epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

1914

МАБІЛІЗАЦЫЯ
АТАКА
ЗВАРОТ ГЕРОЯ
  І
  ІІ


 

МАБІЛІЗАЦЫЯ

Перш-наперш

Ударылі царкоўныя званы,

І рукі пацягнуліся

К ілбам.

І доўга балбаталі

Прасторамі званы

Адвечнае:

Блям-м... Блям-м...

 

І калі ад царквы

Аж да самае брамы

Сталі праваслаўныя,

Жагнаючы раты,

Айцец Анемпадзіст

З мышынымі вусамі

Выкаціўся бочкай

З крыжам залатым.

 

Божаская служба

Надарыла шчодра,

Тлустасць выпірала

Нават з тоўстых рук,—

Чатырыста двароў

Ягонага прыходу

На цвінтары стаяла,

Сагнуўшыся у крук.

 

Слухмянымі, пакорнымі

Стаялі багамольцы,

Стаялі і баяліся

Рукамі варухнуць...

Найбольшае спякоты

Ліпеньскае сонца

Кожнаму смаліла

Бязлітасна ў спіну.

 

Айцец Анемпадзіст

Вачыма вёў па людзях

І толькі што сабраўся

Казанне пачынаць,—

Шагнуў напаўсажонкі

Тоўстыя грудзі

Блізка каля бацюшкі

Сам старшына.

 

І тады прарвалася,

Нібы ў гэта лета

Перуны ударылі

У пагодны час:

Блямкалі званіцы,

Поп цягнуў фальцэтам,

Пісар гойкаў з паперці

Цараў указ.

 

Спрытна ён выводзіў —

Валасны распуснік,

Аж да самых сэрцаў

Слоўмі працінаў.

І шаптаў Сымон

Доўга сабе вуснамі:

— Ласкаю боскаю...

Значыцца... вайна!..

 

Пісар захадзіўся

Аж да белай пены,

Паліваў галовы

Бацюшка расой.

Чатырыста двароў

Стаяла на каленях

З выцвілай, калматаю

Саломай валасоў.

Прыбіла да зямлі іх

Указам гэтым страшным,

І кожны з іх успомніў

Свой дом, свой плот, свой куст...

І толькі за аградай

Прагуліваўся стражнік,

На самы тоўсты палец

Накручваючы вус.

 

Яго вушэй не кратала

Гугнявае маленне,—

Ягоны абавязак

За вуліцай глядзець.

Над крыллямі какарды

Займаліся праменні,

Да чорцікаў начышчаны

Матляўся «селядзец».

 

А там, паклаўшы богу

Паклонаў тых багата

І лужыны пакінуўшы

Жаночых горкіх слёз,

Чатырыста двароў

Вярталася дахаты,

І кожны клумак гора

Свой за плячыма нёс.

 

Ноч ляжала вуліцай

Чорнаю, суровай,

Гулялі навабранцы

На скрут галавы —

Каля сотні вёдзер

Выпілі хрыстовай,

З сельскай манаполькі

Ачышчанай крыві.

 

Ноч хадзіла вёскай

П’янаю па людзях...

І калі прыходзіла

Хмельная пара,—

Плакалі, спявалі,

Білі сябе ў грудзі

Сумныя ваякі

За бацюхну-цара.

 

Так ішло жыццё ўсё —

Латкаю на латках,

Кацілася пякельнае

Гэтак праз вякі.

Ладанкі з зямелькай

Майстравалі маткі,

Торбы у дарогу

Ладзілі жанкі.

 

Сыпаліся слёзы,

Беглі над прыполам,

Быццам хто па сэрцу

Працягнуў нажом.

І ў Сымона ў хаце,

Аж па самы золак,

Жонка прастаяла

Перад абразом.

 

Бо калі ж сустрэнуцца,

Па якім там леце,

Як жа жыць адной тут

З гэтае пары,—

Чатыры седуны

Плакалі на печцы,

Выставіўшы голыя пузы,

Як шары.

 

Потым ўсё знямела,

Быццам стала пусткай,

І як выйшаў ранак

Вокнамі крыляць,—

Апошні рубельчык

Выкруціла з хусткі,

Аддала Сымону

На далёкі шлях.

 

А пакуль Сымон

З жонкай ноч прагутарыў,

Як адной дагледзець

Галодныя раты,

Нейкаму сынку,

Недзе там на хутары,

Сніліся пагоны

З прасветам залатым.

 

І як толькі борам

Сонца уздымалася,

Глянулі на выган

Ўсе апошні раз —

Амаль двароў чатырыста

Дарогаю хісталася,

Крыўдна ўспамінаючы

Бацюхну-цара.

І калі за вокнамі

Роўла немым голасам:

— На каго ж па-а-кінулі!..

Любы, не ідзі!..—

Айцец Анемпадзіст

На бок толькі варочаўся,

Шукаючы аддыху

Ад тоўстай пападдзі.

 

 

АТАКА

Глянь наперад — смерць!

Абярніся — краты...

А сапраўднай волі

Ніяк не прычакаць.

Ноч.

Снягі, як горы,

На снягах салдаты

327-га Сімбірскага палка.

Моляцца Ісусу,

Моляцца Месіі,

А на небе ціха,

Ціха ані-ні...

Свет залёг ў траншэях,

Выцягнуўшы шыю,

І ў вачах зялёныя

Калышуцца агні.

 

І мільярд асколкаў

Стыне ў небе сінім...

Дзівяцца салдаты —

З вечара спакой...

Першы раз

Такая выпала часіна,

Што прыходзяць думкі

Разам,

Чарадой.

Што балюча вельмі

Яны сэрца кратаюць,

На затвор не ложыцца

Гаротная рука.

І пайшла гаворка

Такая між салдатамі

327-га Сімбірскага палка:

 

— Што мне за патрэба

Быць тут рызыкоўнікам,

Я жыцця хвалёнага,

Добрага не знаў...

Вось каб мне палацы

Такія, што ў палкоўніка,

Ах бы пазмагаўся!..

Ах бы пастраляў!

 

Паглядзі,

Як ходзяць афіцэры зверам.

Толькі знай страляй тут

Ды на іх рабі.

Я б паноў уласных

Ды іхніх афіцэраў

Стужкай кулямётнай

Да зямлі прыбіў...

 

Так прамовіў трэці,

І чацвёрты, й пяты.

Кожны крыкнуў з роспачы:

— Болей не магу!..

— Хто забалбатаў там,

Будзьце вы пракляты! —

Закрычаў сурова

Унтэр Перагуд.

 

Ён наліўся злосцю,

Хуценькі, як пстрычка...

— Хто цару наважыў

Сёння здрадзіць, як? —

На пагонах

Свежыя два гарэлі лычкі,

Срэбра зіхацела

На яго грудзях.

 

— Мы адвагу мусім

Несці ў сваім сэрцы.

А вайну прыкончым,—

Нам усё дадуць.

І ў мяне

Таксама жонка ёсць і дзеці,

З перамогай толькі

Я да іх прыйду.

 

Вось тады спакойна

Будзем разжывацца,

Дома знойдзем долю

Шчасную сваю,—

Кожнаму герою

Пры уласнай хаце

Дзесяцін на дваццаць

Хутар адаб'юць.

 

Будзе наша поле

Добра каласіцца.

Мы ж яго здабыткі

Толькі ведай браць!

Да акон засеем

Жытам і пшаніцай.

 

Дык паслужым, братцы,

За цара!..

— Ур-ра!..—

Закрычаў фельдфебель,

Падышоўшы побліз,

Пачакаў падтрымкі

І зусім прыціх...

Толькі завярнулі братцы

Ўсе аглоблі,

Ў рукавы захікалі,

Бегучы ад іх...

 

І канец размовам,

Без разбору чына

Пляснуліся вобзем

Пяхотныя рады...

Прыляцеў здалёку

Свежанькі гасцінец —

Гахнуў па акопах,

Толькі пыл ды дым...

 

Толькі сэрца сціснулася,

Быццам абцугамі,

Толькі свет заняўся

Полымем гарэць...

І зямля, здавалася,

Чэзла пад грудзямі,

І такой звычайнай

Прылятала смерць.

 

І калі ўжо

Золак на усходзе плакаў

І крыві на снезе

Пеніла рака...

— У атаку! —

Гойкнулі грозна афіцэры

327-га Сімбірскага палка.

 

Ўсё закалацілася

Ў гаме апантаным,

Толькі здані шэрыя

Скрозь бягуць,

бягуць...

 

І за ўсіх наперадзе

Унтэр наш адданы,

Штык узняўшы горда,

Сёмка Перагуд.

 

Толькі здані шэрыя

Шэпчуць:

— Божа... божа...

Дай сябе нам, божа,

Дзецям зберагчы...

 

А па ўсёй імперыі

Скрыгаюць абозы,

І равуць каровы,

Гуртам ідучы.

 

Толькі некаторыя

Цешацца утрое,

Бавяцца распустай,

Смачнаю ядой...

А па ўсёй імперыі

Ўсе двары герояў

Да акон зачахлі

Горкай лебядой.

 

Покуль у атаках

Шчыра на ўсе грудзі

Наш герой па ворагу

Б’е мацней штораз,

Над нішчымным варывам

Жонка Перагуда

З дзецьмі камянее

Ўжо каторы час.

 

А на фронце

Самая крывавая пагода,—

Не зямля пад сонцам,

А адны равы...

Вось ужо

На трэцім радзе

загароды

Б’ецца з лютым ворагам

Унтэр баявы.

 

І калі ваякаў

Засталося мала —

Толькі чад трупярны

Па зямлі ішоў,—

 

Заіграць адбой

Сказалі генералы

З-пад дваццатай сховы

Тайных бліндажоў.

 

Поле уздымалася

З чалавечым хлудам,

Колькі з іх хацела

Яшчэ доўга жыць!..

Першага з пазіцыі

Неслі Перагуда;

Ах, як зіхацелі

На грудзях крыжы,

Як блішчалі гузікі

На мундзіры гладкім.

Унтэр быў спакойны,

Як трываць ён мог...

Ўсё было як трэба,

Ўсё было ў парадку,

Не хапала дробязі —

Толькі рук ды ног.

 

І сказаў палкоўнік:

— Можна і без гэтага

Ў свеце жыць багатым.

Дасць узнагароду

Царская рука...

«Вось табе і хутар!..» —

Падумалі салдаты

327-га Сімбірскага палка.

 

 

ЗВАРОТ ГЕРОЯ

 

І

Пад крывою сахой

Затупелі нарогі,

Камянямі ляглі

Па шнурах дзірваны.

Бабы енчылі полем

І прасілі у бога

Сканчэння вайны.

 

Абцугамі душылі

За горла клапоты,

Перасыпалі рукі

Мазалёў вужлакі.

Вечарамі жанкі

Галасілі употай,

Снілі ў душныя ночы,

Што прыйшлі мужыкі.

 

Да касцей знебыліся,

У ратунак зняверылі,

Бо хадзіла вайна —

Акрываўлены звер.

Трэці год

Ваявала імперыя,

І салдацкім шынелікам

Прыбралася смерць.

 

Бабы клікалі бога —

Ён наводзіў марціры,

Бог распешчаны,

Сыты панок!

Ён па штабах хадзіў

У генеральскім мундзіры,

Дзе там слухаць такому

Пакутных жанок.

 

Яму некалі думаць,

Што ступелі нарогі,

Што скавалі зямлю

Камянём дзірваны,

Што прасілі жанкі

У яго дапамогі,—

Бог сядзеў ў першай ложы

Тэатра вайны.

 

Ён забраў мужыка,

Забраў бацьку і сына

Прычашчаць іх атрутай,

Гарматным агнём.

Бог прымаў ў кабінеце

«За яго, за цара і айчыну»,

Пад крыжамі дарогі

Ішлі да яго.

 

А пасля дзірваноў,

Неўзабаве, па часе —

Голад выслаў на вёскі

Заклапочаны бог.

Голад брыў, як кашчэй,

У худой апранасе

Ад суседа к суседу,

Ад парога ў парог.

 

Нагала вымятаў ён

Бяздоннаю жменяю,

На стале лепшай стравай

Стаяла трава.

Хмары чорнага волава

Плылі загуменнямі,

Па-вар’яцку крычала

Праз ночы сава.

 

Грудзі боль працінаў,

Жываты падцінала,

За айчыну любоў

Несла турмы пакут.

Раптам вестка:

Прыйшоў кавалер

Ўсіх крыжоў і медаляў,

Найадважны ваяка

Сымон Перагуд.

 

Ён прыйшоў, як казалі,

Без ног з-пад Карпатаў,

Не хапала грудзей

Для медаляў яго.

Ён прыйшоў, як казалі,

Найадважным салдатам,

Перайшоўшы драты,

І ваду, і агонь.

 

Па пятнаццаць на штых

Надзяваў чужаземцаў,

Будзе знаць,

Хто на веру й цара паўстае.

Аскабалкамі рук,

Што пакінулі немцы,

Гладзіў ён

Заслужоныя грудзі свае.

 

Ён законна адпушчаны,

Толькі не збеглы!

Перагуд не стрывае

Абразы такой.

Валасны старшыня,

З барадою ў дзве цэглы,

Кіраваў каламажкай,

Дзе ехаў герой.

 

Яго везлі з пашанай,

Быццам новае цуда,

Нібы гэтаму цуду

Цаны йшчэ няма,

Побач земскі начальнік

Падпіраў Перагуда,

Станавы Верхаплюйкін

За плечы трымаў.

 

Быццам везлі яго

З ганароваю вартай,—

Пільнавалі вакол

Перагуда яны.

Так з’явіўся герой

На абшары свайго уладарства,

Дзе не пройдуць усцяж

Нават дзве бараны.

 

Пад дугою званкі

Заліваліся звонка...

Вось і хата,

Каторую часта ён сніў;

З-за разбітае брамы

Выпаўзла жонка

І, знясілеўшы, пала

На вуліцы ніц.

 

Беглі з поля суседзі,

каб зірнуць,

Паразважыць,

Што там вуліца так

Ля Сымона гудзе.

Кандыбалі дзяды

З барадою у сажань,

Акружалі жанкі

З чарадою дзяцей.

 

На калёсы стаў земскі,

Як сасна тая гонкі.

Перагуда узяў,

Над галоўмі узнёс.

Суцяшалі кабеты

Сымонаву жонку,—

Паглядзі, быццам зоры,

Медалі ён прывёз!

 

А яе слёзы крыўды

Наскрозь праціналі,

Рваўся з сэрца крывавы

Дакору агонь,

Валасы яна рвала:

— Не хачу я медаляў!

Лепей рукі і ногі

Аддайце яго!

 

А пакуль той натоўп

Сунімалі ад гуду,

Земскі ўскінуў героя,

Што абсмалены пень,

Ён патрос угары

Жыватом Перагуда

І паставіў яго

У сябе ля калень.

 

Земскі гойкаў з калёс,

А кабеты стаялі,

На калёсы глядзелі,

Расчыніўшы раты.

— Слава! слава герою

Ўсіх крыжоў і медаляў,

Што прайшоў непашкоджаны

Ўсе франты;

 

Што прайшоў непарушны

Баявыя паходы,

Дзе за веру змагалася

Наша зямля.

Мала хто даслужыўся

Такой нагароды,—

Першы чын генерала

Медалі чапляў.

 

Атрымаў за айчыну

Заслугі такія,

Бо прайшоўся між куль

У раз’юшаны град.

Вось такіх

Не забудзе ніколі Расія,

Хай жыве

Сымон Перагуд наш,

Ура!

 

І зароў станавы

Па ваколіцы гулка,

Валасны старшыня

Распусціў дзікі гойк,

А бязногі Сымон,

Быццам тая качулка,

Гойкнуў раз пад начальства

І, збянтэжаны, змоўк.

 

Усе стаялі нямымі,

Як прыбітыя сцені,

Дзікі гік станавога

Да іх сэрцаў не йшоў,

Жонка білася вобзем

І прасіла збавення,

Яна ногі шукала

Заместа крыжоў.

 

Так, казалі, прыйшоў ён

Без ног з-пад Карпатаў,

Ахрышчоны агнём

І франтамі пакут,

Так, казалі, прыйшоў ён

Найадважным салдатам,—

Заслужоны ваяка Сымон Перагуд.

 

 

ІІ

І зноў плылі над вёскай дні

У чорных хмарах алавяных,

Галечу неслі ўсім яны,

Згрызоты новыя і раны.

 

Гармат грымеў шалёны гром,

А цар на смерць няшчадна гнаў,

На чорных скрыдлах груганом

Па свеце лётала вайна.

 

Зямлёй ліліся кроў і гной,

На ямы зрыліся палі,

Калекі з фронту чарадой

На месца збуранае йшлі.

 

У іх спадалі дні ачмут

І разгараўся злосці жар,

Бездапаможны Перагуд

На лаве тумбаю ляжаў.

 

Кругом валодала мана,

Былі яе дарогі просты —

Падаткі сыпаў старшыня,

Не ўспамінаючы геройства.

 

Улады йшлі з уціскам новым,

Адно, што ведалі,— караць,

Забраў апошнюю карову

Той прыстаў, што крычаў «ура».

 

Сымон жа крыўду дзён спазнаў,

Цану спазнаў ён абяцанкам,—

Зубамі ўсе медалі рваў,

Як непатрэбныя бляшанкі.

 

Ён рваў крыжы і раскідаў,

І сэрца рвалася ізноўку,

Бо жонка поўзала, як здань,

І дзеці пухлі з галадоўкі.

 

Забіты, кінуты на здзек,

Ярмо зрываючы прынук,

Качаўся ён, паўчалавек,

Крычаў зняможна: — Прэч вайну!

 

Прарваўшы счараваны круг,

Яму яснелася зара.

Ён аскабалкамі біў рук:

— Далоў вайну!

Далоў цара!


1933; 1934; 1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9-ці т. Т. 1. Вершы. Паэмы, 1926-1941 /Прадм. М.Яроша.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 175-190
Крыніца: скан