epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Кацярына

У пакрыўленай хаціне,

Што на ўскраіне сяла,

Нарадзілася дзяўчына

У Сымона-бабыля.

 

Занудзіўся небарака,

Замаркотнела чало,

І не вытрымаў, заплакаў,

Што няшчасце прыплыло.

 

Гэта ж новаю бядою

Тут з’явілася яна!

Нават ветры за сцяною

Галасілі да відна

 

Ды гаркавая лучына

Выпадала з лучніка.

Засынала Кацярына —

Нешчаслівая дачка.

 

І не ведала, што многа

Ёй пуцінаю прайсці,

Што не ўсцешыла нікога

У пакутлівым жыцці.

 

Шчасця, ветлівага слова

У хаціне не было...

У прытулку бабылёвым

Не гасціла весялосць.

 

Маці выхаду не знала,

Пасабіць не мела чым,

Маці плакала, спявала

Над калыскай уначы:

 

«Спі, дачушка, небам сінім

Маладзік святло павёз,

Спі, дачушка Кацярына,

На дварэ стаіць мароз.

 

Ён не любіць голых, босых,

Хто ў палапленым мяху,

Сам чырвоны, з белым носам,

У вялізным кажуху.

 

Сам у шапцы мнагазорнай,

Валасы, як шызы дым,

Ходзіць, грукае па бёрнах,

Дзе няпалена зусім.

 

Напалохаў ён багата,

Перайшоўшы хаты ўсе,

Спі, дачушка, прыйдзе тата,

Тата хлеба прынясе.

 

Можа, будзе ён з мякінай

Ці з паловаю гірсы...

Спі, дачушка Кацярына,

Спяць дрымотныя лясы».

 

Дні праходзілі за днямі,

Адплывалі чарадой;

Беглі бурнымі шляхамі

Рэкі ранняю вясной;

 

Каласілі нівы хлебам,

Засыналі зімнім сном;

Зоры падалі на небе,

Загараліся ізноў

 

І свяцілі над хацінай,

Што нядоляю жыла.

Падрастала Кацярына

У Сымона-бабыля.

 

Без сябровак-весялушак

Гадавалася яна.

І малою, і нядужай

Гора зведала яна.

 

Не спачыла ад світання

Аж да вечара нідзе.

Бацька парабкам у пана —

На рабоце цэлы дзень.

 

Не згуляла аніколі

Ні зімою, ні ўвясну,

На чужым багатым полі

Маці корчыла спіну.

 

Кацярыну дома кіне

Наварыць і даглядзець.

Рана стала Кацярына

Сваё гора разумець.

 

І было — пільнуе хаты,

А вясна ўжо на двары,

За сялом пяюць дзяўчаты,

Птушкі граюць у бары.

 

Аганькамі па крыніцах

Заструменіла вада,

Белым крыллем вішні быццам

Узлятаюць па садах.

 

Па узгорках, па лагчынах

Краскі дзіўныя гараць...

Ой, як хочацца дзяўчыне

Днём вясновым пагуляць!

 

Толькі як пакінеш хату?

Спраў нямала устае,

Розным клопатам заняты

Рукі кволыя яе:

 

Перамыць анучак многа,

Дроў на паліва знайсці,

Чыста вымесці падлогу,

Столь ад пылу абмясці;

 

Пакрупіць пясочкам сені,

Вокны выцерці траха

Ды дзіравае адзенне

Пералапіць як мага,

 

Пералапіць і паправіць,

Да парадку ўсё прыбраць,

Наварыць на вечар стравы

І бацькоў сваіх спаткаць.

 

Так і прыйдзе захад сіні,

Туманамі задыміць...

Цэлы дзень у Кацярыны

За работай прабяжыць.

 

За работай каля хаты

Нават часу не стае.

За сялом пяюць дзяўчаты,

Кацярына не пяе.

 

Акрыляла ж колькі шчасця

Бабылёвую дачку,

Калі стомленая маці

Цалавала у шчаку!

 

Колькі радасці пазнала,

Як святкамі, вольным днём,

Маці косы заплятала

Новым крамным каснічком!

 

Як часінаю такою

Беглі мары чарадой!

І Сымон-бабыль дачкою

Не нацешыцца сваёй:

 

— Ах, дачушка, Кацярынка,

Вось пайду цяпер на рум.

Зараблю,— табе на рынку

Я сукенку набяру...

 

Ды жабрачы лёс не змераць,

Прасвятлення не відно;

Выганяеш гора ў дзверы,—

Гора сунецца ў акно.

 

Паглядзіш, куды ні кінеш,

За бядой бяда яшчэ...

Села гора гаспадыняй

У хаціне на куце.

 

Надышло зімовым шляхам

У пагорбленых санях,

Засланіла шыбы страхам,

Смерцю стала па кутах.

 

І вячэра позняй ноччу

Застаяла на стале...

Праглядзела маці вочы

З Кацярынаю на лес.

 

Ён стаяў сцяною грознай,

Чорнай зданню за сялом,

І над полем — гул марозны...

А Сымона не было!

 

Так да поўначы глыбокай

Не заснулі ні на міг.

Думкі лёталі далёка

Паміж сосен векавых.

 

«Ой ты, бор, вячысты бор наш,

Мы пытаемся ў цябе,

Што маўчыш ты,

не гаворыш,

Што хаваеш у сабе?

 

Пакажы ты нам пуціну

Шумным говарам дубоў,

Па якой тваёй мясціне

Бацька вернецца дамоў?»

 

Ды дарма на бор глядзелі,

На суровы дальні шлях...

Дзверы ў хаце зарыпелі,—

Сустракайце бабыля!

 

Ён прыйшоў зусім шчаслівы,

Вусны ціхімі былі.

Трое парабкаў маўкліва Н

а руках яго няслі.

 

Ён ляжаў спакойны, сіні,

Боль застыла у вачах.

Анямела Кацярына,

Маці пала у нагах.

 

І, здалося, нават зоры

Пацямнелі на двары.

Над забітым чуць

гавораць,

Шапкі скінуўшы, сябры:

 

— Абражалі цябе людзі,

Гора многа ты зазнаў;

Прыдушыла твае грудзі

Стогадовая сасна.

 

І цяпер ляжыш, маўчыш ты,

Досыць, браце, бедаваць,

Больш бяроз, дубоў плячыстых

Нам з табой не пілаваць.

 

Не пачуеш лесу болей,

Як шумяць яго лісты...

Спі, Сымон, бабыль-нядоля!

Мы ж такія, як і ты...

 

І пакінулі у хаце

Пад Міколаю святым...

Тры начы стаяла маці

З Кацярынаю над ім.

 

На чацвёрты дзень, уранку,

Калі сонца узышло,

Павязлі з дачкой у санках

На магільнік за сяло.

 

Бабыля прытулак новы

Там агледзелі як след,

Крыж паставілі яловы

І заплакалі на свет.

 

Зноў няшчасная хаціна

Па-ранейшаму жыла.

Пад акном яе каліна

Тры разы ўжо адцвіла.

 

Трэці раз ужо вясною

Узнімалася рака,

Як хадзіла сіратою

Бабылёвая дачка.

 

Тры разы вясна склікала

Ветры цёплыя свае,

Як маўклівай, сумнай стала

Маці горная яе.

 

Прыйдзе з працы, ног не чуе,

Сядзе ціхенька ў кутку,

Толькі моцна пацалуе

Нешчаслівую дачку.

 

Да грудзей прытуліць тройчы,

Прыхінецца галавой,

І гараць сухія вочы

Непазбыўнаю жальбой.

 

Толькі момантам заззяюць,

Промнем ясным узыдуць,—

Зоры бы святло кідаюць

На крынічную ваду.

 

Адышла з вачэй, адпала

Невыносная журба,

Многа сэрцу прыгадала

Берасцяная труба,

 

Што вісіць пад абразамі,

Як дарунак дарагі,

Што паслала зноўку памяць

На другія берагі.

 

Песняй дзіўнаю прапетай

Берасцянка загула...

Прыгадала маці лета,

Як дзяўчынаю была,

 

Як Сымон ёй пра каханне

Над лясамі заіграў...

Перад ёю ясным раннем

Вобраз любага устаў...

 

Як хацелі хоць памерці,

Але шчасце ўсё ж прыдбаць.

Як сасватала іх сэрцы

Берасцяная труба,

 

Што маўкліва і самотна

Нерухомаю вісіць...

Многа думак у гаротнай

Адзінотай прабяжыць.

 

Не было ў душы спакою

Аж да самага відна:

Як пражыць удзвюх з дачкою,

Покуль вырасце яна?

 

Дні ж праходзілі няспынна,

Сабіраліся ў гады,

Узнімалася дзяўчына

Паміж гора і бяды.

 

Даглядала сваю маці,

Паслухмянаю была,

Не адходзіла ад працы

І шчасліваю жыла.

 

На гаі, дзе сонца спала,

На вясновы пыльны шлях

Часта песня прылятала

З-пад хаціны бабыля.

 

Ах вы, песні, думкі, мары,—

Як нядоўга ўсё было!

Праляцелі нізка хмары

І ударылі крылом.

 

Ды нягодаю як рынуць

Па хаціне на краю,—

З болем бачыць Кацярына

Маці сумную сваю.

 

Што не спіць яна начамі

Ад маркоты і тугі,

Што залеглі пад вачамі

Два смяротныя кругі;

 

Што між вуснаў след глыбокі

Занімаецца расой,

Што пакрыла фарба шчокі

Падазронаю красой;

 

Што такой худою стала,

Ледзь ступае ідучы...

Хоць дачка і шанавала,—

Не пасобіла нічым.

 

Цалавала колькі сілы,

Не суняла толькі боль.

І вясной, як лёд крышыла,

Не устала маці больш.

 

І калі вясна паслала

Белых вішань душны дым,

На расстанні прашаптала

Маці вечарам адным:

 

— Не устану, Кацярынка,

Я па гэтай па вясне,

Ты не плач, мая дзяўчынка,

Дужа цяжка, горна мне,

 

Што не ведаю, не знаю,

Што парадзіць і зрабіць,

Што адну цябе кідаю

Я такой няшчаснай жыць;

 

Што не зведала ты шчасця,

Што ў цябе суровы шлях,

Што усё тваё багацце —

У пакутлівых руках;

 

Што чужой работай рана

Знойдзеш долю ты сваю

І што ўсё тваё прыстанне —

Гэта хата на краю.

 

Гэта мне яна згадала

Час далёкі, малады...

Па бярну яе сабралі

Мы праз доўгія гады.

 

І няхай, што зоры свецяць

Цераз столь над галавой,

Хай праз шыбы золкі вецер

Прабіраецца зімой,

 

Хай сабе ліхая замець

Пралятае па кутках,—

Беражы ты гэту памяць

Па бацьках сваіх, дачка!

 

І слязамі залілася,

І панікла галавой.

· · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Кацярына засталася

Круглай, горкай сіратой.

 

Хто ж суцешыць, хто прытуліць?

А спагады аніўзнач...

Можа, толькі ветры чулі

У хаціне горкі плач.

 

Можа, толькі месяц сіні

З ёй адною гаварыў,

Як малілася дзяўчына

Кожнай ноччу да зары;

 

Як уранні паглядала

На вяршаліны дубоў,

Дзе зязюля кукавала

Над магіламі бацькоў;

 

Як пыталася нясмела,

Што рабіць ёй, як ёй жыць?

Свет маўчаў.

Адно бялелі

Адзінокія крыжы.

 

Сумавала, сохлі грудзі,

Выйсця з гора не знайшла,

І пайшла дзяўчына ў людзі,

На падзёншчыну пайшла.

 

Працавала на багатых,

Марна сілы кладучы,

Змардаванаю дахаты

Прыпаўзала уначы.

 

А святкамі ў адпачынак

Да бацькоў сваіх ішла,

На курганішчы магільным

Цэлы дзень яна жыла.

 

Набягалі слёзмі вочы.

Не магла жальбы суняць.

· · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Так сядзіць яна аднойчы,

Над палямі цішыня.

 

Толькі звонкім, дружным роем

Птушкі кружаць угары.

Неба чыстае такое,

Што хоць пі яго бяры.

 

Ды стаяць жыты, пшаніцы

Наліванаю сцяной.

І хацелася забыцца

У маўклівасці такой.

 

З адзіноцтвам развітацца,

З горам цяжкім і ліхім

Ды навечна аб’яднацца

З гэтым месцам дарагім.

 

І дзяўчыну, што дадолу

Пала чыстаю слязой,

Абудзіў раптоўны голас:

— Кацярына, што з табой?

 

Ты загінеш ад дакукі,

Сірацінка ты мая.

Перад ёй, развёўшы рукі,

Багацей Кузьма стаяў.

 

У вачах яго іграла

То ліслівасць, то жуда,

А на грудзі ападала

Чорнай хмарай барада.

 

І, здавалася, слупамі

Дзве нагі яго былі,

Быццам ён урос нагамі

Да сярэдзіны зямлі.

 

Ён стаяў карчом плячыстым

З нерухомай галавой,

Але з вуснаў камяністых

Павявала цеплынёй:

 

— Што ты, бедная дзяўчынка,

Тут павісла на крыжы?

Ты зачахнеш,

Кацярынка,

Як былінка на мяжы.

 

Ты бацькоў ужо не вернеш,

І не трэба сумаваць:

У раю яны, напэўна,

Між апосталаў сядзяць.

 

Усяго на небе досыць,

Што папросяць — пададуць,

Ім архангелы падносяць

Там найлепшую яду.

 

Кацярына, не журыся,

Гаратлівае дзіцё,

Ты пра іх не клапаціся,

Лепш падумай пра жыццё.

 

Што ж маўчыш, дзяўчынка?

Чуеш?

Дык навошта слёзы ліць!

Я цябе адзін шкадую

І жадаю пасабіць.

 

Дык хадзем, даволі нудзіць,

Досыць плакаць у гаі:

Ты дачкой шчаслівай будзеш

Гадавацца у сям’і.

 

І назаўтра двор багаты

Кацярыну прытуліў.

На гары стаяла хата

Над палямі спелых ніў.

 

Сцены жоўтыя глядзелі

Ганарыста на бакі,

І, здавалася, звінелі

Бёрнаў смольныя сукі.

 

На штабованых запорах,

На круках, замках цяжкіх

Стайні, свірны і аборы

З тоўстых сосен векавых.

 

Каб трывогі не будзілі,

Не балела галава,—

Гаспадарку абкружылі

Зыгараддзю ў сажні два.

 

Каб не трапілі бадзягі

У такі багаты дом,

Галасістыя дварнягі

Заліваліся вакол.

 

І у гэты дом маўклівы

Сірата прыйшла служыць.

Задуменна, палахліва

Перайшла парог чужы.

 

Напаткала погляд косы

З-пад вачэй амаль усіх,

Нават рэчы,

ёй здалося,

Непрыязныя зусім.

 

І камод на ножках куцых,

Позірк кветак нейкіх злых,

І тры пальмы ў брудным куце,

Тры лампады пры святых.

 

Кубел з вопраткай кляновы,

Два услоны пад акном,

Шырачэзны стол дубовы

Пад клятчастым абрусом.

 

І калі дзяўчыны нашай

Нерашучы зрок застыў,

Бараду ў руку сабраўшы,

Гаспадар загаварыў:

 

— Бог адну яе пакінуў,

Не загінула ўжо ледзь,

Парашыў я сіраціну

У сям’і сваёй прыгрэць.

 

Хай жыве у лепшай долі,

Каб жа мець занятак свой,

Ці пажне дзяўчына ў полі,

Ці паходзіць за касой,

 

Ці пасобіць каля хаты,

Перамые чыгуны...

І ў адказ на словы таты

Усміхнуліся сыны.

 

А старая хусткай вочы

Засланіла на віду,

Падарыўшы свой дзявочы

Пераношаны сурдут.

 

Кофтай крамнай надзяліла,

Лапці новыя дала

І вячэраць пасадзіла

Пры сабе ў канцы стала.

 

Калі ж месяц па-над домам

Зоры выйшаў сабіраць,—

На кулёвішчы саломы

Палажыла ў сенях спаць.

 

Ноч праходзіць, золак сіні

Захістаўся на двары,

Не заснула Кацярына

Аж да ранняе зары.

 

Не прымкнула яна вокам,

Думка сумная плыла

Побліз хаты адзінокай,

Што на ўскраіне сяла,

 

Побліз хаты, дзе учора

Ўсё пакінула яна,

Там здавалася, што з гора

Шыбы плачуць давідна.

 

А вятры шумяць саломай,

Забаўляюцца ў трысці

І нібы завуць дадому

Маці бедную прыйсці.

 

Узнялі яе зарання,

Не паспела і паспаць,

Загадалі да снядання

Ёй ахрап’я назбіраць.

 

Як вярнулася, тым часам,

Каб не даць ані згуляць,

Накармілі бульбай з квасам

Ды паслалі жыта жаць.

 

Пад спякотаю стаяла

У кругу дарослых жней,

Цэлы дзень сярпом махала

Да ламоты у спіне.

 

Захлыналася у поце,

Вытрыць твар ды жне ізноў,

І прыйшла зусім упоцем

Да сваіх гаспадароў.

 

Пагукала ў дзверы тройчы,—

Спаў багаты, грозны дом...

Павячэрала ў істопцы —

Павалілася кулём

 

Між усімі парабкамі,

Што заўсёды там жылі...

А назаўтра са слязамі

Разам жаць яны пайшлі.

 

Кожны дзень з тае часіны

Ні яды як след, ні сну...

Так пазнала Кацярына

Гаспадарскую ману.

 

Ласку тую зразумела,

Што калісьці абяцаў,

Ды паплача дзе нясмела,

Каб ніхто ані не знаў.

 

Сцеражыся ўсіх і бойся:

Хто ж ёй прыйдзе спагадаць?

Толькі тое засталося,

Што пакорліва маўчаць.

 

А Кузьма бесперапынна,

Калі хто дзе наглуміў:

— Кацярына,

Кацярына!

Каб цябе пярун забіў!

 

Ці адзежыну хто кіне,

Ці не змые са стала:

— Кацярына, Кацярына!

Каб ты каменем лягла!

 

Кожны бэсціў, кожны лаяў,

Засыпаў яе смяццём...

Поўна гора і адчаю

Парабчанскае жыццё.

 

У цяжкім, маўклівым болю

Вочы ў слёзах у малой.

Так прайшоў і год, і болей,

А палёгкі ніякой.

 

Камянела ноч глухая,

Хмары чорныя плылі,

Нават добрым, светлым раем

Дні дзіцячыя былі.

 

Хто ж суніме гора служкі,

З кім жа ёй пагаварыць?

І сяброўкі-шчабятушкі

Самі плакалі наўзрыд.

 

Бо усе не зналі ласкі,

Бо гаротны мелі шлях,

Бо ў астрозе гаспадарскім

Высыхалі на вачах.

 

Так змяняўся год за годам,

І прыйшоў, нарэшце, той —

З невыноснаю пагодай,

З чарнакрылаю вайной,

 

Што забрала слёз багата

Матак,

жонак і сясцёр,

Што прамчалася па хатах,

Як бязлітасны віхор.

 

Як узняўся вецер хіжы —

Поле плачам занясло.

І злажыла рукі крыжам

Задуменнае сяло,

 

Дзе стаялі чарадою

Хаты, быццам жабракі,

А на полі за сахою

Часта плакалі жанкі.

 

Галасілі, звалі бога

Пасабіць няшчасным жыць,

Невыказную трывогу

Захаваўшы у душы.

 

Абяцалі век маліцца,

Ды нягодная пара

У адказ гула званіцай,

Услаўляючы цара.

 

Дарма плакалі жанчыны —

Бог не слухаў горкіх слоў.

І для нашай сіраціны

Найцяжэйшы час прыйшоў.

 

Трэба ўстаць да сонца, рана,

Ледзь займецца на зару,

І за парабкаў забраных

Працаваць гаспадару.

 

І аралі, і касілі

Парабчанкі за усіх,

Так было, што часам сілы

Пакідалі раптам іх.

 

І было, што гаснуць вочы,

Даль кругамі заімжыць...

Але ў самай цёмнай ночы

Часам зорка узбяжыць.

 

І паміж пакут няспынных

Промні ясныя ўстаюць.

Так дзяўчына Кацярына

Радасць стрэціла сваю.

 

Паказаўся свет вясёлым,

Прасвятлела уваччу,

Пакахаў яе Мікола,

Белакуры парабчук.

 

І ягоны погляд палкі

Сэрца дзеўчыны скарыў.

Ён за найміта ад малку

Па чужых людзях служыў.

 

Працаваў,

карпеў за трое,

Бо кута не меў свайго,

Быў ён круглай сіратою,

Як і любая яго.

 

Помніць поле на змярканні,

Помняць шумныя сады,

Як прызналіся ў каханні

Двое сэрцаў маладых.

 

Як ляцелі мары роем,

Як шчаслівымі былі,

Як з юнацкай цеплынёю

Дружбы рукі падалі.

 

Хто ж парушыць гэта шчасце

У жыцці пакутных мог?

Скончаць працу,

Сабіраюцца удвох.

 

Пойдуць ціхаю дарогай,

Што хаваецца ў жытах,

Побліз шуму баравога,

Побліз рэчкі, што ў лугах.

 

Па гаях густых гуляюць,

Па сцяжынках палявых.

Колькі думак узлятае

Адзінотаю у іх!

 

Часта ноч міне, і золак

На усходзе узбяжыць,

А захоплены Мікола

Шэпча любай у цішы:

 

— Прыйдзе час, мы гора скінем,

Вочы высахнуць ад слёз,

Мы сустрэнем, Кацярына,

У жыцці прыгожы лёс.

 

Парабчанскі хлеб найгоршы,—

Сохні доўгія гады...

Можа, як саберам грошы

І пазбавімся бяды.

 

Досыць шчаўя і мякіны

З багацейскага стала,

Пойдзем разам у хаціну,

Што на ўскраіне сяла.

 

Там жыла ты, падрастала,

Казкі слухала зімой,

Мы усё агледзім дбала

І паселімся у ёй.

 

Там, пад роднаю страхою,

Мы з табою адпачнём,

Хоць падзёншчынай цяжкою,

А як-небудзь пражывём.

 

Будзем мы шчаслівы нават,

Хай сабе, што бедната...

І ад слоў такіх ласкавых

Расцвітала сірата.

 

Акрылялася, спявала

У чаканні светлых дзён,

Але сонца уставала,

І знікаў надзеі сон.

 

Зноў абразы і згрызоты,

Жах суровага ярма,

Зноў пякельная работа

Да знямогі, задарма.

 

Дні праходзілі і годы,

Панавала скрозь імгла,

А над светам непагода

Ад крыві людской плыла

 

І нясла трывог багата

Над пагорбленым сялом,

Як старцы, стаялі хаты,

Спахмурнелыя чалом.

 

Там ад вечара да рання

У цяжкім, балючым сне

Прарываліся рыданні

Па забітых на вайне.

 

І нямала вестак свежых,—

Прыйдуць воіны без ног

І пагрукаюць пратэзам

Баязліва у парог,

 

Дзе сіроты палахліва

Адзінотаю жылі,

А на полі чахлі нівы,

Дзікім пырнікам цвілі.

 

Варушылі часам трохі

Анямелыя пяскі,

На сабе цягнуўшы сохі,

Гаратлівыя жанкі.

 

І на лепшае надзеі

У пакутных не было,

Толькі хутар багацеяў

Жыў шчасліва за сялом.

 

Бо вайна высокіх ганкаў

Не кранула і нагой.

Гаспадар між парабчанак

Пахаджаў, нібы герой.

 

Хай ішла бяда па свету,

Спелі коласам палі,

Ды па беламу білету

Тры сыны яго жылі.

 

Час ішоў. Гудзелі рэкі,

Занімаліся крывёй.

Час ішоў. Брылі калекі

Несканчонай чарадой.

 

Гналі новых у салдаты.

А вайна бліжэй ішла...

І ударылі гарматы

Побліз самага сяла.

 

Толькі сіла новай стала

Над імперыяй усёй.

Праляцела свежым валам

Над здратованай зямлёй.

 

Ад сталічных барыкадаў

Да апошняга сяла,

Царскі скінуўшы парадак,

Рэвалюцыя ішла.

 

Над парытымі палямі

Фронт узбуджаны гудзеў,

За высокімі платамі

Нават хутар задрыжэў.

 

Гаспадар яго слязою

Адазваўся па старым.

А пасля і ён душою

Супакоіўся зусім.

 

Пахаджае ганарыста

Пасярод свайго двара,—

Па-ранейшаму міністры,

Хай без белага цара;

 

Па-ранейшаму блудзілі

Афіцэры і панкі,

Па-ранейшаму хадзілі

На работу парабкі.

 

Як раней, у іх мякіна

Не знікала са стала.

І Мікола з Кацярынай

Не пабачылі святла.

 

Ненадзейнае світанне

Ледзь успыхнула на міг.

Не збываліся жаданні

Мар імклівых,

агнявых.

 

Хваляваліся употай,

Засмучоныя чалом.

А хаціна адзінотай

Пуставала за сялом.

 

Дні нязменнымі шляхамі

Сабіраліся ў страі.

Перайшла вясна садамі,

Адспявалі салаўі;

 

Адзванілі на пакосе,

Адцвілі брусніц кусты;

Жыта ў полі налілося

Воскам жоўтым і густым.

 

Гаспадарскія адрыны

Хлеб чакаюць да варот,

Парабчанка Кацярына

Жне чужынскае дабро.

 

Знае,

восень прыйдзе скора,

Што ж парадуе яе?

Жне, спяваючы, а гора

Песням словы падае.

 

Дні мінаюць маладыя.

За мяне вы паспявайце,

За мяне вы пагуляйце,

Птушкі звонкія, лясныя.

 

Дзе мне, беднай, прытуліцца?

Ветры буйныя, скажыце,

Мае слёзы забярыце,

Занясіце на крыніцы.

 

Многа іх для сіраціны,

Для маёй жабрачай долі.

Не уцешыцца ніколі,

У маркоце я загіну.

 

Хто маю жальбу суніме,

Хто сустрэне на змярканні?

Абагрэй маё каханне,

Сонца, промнямі сваімі.

 

Мой далёкі сіні гаю,

Ты дадолу нахіліся,

Шумным голлем абзавіся,

Я бацькоў сваіх гукаю.

 

Хай суцешаць у сумоце,

Цёплай ласкай прывітаюць,

Супакояць і параюць,

Як мне жыць на адзіноце.

Кацярына бога просіць,

Цішыня на небе сінім.

Нахіліўшыся, калоссі

Толькі слухаюць дзяўчыну.

 

Вечарыць.

Туман дыміцца,

Над зямлёй паслаўшы шаты.

Запрацованыя жніцы

Падаліся ўжо дахаты.

 

Недзе песня за лагчынай

Паляцела дальняй сцежкай.

Толькі наша Кацярына

Засталася на узмежку.

 

Бо калі на сэрцы горна

І няма людское ласкі,—

Спакайней у хаце зорнай,

Чым у куце гаспадарскім.

 

На дзяўчыну пала змора,

Спіць яна ў полі чыстым.

Поўнач. Месяц выплыў з бору,

П’е ваду з азёр іскрыстых.

 

І бяроз густыя косы

Ў шумным ветры загайдалі.

Спіць. Надранішнія росы

Валасы яе прыбралі.

 

Спіць спакойна і не знае,

Што ад вечара няспынна

Адзінокі кліч гукае:

— Кацярына!.. Кацярына!..

 

Ён праносіўся бясконца

То узгоркамі, то долам...

І амаль на ўсходзе сонца

Разбудзіў яе Мікола.

 

Напалоханая, ўстала,

Захілілася рукою,

Баязліва запытала:

— Што такое?.. Што са мною?

 

Я прысніла — кліча маці,

Каб вярнулася дахаты...

— Не хвалюйся, ты на працы

Змардавалася занадта.

 

Нам усім жыццё такое —

Пот, пакуты, зневажанні;

Пойдзем, сядзем над ракою,

Пагаворым на світанні.

 

Дай забудземся на гора,

Як жа нам не захапляцца?

Неба, рэкі, лес, азёры,

Бачыш — нашыя палацы?

 

Бачыш, нават кусцік кожны

Нахіліўся чалавеку.

Гэта ўсё, што так прыгожа,

Нам аддадзена навекі.

 

Багацеі набрахалі,

Што усё ідзе ад бога,

Да сябе усё забралі,

Нам не кінуўшы нічога.

 

Мы гібеем парабкамі,

Гадам творачы багацце.

Кацярына! хутка самі

Адваюем гэта шчасце.

 

Мы маўчаць не маем права,

Мы паноў усіх прагонім!

— Я цябе, Мікола, нават

Не магу пазнаць сягоння.

 

— Знаеш, родная дзяўчына,

Не хачу я болей гнуцца!

Ты паслухай,

Кацярына,

Весці новыя нясуцца.

 

Чуеш ты, імчацца крыкі

Над парытымі шляхамі?..

Устае народ вялікі

На апошні бой з панамі.

 

І тады не будзе вораг

Нам сляпіць слязамі вочы...

Мне сказаў пра гэта ўчора

Наш адзін зямляк, рабочы.

 

Хворы ён. Сухоты ў грудзях,

Твар задумлівы зямліцца,

Дні са тры не болей будзе,

Як прыехаў са сталіцы.

 

Кажа — ўсюды забастоўкі.

А кругом, ты глянь,— салдаты,

Не кідаючы вінтоўкі,

Павярталіся дахаты.

 

І змаўляюцца не жартам,

Што зямлю заберуць самі.

На сяле яны упарта

Суд рыхтуюць над папамі.

 

Я касу таксама ладжу,

Хай па тоўстых шыях звоніць.

Сэрца кажа: быць мне разам,

Да сялян пайду сягоння...

 

А гадзіны ўсё ляцелі

Без суладдзя з маладымі,

І абодва паглядзелі,

Што паўдзён ужо над імі,

 

Ды пачулі — недзе полем

Песня сумная плыла...

Устрывожаная, з болем

Серп дзяўчына падняла.

 

На жніво ізноў спяшае,

Хай Мікола з ёй ідзе.

Кацярына сэрцам знае:

Быць сягоння у бядзе.

 

На рабоце у багатых

Трэба дзень і ноч рабіць...

Вось і жыта жнуць дзяўчаты,

Гаспадар, як здань, стаіць.

 

Твар надзьмуты, злосны, сіні,

Адвярнуўся ў бок сяла.

— Дзе ты ходзіш,

Кацярына,

Каб ты свету не знайшла!

 

Вось за добрае падзяка:

Усю ноч хвастом круціць?

Праганю цябе, бадзяку,

Мо дазнаешся, як жыць.

 

Пойдзеш зноў па свеце голай,

Жні бярыся, ды глядзі!..

А цябе прашу, Мікола,

Прэч з двара майго ідзі!

 

Не хачу, каб ты і разу

Мне трапляўся на вачах.

Не стрымаў хлапец абразы,

Забалела у грудзях:

 

— Ты цяпер не хочаш знацца...

Я магу ужо ісці?..

Толькі ты за пот, за працу

Мне сягоння заплаці.

 

Гаспадар скрывіўся коса,

Аж напяўся у гразьбе:

— Ты ад’еў сваё. І досыць

Гэтай платы для цябе.

 

— Не заплоціш, гад?! — Мікола

Глыж з іржэўніку узняў.

Гаспадарскі немы голас

Па ўсім полі праімчаў:

 

— Ой, ратуйце, людзі! Божа!

Біць за ласку... За маю...

Шыбенік, цябе ў астрозе

Як праклятага згнаю!

 

Паглядалі жніцы долу,

Бы нічога не было...

І пайшоў адзін Мікола

Цераз поле на сяло.

 

Жыта шастала няспынна,

І ніхто не знаў, калі

Слёзы беднай Кацярыны

Горкай жальбаю плылі.

 

Колькі месяцаў мінула...

Надышлі такія дні,

Што зямлю ўсю скаланулі,

У грымотах загулі.

 

Тая восень вечна будзе

Зоркай яснаю плысці,

Тую восень будуць людзі

Вечна славіць у жыцці.

 

Тою восенню усталі

Жыхары бяздольных сёл,

Тою восенню палалі

Гнёзды панскія вакол.

 

Тою восенню над светам

Сіла грозная прайшла,

І былі усе сагрэты,

Што не ведалі цяпла.

 

На змаганне сутарэнні

Узнялі бальшавікі.

Тою восенню наш Ленін

Вёў з’яднаныя палкі.

 

Тою восенню рабочы

Па краіне ўсёй паўстаў,

Тою восенню праз ночы

Мудры Ленін працаваў.

 

Узнімалася краіна.

І праз гром усіх падзей

Чула сэрцам Кацярына,

Што вялікі час ідзе.

 

Пап уцёк. Агні пажараў

Спапялілі след яго.

І кулак хадзіў, як хмара,

Паглядаючы кругом.

 

У грудзях балелі раны,

Што ідуць зямлю дзяліць.

Ён крычаў што апантаны:

— Доўга так не можа быць!

 

А між тым, наскрозь начамі

Напалоханы не спаў

І употайку з сынамі

Што найлепшае хаваў.

 

Аглядаў запоры дбайна,

Каб надзейна ўсё было.

А на раніцу, звычайна,

Ён прыходзіў на сяло.

 

Там, пытаючы навіны,

З доўгай скаргай на бяду,

У папа сядзеў гадзіны,

Апусціўшы бараду.

 

Кляў, як мог, усё заўзята,

Уздыхаў ён па старым,

Ды варочаўся дахаты

Ён разгублены зусім.

 

З кожным стрэчным — лістам слаўся,

Супыняўся, размаўляў.

Нават з беднымі вітаўся,

Сам сябе не паважаў.

 

Так змяніўся жорсткі голас,—

Толькі песенькі спяваць,

Нават парабак Мікола

Аніяк не мог пазнаць.

 

І здзівіўся, хто такою

Ласкай сэрца закрануў,

Як аднойчы за сабою

«Добры дзень» яго пачуў.

 

— Нам сварыцца,— кажа,— годзе

І не трэба ўспамінаць...

І чаму ты не прыходзіш,

Каб заробак свой забраць?

 

Крыўда грудзі апаліла,

Гнеў Мікола не стрымаў:

— Сам вазьму!.. Сваёю сілай!..

Шмат чужога ты набраў!

 

Гаспадар, спусціўшы плечы,

Ціха шэпчучы праклён,

Адышоў. Ад гэтай стрэчы

Калаціўся колькі дзён.

 

І накленчыўся нямала

Пад угоднікам святым.

Чуў — сялянская навала

Сабіраецца над ім.

 

Вусны слёзна бога звалі

Ліха цёмнае скарыць...

Ды па-новаму спявалі

Парабчанкі на двары.

 

Чула наша сіраціна —

Надышоў канец бядзе,

Разам з імі Кацярына

Весялела кожны дзень.

 

І маркотнаю ніколі

Не хадзіла ўжо адна:

Часта вечарам з Міколам

Сустракалася яна.

 

З ім да ночы гаварылі,

Як прыстанішча займець,

У канец сяла хадзілі

На хаціну паглядзець.

 

Ім хацелася шчасліва

Там жыццё сваё пачаць.

Бабыля куток маўклівы

Заставаўся іх чакаць.

 

Ды яшчэ не зніклі слёзы

Ад праклятае вайны.

Надышла зіма. Марозы

Шлях праклалі ледзяны.

 

Зоры сінія высока

Зазванілі угары.

І снягоў абрус шырокі

Разаслалі ўжо вятры.

 

Буры злосныя гудзелі

Золкай сцюжаю завей,

Толькі сэрцы гарачэлі

У раскованых людзей.

 

І калі ішлі ардою

Немцы волю паланіць,

Многа бралася за зброю

Шлях здабыты бараніць.

 

Доўга помніць Кацярына

Той вядомы, бурны год,

Доўга помніць Кацярына

Тую сцежку на усход,

 

Што зімовым, снежным долам

След вяла на бальшакі,

Па якіх пайшоў Мікола

У Чырвоныя палкі.

 

Снег іскрысты пад нагамі,

Месяц ледзьве мігаціць.

Золка. Вея над палямі,

Скарчанелы птах крычыць.

 

На дарозе, пад гарою,

Сосны голлямі шумяць...

І яны удвух, да хвоі

Прыхінуўшыся, стаяць.

 

Занімаецца світанне,

Маладзік зусім пагас,

А Мікола на расстанні

Шэпча ёй апошні раз:

 

— Развітаемся сягоння,

Каб назаўтра разам быць.

Я у Гвардыі Чырвонай

Буду з радасцю служыць,

 

Я з вінтоўкаю, таварыш,—

Хай семнаццаць мне гадоў.

Паглядзі, паны, як хмары,

Сабіраюцца ізноў.

 

Чуеш, клічуць камуністы

Стаць у грозныя рады.

І як будзе ў небе чыста,

Да цябе прыйду тады.

 

Засланіла вочы. Замець.

Поле. Снег. Зусім адна.

Торбу з хлебам за плячамі

Доўга бачыла яна.

 

І услед калючы вецер

Бег на вострых палазах.

Шмат дарог на белым свеце,

І для кожнага — свой шлях.

 

Перад ёю шнурам чорным

Зноў сцяжынка усплыла...

Так было на сэрцы горна,

Ледзь да хутара дайшла.

 

Дні ішлі, бядота, ліха,

Не сышла туга з чала;

Колькі месяцаў — ні слыху!

Толькі марамі жыла.

 

І ад гэтых мараў, можа,

У начны трывожны час

Сніўся ён, такі прыгожы,

І па-новаму штораз.

 

Дзесьці там, шырокім долам

Даль падковамі звініць.

Скача конь. Яе Мікола

З вострай шабляй на кані.

 

У яго над шапкай краскі

Завіваюцца ў вянок.

Ад яго удараў каскі

Адлятаюцца набок.

 

Ці яшчэ... І сэрца ўпотай

Сон спакуслівы вядзе:

Вось паважна перад ротай

Камандзірам ён ідзе;

 

Рэвальверы і гранаты

Абчапілі усяго,

А усе жанкі, дзяўчаты

Паглядаюць па яго.

 

Ён прыветліва смяецца,

Ён з армейцамі пяе

І паміж усіх прыкмеціў

Незабыўную яе.

 

Усхвалёваны суняўся,

Пакланіўся на віду.

Потым шчыра развітаўся:

«Пачакай мяне, прыйду!»

 

Сон ідзе ўсё далей, болей,

Замяняе радасць — жах...

Быццам ён ляжыць у полі

З чорнай ранай на грудзях.

 

І яна гукае: «Дзе ты?»

Вусны мёртвыя маўчаць.

Ён разуты і раздзеты...

Крумкачы над ім крычаць.

 

Як устала — сонца промень

Біўся рыбай ля акна.

У слязах, у цяжкай стоме

Прачыналася яна.

 

Цэлы дзень у непакоі:

Не выходзіць з думак ён.

Цэлы дзень у неспакоі:

Можа быць, і праўдзіць сон?

 

Ці надзея сэрца поўніць:

Можа, ён адкуль ідзе?

Углядаецца на поўнач —

Анікога, анідзе.

 

Прыглядаецца ў дакоры

То на поўдзень, то на ўсход...

І зіма ўжо свае ўборы

На другі адклала год.

 

Толькі месцам неданоскі

Засталіся па лясах.

Поле шумнае за вёскай

У імклівых ручаях.

 

Дзень вясновы коўдры выткаў,

Зелянінаю заткаў.

Жаўра песеньку, як нітку,

Аж да сонца заснаваў.

 

Над садамі маладымі

Шпак прыстанішча знайшоў,

Рыбы сем’ямі густымі

Падышлі да берагоў.

 

Зноў пралескі маладыя

Узняліся у бары...

Кавыляючы, крывыя

Выйшлі сохі на шнуры.

 

І на хутары ад ранку,

Пазгінаўшыся ў крукі,

Ладзяць грады парабчанкі,

Садзяць бручку, буракі.

 

Гаспадар заўсёды вокам

Наглядае за усім.

Кацярына ад рыдлёўкі

Прытамілася зусім.

 

Вусны высахлі без меры,

Хоць бы ўзяць папіць вады.

Хоча стаць; баіцца — зверам

Ён накінецца тады.

 

І далей ідзе радамі.

Ногі млеюць, чэзне зрок.

Раптам чуе пад грудзямі

Невядомы ён штуршок.

 

Азірнулася навокал:

Можа, хто пазнаў, пачуў?

Заружовеліся шчокі,

Заіскрылася ўваччу.

 

Добра, злыдзень барадаты

Знік і болей не глядзіць.

Села. Падышлі дзяўчаты,

Далі з конаўкі папіць.

 

Абкружылі чарадою,

Нахіліліся пад ёй:

— Кацярына, што з табою?

— Кацярына, што з табой?

 

— Можа, зелля даць якога?

Ёсць купальская трава...

— Пройдзе, мусіць... Так, нічога.

Забалела галава.

 

Не схаваеш сэрца ўпоцем,

Цяжка ў горы быць адным.

Нешта раз, на адзіноце,

Расказала праўду ім,—

 

Што даўно ўжо ёй нялоўка,

Што не знае, як зрабіць?

Разам плакалі сяброўкі,

Разам думалі, як быць...

 

Як унікнуць перасудаў,

Як жа ёй дапамагчы?..

І пасля на працы, ўсюды

Пасаблялі хто у чым:

 

То суцешаць Кацярыну,

То ёй песню запяюць,

То сажнуць яе часціну,

То ёй вёдры паднясуць.

 

Толькі доўга дружнай змовы,

Каб дзяўчыну ратаваць,

Ад вачэй гаспадаровых

Не маглі яны схаваць.

 

— Я кажу табе не жартам,—

Праляцеў аднойчы крык,—

Непатрэбны мне банкарты,

Гадаваць іх не прывык!

 

Гэта, мусіць, той, няйначай...

Дзе, шукай цяпер вятры?..

Каб нагі тваёй не бачыў,

Каб ні следу на двары!

 

Ды як погляд злосны кіне,

Што аж сэрца заняло...

Позна ноччу Кацярына З

ноў вярталася ў сяло.

 

Крыўдна вельмі. Толькі сілы

Паспрачацца не знайшла.

Сем гадоў яму рабіла,

З чым прыйшла, з тым і пайшла.

 

Гаспадыня тая проста

Перабэсціла, што страх,

Нават дораную кофту

Адабрала пры людзях.

 

Вось разлік за працу служкі,

Хоць ратунку ты крычы...

А сяброўкі-шчабятушкі

Суцяшалі ідучы:

 

— Не хвалюйся, Кацярына,

Хіба знойдзеш праўду дзе?..

Мы цябе адну, дзяўчына,

Не пакінем у бядзе.

 

Так на край сяла дзяўчаты

Неўзабаве падышлі...

Да акон старая хата

Прытаілася ў зямлі.

 

Баязліва вочы жмурыць,

Прыглядзеўшыся на дол,

І страха, нібы ад буры

Раскіданае гняздо,

 

Хамлакамі, мохам шэрым

Па-пад сенямі тырчыць,

Нат пакрыўленыя дзверы

Ледзь здалела адчыніць.

 

Пуста. Хоць скачы па хаце.

Столь ад часу зацвіла...

Невялікае багацце

Сіраціна там знайшла.

 

— Вось і твой прытулак дома.

Абжывайся пакрысе...—

І, паслаўшы куль саломы,

Развіталіся усе.

 

Так, на ложку тым лядашчым

Моўчкі легла ля акна,

Аб усім жыцці няшчасным

Перадумала яна.

 

І пакуль вятох зубчасты

Перад сонцам не зачах,

Уздыхала цяжка, часта

Па Міколе, па бацьках.

 

Лезлі здані і страхоцці,

Розум рознае шаптаў,

Першы час на адзіноце

Невядомасцю пужаў.

 

Прасвятлела на світанні

Ад сяброўскіх, шчырых слоў.

У той дзень яшчэ уранні

Надышлі сяброўкі зноў.

 

Кожная з асобнай ношкай

Пераходзіла парог:

Хто пілу прынёс, хто дошкі,

Хто абрус, а хто пірог,

 

Хто цвікі — паправіць латы...

Хто са тры якіх лайны...

Па-таварыску, заўзята

Працавалі ўсе яны.

 

Да дзвярэй прыбілі петлі,

Перамылі вушакі,

Стол наладзілі і зэдлі,

Парасставілі судкі;

 

Зраўнавалі ямкі ў печы,

Дол прысыпалі пяском.

Нават комінак пад вечар

Запалілі смаляком.

 

Стол накрылі і прыбралі.

І наўкруг таго стала,

Сеўшы кругам, заспявалі,

Як калініца цвіла;

 

Як уноч на моры сінім

Вецер ветразі парваў,

Як хлапец кахаў дзяўчыну,

Толькі шчасця бог не даў;

 

Як адзін слуга харобры

Пана-ката задушыў...

Пеючы, было так добра

Той часінай на душы.

 

І здавалася, што проста

Шлях пакладзены прайсці...

У жыцці мацней сяброўства

Нам нічога не знайсці.

 

Вось і восень. Павучынне

Над палеткамі плыве.

Трэці месяц Кацярына

Адзінотаю жыве.

 

Як ні скажаш, вельмі цяжка

Па кавалку зарабляць,

На сяле ўсё немцы ў касках,

А Міколы не чуваць.

 

Ды праходзяць думкі тыя —

Можа, гора праміне,

Робіць, б’ецца: ці пашые,

Ці памые, ці пажне.

 

Раз сабралася на поле

Людзям бульбу выбіраць,

Ды кругом такія болі,

Не магла ніяк устаць.

 

І з трывогаю пазнала:

Не пасобіш тут нічым,

Цэлы дзень яна ляжала,

Не паднялася ўначы.

 

Добра, з вёскі той парою

Бабка здумала прыйсці...

А назаўтра раніцою

Гаманілі два жыцці.

 

Так сяброўкі і спаткалі

З падарункамі ў руках,—

Побліз мацеры гукала

Сінявокая дачка.

 

Асцярожненька памылі,

Лёгка, дбайна спавілі.

Дзён праз колькі ахрысцілі

І імя навек далі.

 

Кацярынаю назвалі,

Так хацела маці зваць,

Лепшай долі пажадалі,

Долі матчынай не знаць.

 

Зноў ліповая калыска,

У якой сама расла,

У прыстанішчы бабыльскім

Радасць мацеры дала.

 

Пазнікалі ночы суму,

Зноў жаданні расцвілі.

Прасвятлелі вочы. Думы

Узнімаліся, плылі

 

Па-над полем, па-над пушчай,

Над бурліваю ракой...

І пяе, пяе дачушцы,

Як спявала маці ёй:

 

Спі, галубка Кацярынка,

Ветры злосныя гудуць,

Падрастай, мая дзяўчынка,

Падрастай, шчаслівай будзь!

 

Спіць вавёрка, спіць і ліска,

Спіць малы зайчок-касач,

Спі, малое, немцы блізка,

Ціха ты, не плач, не плач!..

 

Свет шырокі і багаты,

Будзе й нам вясёлы час.

Спі, дачушка, недзе тата

Пэўна думае пра нас.

 

Можа, заўтра ці сягоння,

Чую, сэрца кажа мне,—

Тата ворага прагоніць,

Да грудзей нас прыхіне.

 

І заўсёды будзе з намі,

Будзе лашчыцца з табой...

Спі, дачушка, над барамі,

Над палямі непакой.

 

Толькі весткі аніякай

Ад Міколы не было.

Час ішоў. Паны-палякі

Наляцелі на сяло.

 

Блізка году катавалі.

Ноч пажарамі гула.

Руйнавалі, рабавалі,

Вымяталі дагала.

 

Дзе не стала чалавека,

Дзе парэзана сям’я —

Не прыпомніць гэткіх здзекаў

Ад пачатку дзён зямля.

 

У бандытаў сказ кароткі —

Шомпал, шыбеніцы скрозь...

Дзе, якія там заробкі?

Хоць ты з хаты не выходзь.

 

Кацярына галадае.

Хоць у проламку сама.

Толькі пеўнем пахаджае

Хутарскі кулак Кузьма.

 

Выгляд д’ябальскі, харобры,

Ну, сапраўдны новы пан,

Акупантам солтыс добры,

Прыгнятальнік для сялян.

 

Кацярыну як убачыць,

Задаволена ёй кпіць:

— Камісарык, не іначай,

У зямлі сырой ляжыць.

 

Накарміў Мікола хлебам?

Дзе ён дзеўся, пазаві!

Не хацела жыць, як трэба,—

Па-сабачаму жыві.

 

Кацярына пойдзе ціха,

Хай набэсціцца кулак.

Сэрцам чуе, пройдзе ліха,

Не, не будзе доўга так!

 

Не, ніякаю цаною

Не закатаваць народ.

Сэрца спраўдзіла. Вясною

Запалаў, устаў Усход.

 

Стрэлы полем загудзелі,

Зашумеў абшар лясны,

І сабрацца не паспелі,

Уцякаючы, паны.

 

Беглі так з чужое хаты,

Быццам чорт на крыллях нёс,

Дзе пакінулі гарматы,

Дзе снарады, дзе абоз.

 

Душна, душна, ягамосці,

Досыць слёз вы папілі.

Вон, няпрошаныя госці,

Прэч ад роднае зямлі!

 

Заблішчалі пяткі шпарка...

І нікога ўжо няма.

Дзе вы, лютыя канаркі,

Дзе ты, солтыс, дзе Кузьма?

 

Прытаіўся, палахлівы,

У нары сядзіць шашком.

Што не ходзіш ганарліва

Ты па вуліцы сялом?

 

Наша свята, наша сёння,

Паглядзі ва ўсе канцы —

Гэта Арміі Чырвонай

Рушаць смелыя байцы.

 

Прэч, праклятыя падпанкі!

Вось дзе сокалы ідуць,

На руках дзяцей сялянкі

Ім усцешаных нясуць.

 

Колькі песень на спатканні,

Слоў агністых, маладых...

Баравыя партызаны

Далучаюцца да іх.

 

Кацярына паглядае —

За палкамі полк ідзе...

Аднаго яна шукае,

Дзе ж Мікола родны, дзе?

 

Можа, ты ў другім паходзе,

Можа, ты павек заснуў?

Дзень адзін, другі праходзіць,

Смутак сэрца агарнуў.

 

На дарогу за ракою,

Што бярозамі шуміць,

Выйдзе раніцай з дачкою,

Аж да вечара стаіць.

 

Здасца часам гул імклівы,

То падкоў іскрысты звон...

Раптам бачыць, што за дзіва:

Гэта, мусіць, праўда ён?

 

На узлессі блізка-блізка...

Паказаўся пад гарой.

На кані ляціць навыскач,

Шапкай круціць над сабой.

 

Вось ён, любы! Як сустрэцца?

Да яго хутчэй, хутчэй...

Як мага бяжыць, а сэрца

Вырываецца з грудзей.

 

Захістаўся свет шырокі.

Закружылася вакол...

Не дабегла крокаў колькі,

Апусцілася на дол.

 

Як ачуняла, вясёлы

Погляд любага спаткаў.

На руках з дачкой Мікола

Кацярыну цалаваў.

 

І пайшлі сям’ёю шчаснай

На ускраіну сяла.

Гэты дзень быў самым ясным

У хаціне бабыля.

 

На спатканні маладыя

Наглядзецца не маглі...

Парабчанкі хутарскія

Пацікавіцца прыйшлі,

 

Ці змяніўся твар, ці голас,

Што на свеце сустракаў?

На таварыша Міколу —

Хутарскога парабка;

 

На Міколу-камандзіра,

Што такім уважным быў,

Што прыветна, гэтак шчыра

Пра усё ім гаварыў!

 

— Паблукаў я шмат зямлёю,

Бачыў сёлы, гарады...

Як пайшоў адсюль зімою —

Хутка будзе два гады.

 

І як сёння добра помню

Оршу, горад над Дняпром,

Там у Гвардыі Чырвонай

Я пачаў служыць байцом.

 

Быў малодшым я у роце,

Але рана зведаў бой —

Біўся з немцамі на фронце

Пад Ушачай, пад Дзясной.

 

Быў аднойчы цёплы вечар,

Гэта летась па вясне,

Дзесьці блізка пад Унечай

Цяжка ранілі мяне.

 

Так мяне пачаставалі,

Ледзьве з болю ачуняў.

І тры месяцы ў шпіталі

Я да восені ляжаў.

 

Як з хваробы я ачнуўся,

Дзе ляжаць?

Адказны год!

У Маскву мяне на курсы

Камандзіраў — і на фронт.

 

А цяпер паноў мы гонім,

Толькі след іх па расе...

Вось і стрэліся сягоння

Мы, здаровыя усе!

 

Паглядаюць парабчанкі

На таварыша свайго —

Зорка чырванню заранкі

На грудзях гарыць яго.

 

Не нацешыцца, цалуе

То у вочкі, то ў шчаку,

Да сябе зусім малую

Прыхінае ён дачку:

 

— Чуеш, краска?

Кулі звоняць,

Пан з падпанкамі бяжыць...

Хутка ворага прагонім

І шчасліва будзем жыць.

 

Чуеш, кулі загудзелі?

Будзе пашаю зямля...

Аж да пеўняў прасядзелі

У хаціне бабыля.

 

Ноч у ліпені каротка...

Ён чуць золак устае,

Едзе ў хутар па заробкі

Кацярыны і свае.

 

Дзе ж Кузьма? Куды падзеўся?

Клікнуў солтыса... Няма!

Як відаць, да часу ў лесе

У кустах сядзіць Кузьма.

 

Дзе ты, злыдзень касавокі?

Хоць бы хто, як змёў віхор.

Чапяла старая толькі

Выпаўзла крадком на двор.

 

— Ах, Міколка!. сокал-свецік!

Ты гаротнай мне павер —

У падводах сам і дзеці,

Як забралі у чацвер.

 

Вашы ж і пагналі ноччу,

Каб здаровая была,—

І, жагнаючыся, моўча

Ад Міколы адышла.

 

— Ладна, ведаю, што хлусіш,

А сыны ж у палякоў.

Пачакай, назад вярнуся...

Мы разлічымся наноў.

 

Я тады усё прыпомню,

Колькі з вас, за колькі год!..

І у гэты ж дзень апоўдні

Ад’язджае ён на фронт.

 

Па саджоніку ліповым,

Побліз рэчкі, па краю,

Ён каня вядзе за повад

І дачку нясе сваю.

 

А наўсцяж кусты ажыны

Нахіліліся к вадзе...

У трывозе Кацярына

Поплеч любага ідзе.

 

Колькі месяцаў чакання,

Застаюцца зноў адны.

На дарогах скрыжаваных

Прыпыніліся яны.

 

Ветры з захаду над імі,

Порах зведаўшы, плылі.

Елкі лапамі густымі

Прыпадалі да зямлі.

 

Недзе грукнуў дзяцел.

Змоўчаў,

Мабыць, выскачыла рысь...

Пыл кружыў. Сляпіла вочы,

Ападаў зялёны ліст.

 

Ростань блізкую Мікола

У душы перажываў,

Колькі раз сваё малое

Прыхінуў, пацалаваў.

 

— Падрастай, мая дзяўчынка,

Маці бедную шануй...

Будзь здарова, Кацярынка,

Я вярнуся, не сумуй!

 

Вецер, бы знарок, суняўся,

Каб паслухаць...

Цішыня...

А Мікола развітаўся,

Скочыў спрытна на каня...

 

Шпорамі наддаў у бокі,

Па дарозе паскакаў...

Соснік, смольны і высокі,

Падарожніка схаваў.

 

Кацярына на работу

Зноў хадзіла на сяло,

Хоць і цяжка адзінокай,

Але ўсё ж лягчэй было.

 

Бо глядзелі ўсе іначай,

Бо ніхто не дакараў,

А рэўком паёк прызначыў

І грашыма пасабляў.

 

Толькі часам сумавала,

Што не піша. Згінуў мо?

Цераз тыдзень атрымала

З Ліды першае пісьмо:

 

Я пішу табе сягоння

Першы раз, як мы стаім,

Кожны час праклятых гонім...

Днём і ноччу у баі.

 

Б’юся добра, мне здаецца;

У штыкі не раз хадзіў,

Вось і ўчора — у разведцы

Я з таварышамі быў.

 

Цемра. Багнішча навокал.

Лес. Калючыя кусты...

Мы заехалі далёка

Супраціўніку у тыл.

 

Бачым — польскія жаўнеры

Мост наводзяць праз раку,

Мы цішэй... цішэй наперад...

Прытаіліся ў гайку.

 

Толькі нехта зварухнуўся.

У наш бок яны глядзяць...

І шапчу я: «Чуюць, мусіць...

Нам адсюль не уцякаць!

 

Разбірацца будзем потым,

Хто застанецца ў жывых...»

Ды з ручнога кулямёта

Як ударылі па іх...

 

У раку палегла многа,

Непамысны быў ім час...

Потым з берага другога

Быццам полк сыпнуў па нас.

 

Калі так — гайда дахаты,

Малаваты наш атрад.

Кінулі са дзве гранаты,

Мост спалілі ды назад.

 

Да сваіх. Хто сцежкай, бродам,

Хто балотам, хто уплаў...

Нас усіх да нагароды

Камандзір палка падаў.

 

Ужо вечар у хаціне,

Гасне ў комінку карчак...

Добрай весткай Кацярына

Не нацешыцца ніяк.

 

Паглядзіць, перагартае,

На нязграбныя радкі...

Колькі раз адны чытае

Сэрцу родныя лісткі!

 

Пазаве дачку, і слёзы

Ад уцехі пабягуць...

А сялом рыпяць абозы,

На заход праз ноч ідуць.

 

Дзень і ноч дымяць бясконца

Пылам дымныя палі.

Тое лета грэла сонца,

Як ніколі на зямлі.

 

Без абутку, без адзення

Плыў дарогамі паход...

Мужнай сілай вызвалення

Быў ахоплены народ.

 

Кацярына жне і косіць,

Паглядае на сяло.

Два пісьмы яшчэ пад восень

З Беластока ёй прыйшло.

 

Быццам з ім пагаварыла,

Быццам бачыла сама,

Колькі радасці насіла...

А пасля — няма й няма...

 

Не чуваць. Туман садамі

Белым кужалем вісіць.

Ужо лісце пад нагамі

Аж па забарсні шуміць.

 

Грушы, яблыні навокал

Парастрэслі падалы,

Журавы ключом высока

Завялі: «курлы... курлы!..»

 

Заружовіўся бруснічнік,

Спяць асокі над вадой...

На двары прыйшоў кастрычнік.

Дзе ж Мікола,

што з табой?

 

Надышлі вятры, марозы,

Першы снег ужо ляжыць...

Кацярына у трывозе,

Па начах яна не спіць.

 

Наплываюць здані роем,

Можа, дзе забіты ён?

Адыходзяць нашы з боем.

Можа, трапіў дзе ў палон.

 

Вось і люты на сыходзе...

Мір, сказалі, надышоў,

Шмат вярнулася дамоў,

А яго няма, ды годзе.

 

Папытаецца, паплача,

Толькі весткі ніякой...

Можа, хто Міколу бачыў,

Ды сказаць не хоча ёй...

 

Часта гляне, выйдзе з хаты,

Ціха ў полі за ракой...

— Не відно,

дачушка, таты,

Нешчаслівыя з табой.

 

І табе сірочай долі

У жыцці не мінаваць...

Хутка выйдуць людзі ў поле,

Будуць сеяць і араць.

 

Будзе жыта красавацца,

Пройдуць песні па сялу...

Мы ж адны у гэтай хаце,

Як сарокі на калу...

 

Кацярына з вокнаў бачыць —

Ходзяць людзі чарадой,

Поле дзеляць, не іначай,

Адабранае крывёй.

 

Пройдзе хто кірункам роўным,

Потым сыдуцца гуртом,

Змераць сапхнем самаробным

І азначаць шнур капцом.

 

Абуджае дол шырокі —

Заспрачаюцца калі —

Крык хвалюючы, глыбокі,

Крык адвечны па зямлі.

 

Гэты крык да сэрца блізка

Кацярына прыняла.

Лёс успомніўся бабыльскі,

Як на хутары жыла.

 

Як задарма працавала

На чужога сіратой...

Усю ноч зямля стаяла

Неадходна перад ёй.

 

Мець бы свой загон.

Дагледзець,

Па кавалку засяваць...

Раніцой прыйшлі суседзі:

— Што ж на полі не відаць?

 

Пойдзем разам з намі сёння,

На узгорку пры гайку,

Тры гектары мы адгонім

На цябе і на дачку.

 

І была тады уранку

Так усцешана яна.

Сам адмераў ёй дзялянку

Сельсавецкі старшыня.

 

— Абжывайся, Кацярына,

На прыпірышчы сваім,

Мы цябе адну не кінем,

Дапаможам крыху чым.

 

Кацярына выцірала

Твар свой стомлены, бляды...

Першы раз сябе пазнала

Гаспадыняю тады.

 

І пайшлі кругом клапоты.

Як парадзіць, што зрабіць,

Як зажыцца адзінотай,

За што рукі зачапіць?

 

Як вясна на рэкі ўпала,

Запалалі сонцам дні,—

Свой палетак узарала

На папрошаным кані.

 

Па адной збірала жмені

І пшаніцу і гарох,

Колькі мог, яшчэ насеннем

Камітэт ёй дапамог.

 

За сяўнёй сама хадзіла,

Хоць і познія часы...

А пасеяўшы, прасіла

Шчасця, цёплае расы.

 

Калі ж коўдраю густою

Зашумела ярына,

Кожны дзень удзвюх з дачкою

Наглядаць ішла яна.

 

Прыпадзе да збожжа ніцам

І расчуліцца да слёз:

— Ты расці, ячмень, пшаніца,

Уздымайся, мой авёс!

 

Многа беднаму не трэба,

Усяго патрэбы той —

На зіму кавалак хлеба

Ды сукенка для малой.

 

Каб вас буры абмінулі,

Хмары з градам абышлі...

Возьме ў рукі і прытуліць

Жменьку свежае раллі.

 

— Паглядзі,

дачка, на поле,

Гэты кут нам родны стаў.

Вось за гэту нашу долю

Бацька з папам ваяваў.

 

Глянь уніз — ручай дыміцца,

Блізка возера, сяло...

Лепшай месціны, як быццам,

І на свеце не было.

 

Падрастай жа,

Кацярына,

Можа, сілы мы збяром

І сюды сваю хаціну

Над лясок перанясём.

 

І пасадзім сад навокал,

Там зязюля закуе...

Узнімаліся высока

Мары светлыя яе.

 

Лета. Жнівень нахіліўся

Да сярпоў і да касы.

Жоўтым воскам наліліся

Медзяныя каласы.

 

Дзень спякотны і вясёлы

З песняй жніўнаю прыйшоў...

Ледзь раса падзе да долу,

Поўна поле галасоў.

 

Кацярына рук не чуе —

Так стараецца яна.

А сваю дачку малую

Пакладзе у таганах.

 

На хвілінку толькі, можа,

Адхінецца пакарміць,

За жнівом палоскі збожжа

Аж да вечара стаіць.

 

Так адна усё пажала

Не пазней за добрых жней.

А па восені сабрала,

Змалаціла у людзей.

 

Захавала ўсё, як трэба,

Што пад лавы, што на печ...

І зіму з уласным хлебам

Не баялася сустрэць.

 

Па кавалку ашчаджала,

Гаспадарнаю была,

Пад вясну яшчэ прыдбала

Гадавалае цяля.

 

Аглядзела ўсё наўкола

Ды патроху зажыла...

Толькі ў горы па Міколу

Слёз суцешыць не магла.

 

А гады ішлі няспынна,

Многа вёсен перайшло...

Уздымалася краіна,

Будавалася сяло.

 

Шмат каго, амаль палова,

Перабралася даўно

У хаты з бёрнаў смольных,

новых...

Хто наладзіў і гумно.

 

А па гумнах сцірты хлеба,

Сена звезена з лугоў...

Ды не ўсе жывуць, як трэба,

Многа ёсць і беднякоў.

 

То няма ў каго мужчыны

І не можа сіл узняць,

То, як наша Кацярына,—

І адна, і без каня.

 

То скалоціць град дазвання,

То пажар, то недарод...

Так і мучацца звычайна,

Б’юцца рыбай з году ў год.

 

Набрыдзе якое ліха,

То яшчэ чаго няма...

А на хутары, паціху,

Акапаўся зноў Кузьма.

 

Агародніцтвам заняўся,

Засадзіў вялізны сад.

Новым колерам прыбраўся

З галавы да тоўстых пят.

 

Заўжды ветлаю усмешкай

Ён суседзяў сустракаў.

Лішкі поля пад абрэзку

Сам пакорліва аддаў.

 

Парабчанак зноў трымае,

Як раней усё адно,

Ён загад ахоўны мае

З НКЗ ужо даўно.

 

Стаў актыўнічаць і болей —

У бязбожнікі ўступіў

І клянецца, што ніколі

Ён за солтыса не быў.

 

Увесь час,

дзе толькі людзі,

Жыць культурна заклікаў.

Нават два значкі на грудзі

Сам сабе прымайстраваў.

 

Толькі дарма ён, багаты,

Думаў чмутам абысці...

Вось прыйшоў дваццаць дзевяты

Год узлёту у жыцці.

 

Зашумелі буйна вёскі,

Загудзеў шырокі дол...

Поля вузкія палоскі

Сабіраліся вакол.

 

На сяле збіралі коні,

Збрую пачалі складаць,

Неслі сохі і бароны

На адзін вялізны пляц.

 

І гудзеў, узняты часам,

Чалавечых сіл прыбой...

Нараджаліся калгасы

Працавітаю сям’ёй.

 

Па начах і днях няспынна

Гаманіў кругом народ.

Помніць добра Кацярына —

Раз паклікалі на сход.

 

Як прыйшла ў нардом, у залу,

Дзе клубіўся сіні дым,

Там да ночы прастаяла

Познім вечарам адным.

 

Па кутках усіх кабеты

Не маглі дзяцей суняць...

За сталом ад сельсавета

Пасядае старшыня.

 

Побач сельскія мужчыны

Кураць моцны самасад,

Паміж іх адна жанчына,

Гарадская на пагляд.

 

І яна гаворыць.

Чутна,

Як пытае, колькі раз,

Як заве сялян прысутных

Запісацца у калгас.

 

— Вось збыліся вашы мары,

Для усіх цяпер зямля!

Хто тут сэрцам пралетарый,

Падыходзьце да стала.

 

Выйшла некалькі дзябёлых

Пад камандаю Кузьмы,

Пакланіліся да долу

І сказалі: — Гэта мы

 

Да ўсялякай працы звыклі,

Просім толькі аб’яднаць:

Мы сялу пакажам прыклад,

Як сумесна працаваць.

 

Хоць у нас нямнога сілы,

Неяк справімся адны...

І усіх сялян здзівіла:

Што задумалі яны?

 

Загула трывожна зала,

Усхадзіліся жанкі...

Кацярына адчувала,

Што хітруюць кулакі.

 

Закрычаць яна хацела,

Каб пачуў увесь народ,—

Гэта іх яна сустрэла,

Як ішлі сюды на сход.

 

У завулку, каля брамы,

Прытаіўшыся кружком,

І Кузьма стаяў з сынамі,

І даўнейшы аканом.

 

Поп Андрэй з бычынай шыяй,

Два гугнявыя дзякі,

Два ураднікі былыя

І з фальваркаў шляхцюкі.

 

Самагоншчык — сажань ростам...

І шаптаў усім Кузьма:

— Калі што... Дык вельмі проста!

Болей выхаду няма.

 

Не паспела Кацярына

Думкі выказаць свае,

Як прыезджая жанчына

Кулакам адказ дае:

 

— Пасмяяцца вы, няйначай,

Тут прыйшлі сягоння з нас...

Вас патрэбна раскулачыць

І забраць зямлю ў калгас.

 

Паглядзелі косым вокам,

Зажагнаўся поп Андрэй,

І усе на колькі крокаў

Падаліся да дзвярэй.

 

Зашапталіся паціху...

Хтосьці лаянку загнуў.

А Кузьма сагнуўся крыху,

Тройчы з гора кашлянуў.

 

Нехта з вуліцы галёкнуў

І прамчаўся на кані...

Зазвінела шкло на вокнах,

Паляцелі камяні.

 

Лямпа грукнула са столі.

Цемра. Лямант. Дзікі крык.

Стогны несліся ад болю,

Гулка бахнуў драбавік.

 

Тупат ботаў несупынны.

Крэслы, зэдлікі трашчаць...

А з падлогі Кацярына

Не магла ніяк устаць.

 

Затапталі ў гвалце, ў тлуме,

Агарнуў балючы сон,

Толькі раз апошні чула

Крык суровы: — Наўздагон!..

 

У кутку пустое залы,

Апрытомнеўшы, адна

Ледзь адужала, устала,

Так знясілела яна.

 

Нават хустку, што згубіла,

Не патрапіла знайсці...

Каля сценкі адпачыла

І сабралася ісці.

 

Ды ніяк не знойдзе дзверы,

Быццам хто забіў знарок.

Раптам чуе, нехта ў цемры

Застагнаў і потым змоўк.

 

З галавы да ног па целу

Перабег калючы жах,

Што асіна, задрыжала,

Забалела у грудзях.

 

Што рабіць — яна не знала,

Хто тут гіне уначы?

Моўчкі, вобмацкам шукала,

На каленях паўзучы.

 

І пазнала Кацярына,

Што у покуце нічком

Брыгадзір ляжыць — жанчына

З акрываўленым чалом.

 

Ледзь кранула. Пагукала...

Не адказвае, маўчыць...

Да самой яе прыпала,

Прасвятлела: будзе жыць!

 

Пра свае забыўшы мукі,

Усхапілася тады,

Кубак трапіўся пад рукі,

Узліла на твар вады.

 

Прыўзняла, абмыла рану,

Што чарнела над ілбом:

Галаву яе старанна

Абвязала фартухом.

 

Вочы хворая адкрыла,

Свет пабачыла ізноў...

Світкай зрэбнай атуліла,

І пайшлі удзвюх дамоў.

 

Як прыйшлі яны ў хаціну,

Узыходзіла зара...

— Гэта я тут, Кацярына,

Гэта я, твая сястра!..

 

Ты мяне усё пытаеш,

Што было ўначы з табой?

Не хвалюйся, дарагая,

Вельмі шкодзіць неспакой.

 

І сяброўку абняла,

Зеллем-мятай напаіла,

Спаць з малою палажыла

Ды людзей шукаць пайшла.

 

Што рабіць, яна гадала...

Ўсе пакінулі адну.

Па дарозе напаткала

З сельсавета старшыню.

 

Бег ён з гумнаў за ракою

Па дарозе крыжавой,

Увесь запэцканы гразёю,

З перавязанай рукой.

 

Усхвалёваны адзіным,

Ён, здалося, ледзьве жыў...

Запытаўся: — Кацярына,

Ці не знаеш ты, скажы?..

 

Можа, ты у гэтым горы

Можаш мне дапамагчы:

Дзе інструктар, што учора

Выступала уначы?

 

І калі пра ўсё старэнна

Колькі раз перапытаў,

Кацярыне пра здарэнне

Ён сваё апавядаў:

 

Як бандытаў даганялі,

Як у лесе ў хмызняках

Двух сыноў Кузьмы спаймалі

І вясковага дзяка;

 

Як яны з абрэзаў білі,

Імкнучыся уцякаць,

Як кінжал яму ўсадзілі

У руку па рукаяць.

 

А ў хаціну Кацярыны

Сабіралася сяло...

Там да хворае жанчыны

Шмат таварышак прыйшло.

 

Перавязвалі ёй раны

Чыстым кужалем наноў

Два чырвоных партызаны,

Парабчанкі з хутароў.

 

І здаволена жанчына,

Што ў бядоце не адна.

Старшыню і Кацярыну

Стрэла з радасцю яна.

 

Цэлы дзень рашаў у хаце

Сход вясковы беднякоў,

Што рабіць ім, як змагацца,

Як пазбыцца кулакоў.

 

Як навесці свой парадак,

Толькі думкаю жылі...

І усе пасля нарады

З пераконаннем пайшлі,

 

Што жыццё іх парадніла,

Што цяпер, у гэты час,

У яднанні, ў дружбе — сіла,

Што адзіны шлях — калгас.

 

А да хворае пад вечар,

Як займалася змяркаць,

Прыскакаў з раёна фельчар,

Каб у больніцу забраць.

 

Не схацела. Кажа: — Потым

Буду я адпачываць.

Дзе хварэць, калі работа

Нас не можа тут чакаць.

 

Дарма ён прасіў няспынна,—

Не зазваць яе нічым,

Засталася. З Кацярынай

Гаварыла да начы.

 

Ледзь газніца мігацела

З абымшэлага кутка...

Моўчкі слухала, сядзела

Кацярыніна дачка.

 

— Ёсць над вуліцамі зоры

З незгасаючым святлом,

Ёсць дзівосны свет, ёсць горад,

Што далёка за сялом.

 

Там, дзе гэтулькі багацця,

Мы жылі на пустыры.

Нас было пяцёра ў хаце:

Тры браты і дзве сястры.

 

Помню год цяжкі, бядацкі,

Як памерлі па вясне —

Маці з голаду, а бацька —

Партызанам на вайне.

 

Хай віхор і той адзіны

Нашы слёзы не знясе,—

Як з гнязда, што вецер зрынуў,

Разляцеліся усе.

 

Ды на фронт. Хто далей, бліжай,

Біць нягоднікаў-паноў —

Дзве сястры з чырвоным крыжам,

Трое коннікаў-братоў.

 

Як прымчалася па свеце

Дваццаць першая вясна,

Хто прыйшоў з апошняй сечы?

Я вярнулася адна.

 

Гэтай ростані да болю

Мне ніколі не забыць.

Мне за іх паклала доля

Працаваць цяпер і жыць.

 

Шчасцем гордым надзяліла

За усю маю сям’ю...

Свой завод я палюбіла,

Быццам маладосць сваю...

 

Ноч плыла па чорных крыллях,

Месяц распаліў касцёр,

А сяброўкі гаварылі

Несканчона пра жыццё.

 

Быццам з даўняга знаёмы,

Быццам кроўнымі былі...

Раненька ў сяло з райкома

Два таварышы прыйшлі.

 

Падрабязна распыталі

Аб нападзе кулакоў,

Беднату усю сазвалі,

Сход прызначылі ізноў.

 

І сяброўцы Кацярына

Марна раіла ляжаць.

Нават хворую жанчыну

Не магла яна стрымаць,

 

Што, нягледзячы на мукі,

З Кацярынаю пайшла...

Тая хворую пад рукі

Да нардома давяла.

 

Там, за доўгімі радамі,

Шмат узбуджаных галоў;

Ні Кузьмы з яго сынамі

І нікога з іх сяброў.

 

Пахаваліся бандыты,

Іх адкінуў грозны час!

І сям’ёй з’яднанай, злітай

Быў народжаны калгас.

 

Толькі нехта раз адзіны

Злосна выкрыкнуў з кутка:

— Што такое? Кацярыну?

З горкім дзіцем па руках?

 

Кацярыну сход прымае.

Багацеяў жа усіх

Раскулачыць тут рашае

І забраць маёмасць іх.

 

У Кузьмы, відаць, чакалі,

Мабыць, вызнаў ад каго,

Бо таўшчэзныя завалы

Запіралі двор яго.

 

Доўга грукалі у браму.

Нават груку не чутно.

Ледзь зайшлі, нарэшце, самі,

Абышоўшы праз гумно.

 

Па хлявах раўлі каровы.

Выў сабака у сянях...

Што убачылі? У словах

Не пакажаш гэты жах.

 

Подсцілка крывёй заліта

На вялізным дзенніку.

Многа тут цялят забітых,

Іх галовы убаку.

 

Гаспадар, увесь у поце,

Не спыняўся, працаваў,

Ён чырвоныя па локці

Рукі ўгору уздымаў.

 

Расчыніліся вароты,

І людзей убачыў ён,

Кінуўся да іх. А потым

Прыдушыў глыбокі стогн.

 

Стаў і плакаць і смяяцца,

Выцер кроў на рукаве

І апошняму цяляці

Секануў па галаве.

 

Ад сябе сякеру кінуў,

Супыніўся, задрыжэў...

Як заўважыў Кацярыну,

Аж у твары пачарнеў.

 

Слёзы пырснулі на грудзі,

Раўчукамі пацяклі,

Як яго пазвалі людзі

І апісваць пачалі.

 

Што спытаюць,— утрапёна

Ледзь праз вусы прабурчыць,

То закрыта, то замкнёна,

То не знае, дзе ключы.

 

А у свірнах пад замкамі

Быў яго таемны склад,—

Там стаяў напагатове

Самагонны апарат.

 

Між падлог знайшлі адзенне

Розных армій і часоў;

Сёдлаў некалькі ваенных,

Многа збруі і падкоў.

 

А у свірнах, пад замкамі,

Поўны засекі дабра.

Столь закрыта кумпякамі,

Кублы сала, што гара.

 

Назапашана багацця,

Толькі ўзяць ды падлічыць.

Што па клунях, што у хаце,—

Цэлай вёскай можна жыць.

 

Кацярына не стрывала:

— Паглядзіце на яго,

Гэты гад забраў нямала

І Міколы і майго.

 

А Кузьма ў адказ рыдае:

— Божа, воля будзь твая,

Бо за ласку папікае,

Што яе прыгледзеў я.

 

Мы сям’ёю працавалі,

Як усе. І так жылі...

Вы ж маіх сыноў забралі,

Загубіць мяне прыйшлі.

 

Я сваім гарбом зажыўся,

Кіньце вы дарэмны спіс!..

Доўга кляўся і бажыўся

Панскі солтыс, хітры ліс.

 

Не пасобілі крыўлянні,

Ні гразьбы, ні жальбы слоў,

Дзень апошні панавання

Кулака Кузьмы прыйшоў.

 

А навокал пад снягамі

Зашарэліся гаі.

Снежань срэбнымі ключамі

Замыкае ручаі.

 

Завялі вятры над голлем

Несканчоны, дружны спеў.

Першы санны шлях па полі

Палазамі зарыпеў.

 

Таварышку ў горад дальні

Кацярына правяла,

Ад прыязнага спаткання

Успамінамі жыла.

 

Той зімоваю парою

Узмацняўся, рос калгас,

Са сваёй малой дачкою

Працавала першы час.

 

Хоць людзей было нямала,

Ды для ўсіх работы шмат —

Даглядала, гадавала

І авечак і цялят.

 

Многа першыя часіны

Мела клопатаў яна,

Ды шчасліва Кацярына,

Што ўжо болей не адна.

 

Што не быць ёй голай, босай...

Роўна з роўнымі жыла.

Нават хата, ёй здалося,

Стала бліжай да сяла.

 

На душы было вясёла,

Аж хацелася спяваць!

Між дзяцей дачку са школы

Як прыемна сустракаць!

 

Прыбяжыць у захапленні,

Прыхінецца галавой,

Потым сядзе на калені

І чытае доўга ёй,—

 

Чым зямля багата наша,

Як на свеце многа дзіў...

Падрабязна перакажа,

Што настаўнік гаварыў:

 

— Трэба ехаць полем, борам,

Можа тыдзень, можа два

У такі вялікі горад,

Як Чырвоная Масква.

 

У тым горадзе уночы

Ад святлейшага святлей.

Пасярод Чырвонай плошчы

Ёсць прыгожы Маўзалей.

 

Ён гранітны і высокі,

Варта перад ім стаіць...

У цішы яго глыбокай

Неўміручы Ленін спіць.

 

З поўдня, поўначы, з усходу,

Ад сусвету усяго

Усе плямёны і народы

Там наведваюць яго.

 

Пры жыцці сваім з панамі

Ён заўсёды ваяваў.

Ты скажы мне, слухай, мама,

Ільіча мой тата знаў?

 

Кацярына зажурыцца,

Так на сэрцы забаліць...

І пачне сваёй дзяўчынцы

Пра Міколу гаварыць.

 

Часта у часіну тую

Ўспамінае аж да слёз,

Як на ростані малую

На руках у лес ён нёс,

А

дачушка прыхінецца,

Шэпча маці колькі раз:

— Ціха, мама... Мне здаецца,

Тата вернецца да нас.

 

І не кіне больш ніколі,

Ціха, мама, ты са мной...

· · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Адышла зіма. На полі

Задымілася вясной.

 

Людзі дружнаю сям’ёю

Выйшлі разам працаваць;

Пяць брыгад арэ ярное,

Тры канчаюць будаваць.

 

Над калгасам гул сасновы

Не спыняўся той нарой...

І цялятнік вырас новы

На узгорку над ракой.

 

Многа там стаяла дробных

З гэтае зімы цялят,

Кожнаму куток асобны

І прадуманы дагляд.

 

Як яны усе рыкалі,

Калі хто пачне гукаць!

Па імю усіх назвала

Кацярыніна дачка.

 

Ды па слыху іх адразу

Пазнавала галасы.

Часта з маці гнала разам

Днём на пасту пад лясы.

 

Там прастораў тых багата

З роснай, смачнаю травой,—

Луг мурожны. Ходзіць статак

Неўгамоннай чарадой.

 

Дзве імклівых ручаіны

Напаўняюць звонам дол...

Паглядае Кацярына

На палеткі навакол.

 

Жыта буйна каласіцца,

Нахіляецца чалом.

Ячмяні, аўсы, пшаніцы

Пазаслалі ўсё кругом.

 

А ляны...

Як глянуць вокам —

Сінім полымем цвілі...

Як прыгожы і шырокі

Вы, калгасныя палі!

 

Дружнай працы плён шчаслівы

Наусцяж шуміць сцяной...

— Глянь, дачка, на нашы нівы,

Як багаты мы з табой!..

 

Гэта ўсё для чалавека,

Што раней бядою жыў.

Наша ўсё — лясы і рэкі...

Так твой бацька гаварыў.

 

Паглядзі, якія далі,

Як смяецца сонца нам!

І яны удзвюх спявалі,

Падпяваючы вятрам.

 

І імчаўся спеў па свеце,

Абуджаючы прастор,

Спеў шчаслівы, спеў ад сэрца

Да высокіх, сініх зор.

 

Ліпень сонечны, багаты

Над палеткамі ішоў...

Сустракалі людзі свята

Вызвалення ад паноў.

 

Кветкамі і зелянінай

Упрыгожвалі двары.

Перад хатай Кацярына

Пасадзіла дрэўцы тры.

 

Прыгадала пра былое,

І здалося ёй тады,—

Быццам зноў усёй сям’ёю

Пазбіраліся сюды.

 

І нібы у шумным голлі

Нахіліўся галавой —

З ёю радзіцца Мікола

І з маленькаю дачкой.

 

Так стаялі дрэўцы цесна,

Абшчапіўшыся вянком...

А здалёк шугалі песні,

Праляталі над сялом,

 

Быццам хто рассыпаў краскі

І пусціў на свет плысці...

На былым дзядзінцы панскім

За народам не прайсці.

 

Там, у зборышчы квяцістым,

Хоць да вечара скачы...

Два калгасных баяністы,

Цымбалісты, скрыпачы.

 

Як зайграюць,— проста дзіва,

А дзяўчаты падпяюць.

У «Лявонісе» імклівай

Пары стройныя ідуць.

 

Поўны твары маладыя

Непазбыўнаю красой...

У далоні б’юць старыя,

Дзеці кружаць чарадой.

 

Над галоўмі хустак крыллі —

Быццам мятлікаў палёт...

Дзве сяброўкі падхапілі

Кацярыну ў карагод.

 

І паплыў іх круг вясёлы,

Нібы лебедзі ракой...

У жыцці яшчэ ніколі

Не было так лёгка ёй.

 

І ў той радасці няспыннай

Чуе сэрцам ад усіх:

— Ты шчасліва,

Кацярына,

Між таварышак сваіх.

 

Скончылі гуляць. А потым

З падарункамі прыйшлі.

Кацярыне за работу

Першай прэмію далі.

 

У пакунку невялікім

Брыгадзір падаў самой

Для дзяўчынкі чаравікі,

Плацце з вышыўкаю ёй.

 

І яна на ўсе вітанні

Адказаць не мела слоў...

У шчаслівым хваляванні

Да сябе прыйшла дамоў.

 

Зноў няспыннаю хадою

Дні за працаю пайшлі.

Рос калгас. Не раз вясною

Абнаўляліся палі.

 

Рос калгас.

Мацнелі справы.

Не пазнаць зусім сяла.

Па усёй акружцы слава

Кацярыніна расла.

 

Аб цялятніцы стараннай

Разважалі людзі шмат.

Пад яе наглядам дбайным

Каля соцень трох цялят.

 

Кожны шчыраю пашанай

Кацярыну сустракаў...

На цялятніку ж аддана

Працавала і дачка

 

Побач са сваёю маткай

Пры цялятах пры малых.

Ды было ў яе цялятка

Больш любімае за ўсіх,—

 

Хай з характарам бадастым,

Але хто зраўняцца мог —

З поўсцю мяккай і махнатай,

З белай краскай паміж рог.

 

І за гэтую прыкметку,

За вясёлы спрытны бег —

Наракла цялушку Кветкай,

Прыручыла да сябе.

 

Каб чуваць было пястушку,

Як гуляе па кустах,—

Павязала шыю стужкай

Са званочкам на грудзях.

 

А ў паўдзённую спякоту

Мыць ганяла да ракі.

Маці цешыцца работай,

Захапленнямі дачкі.

 

Разам выпала ёй шчасце

За даўнейшыя гады:

Усяго даволі ў хаце —

І адзення і яды.

 

Зніклі слёз бяздонных ночы,

Зніклі гора і нуда.

Хоць у восені аднойчы

Надышла яшчэ бяда.

 

Не забудзе Кацярына,

Так узрушана была,

Як малая у хаціну

З плачам подвечар прыйшла;

 

Як сцяжынкай праз палеткі

Прывяла да пожні той,

Дзе ляжала хворай Кветка

З пахмурнелай галавой.

 

Як дзяўчынка са слязамі

Дарма клікала не раз,—

Кветка з мутнымі вачамі

Ледзь рыкала у адказ.

 

Ад спіны дыміла пара,

Не магла узняць і ног...

Выклікаць ветэрынара

Парашылі там удзвёх.

 

Кіламетраў дваццаць, пэўне,

Трэба ехаць, каб пазваць.

Папрасілі у праўленні

Па яго каня паслаць.

 

— Што вы? Коні й так заняты...

Заганялі мы усіх...

Заатэхнік барадаты

Пасмяяўся нават з іх:

 

— Захварэла?

Што ж такое?

Хваляваліся б вы менш!..

Гэта, мусіць, ад апою,

Даглядайце самі лепш.

 

Ды на гэтым Кацярына

Не спынілася, аднак.

І, пакінуўшы дзяўчыну,

Цераз ноч пайшла адна...

 

Цемра.

Шляху не прыкмеціць.

З двух бакоў, як здань, гушчар.

Ігальчысты дождж і вецер

Білі ў грудзі, білі ў твар.

 

Сосны гнулі долу шыі,

Слаўшы голле па кустах,

Нават птахі лесавыя

Пахаваліся ў дуплах.

 

Толькі думка грэла сэрца,

Як пасобіць у бядзе.

І дабралася да месца,

Хоць займаўся новы дзень.

 

У калгас з’явіўся рана

З ёй ветфельчар малады,

І, агледзеўшы старанна,

Ён усім сказаў тады,

 

Што ў цяляці тым лядашчым,

Што не можа больш устаць,

Страшная хвароба яшчур.

Трэба Кветку закапаць.

 

Хоць малая і багата

Слёз тужлівых праліла,

Ды застаўся цэлым статак

Для калгаснага сяла.

 

Толькі з той пары нягожай,—

Застудзілі так вятры,—

Кацярына злегла ў ложак,

Прахварэла тыдні тры.

 

Як устала, вельмі рады

Усе таварышкі былі,

Ад імя сваёй брыгады

З падарункамі прыйшлі.

 

Аж да позняе гадзіны

Дружна гутарка ішла...

Дзён праз колькі Кацярына

На рабоце зноў была.

 

На цялятніку любоўна

Аддавала працы час...

· · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Вестка новая раптоўна

Абудзіла ўвесь калгас.

 

Разгубіліся жанчыны...

Быццам снег на галаву:

Выклікалі Кацярыну

У Чырвоную Маскву,

 

Як найлепшую з брыгады

Ад калгаснае зямлі,

На вялікую нараду

У сталіцы,

у Крамлі.

 

Кацярына так узнята

Не была яшчэ ў жыцці.

Хвалявалася занадта,

Не магла ў сябе прыйсці.

 

Тое ранне не забудзе,

Сабіралася калі,

Як з усёй акружкі людзі

На праводзіны прыйшлі.

 

Як прасілі на астанні

Перадаць паклон Маскве...

· · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Па снягу скрыпучым сані

Павязлі яе у свет.

 

Колькі дзён,

нібы хвіліны,

У дарозе перайшлі...

Засядала Кацярына

Дэлегаткай у Крамлі.

 

Светлай залаю краіна

Гаварыла і цвіла...

І ніколі Кацярына

Так шчасліва не была.

 

Многа ласкі там сустрэла,

Многа цёплых шчырых слоў.

Колькі побач з ёй сядзела

Родных сёстраў і братоў!..

 

Дэлегаты слова бралі,

Пачыналі гаварыць.

Аб усім апавядалі

Там палёў гаспадары.

 

І чуваць былі ў разгоне

Ясных думак, новых спраў

Галасы Бярозы, Дона,

Зангі, Церака, Дняпра.

 

Чуўся гул снягоў Хінгана,

Прыуральскіх шум лясоў,

Пах садоў Аджарыстана,

Рух паўночных рапакоў.

 

І дачка сваёй краіны,

Беларускага сяла,

Дэлегатка Кацярына

На трыбуну узышла.

 

— Чахлі мы на голых нівах,

Мерлі з голаду вясной,

Мы жывём цяпер шчасліва,

Бо знайшлі кірунак свой.

 

Маем яслі, клубы, школы,

Нам адкрыўся цэлы свет.

Ад жанок, дзяўчат вясёлых

Асаблівы наш прывет.

 

І мінулага з праклёнам

Мы парвалі кайданы,

Нам відно, як за кардонам

Ходзяць польскія паны.

 

Ды панам ніколі болей,

Як раней,

не панаваць,

Не ўладарыць нашым полем,

Нам і сеяць і збіраць.

 

Кончыла. Сышла. І ў зале

Запалаў вачэй агонь,

Сэрца білася, сціскала,

Можа, гэта толькі сон?

 

І ад шчасця Кацярына

Не магла сябе знайсці.

Чула сэрцам — той хвіліны

Не забудзе у жыцці.

 

Хіба ведала учора,

Што шчасліва будзе так...

Над Чырвонай плошчай зоры

Палыхалі, што маяк.

Сцяг чырвоны слаў надзеі

Чалавецтву усяму.

Падышла да Маўзалея.

Пакланілася яму.

 

За прыгожы час, за шчасце

Аддала яна паклон,

За дзяцей, бацькоў, багацце,

За ясноту новых дзён.

 

Не заснула ноччу тою,

Аб Крамлі ўсплывалі сны...

А назаўтра ўсім героям

Уручалі ордэны.

 

Як дачка свайго парода,

Многа маючы заслуг,

І яна узнагароду

Прыняла з гарачых рук.

 

Абкружыў яе жаданы

Круг сябровак дарагіх...

Да яе, усхваляванай,

Падышоў сівы камбрыг.

 

— Запытацца мне дазвольце.

Вы з Палесся, можа?

— Так!

— У дваццатым ваш на фронце

Ці не быў які сваяк?

 

— Ваяваў мой муж Мікола.

З дзіцем я была малым.

Мне пісаў з-пад Вільні. Болей

Не пачула я аб ім...

 

І панікла галавою.

Камандзір пачаў расказ

Пра забітага героя,

Пра яго астатні час.

 

Біўся ён з панамі многа,

Паў пад Віліяй-ракой...

Рысы твару дарагога

Уставалі перад ёй...

 

Вось ён родны аж да болю,

З пікай востраю рука,

Вось імчыцца дымным полем

Ён пры штандары палка.

 

Перашкодаў ён не знае,—

Не ў характары яго.

Вось васьмёра абкружае

З панскай шляхты аднаго.

 

Качаны галоў іх проста

Адлятаюць пад рукой...

Палажыў пяцёх, а шосты

Свіснуў шабляю крывой.

 

І прастор зялёным долам

Захістаўся у вачах,

Смерцю храбрых паў Мікола,

Паў са сцягам на грудзях.

 

Кацярына ледзь стрывала,

Сутрымала слёзы ледзь...

Вось калі яна пазнала

Чалавека-мужа смерць.

 

Крэмль. Праменных зор рубіны

Асвятляюць горда высь.

Ходзіць плошчай Кацярына

З таварышкаю Шамкіз,

 

Што прыехала здалёку,

Ад батумскіх берагоў...

Многа ў гутарцы глыбокай

Шчырых і гарачых слоў.

 

Як ім родны месцы тыя,

Дзе займалася зара!

Ноч. Вартуюць вартавыя

Светлы сон правадыра.

 

Дзіўным казачным убраннем

Над Масквой агні плывуць...

У шчаслівым хваляванні

Дзве таварышкі ідуць.

 

Многа ў іх жаданняў,

сілы.

Многа шчасця у сясцёр.

Што дарогі іх злучыла?

Што з’яднала іх жыццё?

 

Дружбай шчыраю, гарачай

Параднілі сэрцы два

Ордэн Леніна за працу

І Чырвоная Масква...

 

— Ты бывай, Масква! Заўсёды

Твой у сэрцы светлы час! —

Кацярына мужнай, гордай

Ад’язджала у калгас.

 

Зноў гушчар лясоў зялёных,

На палях снягоў абрус.

Беглі шумныя вагоны

Да граніцы ў Беларусь.

 

Абуджаўся перад імі

Вечаровы ціхі дол.

Неабсяжная радзіма

Гаманіла навакол.

 

Кацярына воч не зводзіць

Ад акна. Здаецца,

збліз,

Па другіх шляхах, на поўдзень

Едзе добрая Шамкіз.

 

І што ўсе сябры з яснотай

Многа новых дум вязуць,

Узлятаюць самалёты,

Караблі ўдаль плывуць.

 

Іх чакаюць у брыгадах,

На вакзалах, ў гарадах,

Пагранічнікі ў засадах,

Дзеці ў школах і садах,

 

Што шчаслівыя бясконца

Матак радасных вітаць...

За зямлю пад гэткім сонцам

Лёгка нават паміраць.

 

Так за думамі гадзіны

Адляталі чарадой...

Ноч прайшла. І Кацярына

Зноў на станцыі сваёй.

 

Сустракалі у раёне,

І пасля вітальных слоў,—

На калгаснай парцы коней

Варачаецца дамоў.

 

Паглядае Кацярына

На бярозавы бальшак:

Вось знаёмыя мясціны,

На гары стары вятрак

 

Кружыць крыллямі-рукамі,

Сабіраючы вятры...

Сакавік ідзе палямі,

Запявае у бары.

 

Ручаінамі прыбраны

Ён, вясновы чарадзей.

Сэрца б’ецца несціхана,

Сэрца просіцца з грудзей.

 

Вунь гаі — падаць рукою,

Дзе маленства адышло.

Блізка млын па-пад ракою,

Хутка роднае сяло.

 

Бліжай месца дарагое,

Хаты вокнамі глядзяць...

І здзівіла: што такое —

Людзі з кветкамі стаяць.

 

Як пад’ехала, сяброўкі

Падхапілі ўсе яе.

Ці не сон прыйшоў ізноўку?

Не, яна не пазнае...

 

Не пазнаць нічога зблізку.

Як змянілася кругом!..

На прыстанішчы бабыльскім

Новы пяцісценны дом.

 

Дзе ж, хаціна ты старая?

Не відно таго кутка...

І смяецца, абдымае

Маці родная дачка.

 

У шаўковым, новым плацці

Запрашае ўсіх за стол...

Слёзы матчыны ад шчасця

Пакаціліся на дол.

 

Падышоў і прывітаўся,

Да дзвярэй яе павёў

Самы стары у калгасе

Дзед сівы пад сто гадоў,

 

Прымаўляючы няспынна,

Хлеб трымаючы ў руках:

— Кацярына!.. Кацярына!..

Бабылёвая дачка...


1937-1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9-ці т. Т. 1. Вершы. Паэмы, 1926-1941 /Прадм. М.Яроша.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 211-290
Крыніца: скан