Табе да гэтага часу не могуць дараваць...

Касценя (рэзка). У калгас я паехаў добраахвотна. Быў ужо на пенсіі, неяк апынуўся ў тых краях на рыбалцы, ды і застаўся...

Паўза.

Каця. А жывеш адзін?

Касценя. Адзін,

Каця. З таго часу... адзін?!

Касценя. Так атрымалася...

Каця. А як сустрэўся з Садовічам?

Касценя. Выпадкова. Прыехаў у трэст клянчыць будаўнічыя матэрыялы. Гляджу — Мікола! Начальнік трэста...

Каця. Ён быў намеснікам міністра... Ці ты не ведаў, што мы жывём у Мінску? Яшчэ пасля вайны...

Касценя. Ведаў.

Каця. І ні разу не пацікавіўся?

Касценя. Навошта.

Паўза.

Каця. Прабач... Пайду закусь рыхтаваць.

 

Каця выходзіць. Праз некаторы час уваходзіць Садовіч. Нясе да стала «авоську», у якой поўна бутэлек, ставіць бутэлькі на стол.

 

Садовіч. Да прылаўка, вядома, не падступіцца! Алёшка! Усё ж растлумач, як гэта ты старшынёй калгаса зрабіўся?

Касценя . Я ж не пытаю, як ты начальнікам трэста зрабіўся.

Садовіч. (смяецца). Параўнаў! Але скажы па шчырасці, ці меркаваў, калі ўваходзіў у кабінет, сустрэць мяне?

Касценя. Не. Думаў аднафамільцы...

Садовіч. Калі б аднафамілец — не відаць табе матэрыялаў, як сваіх вушэй!

Касценя. Вось гэта і кепска.

Садовіч. Нічога, голуб ты мой, не зробіш! Шмат будуем.

Касценя. Будуем то шмат. Ды вось кепска, што не заўсёды з розумам...

Садовіч. Ёсць, ёсць! Але лес сякуць — трэскі ляцяць.

Касценя. Задужа ў нас гэтых трэсак ляціць...

Садовіч. Ну, ты заўсёды быў крытычна настроены чалавек. Бачу, такім і застаўся. Значыцца, ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! А то некаторыя саплякі ў вузкіх штоніках нас, старую гвардыю, ужо на звалку гісторыі валакуць! Далі, разумееш, волю, вось і цяўкаюць. А некаторыя шустрыя дык і за жывое цаляюць ухапіць! Распусцілі, распесцілі...

Касценя. Самі вы тут і вінаватыя. Напладзілі дармаедаў, а цяпер справіцца з імі не можаце. Вунь ці амаль не на кожным другім доме шыльда. А пад кожнай шыльдай цэлая плойма абібокаў!

Касценя. Расце гаспадарка, расце і ўпраўленчы апарат. Кіраваць жа трэба. Самацёкам справа не пойдзе. Вядзём, канечне, барацьбу. Узбуйняем, ушчыльняем, скарачаем...

Касценя. А потым зноў раздзяляем, павялічваем, пераліваем з пустога ў парожняе...

Садовіч. Займаемся і гэтым. Толькі ўсё гэта дробязі, не галоўнае. Галоўнае — будуем! Бачыў, які горад-прыгажун,— на папялішчах ды пустэчах узнялі!

Касценя. За горад дзякуй, а за...

Садовіч. Так, так! Мо чаго і не даглядзелі, не дарабілі і нават вінаватыя ў нечым... І ўсё ж! За такі горад павінны нашчадкі вялікае дзякуй сказаць. Бо яны павінны разумець, як нам было цяжка. А мы не здаваліся, ішлі наперад! Нават аглянуцца на зробленае не заўсёды быў час... Ці не так?

Касценя. Так. Толькі нашчадкам нашым на ўсе гэтыя сантыменты...

Садовіч. Не, не! Не маюць яны права быць такімі няўдзячнымі!

 

Уваходзіць Каця. Нясе паднос, ставіць на стол. Садовіч дапамагае ёй. Каця жэстам запрашае да стала.

 

Касценя (працягваеруку). Трэба было б...

Каця. У канцы калідора.

Касценя выходзіць.

Навошта ты яго прывёў?

Садовіч (збянтэжаны). Ну, не мог жа я...

Каця. Каб ты ведаў, як мне зараз цяжка! Каб ты толькі ведаў!

Садовіч. Прабач... Я ж думаў, усё перабалела...

Каця. Я таксама думала... І лічыла, што яго ў жывых даўно няма...

Садовіч. Такія людзі вельмі жывучыя... (Праз акно чуваць пад’ехаўшую машыну. Садовіч выглянуў.) Ірынка прыехала. З ёй Валодзя.

Каця. Як недарэчна!

 

Уваходзяць Ірына і Валодзя. Прыемна ўражаныя глядзяць на стол.

 

Iрына. Валодзька! Глянь, як нас сустракаюць...

Валодзя. А гэта, мабыць, шэф хоча мяне задобрыць. Але нічога не выйдзе! Пакуль не будзе поўны ажур — акт здачы не падпішу. Хоць рэжце мяне на кускі і ешце мяне з маслам, як кажа Райкін.

Садовіч. Вось упартая галава! Што рабочы клас скажа?

Валодзя. Рабочы клас скажа «дзякуй».

Садовіч. Той, што паселіцца ў тваіх дамах. А той, што гэтыя дамы будуе? Што скажа наш славуты маяк Клыкаў?

Валодзя. Ужо прыходзіў скардзіцца?

Садовіч. Яшчэ не прыходзіў, але прыйдзе. Я яго ведаю. Чалавек прывык атрымліваць прэміі рэгулярна, без затрымкі...

Валодзя. Прывучылі! А вось мне здаецца, што гэты славуты маяк яшчэ свеціць, але ўжо даўно не грэе...

Садовіч. А маякі і павінны свяціць, шлях наперад паказваць...

Уваходзіць Касценя. Глядзіць на Ірыну.

Каця. Знаёмся, дачушка... Наш стары знаёмы...

Касценя (працягвае руку). Касценя... Аляксей Пятровіч. (Падыходзіць да Валодзі.) А вас я бачыў у трэсце...

Валодзя (паціскае руку). Верас. Завуць — Валодзькам. (Іда Садовіча.) А вашага Клыкава я ўсё роўна выведу на чыстую ваду!

Садовіч. Ён такі мой, як і твой... Заўсёды слова трымае, план дае ў два-тры разы — больш ад яго нічога і не патрабуецца.

Валодзя. Дае! Як дае? Нацягвалі, прымалі з недаробкамі... Абы ў час адрапартаваць! Галоўнае — рапарт!

Садовіч. А зараз, думаеш, не галоўнае? І разумнае планаванне, і эканамічнае стымуляванне — усё гэта так! Але ж рапарт як быў рапартам, так і застаецца рапартам...

Ірына. Ну, хопіць вам! Не нагаварыліся ў сваім бюракратычным дэпартаменце...

Садовіч. Бачыш, Алёшка, як нас атэстуюць нашчадкі?

Каця. Сядайце, сядайце!

Усе сядаюць за стол. Каця і Ірына затрымаліся каля серванта.

Ірына. Я здагадалася, мама... Гэта твой першы муж.

Каця. І што ты скажаш?

Ірына. Скажу, што ты правільна зрабіла...

Каця (хуценька аглянулася). Цішэй... (Уздыхнула.) Ты яго не ведаеш...

Iрына. І ні капелькі не шкадую. Я не хацела б, каб гэты вахлак быў маім бацькам...

Каця. Ты не бачыла яго маладым...

Садовіч. Гаспадыні! Што ж вы? За стол пасадзілі...

Каця. Ідзём, ідзём!

Садовіч. Першая чарка за такую неспадзяваную сустрэчу...

 

Усе чокаюцца з Касценем, п’юць, закусваюць.

 

Каця (да Валодзі). Нешта вялы ты сёння. Мо не смачна?

Валодзя. Што вы, што вы, Кацярына Іванаўна! У вас заўсёды ўсё смачнае...

Садовіч. Хвалі, хвалі будучую цешчу...

Iрына. Ну вось, у яго апетыт зусім прапаў...

Садовіч. Гэта я яму апетыт псую... Але, малады ты мой паплечнік! Трэба вучыцца глядзець на справы рэальна. Трэба разумець вельмі простыя ісціны: мы з табой будаўнікі, а будаўнікі заўсёды працуюць на будучае. Таму ніхто нам не даруе, калі мы будзем займацца мышынай вазнёй вакол кожнага пускавога аб’екта замест таго, каб здаваць іх своечасова...

Ірына. Ой, як нудна! (Да Касцені.) Давайце з вамі вып’ем за маю маму...

Касценя. За вашу маму вып’ю! Валодзя. Я з вамі згодны! Так, мы працуем на будучае. Вось таму я і не хачу, каб людзі, якія будуць жыць у маіх дамах, клялі мяне на чым свет стаіць. Не хачу, каб, не паспеўшы абжыць новую кватэру, пачыналі скардзіцца...

Садовіч. А цяпер усе скардзяцца! Мода пайшла такая. Хлебам не кармі — дай паскардзіцца. Неспакойны народ пайшоў!

Валодзя. А вы на вечны спакой разлічвалі? Скончыліся гэтыя біблейскія часы! Ці ж вы не прыкмецілі?

Садовіч (да Касцені). Бач, як насядаюць нашчадкі? За дурняў нас лічуць... Ты што думаеш, мяне не турбуюць гэтыя вечныя недаробкі-пераробкі? Яшчэ як турбуюць! А што рабіць? Што? Калі з усіх бакоў ціснуць: гані метраж, давай кватэры працоўным, і баста. Вось і даю. І зараз гэта галоўнае. А ты ўскладняеш усё па маладосці...

Валодзя. А можа, вы спрошчваеце па старасці? Але як бы яно ні было, а камунізм трэба будаваць чыстымі рукамі. Ці не так?

Касценя. Так! Так!

Паўза.

Садовіч. Ну, вось што... Давайце перакулім яшчэ па адной ды выйдзем на балкон перакурыць...

Каця. Але... Вам трэба, мілыя мае, крыху ахаладзіцца...

 

Так і зрабілі. Каця і Ірына засталіся адны. Ірына падышла да фартэпіяна, кранула клавіш. Басовы гук паплыў па пакоі...

 

Каця. Паставіць каву ці абыдуцца... (Падышла да Ірыны.) Што гэта з Валодзем?

Iрына. Як што?

Каця. Навошта ён так груба з бацькам? Няўжо ён такі... празмерна прынцыповы?

Iрына. А гэта кепска?

Каця. Як табе сказаць, дачушка... У жыцці такая прынцыповасць заўжды шкодзіць. Праўда, бываюць такія хітрыя, што...

Ірына. Не, ён не хітры... Ён такі! (Схілілася над нотамі, грае.) Ён такі жорсткі, непрымірымы, як вось гэты эцюд... І аб гэтым я зусім нядаўна даведалася... І як позна!

Каця (у трывозе). Ты нешта ад мяне тоіш...

Iрына. Таю тое, што яшчэ можна таіць...

Каця. Не гавары загадкамі...

Ірына. А што рабіць, калі ўсё жыццё аказалася загадкай...

Каця. Ірына! Што з табою робіцца ў апошні час? Я даўно пачала прыкмячаць... Ты ж сама не свая... Жывеш, быццам у сне.

Ірына. А ты здагадлівая, маці мая! Не чакала ад цябе такой назіральнасці... Так, так, тваю дачку замучылі сны... (У такт музыцыраванню.) Сны ў сне і сны наяву... Беспрабудны сон. Як дым, як туман. Цягучы, малочны, як ранняй восенню над рэчкай...

Каця (у роспачы). І чым жа пужаюць цябе гэтыя сны?

Iрына. Сваім жудасным падабенствам на жыццё. На тое, што ўжо было, і на тое, што яшчэ будзе... і прадчуванне, як боль, як смяротная туга. І няма ўжо сіл, каб перажыць будучыя падманы і крушэнні... А жыць трэба!

Каця. Дачушка! Што здарылася?

Iрына. Нічога страшнага, мамачка. Проста я вырашыла зрабіць цябе бабулькай. Табе гэта даспадобы?

Каця. Калі гэта будзе?.. Нешта твой Валодзька ні мычыць ні целіцца...

Iрына. Памыляешся, ён ужо мычыць...

Каця. Іра! Гэта груба для дзяўчыны... (Глядзіць на дачку.) Ты... Гэта праўда? Няўжо гэта праўда?!

Iрына.Калі прырода не хлусіць, дык праўда.

Каця. Дык трэба хутчэй у загс! Чаго вы цягнеце?

Ірына (хлопнула крышкай фартэпіяна). Загса не будзе, мама.

Каця. Я не разумею цябе!

Iрына. Думаеш, я разумею сябе?

Каця.А што здарылася? Ён падмануў цябе?

Iрына. Так, падмануў. Выдаў не за таго, кім ён на самай справе з’яўляецца... Ты ж хацела, каб твая дачка заўсёды жыла каля цябе, у вялікім горадзе, у вялікай кватэры... І я гэтага хацела. А ён не хоча!

Каця. Як гэта не хоча? Ты атрымаеш дыплом і застанешся ў Мінску, будзеш працаваць у бацькі... Разам з ім. Чаго ж ён не хоча?

Iрына. Заставацца ў Мінску...

Каця. Але ж у Маскву яго яшчэ не клічуць...

Iрына. Ён збіраецца ехаць у Сібір...

Каця. Ён што — здурэў зусім? Чаго гэта яму прыспічыла?

Iрына.Не хоча працаваць з бацькам. Прынцыпова.

Каця. Не хоча! Няхай знойдзе другое месца. Навошта ехаць?

Iрына. На любым месцы ён застанецца такім жа. А такі мне не падыходзіць... Не будзе ў нас жыцця з ім. Гэта я зразумела. Шкада, крыху позна. Але лепш позна, чым ніколі... А маці-адзіночкі ў нас у пашане. Пражыву!

Каця. Дачушка мая! Пакінь гэтыя думкі. Так нельга...

Iрына. Ведаеш, маці мая... Не вучы мяне жыць.

Каця. Чаму?

Iрына. Таму што пражыла жыццё за спіной у бацькі і не ведаеш пра многае ў жыцці. Табе вельмі лёгка жылося.

Каця. Дык я хачу, каб і табе...

Iрына. А вось аб сабе я паклапачуся сама. (Пайшла.)

 

Каця разгублена глядзіць услед. Уваходзяць Касценя, Валодзя і Садовіч.

 

Садовіч. Знайшоў, чым дапячы! Жылі мы, брат, па-ўсякаму. Памятаеш, Алёшка, як мы да вайны жылі? Ты, малады чалавек, яшчэ пад стол пехатою хадзіў... Вось паверыш, цяпер нават смешна — я, дырэктар вялікага завода, жыў у адным маленькім пакойчыку. А мэбля якая была! Грэх і смех... (Да Каці.) Памятаеш наш скрыпучы ложак? (Смяецца.)

Каця. Пакінь. Будзеце каву піць?

Садовіч. Чакай, чакай! Дык вось я кажу... І жылі! Нават не заўважалі, што так жывём. Па тры гады адпачынку не мелі. А як працавалі! Выходзілі на працу ў сем-восем раніцы і вярталіся апоўначы... А не, дык прама на канапе ў службовым кабінеце падрэмлеш крыху... Вось як! А ты папракаеш гэтымі харомамі...

Валодзя. Я не за харомы, а трэба, каб другія мелі такія ж добрыя кватэры, а не тое, што мы будуем... Людзям жа камунізм сустракаць у нашым «метражы»!

Садовіч. І сустрэнуць! Нічога страшнага...

Каця. Я пытаю: будзеце піць каву?

Садовіч. Будзем! Абавязкова будзем! Вось я толькі пахвастаюся сваімі спінінгамі. Алёшка, аказваецца, таксама заядлым рыбаком стаў! Хадзем! Я, братка, такія прылады з Лондана прывёз, закачаешся! (Выходзіць з Касценем.)

Валодзя. Дзе Ірына?

Каця. Валодзя... Што ж гэта вы?

Валодзя. А што ж гэта мы?

Каця. Не трэба так... пачынаць.

Валодзя. Не разумею, пра што вы гаворыце.

Каця. Усё ты разумееш! Як ты мог?! (Валодзя апусціў галаву.) Абяцай мне, што ўсё будзе добра, што вы не зробіце глупства...

Валодзя. А калі мы ўжо зрабілі?

Каця. Яшчэ не позна...

Валодзя. А калі позна?

Паўза.

Каця. Ты яе кахаеш?

Валодзя. Вельмі.

Каця. Гэта ж галоўнае!

Валодзя. Я ёй таксама кажу...

Каця. Ты павінен ёй уступіць. Яна жанчына!

Валодзя. Не, у гэтым нельга ўступаць нават жанчыне... Бо і жанчына не мае права патрабаваць здрады жыццю...

Каця. Гэтага ніхто ад цябе не патрабуе. Жыві як хочаш. Але ты бярэш на сябе клопаты аб сям’і і павінен чымсьці ахвяраваць...

Валодзя. Толькі не сумленнем.

 

Валодзя пайшоў. Каця кінулася следам.

 

Каця. Валодзя! Пачакай! Ірына, дзе ты? Валодзя, паслухай...

 

Уваходзіць Касценя. Садовіч нясе спінінг.

 

Садовіч. Я цябе прашу, вазьмі! Не крыўдзі...

Касценя. Не, дзякую. Такі падарунак занадта...

Садовіч (совае ў рукі Касцені спінінг). Ён твой, баста!

Касценя. Не вазьму. І баста.

Садовіч. Зусім ты не змяніўся...

Касценя (узяў з палічкі фатаграфію, разглядае). Калі ж гэта фатаграфаваліся?

Садовіч. Тады ты ў Іспаніі быў. Усім заводам на маёўку выбраліся. Гэта Лена. Шкада дзяўчыны... А гэтага мужнага дзецюка пазнаеш?

Касценя. Віктар Гваздзёў...

Садовіч. Ён самы. Геройскі чалавек... Кніжку аб ім напісалі... Чытаў? Вельмі цікавая кніжка... Здаецца, толькі ўчора ўсё гэта было, а яно ўжо чвэрць веку ляснула! Калі ўсё ўспомніць! Божа ж ты мой!

Касценя (задуменна). Каму ўспомніць, а каму ніколі не забыць.

 

Касценя ўвесь напружыўся, быццам да чагосьці прыслухоўваецца. Нарастае мелодыя іспанскай песні «Но пасаран!». Святло паступова згасае. У мелодыю песні ўрываюцца каманды на розных мовах, растуць гукі вялікага бою. Гул самалётаў зліваецца з рокатам танкаў, і на гэтым фоне чуваць голас Касцені: «Іспанія... Мая маладосць, барацьба і пакуты... Мы ненавідзелі фашызм не толькі розумам і сэрцам, кожнай жывой клетачкай цела...»

Прамень высвятляе вінны склеп. Прытуліўшыся да днішча вялікай бочкі, сядзіць Касценя. Ён увесь змардаваны, неахайна перабінтаваны. Вось ён паварушыўся, працягнуў далонь да затычкі, пачакаў, пакуль капнула некалькі вінных кропель, злізаў і зноў падставіў далонь. Наверсе лесвіцы адчыніліся дзверы і яркі, асляпляючы прамень падае на твар Касцені. Ён зажмурыўся. Чуваць ліхія акорды хоты, смех, вясёлыя галасы. Па лесвіцы сыходзяць Лізэр, некалькі іспанскіх танцоўшчыц і два гітарысты.

 

Лізэр. Карамба! Цёмна, як у мараканца... Ало! Капітан Калараў, дзе вы тут? Жывы? Дарэчы, хопіць гуляць у хованкі. Вы такі ж балгарын, як я абісінскі негус... (Смяецца, ляскае абцасамі.) Обер-лейтэнант Лізэр! А як вас?

Касценя. Я — Калараў.

Лізэр. Давайце не будзем, як гэта гаворыце вы, рускія, валяць Ваньку! (Смяецца.) Лепш у такі дзень валяць вось гэтых прыгожых сін’ярын. (Абняў танцоўшчыцу, яны рагочуць.) Хімена! Сёння ты павінна папацець! (Чуваць стрэлы.) Вы чуеце, капітан Калараў, ці як вас там... Гэта салют нашай перамогі. Радыё перадало — куадылья Франко са сваімі легіёнамі ў Мадрыдзе! Хімена! Паднясі нам добрага іспанскага віна! Пераможцы велікадушныя! (Хімена працягвае кубкі з віном. Касценя адварочваецца.) Пі, рус! Я дазваляю табе выпіць за нашу перамогу...

Касценя (раптам выхапіў кубак). За вашу пагібель!

Лізэр. О, гэтага табе не дачакацца! За непачцівасць трэба было б цябе правучыць, але сёння я велікадушны. Хоту! (Прыхлопвае далонямі.) Оле! Оле! Оле! Хімена, тэмп! Не шкадуй сваіх прыгожых ножак! Ім цяпер прыйдзецца папрацаваць...

Xімена (танцуе перад Касценем). А мне падабаецца гэты рускі. Сапраўдны мужчына! З ім я гатова хоць зараз пад коўдру!..

Лізэр (смяецца). У чым жа справа? Цалуй яго! Я дазваляю! Можа ён зразумее нарэшце, у чым сэнс жыцця!

 

Хімена раптам садзіцца на калені да Касцені, абдымае яго за шыю.

Побач становіцца Лізэр, падымае кубак з віном. Вакол групіруюцца танцоўшчыцы. Хімена цалуе Касценю. Адзін з гітарыстаў робіць некалькі фотаздымкаў. Раз’юшаны Касценя спіхвае Хімену з каленяў, і яна падае...

 

Хімена. Карамба! За мае пацалункі такая плата?! Ганс! Забі гэтага рускага мядзведзя! Прашу цябе, забі! Ці я сама выдзеру яму вочы. (Кідаецца да Касцені.)

Лізэр. Хімена! Назад! Запэўніваю цябе, — ён яшчэ пашкадуе.

Штаўбе (з'яўляецца наверсе лесвіцы). Што тут за тлум? Шабаш?

Лізэр (ляснуўшы абцасамі). Свята з выпадку нашай перамогі, гер шэф!

Штаўбе. А пры чым тут палонны? Гэта ж не яго перамога. Трэба паважаць пачуцці пераможаных, Лізэр.

Лізэр. Але трэба, каб паважалі і пачуцці пераможцаў, гер шэф!

Штаўбе. Вы маеце рацыю... Калі вы зрабілі сваю справу, дык пакіньце нас... (Усе выходзяць. Штаўбе ўважліва глядзіць на Касценю.) Прашу вас прабачыць майго маладога калегу. Ён яшчэ не мае вопыту ў абыходжанні з пераможаным. Але войны яшчэ толькі пачынаюцца — навучыцца. Галоўнае перамагаць. І калі глядзіш вось на такія маладыя, сімпатычныя твары, як у вас, становіцца шкада... Цяжка думаць пра тых, хто назаўсёды асуджаны быць бітым толькі таму, што яны выбралі не той бок барыкады... І не трэба так з’едліва ўсміхацца. Я не цягну вас на сваю барыкаду, зусім не! Больш вам скажу. Я шчыра зайздрошчу вам. Вашай маладосці, вашай мужнасці. Вы біліся тут у Іспаніі, як леў. Трынаццаць знішчаных танкаў — гэта пачэсная лічба, хоць вам і не пашанцавала на яе... Паверце, я хацеў бы, каб мой сын — ён таксама будзе салдатам — быў падобны на вас. Вас, канечне, здзіўляе, што фашыст, як у вашых газетах пішуць, мацёры фашыст хоча, каб яго сын быў у чымсьці падобны на камуніста... Я паважаю камуністаў за іх фанатызм і адданасць, за іх цвёрдую і непахісную веру ў свае заганныя ідэалы. Я прысутнічаў на працэсе ў Лейпцыгу. Паводзіны Дзімітрава мне шмат чаго падказалі. Змагацца з вамі будзе не так проста... Можа, вам нецікава мяне слухаць?

Касценя. Не, не, цікава. Першы раз слухаю трызненне жывога фашыста...

Штаўбе. Вы яшчэ малады чалавек. У вас усё жыццё наперадзе. І таму мне б хацелася, каб вы выслухалі мяне... Вы рускі, а я ведаю Расію. Бачыў яе і пры царах, і цяпер... Дзіўная краіна! (Штаўбе дастае партсігар, працягвае Касцені.)

Касценя. Дзякую.

Штаўбе. Курыце, курыце! Гэта вашы рускія папяросы... (Засалодаю зацягнуўся.) Расія! Цёмны, забіты народ... І ўсё ж... Як гэта ні дзіўна, але іменна там, у Расіі, я выбраў свой шлях і пайшоў за Гітлерам.

Касценя. Нічога не бачу ў гэтым дзіўнага...

Штаўбе. У фашызма вялікія ідэалы. І яны не такія прымітыўныя, як гэта ўяўляюць камуністы. Пакуль на зямлі існуе незадаволеная індывідуальнасць — фашызм будзе жыць! Камуністы заклапочаны лёсам так званага прыгнечанага класа. Мы прымаем у разлік толькі асобу. І ў гэтым наша перавага. І вам не стрымаць націск фашызму, бо ў яго радах лепшая частка чалавецтва... (Касценя смяецца.) Я разумею, для вас мае разважанні зараз здаюцца наіўнымі. Але час пакажа, на чыім баку ісціна! Іспанія — толькі рэпетыцыя. Спектакль скончан, заслона спушчана. Але яна вельмі хутка падымецца зноў, і гэта ўжо будзе сапраўдная трагедыя! І калі мы сустрэнемся ў другі раз як ворагі — не зайздрошчу вам. А на гэты раз я дарую вам жыццё. Вас абмяняюць на нашага чалавека. Павінен вас папярэдзіць: там вас ужо пахавалі. Вас лічуць нябожчыкам. І наколькі мне вядома, зараз у вас не вельмі любяць уваскрэсшых... Але тут я нічым не магу вам дапамагчы... Выкручвайцеся самі. І рабіце вывады... (Касценя стогне.) Баліць? Вам трэба зрабіць перавязку. Я прышлю санітара. Фу! Які тут моцны вінны пах — пах перамогі. Але я стары салдат і не хачу п’янець ні ад віна, ні ад перамогі. У такі складаны час трэба мець на плячах цвярозую галаву. Вы згодны са мною?

Касценя. Пакуль вы жывы — не!

Штаўбе. Не трэба так. Мы салдаты і павінны паважаць адзін аднаго, нават калі і страляем адзін у аднаго...

Касценя. На гэта не разлічвайце, пан фашыст.

 

Зацямненне.

Ўзнікае бурная мелодыя, у якой чуваць характэрныя гукавыя адзнакі таго часу: першыя пяцігодкі, дыханне недалёкай вайны, іспанскія падзеі...

Б'юць Крамлёўскія куранты. Апошні дванаццаты ўдар. Маленькая паўза, і велічна грымнуў «Інтэрнацыянал».

Успыхвае святло. Мы бачым кватэру Касцені, якой яна была ў тую навагоднюю ноч. Павярнуўшыся да дзвярэй, застылі ў здзіўленні Каця, Садовіч, Лена і Гваздзёў. У праёме дзвярэй — Касценя. Ён у паношаным, з чужога пляча пінжачку, на галаве іспанскі берэт (такія носяць баскі), на нагах растаптаныя чаравікі на тоўстай падэшве. Каця пайшла насустрач, нібы сляпая, з працягнутымі рукамі. Але не падышла да Касцені, спынілася...

 

Каця. Не... Не, не! Гэтага не можа быць! Не можа быць...

Касценя (усміхаецца). Кацюша... Супакойся... У наш век усё можа быць... Прашу цябе, супакойся... Я ведаю, што мяне тут ужо пахавалі, але... вось я!

Лена (падбягае да Касцені, павісае ў яго на шыі). Алёшанька! Жывы! А яны цябе пахавалі! Паверылі паперцы... А я знала: ты жывы, жывы! Я ведала гэта...

Касценя. На гэты раз жывы, браточкі, жывы. Лянок, ці ў цябе вагі прыбавілася, ці я зусім аслабеў... (Лена адпусціла шыю Касцені. Ён любуецца ёю.) Глядзі, якая кучаравая бярозка вымахала... Нявеста!

Гваздзёў (падыходзіць). Шкада, жаніха ніяк не падбяром. Вельмі ж пераборлівая... (Працягнуў руку, абдымае Касценю.) Алёшка, дружа, рад цябе бачыць на гэтым свеце. На тым свеце яшчэ паспеем...

Касценя. Ого! У цябе ўжо ромбы. Расцеш, таварыш Гваздзёў!

Гваздзёў. Расту, браток, расту. Пакуль ты па чужых краінах валэндаешся, мы тут ромбы хапаем, пасады высокія займаем...

Садовіч. Гэта ў мой агарод... Дырэктарам нашага завода мяне прызначылі, Лёша...

Касценя (абдымаюцца). Рад, віншую цябе. Спадзяюся, возьмеш зноў мяне на завод?

Садовіч. Нават гатоў уступіць дырэктарскае крэсла!

Касценя. Не! Трэба пачынаць усё з самага пачатку... Дзякуй вам, сябры, што не пакінулі маё маленькае сямейства без увагі...

Лена. Нават некаторыя перастараліся...

Садовіч (хаваючы збянтэжанасць). Ты сядай за стол ды бяры чарку...

Касценя (аглядае стол). А браточкі ж вы мае родныя! Якія прысмакі! Сто гадоў нічога гэтага не бачыў, нават забыў, як яно выглядае...

Гваздзёў. Сябры! Зараз дзесяць мінут Новага года. Вып’ем за тое, каб астатнія 52 550 мінут былі для нас шчаслівымі, каб мы ў гэтыя мінуты рабілі больш дабра, чым зла, любілі больш, чым ненавідзелі...

Садовіч. Табе, мабыць, трымацца гэтага цяжэй за ўсіх...

Гваздзёў. Таму і падымаю такі тост! Вып’ем!

Касценя (да Каці). Галубка мая... Цяпер усё будзе добра. Цяпер я ведаю: чалавек усё можа вытрымаць, калі ён верыць. Трэба верыць у жыццё. І верыць людзям, нават калі сумненні сціскаюць тваё сэрца. Вось таму я і вытрымаў... І цяпер мне часам здаецца, што смерць адступіла ад мяне назаўсёды... Даруйце, што разгаварыўся... Але так доўга я не быў сярод родных і сяброў!

Каця (у роспачы). Алёша! Што нам рабіць? (Плача.)

Касценя (разгублена). Каця!.. Не трэба плакаць! Нагледзеўся я слёз на ўсё жыццё...

Садовіч (да Лены). Трэба зараз жа сказаць яму ўсё...

Лена (шэптам). Вы не зробіце гэтага! Чуеце? Ні зараз, ні пасля... Ніколі!

Паўза.

Касценя. Падобна, што сапсаваў я вам свята...

Гваздзёў. Не тое кажаш... Сам павінен зразумець... Не кожны дзень бывае такое... (Звуліцы чуваць тарахценнеаўтамабіля. Гваздзёў насцярожыўся.) Знаёмы гук... Быццам наша машына... Няўжо па мяне? Леначка, калі ласка...

 

Лена пайшла і праз некаторы час вяртаецца з вайскоўцам. Ён падыходзіць да Гваздзёва, яны адыходзяць убок, аб нечым размаўляюць. Потым Гваздзёў ідзе да тэлефона...

 

Гваздзёў. Дзяжурны? Гэта Гваздзёў... Я забыў дамашні тэлефон Васіля Пятровіча... Дзякую. (Звоніць яшчэ раз.) Калі ласка, 9-11... Прабачце, Алена Дзмітраўна, але тэрмінова патрэбен Васіль Пятровіч... А што рабіць? Такі ўжо наш лёс... Дзякую! Вас таксама віншую! І ўсіх вашых!.. Васіль Пятровіч... Гваздзёў у апарата... Я зараз знаходжуся ў кватэры Касцені... Слухаю. Я не магу ў гэта паверыць... Слухаю. Тады дазвольце мне зрабіць гэта... Слухаю. Добра. У кнізе? На нямецкай мове... Добра. Я перадам трубку... (Працягвае трубку вайскоўцу.)

Вайсковец. Кікладзе ў апарата. Слухаю! Не, яшчэ не сустрэў. Ёсць, сустрэць Новы год! (Павесіў трубку, казырае Гваздзёву.) Поўны парадак! Машына застаецца ў вашым распараджэнні...

 

Вайсковец пайшоў. Гваздзёў вяртаецца да стала. Усе на яго глядзяць, чакаюць, што ён скажа.

 

Гваздзёў. Вось так...

Касценя. Служба ў цябе — не пазайздросціш...

Гваздзёў (уважліва паглядзеў на Касценю). Не кажы... Але нічога не зробіш, павінен жа хтосьці чысціць выграбныя ямы капіталізму. Як пісаў Маякоўскі: «Я ассенизатор и водовоз, революцией призванный и мобилизованный...» Вып’ем!

 

З вуліцы чуваць музыка, песні, вясёлыя галасы. Лена падбегла да акна.

 

Лена. Нашы студэнты ідуць! На плошчы будзе карнавал... Мы збіраліся пайсці, пойдзем? Сёння не хочацца сядзець у хаце! Алёша, Каця, пойдзем!

Гваздзёў. Гэта ідэя! Вы ідзіце, а мы з Алёшам вас дагонім. У нас ёсць свае справы...

 

Усе пачынаюць збірацца. За сталом астаюцца Касценя і Гваздзёў.

 

Гваздзёў. Значыць, вярнуўся...

Касценя (насцярожана). Як бачыш!

Гваздзёў. А навошта?

Касценя. Дзіўнае пытанне!

Гваздзёў. А можа і не дзіўнае...

Касценя. Прывык ты загадкамі агарошваць...

Гваздзёў. А што рабіць, калі навокал адны загадкі?

Касценя. Слухай, Віктар... Давай, брат, без загадак.

Гваздзёў. Можна і без загадак. Толькі спакойна, без шуму. Я павінен цябе арыштаваць. Гэта прыязджалі за табой. (Рэзка.)/У цябе спалоханыя вочы. Чаго ты спужаўся? Чаго? Дзе твае рэчы?

Касценя. Вунь каля парога рукзак...

Гваздзёў. Сядзець! Я сам. (Бярэ рукзак, вяртаецца да стала.) Цікава паглядзець, што чалавек адтуль з сабою захапіў... Глядзі ты! Кніга! Ды яшчэ на нямецкай мове...

Касценя. А! Гейнэ...

Гваздзёў. Адкуль яна ў цябе?

Касценя. На вакзале ў Берліне падыходзіць, разумееш, да мяне немец у форме чыгуначніка, совае мне гэтую кніжку і шэпча на ламанай рускай мове: у нас, кажа, паляць кнігі Гейнэ, а гэта мой любімы паэт... Няхай, кажа, едзе ў Савецкі Саюз. Ці мог я адмовіць? Пытаю: камуніст? Ён галавою ківае... Я і ўзяў кнігу.

Гваздзёў. Хочацца табе верыць, Алёша... Але... (Дастаў з кішэні нож, ускрыў вокладку кнігі, дастае нейкія паперкі.) Вось табе і Гейнэ... на нямецкай. (Ускрывае другую корку — дастае фота.) А тут, бачыш, ты ўласнай персонай сярод фалангістаў іспанскіх...

Касценя. Што за бязглуздзіца? Дай паглядзець!

Гваздзёў. На, паглядзі! (Працягвае фота.) Я пачытаю гэтыя паперкі...

Касценя. Віктар! Фотакартка — ліпа! Чыстая правакацыя! Ты паглядзі ўважліва, я цяжка паранены, а гэты агідны Лізэр здзекуецца з мяне... Потым была размова са Штаўбе... Цяпер я разумею... Усе яны, і гэты чыгуначнік — фашысцкія правакатары!

Паўза.

Гваздзёў. Ну, а як быць з інструкцыямі?

Касценя. З якімі... інструкцыямі?

Гваздзёў. Інструкцыямі германскай разведкі ваеннаму цэнтру.

Касценя. Якому цэнтру?

Гваздзёў. Разгромленаму. Я вёў гэтую справу. І адзін з кіраўнікоў гэтага цэнтра прызнаў, што чакае інструкцый з Берліна...

Касценя. Гэтых самых?

Гваздзёў. Можа і гэтых самых. Экспертыза скажа...

Паўза.

Касценя. Ты ведаеш, Віктар... Зараз нашы заклятыя ворагі задаволена паціраюць свае паганыя лапы.

Гваздзёў. Ты не думай зараз аб ворагах! Ты лепш думай пра сябе. А гэтыя паганыя лапы мы ўсё роўна адсячом!

Касценя. Чаго я толькі не перадумаў за тыя месяцы, што мардаваўся там у палоне... А цяпер не ведаю ўжо, што і думаць...

Гваздзёў. Алёшка! Я хачу табе верыць! Разумееш? Каб ты толькі ведаў, як мне хочацца верыць!

Касценя. Мы павінны верыць, Віктар. Бо інакш мы перастанем верыць у самае святое...

Гваздзёў. Самае святое ты зараз не чапай...

Касценя (у роспачы). Ды разбярыцеся вы хутчэй у гэтым вялікім ашуканстве! Ды што гэта такое?!

Гваздзёў. Класавая барацьба, вось што гэта такое! Не ў бірулькі гуляем, сацыялізм будуем. А фашызм тым часам дзевятым валам накатвае...

Касценя. А табе не страшна?

Гваздзёў. Чаго?

Касценя. Такога жыцця, калі застаецца толькі адна нянавісць.

Гваздзёў. А без нянавісці да нашых ворагаў грош цана нашай любві да народа.

Касценя. Значыцца... я вораг?

Паўза.

Гваздзёў. Разбяруцца.

Касценя. А ты мне, мне верыш?

Гваздзёў. Веру, Алёша. І зраблю ўсё, каб і другія паверылі...

Касценя. Дзякую табе, дружа. Бачу, факты супраць мяне. Можа табе і не трэба лезці ў гэтую справу, няхай другія разбяруцца. Але за давер вялікае табе дзякуй... А зараз пойдзем, ці што? Не будзем іх чакаць...

 

Зацямненне.

Прайшоў час. Каця сядзіць каля стала, паклаўшы галаву на складзеныя рукі, плача. Побач стаіць Лена, суцяшае яе.

 

Лена. Каця! Не трэба так раскісаць... Яго адпусцяць. Вось пабачыш! Гэта памылка...

Каця. Не, не! Калі б гэта была памылка, дык ужо б паправілі яе. І з гэтым прыйдзецца прымірыцца...

Лена. Кацька! Ды як ты можаш нават думаць так?! Алёша не вінаваты! Ці такі чалавек можа здрадзіць?

Каця. Ты што, з неба звалілася? Вунь якія людзі апынуліся ў варожым стане...

Лена (глядзіць на сястру уважліва). Каця... Ты гэта... сур’ёзна?

Каця. Леначка... Ты паслухай мяне ўважліва... Ты ўжо не маленькая, і я буду гаварыць з табою як жанчына з жанчынай... Нават не як сястра з сястрой, а як сяброўка з сяброўкай... Я ведаю, што табе падабаецца Алёша. Я гэта даўно прыкмеціла... Можа ты яго кахаеш нават больш за мяне. Вось таму ты так горача за яго стаіш... Я не віню цябе. Але зразумей жа мяне... Ці ж я не маю права на звычайнае чалавечае шчасце, тое самае, пра якое Алёша казаў — мяшчанства... Няхай сабе мяшчанства! А што я бачыла з гэтым чалавекам? Адны толькі непрыемнасці і пакуты... То ў яго страляюць кулакі, і я цэлых тры месяцы не адыходжу ад яго ложка, то ён начамі прападае на заводзе, і я яго не бачу нават па выхадных днях, то ён едзе ў Іспанію, і вось нарэшце ён у турме... Ну скажы, колькі можна так жыць? Год, два... Але пакутаваць усё жыццё — за што?

Лена. Калі б ты сапраўды яго кахала, дык ведала б, за што... Але ты ніколі яго не кахала. Ты звычайная здрадніца! А ў яго цудоўнае жыццё! Жыццё барацьбіта, рэвалюцыянера.

Каця. У твае гады і я так думала. Ён казаўся мне надзвычайным чалавекам! А потым я стала жанчынай і зразумела...

Лена. Ты стала бабай, а не жанчынай. Мяшчанкай. І нічога ты не зразумела. І нічога ты не разумееш! (Пайшла.)

Каця. Куды ты?

Лена. Да сакратара ЦК.

Каця. Не трэба гэтага рабіць, Лена! Ды ён цябе і не прыме.

Лена. Прыме! Я камсамолка, і ён павінен мяне выслухаць!

 

Лена пайшла. Каця паднялася, рашучым рухам рукі выцерла слёзы. Пачала наводзіць парадак у пакоі. Уваходзіць Садовіч.

 

Каця (трывожна). Што з табою? Што здарылася?

Садовіч. Мяне выклікалі... туды.

Каця. Што ім ад цябе трэба?

Садовіч. Хочуць, каб я быў сведкам на судзе...

Каця. А будзе суд?

Садовіч. Будзе. Закрыты. Вось я сябе і пытаю: а ці маю я права быць сведкам?

Каця. Ты ім сказаў пра нашы адносіны?

Садовіч. Прабач... Але інакш я не мог. Усё роўна яны ведаюць.

Каця. І што яны?

Садовіч. Сказалі, гэта наша асабістая справа і не мае ніякага дачынення да справы Касцені...

Каця. Ты даў згоду?

Садовіч. А што я мог зрабіць?

Каця. Ты паступіў правільна, Коля. Ты ж партыйны!

Садовіч. Гэта ўсё так... Але што я буду гаварыць на судзе?

Каця. Што ведаеш. Вы ж разам працавалі колькі гадоў...

Садовіч. Вось і працавалі поплеч, а што ён за чалавек, я так і не разабраўся... Ён заўсёды быў для мяне загадкай, хоць мы і лічыліся сябрамі... Але якія мы там сябры? Ён заўсёды кпіў з мяне, крытыкаваў за ўсялякія дробязі... Ці ўзяць з табою... Бачыў жа, што ты мне падабаешся, — узяў, ды і ажаніўся!

Каця. Гэта вінавата я... Так ужо здарылася, Коля. Як кажуць у народзе: тады дзеўка схамянулася, як у пузе страпянулася. Ён жа быў напорысты, энергічны... А я па маладосці думала, што гэта толькі і патрэбна для сямейнага жыцця. І як памылілася!

Садовіч (рашуча). Чаго я мушу сумнявацца? Яму ўжо нічым не дапаможаш... Ён аступіўся, зрабіў памылку, ці можа... Адным словам, там разбяруцца...

Каця (падышла, абняла Садовіча). Наша віна перад ім толькі тая, што мы любім адзін аднаго...

Садовіч (пераканана). І ніхто не мае права асуджаць нас за гэта, ніхто!

 

Зацямненне.

Яшчэ ў цемнаце чуваць завыванне самалётаў, выбухі. Потым манатонны радыёголас: «Грамадзяне, паветраная трывога! Да Мінска прарваліся варожыя самалёты. Выконвайце загады проціпаветранай абароны...»

У кватэры ўсё перавернута і зрушана са сваіх прывычных месц. Пасярод пакоя стаіць на каленях Каця, перабірае рэчы. Лена ходзіць па пакоі, баюкае малое. Здалёк чуваць частае, нарастаючае буханне гармат...

 

Каця (прыслухалася). Зноў бамбяць!

Лена. Не, гэта ўжо артылерыя. Дальнабойныя гаўбіцы...

Каця. Глядзі ты на яе! Яна ўжо ведае, што там б’е! Не жаночая справа — вайна... Ох і дурніца ты, Ленка! Ну, чаго ты не паехала разам з інстытутам? Цяпер толькі будзеш замінаць...

Лена. Не буду я табе замінаць...

Каця. Ну, куды ж падзеўся Садовіч? Ой, чуе маё сэрца — не выберамся мы адсюль... Пакладзі Ірку ў калыску і збірай свае рэчы...

Лена. Паспею.

Каця. І каб ніводнай кнігі! (Прыслухалася.) О! Нарэшце...

 

Уваходзяць Садовіч і стары рабочы Максім. Абодва ў запэцканых спяцоўках, зарослыя шчаціннем па самыя вочы.

 

Каця. Коля! Мы гатовы!

Садовіч (апусціўся на крэсла). Машына зараз прыйдзе...

Максім (пульнуў ботам чамадан). Сабраліся ў дальнюю дарожку... Ну-ну! Зямелька руская неабсяжная... Ёсць куды бегчы... Толькі калі такімі тэмпамі будзем каціцца, дык да самага акіяна дакоцімся... (Да Садовіча.) А што будзем рабіць з заводам, таварыш дырэктар?

Садовіч. Усё, што маглі зрабіць — зрабілі. А цяпер няхай чыгунка адказвае...

Максім. А цяпер засталіся адны прыказчыкі і ні аднаго адказчыка... Толькі прыйдзецца камусьці адказ трымаць, прыйдзецца!

Садовіч (крычыць). На руках жа завод не вынесеш?!

Максім. Гэта пры дурных галовах — адна надзея на рукі... Прыціснуць абставіны — сваімі рукамі пусцім заводзік на вецер...

Садовіч. Узарваць? Ты ачумеў? Такога распараджэння не было!

Максім. Мала што не было, начальнічкі, дасцё драла, а мы тут без вас самі і распарадзімся...

Садовіч. Максім! Ты разумны, паважаны ўсімі чалавек... Павінен зразумець... Ну што мы можам зрабіць у такім становішчы?

Максім. Як дойме ліха, прарэжуцца зубы.

Садовіч. А пакуль яны прарэжуцца, хутчэй складвай манаткі і айда з намі. Гэта апошняя машына...

Максім. Не. Нікуды я не паеду... Не магу пакінуць усё гэтым ненажэрным вылюдкам...

Садовіч. Рабі як знаеш!

Максім. А што зробіш? Вунь бежанцы кажуць — цьма цьмушчая рускага народу пад немцам засталася... Халера яго ведае, мо так і лепш... Трэба ж будзе біць іх і тут. А з такою сілай, як мы ўсе гуртам, не саўладаць немцу... Пайду я. А то мая Мальвіна выкіне які-небудзь конік...

Садовіч (абхапіў галаву рукамі). Хаос! Грандыёзная катастрофа! Што гэта такое? Як магло так здарыцца?

Каця. Знайшоў час аналізаваць! Трэба хутчэй выбірацца адсюль. У мяне ад хваляванняў малако прапала... Яшчэ намучаемся з Ірачкай...

Садовіч. Кажаш — выбірацца... Паглядзела б, што робіцца на Магілёўскай шашы...

Каця. А што глядзець? Ехаць трэба! Там відна будзе. Разумныя людзі яшчэ ўчора гэта зрабілі...

Садовіч. Божа мой! Божа мой! Што ж гэта робіцца?! Вораг ужо пад Мінскам! Каця... Ты разумееш што-небудзь?

Каця. Нічога не хачу разумець. Я ведаю адно — не хачу паміраць.

Садовіч. Я не магу ўявіць сваё жыццё без савецкай улады!

Лена. Калі цябе як след прыціснуць — уявіш.

Садовіч. Каця! Ты чуеш? Якая дрэнь! Яна лічыць мяне амаль як не здраднікам!

Каця. Пакіньце гэтыя бязглуздыя размовы! Знайшлі час... Трэба грузіць рэчы. (Да Лены.) Ты сабралася? Чаго стаіш?

Лена. Я з вамі не паеду.

Каця. А... з кім жа ты паедзеш?

Лена. Ні з кім.

Паўза.

Садовіч. Та-а-ак! Будзеш чакаць немцаў?

Лена. Буду. Павінен жа іх нехта сустрэць...

Каця (падбягае да Лены, б'епа твары). Ах ты нягодніца! Што надумала! А яшчэ камсамолка!

Садовіч. Патрыёткай прыкідвалася! Хутка ж твой патрыятызм выветрыўся...

Лена (глядзіць на Кацю, трымаючыся за шчаку). Ты мяне ўдарыла! Ты! (Пабегла.)

Каця (кінулася следам). Лена! Прабач!.. Пачакай!

Гваздзёў (з’яўляецца на парозе). Чаго гэта яны ганяюцца адна за адной? (Садовіч/адмахнуўся.) Ну, а што з табою загадаеш рабіць?

Садовіч (крычыць). А пры чым тут я? З начальніка чыгункі патрабуй. Я сваё зрабіў. Завод дэманціраваны, станкі чакаюць пагрузкі, што ад мяне яшчэ трэба?

Гваздзёў. Ад цябе, бадай, нічога. А станкі прыйдзецца знішчыць. І неадкладна.

Паўза.

Садовіч. Добра. Я пайду... Я застануся ў горадзе і зраблю гэта.

Гваздзёў (глядзіць іранічна). І што ты будзеш рабіць, калі я зараз скажу: заставайся?

Садовіч. Віктар?!. Мы былі сябрамі... Я ведаю, табе не спадабалася маё выступленне на судзе Касцені... Ну, памыліўся! Ці я адзін у падобных абставінах памыляўся?

Гваздзёў. Зараз не час высвятляць абставіны. Давай хуценька грузі машыну...

Садовіч. Не! Нікуды я не паеду. Я адказваю за завод!

Гваздзёў. Паедзеш. У мяне загад эвакуіраваць цябе разам з сям’ёй.

Садовіч. А я не паеду.

Гваздзёў (мякка). Слухай, Садовіч... Не трэба! Вопытныя дырэктары патрэбны і там. Павінен жа хтосьці рабіць зброю, якой мы тут будзем біць немцаў...

Садовіч. А як я буду глядзець у вочы сваім рабочым?

Гваздзёў. А ты не глядзі ім у вочы. Апусці іх пакуль. Пасля перамогі падымеш...

Садовіч. Вось як ты са мною...

Гваздзёў. Я пакуль што па-добраму з табою... І нечага табе ўпірацца. Ты павінен сам разумець, што тут трэба людзі крыху іншай загартоўкі. І, дзякуй богу, яны ў нас ёсць. Нават больш іх, чым думалі... Ну, збірайся! Немец ужо каля Лошыцы...

 

Гваздзёў пайшоў. Садовіч кінуўся да пісьмовага стала, корпаецца ў шуфлядках, совае ў кішэні нейкія паперы. Уваходзіць Каця.

 

Каця. Ну, што будзем рабіць? Збегла, дурніца...

Садовіч. Едзем! Хутчэй! Бяры Ірынку. (Падхоплівае чамаданы.) Ты мой выхадны касцюм, на якім ордэн, паклала?

Каця. Ой, не памятаю! Трэба праверыць...

Садовіч. Не трэба! Будзем жывы — будуць і ўзнагароды, і новыя касцюмы... (Азіраецца.) Ці вернемся сюды?

 

Садовіч і Каця выходзяць. Чуваць, як зараўла машына. І стала ціха. Потым захрыпеў рэпрадуктар. Бадзёры голас абвясціў: «Грамадзяне сталіцы ардэнаноснай Беларусі! Не верце панікёрам і правакатарам! Нашы часці спынілі ворага, і Мінску не пагражае ніякая небяспека. Падтрымлівайце парадак, выконвайце загады вайсковых улад».

На парозе з’яўляецца Лена. Пачынае наводзіць парадак. Зайшла за фіранку, нешта там робіць і не бачыць, што ў пакой увайшоў Касценя. На ім чорная целагрэйка, растоптаныя кірзавыя боты.

Касценя. Ёсць тут хто жывы?

Лена (выглянула з-за фіранкі). Алёша! (Кінуліся адзін да аднаго, моцна абдымаюцца. Зусім блізка чуваць стрэлы...)

 

Частка другая

 

Пусть ярость благородная

Вскипает как волна!

Идет война народная,

Священная война!

З песні

 

Калі не лічыць заклеенага крыж-накрыж пажоўклымі стужкамі акна і жалезнай пячуркі, якая стаіць пасярод пакоя, у кватэры нічога не змянілася. З вуліцы ўваходзяць Лена і Касценя. Лена адразу ідзе да пячуркі.

 

Касценя. Бррр... Холадна! Хоць і фрыцам мароз дае дыхту і жару, але і нам дастаецца... Асабліва ў лесе...

Лена. Зараз будзе цёпла. (Працягвае венскае крэсла.) Грэйся!

Касценя. Добрая мэбля. Шкада!

Лена. Жыцця не шкадуеш, мэблю пашкадаваў! Ды няхай яна гарыць яркім полымем! (Яна грукнула крэсла аб падлогу. Касценя дакончыў справу. У пячурцы ўспыхнуў агонь.) Ну вось, можна грэцца.

 

Яны селі на падлогу, працягнулі рукі і ногі да вогнішча.

 

Касценя. Крыху адышоў... Цяпер можаш паказваць свае бланкі...

Лена (дастае з сумачкі бланкі). Я і пячатку паставіла...

Касценя. Што? Хто цябе прасіў?!

Лена. А што тут такога? Я зрабіла лепш... Ці я не маю права на ініцыятыву?

Касценя. Ты павінна строга выконваць тое, што табе загадана. А любая ініцыятыва з твайго боку будзе разглядацца як парушэнне дысцыпліны! Лена! Калі не шкадуеш сябе, пашкадуй мяне... Зразумей, Штаўбе хітры і каварны вораг... Я не магу нават падумаць, што застануся без цябе... Прашу цябе больш так не рабіць.

Лена. Абяцаю... Больш не буду.

Касценя. Скажы... Ты не заўважыла за Штаўбе нічога такога? Ён задаволены тваёй працай? Што ён кажа пра твой нямецкі?

Лена. Пахваліў. Кажа: можна падумаць, што я нарадзілася ў Баварыі...

Касценя. Ну вось і спатрэбіўся твой нямецкі... Памятаеш, як не хацелася табе яго вучыць?

Лена. Пра што ўспомніў! Я ўжо і забылася, калі была студэнткай...

Касценя. Ці ж мы думалі-гадалі, што і такім вось дзяўчатам прыйдзецца стаць падпольшчыкамі, народнымі мсціўцамі... Якую мы камсамолію выпеставалі! Шмат нас загіне... Вельмі хачу, каб мінула цябе ліха...

Лена. І цябе, мілы мой... Я не змагу жыць без цябе. Ты помні пра гэта... Не ведаю, што б я рабіла і што было б са мной, калі б не з’явіўся ты... А цяпер... Цяпер я нічога і нікога не баюся! Хоць жыўцом спаляць, рукі-ногі адсякуць, вочы...

Касценя. Не трэба! Замоўкні!

Лена. Не баюся ні смерці, ні пакут! Верыш?

Касценя. Веру.

Лена. Скажы яшчэ раз.

Касценя. Веру. Веру.

Лена (паднялася і стаіць перад Касценем на каленях). Гэта такое слова, Алёша, такое слова! Як музыка. Сёння гэта галоўнае слова. Можна жыць без усіх астатніх слоў, а без гэтага нельга... (Чуваць умоўны грукат у дзверы.) Гэта дзядзька Максім!

 

Лена ідзе ў калідор і вяртаецца з Максімам.

 

Максім. Шанаванне, лясны браток! Ну, як там у вас?

Касценя. Ды так, як і ў вас...

Максім. Усюды адно... Ну нічога, перажывем ліха.

Лена. Дзядзька Максім, з чым прыйшлі?

Максім. З добрай навіной, дачка. Нарэшце аб’явіўся доўгачаканы Баравік. І ведаеце, браточкі, хто гэта? Гваздзёў!

Касценя. Лена (разам). Гваздзёў?!

Максім. Ён самы. Такі ж спрытны, толькі з барадой.

Касценя. Дзе ён?

Максім. Сядзіць у маёй хованцы. Пытае, калі можна сустрэцца з Ленай.

Лена (паглядзела на Касценю). Можа зараз?

Касценя. Добра. (Да Максіма.) Ідзі за ім... (Максім выходзіць.) Мне трэба пайсці. Зараз я не магу з ім сустрэцца...

Лена. Чаму?

Касценя. Ёсць прычыны...

Лена. Разумею... Ты ведаеш... Не трэба адсюль ісці... Схавайся ў тым пакойчыку... А можа спатрэбішся, тады выйдзеш.

Касценя. Ну добра. Толькі пра мяне ні-ні! (Выходзіць.)

 

У калідоры чуваць голас Максіма: «Асцярожна... Лямпачка, разумееш, яшчэ пры савецкай уладзе згарэла, а цяпер пры «новым парадку» няма дзе здабыць...» Уваходзяць Максім, следам Гваздзёў.

 

Максім. Ну вось і дабраліся...

Гваздзёў. Добры дзень у хату...

Лена. Добры дзень... Ой, які ты смешны, Віктар, у гэтай світцы.

Гваздзёў. Які я табе Віктар? Я Баравік.

Лена. Ну, Баравік... Адкуль ты з’явіўся?

Гваздзёў. Адкуль жа цяпер з’яўляюцца? З неба.

Лена. Як Масква?

Гваздзёў. Масква стаіць і стаяць будзе...

Максім. Дык яны брэшуць тут у газетках, што стаяць ля самых варот Масквы? У біноклі, пішуць, Красную плошчу бачаць...

Гваздзёў. Можа і бачаць. Але Масквы ім усё роўна не ўбачыць, як сваіх вушэй... Як вы тут?

Лена. Як мае быць!

Гваздзёў. Ды штосьці не так. Бачыла павешаных каля Дома ўрада? Гэта ж усё нашы...

Лена. Я нічога не разумею...

Гваздзёў. Вось за гэтым я і прыйшоў... Скажы, табе не даводзілася на допытах у Штаўбе бачыць трох тыпаў у чорных балахонах?

Лена. Аднойчы бачыла. Гэта нейкія важныя агенты Штаўбе. На каго яны паказваюць, тых звычайна расстрэльваюць...

Гваздзёў. Чаму ж ты адразу не паведаміла?

Лена. Паведаміла...

Гваздзёў. Аднаму чалавеку з лесу... Так. Гэтаму дзядзю Косцю? Не, хопіць гуляць у хованкі! Я павінен з ім сустрэцца. Гэты дзядзька дзейнічае з такім размахам, быццам у яго цэлая партызанская армія... Трэба наладжваць з ім кантакт... Ці можаш ты дапамагчы?

Лена. Спытаю...

Гваздзёў. Тады так, пазвоніш па нумару 30-75. Спытаеш пана Дудко. Скажаш яму: «Вы абяцалі нямецкую швейную машынку». Ён адкажа: «Яшчэ не атрымалі. Як толькі атрымаем — ваша першая чарга». Калі ён скажа так, дык я ў горадзе. Калі скажа: «Ваша другая чарга», — звані яму праз дзень...

Лена. Добра. Пытаць пана Дудко ці...

Гваздзёў. Ён сам першы назаве сябе... Цяпер пра гэтых у балахонах. Іх трэба апазнаць. Можна гэта зрабіць?

Лена. Паспрабую.

Гваздзёў. Толькі асцярожна! Ты для нас вельмі дарагі падпольшчык. І не маеш права рызыкаваць... Магу табе падказаць... Калі яны будуць утрох, скажы: Рогаў. І ўважліва сачы, можа каторы з іх якім-небудзь рухам выдасць сябе... Дамовіліся? І яшчэ прашу цябе быць асцярожнай... Я пайшоў. (Ідзе да дзвярэй. Да Максіма.) Паглядзі там...

 

Максім і Гваздзёў выйшлі. Уваходзіць Касценя.

 

Касценя. Ну што ж... Прыйдзецца сустрэцца з маім былым следчым... А пан Дудко, мабыць, Максім?

Лена. Відаць, ён... Хі-ітры стары! Стаіць сабе і ў вус не дзьме. Я на яго гляджу — хоць бы хны!

Касценя. І ўсё ж кепска з канспірацыяй... Правал за правалам. Гэтых у балахонах абавязкова трэба вывесці на чыстую ваду...

 

Зацямненне.

Каля зруйнаваных гмахаў нешта накшталт часовай барахолкі. Гандлююць усялякай дробяззю. Праходзіць хлопец. Праз шыю — латок з таварам.

 

Хлопец. Гэй, паны і паненкі! Грамадзяне вольнай Беларусі! Хто забыў наведаць мой універмаг? Калі ласка, налятай, што па сэрцу, выбірай! Купіў не купіў, а патаргавацца можна! Бо ўсё кірмашуе, пакуль грошы за пазухай чуе. Новы парадак! Змяніў быка ў Мінску на індыка ў Пінску.

Максім (прыпыніўшыся каля хлопца). Ух, і насабачыўся брахаць! Прыйдзецца табе пасля вайны ў гандаль падавацца... (Узяў люстэрка.) Сёння выйдзеш на сувязь...

Хлопец. Нам не да барыша — была б слава хараша. Бярэш ці толькі нюхаеш?

Максім. Нешта нічога ў тваім люстэрку не бачна... Я яшчэ раз падыду, і ты будзеш купляць у мяне Біблію... Кепскае, братка, тваё люстэрка...

Xлопец. Не каркай на люстэрка, калі морда крывая! (Разышліся.)

 

На барахолцы з’яўляецца Лена ў суправаджэнні Лізэра. Яны падыходзяць да Максіма.

 

Максім. Каму Біблію... Каму святую кнігу...

Лена. Можна паглядзець?

Лізэр. Фрэйлен Гелена! Няўжо вы набожная? Вось не чакаў...

Лена. Не, я не набожная, але, ведаеце, ніколі не бачыла Бібліі.

Лізэр. Вядома. Краіна бязбожнікаў.

Лена. Колькі вы просіце?

Максім. Як аддаць, кветачка ясная, пяць соценных...

Лена. Савецкіх?

Максім. А якіх жа яшчэ? Біблія кніга святая... Як бог палажыў...

Лена. Спекулянт твой бог!

Максім. Бярэш — бяры, а бога не гняві...

Лізэр. А колькі на маркі?

Максім. Ваша міласць, на маркі не прадаецца.

Лізэр. Чаму?

Максім. Праваслаўныя мы... Кніга святая.

Лізэр. Дзікуны вы! Фрэйлен Гелена, вам вельмі хочацца?

Лена. Не, расхацелася. Пойдзем.

 

Адыходзячы з Лізэрам, Лена непрыкметна перадае нешта Максіму. Да Максіма падыходзіць хлопец.

 

Хлопец. Гэй! Хто грошы мае, падыходзь! Тавар першага гатунку! У каго грошы завяліся, не скупіся, наваліся! Каму каменьчыкі для запальнічак? Аж з самой вялікай Германіі! Першаму пакупніку скідка! Эй! Стары! Што гэта ў цябе?

Максім. Святая кніга. Біблія...

Хлопец. Во? Бібліі мне толькі і не хапала! Колькі просіш?

Максім. Каб не таргавацца — пяць соценных!

Хлопец. Атрымай!

Максім. Евангелле ад Лукі, шостая калонка знізу...

 

Яны разыходзяцца. Раптам да Максіма падыходзяць нямецкія салдаты, штурхаюць яго перад сабою...

Зацямненне.

Гестапаўскі засценак. Зараз тут Штаўбе, Лізэр. У глыбіні кабінета за столікам сядзіць Лена, ляпае на машынцы. Пасярод кабінета на стомленых нагах стаіць Максім.

 

Штаўбе. Спадзяюся, з вамі тут абыходзіліся карэктна?

Максім. Ага! Век памятаць буду і ўнукам накажу...

Лізэр. Калі яны ў вас будуць...

Максім. А яны ў мяне ёсць!

Штаўбе. Дзе ж яны?

Максім. Дзе ўсе. Вас б’юць.

Штаўбе. Ну, пакуль што мы вас б’ём. Вы просты рабочы чалавек. Вам патрэбна спакойнае, забяспечанае жыццё... і толькі! Ці не так? А што дала вам савецкая ўлада? Якую ўласнасць вы мелі? Вы асабіста...

Максім. Казу.

Штаўбе. Ну, вось бачыце! А новы парадак гарантуе вам усё! Захочаце мець сто, тысячу коз — калі ласка!

Максім. Дзякую, ваша высокасць. Нам і ад адной казы жыцця не было...

Лізэр (смяецца). Гер шэф! Яму хопіць і паловы казы. Дайце яму толькі адно тое месца, адкуль цячэ малако, і ён будзе на сёмым небе ад шчасця. Славяне — непатрабавальная парода рабоў...

Штаўбе. Не спяшайцеся з вывадамі, Лізэр. А вы ведаеце, мой бацька працаваў кляпальшчыкам на верфі ў Гамбургу. З вялікімі цяжкасцямі даў мне асвету. Так што мы з вамі браты па класу.

Максім. Заклятыя мы ворагі.

Штаўбе. Толькі таму, што я тут? Але я выконваю свой святы абавязак пралетарскай салідарнасці. (Лізэр з цяжкасцю стрымлівае сябе, каб не зарагатаць.) Лізэр... ваш настрой не адпавядае абставінам...

Лізэр. Прашу прабачэння!

Штаўбе. Мы дапамагаем рускаму народу навесці парадак у сваёй краіне. Ці ж гэта не высакародна? Ну, скажыце самі!

Максім. З табою гаварыць, як з пяску пугу віць.

Штаўбе. Як гэта — «пугу віць»? Я добра ведаю па-руску, але гэтага не разумею...

Максім. А пра што я і кажу. З дурнем размаўляць — і той розум страціш, што меў...

Штаўбе. Калі будзеш сябе так паводзіць, дык страціш не толькі розум.

Максім. Вось гэта знаёмы голас! Так бы адразу... А то пачаў прыкідвацца! Відзён жа сокал па палёту, а сава па погляду...

Штаўбе (з упартай настойлівасцю). Паслухай... Ты просты рабочы.

Максім. Чаму просты? Майстар я.

Штаўбе. Ну, майстар. Тваё адзінае багацце — твае мазолістыя рукі, якім, як сцвярджае вялікі нямецкі вучоны Маркс, няма чаго губляць, апрача сваіх ланцугоў... Так жа? Ну, дык якая табе розніца, які гаспадар будзе плаціць за твае рукі масцеравога чалавека? Важна, колькі ён будзе плаціць! А ці чуў ты, што ў шмат якіх краінах Захада і ў Амерыцы за рабочыя рукі плацяць значна больш, чым плацілі табе саветы?

Максім. Гэта мы чулі.

Штаўбе. Дык якая ж табе выгада ахвяраваць жыццём за ўладу, якая нічога табе не дала, апрача адной казы?

Максім. Дык гэта ж мая ўлада, курыная твая галава! Мая народная ўлада. А ты мне гітлераўскую на горб узвальваеш! Але што з табою гаварыць, калі ў цябе замест мазгоў крыважэрны звяруга сядзіць.

Штаўбе. Гэта не так! Мне зусім не хочацца цябе знішчыць. Ты моцны чалавек, разумны, у цябе працавітыя рукі. Гэтымі рукамі трэба будаваць новы парадак, а ты робіш глупства, за якое цябе трэба караць. Мне шкада цябе. Ты стары, паважаны чалавек, які так недарэчна трапіў у мой нерат. Ведай жа, усё так званае мінскае падполле — гэта мае людзі! І мне ўсё вядома з першых рук...

Максім. А калі вядома — чаго чапляешся?

Штаўбе. Ён не верыць! Ну, глядзі! (Націскаекнопку званка. Уваходзіць чалавек у балахоне.) Падыдзіце сюды. Паглядзіце на гэтага чалавека. Ён знаёмы вам? Вы сустракаліся з ім? (Да Лены.) Фрэйлен Гелена, вы маеце некалькі хвілін адпачынку... Прашу вас. (Лена выходзіць.) Цяпер кажыце...

Чалавек у балахоне. Так, я сустракаўся з ім. Ён перадаваў мне матэрыялы для радыравання ў цэнтр. Пры апошняй сустрэчы ён перадаў мне Біблію з шыфроўкай...

Штаўбе (бярэ са стала кнігу). Вось гэту?

Максім (кідаецца на чалавека ў балахоне). Ах ты падлюга!

 

Эсэсаўцы цягнуць Максіма з кабінета.

Штаўбе. Лізэр! Цяпер чарга за вашай методай...

Лізэр. Слухаю, шэф! І паверце, мая метода больш падыходзіць да гэтага быдла... Гэта ж вам не Францыя! Якія тут могуць быць тонкасці і далікатнасці?

Штаўбе. Слухайце, вы! (Чалавек сцягвае з твару балахон. Гэта Стась, хлопец-латошнік.) Калі вы думаеце, што гэты спектакль з пераапрананнем я буду цярпець так доўга, дык вы жорстка памыляецеся, пан Стась. Мне патрэбны сапраўдныя кіраўнікі, а не сляпыя выканаўцы. Хто забіў Рогава і Бялова?

Стась. Я думаю, што гэта выпадкова...

Штаўбе. Вы яшчэ здольны думаць! Гэта добра. І калі вы хочаце яшчэ крыху пакапціць неба...

Стась. Я ўсё зраблю, пан Штаўбе! Я дазнаюся пра Рогава і Бялова... У мяне будзе сустрэча з адным вялікім начальнікам...

Штаўбе. Калі?

Стась. Гэта будзе мне сказана за час да сустрэчы...

Штаўбе. Трымаць сувязь са мной! Быць на яўцы з ім да самага канца аперацыі. І нават страляць, калі дойдзе да страляніны... Вы зразумелі? Ён не павінен вас западозрыць... Марш!

Зацямненне.

Зімовы надвячорак. Руіны. Уваходзіць Гваздзёў, агледзеўся. Ціха свіснуў. З’яўляецца Стась.

Гваздзёў. Парадак?

Стась. Як у аптэцы.

Г ваздзёў. Правільна. Як у аптэцы. Сёння выйдзеш на сувязь і перадасі, што Рогаў і Бялоў былі завярбованы гестапа і адпушчаны «працаваць». Яны дзейнічалі на чыгунцы. Рогаў п’яны прыйшоў у госці да нейкай Лягушэвіч. Ён ведаў яе да вайны. Разам працавалі на чыгунцы. Яна на кадрах сядзела, прайдоха... Рогаў па п’янцы ляпнуў ёй: чаму яна не ў падпольнай арганізацыі. Ноччу яго цёпленькага прама і забралі з яе пасцелі... Потым арыштавалі Бялова і яшчэ некага... Ён і ёсць трэці...

Стась. А хто — невядома?

Гваздзёў. Ну, а як ты думаеш?

Стась. А што мне думаць? Мая справа — рацыя...

Гваздзёў. Зброя ў цябе ёсць?

Стась. А што?

Гваздзёў. Дай сюды. Ну! (Стась аддае пісталет.) А цяпер скажы: чаму ты да гэтага часу не выдаў мяне? Баішся?

Стась. Я не вінаваты! Яны мяне адразу запеленгавалі! Далі мне нейкую дапатопную рацыю... Схапілі мяне... Білі, агнём катавалі... А потым падаслалі Рогава... Ён сказаў, што Цэнтр ужо ведае аб маім правале і мяне ўсё роўна расстраляюць... Я не вінаваты!

Гваздзёў. А хто вінаваты, што ў цябе душа баязліўца і сволачы?

Стась. Але ж вас я не выдаў! А мог!

Гваздзёў. Баяўся? Ці чакаў зручнага моманту, каб выслужыцца? У цябе ёсць гестапаўскі дакумент? Ну! Дай сюды!

Стась (працягнуў жэтон). Пашкадуйце мяне! Даруйце! Хочаце, я буду служыць у немцаў для вас... Вам жа патрэбны...

Гваздзёў. Не, нам не патрэбны халуі.

Стась. Пашкадуйце! Я ж зусім яшчэ малады...

Гваздзёў. Сціхні, погань! Малады! А тыя не маладыя, што вісяць каля Дома ўрада?

Стась. Я іх не выдаваў! Гэта Рогаў!

Гваздзёў. Косцю Тарсіцкага ведаў толькі ты. Малады... Як ты, малады савецкі чалавек, змог пайсці на такое? Што думаў, на што разлічваў, калі здраджваў свайму народу, ішоў у паслугачы фашызму? І як я цябе не раскусіў яшчэ там, у Маскве? Такую чорную душу прагледзеў! Ніколі сабе гэтага не дарую... А цяпер пойдзем. І без выбрыкаў. Не хныч! Не люблю!.. Пайшлі!

 

Стась пакорліва ідзе паперадзе Гваздзёва. Яны хаваюцца сярод разбурэнняў. З’яўляецца Касценя. Ён у кажушку, махнатай шапцы-кучомцы. У руцэ пуга — прыехаў дзядзька з вёскі ды нечага шукае... Робіць выгляд, што чытае загады нямецкіх улад, якія наляпаны на ўцалеўшай сцяне зруйнаванага дома. З другога боку з’яўляецца Гваздзёў. Падыходзіць да сцяны.

 

Гваздзёў. Ну, здароў дзядзька Косця.

Касценя. Здароў, Баравік.

Гваздзёў. Як жа гэта ты, арыштант, тут апынуўся?

Касценя. Вельмі проста. Турму разбамбілі. Пагналі нас следам за адступаючымі, а ў дарозе немцы перахапілі. Ну, ноччу і даў я стракача. Ды не адзін я такі прыткі аказаўся... Сабралася нас у лесе чалавек дваццаць. Вось і стаў я дзядзькам Косцем...

Гваздзёў. Вось як, браток, бывае. А цяпер слухай... Давай хоць для блізіру цэглу складваць. Быццам немцы загадалі. Тым больш, усё роўна прыйдзецца нам гэтыя руіны разбіраць... Значыць, збег з турмы, не дачакаўшыся...

Касценя. Чаго?

Гваздзёў. Твая справа перагледжана. Ты рэабілітаваны.

Касценя. Ты пастараўся?

Гваздзёў. Не толькі я. Твой камандзір у Іспаніі генерал Рэут. Праўда, і яму прыйшлося быць пад следствам... Але такі чалавек! Не пра сябе клапаціўся, а пра сваіх баявых сяброў...

Касценя. Дзе ён цяпер — не ведаеш?

Гваздзёў. Танкавым корпусам камандуе... Але давай па справе. Учора штабная машына з двума палкоўнікамі каля Трасцянца — твая справа?

Касценя. Наша.

Гваздзёў. Дзе гэтыя палкоўнікі?

Касценя. Вось я і хачу прасіць цябе дапамагчы адправіць іх на Вялікую зямлю. Шышкі вялікія! Карты з імі...

Гваздзёў. Добра. Гэта мы зробім. У цябе радыст ёсць?

Касценя. Радыстаў колькі хочаш. Рацыі няма. Была нямецкая — сапсавалася, і ніяк наладзіць не можам...

Гваздзёў. Рацыю атрымаеш... (Прыслухаўся.) Слухай, дзядзька Косця. Мы ўліплі. Вось гад! Паспеў навесці... Будзем прабівацца!

 

Яны бягуць у разваліны. Пачалася страляніна. Па развалінах слізгае прамень пражэктара...

Зацямненне.

 

У кабінет уваходзіць разгневаны Штаўбе. За ім з вінаватым выглядам пляцецца Лізэр.

 

Штаўбе. Раз-зявы! Упусціць такую дзічыну!

Лізэр. Але ж гэта д’ябал, а не чалавек... Ні адной кулі марна не пусціў.

Штаўбе. Дзе ён? Я пытаю вас, дзе ён?

Лізэр. Быццам скрозь зямлю праваліўся...

Штаўбе. Жывога ці мёртвага, хоць з-пад зямлі. Лізэр, вы мяне зразумелі?

Лізэр. Слухаю, гер обер-фюрэр! Вуліцы ачэплены...

Штаўбе (па тэлефоне). Доктар Вульферт? Перавязалі? Што? Калі трэба — ампуціруйце руку. Мне патрэбна яго галава! І каб у ёй было ўсё як трэба. Што? Зрабіце яму сотню ўколаў, пераліце цыстэрну крыві. Нават арыйскай! Ён павінен жыць! Мёртвы ён мне не патрэбны... Ведаю, ведаю, што вы не бог, тым не менш... Вось так! (Кінуў трубку.) Лізэр! А куды знік гэты крэтын Стась? Чаму яго не было на месцы аперацыі, як дамаўляліся? Праверце, можа мы яго падстрэлілі. Страта невялікая, але зараз ён мне вельмі патрэбны. Як толькі з’явіцца — да мяне!

Лізэр. Яволь! Магу ісці, гер шэф?

Штаўбе. Ідзіце! І памятайце, Лізэр, калі мы зараз не дакапаемся да гэтай праклятай арганізацыі, прыйдзецца нам збіраць рэшткі баявога духу, ён спатрэбіцца на фронце.

Зацямненне.

 

Кабінет Штаўбе. За столікам Лена. З’яўляецца Лізэр. Следам эсэсаўцы ўводзяць Касценю. Твар яго разбіты, губы сцятыя. Левы рукаў пусты. Лена глядзіць на яго, з цяжкасцю хаваючы разгубленасць. Штаўбе спадылба назірае за ёй і Касценем.

 

Штаўбе (да Касцені). Сядайце, мой добры знаёмы! Вось мы і сустрэліся зноў! Памятаеце, я гаварыў, што мы абавязкова сустрэнемся... (Кіўнуў на пусты рукаў.) Баліць? Паверце, я вам спачуваю... Віно? Цыгарэту? Не хочаце? Дарэмна. Падобная пагарда ў вашым стане — проста недарэчнасць. Тым больш, няма каму яе тут як належыць ацаніць. О! Я забыўся. Тут ёсць жанчына... Фрэйлен Гелена! Гэта, мабыць, з-за вас мой стары знаёмы паводзіць сябе так неразумна. О, якія глупствы робім мы з-за жанчын! Але чарачка добрага французскага каньяку не пашкодзіць вашым прынцыпам... Гляньце, гэта стары мартэль... (Налівае чаркі.) Я прапаную выпіць за Іспанію!

Касценя. За Іспанію... вып’ю!

Штаўбе. Ну, вось мы і знайшлі нешта блізкае нам абодвум. Іспанія... Памятаеце бой за універсітэт?

Касценя. Можа абыдземся без успамінаў?

Штаўбе. Можна і без успамінаў. Тым больш, яны для вас не вельмі прыемныя. Тады давайце адразу да справы. Будзем гаварыць як салдат з салдатам... О, колькі іроніі і сарказму ў вашых вачах. Чаму вы не бачыце магчымасці для ўзаемаразумення? Без гэтага немагчыма далейшая цывілізацыя...

Касценя. Смешная ваша наіўнасць, Штаўбе. Ніколі не думаў, што жорсткасць і наіўнасць...

Штаўбе. Паверце, яны побач! Бо жорсткімі робяць нас толькі абставіны. Мы прыйшлі ў гэту краіну ў надзеі знайсці агульную мову. І мы знайшлі б яе! Бо большасць народа з намі. Вы ведаеце, колькі штыкоў у генерала Уласава? Тры мільёны! Гэтая лічба прымушае задумацца. Я разумею: свой шлях мы самі выбіраем. Яго нельга навязаць сілай. Бо ў такім выпадку чалавека трэба весці на ланцугу, нібы звера... Мы супраць гэтага. Нам патрэбны свядомыя будаўнікі новага парадку. Але, калі мы не пойдзем адзін аднаму насустрач, то вымушаны будзем прыбегчы і да ланцугоў... Ну, вось вы! Чаму вы на тым баку барыкад? Чаму не з намі? Ці ж вы самі не бачыце: такая магутная дзяржава не вытрымала нашага націску, дапусціла нас да самых сцен Масквы? Як бачыце, не ваша, а мая ідэя ля самых варот Крамля.

Касценя. Пад Масквой не твая мярзотная ідэя, а твае танкі. Пакуль што яны падмялі пад сябе маю зямлю. А мая ідэя ў маёй галаве, сэрцы, крыві! І знішчыць яе, перамагчы ты зможаш, толькі знішчыўшы мяне! Няўжо да цяперашняга часу ты не зразумеў гэтага?

Штаўбе. Гэта вар’яцтва! Нейкі славянскі фанатызм... (Адышоў да акна, падзывае Касценю. Лізэр піхае яго.) Вы гаворыце аб знішчэнні... О, гэта так проста! Паглядзіце на іх. Тут роўна тысяча. Праз нейкі час ад іх нічога не застанецца, апроч касцей... Дарэчы, гэта заложнікі. Яны ўзяты ў тым раёне, дзе былі захоплены вы... Яны будуць знішчаны! Але вы можаце іх не шкадаваць. Яны не варты гэтага... Паглядзіце на іх твары. Паспрабуйце хоць кагосьці выдзеліць. Страх смерці ўсіх ператварыў у жывёлін. Тупая, аморфная маса... І гэта з ёй вы хацелі пабудаваць нейкі там сацыялізм... Якая страшэнная і наіўная гістарычная недарэчнасць! Не, мой паважаны ідэйны антыпод! Калі чалавецтва ўсур’ёз разлічвае падняцца ў вышыню, яно павінна пазбавіцца падобнага баласту. І гэту вялікую місію мы, нацыянал-сацыялісты, узялі на сябе. Мы за панаванне моцнай, інтэлектуальнай і дысцыплінаванай асобы. Вось чаму мне шкада будзе знішчыць вас...

Касценя. Ну вось і прыступай да таго, што ўмееш рабіць лепш за ўсё. Кліч сваіх кастаправаў!

Штаўбе. Вы дарэмна спадзяяцеся на свае нервы. Ці вы думаеце, што камуністы з жалеза?

Касценя. Паспрабуй, даведаешся.

Штаўбе. Я вас разумею. Вы красуецеся перад гэтай маладой асобай. (Падыходзіць да століка, за якім сядзіць Лена.) О, бедная дзяўчынка! Мне шкада вас. Вы ашуканы. Злачыннай дэмагогіяй вас схілілі на дзейнасць не сумяшчальную з прызначэннем жанчыны, ды яшчэ такой маладой і прыгожай. (Лена пацягнулася да сваёй сумачкі, але Штаўбе апярэдзіў яе. Дастаў з сумачкі пісталет, а сумачку працягнуў Лене.) Калі ласка, фрэйлен Гелена. Можаце напудрыць свой цудоўны носік перад тым, як павядуць вас на шыбеніцу.

Касценя (крычыць у роспачы). Лена!

Штаўбе. А! Закрычалі?! Наіўныя людзі! Яны хацелі абвесці вакол пальца старога Штаўбе! Можа толькі ў першую хвіліну я паверыў гэтай маладой і прывабнай асобе, калі яна вельмі натуральна скардзілася на савецкую ўладу... Але потым я злавіў неасцярожны яе позірк і ўсё зразумеў... (Да Касцені.) А як вы, спрактыкаваны падпольшчык, маглі паслаць такое горкае дзяўчо сюды, адкуль вельмі цяжка выйсці жывым? Дык ведайце! Гэта яна дапамагла ліквідаваць нам ваш так званы Мінскі гарадскі камітэт! Яна! За такі промах, нават калі я вас адпушчу на свабоду — вам не даруюць! (Лена кідаецца з крыкам на Штаўбе. Лізэр хапае яе, моцна трымае.) О, які тэмперамент! Зараз я шкадую, што не... Але гэта яшчэ не позна.

Лізэр (смяецца). Час яшчэ ёсць, шэф...

Штаўбе. Лізэр, пагаварыце з ёй... як вы ўмееце.

Лізэр. Яволь! (Цягне Лену да дзвярэй.)

Лена. Бывай, мой любы! Не хвалюйся і не думай пра мяне... Я ўсё вытрымаю...

Штаўбе. Як бачыце, я прынцыпова супраць катаванняў. Гэтыя сярэдневяковыя метады я лічу ўстарэлымі. Ці да твару нам, людзям дваццатага стагоддзя, карыстацца спадчынай інквізіцыі? Ці можна параўнаць боль цела з болем душы і розуму? Шкада, мой погляд не раздзяляе мой малады калега... (Ідзе да сцяны і распахвае фіранкі. Кліча пальцам Касценю. Ён падыходзіць.) О, гэты Лізэр вялікі эстэт! Дзяўчат ён любіць катаваць зусім голымі... Мой бог! Якая яна цудоўная! Якое цела... Багіня! Жудасна нават уявіць сабе такую прыгажосць знішчанай, растаптанай... О, гэта нявінная ахвяра! І няўжо вы возьмеце на сваю душу такі недаравальны грэх? Не, гэтага вы не зробіце! Адно ваша слова, і яна будзе свабоднай! Ну! Даю вам на роздум пяць хвілін. Вы разумны чалавек.

Касценя (адвярнуўся, заплюшчыў вочы). Лена... Даруй мне!.. Даруй!..

Штаўбе. Не, не, не! Вы павінны глядзець! Гэта вы яе забіваеце! (Глядзіць на гадзіннік.) Але ў вас яшчэ ёсць цэлых дзве хвіліны... Лізэр чакае майго сігналу... Вось і ўсё... Далей хвіліны адлічвае смерць! (Штаўбе робіць знак.) Што такое?

Лізэр (уваходзячы). Пракляцце! У яе быў яд. Імгненная смерць.

 

Касценя ў знямозе падае на падлогу. Раз’юшаны Штаўбе хватае Лізэра загрудкі.

 

Штаўбе. Вы мне адкажаце, Лізэр, за ўсё разам.

Лізэр. Гер шэф! Пры чым тут я?! Што за людзі, мой бог! Горш за звяроў! Бо звяры баяцца ж хоць болю!

Штаўбе. На тое яны звяры, Лізэр. Ну, што ж цяпер рабіць?!

 

У дзверы пастукалі. Лізэр ідзе да дзвярэй.

 

Лізэр. У чым справа, Ганс? (Да Штаўбе.) З’явіўся Стась.

Штаўбе. Нарэшце! Давайце яго сюды!

 

Уваходзіць чалавек у чорным балахоне, шпарка падыходзіць да Штаўбе і страляе. Штаўбе падае тварам на пісьмовы стол. Лізэр так і не паспеў выхапіць пісталет — Касценя б’е яго ў скроню. Нахіліўся над ім, даў некалькі добрых ляшчоў па шчацэ.

 

Гваздзёў. Ціха, Лізэр, толькі ціха... Не ў нашых з табой інтарэсах падымаць гвалт... (Да Касцені, які прыпадняў галаву.) Алёшка! Ісці ты можаш? (Касценя падняўся на ногі.) Трымай пісталет! (Кінуў Касцені пісталет Лізэра.) Слухай, Лізэр... Зараз мы ўдвух выведзем яго адсюль... Сядзем у тваю машыну і паедзем па Магілёўскай шашы... Калі ўсё будзе добра, гарантую табе тваё паганае жыццё. Думаю, што табе няма ніякага сэнсу заставацца тут. Пайшлі, Алёша!

 

Музыка. Трагічная тэма. Прамень высвятляе твар Касцені. Толькі твар. І вочы. У глыбіні сцэны ў прамені ўзнікае твар Лены.

 

Лена. Алёша... Памятаеш наш паэтычны дыспут?

Касценя. Памятаю... Усё памятаю. Слухай! «Плевать, что нет у Гомеров и Овидиев людей, как мы от копоти в оспе. Я знаю — солнце померкло б, увидев наших душ золотые россыпи! Жилы и мускулы — молитв верней. Нам ли вымаливать милостей времени?! Мы каждый держим в своей пятерне миров приводные ремни». Сіла! Аж мурашкі па скуры. Вось гэта сапраўдная паэзія! Ленка! Няўжо ты гэтага не разумееш?

Лена. Разумею, што гэта барабанны бой. Я не скажу, што гэта дрэнна... Толькі вось паслухай сапраўдныя вершы. (Дэкламуе.) «Отговорила роща золотом березовым, веселым языком. И журавли, печально пролетая, уж не жалеют больше ни о ком. Кого жалеть? Ведь каждый в мире странник — пройдет, зайдет и вновь оставит дом. О всех ушедших грезит конопляник с широким месяцем над голубым прудом...» Алёшка! Ну ці ж гэта не здорава?

Касценя. Слязліва ж вельмі.

Лена. Ты... ты проста пень! Табе недаступна сапраўднае разуменне і пачуццё.

Касценя. А пра якое гэта пачуццё ты тут шчабечаш? Пра каханне?.. Дык ты сама тут ні бум-бум...

Лена. Дурань ты дурань, Алёшка...

Касценя. Пра вялікае пачуццё і гаварыць трэба па сапраўднаму, а не сюсюкаць... Вось так! (Дэкламуе.) «Мария! Имя твое я боюсь забыть, как поэт боится забыть какое-то в муках рожденное слово, величием равное богу. Тело твое я буду беречь и любить, как солдат, обрубленный войною, ненужный, ничей, бережет свою единственную ногу!»

Паўза.

Лена. Гэта, вядома, добра... І ўсё ж гэта — нібы выйсці на гарадскую плошчу і закрычаць: «Лю-ю-блю-ю-ю!»

Касценя. А чаму не закрычаць, калі сапраўды любіш?

Лена. І ты выйдзеш і вось так... закрычыш, напрыклад, для Каці?

Касценя. Для Каці? Каця, бадай, не зразумее... Вось можа для цябе?

Лена. Не трэба, Алёша... Не трэба! (Знікае.)

 

Прамень высвятляе твар Максіма.

 

Максім. Я забыўся ў цябе спытаць, Алёша... Ці проста не паспеў.

Касценя. Пра што ты хацеў у мяне спытаць?

Максім. Ну, ведаеш... Ты быў у Іспаніі, ваяваў там, а цябе ў турму... Ці не пакрыўдзіўся ты на савецкую ўладу?

Касценя. А пры чым тут савецкая ўлада?

Максім. Я так і думаў! Сапраўдны ты камуніст, Алёша... Вінаваты былі тыя людзі, якія не ўмелі верыць і шанаваць праўду... З ёй вельмі асцярожна трэба! Праўда веры патрабуе. Вунь са мною ў грамадзянскую адна гісторыя прыключылася... Не памятаю, мо расказваў байку, як я беляка выпусціў? Тады слухай... Прыходзіць да нас у атрад бяляк. Штабс-капітан Лекараў. Аляксандр Львовіч... Праўда, пагоны скінуў, толькі афіцэрскі георгі на фрэнчы... Ну, прывялі яго да нашага камандзіра... Гэты Лекараў і кажа: хачу служыць рускаму народу і рэвалюцыі. А камандзір наш, Змітро Лыкаў, балтыйскі марак, быў вельмі ж злосны на контру — белякі ўсё яго лыкаўскае племя аж да сёмага калена пад корань... Вось ён і кажа: «Служыць рэвалюцыі ты ў мяне будзеш толькі на тым свеце!» І прыказвае: «Раніцай у штаб Духоніна!» Зачынілі яго ў лазні за хатамі ля рэчкі. А мяне вартавым паставілі. Ну, сцерагу беляка. Чую, закурыць просіць. Адсыпаў я самасаду на закрутку і сам задыміў. Рабіць няма чаго — разгаварыліся. Ён пытае, ці веру я яму? Глянуў яму ў вочы і баюся самому сабе прызнацца: «Веру!» Прамаўчаў я. Бо сам не магу зразумець— чаму я свайму заклятаму ворагу веру? Ён спахмурнеў і кажа: «Я цябе разумею — стагоддзямі накалялася народная нянавісць, а цяпер вось прарвалася, як лава з вулкана... І пад лавай гэтай вогненнай гінуць не толькі чорныя, але і чыстыя душы, бо яна не разбірае — цячэ сабе і ўсё на сваім шляху паліць... Гэта, кажа, заканамерны працэс». Мудрагеліста гаварыў бяляк, але ад чыстай душы. Ты, кажа, нават яшчэ і ўявіць сабе не можаш, якое жыццё наперадзе чакае расіян, якая вялікая слава суджана Расіі. Таму беражы сябе, хлопча. Не шкада аддаць жыццё за светлую будучыню, але вялікае шчасце дажыць да заўтрашняга дня... Розныя шляхі вядуць да яго, розныя шляхі выбіраем мы, але ёсць адзін самы прамы і верны шлях — і трэба не абмінуць яго... А я вось, здаецца, і ўзышоў на свой верны шлях, ды спатыкнуўся... Глянуў я на яго, а на твары беляка слёзы... Не вытрымаў я. Дзверы насцеж і кажу: «Уляпётвай к ядронай мацеры!» А сам да камандзіра: «Судзі, кажу, рэвалюцыйным судом». Толькі гэта Змітро прыняўся суд нада мною ладзіць, уваходзіць бяляк... І што ж ты думаеш? Паверыў Змітро! Потым гэты Лекараў да камандзіра арміі даслужыўся... А Змітро камісарам у яго быў. Неразлучнымі дружбакамі сталі. А пад Кахоўкай іх адным снарадам накрыла. Ляжаць у адной магіле, і помнік ім паставілі адзін на двух... Людзі паверылі адзін аднаму і не памыліліся.

 

Прывід Максіма знікае. Прамень высвятляе твар Гваздзёва.

 

Гваздзёў. Смерць прыйшла да мяне нечакана. Маё жыццё не належала мне. Вось толькі не ведаю... Калі б усё спачатку... Не! Двойчы на такое жыццё не можа хапіць чалавека з адным сэрцам... На жаль, яно адно. Але я не шкадую — думаў, пакуль быў жывы, паспею... Але калі ўсё скончана, гэта не мела ўжо ніякага значэння. Час зруйнуе нашы магілы, зялёнай муравой і стромкімі бярозкамі зарастуць месцы, дзе лілася наша кроў. Час няўмольны, і гэта мы разумеем... Але будуць у свеце такія, што захочуць на нас забыцца. Ім будзе непрыемны нават напамінак пра нас і нашу барацьбу. Гэта заўсёды называлася раўнадушшам. А яно нараджае здраду. Таму наш наказ застаўшымся ў жывых і народжаным пасля нас: не забывайцеся на нас, шануйце нашу барацьбу, калі хочаце абараніць мір і шчасце нашага заўтрашняга дня...

 

Сціхае музыка. Толькі чуваць, як б’ецца трапяткое чалавечае сэрца...

 

Касценя (ціха, пранікнёна). Не забудзем... Абаронім...

 

Зацямненне.

Гасціная ў кватэры Садовіча. Вечар. Касценя, Садовіч, Каця, Ірына сядзяць у розных кутках. На стале чай.

 

Садовіч. Так, так... Наш час быў нялёгкі...

Касценя. Рознае было...

Садовіч. Як каму пашанцавала. Хоць і лічыцца, што свае шляхі мы выбіраем самі, але жыццё, бывае, так паверне...

Касценя. Паверне — слабага...

Ірына. А хітры сам паверне...

Касценя. Такая хітрасць часцей за ўсё канчаецца подласцю.

Ірына. Калі разумны, дык тую подласць перахрысцяць у доблесць...

Касценя. Спадзяюся, што гэта толькі новы від дзявочага какецтва?

Ірына. А калі не?

Касценя. Тады шкада мне вас.

Ірына. А мне вас. Ну што ў вас за жыццё?

Каця. Ірына!

Ірына. Мама, не трэба быць ханжой. Ты ж са мной згодна...

Каця. Няхай сабе згодна! Але ж трэба быць разумнейшай...

Касценя (смяецца). Табе вельмі хочацца пашкадаваць мяне? Дарэмна! Я ўсё роўна не стану зайздросціць...

Каця (уздыхае). Павер, Алёша... Мне вельмі хочацца, каб ты таксама меў у жыцці хоць невялічкае шчасце...

Касценя. На невялічкае я не згодны... Смешная ты. Я шчаслівы! Нават магу падзяліцца...

Каця (уздыхае). Няхай будзе па-твойму... Калі ты сам так лічыш, дык няхай так яно і будзе! І ўсё ж я хачу табе сказаць — мяне заўсёды дзівіла тваё элементарнае неразуменне жыццёвых ісцін. Тое, што было зразумела ўсім, ты бачыў шыварат навыварат... Што ты глядзіш на мяне такімі вачыма?

Касценя. Бо дзіўна мне...

Садовіч. Я цябе разумею! Паскубла цябе жыццё без жалю і літасці. Але ж за аднаго бітага двух нябітых даюць! Ты ўсё вытрымаў — пакуты, расчараванні, смерць дарагіх і блізкіх... Не здаўся, не зламаўся. Што ж, табе можна і пазайздросціць. Бо ўсім жа хочацца праскочыць праз жыццё на белым кані, размахваючы шабляй. Не ўсім гэта, канечне, удаецца. Але я ні аб чым не шкадую, ні на што, ні на кога не скарджуся. Шчыра табе прызнаюся: я задаволены сваім жыццём! І таму мне ўсе гэтыя дамарошчаныя ныцікі проста агідныя. Нацягне, разумееш, які-небудзь смаркач штаны-дудачкі, распусціць патлы да самых плячэй і пачынае крытыканстваваць! І тое яму не так, і гэтае яму не тое! Адпусцілі гайкі, вось і развінціліся. Дарэчы, Ірына, ёсць крыху гэтай моднай гнілі і ў твайго Валодзькі! (Да Касцені.) Цяжка, брат, з моладдзю стала!

Касценя. Мабыць жа моладзі таксама не вельмі лёгка з табой.

Садовіч. А што ім ад нас трэба? Вунь якую спадчыну пакідаем! Гэта ж толькі падумаць: сярмяжная ды лапцюжная наша беларуская старонка стала краінай магутнай індустрыі! Свае трактары, аўтамабілі! Свая нафта, свая апрацоўка яе. Свае мінеральныя солі. Я ўжо не кажу пра розную дробязь: гадзіннікі, матацыклы, тэлевізары і нават лічыльныя машыны... І ўсё гэта ім, ім, дзеля іх дабрабыту!

Касценя. Гэта матэрыяльныя каштоўнасці...

Садовіч. Разумею! (Іранічна.) Іх, бачыш, не могуць задаволіць нашы духоўныя багацці...

Касценя. Чаму — нашы? Тут нельга абагульняць. Тут кожны адказвае сам за сябе.

Паўза.

Каця. Нешта невясёлая размова пайшла. (Нехта звонку сыпануў па акну пяском. Каця павярнулася да акна.) Хто гэта там балуецца? (Да Ірыны.) Ці не Валодзька?

Ірына (падбегла да акна,углядаецца). Іду! (Пабегла.)

Каця. Ой, хоць бы ў іх усё добра было!

Садовіч. Нам бы іх турботы!

Каця. Ты ўжо лепш маўчы! З жаніхом мог бы быць крыху і мякчэйшым.

Садовіч. Аб чым ты?

Каця. Сам ведаеш... Няўжо варта спрачацца з-за кожнай дробязі...

Садовіч. Ну, ведаеш! У нашай рабоце няма дробязей...

Каця. Ат. Няма дык няма... Чай яшчэ будзеце піць?

Садовіч. Я ўсё!

Касценя. Таксама.

 

Каця прыбірае стол. Панесла посуд на кухню. У дзвярах затрымалася.

 

Каця. Пераначуеш у нас?

Садовіч. Ну пра што гаворка!

Касценя. Не, не! У гадзіну ёсць поезд — паеду.

Садовіч. Куды ты, на ноч гледзячы?

Касценя. Заўтра ў мяне праўленне... Калгаснікаў сваіх прывучыў да парадку — не магу ж я сам парушаць яго...

Каця. Ну, як ведаеш. (Пайшла.)

 

Паўза.

Садовіч (уздыхнуў). Кажаш, кожны адказвае сам за сябе... Я цябе разумею, зразумей і ты мяне, Аляксей! Ці ж я адзін быў аслеплены? Але ж я не даносіў, не паклёпнічаў!

Касценя. Ты маўчаў, там дзе трэба было гаварыць, крычаць...

Садовіч. Маўчаў... (Зболем.) Э-эх! Хацеў бы я паглядзець на вас, сённяшніх нашых суддзяў, як бы вы павялі сябе на нашым месцы! Хацеў бы паглядзець! Ды калі хочаш ведаць, вы шчаслівейшыя за нас! Так, так! Таму што вы цярпелі фізічна, а мы — маральна! Вас калечылі фізічна, а нас духоўна! Думаеш, і мне не хацелася быць празрыстым, як кропля? Яшчэ як хацелася! Усе задаткі былі! Ці ты забыўся на нашу маладосць? Быў жа і я калісьці вось такім храбрым пеўнікам, як жанішок маёй Іркі, хвост натапырваў, дзюбу задзіраў угару... А жыццё павыскубла з хваста ўсе прыгожыя пярынкі, натаўкло па дзюбе... Вось цябе зараз і бянтэжыць гэты абскублены хвост. А ты не глядзі на хвост! Ты глядзі ў корань!

Касценя. Я гэта і раблю.

Садовіч. Дык тады павер! Павер, што я ніколі не хацеў рабіць зла! Ніколі!

Касценя. Адна справа — не хацець рабіць зла, і другая — як яно атрымліваецца.

Садовіч. Ну, няхай так! Але табе, Алёша, я смела магу глядзець у вочы...

 

Паўза.

Касценя. Ну, калі можаш, дык і спі спакойна. (Падняўся.) А я пайду... У мяне засталося мала часу і многа спраў...

 

Касценя не падаў рукі, толькі кіўнуў і пайшоў. Садовіч стаіць на месцы, не маючы сіл зварухнуцца. Уваходзіць Каця. Яна ў халаце, валасы распушчаны.

 

Каця. Паехаў? Ну, слава богу!

Садовіч (у роспачы). Каця! Каця!.. Ну што гэта такое?! Чаму мінулае так уладарыць над цяперашнім. Вяртаецца чалавек, усімі забыты, амаль пахаваны... І вось...

Каця. Сам вінаваты. Навошта яго прывёў...

Садовіч. Так, так, прывёў... І ўсё, што было калісьці перажыта, ажывае зноў. І перажыць яго яшчэ больш балюча, чым было тады... Навошта?!

Каця (абняла мужа). Супакойся, мой дарагі... Гэта пройдзе!

Садовіч. Але ў чым жа мы вінаваты перад жыццём?

Каця. Ні ў чым! Выкінь гэтыя думкі з галавы!

Садовіч. Няўжо мы дзесьці аступіліся, пайшлі не тым шляхам?

Каця. Не-не! Ты заўсёды ішоў са сваім народам.

Садовіч. Так... так... Якая ты ў мяне... душэўная! Як добра разумееш мяне... Вось пагаварыў з табою, і стала лягчэй. Дзякуй табе, мая галубка! Якое шчасце, што ў мяне ёсць ты!

Зацямненне.
Высвечваецца прасцэніум. Абняўшыся, стаяць Валодзя і Ірына.

Ірына. Пусці. Хопіць лізацца. Трэба ад гэтага адвыкаць...

Валодзя. Чаму?

Ірына. Таму, што нічога ў нас з табою не выйдзе...

Валодзя. Выйдзе! Яшчэ як выйдзе!

Іры н а. Чудзік ты, Валодзя! Няўжо ты не бачыш, што мы ўсё далей і далей адзін ад аднаго...

Валодзя. Не, не бачу.

Ірына. Гэта нічога не мяняе... Вось гэты чалавек, які, дарэчы, мог быць маім бацькам, чамусьці падобен на цябе... І я падумала, слухаючы яго: жыццё ніколі не стане спакойным, калі такія тыпы не пераводзяцца...

Валодзя. Нарэшце ты зразумела гэта! Прагрэс!

Ірына. А чаго ты ўзрадаваўся?

Валодзя. Твайму прасвятленню.

Ірына. Якому прасвятленню?

Валодзя. Раз ты зразумела, што жыццё ніколі не будзе спакойным балотам, дзе можна залезці жабай на кочку і праквакаць свае лепшыя гады, — дык мы нарэшце дамовімся!

Ірына. Аб чым?

Валодзя. Што інакш жыць нельга! Толькі вечны неспакой!

Ірына. Яшчэ як можна!

Валодзя. Гэта па прынцыпу: плюй на ўсё, беражыся насмарку?

Ірына. Вось іменна! Прынцып, па якому жыве кожны другі...

Валодзя. Слухай, старуха! І адкуль ты набралася гэтай муці!

Ірына. Калі набралася, выходзіць, яна існуе?

Валодзя. У бурнай рэчцы па краях заўсёды муць. Але ж увойдзе рэчка ў свае берагі, і муць асядзе на дно.

 

На другім канцы прасцэніума з’яўляецца Касценя. Закурыў. Глядзіць на гарадскія агні, аб чымсьці думае...

 

Ірына. Ай! Не гавары так прыгожа! Пакуль твая рэчка ў берагі ўваб’ецца — муць першай да берага прыб’ецца.

Валодзя. Няма ў яе берага!

Ірын а. Той бераг яшчэ нікому не відзён...

Валодзя. Гэта не значыць, што да яго не трэба плыць...

Ірына. А калі я не ўмею плаваць?

Валодзя. Трэба вучыцца... Вось табе мэта ў жыцці! А інакш навошта капціць неба?

Ірына. А ты не знаходзіш, што гэтыя павучанні ў пользу бедных?

Валодзя. Правільна. У пользу бедных душою. Што ты глядзіш на мяне, як на малахольнага?

Ірына. А як жа інакш? Няўжо гэта ты... сур’ёзна?

Валодзя. А як жа!

Ірына. Валодзя! Так можна гаварыць з трыбуны, пісаць у газеце, але з каханай дзяўчынай...

Валодзя. А якая розніца? Я не аддзяляю любоў ад жыцця, асабістага і грамадскага...

Ірына. Ты страшны чалавек! Не, нічога ў нас з табою не будзе.

Валодзя. Будзе! Ты пойдзеш разам са мною па шляху, які я выбраў, нават тады, калі мне прыйдзецца цягнуць цябе сілком.

Ірына. Сілай хочаш ашчаслівіць?

Валодзя. А што рабіць, калі я люблю?

Ірына. Думаеш, любоў дае права на насілле?

Валодзя. Насільна, канечне, любы не будзеш...

Ірына. Пакінь! Ты добра ведаеш, што я таксама цябе люблю...

Валодзя. Дык у чым жа справа?

Ірына. У тым, што адной любві ў наш век мала... Трэба яшчэ штосьці...

Валодзя. А можа я адналюб!

Ірына. Я не аб гэтым... Цяпер да гэтага пачуцця яшчэ столькі ўсялякага чапляецца, што як наваліцца на гэтую самую любоў, дык ад яе мокрага месца не застанецца...

Валодзя. А гэта залежыць ад нас саміх. (Абдымае яе.) Я бачу, што мне проста нельга выпускаць цябе з рук...

Ірына. У тваіх руках сапраўды становіцца ўсё проста. Я спакойная. Але ж ты не можаш вось так усё жыццё...

Валодзя. Магу!

 

Яны цалуюцца. Прамень высвятляе ў глыбіні твар Лены. Касценя глядзіць прама перад сабою...

 

Лена. Чаму ты такі сумны? Гэта цябе ўстрывожыла сустрэча з мінулым.

Касценя. І сапраўды — мінулае! Але ж яно жыве побач. Вось таму мне і балюча... Бо ён жа, як і я, — камуніст. Як і я, прайшоў вялікі шлях, жыве ў гэтым жа вялікім часе, у якім жывём мы ўсе, хто застаўся ў жывых.

Лена. Такія людзішкі былі, ёсць і будуць...

Касценя. Тут я не згодзен з табою... Не павінна іх быць! Бо ніколі тады не збудзецца наша светлая мара, за якую мы пралілі столькі крыві і слёз, выцерпелі такія пакуты, вынеслі непамерныя цяжкасці... А колькі самых лепшых няма сярод нас!

Лена. Але мы з вамі. Не забывайце нас...

Касценя. Мы не забудзем, а яны хочуць забыць...

Прывід Лены знікае. Касценя цяжка ўздыхае. Ірына паглядзела ў яго бок — толькі зараз яны заўважылі Касценю.

Ірына. Пусці... Людзі глядзяць.

Валодзя. Гэта добры чалавек. Няхай глядзіць! І сапраўды, колькі пра любоў кніжак напісана, колькі добрых і кепскіх вершаў, колькі песень складзена! І колькі яна ўсялякіх вялікіх і маленькіх катастроф прычыніла... Але вось як падумаю, што жыццё маё без цябе будзе абкрадзеным, што ты мне патрэбна, як паветра, як вада, як хлеб...

Ірына. І таму ты гатовы абкрасці мяне?

Валодзя. Не! Я хачу цябе ўзбагаціць.

Ірына. Узбагаціў. Дзякую табе за такое ўзбагачэнне...

 

Паўза.

Валодзя (глуха). Ірка... Навошта ты так? Табе вельмі хочацца, каб я адчуваў сябе апошнім падонкам?

Ірына. Не ведаю, як ты, а я сябе адчуваю апошняй дрэнню!

Валодзя. Значыць... Не было радасці? Не былі мы шчаслівымі? Дык навошта тады...

Iрына. Ну вось... Я яшчэ і вінаватая!

Валодзя. Чаму ты шукаеш у гэтым віну? Чаму?

 

Паўза.

Iрына. Лепш я пайду... Мы сёння не дамовімся. Перасталі мы разумець адзін аднаго.

Валодзя. А разумелі?

Ірына. А што гэта зменіць?

Валодзя. Калі нічога, дык ідзі. Ідзі!

Ірына памкнулася да Валодзі, але ён адвярнуўся. Ірына пайшла. Каля Касцені прыпынілася.

Ірына. Ужо едзеце?

Касценя. Трэба! Бывайце!

Ірына. Бывайце. Скажыце... Вы любілі маму?

Касценя. Навошта вам гэта ведаць?

Ірына. Вы любілі маму?

Паўза.

Касценя. Любіў.

Ірына. Дзіўна...

Касценя (згадзіўся). Дзіўна...

Ірына. Гэта ж я магла быць вашай дачкой... І была б я зараз, напрыклад, знатнай даяркай у вашым калгасе...

Касценя. А чым кепска?

Ірына. Чаму — кепска? Кепска тое, што я не ваша дачка...

Касценя. Дзівачка...

Ірына. Паслухайце... А калі я запрашу вас на сваё вяселле — прыедзеце?

Касценя. Прыеду! Абавязкова прыеду!

Заслона