epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Пахне чабор...

Хіба на вечар той можна забыцца?

...Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,

Штосьці спявае пяшчотнае бор,

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы.

Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы,

Быццам абсыпана промнямі зор.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца.

Вось яно - блізкае, яснае шчасце,

Клікнуць хацелася - голас замёр.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Год адзінаццаць, а можа, дванаццаць

Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца.

Сэрца нязменна хвалюе дакор.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Час той схаваўся за дальняй гарою,

Здасца хвілінай - яна прада мною...

Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

1957

 


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, паэмы, 1954-1964.- Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 77?
Крыніца: невядомая