epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

А ты ідзі...

Дарог у свеце вельмі многа,

А ты між іх сваю знайдзі,

Няхай далёкая дарога,

    А ты ідзі,

    А ты ідзі...

 

Няхай цябе віхор збівае,

Няхай трывожна даль гудзіць,

Няхай сцяжынку замятае,

    А ты ідзі,

    А ты ідзі...

 

Няхай звісаюць цемрай ночы,

А ты на зорку ўдаль глядзі,

Няхай пясок і золь у вочы,

    А ты ідзі,

    А ты ідзі...

 

Няхай, абы ты верыў прагна,

Няхай жуда, няхай адзін,

Няхай каменне, твань і багна...

    А ты ідзі,

    А ты ідзі...


лістапад 1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура: падручнік для 7 класа агульнаадукац. шк. – Мінск: Універсітэцкае, 2001
Крыніца: невядомая