epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Наш музей

I
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII


 

 

I

З кніжак ведаем мы, дзеці,

Што, дзе ў свеце навакол.

Шмат прыгожага на свеце,

Многа ўсякіх вёсак, сёл.

 

Кажуць, ёсць краіны-цуды,

Дзе няма зусім зімы.

Мы ж не рвёмся анікуды,

Любім свой куточак мы.

 

Поле з нашым жытнім хлебам,

Кветкі росныя ў лугах,

Бор высокі, аж пад неба,

Між гаёў бясконцы шлях,

 

Сад, што ўвесь пяе, здаецца,

Рэчку сінюю, як шкло,

Тую станцыю на рэчцы,

Што ўначы дае святло.

 

Млын на ўзгорачку крылаты,

Клуб, дзе скачуць да зары,

Паміж вішань нашы хаты,

Нашу школу на гары.

 

Кожны дзень, як сонца ўсходзіць,

Ад сямі пачаўшы год,

Да яе штодня прыходзіць

Найвясёлы наш народ.

 

Многа нас у ёй сабрана.

Мы гудзім, нібы чмялі.

Што ж, мы вучымся старанна

І дурэем, як калі.

 

Мы бяжым у школу з дому,

Колькі там таварышоў!

Толькі ў кожнага, вядома,

Ёсць найлепшыя з сяброў,

 

Што не сварацца ніколі.

Дысцыпліна ў нас свая.

Мы сябруем: Янка, Толік

І Сымон Шавелька — я.

 

Кожны дужы і харобры:

Мы ж належым да мужчын.

І настаўнік знае добра,

Што нас трое, як адзін.

 

Пішам мы практыкаванні

Паасобку, кожны сам,

Ды важнейшыя заданні

Даручаюць тром сябрам.

 

Вось і ў гэты раз нікому

Не даверыў важных спраў,

А ўзначаліць зборку лому

Нам настаўнік загадаў.

 

— Згода?..— ён спытаўся.

— Згода! —

І пайшлі мы лом збіраць.

А што выйшла за прыгода,

Мы вам хочам расказаць.

 

Хоць мінула дня палова,

Больш было гадзін за тры,

Ды вялікі ж дзень вясновы,—

Абышлі мы ўсе двары.

 

Пазбіралі, што знайшлося:

Хто цягнуў абломкі кос,

Хто парваную атосу

Да агульнай кучы нёс.

 

Хтось прынёс кацёл дзіравы,

Хтосьці — гайку, шваранок,

Хтосьці серп валок іржавы,

А хто — збіты малаток.

 

Куча лому вырастала,

Ледзь рукой маглі дастаць.

Толькі нам здалося — мала,

Мы рашылі больш шукаць.

 

«Але дзе ж узяць,— гадалі,—

Абышлі ўсе сто двароў».

Скрозь няма, засумавалі.

Падказаў адзін з дзядзькоў:

 

— Вы працуеце старанна,

Дык не вешаць галавы —

Вунь была дзе кузня ў пана,

Пашукайце добра вы.

 

Зноў з лам’я, з кустоў і хлуду

Хто што мог — то й здабываў.

Трактар мерным, роўным гудам

На гародзе ракатаў.

 

Лом па якасці найгоршы,

Ды расце, як вежа, ў нас.

Трактарыст, свой круг абвёўшы,

Паглядаў на нас штораз.

 

Колькі ён вакол кружыўся,

Не зважалі мы тады,

Толькі бачым, супыніўся:

Гэй, хлапцы,— гукнуў,— сюды!..

 

— Вось для вас мая найдзёнка,

Не зламаў я ледзьве плуг...—

Падыходзім. З баразёнкі

Падае ён нам ланцуг.

 

Будзе метраў пяць прыблізна,—

Можа, нават больш таго,—

Т з ашыйнікам вялізным,

Невядома для чаго.

 

— Вось вы, школьнікі, й пазнайце,

Што навязвалі такім?

Стойце, хлопцы! Пачакайце,

Што ж за літары на ім?

 

Ён саскроб іржу са сталі,

Нас прыгледзецца заве —

З-пад іржы вачам паўсталі

Дзве лацініцы: «WW».

 

Трактарыст нахмурыў бровы,

Ды сказаў нарэшце ён:

— Стойце! Маю прапанову,

Можа, знае дзед Антон?

 

Паспрабуем распытацца

Мы пра даўнія гады.

Хоць Антону год сто дваццаць,

Але памяць — хоць куды!

 

І праз нейкую хвіліну

Мы былі ўжо на двары,

Дзе на прызбе ля хаціны

Дзед сядзеў стары-стары.

 

Трактарыст ланцуг даў дзеду

І даводзіць усяляк:

— Можа, ты, дзядуля, ведаў,

Што за рэч і што за знак?

 

Дзед ланцуг трымае ўважна:

— Ох, цямненька мне, цямне...

О-хо-хо!.. І ўспомніць страшна...

Гэта рэч знаёма мне.

 

Нагадаў ланцуг мне згадку,

Страх бярэ, як пагляджу...

Толькі лепей па парадку.

Дык, сядайце, раскажу!

 

«Што было — сплыло з гадамі,

Адышло за сіні бор.

Тут, дзе мы сягоння з вамі,

Быў калісьці панскі двор.

 

Пан тут з паняй жыў, з паненкай,

Ой, багатыя былі!

Землі вёскі — гэта жменька

Да ўсяе яго зямлі...

 

Поля-поля, сенажаці,

А што лесу ўжо таго —

Вёрст не меней як на дваццаць,

А ўсё панскае, яго.

 

Колькі статкаў меў жывёлы,

А дабра таго, дабра...

Не было ні ў кога болей,

Можа, нават і ў цара.

 

А палацы, ды якія,

Не, не бачыў я святлей...

Вунь, дзе ліпы ў рад старыя,

Быў пад’езд яго даўней.

 

Там быў ток і збожжа горы,

Побач — парнікі са шкла,

Там вунь свіран, там аборы,

Кузня ж блізка тут была.

 

А сабакі, ну й сабакі!..

Як каторы загрыміць,

Толькі глянеш,— з пераляку

Ледзь душа не адляціць.

 

Ну а пан, што кадзя тая,

Твар, што цэбар, да душы.

Як спадлоб'я пазірае,

То не вочы, а нажы.

 

Піў і еў ён днём і ноччу,

Як у прорву ўсё ішло...

А было ў яго рабочых...

Колькі тут людзей жыло!

 

Ён гуляць — адну знаў справу,

Балі ўсё даваў панам.

А нап’ецца, дык забаву

Прыдумляе заўжды сам.

 

Быў той пан як змей шалёны,

Што ён з намі не рабіў!

Я ў яго тады прыгонным

Палясоўшчыкам служыў.

 

Гэты лес я ўвесь пракрочыў І

чаго не сустракаў...

Вось прынёс я ў двор аднойчы,

Што ягнятка, медзвядзька.

 

Ды да пана шусь адразу.

— Гляньце, пане!.. Што за звер! —

Пахваліў пан. Ладна,— кажа,—

Ну й гадуй яго цяпер.

 

Я схіліў сваю чупрыну:

— Рады пану дагаджаць...

І пачаў з тае часіны

Медзвядзя я даглядаць.

 

Чым карміў? — Аўсом і мясам,

Нават мёдам частаваў.

Ён праз год такі падняўся,

Што страху аж даставаў.

 

Паірваў курэй ён колькі!..

А мяне, здаецца, знаў,

Не накідваўся. Ды толькі

Зверына ёсць зверына.

 

Як ні лашчыў, а ён дзіка

Паглядаў на лес і роў...

Помню я, быў баль вялікі,

Шмат наехала паноў.

 

Кожны штосьці гердаечыў,

Дзе мне ведаць, ох, цямне...

Цэлы дзень пілі, пад вечар

Пан прывёў іх да мяне.

 

Ды загадвае, п’яны,

Бізуном трасе страшным:

— Ну, падужайся, галгане,

З выхаванцам ты сваім!

 

А паны — рагоча кожны:

Дзе пабачыш цуд такі.

Ведаў я, забіць пан можа,

Адмаўляцца не з рукі.

 

Зняў перад панамі шапку,

І, хоць гнеў мяне паліў,

Я, падкраўшыся, ў ашлапкі

Ледзь мядзведзя абхапіў.

 

За спіну й мядзведзь бярэцца,

Ўсе рагочуць: — Ай-я-ей!..

Чую, як мой пан злуецца

Ды крычыць: — Мацней!.. Мацней!..

 

Ашукаць не меў я волі,

Ды мядзведзя за спіну,

Ціскануў крыху паболей,

А мядзведзь як ірвануў,—

 

Наваліўся, што гарою,

Кіпцюрамі як прагроб...

Я, заліўшыся крывёю,

Паваліўся быццам сноп.

 

Не магу расплюшчыць вочы,

Рады сам сабе не дам.

А паны, паны рагочуць —

«Не падолеў звера хам...»

 

Не стрымаў наш Янка жалю:

— Столькі мелі вы пакут!

Дык чаго ж вы, дзед, маўчалі?

Падалі б на пана ў суд.

 

— Ох, было тады — іначай,

Мы й не зналі гэткіх дзіў.

Мой ты ўнучак, дзе ты бачыў:

Пан і правіў і судзіў.

 

Грышка кажа: — Як жа гэта

Дараваў ты пану, дзед?

Напісаў бы ты ў газету!

— Я не знаў тады газет.

 

Мы, як цёмнымі начамі,

Шмат не бачылі ў жыцці.

А пісьменнага між намі,

Каб схацеў, дык не знайсці.

 

Вось было жыццё якое!

Ой, губіў людзей прыгон...

Гляньце — шрам з часіны тое,—

Зняў сарочку дзед Антон.

 

— Мусіць бы не бачыць свету,

Каб не змог мужыцкі дух...

Вось таго мядзведзя гэты

Праіржаўлены ланцуг.

 

Добра кожны з вас, з маленькіх,

Ашчасліўленым жыве.

Кат быў пан Вацлаў Вяленька,

Знайце ж літары: «WW».

 

Мы ўсе слухалі бяседу,

Пракліналі даўні час.

І, падзякаваўшы дзеду,

Раптам ўзняўся Толік наш.

 

— Мы жывём у часе новым,

Трэба ж і былое знаць.

Ёсць такая прапанова —

Рэчы гэткія збіраць!

 

Мы ланцуг здаваць не будзем —

Здань мінуўшчыны старой.

Каб пабачылі ўсе людзі,

Заснуем музей мы свой.

 

Мы яго на поўны голас

Падтрымалі як адзін,

Добра ведалі, што школа

Прыме гэты наш пачын.

 

ІІ

Наш дырэктар Ян Пятровіч

Кажа, выслухаўшы нас:

— З вашай думкай адмысловай

Згодзен. Ёсць і вольны клас.

 

Мы ланцуг прымацавалі

У тым класе да сцяны

І пад ім жа напісалі,

Як душылі люд паны.

 

Дый рашылі, што цікава

Сабіраць, дзе б ні было,

Каб была вядомай справа,

Што за нашае сяло.

 

— Хіба толькі хлопцам можна?

І ў дзяўчат намер ёсць свой! —

Заявілі ўсім сур’ёзна

Ленка з Настачкай малой.

 

— Вы не можаце без спрэчак,—

Янка адказаў тады.

— А хіба мы вам пярэчым?

Што ж, давайце ўсе сюды!

 

Разышліся мы па хатах

З думкаю пра наш музей.

Так паклалі мы пачатак,

А што дзень — дык цікавей.

 

Хто лучнік прыносіў чорны,

А хто крэсіва, хто трут,

Двое хлопцаў нават жорны

Прыкацілі ў класны кут,

 

Каб нас ведала паболей,

Што там быў за млын такі,

У якім дзяды малолі

І ў гады вайны бацькі.

 

Янка, той даставіў ступу

І расказваў, як герой,

Як таўклі калісьці крупы,

Зерне мочачы вадой.

 

Дзесьці лапці адшукалі,

Цэп зламаны здабылі.

Ленка з Насцяй, як казалі,

Недзе прасніцу знайшлі.

 

І ў дадатак верацёны

І сукала, што сукаць.

А як пралі, бабку Домну

Папрасілі расказаць.

 

Мы сабраліся ў нядзелю

Ў класе дружнай грамадой.

Знекуль здабыла кудзелю

Бабка к прасніцы сваёй.

 

Закружыла бабка хутка

У руцэ верацяно

І пайшла шаптаць ціхутка,

Як жылі даўным-даўно.

 

«Мы нічога не куплялі,

Не было за што купіць,

Самі пралі, самі ткалі,

Толькі б голымі не быць.

 

Хто, як мог, даваў так рады,

Хто, як мог, бяліў і шыў.

Нават зрэб'ю былі рады,

Кужаль — той на святы быў».

 

Бабка даўні час адчула,

Быццам з дзён былых прыйшла,

Нітку доўгую цягнула,

Доўга гутарку вяла,—

 

Як дзяўчаты і жанчыны,

Калі снег бяліў палі,

У адну даўней хаціну

Ўсе на попрадкі ішлі.

 

Разам лепей, чымся розна,

Праца больш спарней была.

Пралі ноччу позна-позна,

Часта нават да святла.

 

«А было, што й жартавалі

І дурэлі — й не кажы!

Хоць і горка, а спявалі,

І спявалі ад душы.

 

Праз усё сяло ляцелі

Нашы песні, што ганцы,

І было, перад нядзеляй

Сабіраліся хлапцы.

 

Разам мы скакалі ўдала,

Забаўляліся не раз.

Ды было і слёз нямала.

Вось паслухайце мой сказ.

 

Слаўныя былі дзяўчаткі,

Проста люба паглядзець,

Ды такое, як Агатка,

Не было вакол нідзе.

 

З русай, доўгаю касою,

А танюткі, гнуткі стан.

Хлопцы бегалі за ёю,

А найбольш за ўсіх — Сцяпан.

 

Быў ён статны і прыгожы,—

Як такога не любіць!

Думалі мы ўсе, што, можа,

Разам суджана ім быць,

 

Што паскачам на вяселлі,

Так упэўнены былі...

Толькі людзі, як хацелі,

Жыць калісьці не маглі.

 

Хочаш лепшага,— час горшы

І насунецца якраз.

Падышоў з маёнтка лоўшы

Раз па попрадкі да нас.

 

Лоўшы быў стары, гарбаты,

Ды йшчэ злосны да таго,

І на ліханька Агата

Пала ў вока да яго.

 

Ён часцей, часцей прыходзіў

Больш за ўсіх пачаў сядзець,

А пасля прыстаў, дый годзе,

Каб ішла з ім пад вянец.

 

Што пярун той нечаканы,

Нашы попрадкі разнёс.

Агарнула злосць Сцяпана,

Не стрымаць Агаце слёз.

 

За Агатай лоўшы следам.

Пагражаў, чым толькі мог:

— Ты не хочаш, дык жа ведай,

Пойдзе бацька у астрог.

 

Лоўшы ў пана — у гуморы,

Што хацеў, дык і рабіў,

А Агацін бацька хворы

Пану грошы вінен быў...»

 

Ленка кажа: — Вось дык дзіўна,

Пана здолець не змаглі.

Хай бы ўсе як ёсць жанчыны

Грозна голас узнялі.

 

«Дзеткі, скажуць вам і ў школе,—

Нам гаворыць бабка зноў,—

Наш даўней жаночы голас

Далей печы не ішоў.

 

Пан пісаў тады законы,

Не зважалі на сялян,

Хай і не было прыгону,

Ды ўсё роўна правіў пан.

 

Як прыстрашыў ён турмою,

Бацька дзеўчыны і здаў,

Паў ён вобзем прад дачкою...

І Агату лоўшы ўзяў.

 

А Сцяпан у хваляванні

Непрытомным ледзь не стаў,

Плакаў па свайму каханню,

Плакаў і не дараваў.

 

Неяк зімняй, цёмнай ноччу

Доўга хлопец цікаваў.

Збіў ён лоўшага аднойчы,

Ледзьве лоўшы ачуняў.

 

А Сцяпана больш не стала,

Закавалі ў кандалы...

Шмат Агата гаравала,

Слёзы ведалі адны.

 

Не магла ні піць, ні есці

Ад згрызоты ад тае

І загінула нарэшце...

Гэта ж прасніца — яе...»

 

Паглядзелі на дзяўчат мы,

А іх вочы, што ў расе.

І за прасніцай Агату

Быццам бачылі мы ўсе.

 

Дый заўсёды будзем помніць

Аб часіне змрочнай той,

Што сказала бабка Домна

Нам у гутарцы сваёй.

 

ІІІ

Наш музей, чым далей, болей

Пашыраўся, добра рос.

У музей аднойчы Толік

Шапку бацькаву прынёс.

 

Бацька ў Гвардыі Чырвонай

Ў дні Кастрычніка служыў,

Шапку з зоркаю чырвонай

Гэту самую насіў.

 

Мы ўсе зорку разглядаем,

Стаўшы ў найшчыльнейшы круг.

Зорка, як цяпер, такая,

Ды замест сярпа быў плуг.

 

Людзі з зоркаю такою

Ашчаслівілі сяло,—

Шапку з зоркаю героя

Палажылі мы пад шкло.

 

Толік так прыстаў да бацькі:

— Дай што больш з часінаў тых.—

Той шукаў. Знайшоў знянацку

Нумар «Правды», «Бедноты».

 

Кожны з нас у захапленні

Іх па многа раз чытаў,

І на нас з газеты Ленін

Так сардэчна паглядаў.

 

З бацькі Толіка мы потым

Здымак на ўвесь рост знялі,

Для ягонага мы фота

Месца добрае знайшлі.

 

Ён жа нас аднойчы стрэціў

Ды і кажа нам усім:

— Ну, раз так, дык вам я, дзеці,

Раскажу аб тым, аб сім.

 

«У Кастрычнік бурны воля

І да нас сюды прыйшла,—

Гаварыў нам бацька Толі,

Ведучы ў канец сяла.—

 

Помню кліч я, як сягоння:

— Бараніце волю лепш! —

І да Гвардыі Чырвонай

Сотня нас прыйшла, не менш.

 

Загуло, загаманіла,

Правіць распачаў камбед.

Пан, пачуўшы нашу сілу,

Ноччу ўцёк, што знік і след.

 

Ён уцёк, бо знаў, вядома,

Што канец прыйшоў панам.

Ну, а мы яго маёмасць

Раздавалі беднякам.

 

Зажылі з уладай новай,

Кожны быццам аж падрос —

Хто каня вёў, хто карову,

Хто калёсы, збожжа вёз.

 

Свет адкрыўся селяніну,

Кожны кут стаў ладзіць свой.

Далі лесу на хаціны,

Надзялілі ўсіх зямлёй.

 

І, што ў песні той пяецца,

Зніклі гора і нуда,

Толькі б нам і жыць, здаецца,

Ды на ліханька — бяда.

 

Мы і з першага ўраджаю

Рады не далі снапам.

Бачым, немцы пагражаюць,

Пана зноў вяртаюць нам.

 

Нашай гвардыі героі

За сваю зямлю, жытло —

Узняліся ўсе са зброяй.

Толькі мала нас было.

 

За бядноту, за камбеды

Мы тады на смерць ішлі.

Бачыце акопы гэты,

Што ўжо хмызам зараслі?

 

А з-за рэчкі, вунь, з Залужжа,

Пёр на нас драпежны гад.

Тут змагаліся мы мужна

Больш як сорак год назад.

 

Ды няроўны былі сілы...

Многа тут ляжыць з тых дзён...

Частка з боем адступіла,

Трое ж трапіла ў палон.

 

Доўга каты іх збівалі,

Прыпякалі іх агнём,

А пасля ўсіх расстралялі

Вось над гэтым курганом.

 

Рабавалі немцаў зграі,

Ўсё ў Нямеччыну мялі...»

Бацьку Толік наш пытае:

— А куды ж вы адышлі?

 

«Адышлі на ўсход. З братамі

Потым зноў пайшлі ў паход,

Пад чырвонымі сцягамі

Вызвалялі наш народ.

 

Як вярнуліся, праз слёзы

Успомніўшы сяброў сваіх,

Пасадзілі тры бярозы

Тут над могілкамі іх.

 

Бачыце — у сіняй высі

Як галлём яны гудуць.

Узняліся, разрасліся,

Славу мужнасці пяюць...»

 

Зазнялі мы іх старанна,—

Што, як тры сястры, раслі,

І ў музеі ім з пашанай

Кут належны адвялі.

 

IV

Кожны з нас хадзіў з надзеяй

Даць найлепшы экспанат.

Стаў прыхільнікам музея

Піянерскі ўвесь атрад.

 

Абмяркоўвалі сур’ёзна,

Паказаць як лепш сяло,

Кожны думаў: а што можна,

Што б найлепей падышло?

 

З косці хтось прынёс іголку,

Крук — вяроўкі што вілі,

І снарадныя асколкі,

Што ля трох бяроз знайшлі.

 

Меркавалі ж мы пра тое,

Як уславіць свой калгас,

Каб са сцен яго героі

Углядаліся на нас.

 

Раз сустрэлі мы камсорга

Ды параіліся з ім.

Ён сказаў: «Што думаць доўга,

Ганцы быць у месцы тым».

 

Банда некалі кружыла,

Рабавала навакол,

Ганка ж першаю ўступіла

З нашай вёскі ў камсамол.

 

То была дзяўчына з сэрцам,

Ведаў Ганку кожны дом.

Ганка Белая ў ячэйцы

Тут была сакратаром.

 

Непісьменных навучала

І вучыла моладзь жыць.

Дзе яна не працавала!

Нават цяжка і злічыць.

 

Ганка заўжды і натхнёна

На змаганне звала ўсіх —

З кантрабандай, з самагонам,

З забабонамі старых.

 

У газеты шмат пісала,

Што рабілася ў жыцці,

І ў спектаклях выступала —

Лепш артысткі не знайсці.

 

Пра яе па ўсёй акрузе

Чуткі добрыя ішлі,

Шмат сяброў было ў Ганусі,

Але й ворагі былі.

 

Бо казала праўду ў вочы,

Выкрывала, хто б ні быў...

Праз акно аднойчы ўночы

Хтосьці дзеўчыну забіў.

 

Плакалі ўсе людзі з гора...

Наш камсорг паклікаў нас:

— Пойдзем за сяло на ўзгорак,

Пахавана там яна.

 

Ад магілы той далёка

Адкрываўся нам прасцяг —

І сяло, і ўсё навокал,

І палі, і кожны шлях.

 

Кажа нам камсорг: «Глядзеце

Вы услед маёй рукі.

Бачыце алеі, дзеці,

Што ідуць ва ўсе бакі,—

 

Ліпы, клёны, вербалозы?..

Вунь рабіна зацвіла!

Як ідуць яны прыгожа

Ў свет ад нашага сяла!

 

Роўна, бы за ротай рота,

Паміж ніў, паміж кустоў.

Гэта Ганчына работа,

Маладых яе сяброў».

 

Агарнула сэрца жалем.

Вось дзе прыклад у жыцці!

Мы ў камсорга запыталі:

— Дзе ж радню яе знайсці?

 

— Кажуць, што ў калгасе «Праца».

Там жыве пасля бяды

У дачкі малодшай маці.

Дваццаць вёрст, не менш, туды.

 

Мы камсорга папрасілі

Падтрымаць у школе нас,

Маці Ганчыну рашылі

Мы ў блізкі наведаць час.

 

І аднойчы раніцою

Мы пусціліся ў свой шлях.

А пайшло сяброў нас трое.

Шлях далёкі нам не страх.

 

Хоць адной жылі мы справай,

Больш ішлі як пяць гадзін,

Бо ў дарозе шмат цікавых

Сустракалася мясцін.

 

Помнік воінам-героям,

Новая праз багну гаць,

Нават возера такое,

Што і краю не відаць.

 

ГЭС суседнюю глядзелі,

Там глядзі хоць да цямна!

Ды пазніцца не хацелі,

Мэта ў нас была адна.

 

Як з паўдня пайшло ўжо брацца,

Да сяла таго дайшлі.

Мы былі ў калгасе «Праца»,

Ў маці Ганчынай былі.

 

Маці добра нас спаткала,

Пасадзіла у садку,

Са слязамі ўспамінала

Пра любімую дачку.

 

— Шмат лягчэй,— казала,— грудзям,

Што такія дні ідуць,

І яшчэ, што доўга ў людзях

Справы Ганчыны жывуць.

 

Распытала з хваляваннем

Аб жыцці свайго сяла.

Абняла на развітанне

І да куфра падвяла.

 

Там з маленькага прыскрынку,

З груды згорнутых газет,

Ганкі выняла хусцінку

І вядомы ўсім білет.

 

Той, што не збаяўся смерці,

Асвятляўшы ўсё вакол,

Што насіў на самым сэрцы

Гераічны камсамол.

 

І сказала Ганкі маці,

Нам аддаўшы ўсё тады:

— Трэба, дзеткі, шанаваці

Памяць гэту назаўжды!

 

Узнялі мы рукі ўгору,

Як па клічу: «Будзь гатоў!» —

І, шчаслівыя, без зморы,

Павярнуліся дамоў.

 

Рады, скарб змаглі прынесці

Для музея мы свайго.

Той білет на лепшым месцы

І хусцінка ля яго.

 

На хлапцоў і на дзяўчынак

Заўжды той білет глядзіць,

А чырвоная хусцінка,

Што чырвоны сцяг, гарыць.

 

V

Раз гаворку мы такую

Пачалі пра наш калгас.

Разам, дружна мы працуем,

А жылі даўней інакш.

 

А даўней у нашай вёсцы

Кожны, як дзікун той, жыў,

На сваёй вузкой палосцы

Што як мог, так і рабіў.

 

Не, не тое ў нас сягоння!

Разам мы, прастор вялік.

Хто ж, цікава, добра помніць,

Як у нас калгас узнік?

 

Старшыні няма старога,

У сталіцы зараз ён.

Нам сказалі: «Знае многа

Садавод Мікола Звон».

 

Што ж, як вельмі захацелі,

Дамагліся мы свайго:

Помню, неяк у нядзелю

Падышлі мы да яго.

 

Кожны з нас забыць не можа

Цікавейшы той паход.

Ох, і быў жа сад прыгожы І

ягоны садавод!

 

У траве гулі бясконца

Пчолы, нібы гусляры,

Ззялі яблыкі пад сонцам,

Што мядзяныя шары.

 

Грушы з грушамі цяжкімі

Быццам долу хто схіліў.

Садавод хадзіў між імі,

Як бы штосьці варажыў.

 

Мы яго здалёк гукнулі:

— Дзядзька Звон! Дзень добры вам! —

А ў адказ яго пачулі:

— Вы чаго тут?.. Я ж вам дам!

 

Але гэта жарт, не болей,

Ён дзяцей любіў да слёз.

Пасадзіў усіх за столік,

Сам жа яблыкаў прынёс.

 

А пасля, пачаставаўшы,

Што нам трэба, стаў пытаць.

Просьбу ж нашую дазнаўшы,

Ён пачаў апавядаць:

 

«Быццам і мінула мала,

А ўжо доўгія гады...

Старшынёй Максім Гукала

У калгасе быў тады.

 

Помню першы сход да почы.

Ну і крык быў, што й казаць.

Хто з нас хоча, хто не хоча,—

Нас жа трэба аб’яднаць.

 

Бачым мы, таварыш новы

У куце сядзіць цішком.

А пасля бярэ і слова,

Чуем — кажа, дый ладом.

 

Знае ўсё, хоць сам не зблізку.

Я памкнуўся распытаць —

Ён рабочы, кажуць, з Мінска,

Нам прыехаў пасабляць.

 

Гаварыў з такім настроем,

Што прыняў яго народ.

Стаў Гукала старшынёю,

Шмат пражыў ён з намі год.

 

Не ішло адразу гладка,—

То парвецца там, то там.

Знайце, з самага пачатку

Ой нялёгка было нам!

 

Помню добра, як сягоння,—

На паўсотню беднякоў

Назбіралі дваццаць коней

І з дзесятак мо кароў.

 

Пяць калёсаў прыкацілі,

Са дзве мяліцы — мяць лён,

Сох крывых гару злажылі

І гару смыкоў-барон.

 

Не маглі мы, скуль, дазнацца,

Каламажку хтось прыгнаў.

Гэта ўсё было багацце,

Чым калгас наш уладаў.

 

І насення не хапала,

Памяшкання і здавён...

Вось з чаго Максім Гукала

Пачынаў у нас разгон.

 

Першы год ішло паволі,

Нават ладу не было,

А пасля ўсё далей-болей —

І пайшло яно, пайшло...

 

Будавалі хаты, фермы,

Вылязалі мы з бяды,

Ганарымся і цяпер мы,

Працавалі як тады.

 

Старшыня быў пільны, дбалы,

Гаспадарка йшла на лад.

За парадаю Гукалы

Пасадзілі й гэты сад.

 

Як цвіце, здаецца,— замець

Альбо кружыць белы дым...

Бачыце, якая памяць

Засталася тут па ім».

 

Мы пытаем: «Дзе Гукала?

Раскажыце, дзядзька Звон».

«Ён вядомы, і нямала:

Акадэмік сёння ён.

 

Ён калі ці спаць лажыўся,

Тут і дзень і ноч рабіў,

Працаваў шмат і вучыўся,

У завочніках хадзіў.

 

Шмат гадоў тут дбайна, шчыра

Прарабіў Максім у нас.

І ў навуцы тут ён вырас,

Стаў малы яму калгас.

 

Вывеў добрую пшаніцу,

Новы даў адменны лён,

А цяпер вось — у сталіцы,

На краіну ўсю відзён.

 

Гэткім людзям — гонар, слава,

Што кідаюць след жывы.

Я хвалю і вашу справу,

Што музей адкрылі вы.

 

Ёсць нам паказаць што свету,

Маем мы здабыткаў шмат.

Я б хацеў, каб вы пры гэтым

Не забыліся пра сад.

 

Гляньце, колькі дрэў са мною.

Быццам роўныя яны,

Ды вось дрэўца, хоць малое,

А яму няма цаны.

 

Мы яму, з далёкай далі,

Месца слаўнае знайшлі —

Сліву гэтую прыслалі

Мне з балгарскае зямлі.

 

Верце, кожную хвілінку

Ўспамінаю я сяброў.

Вось са слівы вам галінка

Нашай дружбы, як братоў.

 

Пра Максіма ж добра раю

Расказаць, бо ён герой.

Я таксама фота маю

З ім, з часіны даўняй той.

 

І садоўнік той Гукалы

Даў нам здымкі, што былі.

Мы ж Гукалу напісалі,

Кніжкі к нам яго прыйшлі.

 

VI

Крыўдна, што мы мала зналі

Пра свой кут, пра родны дом,

Проста мы не заўважалі,

Што ў нас дзеецца кругом.

 

Неяк раз мы ўсе шукаем,

Чым музей папоўніць свой.

Кажа Настачка малая:

— А мой тата — не герой?..

 

У сяле за брыгадзіра —

Зналі мы — Арцюх Панас.

Партызанскім камандзірам

У вайну ж ён быў у нас.

 

Мы да Настачкі да нашай

Ды ўзнялі, вядома, шум:

— Хай ён пра вайну раскажа!

Добра, кажа, папрашу.

 

А праз дзень гаворыць: «Згодны,

Нават здымкаў шмат знайшоў...»

Неяк раз у дзень выходны

Брыгадзір да нас прыйшоў.

 

Ён расказваў: «Час крывавы

І нялёгкі быў вайной.

Ну, калі вам так цікава,

Дык давайце ўсе за мной!

 

Не было б для нас ратунку,

Калі б кожны не паўстаў...»

Вёў Арцюх нас да чыгункі,

Пра той час апавядаў:

 

«А было ж нам, дзеці, горка,

Дзе ні глянь — усюды жах...»

Гаварыў ён, ззяла Зорка

Залатая на грудзях.

 

«Палыхалі скрозь пажары,

Злосна выбухі гулі...»

А ў яго нібы на твары

Зоркі-водбліскі раслі.

 

Ён расказваў вельмі шчыра

Нам пра грозныя гады:

«У атрадзе камандзірам

Быў у лесе я тады.

 

Там на выспе, між балота,

Мы сабраліся ў той год.

Пачалі мы ўтрох, а потым

Стала болей пяцісот.

 

У змаганні з немцам-катам

Наш узбройваўся атрад,

Мелі нават дзве гарматы,

А варожых стрэльбаў — шмат!

 

І жанчыны, нават дзеці,—

Кожны з помстаю ішоў...

А як помсцілі, глядзеце,—

Да чыгункі ён падвёў:

 

— Вось чыгунка на Паловы,

А вось рэчачка Сурма.

А вось мост... Дык гэта ж новы,

А таго, што быў,— няма.

 

Партызанскі штаб паважыў

Пытлю даць паганцам тым,—

Мост стары ўзарвалі разам

З цягніком, што йшоў па ім.

 

Ну й была ж тут перапалка!

Бачыце? З часіны той

Вунь ляжаць яшчэ кавалкі,

Што ад фермы маставой.

 

Фрыцы, як звяры, тут вылі,

Ледзь каторыя ўцяклі.

Тыя ж, тут каго пабілі,

У зямлі даўно згнілі».

 

Толік перабіў знянацку

Брыгадзіра й запытаў:

— А скажэце нам вы, дзядзька,

Як той мост і хто ўзарваў.

 

«Што ж, у тым няма сакрэту,

Толькі цяжка ўспамінаць...

Я і ведаў, што пра гэта

Будзеце ў мяне пытаць.

 

Быў Кастусь — хлапец удалы,

Ён не знаў, што значыць страх.

Ды яго пасля не стала.

Згінуў хлопец у баях.

 

Чым ўзарвалі? — Вось гасцінец,

Што атрад наш рыхтаваў».

Ён з кішэні выняў міну

І Сымону перадаў.

 

«З тых часоў яе хаваю,

Не магу тых дзён забыць.

Ды не бойся, то ж пустая,

У музеі ёй і быць».

 

Раптам хлопцы як прысталі,

Проста за рукаў траслі:

— Можа б, дзядзька, паказалі,

Дзе ж у лесе вы жылі?

 

«Каб зайсці й вярнуцца ўпору,

Пройдзе шэсць гадзін ці сем.

Не прыстанеце ад зморы?

Не, вы кажаце «Хадзем!»

 

Мы йшлі сцежкай палявою,

Хмызам, між карчоў, гнілля

І сцяжынкаю такою,

Дзе зыбалася зямля.

 

Праз імшары, купавіны,

Дзе скакалі, дзе паўзлі...

Сапраўды, такой мясціны

Мы б ніколі не знайшлі —

 

За багнішчам вербалознік,

За асіннікам густым.

Гэта быў узгорак. Сосны

Стогадовыя на ім.

 

Можна там было сустрэціць

Дзе-нідзе і дуб, і граб...

І сказаў Арцюх: «Знайдзеце,

Дзе тут быў атрада штаб?»

 

Кожны ў розны кут падаўся,

А праз міг з усіх бакоў

Крык узбуджаны узняўся:

— Я знайшоў!.. І я знайшоў!..

 

«Добра, дзеці, малайцы вы,—

Хваліць нас Арцюх падрад,—

Ды, скажу я вам,— не дзіва,

Тут зямлянак было шмат.

 

Вось стаяла дзе слясарня,

Меддружына тут жыла,

Тут быў штаб, а тут пякарня,

Вось дзе — лазенка была.

 

Друкавалі тут газету,

Тут чырвоны наш куток...

Быў тады на месцы гэтым

Партызанскі гарадок».

 

Аб тых днях, баях жахлівых

Брыгадзір нам расказаў,

А як скончыў, клапатліва

Адпачыць прапанаваў.

 

Мы агонь расклалі з голля,

Дым праклаў да неба шлях.

Хто прысеў. Папраўдзе ж, болей

Штосьці шарылі ў кустах.

 

Хтосьці аглядзеў зямлянку,

Хтось вады шукаць пайшоў.

Раптам крыкнуў з хмызу Янка:

— Хлопцы, каску я знайшоў!..

 

Каска фрыцава пакрыта

Ўся іржой за многа год,

Два разы яна прабіта

Меткай куляй навылёт.

 

Больш і больш мы ўскрыкаў чулі,

Бо было й шчасліўцаў шмат,—

Хтосьці нёс ад стрэльбы рулю,

Хтось разбіты аўтамат.

 

Ды не даў нам разгуляцца,

Сцішыў брыгадзір Панас:

— Досыць, хлопцы, забаўляцца,

Бо ісці дадому час!

 

І пайшлі. Спявалі песні.

Колькі ж тых было размоў!

А каб бачылі, як неслі

Мы здабыткі ўсе дамоў!

 

Брыгадзіру ж далі слова

Больш цікавіцца сваім —

Наш музей раздзелам новым

Папаўняўся, ды якім!

 

 

VII

Жоўты ліст кружыў і слаўся,

Восені ішоў чарод.

Новы верасень пачаўся.

Быў у нас бацькоўскі сход.

 

Як правесці, меркавалі,

Што найлепей школьны час,

І, вядома, разглядалі,

Што было ў музеі ў нас.

 

Расхваліў жа нас, дый годзе,

Аднадушны сход увесь.

А удзельнічаў на сходзе

І начальнік нашай ГЭС.

 

Ён нам кажа: «Добра, дзеці,

Знаць пра тое, што было.

Што ж раздзел не завядзеце

З назвай «Новае сяло»?

 

І ўмясціць ён многа можа,

А між новага ў жыцці —

Нашай станцыі прыгожай

Вам ніяк не абысці.

 

Апрача святла, зрабілі

Мы палёгкі шмат рукам...»

Ён пайшоў. А мы й рашылі:

Слаўна ён параіў нам.

 

Працаваць мы сталі хутка,

А тым больш ў астатні час —

Фотаапарат навюткі

Шэф падараваў якраз.

 

Загарэліся ў нас вочы —

Самі фотамастакі!

Вось мы і прыйшлі аднойчы

На плаціну да ракі.

 

Гул турбін спакойны, роўны

Па-пад берагам вісеў...

— Бачыце, як тут цудоўна! —

Так начальнік нас сустрэў.

 

Сапраўды, кругом прыбрана

Ўсё стараннаю рукой.

Станцыя бялюткім станам

Красавала над вадой.

 

Вокны доўгія, шкляныя

Прыглядаліся на дол.

І слупы, як вартавыя,

Уздымаліся вакол.

 

Раптам наш маленькі Ўладзік —

За начальніка руку:

— Пакажыце нам вы, дзядзя,

Бераце святло адкуль?

 

«О, хоць ты маленькі ростам,

Ды герой ў свае гады.

Ну, калі сказаць вам проста,—

Дык вось з гэтае вады.

 

Сілы ж у вадзе без ліку,

Трэба толькі рады даць.

Вось у чым сакрэт вялікі —

Як святло з вады узяць?

 

Мы пусцілі ў ход машыны.

Прылажыў і рукі люд,—

Гэтай земляной плацінай

Супынілі рэчку тут.

 

Ход далі часова збоку

І, як прадугледжваў план,

За плацінаю глыбокі

Пракапалі катлаван.

 

Змацавалі грунт надзейна

І падмурак там як след,

А пасля злажылі сцены,

Што цяпер глядзяць на свет.

 

Моц не ў сценах жа адзіных,—

Праўда, нельга і без іх,—

Моц у гэтых вось турбінах,

Што святло даюць для ўсіх.

 

Ўладзік! Моц у іх такая,—

Можа ўсіх падужаць нас.

Як даюць яе — пазнаеш,

Як пяройдзеш ў шосты клас.

 

Як святло ідзе далёка,

Напаўняе правады...

Гэты шчыт, такі шырокі,

Што загадчык, сапраўды.

 

Хай тут ручак небагата,

Толькі сэнс у іх адзін:

Крутнеш гэту — светла ў хатах,

Крутнеш гэту — меле млын.

 

Скрозь: у стайнях, у аборах —

Сіла нашага святла!

Ой і знала ж вёска гора,

Як з лучынаю жыла.

 

Скрозь як ёсць мы абхадзілі,

Кожны шмат чаго пазнаў,

Здымкаў самі нарабілі,

Некалькі й начальнік даў.

 

Мы ішлі дадому жвава,

Ледзь не беглі, сугрунём.

Будзе ў нас раздзел цікавы,

Шмат цікавага кругом.

 

Паказаць ужо не сорам,

Што ў музеі ёсць у нас.

Пра даўнейшае ёсць гора

І пра слаўны наш калгас,

 

Як узняўся дух народны

І жыццё пайшло наноў,

Як прыйшоў Кастрычнік родны

І прагналі мы паноў.

 

Як калгасаў быў пачатак

І пасля як расцвілі,

Як пабілі немцаў-катаў

На знявечанай зямлі.

 

Паказалі мы герояў

І здабытак наш увесь,

Што завём сваёй красою,—

Нашы фермы, нашу ГЭС.

 

Сад у поўным красаванні,

Гоні ліпавых алей...

Ды паўстала ў нас пытанне,

А што ж будзе ў нас далей?

 

Што калгас збудуе, здзейсніць,

Як ён будзе выглядаць,—

Старшыню мы ў свята песні

Папрасілі расказаць.

 

— Церплівейшымі вы будзьце!

Кінуў нам ён у дакор.

— Ну, ды лад, пакуль збяруцца

І зацягне песню хор,

 

Раскажу вам гэтым часам.—

Ён на ўзгорак нас прывёў.

— Паглядзеце, што калгасам

Зробім мы за сем гадоў.—

 

Разгарнуў ён план старанна

Ды павесіў між кустоў.

План увесь размаляваны,

Шмат азначана будоў.

 

«Каб калгас расцвіў красою

І было не сорам нам,—

Вунь, дзе жыта над ракою,

Цэнтр калгасны будзе там.

 

Між алей дзівосных, новых,

Што пасадзім там як след,

Узвядзем мы адмыслова

Клуб, праўленне, сельсавет.

 

А навокал іх атуляць

Двухпаверхіх, не малых,

Можа, сем ці дзесяць вуліц,

І не горш ад гарадскіх».

 

Старшыня абвёў рукамі:

— Так раскінецца сяло!..—

А прад нашымі вачамі

Ўсё, здавалася, расло:

 

Паркі, вуліцы і пляцы,—

Пабудоў патрэбных шмат,

Быццам белыя палацы,

Школа і дзіцячы сад.

 

Стадыён пад сінім борам,

Яслі самым малышам,

І калгасны санаторый,

І гасцініца гасцям.

 

І пад самым небам вышка,

Каб спявалі ўсе дамы.

— Будзе ў нас не горш ад Мінска!..—

Старшыні гаворым мы.

 

І хоць ён закончыў слова,

Нас не мог ніяк спыніць.

Мы давалі прапановы,

Што яшчэ і як зрабіць.

 

Трэба вышку нам такую,

З парашутам каб скакаць,

Дом, каб кніжку там любую,

Хто захоча, мог дастаць.

 

І басейн з вадой гарачай,

І гараж, і іпадром.

А чаму нам не адзначыць,

Дзе зрабіць аэрадром?

 

Старшыня сказаў нам: «Справу

Многія тут узнялі.

Ды,— ўсміхнуўся ён ласкава,—

Вы занадта ўжо ўзялі.

 

З часам будзе ўсё, вядома,

Ды парадак трэба знаць.

Будаваць аэрадромы

Можна трошкі й пачакаць.

 

Пройдуць зімы, пройдуць леты,

Хопіць працы ўсім рукам.

Не зрабіць адным нам гэта.

Зробім шмат,— канчаць жа вам!

 

Каб сто год пражыў, здаецца,

Працу б я знайшоў заўжды!

А куды вас кліча сэрца?

Імкнецеся вы куды?»

 

Толік наш, спусціўшы вочы,

Адказаў за ўсіх за нас:

— Працаваць мы дома хочам,

Любім родны мы калгас.

 

Скончым школу — і за працу,

Не прапусцім нават дня.

— Хто б куды хацеў падацца? —

Нас пытае старшыня.

 

Янка кажа: «Паляводам».

Юрка: «Я б на ГЭС падаў».

Толік: «Толькі садаводам».

Я: «Шафёрам!» — адказаў.

 

«Я б цялятак гадавала,—

Ленка кажа,— мой настрой...»

Чуем: «Кветкі б я саджала»,—

Голас Настачкі малой.

 

«Рыб разводзіць!» — кажа Петрык.

Сцёпка: «Буду будаваць!»

А Міхась: «Што тут у нетрах,

Мне б хацелася пазнаць».

 

Той — асфальтаваць дарогі,

Той — палепшыць якасць дрэў...

Не знайшлося з нас нікога,

Каб нічога не хацеў.

 

Старшыня наш рад, смяецца,

Хваліць хлопцаў і дзяўчат:

— Дзякую вам шчыра, дзеці,

Будзе з вас і добры лад.

 

Земляробы і паэты,

Слаўце ўсе зямлю сваю!..

А прыгожы план вось гэты

Я ў музей ваш аддаю.

 

З песняй дружнаю, вясёлай,

Што гула на ўсе лады,

Да сябе ў музей, у школу,

Мы вярталіся тады.

 

План паважна мы прыбілі

Ды глядзелі многа раз.

Ім такі раздзел адкрылі:

«Што далей чакае нас?»

 

Шмат што сёння, быццам казка,

Можна будзе ў нас сустрэць.

Прыязджайце, калі ласка,

На музей наш паглядзець.

 

Працавалі мы старанна.

Можа, ўмельства не было,

Толькі верце, што аддана

Любім мы сваё сяло.

 

Пра яго не чулі, мусіць,—

Гэткіх сотні, не адно,—

І на карце Беларусі

Ледзь прыкметнае яно.

 

Быццам кропелька малая

Па-над стужкаю-ракой,

Бессмяротная, жывая,—

Ўся Радзіма ў кроплі той!


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, паэмы, 1954-1964.- Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 426-460
Крыніца: скан