epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Дзед і ўнук

Шумлівы раннем гушчары.

Сасна пяе сасне,

Дзюбасты дзяцел на кары

Дэпешы б’е вясне.

 

Прабег шарак, узняўшы хруст,

Прачнуўшыся ад сну,

Птушыны піск з куста на куст,—

Бы спудзіў хто жаўну.

 

Па багавінню

Бусел шлях

Пракладвае уброд,

Вавёркі скачуць па суках,

Памыўшыся, на ўсход.

 

Прыпалі качкі да вады

Сабе яду шукаць.

Ды пугачы, нібы дзяды,

Па чорных дуплах спяць.

 

Глушак, такуючы, ўзляцеў,

Пакінуўшы чабор...

Ідзе юнак праз чысты бор,

Птушыны ловіць спеў.

 

Сарочкі вышыты каўнер

Расхрыстаны на ім.

Куды прыйсці, яго намер,

Не знае сам аб тым.

 

У торбе праснака акрай.

Спявае у хлапца,

Турчыць свісцёлка-самаграй

З лазовага дубца.

 

Лятуць высока галасы,

Мацнеючы штораз.

Маўкліва слухаюць лясы

Праўдзівы сэрца сказ.

 

...Над ціхай рэчкай на гары,

Зарыўшыся ў пясок,

Хаціна, быццам грыб стары,

Схілілася набок.

 

Зачахла там адна-адной,

Нікога анідзе...

Адзін асвер-крумкач пры ёй

Ды бусел на гняздзе.

 

Там жыў з даўнейшага пастух

Не мала зім і лет.

Па вечарах сядзелі ўдвух

На прызбе ўнук і дзед.

 

Глядзелі, як з мурожных траў

Туманы пабрыдуць,

Як месяц сеткі закідаў

На сонную ваду.

 

Як серабрыцца над кустом

Макуха-машкара

Ды як палохаў сом хвастом

З крутлявага віра.

 

Стары дастане капшучок,

Шурпатым кіпцюром

Адломіць губы.

Красівом

Здабудзе аганёк.

 

Вакол сівое галавы

Спаўецца дым-павук...

І загаворыць, як жывы,

Прасмалены цыбук.

 

А дзед

Нагаркі страсяне

Ды зноўку, як прывык,

Па небу варажыць пачне,

Што кажа маладзік.

 

Калі высока срэбны коўш

Захутаны цяньком,

Напэўна ведай, будзе дождж,

А можа нават гром.

 

Не выйшлі зоры на папас,

Пахмуры небакрай...

Надвор’я будзе зменны час,

А сонца не чакай.

 

Так памяркуючы цішком,

Як дзень, другі пражыць,

Ідуць спачыць,

Каб залаком

Над лесам затрубіць.

 

А ранкам з пугамі ў руках,

З акрайцам на плячах,

Па выгарах,

Па чаратах

Ляжыць іх доўгі шлях.

 

Лугі, гаі, балоні скрозь,

Імшары не адны

За лета ўпоперак і ўдоўж

Апоўзаюць яны.

 

А пасвіць болей не мага,

Адсыпле ім сяло

Па гарцу жыта ад рага

На зімняе жытло.

 

Не многа трэба для душы —

Цяпло, крыху яды.

Сядзяць на печы і ў цішы

Не ведаюць нуды.

 

За хатай воклічы завей,

Марозных трэск ільдзін...

Пакуль вясновы ветравей

Не разгайдае стынь.

 

Тады трава памкнецца ўраз,

Праб’е кару зямлі...

За трубы зноўку брацца час,

Выходзіць на палі.

 

А там —

На пожні, на трысцё

Са дня на дзень паход...

Такое іх было жыццё

Нязменна з году ў год.

 

Ды хмар нагнала чараду.

Узбунтавала ціш.

Як людзі кажуць, што бяду,

Сплючы, сабе наспіш.

 

Няшчасце восенню прыйшло:

Пасля цяжкіх пакут

У дзеда ногі адняло...

Рабі што хочаш тут.

 

Не затрубіць вясной яму,

Як некалі было...

А ўнуку пасвіць аднаму

Адмовіла сяло.

 

Ляжыць трывога на жыцці —

Ад голаду памрэш,

А ў пана — поле не прайсці,

А ў пана — цэлы лес.

 

За панскае — не будзе грэх...

Рашылі ўдвух на тым.

І ўнук праз ноч

У лес пабег,

Прынёс цішком пруты.

 

Схаваўшыся ад хцівых воч,

Ад злоснае душы,

На адзіноце дзень і ноч

Плялі яны кашы.

 

І на кірмаш

Тайком, няўзнак

Прыносіў іх юнак...

І быў на тыдзень так ці сяк

На хлеб які пятак.

 

Ды толькі гора з году ў год

Стаіць над бедняком.

Як рысь, аднойчы ўскочыў войт

У хату з бізуном.

 

У дзеда выпала на дол

Пагнутая лаза,

У дзеда пала на прыпол

Гарачая сляза.

 

А далей катавання жах...

Сказаць — не хопіць слоў!

Калі на ссечаных плячах

Рубцамі легла кроў.

 

Захаладзіў душу мароз

Ад невыносных мук...

І ў сэрца кату востры нож

Паслаў уміг унук.

 

І цёмна стала.

Скрозь імгла...

Ён выскачыў на двор.

Пайшоў.

Сцяжынка прывяла

У гэты шумны бор.

 

У торбе праснака акрай

Спявае у хлапца,

Турчыць свісцёлка-самаграй

З лазовага дубца...

 

Лятуць высока галасы,

Мацнеючы штораз.

Маўкліва слухаюць лясы

Праўдзівы сэрца сказ.

 

Пачуўшы воклічы жальбы

Над шолахам лісця,

Прынялі сосны і дубы

Са скаргаю хлапца.

 

Загаманілі гушчары,

Схіліліся кругом...

І стаў ён з гэтае пары

На пушчы жыхаром.

 

Абсталяваў усім як мог

Вялізнае дупло.

З галля страха.

Расклаў цяпло.

А ложкам — шэры мох.

 

Што трэба, ўсё непадалёк —

Рака і шмат грыбоў...

На снеданне апенькі пёк

І смажыў акунёў.

 

Пасля да вечара адзін

Па хмызняку брыдзе,

Паземак збера ці малін...

Ды на спачын ідзе.

 

Засне, стаіўшыся, нічком.

Спакойны сам у тым —

Разбудзяць птушкі, залаком

Сабраўшыся над ім.

 

Так перабыўшы колькі дзён,

Пакінуў гараваць,

Надумаўся дасціпна ён,

Як дзеда ратаваць.

 

Далёка пушчу абышоў,

Наскрозь, па ўсіх кутках...

Знайшоў на выгары астроў,

Схаваны ў балатах.

 

Калі сысці з узгорка ўніз —

Крыніца там адна,

Лапчасты ельнік,

Буйны хмыз

Кругом, нібы сцяна.

 

У заварожанай глушы

Нярушаны спакой...

На гэтым месцы парашыў

Зрабіць прытулак свой.

 

Запрацаваў адзін за трох.

На скорую руку —

Маленькі зруб ён сам, як мог,

Паставіў у цішку.

 

Ён рад прыстанішчу свайму.

Наплёў ізноў кашы...

Грыбоў і ягад на зіму

На сонцы насушыў.

 

То вырве зблізку пень калі,

То спаліць мох ушчэнт...

І так кавалачак зямлі

Аблюбаваў як след.

 

Тарфянне зносіў, каб расла

Налета збажына.

І праца спорная ішла

Ад рання да цямна.

 

Але няспынная нуда

Не дасць забыцца ў сне...

То дзедаў зрок,

То барада

На момант мільгане.

 

То здасца часам: доўгі стогн

Прарвецца з-за бяроз...

Заплача каня дзе,—

А ён

Расчулены да слёз.

 

Мяркуе ночы, як жа быць,

А дні далей ішлі...

У верасні агні брусніц

Заззялі на зямлі.

 

Пачахлі пышныя кусты,

Заветрыла вакол,

З дубоў зрываліся на дол

Мядзяныя лісты.

 

Зажухнуў верас баравы,

Спахмурыўся ручай,

Высока ў небе журавы

Плылі ў далёкі край.

 

Па жоўтай, восеньскай глушы

Праплыў трывожны гук...

На дзедаў покліч у душы

Пабрыў назад унук.

 

Мінаў імшарышчы, карчы,

Забыўшыся на сон,

Ішоў тры дні і тры начы.

Прыйшоў.

І бачыць ён:

 

Няма хаціны. Хоць бы след.

Пясок ды попел скрозь.

Хлапец гукае:

— Дзеду!.. Дзед!..

А вочы поўны слёз.

 

Згарэлі родныя вуглы.

Адзін пустыр цяпер.

Гняздо пакінулі буслы,

Стаіць, як здань, асвер.

 

 

 

* * *

Кружыць, кідаецца вецер асенні,

Быццам на свеце шукае кагосьці...

Хлопец самотны прыпаў на калені,

Доўга трымаючы прыску прыгоршчы.

 

Ледзьве узняўся, стрымаўшы рыданне,

Цяжка з дзяцінствам сваім развітацца,

Выйшаў на поле і стаў на кургане.

Глянуў —

Бялеюць за рэчкай палацы.

 

Ліпы старыя заснулі радамі,

Месяц у хмарах над імі нырае...

Сціснула грудзі туга абцугамі,

Згадка страшная яму наплывае...

 

Сцюдзёна дужа. Няма куды дзецца,

Там жа, дзе гмах збудаваны заўзята,—

Ляжыць yа пухоўках пан і смяецца:

— Слаўна гарэла бядняцкая хата!

 

Хлопец удалеч глядзеў спахмурнелы.

Твар пабялелы.

Не шчокі — бяроста.

Думкі ляцелі, як вострыя стрэлы,

Вочы заслала гарачая помста.

 

Ён, прыгадаўшы былую нягоду,

Колькі па лесе галодны бадзяўся,

Тройчы прад зорамі дзеду пакляўся.

Рэчку прайшоў па знаёмаму броду.

 

Краўся кустамі,

Па сцежках віхлястых,

Да чорных разораў схіліўшыся нізка...

Поўз па равах, па ляшчынніку частым,

Покуль дзядзінец не вынырнуў блізка.

 

З дзедам прыходзіў сюды ён калісьці.

Сэрца забілася горача, шпарка,

З ветрам ляцела пажоўклае лісце...

Недзе ля стайні азваўся сабака.

 

Раптам набеглі ўсялякія страхі.

Толькі паволі адпала трывога.

Чорную коўдру паслаўшы на дахі,

Цемра ахутала.

Ціха. Нікога.

 

— Ну, памажы ж мне, таемная ночка!

Досыць пазнаў я нядолі, няшчасця.

Хату спаліў ён. Яму ж і сарочка!..

З плеч яе зняўшы, парваў на шкумацце.

 

Рушыў у змроку паўночнае цішы.

Да свірна прабраўся ён паступова.

Чыркнуў запалку і, зрэб’ем пакрыўшы,

Пхнуў у застрэшша сасновай будовы.

 

Пыхнулі іскры. Выраслі скора Ў ціхі агеньчык, імкліва-жывучы...

Дым, як вужака, павіўся на гору.

Хлопец адбегся на ўскраіну пушчы.

 

Сочыць.

Ні знаку пажару сялібы.

Можа падкінуў не гэтак як трэба?

Потым усцешыўся.

Полымя выбух

Сыпнуў снапамі у чорнае неба.

 

Вецер узняўся. Сурова загушкаў...

Болей і болей пайшло разгарацца.

Скрозь паляцелі чырвоныя птушкі...

І заняліся пакоі палаца.

 

Помста зрабіла пакутніка дужым.

Дзіўны малюнак яму прыгадаўся —

Быццам на вогнішчы корчыцца вужам

Той, хто нядаўна з бядоты смяяўся.

 

— Хай жа адпомсціцца гэтая восень.

Я ж пачакаю да лета другога!

Кінуўся сцежкай між елак і сосен...

Гэй жа! Прымайце вы сына ляснога!

 


1940

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9-ці т. Т. 1. Вершы. Паэмы, 1926-1941 /Прадм. М.Яроша.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 291-300
Крыніца: скан