Пятрусь Броўка

Надзя-Надзейка

 

Плача сірочая ў лесе жалейка...

Сціхла ты,

Змоўкла, наша Надзейка.

Хто ж гэта думаў, як давялося:

Вочы закрыла хмурая восень,

Выцвілі косы,

Шчокі запалі,

Рукі завялі.

 

— Надзя! Надзейка!..— плача жалейка.—

Болей рукам тваім

Жыта не жаці,

Жыта не жаці,

Снапоў не вязаці.—

Трэцюю ночку вісне дзяўчына

На белай бярозе ля роднай хаціны.

Горачка-гора сэрца скавала,

Што ж ты, бярозанька, не ўратавала?

 

З лісцем пажоўклым горкія слёзы

Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:

— Добрыя людзі, жальбу здыміце,

Лепей мяне вы, бярозу, спіліце.

Гэтую дзеўчыну знала я дзіцем...—

Жоўты пясочак.

Зялёны вяночак.

Сінія вочкі,

Што васілёчкі.

 

Буйныя ветры, лютыя буры...

Ходзіць па лесе хлопец пануры.

— Надзя! Надзейка!..— плача жалейка.

З лісцем пажоўклым горкія слёзы

Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:

— Хлопец-юнача, смутныя вочы,

Зрэж мяне, белую, цёмнаю ноччу,—

Цяжка стаяць мне з горам дзявочым.

 

Помню я смех ваш,

Гулі-гулянкі,

Песні-вяснянкі

Аж да світанку.

 

Хлопец жалобу носіць на полі.

Ён у бярозьі пытаецца з болем:

— Што ж не схавала ты любую голлем?

— Надзя! Надзейка!..— плача жалейка.

 

З лісцем пажоўклым горкія слёзы

Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:

— Як наляцела цемра-навала,

Змеі напалі, джалілі джалам.

Дымам дыхнулі,— чорнай я стала,

З крыкам і тлумам,

Гвалтам і глумам

Красу загубілі,

Дзяўчыну забілі.

Ходзіць па лесе, пушчах, дубровах

Хлопец разгневаны, хлопец суровы:

— Скора вярнуся

Разам з сябрамі,

Грукнем маланкамі

Ды перунамі,

Выпечам змеяў жалезам калёным,

Неба ачысцім, хмары разгонім,

Дзеўчыну ўславім,

Голле расправім,

Травы абсыплем чыстай слязою,

Чыстай слязою,

Быццам расою.

Надзя! Надзейка!..— кліча жалейка.




Беларуская Палічка: http://knihi.com