epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Вершы (1941–1953)

ДРЫЖЫЦЕ, ПАДЛЮГІ-ФАШЫСТЫ!
ПАРТЫЗАН БУМАЖКОЎ
МАЦІ
ПІСЬМО ЗЕМЛЯКАМ
ПАСТУХ
ПОМСТА
ДАХАТЫ
ПА ДАРОЗЕ МІНСК — МАСКВА
НЯЗЛОЎНЫ
БУДЗЕМ СЕЯЦЬ, БЕЛАРУСЫ!
ТРЫ БРАТЫ
ЯКУБУ КОЛАСУ
РОДНАЕ
ВЯСНОВАЯ ПЕРАКЛІЧКА
КАЎКАЗ
БАЙЦАМ-БЕЛАРУСАМ
НАДЗЯ-НАДЗЕЙКА
РАНА
МІНСК
ПЕРШАМАЙСКІМ РАНКАМ
ПАРТЫЗАНСКІ МАРШ
КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ
НЕ ПАВЕРУ СМЕРЦІ
ТАВАРЫШУ
МАГІЛА БАЙЦА
БАЛАДА ПРА ЧЫРВОНЫ СЦЯГ
СПАТКАННЕ
РОДНЫ КРАЙ
СЫНЫ
ДВА КЛЁНЫ
АДЫХОД У ПАРТЫЗАНЫ
ВАМ СКАЖУЦЬ СОСНЫ
РОДНЫ ГОРАД
ПЕРАД ВЯСНОЙ
ДАРОГА САЛДАТА
ВОЗЬМЕМ СЕЎНІ!
ДАВАЙЦЕ РАМОЎКІ НАЛАДЗІМ
ПРАЧНУЎШЫСЯ РАНА...
ВЕСНАВОЕ
НАСТАЧКА
ЗНАЁМАЯ ДАРОЖКА
СЯБРЫ ФРАНТАВЫЯ
МЫ НЕ ЗАБУДЗЕМ ВАС!
НАРОДНАМУ ПАСЛАНЦУ
ЗВАРОТ МУЗЫКАНТА
БРАТ І СЯСТРА
РАЗВІТАЛЬНАЕ СЛОВА
ПАРК ПЕРАМОГІ
ДЗЕНЬ МОЙ
ДУМЫ ПРА МАСКВУ
ПОМНІК
НЕ БУРА НАМ СТРЭХІ САРВАЛА
КАБ МНЕ СТАЦЬ...
НАРОДНАЕ ДЗЯКУЙ
КАМСАМОЛЬЦАМ БЕЛАРУСІ
КАВАЛЬ
АПОШНЯЯ ЗЯМЛЯНКА
ШПАК
МАЦІ
СЫМОНКА
АРХІТЭКТАР
СКАРБ
ЧАРАЎНІК
ВЯРБА НАД ВАДОЮ
ЗАПАВЕТНАЕ
МАЯ АЙЧЫНА
КАНДРАТУ КРАПІВЕ
СМЕРЦЬ ГЕРОЯ
  * * *
ДЗЕНЬ ДОБРЫ, ХЛОПЦЫ!
МАЛАДЗІКОМ
ДЗЕЎЧЫНА З ПАЛЕССЯ
ЛЕНІНГРАДСКІ ТРАМВАЙ
БРАНЯВІК
ДОМ У ПАРОНІНЕ
ЛЯ МАЎЗАЛЕЯ
ПЛЫТАГОН
ЧАТЫРЫ ШЛЯХІ
КАЛГАСНЫ МЕЛЬНІК
КЛАДАЎШЧЫК
СПЕЎ НОВЫХ ДЗЁН
КІВАЧ
КАРЭЛЬСКІ ШЛЯХ
ПЕТРАЗАВОДСК
РАСІЯ
НА ПАЛЕССІ ГОМАН, ГОМАН...
СОНЦА ГРЭЕ...
БАНДЫТЫ
У ВЯНОК ПАЭТУ
НОВЫ ШЛЯХ
ЦАР-ДУБ
ЧЫРВОНАЯ ЗОРКА
ПРЫСЯГА БАЙЦА ЗА МІР
РАЗМОВА З ПАПАМ ПІЕМ
СТАСЯ
ДАРОГА ЖЫЦЦЯ
НАША МАРКА
ЛЯСНІК
АБ ТЫМ, ШТО Ў ДУМАХ...
НЕ ТРЭБА ВАЙНЫ!
ТАМ, ДЗЕ ХАДЗІЎ КАЛІСЬЦІ ЛЕНІН...
ГАРА СЛАВЫ
СУСТРЭЧА З ЗЕМЛЯКОМ
ЯРА!.. ЯРА!..
НАВАГОДНІЯ ПАЖАДАННІ
СЛАВА ДРУЖБЕ!
ПАДАРОЖЖА
КАЛІ ПАГЛЯДЖУ Я НА КАРТУ...
ЧЫРВОНЫ СЦЯГ
ВОСЕНЬ... ВОСЕНЬ..
СМЕЛА, ТАВАРЫШЫ, Ў НОГУ!
ПАРК ПІЯНЕРАЎ У БУХАРЭСЦЕ
ПРЫСАДЫ
А ТЫ ХОЦЬ ДРЭВА ПАСАДЗІЎ?..
ПУСЦІ, МАЦІ!..
РАХУНКАВОД
  * * *
ВЯСЕЛЛЕ
ЁСЦЬ!
ПАРАХОДУ «УКРАІНА»
А Я ЖЫТА ЖАЛА...
НА БЕРАЗЕ ЧОРНАГА МОРА
ЧАМУ Я ТАКАЯ...
БОНДАР
ЗГАДАЎ Я СЯГОННЯ ДУНАЙ І МАРАВУ...
МЫ СЛАВІМ ЯДНАННЕ
ІІ
  ПАЭМЫ
  
ІІІ
  ВЕРШЫ
ПАЛЯВАЯ ПОШТА
ПАРТЫЗАНКА
КАСТРЫЧНІК ЗАВЕ ЗМАГАЦЦА!
ПЕСНЯ БЕЛАРУСКІХ ПАРТЫЗАН
УРАНКУ, ТОЛЬКІ БОЙКА АДГУЛА...
СЛАВА!
МАШЫНІСТ
МЫ ІДЗЁМ, БЕЛАРУСЬ
ФАНАБЭРЫСТЫ ФРЫЦ
ГОМЕЛЬ
ТРЫ ПРАВЫ
БРАХУН
БЕЛАРУСКІ ФРОНТ
СТАЛІЦЫ БЕЛАРУСІ!
СПАТКАННЕ
ЧЫРВОНЫЯ СЦЯГІ
СЕЙЦЕ, СЕЙЦЕ ЗЯРНЯТЫ
ТРАКТАРАГОРАД
ЧУТНА ПЕСНЯ...
ГРОМ
НА ЛЕНІНСКІХ ГОРАХ
А Я МЯРКУЮ, БУДЗЕ ТАК...
ПАРТЫЯ


 

ДРЫЖЫЦЕ, ПАДЛЮГІ-ФАШЫСТЫ!

Ірвуцца снарады на полі

Над п’янай фашысцкай ардою,

І танкі ў імклівым разгоне

Ад ворага чысцяць шлях.

Узнятая мужнаю воляй,

Палітая нашай крывёю,

Не будзеш ніколі ў палоне,

Любімая наша зямля!

Мы вынесем боль маўкліва,

А банды загінуць прымусім,

Наш сонечны край прамяністы

Не знішчыць раз’юшаным псам!

Для нас наліваюцца нівы

І спеюць сады Беларусі,—

Дрыжыце, падлюгі-фашысты,

Мы вас пахаваем там!

Хоць трэсніце, гады, са злосці,

Вы смерці сваёй прычакалі:

Узняўся магутнаю сілай

Савецкі тытан-чалавек!

Ён скрышыць вам чорныя косці,

Пажарамі косці папаліць,

Гарматамі выб’е магілы,

Зямлёю засыпле навек.

 

ПАРТЫЗАН БУМАЖКОЎ

Свой атрад паміж лясоў

Вёў таварыш Бумажкоў.

Гнеў народны запалаў,

Партызаніць іх паслаў.

Сотня храбрых, як адзін,

Кожны з іх адданы сын.

Партызанам баявым

Смерць не страшная зусім,

Бо яны ад чужаніц

Выйшлі край свой бараніць.

Вось ідуць яны ў глушы,

Помста пеніцца ў душы,

Раптам чуюць, дзесь гудуць —

Танкі ворага ідуць.

Акружыўшы ў лесе шлях,

Лёг атрад па двух баках.

Гул мацней, бліжэй ідзе,

Вось і банда ўжо брыдзе,

Танкі скрыгаюць, равуць,

Быццам гадзіны, паўзуць.

Даў наказ, без лішніх слоў,

Партызанам Бумажкоў:

— Так змагацца, так знішчаць,

Каб магілу тут ім даць.—

І паслаў тады атрад

На падлюг гасцінцаў шмат.

— Ты чаго па хлеб наш прэш,

На, падлюга, кулю з’еш!

— Ты забраць наш хочаш сад,

Паспытай жа, гад, гранат!

— Кроў піць хочаш, воўчы сын,

На бутэльку, пі бензін! —

Біў атрад сабак удала,

Білі кулі і штыкі,

Васемнаццаць танкаў пала,

Засталіся касцякі.

Неслі ворагі нам здзек,

Леглі ворагі навек.

І далей паміж лясоў

Вёў атрад свой Бумажкоў.

 

МАЦІ

Ты ходзіш, маці, сцежкамі вайны,

І з вуснаў рвуцца ворагам праклёны.

З братамі прыйдзем мы, твае сыны,—

І выйдзе Беларусь з палону!

 

Рабуе гвалтаўнік апошняе з двара,

Цябе давесці хоча ён да скону,

Ды грознай помсты блізіцца пара,—

І выйдзе Беларусь з палону!

 

Крывёй звяроў напоўнім берагі,

Касцямі катаў высцелем загоны;

Ударым мы — парвуцца ланцугі,—

І выйдзе Беларусь з палону!

 

Не раз мы зносілі насланую бяду,

Не раз знішчалі мы драпежнікаў шалёных;

Змяце зямля і гэтую брыду,—

І выйдзе Беларусь з палону!

 

ПІСЬМО ЗЕМЛЯКАМ

Я ведаю,— высахнуць слёзы,

Прагоніць чужынцаў народ:

У гневе бары над Бярозай,

І помстаю грукае лёд.

 

Вы з помстаю выйшлі,— вас многа,

З-пад пушчаў, з-пад хмурых лясоў.

Мы знаем: для нас — перамога,

А гібель — для вырадкаў-псоў.

 

Дык біце з гаёў і палянаў,

Расплаты наблізіўся час.

Мы з вамі, браты-партызаны!

Страчайце, ідзём мы да вас!

 

Мы з вамі па зброі адзіны

І разам выходзім на бой,

У родную нашу хаціну

Збяромся адною сям’ёй.

 

Бандытаў загінуць прымусім,

Прыйшла ім няслаўная смерць.

І будуць сады Беларусі

Ізноўку на волі квітнець.

 

ПАСТУХ

На ўсю акружку дзед Панас

З даўнога быў вядом,

І ганарыўся ім калгас

Як лепшым пастухом.

 

З вясны да восені глухой

Ён знаў адзіны шлях —

Вадзіў вялізны статак свой

Па пушчах і лугах.

 

Хадзіў гаямі, між сасён,

Пад шум духмяных траў,

На берасцянцы часта ён

Хвалу жыццю спяваў.

 

Ды вось пракляты ліхадзей

Напаў на родны дом,—

Прарэзаў ясны летні дзень

Вайны знішчальны гром.

 

На вёску родную крумкач

Накінуўся з хмурын...

І першы крык, і першы плач

Пранёсся ад хацін.

 

Навокал чырванела кроў,

Запалымнеў калгас.

Сваіх падпаскаў, двух хлапцоў,

Пазваў тады Панас.

 

— Дабро даверыў нам народ,

А злыдзень мкне забраць.

Ганіце статак вы на ўсход,

Каб ворагу не даць!

 

Бывайце ж вы, мае сябры! —

І вось ад тых часін,

Як развіталіся яны,

Застаўся дзед адзін.

 

З тае пары сярод бароў,

Паміж ялін густых

Хаваў ён некалькі кароў

Калгаснікаў сваіх.

 

І сосны чулі ад яго,

Як скардзіўся не раз:

— Ой, да чаго, ой, да чаго

Дажыў стары Панас!

 

На сэрцы гора і журба,

Перад вачамі жах.

А берасцяная труба

Галосіць па лясах.

 

І нездарма журыўся дзед:

Быў час яго цяжкі —

Прыйшлі, натрапіўшы на след,

І ў лес рабаўнікі.

 

Як сталі статак забіраць,

Ускрыкнуў ён: «Звяры!»

Пачалі гады катаваць,

Пакуль не змоўк стары.

 

Калі ж у мораку начным

Ачнуўся позна ён,

Труба валялася пры ім —

Прыяцелька здавён.

 

Яе рукамі ён схапіў

І ў гушчу чорных хмар

Зазыўна, мужна затрубіў

На ўвесь лясны абшар:

 

— Не будзеш ты, зямля мая,

Пад ботам сатаны!

Сюды, адважная сям’я,

Сюды, мае сыны!

 

Я павяду вас,— мне не страх

Фашыста ў твар сустрэць,—

Па ўсіх пуцінах і шляхах

Мы нанясём ім смерць!

 

ПОМСТА

За родны сэрцу край, за ўсе пакуты нашы,

За здзек, за кроў, за смерць —

Разлічымся цяпер.

Кавалі помсту мы, глыбока боль схаваўшы,

Расплата надышла,— падбіты дзікі звер.

 

Бягуць рабаўнікі, фашысцкія салдаты.

Сляды гвалтаўнікоў — пажараў чорны дым,

Плач матак і сірот над спаленаю хатай,

Драпежнікаў разгул. Давайце помсціць ім!

 

Бягуць яны назад ардою палахлівай,

Пагібель абмінуць спрабуюць усяляк.

Разбітыя шляхі, здратованыя нівы

Завуць да помсты нас. Давайце біць сабак!

 

Зямлі для іх магіл даволі ў нас, не шкода,

Спарадкуем усіх і можам прытаптаць.

Счарнелыя сады, атручаныя воды

Завуць да помсты нас.

Давайце псоў страляць!

 

Сягоння кліч адзін: «Радзіма, я клянуся

Адпомсціць за народ, за боль пякучых ран!»

Азёры горкіх слёз, пакуты Беларусі

Завуць да помсты нас.

Ты чуеш, партызан?

 

ДАХАТЫ

На Беларусі, між бароў,

У змрочнай хаце дзень і ноч

Чакае маці трох сыноў,

І смутак не сыходзіць з воч.

 

Чакае маці. Безліч дум

Ёй не даюць спакою, сна:

Ці грукне лёд, ці лесу шум —

Бяжыць старая да акна...

 

Быў чэрвень. Першы дзень вайны.

Над вёскай бомбы загулі,

І з роднай хаты тры сыны,

Тры камсамольцы ў бой пайшлі.

 

Пайшлі па бой за родны край:

Старэйшы сеў на грозны танк,

А двух малодшых цёмны гай

Прыняў як храбрых партызан.

 

Вайна заўсёды боль нясе,

Цяжкі ў братоў, суровы пуць...

Чакай жа, маці, хоць не ўсе,

Але хлапцы твае прыйдуць.

 

Ты чуеш, родная, парой

Марозны небасхіл гудзе,—

То сын адважны і герой

Машыну грозную вядзе.

 

Ні загароджы, ні равы

Не могуць сіл яго стрымаць,

Ён біў фашыстаў ля Масквы,—

Цябе спяшаецца абняць.

 

Ты чуеш, маці, як гудуць

Бары ў зімовы позні час?

Уважлівай, спакойнай будзь,

Паслухай сэрцам іхні сказ.

 

І каб магла ты зразумець

Гамонку сосен і ялін,—

Пачула б ты, што мужна смерць

За Беларусь прыняў твой сын,

 

Што пахаваў яго атрад

Як друга лепшага свайго,

Што помсціць кляўся родны брат

І ўсе таварышы яго.

 

І спраўдзяць. Будзе ведаць свет

Аб справе слаўных змагароў,

Што разлічыліся як след

За боль тваю і сына кроў.

 

Не плач жа, маці, ты ўначы,

Хай маткі катаў слёзы льюць,

Браты, насустрач ідучы,

Ўжо хутка рукі пададуць.

 

Навек прагнаўшы чужаніц,

Дахаты прыйдуць, дзе ўзраслі,

І вы пад звон азёр, крыніц

Па вольнай пойдзеце зямлі.

 

ПА ДАРОЗЕ МІНСК — МАСКВА

Не спіцца старому ўначы,

Балюча на сэрцы і горна,

Сцямнела даўно на двары,

Ды сон не схіліў галавы.

Ён выйшаў... Гамоняць бары,

І неба марознае зорна

Над шляхам, што простай струной

Ад Мінска ляжыць да Масквы.

 

Прынеслі ўспаміны яму

Маўклівыя, снежныя далі:

Калісьці па гэтых мясцінах,

Прарэзаўшы пушчы, лясы,

Машыны ішлі чарадой,

Над голлямі песні ўзляталі

І ніклі далёка між хвой,

Дзе душна цвілі верасы.

 

Цяпер анямела усё,

Ніхто не спяе, не зайграе,

Здаецца, што дрэвы на шлях

Прыпалі ад чорных нягод,

Дзе часам з нязвыклай брахнёй

Прамчыцца чужацкая зграя

Ды танкі ўначы прагудуць,

Ашчэрыўшы зубы на ўсход.

 

Яны агалілі нашчэнт

І ў морак ахуталі сёлы,

Над краем прыйшлі панаваць

Расстрэлы, пакуты, турма...

Не змірыцца з гэтым ніяк

Стары палясоўшчык Мікола,

Ён крыўду збірае ў душы,—

Больш месца для крыўды няма!

 

Няздарма вастрыў ён пілу,

Зубцы правяраючы строга:

Хай помста выходзіць з грудзей,

Што доўга таемна жыла,—

Са стогнам красуня сасна

Упоперак легла дарогі,

І з дубам вячыстым ў цішы

Ізноўку гамоніць піла...

 

А дзесьці ля роднай Масквы,

Набраўшы гасцінцаў нямала,

Машына ўзнялася ўгару,

Пачаўшы імклівы палёт.

Плыве самалёт над зямлёй,

Прыбітай драпежнай навалай,

І з тысячай мараў і дум

На дол паглядае пілот.

 

Кірункам на Захад ідзе,

Пад крыллем заранкі Усходу,

А вобразы любых мясцін

Да болю глыбока жывуць.

Скрозь моладасць, сэрца яго

Пралегла яна назаўсёды...

Ён вырас ля гэтай дарогі,

Што з Мінска ідзе на Маскву.

 

Над зыбкай калыскаю там

Спявалі смалістыя сосны,

Гамонка, якую пазнаў

Ад звонкіх лясных ручаёў:

Там бацькава хата ў гаі,

Дзяцінства прыгожыя вёсны,

Дзяўчына, з якою хадзіў

Паміж цёмнашумных дуброў.

 

Ён мужна машыну вядзе,

З якой парадніўся на славу,

Хвіліна — і ўбачыць ён кут,

Скуль выйшаў яшчэ юнаком...

Світае. Знямела піла,

Змоўк голас у лесе танклявы,

Наладзіў завалу стары

І выцер чало рукавом.

І чутна выразна яму,

Што недзе за хвоямі блізка

Ліхая навала брыдзе

З далёкай, чужой стараны:

Трывожачы ціш гушчароў,

Са скрогатам злосным і піскам

Варожыя танкі паўзуць

З няўтольнаю прагай вайны.

 

Адбегся, схаваўся ў кустах

І сочыць за ходам паганых:

Вось першы урэзаўся, змоўк...

Другі... а затым — бранявік...

Адзіная з’ява тады

Здзівіла яго нечакана —

То выбухаў жудасны гром

Змяшаў там і бразгат і крык.

 

Шукае прычыну стары,

Адкуль дапамогу ён стрэціў.

Ён глянуў — плыве самалёт,

Аж неба зайграла ярчэй,

Бо ён над сабой угары

Чырвоную зорку прыкмеціў —

Празрыстая пала сляза

На снег з задуменных вачэй.

 

Ён доўга ўглядаецца ўслед,

Слязу выцірае на твары

І шле прывітанне туды,

Дзе неба канчаецца край:

— Ты — сын мой любімы, сынок,

Ці сябра яго, ці таварыш,—

Хутчэй жа ізноўку сюды

Праведаць мяне прылятай!

 

НЯЗЛОЎНЫ

Акупантам апантаным

Сумна,— апусцілі нос.

Слава храбрых партызанаў

Разлягае гулка, скрозь

Па гаях, па цёмным лесе,

Па чаротах і трысці

Бродзяць карнікі, эсэсы,

А атрада не знайсці!

— Памарозіць іх зімою,—

Разважалі.

Ды дарма:

І зіма ўжо, а спакою

Ні хвіліначкі няма.

Толькі вёску абрабуюць,

Сядуць жэрці, скажуць: «Гут»,—

У часіну найлюбую

Страляніна тут як тут!

Не паспеюць афіцэры

Пахавацца у куткі,—

Ад галоў іх і талерак

Застаюцца чарапкі.

Выб’юць навалач благую,

Едзе правіць новы кат:

— Не, паверыць не магу я,

Каб нязлоўным быў атрад.—

Абяцае многа марак

І з пляча свайго мундзір.

...Усміхаецца ў гушчары

Партызанскі камандзір.

Чуе добра, што вясною

Будзе болей іх крышыць,

Бо ніякаю цаною

Не купіць людской душы.

Хай жа злеюць і шукаюць —

Дарма скручана пятля:

Партызанам пасабляе

Сэрцу родная зямля.

 

БУДЗЕМ СЕЯЦЬ, БЕЛАРУСЫ!

Хутка вызваляцца гоні

З-пад уціску, з-пад прымусу,

Будзем сеяць, беларусы,

На ўсход сонца чыстым зернем...

Смерць на захад мы павернем!

 

Мы вясну сваю спаткаем,—

Дождж праменны зацярусіць...

Будзем сеяць, беларусы!

Прыйдзе рунь да нас з расою,

А на захад — смерць з касою.

 

Зацвітуць ля новай хаты

Зноўку яблыні і грушы.

Будзем сеяць, беларусы!

Закуваюць нам зязюлі,

Пахаваюць катаў кулі.

 

Стане поле каласіцца,

Ляжа шоўкавым абрусам,

Будзем сеяць, беларусы!

Закрасуе буйна збожжа.

Нас ніхто скарыць не зможа!

 

ТРЫ БРАТЫ

Над полем мятлюгаю вецер загойкаў,

Тры родных браты узняліся на бойку.

 

Суровая сцежка да роднае хаты,

Ды моцна трымаюць браты аўтаматы.

 

Трывожнаю цішшу, марознаю ноччу

Дапытліва ўдаль прыглядаюцца вочы.

 

Калі пакідалі краіну з баямі,—

Пажоўклае лісце плыло над шляхамі.

 

Сюды па завеях з іх кожны імкнуўся,

І зноўку пад імі зямля Беларусі.

 

А поблізу недзе, за зграяй чужынцаў,

Знаёмыя вёскі, дарогі, гасцінцы...

 

Імкнецца іх трое наперад заўзята:

— Праб’ёмся дадому!

— Праб’ёмся дахаты!

 

ЯКУБУ КОЛАСУ

Нам цяжкая пара,

Час трывожны, нягожы,—

Гора, болю ў грудзях,

Помсты гнеўнае шмат.

Ходзіць сэрца тваё

Па-над Нёманам, Сожам,

Плачуць вочы

Над попелам спаленых хат.

Бачыш — маці брыдзе

З абяздоленым сынам,

Загарнуўшы дзіця

Ў абгарэлы прыпол;

Ля разбітых дарог,

Спахмурнеўшы, рабіны

Сыплюць слёзы крыві

На здратованы дол.

Колькі ты ні ідзеш —

Сустракаеш пажары,

Віснуць здані кругом

Нежывых каміноў,

І з-пад шыбеніц скрозь

Пасінелыя твары

Нерухома глядзяць

На віхуры агнёў.

Толькі чутна —

Гудзе усхвалёваны голас

Па дарогах журботных,

Па самотных шляхах.

Гэта клічаш змагацца

Ты, любімы наш Колас,

І сыны адгукаюцца

Грозна ў барах.

Не, не могуць яны

Перад катам скарыцца —

Край бацькоў ён разбіў,

Апаганіў іх дом,—

Не, краіну сваю

Не дадуць чужаніцам,

Лепш у бойках памруць,

А не будуць з ярмом!

Сёння славяцца там

Партызанскія ночы,

Гінуць злыдні-паганцы,

Чорных спраў махляры.

І дзяўбуць груганы

Іх драпежныя вочы,

І звярыныя косці

Разносяць звяры.

І — ты чуеш, пясняр? —

Стрэнуць волю палеткі,

Зноўку буйна вакол

Загамоняць палі.

Пройдуць нашы дажджы

Ці вясною ці ўлетку

І варожую кроў

Змыюць з твару зямлі.

Прыйдзе ў хату сваю

З сынам мужная маці,

І сады расцвітуць

Ля вясёлых акон.

Будзе горасны час

Нам тады ўспамінацца,

Як страшэнны, крывавы,

Пакутлівы сон.

 

РОДНАЕ

Край мой! ты памятны мне

Ранкам сваім прамяністым,

Гоманам шумных гаёў

З першым павевам вясны.

Сінія кубкі азёр,

Звон ручаёў серабрысты

І ў берагах задуменных

Ціхія плыні Дзвіны;

 

Пушчы, дубровы, гаі,

Над голлем шумлівы вятрыска...

Сцюжу наслала на ўсё

Лютая гэта зіма!

Край мой, дзяцінства маё,

Песень натхнёных калыска,

Нашы дарогі-шляхі!..

Сэрцу спакою няма...

 

Час вызвалення ідзе,

Сонца пакутных сагрэе,

Сцяг вызвалення плыве —

Гоніць чужынцаў ліхіх.

Коннікі слаўна сякуць,

Грозна грымяць батарэі...

Маці! выходзь сустракаць

Сыноў памужнелых сваіх.

 

Разам з братамі прайшлі

Шлях яны горкі, суровы,

Разам змагаюцца скрозь

І перамогу куюць.

Рускі, грузін, украінец,

Рознай гаворачы мовай,

Любяць аднолькава ўсе

Маці, радзіму маю.

 

Маці! сыноў прывітай,

Стол накрывай абрусамі,

Ворагу больш не знішчаць

Нашы палеткі, сады!

Хлебам пшанічным частуй,

Што ад бандытаў схавала.

Дай сваім блізкім папіць

Чыстай крынічнай вады.

 

Шмат прынялі яны мук

За родныя сэрцу мясціны.

Маці, не страшны ім бой!

Глянь, праз пажарышчаў дым

Нашы героі ідуць

Па сцежках тваіх і пуцінах,

Кожная хвоя ў бары

Нізка схіляецца ім.

 

ВЯСНОВАЯ ПЕРАКЛІЧКА

Звоняць рэкі з ручаямі,

Расшумеліся дубровы,

Над палямі, над барамі

Кліч праносіцца вясновы.

 

Гэты кліч напоўніў грудзі,

Пралятае рэхам мужным:

Хутка бой апошні будзе,

Хопіць сілы. Мы адужым!

 

На шляху ў паходным строі

Рана-рана,

На світанні,

Чуюць коннікі-героі

Голас родны з-пад Кубані:

 

— Вы сячыце чужаніцаў,

Прыбівайце капытамі!

Сеем, сеем мы пшаніцу,

Вас сустрэнем пірагамі.

 

На франтах вясна заграла,

І з зялёным раннім лістам

Да далёкага Урала

Галасы ідуць танкістаў:

 

— Не знайдуць сабе ратунку

Каты з лютаю гайнёю,

Толькі болей нам дарункаў

Шліце з моцнаю бранёю.

 

А на Нёмане і Сожы

Кліч прарваў пакуты, здзекі:

— Не даруем,

Пераможам!

Забурляць крывёю рэкі.

 

Там узняўся несціханы

Гул суровы,

Гул няспынны —

То выходзяць партызаны

Беларусі, Украіны.

 

І здалёк, з-пад гор, цяснінаў,

Брат адною думай весніць...

Алазанская даліна...

Паміж гор імкнецца песня:

 

— Ты, магутны наш народзе,

Бі паганцаў,

Бі няшчадна!

Мы сыноў на бой праводзім,

Сад дагледзім вінаградны.

 

Пройдзе час.

Скарыўшы зграю,

Прывядзе сыноў дарога.

Кубкі ўсім нальём да краю

З клічам гордым:

— Перамога!

 

КАЎКАЗ

Каўказ! Ты праменнямі сонца спавіты,

Славуты сваёй прыгажосцю спрадвеку,

Сыны твае — з гордай душою, адкрытай

І чыстай, як снег па вышынях Казбека.

 

Як срэбра, звініць іх праўдзівае слова,

Іх дружба не ведае межаў, як мора,

Над імі, узняўшы ў аблокі галовы,

Стаяць мудрацамі задумныя горы.

 

Яны наглядалі, як дзеды і ўнукі

Заўсёды аддана сяброўства віталі,

Як вольна, што стрэлы з напятага лука,

Джыгіцкія песні між іх праляталі.

 

Джыгіцкая клятва крывёю з’яднана,

Іх клятва нязломна, што стромыя скалы:

Таварышу — ў ногі дыван саматканы,

А ворагу — лютасць вастрэй ад кінжала.

 

Чужынца за крыўду знішчаюць з праклёнам

Нямала цяснінаў крывёй чырванелі;

У бойках сягоння Сасунца плямёны,

Сыны Нізамі і сыны Руставелі.

 

Для іх невядомы ні здрада, ні сполах.

Паслухайце песні чангуры і саза:

Як горды Эльбрус не апусціцца долу,—

Ніколі не ўкленчаць народы Каўказа.

 

Вы бачыце іх у сталёвай кагорце,

З мячамі у бойцы рашучай сягоння —

За нафту Баку, за расцвіўшае Поці,

За лозы Сухумі і воды Рыёна.

 

Плывуць крумкачы над пуцінай арлінай,

Але — у бяздонне адна ім дарога,

I з выем шакалаў знікаюць ў цяснінах,

Канаючы ў полымі гневу людскога.

 

Суровая помста з далін Алагеза,

І грозныя клічы ад сцен Чыятуры:

Не ведае промаху куля чэркеса,

Не тупіцца шабля-маланка хеўсура.

 

Хоць ворагі блізка прыйшлі да парога,

Не сесці за стол ім у ката адзенні,

Не піць цынандалі з турынага рога,—

Чарнець ім касцямі на голым каменні.

 

Калі ж мы з апошняга вернемся бою

І сонцам вясны пазалоцяцца далі,

Збяромся усе, што сваёю крывёю,

Праверыўшы, дружбу навек змацавалі.

 

І ўспомнім за шумнай бяседаю разам,

За чыстым, як снег, крышталёвым абрусам

І дні Сталінграда, і высі Каўказа,

Палі Украіны, лясы Беларусі.

 

БАЙЦАМ-БЕЛАРУСАМ

Вам, сябры, раскажу,

І далёкім, і блізкім,

Пра журбу,

Што ніяк не прагнаць з галавы:

Захацелася мне так сягоння да Мінска,—

Ды навошта казаць,

Самі знаеце вы.

 

На вайне, між атак,

Між цяжкімі баямі

Выпадае на момант

Для спачынку нам час.

Паглядзіш —

Журавы праплываюць ключамі —

Колькі думак яны забіраюць ад нас!

 

Крыкнуць хочацца ўслед:

— Прашуміце вы крыллем

Над курганнем дзядоў,

Дзе паніклі крыжы;

Там, над тою зямлёй,

Дзе мы з маці хадзілі,

Дзе слядоў нашых век

Не размыюць дажджы.

 

Ёсць такая ў мяне

Ад маленства прыкмета:

Там хаціна мая,

Дзе бары загудуць;

Нават страціўшы зрок,

Абыду я паўсвета,

А да родных мясцін шлях заўсёды знайду.

 

Хай у ростані мне

Доўга быць давялося,—

Я дарогі знайду,

Што ў прысадах вярбы,

Той мурог,

Дзе стаяў першы раз у пракосе,

Тыя пушчы, ў якія хадзіў па грыбы.

 

Я надзею нашу

І ніколі не трачу,

Што пабачу ізноў дарагія куткі:

Той ручай,

Па якім човен плыў мой дзіцячы,

Той пад ліпамі пруд,

Дзе пускалі вянкі.

 

Мне нішто,

Мне нішто боль душы не заглушыць!

Я хачу аднаго —

Толькі б зноўку прыйсці.

Сын расце у мяне...

Я павінен,

Я мушу

Ўсе ўладанні яму перадаць пры жыцці.

 

Палачанскае неба,

Што затканае ў зоры,

Неспакойныя хвалі шырокай Дзвіны,

І лясы, і палі,

І гаі, і азёры,

І крыніцы, ў якіх нашы думы відны.

 

Скарбы матчыных песень,

Сэрцу родныя словы,

Шум вясновых дажджоў І красу навальніц,

Зіхаценне вясёлак,

Усмешкі зарніц,

Нават птушак усіх

Па гаях і дубровах.

 

Што ж,

Мы будзем, сябры,

Зноўку ўсім уладарыць.

Сніцца кожнаму з нас

Свой прываблівы сон.

Ёсць у кожнага з нас

Незгасальная мара —

Свой куток,

Свой парог,

Свой пад вокнамі клён.

 

Цяжка нам у бядзе,

Але мы не заплачам;

Мы за праўду

Насмерць і бязлітасна б’ём.

Шмат ісці нам дарог,

Падаць, зноў узнімацца,

Толькі веру —

Дахаты напэўна прыйдзём.

 

Перавяжам мы кужалем

Раны на целе,

Стому з твараў

Абмыем расой ледзяной,

На заранках праменных прасушым шынелі,

Па святочнаму кругу

Пройдзем з чаркай адной.

 

Апарожняць яе

Пехацінцы, танкісты

І стары партызан,

Што вярнуўся ў калгас,

І заграюць вясёла

Дружбакі-цымбалісты

Сказ аб тым,

Як нядоля пакінула нас.

 

НАДЗЯ-НАДЗЕЙКА

Плача сірочая ў лесе жалейка...

Сціхла ты,

Змоўкла, наша Надзейка.

Хто ж гэта думаў, як давялося:

Вочы закрыла хмурая восень,

Выцвілі косы,

Шчокі запалі,

Рукі завялі.

 

— Надзя! Надзейка!..— плача жалейка.—

Болей рукам тваім

Жыта не жаці,

Жыта не жаці,

Снапоў не вязаці.—

Трэцюю ночку вісне дзяўчына

На белай бярозе ля роднай хаціны.

Горачка-гора сэрца скавала,

Што ж ты, бярозанька, не ўратавала?

 

З лісцем пажоўклым горкія слёзы

Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:

— Добрыя людзі, жальбу здыміце,

Лепей мяне вы, бярозу, спіліце.

Гэтую дзеўчыну знала я дзіцем...—

Жоўты пясочак.

Зялёны вяночак.

Сінія вочкі,

Што васілёчкі.

 

Буйныя ветры, лютыя буры...

Ходзіць па лесе хлопец пануры.

— Надзя! Надзейка!..— плача жалейка.

З лісцем пажоўклым горкія слёзы

Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:

— Хлопец-юнача, смутныя вочы,

Зрэж мяне, белую, цёмнаю ноччу,—

Цяжка стаяць мне з горам дзявочым.

Помню я смех ваш,

Гулі-гулянкі,

Песні-вяснянкі

Аж да світанку.

 

Хлопец жалобу носіць па полі.

Ён у бярозы пытаецца з болем:

— Што ж не схавала ты любую голлем?

— Надзя! Надзейка!.. — плача жалейка...

 

З лісцем пажоўклым горкія слёзы

Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:

— Як наляцела цемра-навала,

Змеі напалі, джалілі джалам.

Дымам дыхнулі,— чорнай я стала,

З крыкам і тлумам,

Гвалтам і глумам

Красу загубілі,

Дзяўчыну забілі.

 

Ходзіць па лесе, пушчах, дубровах

Хлопец разгневаны, хлопец суровы:

— Скора вярнуся

Разам з сябрамі,

Грукнем маланкамі

Ды перунамі,

Выпечам змеяў жалезам калёным,

Неба ачысцім, хмары разгонім,

Дзеўчыну ўславім,

Голле расправім,

Травы абсыплем чыстай слязою,

Чыстай слязою,

Быццам расою.

— Надзя! Надзейка!..— кліча жалейка.

 

РАНА

Многа быў я ў баях,

Як узяўся за зброю,

Так здаралася мне —

Думаў, болей не жыць...

Восем ран зажыло,

Я вярнуўся да строю,

Толькі раны адной

Не магу загаіць.

 

Знаю, сціхнуў бы боль,

Каб напіўся жывіцы

З той крыніцы,

Што смагу таліла не раз,

Каб чабору таго,

Каб тае медуніцы,

Каб паветра з бароў,

Што пад Мінскам у нас.

 

Сэрца болей нішто

Супакоіць не можа.

Аднаго кожны дзень

Я жадаю ў жыцці:

Каб за сонцам услед

Мне па трупах варожых

Хоць на некалькі крокаў

Наперад прайсці.

 

МІНСК

Паміж пажарышчамі знішчаны сад,

Сем трупаў схілілі галовы на голлі...

Мне гэтага здымка,

Што вытварыў кат,

Відаць, пры жыцці не забыцца ніколі!

Разбітыя вуліцы, хаты стаяць,

І хмары над імі

Спусціліся нізка...

Балюча дазнацца, што гэта твая

Любімая вуліца горада Мінска.

Балюча.

Я знаю пакутных сяброў,

На вуліцы гэтай страчалі мы радасць;

Як быццам учора я з імі ішоў

І ў майскія дні,

І ў дні лістапада;

А сцягі ўзляталі вышэй галавы,

А гоман і жарты,

А песні няспынна!..

Мне ў памяці горад вясёлы, жывы,

Без бомбаў,

Без ран і без чорных руінаў.

Праходжу над Свіслаччу ціхай масты,

Гляджу, усхвалёваны промнямі ранку,

Як яблыні ў белым на беразе тым

Разбегліся строем на ўсю Серабранку.

Я цвет іх збіраю для новых радкоў,

Каб вершы аздобіць, дзе трэба, да ладу.

Іду між трамвайных званкоў,

Між гудкоў,

Да Ленінскай плошчы,

Да Дома Ураду.

Вось новы будынак,

Яшчэ... і яшчэ...

А вось па вачах устае камяніца.

Мне радасна бачыць, як буйна расце

Штодня беларуская наша сталіца.

Пустыр...

А пабачыш — квартал там узнік,

І горад штораз устае прыгажэйшы;

Там цэглу за цэглай лажыў будаўнік,

І слова за словам Складалі мы ў вершы.

Я рады.

Я з горадам разам жыву,

Мне ёсць чым хваліцца

І чым захапляцца:

Савецкая вуліца —

Шлях на Маскву,—

Тэатры і клубы, кіно і палацы.

У доме Чырвонае Арміі МХАТ,—

Ён шчыра прыняў ад мінчан запрашэнне...

Стой, памяць!

Было гэта даўна, назад

Гады два мінула з таго ўжо напэўне.

Цяпер жа —

Дарогі па розных франтах,

Шляхі баравыя, і сцежкі на полі,

І здымак, што цяжка трымаць у руках,

І помста, што сэрца сціскае да болю.

Выходзіў я з Мінска,

Калі ён гарэў...

Здавалася, сам ты дашчэнту згараеш.

І чорныя рукі абвугленых дрэў

У твар мне крычалі:

«Нашто пакідаеш?»...

Ішоў я, бяздомны,

Ад бомбаў, ад куль

Праз рэкі, балоты,

Па грэблях і кладках...

Адно, што ў дарогу я вынес адтуль,—

Дык гэта ўспаміны і сынаву картку.

А ўсё засталося:

І пройдзены шлях,

І горад з прасцёртымі ў дыме рукамі,

І ты, засмучоная наша зямля,

Аблітая ў ростані буйна слязамі.

Мы йшлі

І не чулі натруджаных ног,

І неслі журботу з нянавісцю разам,

І там, ля разбітых вайною дарог,

На некалькі год пастарэлі адразу,

Няма мне спакою.

І нават праз сон

Мне помніцца горад у смутку вялікім,

І чорныя плямы аслепшых акоп,

І плошчы, распятыя жудасным крыкам.. Ды ведаю,

Веру, што блізка той дзень,

Калі мы збяромся у горадзе нашым,

І там паміж новых узведзеных сцен

Мы кветкі пасадзім па могілках паўшых

 

ПЕРШАМАЙСКІМ РАНКАМ

Ты свяці, свяці нам,

Ясная заранка,

Асвятляй дарогі,

Асвятляй пуціны.

Чую, выйшла маці

Першамайскім ранкам

І заве дадому

Ў родную хаціну.

 

Да вятроў з мальбою

Стала на дарозе:

— Раскажыце, ветры,

Як жыву я горна,

Звоняць ручаіны,

А на вочах слёзы,

Зелянеюць пожні,

А на сэрцы чорна.

 

Што ж, мая ты доля,

Гэткая благая,

Што ад горкіх думак

Мне няма спачынку.

Усю ноч салоўкі

Па гаях спяваюць,

Ды няма салоўкі,

Роднае дзяўчынкі.

 

І глядзіць старая

На пустыя гоні,

Ёй стаяць пад горам

Невыносна цяжка,—

У чужацкім краю

Пад ярмом прыгону

Растапталі песню,

Загубілі краску.

 

Прагулі гарматы

Недзе за барамі.

Маці, рукі ўзняўшы,

Просіць несціхана:

— Май, удар ты з неба,

Прашумі дажджамі,

Вызвалі з палону,

Змый на целе раны.

 

Супакойся, маці!

Сёння наша свята,

Нашы б’юць гарматы,

Нашы бліскавіцы.

Не паспелі сёння

Мы прыйсці дахаты,

Ты чакай, мы можам

Кожны дзень з’явіцца.

 

Мы прыйдзем шляхамі,

Мы прымчым на конях,

Прыляцім суцешыць

На праменных крыллях.

Пачакай!

Мы катаў давядзём

Да скону,

Бо не ўсіх пад сонцам

Груганоў пабілі.

 

Ты прымі ад сына

Клятвы вернай словы:

— Не даруем болю,

Здзекаў не забудзем.

Чуеш, як гамоняць

Майскія дубровы:

— Хутка разам будзем!

Хутка разам будзем!

 

ПАРТЫЗАНСКІ МАРШ

Калі над радзімай пажары шугалі

І неба гуло ад грымот,—

Пад шумнымі соснамі мы прысягалі

Табе, беларускі народ!

За край свой забраны

Ішлі ў партызаны,

Збіраліся дружна на бой!

А гора народа кружыла над намі,

І ў кожнага рана свая.

Палямі, гаямі, ляснымі шляхамі

Праходзіла наша сям’я.

За здзекі, за раны

Сыны-партызаны

Выходзілі ворага біць.

І ў цёмныя ночы, і ў раннія росы

Ад нашых адважных засад

Лятуць пад адкос мерцвякі-паравозы

І трупы фашысцкіх салдат.

Масты узлятаюць,

Машыны знікаюць

Пад смелым агнём партызан.

У нашых паходах сцягі баявыя,

І помста — адзіны наказ.

Мы бачым, як маці, ад гора сівыя,

Выходзяць насустрач да нас.

Не плачце,

матулі,

Мы ўсіх вас атулім

Надзейнаю ласкай сваёй.

Хай многа наперадзе смутку і болю

Не раз нам яшчэ сустракаць,

Біць ворагаў лютых,

Клянёмся,

Ніколі

Не стоміцца наша рука,

Пакуль не заграе

Вясна залатая

Над роднаю нашай зямлёй.

 

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ

На Беларусі

Па вёсках ідуць пагалоскі —

З’явіўся Кастусь Каліноўскі.

 

Чаму так назвалі хлапца — невядома,

Ці, можа, што ў світцы ён шэрай знаёмай?

Ці, можа, што мае блакітныя вочы?

Ці, можа, што тайна з’яўляецца ўночы,

Што мужны ён з твару,

Што ворагам — кара:

Як прыйдзе, успыхнуць у катаў пажары

І ляжа, пабітая, ўпокат пачвара.

 

А покуль збяруць акупанты пагоню —

Далёка замчаць Каліноўскага коні...

Хай немцы шукаюць

Ля Гайны ўзбярэжжаў,

А ён каля Нёмна ці дзе ў Белавежы

З хлапцамі-сябрамі

Другую стрэў зграю

Ды меч ад варожай крыві выцірае.

 

І чуе ён голас народны,

Бацькоўскі:

— Ты, сын мой геройскі,

Кастусь Каліноўскі!

Чаму так назвалі, хто знае прычыну?

Ці, можа, што зваўся ён проста — Каліна?

Ці, можа, што воласам светла-ільняны?

Ці, можа, што ў світцы цяпер саматканай?

 

На гэта мы скажам

Сябрам па-сяброўску —

Ён сэрцам вялікім

Кастусь Каліноўскі.

Калі ён пачуе, як ворагі скачуць,

Калі ён пачуе сірочыя плачы

Ля рэчкі Бярозы,—

Душу яго слёзы

Запаляць.

І будзь ён пад Бугам, ці далей дзе, можа,

Ён шабляй дастане да самай Бярозы,

Да сэрцаў варожых,

І коцяцца голавы катаў у лозы.

 

Калі далятаюць кайданныя звоны,—

Ён знае, што родных вядуць да палону,

Дык будзь ён пад Мінскам

Ці ў іншым дзе месцы,—

Ён куляй дагоніць іх варту і ў Брэсце.

Прыходзяць дзяўчаты

Дахаты,

І плачуць яны, і спяваюць.

Той песняй яго праслаўляюць,

Што ёсць Каліноўскі на свеце,

Што ён ратаваў іх ад смерці.

 

Калі ж ён пабачыць — шугаюць зарніцы,—

Ён знае, што ў вёску прыйшлі чужаніцы,

Дык будзь ён ад вёскі

Далёка, далёка,—

Прымчыцца суровы і смелы, як сокал:

Зазвоніць клінкамі,

Паб’е капытамі,—

І ворагі лягуць на доле касцямі.

 

А з вёскі да вёскі ідуць пагалоскі:

Жыве ў Беларусі Кастусь Каліноўскі;

Ён сілай магутны, душою агністы,

Нядаўна ў калгасе ён быў трактарыстам,

Вясёлы заўсёды,

Вадзіў карагоды;

Як хмары закрылі і сонца і зоры,

Пайшоў партызаніць да бору...

 

Няздарма чакае штоночы дзяўчына

Свайго закаханага хлопца Каліну,

Ці чэрвеньскім ранкам,

Ці ночкай ліпнёўскай —

Прыйдзе Каліноўскі.

Дзяўчаты са ўсёй Беларусі пачулі,—

Збіраюць яму васількі на кашулю,

І маці праз доўгія, сумныя вёсны

Ткуць пояс квяцісты герою на кроснах;

Чакаюць крыніцы яго ледзяныя,

Лясы, паўзнімаўшы смыкі смаляныя,

Каб разам з вятрамі наладзіць вяселле,

Ударыць па струнах,

Па хвалях дняпроўскіх,—

Што з вечнаю воляй

Прыйшоў Каліноўскі.

 

НЕ ПАВЕРУ СМЕРЦІ

Воблік твой у памяці не сцерці,

Не паверу я ніколі смерці,

Не скасіла смерць

І не забрала,

Ты жывы сягоння, наш Купала!

 

Мы ляцім у родную краіну

За тваім палётам сакаліным —

На зямлю сваю,

Да ніў і хатак,

Да сясцёр, да засмучоных матак...

 

Трэці год там з ворагам заўзята

Б’юцца маладыя арляняты,

Б’юцца днём

І б’юцца цёмнай ноччу —

Каршуну выдзёўбываюць вочы...

 

Цяжка ім часінай выпадала,

Крыллі мяла

Лютая навала,

Ды ніколі ў бойцы не кідала

Песня неўміручага Купалы.

 

Нападала роспач, а ці змора,—

Высыпалі ў небе словы-зоры,

Асвятлялі сцежкі ў цёмным лесе...

І спявала дзеўчына Алеся.

 

Не зязюля ў лесе кукавала,—

Гэта песня роднага Купалы

Хлопцаў біцца з ворагам склікала,

Выстаяць,

Не гнуцца ў завірусе

На радзіме нашай Беларусі.

 

Нам дадому блізка,

Недалёка.

Мы ідзём за постаццю высокай.

Песня-сонца вёрст не падлічала,

Мы з табою вернемся, Купала,

Да Дняпра, да Нёмна,

Да Бярозы;

Хай на тварах не абсохнуць слёзы,

Што душу паранілі ў дарозе.

 

У тваім расцвіўшым вольна садзе

Між паэм за стол усе пасядзем.

Вецер загайдае дрэвы, травы,

Голас твой пачуецца ласкавы...

Вытрам слёзы,

З воч абмыем слёзы,

Не паверым смерці,

Быць не можа —

Не скасіла смерць і не забрала:

Ты жывы сягоння, наш Купала!

 

ТАВАРЫШУ

Перайшлі мы палі,

Абышлі гарады,

Разам зналі баі і хвіліны зацішку,

Не забудзем мы гэтыя, дружа, гады,

Што зраднілі нас

Быццам ад самай калыскі.

Я трывогу тваю зразумеў па вачах:

Яна ў сэрца маё западае глыбока,

Мне вядома, чаму ты не спіш па начах,

А за думкамі следам вандруеш далёка:

Цераз рэкі, масты,

Цераз пушчы, кусты.

Дзе пяшком,

Дзе прамчышся на ўспененых конях.

І здаецца табе —

Над палеткам пустым

Па-самотнаму сёння

Жаўры-птушкі гамоняць.

Не, мой браце, то лёд зазвінеў, растае,

І табе ўжо вядома,

Да болю вядома,

Што не жаўры пяюць,—

Гэта птушкі твае,

Гэта Петрык і Насця гукаюць дадому:

— Татка!., хаткі няма...

Мы адны...

Цёмна, цёмна ў зямлі,—

Ні дзвярэй, ні аконца...—

Ты іх бачыш,—

На ўскраіне лесу яны,

Як пралескі, з-пад снегу ўзняліся да сонца.

Ты не спіш,

Ты ўстаеш,

Ты да бою гатоў.

Перарэзана сэрца жалобаю вострай.

Ты спяшаеш,

Каб зноўку на многа нітоў

Заснавалі жыццё нашы маці і сёстры,

Каб забыліся дзеці на гора і жах,

Каб прыйшлі на парог,

Зноў табой збудаваны,

Каб ім поясам слуцкім раскінуўся шлях,

Васількамі і промнямі ранку затканы.

Ты вінтоўку бярэш.

Ты ідзеш

У паход.

Ты з баямі знаходзіш на захад дарогу.

І ніякі пілот,

Нават кулі палёт

Абагнаць тваіх думак дахаты

Не могуць.

 

МАГІЛА БАЙЦА

На беразе Сожа, ля роднае хаты,—

Курган невысокі —

Магіла салдата.

Бярозавым лісцем магіла заслана,

Ляжыць у магіле баец пахаваны.

І сосны, і травы над рэчкаю чулі,

Як хлопца скасілі

Нямецкія кулі.

Ён біўся геройскі, ды выпала пасці

У першае лета варожай напасці.

Гудзелі на Сожы трывожныя хвалі,

Салдаты магілу сябра засыпалі...

І грудзі прыкрылі яму рутай-мятай,

Каб снілася вечна бацькоўская хата.

Як сына прымала,—

Зямля застагнала.

Паўзлі незлічоныя чорныя сілы,

Салдаты пакінулі з боем магілу.

Нялёгка адходзіць байцам давялося...

На край апусцілася хмурая восень:

Вятры бушавалі,

Шумелі асокі,

Стаяў пад вятрамі курган адзінокі.

Па Сожу журботныя хвалі хадзілі,

Па долі салдацкай яны галасілі,

Таварышы ж воіна

Гэтай парою

Стаялі насмерць пад сталіцай Масквою,

Аднойчы з вячэрняю яснай заранкай

Прыйшла на магілу сястра-партызанка.

Пад шэпат бярозы

Пасеяла слёзы.

Як глянуў на слёзы празрыстыя месяц,

Пайшла партызанка сцяжынкаю ў лесе...

Ізноў засталася магіла панурай,

Мятлюгі кружылі,

Стагналі віхуры,

І вёсны ішлі, ды з вадой ледзяною,

І жоўты пясок не займаўся травою.

Калі ж узыходзілі травы, дык вялі,

Бо чорныя хмары святло закрывалі;

Яліны гудзелі

Маркотна-маркотна,

Стаяла магіла салдата самотнай.

Ды памяць пра друга не можа памерці.

І помнілі друга салдацкія сэрцы:

Запаў ім у душы

Глыбока-глыбока

На беразе Сожа курган невысокі.

І кожны з іх мужна прабіцца імкнуўся

Хутчэй да палоннай зямлі Беларусі.

Чым бліжай там чуліся іхнія крокі,

Тым больш узнімалася сонца высока,

Тым больш ажыўляўся курган адзінокі.

Калі ж ім нарэшце спаткаць давялося

На беразе Сожа

Прыгожую восень,—

Кляновае лісце шляхі залаціла,—

Салдаты прыйшлі да сяброўскай магілы,

Яны пакланіліся,

Скінулі каскі.

Шумелі ля берага хвалі ласкава,

Раслі на кургане зялёныя травы,

Цвілі на кургане чырвоныя краскі,

На іх калыхаліся цёмныя росы,

І кветкі не вялі на раннім марозе...

І воінаў храбрых ўсё гэта здзівіла:

Якая ў зямлі

Незвычайная сіла?

І так не дазналі тым радасным ранкам,

Што выраслі кветкі са слёз партызанкі.

 

БАЛАДА ПРА ЧЫРВОНЫ СЦЯГ

Імчыцца песня па шляхах

Пра славу казака —

Яму даручаны быў сцяг

Гвардзейскага палка.

 

Пад сцягам, хілячы чало,

Стаяў казацкі строй,

Як быццам полымя плыло

Над кожнай галавой.

 

Пад сцягам тым на бой, на смерць

Байцы ішлі не раз,

На сцягу тым — прысяга, чэсць

І мацеры наказ.

 

На сцягу тым палала кроў,

Блішчалі росы слёз,

Гвардзеец горда ў дні баёў

Яго на захад нёс.

 

Мяшаўся морак, дым і пыл,

А вораг падаў, бег,

Як быццам чорныя снапы

Лажыліся на снег.

 

У бітву сцяганосца вёў

Святы народны гнеў.

І сцяг у водблісках агнёў

Сурова палымнеў.

 

Казак не згледзеў аднаго,—

Абкружан быў калі,

Як цэлай зграяй на яго

Эсэсаўцы пайшлі.

 

Узняўся крык: —

Здавайся, рус!..

Здавайся лепей сам! —

Гвардзеец крыкнуў:

— Лепш памру,

А сцяга вам не здам!

 

І, прыгарнуўшы сцяг святы

Сабе ён чысціў шлях.

Званілі коней капыты

Па збітых чарапах.

 

Ужо зімовы бляск зары

Лажыў канец начы.

Ён бачыў — верныя сябры

Імкнуць дапамагчы.

 

Але прад ім бліснуў кінжал

Засадніла ў грудзях,

І хоць закрыла зрок імжа,

У думках рэяў сцяг.

 

Баец загінуў як герой,

Абняўшы шоўк, ляжаў,

І сцяг, аброшаны крывёй,

Яшчэ ярчэй палаў.

 

СПАТКАННЕ

Мне ўсё дорага тут,

Люба, родна, прыгожа —

Гэта поле ў душы,

Гэта неба ў вачах,

І лясы, і кусты,

І трысцё па-над Сожам,

І ў пажарах бяроз

Лістападаўскі шлях.

 

Як спяшаў я да вас,

Засмучоныя хаты,

Здратаваныя нівы,

Лугі-мурагі!..

Я вярнуўся да вас

Цвёрдым крокам салдата,

Хоць нямала пранёс

За дарогу тугі.

 

Хіба мог я калі

Хоць на момант забыцца?

Вамі жыў я

І ў сэрцы хацеў зберагчы.

Мне званілі штодня

З-пад Ушачы крыніцы,

Хвалі Нёмна будзілі

Не раз уначы.

 

Я ўставаў

І ішоў па ваеннай дарозе.

Верыў — дома мне быць,

Дабрыду, дажыву...

Хмары слёзы насілі

З Дняпра і Бярозы

І, як срэбрам,

Абсыпалі мне галаву.

 

Я спаткаўся з зямлёй,

З другам, братам, сястрою...

Што мне скажаце вы?

Што мне вам расказаць?

Гляньце ў сэрца маё,—

Я прынёс яго з бою,

На агні яго можна

Мячы гартаваць.

 

Гляньце, вочы мае

Ў сінім полымі болю,—

Не кажыце вы мне

Пра пакуты і жах,

Не кажыце пра гора,

Бо гора даволі,

Больш чым кладзі салдацкай,

Нясу на плячах.

 

Вось за крыўду і боль

І адпомсціць я мушу.

Гляньце — сёння ў грудзях

Толькі помста адна!

За сябе і за вас,

І за гэтую грушу,

Што з абвугленым голлем

Стаіць ля акна.

 

Мне ўсё дорага тут —

І ў прысадах дарога,

І задумлівы гай

Над высокай гарой...

Я пайду, кліча Буг!

Знаю я, перамога

Над усёю краінаю

Ўстане зарой.

 

РОДНЫ КРАЙ

Беларусь!

Смольны бор,

Над імхамі духмяністы верас,

Вераснёвы прастор,

Што праменнямі сонца звініць.

Беларусь!

Хто любоў да цябе можа змераць?

Акіяны не маюць такой глыбіні.

 

Беларусь!

Родны край!

Ты жывеш! Маці стрэлася з сынам.

Ён спяшаўся ісці.

Многа сцежак прайшоў франтавых.

І чырвона-чырвона

Цвітуць арабіны

Па шляхах, па гаях,

Па шырокіх палетках тваіх.

 

Беларусь!

Сінь азёр!

Кружыць, кружыць асенняе лісце...

Як ты дорага нам,

Як нішто і ніколі ў жыцці.

Беларусь, дай напіцца

З празрыстай крыніцы,

Бо ісці нам з баямі,

Далёка-далёка ісці.

 

Беларусь!

Твой мурог,

Можа, з радасці слёзамі росны;

Ты з палону ўстаеш,

Паглядзі, як праходзяць сыны.

І шумяць і завуць

Іх бярозы, яліны і сосны,

Кліча Буг, горды Нёман

І хвалі шырокай Дзвіны.

 

СЫНЫ

Пройдзе час, адгрукаюць гарматы,

Змоўкнуць стрэлы,

Знікнуць хмары дыму,

Сабяромся мы да роднай хаты

І спытае ў кожнага радзіма:

— Па якіх шляхах дамоў вярнуўся?

Дым памог ты маці-Беларусі?

На шырокі выйшаўшы гасцінец,

Зніме шапку пыльны пехацінец:

— Я люблю цябе душой гарачай.

Да цябе сляды крывёй азначыў.

 

На лугі густыя,

На мурогі

Пусціць коннік друга варанога,

Уздыхне, забыўшыся на змору,

Ды гукне ў шырокія прасторы:

— Я скакаў да вас,

Ляцеў стралою,

Чарапы паганцаў пада мною.

 

І танкіст, прыпаўшы да крыніцы,

Каб вады жывучае напіцца,

Скажа: — Я прарваўся з боем,

Толькі тут я смагу супакою.

 

Да аблок узняўшыся высока,

Памахае крыллем горда сокал:

— Добра мне пад небам сінім нашым,

Каршуновы хмары разагнаўшы.

 

І ў мяне спытаюцца, вядома:

— З чым жа ты вярнуўся, сын, дадому? —

Гляну я адкрыта маці ў вочы:

— Я не спаў ні днём, ні цёмнай ноччу,

Сэрцам і душою быў з табою,

Я прыйшоў са срэбнай галавою.

 

Калі чуў я гоман твой балесны —

Плакала засмучаная песня,

Узнікала над франтамі бура,—

Узлятала песня, як віхура,

І чужынца ў гарадах і сёлах

Навылёт, як штык, яна калола.

 

Беларусь, радзіма!

Край наш родны!

Чуеш кліч ты, радасны, паходны:

— Хутка будзе знішчана навала!

Нездарма сыноў ты гадавала.

 

ДВА КЛЁНЫ

Шумела ў прысадах рабіны дарога,

Праводзіла Насця хлапца дарагога.

Яму, маладому,

Пралегла дарожка

Ад роднае вёскі

Ў чырвонае войска,

Ды білася радасна дзеўчыны сэрца —

Праз год па вясне абяцалі сустрэцца.

На месцы растанку на памяць аб мілым

Два клёны маленькіх яна пасадзіла.

Няхай жа з вяснянкай

Сустрэнуць каханка.

Чакала дзяўчына і лета і восень,

Да пояса выраслі чорныя косы,

Як зоры, іскрыліся вочы-азёры,

Мінулі мятлюгі, завеі над борам,

Гадала дзяўчына, што вернецца скора.

Не ведала Насця

Вялікай напасці.

Ударылі ворагі чэрвеньскім раннем —

Да клёнаў ніхто не прыйшоў на спатканне.

Загрукалі боты чужынцаў на ганку...

Пакінула Насця свой дом партызанкай.

Між елак кашлатых

Жыла з аўтаматам.

Нялёгка было ёй, ды часам украдкам

Глядзела, уздыхнуўшы, на любага картку.

І нават уночы

Сцішалі трывогу

Любімыя вочы

Байца маладога.

Сабе ж загадала, як клёны не звянуць,

Дык стрэнецца з ёю напэўне каханы.

Дарэмна ўзляталі дзявочыя мары,

Яшчэ год прамчаўся над лесам, як хмара.

Адведала клёны.

Ва ўборы зялёным

Шумяць на дарогу...

Няма ж дарагога...

І вецер хаўтурны над сёламі вее...

Ды толькі не траціла Насця надзеі,

Сваім аўтаматам Касіла праклятых,

Каханаму шлях расчышчала дахаты.

І стала жаданне праўдзівым і дзейсным,

Хоць сталася гэта ў чацвёртую весну.

Да клёнаў забегла аднойчы з паходу

І бачыць,

што хіліцца голле да ўсходу,

Глядзіць,

углядаецца ўдаль партызанка —

Грымоты ўсё бліжай,

Ярчэюць маланкі...

І раптам прамчалі савецкія танкі.

А следам за імі са сцягам чырвоным

Пайшлі пехацінцы паходнай калонай —

Суровых,

запыленых,

Радасных многа...

Няма ж паміж імі байца маладога.

Завяла дзяўчына —

Напэўне, загінуў.

Прыпала самотная нізка да долу.

А клёны гамоняць вясёла-вясёла.

Пытаецца Насця ў зялёнага лісця:

— Ды дзе ж ён, скажыце? —

І раптам пабачыла,

выцершы слёзы,

Імчыцца насустрач ёй коннік прыгожы.

Ён воласам русы,

Бялявыя вусы.

Схапілася раптам здзіўлёная Насця

І ледзь не самлела з вялікага шчасця:

Праводзіла ў войска

Хлапца маладога,

Сустрэла маёра

Яна удалога.

Расціце ж вы, клёны, шуміце ж вы, клёны,

Пад лісцем зялёным сядзець улюбёным,

Бо сіла кахання не ведае смерці,

Час блізкі, ім скора навечна сустрэцца.

 

АДЫХОД У ПАРТЫЗАНЫ

Сасновы бор — прасторны дом,

Жыві, дзе сэрцу люба,

На пні, над ціхім ручаём

Сядзіць Андрэй Кашуба.

 

Бяжыць задумліва ў трысці

Дарожка вадзяная...

— Ну што ж, куды цяпер ісці? —

Ён сам сябе пытае.

 

Хадзі хоць з ранку да начы

Па выспах ды гушчарах —

Кругом, хоць плач, хоць закрычы,—

Балоты ды імшары.

 

Ды каб жа хоць душа адна

Натрапіла дзе ў горы.

Звініць сасонка, як струна,

Ды з ёй не пагаворыш.

 

Каму сказаць, што ледзь жывы,

Што ногі адубелі,

Што трэці дзень як мох сівы

Яму замест пасцелі.

 

Прасі ратунку, хоць загінь,

Нідзе не чуць нікога...

Непадалёку Мурагі,

Няма ж туды дарогі.

 

Спуюць паміж пакутных хат

Чужыя там размовы,

Там ходзіць п’яны камендант

Па вуліцах вішнёвых.

 

Усё чарнее і дрыжыць,

Куды ён зрок ні кіне,—

Ён носіць чорныя крыжы,

Каваныя ў Берліне.

 

Ідзе, сланяецца кулём,

Нібы напхнуты ватай,

Над ім аколыш з груганом

Пад неба аж узняты.

 

Сядзяць салдаты па садах

Пад жасміновым цветам...

Андрэю цяжка у грудзях,

Калі прыпомніць гэта.

 

У Мурагах зялёны клён

Шуміць пры новай хаце,

У Мурагах пакінуў ён

Сваю старую маці.

 

У Мурагах цвіла зара

Рабінаю над ганкам,

У Мурагах яго сястра

І шчырая каханка.

 

Няўжо не вернецца туды,

Дзе шлях яго адзіны,

Дзе скрозь ягоныя сляды

Па сцежках і пуцінах.

 

Дык што ж рабіць у гэты час,

Відаць, прыйшла загуба.

І кроіць сэрца многа раз

Сабе Андрэй Кашуба:

 

— На фронце твой старэйшы брат,

І меншы там гаруе,

Табе Мікола і Кандрат

Ніколі не даруюць.

 

І бачыць ён, дзе даль імжыць,

Стаяць з дакорам двое...

— Браты, што ж мусіў я рабіць,

Адзін жа я не воін.

 

У тую раніцу з расой

Узняўся я з пасцелі

І на лугу быў за касой,

Як чэрці наляцелі.

 

Адкуль сабралася гайня,

Насыпала на поле,

Вы столькі нават гругання

Не бачылі ніколі.

 

А вы мне кажаце здалёк:

— Хто ж маці абароніць?

— Павінен я сваім жыццём

Абараніць сягоння.

 

Андрэй Кашуба сам не свой,

Туга на сэрца пала,

А на дубу, над галавой,

Зязюля кукавала.

 

Відаць, камусьці на вяку

Даўгую сцежку значыць,

Як завяла: ку-ку, ку-ку...

Канца не дачакацца.

 

Андрэй, як здань, сядзіць на пні,

Зязюлю усчувае:

— Ой, не мані ты, не мані

Мне, птушка лесавая.

 

Дарога лётная твая,

Твайму зайздрошчу лёсу,

А мне тут жыць сярод галля

Адно, што засталося.

 

Хай прашуміць зялёны гай

Прытулкам адзінокім,

Ляці, зязюля, і кувай

Мне многа раз здалёку.

 

Андрэй узняўся. Па шчаках

Спаўзла слязіна ціха.

Мяркуе ён пра мужны шлях,

Як знішчыць гора-ліха.

 

Пакутны боль яго пячэ,

Ды сумаваць не стане...

Яму хацелася яшчэ

Хоць раз на поле глянуць.

 

Дзе каштаны пад Мурагі

Сышліся, ўзняўшы свечкі,

Дзе, як чырвонцы, лапухі

Рассыпаны пад рэчкай.

 

Дзе ў срэбным гомане крыніц

Вясёлкавае ранне,

Дзе ліпа лісцямі звініць

Пра першае каханне.

 

Дзе над садамі, быццам шоўк,

Празрыстыя хмурынкі...

Ён павярнуўся і пайшоў

Праз хмызнякі сцяжынкай.

 

Пад крокам ліст стары шасціць,

Трашчыць ламачча крохка,

Ды каб вы зналі, як ісці

Дамоў заўсёды лёгка.

 

Сягоння ж выйдзе з гушчароў,

На кут свой родны гляне.

Сарве паземку, з’есць ды зноў

Ідзе без перастання.

 

Ды так задумаецца ён,

Забыўшы лёс трывожны,

Гатоў паверыць: гэта сон,

Што ў Мурагі няможна.

 

Сцяжынка кожная вядзе

Туды, дзе ўсё знаёма,

Па ветру нават, па вадзе

Ён знойдзе шлях дадому.

 

Усё там перажыта ім,

Там кожны кусцік зведаў,

Па баразне яшчэ малым

Блукаў за бацькам следам.

 

Усе палі паабхадзіў

У світцы саматканай,

Усе гаі ператрубіў

Трубою берасцянай.

 

А колькі босым раніцой

Прайшоў лугоў з расою,

І нават з кожнай травіной

Пагаварыў касою.

 

А колькі год жыцця прайшло

На палявых дарогах...

І добра ведае сяло

Яго яшчэ з малога.

 

Калі ж падрос, ён выбраў сам

Сабе занятак любы —

На ўсю акругу слаўным стаў

Пчаляр Андрэй Кашуба.

 

Між яблынь, груш малы ставок

На пасецы прынаднай —

Увесь пчаліны гарадок

Яму быў падуладны.

 

Ён ведаў, дзе красуе луг,

Дзе ліпа расцвітала,

Ён ведаў кожную, пчалу,

Што з поля прылятала.

 

Любіў рамовак ціхі звон,

Як змрок крылом атуліць,

І, як пчала, пад вечар ён

Спяшаў у родны вулей.

 

За лес хавалася зара,

Спускаўся морак шэры,

Чакалі маці і сястра

Андрэя на вячэру.

 

Жбаны і місы з малаком,

Бліноў дыміла горка...

І доўга-доўга за сталом

Ішла ў сям’і гаворка.

 

Як сёлета красуе сад,

Як зацвілі загоны,

Што шлюць Мікола і Кандрат,

Браты, яму паклоны.

 

Што ўжо з наступнае вясны

Дадому прыйдуць, можа,

Служылі ў арміі яны,

У горадзе над Сожам.

 

Гаворыць маці і, жбанок

Схіляючы над шклянкай,

Андрэю часам незнарок

Напомніць пра каханку.

 

Узнікне воблік малады,

Знаёмая паходка...

І так было хлапцу тады

Ад усяго салодка.

 

Так з марамі пра Мурагі

Прайшоў ён шлях паволі...

Ужо канчаўся лес глухі,

Між дрэў свяціла поле.

 

Ён стаў за бэзавым кустом,

Глядзіць удаль задумна...

Ды як жа, вунь ён, родны дом,

І сцежачка на гумны.

 

І раптам ледзь не закрычаў,

Забыўшыся на сполах,

Аднекуль вецер даімчаў

Знаёмы вельмі голас.

 

Хапіўся бегчы. Нацянькі

Ён паімчаў вясёлы...

Калі ж пабачыў ўсіх здалёк,

Упаў, як сноп, да долу.

 

Глядзіць — узброены атрад,

Нямецкія салдаты.

Гамоніць тоўсты камендант

З Пахілкам Калістратам.

 

І ў сэрцы болю,

Злосці шмат.

— Ах, Калістрат,

ах, гад ты, гад!

 

Пахілка, звер, ты люты звер

З сабачаю крывёю,

Ды гэта ж, пэўне, ты цяпер

Ганяешся за мною.

 

Дык поўзай, поўзай ты слімнём

З сасонкі да сасонкі...

А можа, выйсці, камянём

Пусціць табе ўдагонку.

 

А што ж пасля, канец на тым

З пяньковаю пятлёю,

Ды не, не будзе так, каб ты

Смяяўся нада мною.

 

Андрэй у хмыз глыбей залез,

Да долу прытуліўся,

Пакуль Пахілкі след не счэз

І тупат не спыніўся.

 

Тады устаў. Над галавой

Кулак узняў з гразьбою:

— Дык што ж наважыў раніцой

Зрабіць я сам з сабою.

 

Ёсць шлях напэўны, хай даўгі,

Да роднага парогу,

Дык вось хто мне на Мурагі

Спыніў цяпер дарогу.

 

Чужыя твары, п’яны брэх,

Мышыныя мундзіры,

Чаго хадзіць ім паміж стрэх,

Дзе я радзіўся, вырас?

 

Хто права даў ім тут таптаць

Мае палі, разлогі? —

Андрэй прыйшоў на сенажаць

Між бору векавога.

 

Там клятву даў, пакуль жывы,

Адпомсціць чужаніцам...

І да густое муравы

Як сын прыпаў ён ніцам!

 

ВАМ СКАЖУЦЬ СОСНЫ

Навала пройдзе. І калі

Ізноў засвеціцца свабода,—

Вам скажуць сосны, як жылі

Мы ў дні вялікай непагоды.

І колькі ў шумных гушчарах

Народных дум было сабрана,

І колькі на сівых імхах

Гарачых слёз парассыпана.

Як мы жылі ў барах густых,

Каб ратавацца ад прымусу,

Як з кожным дрэвам, што з жывым,

Вялі параду беларусы.

 

РОДНЫ ГОРАД

Мінск — сталіца роднае краіны,

Адышлі пакутныя часіны,

Да цябе шляхі ўсе і пуціны,

Мы цябе падымем з-пад руінаў.

 

Многа знёс ты катавання, болю,

Знёс усё, і вораг не падолеў.

Ты, як волат, пастаяў за волю,

Ты нам любы сёння, як ніколі!

 

Родны горад! Нашае багацце!

Мы хвіліны дарма не патрацім,

Мы сваёй не пашкадуем працы —

Адбудуем светлыя палацы!

 

На тваіх узгорках і на долах

Адбудуем фабрыкі і школы,

Каб, як толькі занімаўся золак,

Ты ўставаў магутны і вясёлы.

 

Каб раслі кварталы, як жывыя,

Каб фантаны білі люстраныя,

Каб шумелі паркі маладыя,

Каб звінелі песні агнявыя!

 

Горад наш! Пражыў ты ліхалецце,

Горад наш! Ты — нашае бяссмерце,

Узрастай на радасць нам і дзецям

І шумі ты славаю па свеце!

 

Адбудуем горад свой вячысты,

Каб сказалі ўсе нам урачыста,

Як мы мужна ворага пабілі

І красу-сталіцу аднавілі!

 

ПЕРАД ВЯСНОЙ

Чэзне вораг, нікне густа...

Добрыя навіны!

Прычакаў Іван Капуста

Радаснай часіны.

 

Тры сыны яго, салдаты,

Нішчаць набрыдзь злую —

Б’юць за Одэрам гарматы,

Бацька хлопцаў чуе.

 

Хай жа знаюць, што старому

Шлях праклалі ясны,—

Гоніць з Прусаў ён дадому

Статак свой калгасны.

 

Ці ідзе ён праз сасоннік,

Ці ідзе палянкай,—

Усё гамоніць і гамоніць

Трубка-берасцянка.

 

Ці вятры прамчацца з шумам,

Ці снягі цярусяць,—

Адлятаюць яго думы

Аж да Беларусі.

 

І ўстаюць перад вачамі,

Як жывыя быццам,

Рэкі, пожні з паплавамі,

Чыстыя крыніцы.

 

І Капусту бор сасновы

Гулка зазывае...

Перад ім ідуць каровы,

Голасна рыкаюць.

 

Знае ён і тым шчаслівы,—

Край залечыць раны;

Паязды вязуць імкліва

Скарб адваяваны.

 

Бачыць ён — людзей багата

Па шляхах вандруе...

Сустракаюцца салдаты,

Ветліва жартуюць:

 

— Многа Гітлер нахапаўся

І кароў і коней...

Ты варочайся, не баўся,

Адаб’ём, пагоніш!

 

— Добра,— кажа ён,— нічога,

Хоць і стараваты,

Недалёкая дарога,

Што вядзе дахаты.

 

Стрэну сёння да змяркання

Родную старонку.—

Ён байцам на развітанне

Паіграе звонка

 

Ды ідзе сабе па свеце,

Ціха разважае:

Недзе ўнукі, недзе дзеці

Малака чакаюць.

 

Па шляхах ляжыць адлега,

І здаецца быццам,

Што трава пад пульхным снегам

Стала варушыцца.

 

Чуе ён — з вясной прыгожай,

Залатымі днямі,

З гэтым статкам над Бярозай

Пойдзе мурагамі.

 

ДАРОГА САЛДАТА

Дарогай вайсковай,

Пуцінай цяжкою

Прайшоў ён дахаты

Скрозь полымя бою.

Заныла ад болю

Салдацкае сэрца —

Не выпала доля

З каханай сустрэцца.

Ні звонкага саду,

Ні светлай хаціны,

Ні доўгачаканай

Бялявай дзяўчыны.

А толькі вятры

Праімчаліся з плачам,

На вуснах пакінуўшы

Попел гарачы.

Пакляўся наш воін

Тады прад заранкай,

Што прыйдзе дахаты

Ён разам з каханкай.

З той хвілі

І днямі і ночкаю цёмнай

Шукаў ён дзяўчыну

За Бугам і Нёмнам.

Ішоў ён наперад

Са сцягам чырвоным.

Брылі паланянкі

З прыгнёту-палону

І ў дні дажджавыя,

І ў ночы-завеі.

Пытаў ён пакутніц,

Стаіўшы надзею:

— Мо бачылі Настачку

З вёскі Падлесся,

Што шчокі, як ружы,

Што вочы, як месяц?

Пакутніцы ціха

Шапталі з журбою:

— Ніводнай, ніводнай

Не знойдзеш такое.—

І шчыра казалі

Яму на дарогу:

— Спяшайся, наш браце,

Гаруе іх многа.—

І сёння мы бачым,

Як мужнай хадою

Наш воін праходзіць

За Віслай-ракою.

У месцы праклятым

Панурыя хаты...

Ён мусіць адпомсціць

Ім грозна, заўзята

За гора краіны,

За вочы дзяўчыны.

Адзіная сёння

Ў салдата размова —

Ён грукае ў сцены

Берліна сурова

І верыць, нядарма

Свяціла заранка,—

Ён вызваліць хутка

Сваю паланянку.

 

ВОЗЬМЕМ СЕЎНІ!

Устае наш дзень вясенні

З перамогай на заходзе.

Возьмем сеўні,

Возьмем сеўні,

Час на поле нам выходзіць!

 

Грайце ж вы, вятры-гарністы,

Шмат герояў стрэнуць хаты,

Зернем чыстым,

Зернем чыстым

Загудзіць наш край багата.

 

Чуем родных, сэрцам чуем —

Хутка вернуцца шляхамі.

Рунь густую,

Рунь густую

Ім рассцелем дыванамі.

 

ДАВАЙЦЕ РАМОЎКІ НАЛАДЗІМ

Давайце рамоўкі наладзім,

Каб роілі пчолы вясною,

Каб ліпы ў расквечаным садзе

Шумелі крылатай сям’ёю.

 

Каб кветак вясновых багацце

Злілося з гамонкай пчалінай,

Каб пахі з усіх сенажацяў

Сышліся да новай хаціны.

 

І мы, што змагаліся мужна,

Рупліва засеем загоны

Таксама з’яднана і дружна,

Па тым жа адвечным закону.

 

ПРАЧНУЎШЫСЯ РАНА...

Прачнуўшыся рана, пайшоў па ваду я

Яшчэ на світанні,

Сустрэў ля крыніцы бярозку малую,

Як некалі раней.

 

Што сталася з белым бярозавым плаццем?

Мне пала на вока —

Шрапнельны асколак кару пашкумаціў,

Параніў глыбока.

 

Чакала і ты нас, бярозка, аддана,

Як сэрца дзяўчыны.

Я раны агледзеў, спавіў іх старанна

Чысцюткай хусцінай.

 

Прайшла, адшумела зямлёй навальніца,

Ты раны залечыш,—

Хай лісце зялёнае шэпча з крыніцай

Пра нашу сустрэчу.

 

ВЕСНАВОЕ

Пакрыліся пожні

Зялёнай травою,

Вясна нас вітае

Сваёю красою.

 

Ідзём за плугамі

Мы, вольныя людзі,

Свабодна

ўздыхнуўшы

На поўныя грудзі.

 

Ад ворагаў лютых

Адбілі багацце.

У кожнай расінцы

Нам свеціцца шчасце.

 

Не топча палеткі

Захопнік-чужынец,

Для нас расцвітаюць

Сады па краіне.

 

Мы сеем на полі

Вясновымі днямі

І зноўку будуем

Дамы за дамамі.

 

І сонца ўзнялося

Над намі высока,—

Ваююць героі

Далёка, далёка...

 

Ім бліжай і бліжай

Да мэты дарогі —

Апошнія крокі

Да ўсёй перамогі.

 

І болей ніхто нам

Жыцця не атруціць,

Ніхто не пакрыўдзіць,

Ніхто не засмуціць.

 

А воінам храбрым

Ёсць песня такая:

Што мы вас дадому,

Дахаты чакаем.

 

Чакаюць вас дзеці,

І жонкі, і маці,

Чакаюць дубровы

І яблыні ў садзе.

 

Чакаюць азёры,

Чакаюць крыніцы,

Чакаюць над борам

Вясёлкі-зарніцы.

 

НАСТАЧКА

Ноч вясновая каротка.

Спіцца Настачцы салодка.

Вецер ходзіць ля акон,

Сніцца ёй прыгожы сон —

Карагоды ля ракі,

І падружкі, і вянкі,

І сукенкі новыя...

Смачны сны вясновыя!

А пад ранне, ледзь чутно,

Быццам грукнуў хто ў акно,

Задрыжала хатачка...

Разважае Настачка —

То дзятлы ў сасонніку,

То каліна голлейкам,

То каменнем рэчанька...

Не прачнецца дзеўчынка,—

Спіць, не ведае дакукі...

Толькі хтосьці больш пагрукаў,

Ці па небу громамі,

Ці па бруку коламі.

Сон ад ложка адлятае,

Прачынаецца малая,

На акно ўглядаецца:

— Хто такі? — пытаецца.

Раптам як узнімецца

Ды да вокнаў кінецца,

Сэрца ледзь не страціла:

За акном пабачыла

Твар з чырвонай зоркаю,

З роднаю гаворкаю:

— Адкрывай жа хатачку,

Я твой тата, Настачка!

З перамогай, Настачка!

 

ЗНАЁМАЯ ДАРОЖКА

Дзе б я ні быў далёка,

У сэрцы ты жыла,

Знаёмая дарожка

Да роднага сяла.

 

Мне не забыцца ранку

Прыгожаю вясной,—

Хадзілі мы з каханкай

Дарожкай залатой.

 

Вясна тады спявала,

І шчокі ў нас цвілі,

Мы сонечнай дарожкай,

Здавалася, ішлі.

 

Калі ж устаў над краем

Ваенны, грозны год,

Дарожкай палявою

Адходзіў я на фронт.

 

І ў бойцы ці ў спачынку

У сэрцы ты жыла,

Любімая дарожка

Да роднага сяла.

 

Сягоння перамога,

Прыйшоў жаданы час!

Знаёмая дарожка

Вядзе дадому нас!

 

СЯБРЫ ФРАНТАВЫЯ

Маўчаць кулямёты,

І міны не выюць.

Гарматы сваё адгулі.

Хлапцы баявыя,

Сябры франтавыя,

Мы ўсе з перамогай прыйшлі.

 

З баямі цяжкімі

Прайсці да Берліна,

Радзіма, паслала ты нас.

Па роднай краіне,

Па любай дзяўчыне

Мы ўсе сумавалі не раз.

 

Паднімем жа чаркі

Сям’ёю адзінай

За матак, сясцёр і братоў,

За нашу хаціну,

За сэрца-дзяўчыну,

З якімі мы стрэліся зноў.

 

Дык вып’ем, каб моладасць

Зноўку гуляла,

Каб праўда на свеце жыла,

Каб сонца іграла,

Каханка спявала,

Каб наша радзіма цвіла!

 

Маўчаць кулямёты,

І міны не выюць.

Гарматы сваё адгулі.

Хлапцы баявыя,

Сябры франтавыя,

Мы ўсе з перамогай прыйшлі.

 

МЫ НЕ ЗАБУДЗЕМ ВАС!

У родны край прыйшлі мы зноў,

Дзе радасна жылі.

Сябры, успомнім пра сяброў,

Пра тых, што не прыйшлі.

 

Іх на дарогах франтавых

Хавалі маладых.

Пад Сталінградам і Масквой

Вятры пяюць аб іх.

 

Прайшлі яны паміж віхур,—

Берлін варожы паў.

І шумнай хваляй

Порт-Артур Героям чэсць аддаў.

 

У бітвах палі змагары

За вольны светлы час...

Дык спіце ж, воіны-сябры,

Мы не забудзем вас!

 

НАРОДНАМУ ПАСЛАНЦУ

Мы ідзём выбіраць.

Яшчэ раннія вельмі часы.

Хай на вуліцах змрок,

Многа ў сэрцах затое святла —

Сёння свята у нас.

Мы табе аддаём галасы,

Каб іх сіла з табой

І жыла, і расла, і цвіла!

Пра цябе паміж нас

Весці слаўныя здаўна прайшлі.

З намі ў шчасці ты быў

І ў часіны суровых нягод.

Ты радзіўся, узрос,

Гадаваўся на гэтай зямлі,

Лепшым сынам цябе

Называе свабодны народ.

Гэта ты заслужыў.

Ты заўсёды з народам ішоў,

Для яго працаваў

І адданасць адзначыў крывёй.

Будзеш ты у Крамлі,

У вялікай сям’і пасланцоў

Ад палёў, гарадоў,

Ад магутнай Радзімы усёй.

 

ЗВАРОТ МУЗЫКАНТА

Прыйшоў салдат ў свае Падліпкі,

У дом на ўскраіне сяла.

Ён моўчкі зняў са сценкі скрыпку,

І песня ў свет за ім пайшла.

 

З-пад пальцаў рук яго шурпатых

Ўставаў малюнак не адзін:

То паднімаліся Карпаты,

То мчаў Дунай удалячынь.

 

То чэзлі ў дыме бітвы каскі,

То сонцам слаўся краявід,

То бегла дзеўчынка па краскі,

То маці плакала наўзрыд.

 

Прыйшлі к яму суседзі з хатаў

Ды пачалі яго пытаць:

— Скажы, ў якіх майстроў выдатных

Ты навучыўся так іграць?

 

Салдат зайграў адменным складам,

Аж завіхнуўся смык-пяюн,

Ён адказаў сваім паглядам,

Душою скрыпкі, звонам струн.

 

— Мяне майстэрству навучылі

Шляхі паходаў франтавых;

Я чуў, як ветры галасілі

Над сном таварышаў маіх.

 

Падслухаў гоман я нязвычны,

Што плыў дарогамі вайны,

Я чуў, як граў струмень крынічны

Ў салдацкіх кубках бляшаных.

 

Я чуў — ад ран бары гудзелі,

Падгледзеў ў час начных гадзін,

Як слёзы месяца віселі

На голлі сосен і ялін.

 

Я чуў, як свет ад шчасця плакаў,

Калі пабачыў вольны сцяг,

Я чуў, як воіну падзяку

Шаптала поле ў каласах.

 

Я чуў, як птушкі нас віталі

І ясны ўсход, пражыўшы ноч.—

Замоўклі струны.

Ўсе маўчалі.

А ў музыканта слёзы з воч.

 

БРАТ І СЯСТРА

З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына.

Не стрэўся з дачкою,

Не ўбачыў ён сына,

Бо хлопца схавалі дняпроўскія хвалі,

А дзеўчыну карнікі ў лесе скаралі.

З баямі дарога,

Цяжкая дарога.

Вярнуўся Крушына,

Прыйшоў да парога,

А ў сэрцы жалоба,

А ў сэрцы трывога.

Застаўся Крушына адзін у хаціне.

Каб вечна аб дзецях жылі ўспаміны,

Схадзіў ён да лесу па клён і рабіну,

Прынёс, пасадзіў іх пад ціхай страхою,

Карэнні паліўшы бацькоўскай слязою.

Прыйшоўшы да бацькі з падлеснай даліны,

Расці прыняліся

І клён і рабіна.

Наскочыла восень —

Марозная просінь,

Сады пажаўцелі,

Лісты паляцелі.

Наскочыла восень,

Буй-вецер загушкаў,

Пытаецца бацька

Ў любімай дачушкі:

— Дзяўчынка-рабінка, з уборам чырвоным,

Напэўна, дачушка, сягоння сцюдзёна? —

Да нізкай хаціны

Пад крык жураўліны

Схіліўшы галіны,

Шапнула рабіна:

— Ой, татачка, тата, не жалься багата,

Бо цёпла мне, тата, ля роднае хаты.

Нагрэлася я ля агнёў партызанкай.

Ты глянь, я чырвона і ўвечар і ўранку.—

Па белай дарозе Прыбеглі марозы,

Мятлюга задзьмула,

Зіма агарнула.

Зіма закавала

Ручайкі ў ільдзіны.

Пытаецца бацька

Ў любімага сына:

— Каторы дзянёчак мароз, як званочак,

Напэўне, замёрз ты, кляночак-сыночак? —

На шэрым світанку,

Прынікшы да ганку,

Пад ветраў гамонку

Клён выказаў звонка:

— Не бойся, мой тата, не страчу я сілы,

Зіма цёплай коўдрай мне ногі накрыла.

Нагрэўся я ў бойках, цяпер не скалею,

Ты ж бачыў увосень, як я палымнею.—

З вялікім разгонам

На крыллях зялёных

З чаромхаю белай

Вясна прыляцела.

Вясна прыляцела

З прыгоршнямі кветак.

Пытаецца бацька

Ды ў двух сваіх дзетак:

— Спяваюць дубровы, зялёныя долы.

Скажыце мне, дзеці, ці ў сэрцы вясёла? —

Расправіўшы вецці,

Сказалі ўдвух дзеці, расцвіўшы на сонцы,

Шапнулі ў аконца:

— Нам добра сягоння, з табою гамонім,

Цябе мы ад спёкі сабою заслонім,

Заслонім лістамі ад дожджу касога,

Ад гора ліхога, ад вока благога,

Хай бачаць, хай знаюць, хай ведаюць людзі:

Мы, дзеці, з табою заўсёды мы будзем!

 

РАЗВІТАЛЬНАЕ СЛОВА

Дамоў вас чакалі. І з кожнае хаты

Глядзелі трывожна на шлях, на гасцінец

То маці, то жончыны вочы. Вас звалі

Дзіцячыя твары двума васількамі.

Дамоў не прыйшлі вы. Пад выбухі залпаў

Вы храбрымі палі. Мы вас не забудзем!

 

Вы храбрымі палі. Мы вас не забудзем.

Вы з намі, пакуль неўгамонныя сэрцы

Не сціхнуць ў нас біцца, пакуль наша сонца

Высока-высока плыве над зямлёю,—

Вы ў шуме сасновым, вы ў звоне крынічным,

Вы ў гомане лісця, вы ў гуле азёрным!

 

Вы ў гомане лісця, вы ў гуле азёрным,

Як быццам зусім не было ў нас растанку.

Нам помняцца вашы суровыя твары,

Паходныя ранцы і пыл на дарогах,

Высока пад небам чырвоныя сцягі...

Мы помнім, як трубы трубілі трывогу.

 

Мы помнім, як трубы трубілі трывогу,

Як сэрцы ад болю цвярдзелі, што камень,

А вы, адыходзячы строем за строем,

Усе нагатове трымалі вінтоўкі,

Мы помнім, як кветкі ляцелі на каскі...

А з захаду лезлі крывавыя хмары.

 

А з захаду лезлі крывавыя хмары.

Маланкай шугалі, гулі перунамі.

Ішлі вы шляхамі і скарб уцякацкі,

Што быў раскіданы, абходзілі з болем.

Між трупаў жанчын і дзяцей на дарозе

У полымя бітвы ішлі вы рашуча.

 

У полымя бітвы ішлі вы рашуча,

А сэрца не знала ні хвілі спакою,

Бо кожны з нас думаў: а хто там за плугам,

Хто молат падыме, хто стане з касою,

Ці хопіць умельства, ці хопіць ім сілы?

Адно суцішала,— народ наш магутны.

 

Адно суцішала,— народ наш магутны,

Што дзеці яго не ўпадуць ад адчаю,

Народ іх прыгрэе, народ іх навучыць,

Усюды па цэхах, па полі, па стэпах

Ён стане за працай вялікай сям’ёю.

І вы адчувалі, што крэпасць за вамі.

 

І вы адчувалі, што крэпасць за вамі.

Вы ў бітву ўступілі, не знаючы страху.

Ды вас было меней, чым ворагаў зграя,

Балюча было вам назад адыходзіць

І кожнае поле і шлях на расстанні

Слязой паліваць і сваёю крывёю.

 

Слязой паліваць і сваёю крывёю

Палеткі, дзе жыта, як звон, гаманіла,

Ды кожны хаваў запаветную думку:

«Чакай жа, радзіма саберыцца з сілай,

Мы ворага скрышым, мы ворага знішчым,

Спусціўшы галовы, не прыйдзем дахаты».

 

«Спусціўшы галовы, не прыйдзем дахаты»,—

Сказалі сабе вы і слова стрымалі.

Браты падаспелі да вас на падмогу,

З’ядналіся разам, патроілі сілы,

Ударылі громам пад роднай Масквою.

Часіна суровай расплаты настала.

 

Часіна суровай расплаты настала —

Гарматы маланкамі сыпнулі ў неба,

А вы, сваю помсту ў грудзях запаліўшы,

Паўзлі між снягамі, ўзляталі арламі —

Ад роднае нівы, ад бацькавай хаты,

Жыцця не шкадуючы, ворага гналі.

 

Жыцця не шкадуючы, ворага гналі.

Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі,—

Вы білі таранам яго самалёты,

Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі,

Сабой рвалі танкі, бо ведалі добра:

Нічога няма даражэй за Радзіму.

 

Нічога няма даражэй за Радзіму,

За тую зямлю, дзе хадзіць навучыўся,

За неба, якое з калыскі пабачыў.

Вы плакалі сэрцам і ў бітву цяжкую

Ішлі без вагання, хоць вы адчувалі,

Што суджана многім дамоў не вярнуцца.

 

Што суджана многім дамоў не вярнуцца,

Да долу прыпасці і больш не падняцца,

Апошні раз бачыць над пушчамі сонца...

Вы палі, адбіўшы муры Сталінграда,

Палі Украіны, лясы Беларусі,

Вы палі, прыкрыўшы свабоду грудзямі.

 

Вы палі, прыкрыўшы свабоду грудзямі.

Вам сталі на свеце апошнім прыстаннем

Шырокія рэкі, ручайкі малыя,

Палі ў красаванні, дарогі ў завеях,

Гаі і дубровы, бары векавыя,—

На ўсіх неабсяжных і родных прасторах.

 

На ўсіх неабсяжных і родных прасторах

Вятры вам спявалі апошнюю песню,

Не свечкі свяцілі ў галовах, а зоры,

На варце стаялі яліны і сосны,

Схілялі галовы дубы векавыя...

І ўсіх вас да сэрца зямля прытуліла.

 

І ўсіх вас да сэрца зямля прытуліла,

Расою абмыла, прыкрыла лістамі,

Рассыпала краскі на вашых курганах.

А сонейка ўзыдзе і покуль не зойдзе,

А выблісне месяц і покуль не згасне,

Вы з нашых не сходзіце мараў і думак.

 

Вы з нашых не сходзіце мараў і думак,

Ці выйдзем вясною мы ў поле з сяўнёю,

Ці к рэчцы дзяўчаты ідуць на Купалле,

Ці зберуцца хлопцы пайсці на ігрышча —

Мы чуем ваш поступ і вашу гамонку...

У кожную хвілю заўсёды вы з намі!

 

У кожную хвілю заўсёды вы з намі!

Вы ў сініх задумных вачах хлапчуковых,

Ва ўсмешцы дзяўчынкі са школьнае парты,

У бронзе на зноў адбудованых плошчах,

У новых гудках параходаў, заводаў —

Ва ўсім, чым жыве наша маці-Радзіма.

 

Ва ўсім, чым жыве наша маці-Радзіма,

Ёсць вашая думка і вашы жаданні.

Мы ўсе вашы мары як след абаронім,

Сынам вашым, дочкам мы будзем бацькамі,

Мы ў сэрцы хаваем і помнім заўсёды —

Вы смерцю сваёй нам жыццё даравалі.

 

Вы смерцю сваёй нам жыццё даравалі,

Ваш сцяг узнялі мы угору высока,

Адзін да другога пасталі мы шчыльна,

Каб з думкай пра вас у шляху не спыняцца,

Бо знаем на свеце адну неўміручасць —

Такую, што смерцю жыццё нараджае.

 

ПАРК ПЕРАМОГІ

На ўзгорку

Побліз ціхае ракі

Мы пасадзілі стройныя таполі,

Каб срэбрам лісця праслаўлялі волю

Пад сінім небам нашым праз вякі.

 

Раўнюткімі радамі Па краях

Мы пасадзілі белыя бярозы,

Няхай шумяць,

Што больш ніколі слёзы

Не заблішчаць у матак на вачах.

 

А на дарожкі,

На алеі скрозь

Прыйшлі яліны, яблыні і клёны,

Няхай пад іхнім

Гоманам зялёным

Спявае сёння наша маладосць!

 

ДЗЕНЬ МОЙ

Дзень мой, ты апаўдні,

І ў прасторах абуджаных —

Толькі мне перайсці,

Колькі мацяю суджана.

 

Дзе спынюся, калі,

За якою бяседаю,

Ды ніколі аб тым

Мне ніхто не паведае...

 

Можа, ведала ўсё

Сэрца добрае матчына

Ды прасторы-палі

І бары на Вушаччыне.

 

Што ж ты зробіш, палі

Многа раз перавораны,

І не кажуць бары,

Быццам кім загавораны.

 

Мабыць, тайна мая

Дзесьці добра прыхована,

Што ж, я столькі прайду,

Колькі мне наканована.

 

Я прашу у бароў,

Хоць зусім не па звычаю,—

Год, што ў горы прайшлі,

Мне ў жыццё не залічываць.

 

Каб, як можна было

Па загаду вясноваму,—

Стаць ізноў юнаком,

Перайсці ўсё па-новаму.

 

Каб дарога у свет,

Што абрус, была выслана —

Мала ж бачана мной

І нямнога напісана.

 

Шмат у нас гарадоў,

Шмат яшчэ паўзнімаецца —

Толькі ў кожным пажыць

Мне па году жадаецца.

 

Чуць бясконца ў палях

Ветраковыя гоманы,

Сотню раз пераплыць

Па Бярозе і Нёману.

 

Мне б самому пазнаць

Свет пуцінамі рознымі,

Хоць бы раз праплысці

Акіянамі грознымі.

 

І ў прыгодах цяжкіх

Не сагнуцца, а выстаяць,

Ды вярнуцца дамоў

У сады шумналістыя.

 

Слухаць гоман галля

Пад спагаднаю просінню,

А пасля і даспець,

Быццам яблыку ўвосені.

 

Згодзен пасці на дол,

Толькі з тымі умовамі,

Каб як зерню ўзрасці

Зноў з дажджамі вясновымі.

 

ДУМЫ ПРА МАСКВУ

Ясна зоры твае прамянеюць,

Поўна дум пра цябе галава.

Кожны з нас цябе маці назваў,

Мабыць, лепей ніхто не сумее,—

Нашых сэрцаў вясна і надзея,

Сонца свету — сталіца Масква!

 

Ярка, ярка святло тваё свеціць,

Цяжка зоры твае апісаць,

Што, як месяц чырвоны, гараць.

Шмат прыгожых ёсць месцаў на свеце,

Шмат цудоўнага можна прыкмеціць,

Толькі з чым мне цябе параўнаць?

 

Ты, Масква, сэрца любай Айчыны,

Маці нашым усім гарадам,

Як ты дорага, родная, нам —

Беларусу, літоўцу, грузіну,

Латышу, чувашу, армяніну —

Ўсім тваім незлічоным сынам.

 

У цябе нечуваная сіла,

Поступ дужы, узлёты арла,

Ты з нядолі усіх узняла,

Ты нам вочы да шчасця раскрыла,

Ты да сэрца свайго прытуліла

І ў жыццё нам дарогу дала.

 

Дык прымі ж ты паклон наш глыбокі,

Што спрадвечных пазбавіла бед,

Ты усіх нас вяла ў барацьбе.

Я падслухаў у сосен высокіх,

У крыніц, у блакітных аблокаў,

Як пяюць яны славу табе!

 

Ты магутнаю крэпасцю стала,

Калі вораг узнік прад табой,

Ты ўзнялася магутнай сцяной,

Нас адных,— не адных, гэта мала! —

Чалавецтва ты ўсё ратавала

Ад пакутнае смерці цяжкой.

 

Помню — восень з вялікаю золлю,

Да тваіх падышоўшы варот,

Што удаў, абкружаецца фронт...

Колькі гора было, колькі болю...

Мабыць, мы не забудзем ніколі

Той цяжкі,

акрываўлены год!

 

Не забыць пра жахлівыя рэчы:

Мерцвякоў адубелых пласты,

Узарваныя хаты, масты,

І ўначы між крыві чалавечай

Падмаскоўя пажары, галечу...

Толькі ў бітве не гнулася ты.

 

Наш народ у сыноў сваіх верыў,

Бачыў полымя ўзбуджаных воч.

Кожны з іх быў памерці ахвоч,

Каб разбіць і прарвацца наперад,

І бацькі і сыны-піянеры

Працавалі на фронт дзень і ноч.

 

Узняліся з народа героі,

Сонца нашае помсты ўзышло,

Загудзела ў палях, загуло,

Вораг паў пад сталіцай Масквою.

Толькі сэрца не знала спакою —

Шмат радзімы ў палоне было.

 

Мы свой кут у слязах пакідалі,

Да цябе нас твой голас пазваў,

Ты усіх нас прыгрэла, Масква!

Мы ў сталіцы жылі, працавалі,

Кожны ведаў, што ў ёй існавалі

Беларусь, Украіна, Літва...

 

Ты, Масква,

з добрай матчынай ласкай

Паказала кірунак нам свой,

Ты натхніла народы на бой,

Каб разбіць чорны зброд акупанцкі...

Прытуліла наш штаб партызанскі,—

Гаманіў ён з палоннай зямлёй.

 

Дзякуй, родная, шчырым клапотам!

Мы ўзнімаліся ў тыя часы.

Баявыя раслі галасы —

Праз успышкі маланак, грымоты

Адыходзілі ўноч самалёты,

Везлі зброю ў густыя лясы.

 

Партызаны віталі іх шчыра,

Самалёт жа, вяшчун іх жывы,

Зноў праз ночы ляцеў да Масквы,

І ў сталіцу, што ў сонечны вырай,

Ён прывозіў з бароў камандзіраў

Атрымаць там загад баявы.

 

Было радасна з імі спаткацца —

Ноч гамонкі, ні хвілі на сон;

Свой куток быў нам добра відзён,

Скажуць нам, што зрабілася ў хаце,

Ліст дадуць ад любімае маці

Ды звязуць на радзіму паклон.

 

Шмат ляжала на грудзях цяжару,

Што ў палоне ўскарміўшы нас дом,

І прастор палявы з бальшаком,

І бары, і паляны-імшары...

Колькі раз з неўміручаю марай

Мы над Нёмнам былі і Дняпром.

 

І былі нашы мары пачуты,

Узмацняўся народ з кожным днём,

Надыходзіў фашыстам разгром.

Сталінград адплаціў за пакуты —

І маскоўскае неба салюты

Асвяцілі праменным святлом.

 

Моцны, дужы, падобны да грому,

Мы пачулі, Масква, голас твой:

— Беларусь пад чырвонай зарой!

Разам з войскам пайшлі мы дадому,

Што на крыллях ляцелі, вядома,

Ды цяжкім быў растанак з табой.

 

Цяжка, цяжка было развітацца,

Шмат было па табе ў нас тугі,

Ды чакалі свае берагі,

Ты была нам як родная маці —

Любы нам твае вуліцы, пляцы,

Кожны камень нам твой дарагі!

 

Мы вярнуліся ў нашы мясціны,

Гарады нашы сталі радзей,

Толькі рук мы не склалі ў нудзе,

Зналі мы, што паднімем з руінаў,

Адбудуем,

уславім краіну,

Што Масква дапаможа ў бядзе.

 

І Масква нам пасобіла многа,

З ёю кожны наш дзень устае,

З ёй ўзнімалі мы нівы свае.

І калі па шляхах і дарогах

Прыляцела вясной перамога,

Прыгадалі мы плошчы яе.

 

Прыгадалі іх гул ўсхваляваны,

Чалавечага мора прыбой,

Сцягі радасці над галавой,

І ў шарэнгах, што шчасцем з’яднаны,

Масквічоў і масквічак адданых,

І агні над Масквою-ракой!

 

Сёння нашы прасторы — бязмежжа —

Славу роднай сталіцы пяюць.

Моцна зліты вялікі Саюз!

Чулі заклік ад Спаскае вежы

І Памір і лясы Белавежы,

За радзіму ўставалі сваю.

 

Зноўку дзень нам узняўся шчаслівы —

Пазбыліся нядолі, жуды,

Зноў разводзім свае мы сады

І, працуючы ўпарта, маўкліва,

Засяваем шырокія нівы

Ды будуем свае гарады.

 

Мы працуем уважліва, дбала,

Каб народ наш ўзнімаўся і рос,

Каб не ведаў галечы і слёз,

Каб у золаце поле шаптала,

Каб увысь узляталі кварталы,

Каб шумелі бары да нябёс!

 

Будзь жа слаўна на вечныя годы,

Нельга сэрца ў любові стрываць,

Поўна дум пра цябе галава,

Да цябе ўсе хінуцца народы,

Што ад сэрца спяваюць заўсёды:

Слаўся, наша сталіца Масква!

 

ПОМНІК

Бор нам сумна хістаў галавой,

Апускаліся нізка аблокі.

На кургане

Пад гонкай сасной

Мы паставілі камень высокі.

 

Нізка слалі бярозы лісты,

Быццам зналі пра нашую страту.

Мы ж пад зоркай

На камені тым

Напісалі журботную дату.

 

Хай жа знаюць малы і стары

І, праходзячы, схіляцца шчыра,

Што пад ім

Пахаваны сябры,

Партызанскія два камандзіры.

 

Каб, здаецца, магчыма было,

Сам бы лёг,

А герояў узняў бы —

Камісара Алеся Бусло

І Бакуру — начальніка штаба.

 

Помняць іх на дарогах вятры

І далёкія сінія зоры,

Налібоцкія

Пушчы-бары,

Палачанскія нашы азёры.

 

Як не спалі яны па начах,

Вызваляючы край ад прымусу,

Як вадзілі яны

Па шляхах

Нас на бой за зямлю Беларусі.

 

Праклялі мы бязлітасны лёс

І глыбока былі засмучоны —

Смерць прыйшла ім,

Калі да нябёс

Развінуўся наш промень чырвоны.

 

Да спаткання, здавалася, міг,

Мы ўжо воклічы братнія чулі.

На апошняй вярсце

Да сваіх

Іх скасіла нямецкая куля.

 

Пахавалі на роднай зямлі

Двух герояў з вялікай пашанай

І з гвардзейцамі

Разам пайшлі

Побліз іх на заход партызаны.

 

Змоўклі бітвы. Развеяўся дым.

Адгрымелі часы баявыя.

Мы ля помніка

Моўчкі стаім,

Прыгадаўшы паходы былыя.

 

Спяць сябры. Іх спакойныя сны

Мы прыкрылі вянкамі густымі.

Мы б хацелі,

Каб чулі яны,

Як смуткуе радзіма над імі!

 

НЕ БУРА НАМ СТРЭХІ САРВАЛА

Не бура нам стрэхі сарвала,

Не ветры павыбілі шыбы,—

Чужая, ліхая навала

Разбурыла нашы сялібы.

 

Шмат катаў насунула з ёю,

Дзе д’яблаў такіх нараджалі?

Ля вогнішчаў смерці людское

Як блазны яны рагаталі.

 

Якія ваўчыныя спевы

Спявалі ім лютыя маці?

Тут кожнай былінкай і дрэвам

Зямля ім узнесла пракляцце.

 

Нам выпала праца цяжкая,

Не зналі мы гэткай віхуры,

Ды зноўку мы сцены ўздымаем,

Заклаўшы надзейны падмурак.

 

Мы сёння свабодныя людзі,

Над намі блакітнае неба,

Але мы таго не забудзем,

Што пільнасць — ёсць наша патрэба.

 

Што час наш на свеце суровы,—

Ён кінуў прад намі руіны,

І, ставячы сёння будовы,

За кожнай мы сочым хмурынай.

 

Прасочым, дзе зброя узнята,

Бо ў сэрцы глыбока запала,

Што з нашай сядзібы і хаты

Не бура нам стрэхі сарвала...

 

КАБ МНЕ СТАЦЬ...

Каб мне стаць калі сасною

На гары высокай

І зялёнай галавою

Закранаць аблокі,

Падлічаць на небе зоры,

Гаманіць з вятрамі,

Аглядаць кругом прасторы,

Што шумяць жытамі.

 

Каб мне стаць калі крыніцай

На зялёным доле,

Каб ніхто вады напіцца

Не мінаў ніколі,

Каб прыходзілі, гадалі

Да мяне багата,

Што ў люстэрка, паглядалі

Слаўныя дзяўчаты.

 

Стаць бы мне зялёнай пожняй,

Дзе б збіралі краскі,

Калі ж гэтага няможна,

Згодзен, калі ласка,

Хоць трысцём ці асакою,

Хоць былінкай стацца...

Толькі б з роднаю зямлёю

Век не разлучацца!

 

НАРОДНАЕ ДЗЯКУЙ

Народнае дзякуй Маскве, Ленінграду,

Сібірскім прасторам, вышыням Урала,

Расіі вялікай, сыноў што паслала

Зямлю Беларусі адбіць ад нападу,

Ад смерці прыгоннай,

Ад чорнай навалы.

І ворага збілі суровай атакай.

Расіі вялікай — народнае дзякуй!

 

Паклон вам, паклон вам, дняпроўскія хвалі,

І Кіева вежы, і ўзгор’і Карпатаў!

Вы ворага гналі з уласнае хаты,

Але вы ў нядолі сястры не кідалі.

Мы біліся з ворагам Разам, упарта,

Не раз мы знішчалі паганцаў ўсялякіх.

Сястры Украіне — народнае дзякуй!

 

Вітанне, вітанне Казбеку, Эльбрусу,

Хрыбтам Ала-Тау, Паміру сівому!

Джыгіцкая слава іх добра вядома

У бітве за дом і зямлю беларусаў.

Мы ворага разам вялі

Да разгрому...

Усёй неабсяжнай радзімы ваякам

Мы шлём прывітанне — народнае дзякуй!

 

КАМСАМОЛЬЦАМ БЕЛАРУСІ

Вы маці-Радзіме ўсім сэрцам адданы,

Прайшлі гераічны, праслаўлены шлях —

Сябе вы адзначылі працай стараннай

І гордым бясстрашшам у грозных баях.

 

Вы моцныя духам, ваш гарт бальшавіцкі,

Вы разам з бацькамі ішлі, змагары;

Народ не забудзе, як Міша Сільніцкі

Зямлю ад навалы грудзямі прыкрыў.

 

У дні непагоды ў паходах суровых,

У бітвах юнацкая слава расла;

Народ не забудзе, як Рыма Шаршнёва

За край свой любімы жыццё аддала.

 

Народ не забудзе ніколі герояў,

Іх спраў неўміручых ў часінах цяжкіх;

Усталі з вас волаты Лаўскага бою

І смерцю сваёй ратавалі жывых.

 

Калі ж на прасторы прыйшла перамога

І сонечны дзень над краінай ўзышоў,—

Мы бачым вас мужных на новых дарогах,

На ўсіх рыштаваннях вялікіх будоў.

 

КАВАЛЬ

У добрым калгасе бліз Нёмна сівога

Я знаў аднаго каваля маладога.

На волас чарнявы,

Высокі, рахманы,

Ды толькі не з гэтага

Меў ён пашану.

Не зоркім паглядам, не постаццю гнуткай

Праславіўся хлопец,—

Праславілі рукі!

Мне нават сказалі ў калгасе аднойчы:

— Ён выкуе месяц, як толькі захоча,

Павесіць паўноччу на белай бярозе,

Каторы сапраўдны — ніяк не адрозніш! —

Не знаю,

Ці праўду казалі мне людзі,

Не знаю,

Няхай жа па-іхняму будзе!

А толькі адно вам сцвярджаю сягоння,

Што ў кузні ён з ранку да вечара звоніць,

Што хлопец прынадны,

Што майстра сапраўдны!

Бывала, ледзь золак засвеціць над хатай,

Прыцягнецца з плугам да кузні араты:

— Ці нельга парадзіць,

Адвал каб наладзіць? —

Як возьме наш хлопец жалеза кавалак

Ды, кінуўшы ў горан, нагрэе удала.

Здаецца, што пройдзе не болей мінуткі,

А стане жалеза, што блін той бялюткі.

А потым у момант

Змайструе, вядома,

Прыб’е адмыслова —

І плуг той гатовы!

Араты на полі барозны ўздымае

І шчодра свайго каваля ўспамінае.

Самому глядзець мне не раз давялося:

Падгоняць пад кузню благія калёсы —

Атосы на гора,

Пакрыўлены шворан,

Разбіты драбіны

Ды колы без шынаў.

Ад гэткіх агледзін не стане вясёла.

А ён толькі моўчкі бярэцца за молат,

Працуе старанна, аж пот з яго льецца,

Пакуль гэты выезд не прыйдзе да месца.

І выйшла такое —

Наклалі раз гною на гэты калёсы,

Вязуць на палетак.

А раптам як згледзяць суседзі:

— Што гэта?

Ці вы так багаты,

Ці проста вар’яты?

На выездзе гэткім

Не сорамна ў сваты! —

Аднойчы спыніўся яздок адмысловы:

Каб як за гадзіну прыладзіць падковы?

Прайшло паўгадзіны,

А можа, і меней,—

Ён іскры красаў па дарозе з камення.

Каваль што ні скажа,

Дык спраўдзіць на слове.

Хвалілі ўсе ўмельства

І спрыт кавалёвы,

Што ён і паважны і ў працы заўзяты,

А болей за ўсіх выхвалялі дзяўчаты.

Падыдуць то з гэтага боку,

То з тога,

А ён, як на злосць,

Не глядзіць ні на кога!

На жарты адбуркнецца ды адвярнецца...

Дзівіліся —

Хіба няма ў яго сэрца?

Адно толькі знае — ўсё звоніць і звоніць...

Гадалі — ніхто ўжо яго не палоніць?

Дарэмна ж,

Па часе —

Такая знайшлася!

Нікому ж дайсці да таго не прыйшлося,

Што гэта малая, бялявая Зося.

Прынесла аднойчы свой серп у дакоры.

Як глянуў каваль ёй у вочы-азёры,—

Увесь разгубіўся Ды ў іх утапіўся.

Зацвіў, як ніколі,

Ледзь вымавіць здолеў:

— Я серп твой папраўлю, што будзе ён тонак,

Скую ж табе разам, дзяўчынка, пярсцёнак:

Прыложыш да вока —

Пабачыш далёка,

Калі ж загадаеш,

Каханка пазнаеш! —

На гэтым з дзяўчынаю ён развітаўся

Ды цэлую ночку на ложак не клаўся,

Званіў малаточкамі ноч безупынна,

А кажучы праўду, не спала й дзяўчына,

Бо грукала ў такт малаточкам, здаецца,

Дзявочае сэрца.

Калі ж яна ў кузню прыйшла раніцою,

Каваль падышоў к ёй з работай сваёю,

Паднёс ёй пярсцёнак і серп назублёны,

А потым стаяў і глядзеў улюбёны.

Узняўшы пярсцёнак,

Як глянула Зося,

Аж сэрца зайшлося!

Прыгода якая —

Каваль выглядае!

Дзяўчына аб раз не паверыла воку,

Круціла пярсцёнкам у розныя бокі,

Куды ж ні пакруціць,

Нідзе анічога —

Адно толькі бачыць

Яго маладога!

Была гэта справа, жытное як жалі,

Не знаю, папраўдзе, што сталася далей,

Адно толькі знаю — іх бачылі многа,

Бывае, ля кузні, а больш ля жытнога,

Што погляд у дзеўчыны стаў ясназорны,

Што ў працы каваль той зусім бездакорны!

 

АПОШНЯЯ ЗЯМЛЯНКА

Вуглы яе дзікай травой параслі,

Па шыю схавалася ў процьму сырую,

Прыжмураным вокам

Глядзіць з-пад зямлі,

Як быццам на свет і на сонца крыўдуе.

 

Увойдзеш — паветра грудзям не стае,

Няйначай, ўскапана магіла якая.

Прабіліся зерні

З-пад столі яе,

Бо ў цемры таксама сядзець не жадаюць.

 

А побач узняўся збудованы дом

З вясёлым паглядам, смалісты, сасновы...

А мы і зямлянку

Цяпер памянём

Зусім не благім, а прыязлівым словам.

 

Калі нарабіла бяздомных вайна,

Калі мы не зналі, дзе дзецца ад болю,—

Ад зімняе сцюжы

Прыкрыла яна,

Схавала ад восеньскай жорсткае золі.

 

Мы зналі, хоць часта у нас галава

Балела ад чаду, ад сцюжы-марозу,

Лепш поле сваё

Над сабой адчуваць,

Чым вострыя дахі засценкаў варожых.

 

І нас не зламалі. Як толькі вясна

Прайшла з перамогай шляхамі краіны,—

Складаць пачалі мы

Бярно да бярна

На вольных палетках сялібы-хаціны.

 

Над попелам зноўку ўзнялося сяло,

І хаты ласкава завуць аганькамі,

А колькі ўжо клёнаў

Пад вокны прыйшло

І ветла да шыбаў гамоняць лістамі.

 

Хоць многа пражыта часінаў цяжкіх,

Мы шчасце будуем рукамі сваімі.

Мы выйшлі з зямлянак.

Раскінулі іх,

А толькі вось гэту на памяць пакінем.

 

Хай будзе на ўскраіне заўжды відна,

Яе мы не хвалім, але і не ганім,

Хай дзецям і ўнукам

Раскажа яна

Пра наша жыццё і пра наша змаганне.

 

ШПАК

Рака загудзела,

Запеніў раўчак.

Гляджу —

Заявіўся дахаты і шпак!

 

Стаміўся ў дарозе,

Ды дзе спачываць?

Адразу

Прытулак пачаў аглядаць.

 

То жоўтай саломкай,

То лёгкім пяром

За дзень

Уваслаў ён уважліва дом.

 

Калі ўжо на захадзе

Стала змяркаць,

Ён выйшаў на ганак

Падружку чакаць.

 

Прыпомніў ён горы

І морскі прыбой,

Але быў усцешаны

Ліпай сваёй.

 

МАЦІ

Высока на ўзгорку,

Між сосен і хвой,

Хаціна малая

Стаіць над ракой.

 

Далёка дарога

З той хаты відна,

Жыве ў ёй

Старэнькая маці адна.

 

Праз вокны на шлях

Паглядае штодзень,—

А можа, хто едзе,

А можа, хто йдзе!

 

А потым падыдзе

Ціхом да сцяны —

На картках там

Дочкі яе і сыны.

 

Каторая — з дзіцем,

Каторы — з сям’ёй,

Каторая — ў школе,

Каторы — герой!

 

І маці ўздыхае,

Бо помніць яна,

Калі з іх каторы

Хадзіць пачынаў.

 

Яшчэ прыгадала,

І пала сляза,

Якое хто першае

Слова сказаў.

 

Былі яны разам

У тыя гады,

Цяпер разышліся,

Каторы куды!

 

Якому ж раней

Напісаці сынку?

У Кіеў,

У Фрунзе,

У Мінск Ці Баку?

 

І выхад у сэрцы

Старая знайшла —

Пісала б адразу,

Каб толькі магла.

 

Прыйдзе лістаносец

І пісьмы падасць,

Не знае, якое

Раней прачытаць?

 

Ці з Омска

Ад Галі,

Ці з Фрунзе Фамы,

Ці з Бранска

Ад Валі,

Ці з Мінска Кузьмы?

 

І выхад у сэрцы

Старая знайшла —

Чытала б адразу,

Каб толькі магла!

 

Ды ўсіх прыгадаўшы

Дачок і сыноў,

Прыпомніць нямала

Яна гарадоў.

 

Успомняцца стэпы,

І пушчы, і бор,

І горы,

І моры,

І зорны прастор.

 

І ўсе гэты месціны

З ёю жывуць...

Бывае,

Што разам

Пасылкі прыйдуць.

 

Адкрыўшы, старая

Хвалюецца шмат:

Хто выслаў хусціну,

А хто вінаград.

 

І стане на сэрцы

Тады весялей

За добрыя весці

Ад родных дзяцей.

 

Да вокнаў падыдзе

Ўсё з думкай адной —

Часцей бы іх бачыць

У хаце сваёй!

 

СЫМОНКА

Ён да працы

Прагнасць мае,

Ён і ў песнях самы звонкі,

У каго ні запытаеш,

Хваляць спрытнага Сымонку.

 

З першых дзён

Вайны-нягоды

Бацькі ў хлопчыка не стала —

Хоць дванаццаць год ад роду,

Гаспадарыць ён удала.

 

Неяк раз

Прыйшлі з калгаса,

Каб зрабіць падруб хаціне,

Дык, сякеру ўзяўшы, разам

Працаваў між іх хлапчына.

 

Раз прыйшоў

Дзядок рухавы:

— Дай табе гарод засею.—

Адказаў Сымон ласкава:

— Дзякуй, я і сам умею!

 

Наш Сымонка

Ветлы з кожным:

Ля старэйшых стане з краю.

Часам вельмі ўжо сур’ёзна

Наш Сымонка разважае.

 

Падбягуць, бывае,

Дзеці,

Пазавуць на гульні з крыкам.

Ён жа буркне: — Не да гуляў,

У мяне сям’я вяліка!

 

На лугу

Касцы сышліся

Летняй роснай раніцою,

Бачаць, аж Сымон з’явіўся

Ды з даўжэзнаю касою!

 

Хлапчука

Там абступілі

Ды сказалі ўважна, шчыра:

— Не, табе тут не па сіле,

Пачакай гадкі з чатыры.

 

Каб дзіця

Замарнавалі,—

Не такія мы суседзі!

Бацьку ж мы паабяцалі,

Што цябе як след дагледзім.

 

Мы йшчэ самі

Не паслаблі,

За касой паходзіць кожны.

Вось табе у рукі граблі,

І па сіле гэта можна!

 

І Сымон

Пайшоў лугамі

Заграбаць у копы сена,

Хоць малы яшчэ гадамі,

А працуе ён адменна.

 

Як на полі,

Так і ў школе —

Не згультаіць ні гадзіны.

Каб хто лаяў,

Не, ніколі!

Толькі хваляць ўсе хлапчыну.

 

АРХІТЭКТАР

Між сумных кварталаў,

Між чорных руінаў

Ён ходзіць і марыць

Па цэлых гадзінах.

Мяркуе, складае

Адно да другога,

Што нават знаёмых

Не бачыць нікога.

Глядзіць, падлічае

У думках натхненна,

І ўсмешкаю свеціцца

Твар задуменны.

За грудамі друзу,

У працы заўзятай

Ён бачыць свой горад

Прыгожы, крылаты.

І ў памяці вострай

Складаюцца планы —

Вялікія плошчы,

Палацы, фантаны

І вуліцы, вуліцы

Ў руху няспынным:

Снуюць аўтабусы,

Мігаюць машыны.

Таполі і ліпы

Стаяць грамадою,

Алеі, алеі

Шумяць над ракою.

А далей,

На ўзвышшы,

Заўважыла вока —

Вялікасны помнік,

Узняты высока...

Ідзе архітэктар,

Задумай багаты,

Ён бачыць свой горад

Прыгожы, крылаты!

 

СКАРБ

Балота без краю,

Куп’ё, багавінне...

Драбнюткія сосны

Застыглі ў маркоце...

Сказалі калісьці

Дзяды мне, хлапчыне,

Што ходзяць начамі

Агні на балоце.

 

Сказалі, што з нетраў,

З глыбокіх аконцаў,

Увысь уздымаецца

Бляск нястрыманы,

Што гэта, няйначай,

Як свецяць чырвонцы,

Што недзе ў бяздонні

Ёсць скарб захаваны.

 

Падрос я.

Тым скарбам цікавіўся многа.

Не раз я начамі,

Знікаючы з дому,

Сачыў за агнямі

Са дна залатога,—

Мне іх давялося

Пабачыць самому.

 

І годы міналі

Услед за гадамі.

Я марыў

Пра тайныя сховы багацця.

І толькі вялікім

Дазнаўся з сябрамі,

Як трэба нам

Скарбу таго дабівацца.

 

Мы доўга гадалі,

Як багну пасіліць,

Было ў нас пра гэта

Нямала клапотаў,

Мы дружнай сям’ёю

Як след падлічылі

І выйшлі з рыдлёўкамі

Ўсе на балота.

 

Мы працай упартай

Багацця шукалі,

Ад ранку да вечара

Спіны мы гнулі —

Удоўжкі і ўшыркі

Балота капалі...

І срэбрам бялюткім

Каналы бліснулі.

 

А потым

Мы выйшлі усе з тапарамі,

Хіліліся нізка

Кусты галавою.

А потым

Прайшліся як след трактарамі,

І гоні пакрыліся

Чорнай раллёю.

 

Нарэшце

Баронамі скрозь запахалі,

А ўлетку пайшло

Красаваць, каласіцца...

І мы дамагліся —

Той скарб адшукалі

У золаце чыстым

Паспелай пшаніцы.

 

ЧАРАЎНІК

Ёсць у нас

Мікіта Баравік,

Хтось назваў аднойчы:

— Чараўнік!

 

А пасля на цэлае сяло

Так і загудзела

І пайшло.

 

А пасля ўжо

Кожны з нас прывык:

— Чараўнік Мікіта,

Чараўнік!

 

Так і разышлося

На калгас,

Што Мікіту гэта

Ў самы раз!

 

Як пасее жыта —

Што той лес,

Як пасадзіць бульбу —

Ледзь збярэш!

 

За гуркамі грады

Не відны,

Як шары, пад сонцам

Качаны.

 

Як вядома, шчасце

Ходзіць з ім,

Ды хіба ж у гэтым?

А ва ўсім!

 

Не сказаць,

Што хлопец вельмі хват,

Ды няма адбою

Ад дзяўчат.

 

Апытай сягоння

Хоць каго,

Толькі і гаворкі

Пра яго.

 

Вось чаму ўжо

Кожны з нас прывык:

— Чараўнік Мікіта,

Чараўнік!

 

ВЯРБА НАД ВАДОЮ

Як бы засмучоная

Весткай якою,

Стаіць задуменна

Вярба над вадою.

 

Прыгнулася вельмі,

Як тая бабуля.

Здаецца, што й лісце

На голлях паснула.

 

Не злічыш убораў,

Што ў рэчку апалі,—

Гады прамінулі,

Як чоўны на хвалях.

 

Чаго ж яна гнецца,

Не знаючы зморы?

— Там сонца, там месяц

І ясныя зоры.

 

ЗАПАВЕТНАЕ

Да роднай зямлі

Я навечна прырос

Карэннямі сосен усіх

І бяроз.

 

Як вецер у буру

Б’е ў вокны і дах,

Так сэрца маё

Неспакойна ў грудзях.

 

Як ранне вясною

Іскрыцца расой,

Так нівы я ў горы

Абсыпаў слязой.

 

Як шчасце між бору

Пабачыць мой зрок,—

Здаецца, ўздымаюся

Я да аблок.

 

Тады заспяваю,

Забыўшы бяду,

І, як па вясёлцы,

Да сонца іду.

 

МАЯ АЙЧЫНА

Мая айчына —

Поле, нівы,

Над Нёманам зялёны гай,

Прыгожы Брэст і Мінск шумлівы —

Ўся Беларусь ад краю ў край.

 

Люблю яе бары, азёры...

Ды як бы іх ні шанаваў,

Калі б не знаў другіх прастораў,—

Напэўна б я засумаваў.

 

Я палюбіў навечна,

Шчыра

Алтай, Палтаўшчыну і Крым...

Ад Ленінграда да Паміра,

Радзіма, ў сэрцы ты маім!

 

КАНДРАТУ КРАПІВЕ

Тваё мы знаем слова

Як зброю змагара,

Паэт і мужны воін,

Цябе вітаць пара.

 

Ты роднаму народу

Служыў, як толькі мог,

Прайшоў за паўстагоддзе

Нямала ты дарог.

 

Тваё пяро заўсёды

Навострана было,

Знішчала бруд і цемру

І славіла святло.

 

Заўсёды ў першых строях

Мы чулі голас твой,

А трэба — і з вінтоўкай

Ты станавіўся ў строй.

 

Спакойна і сурова

У час цяжкіх гадзін

Ты біўся за Радзіму,

Паэт-грамадзянін.

 

Ты біўся за Радзіму,

За новы, ясны свет.

Прымі ж, паэт, ад сэрца

Сягоння наш прывет.

 

І наша пажаданне —

Шчасліва, доўга жыць,

У працы для Радзімы

Заўжды нястомным быць.

 

СМЕРЦЬ ГЕРОЯ

Хачу я, каб вечна у сэрцах жылі

Геройскія справы савецкай зямлі.

Бары векавыя, бярозавы шлях,

Праслаўце героя, праслаўце ў вяках!

Дык здымем жа шапкі, браты і сыны,—

Было гэта ў часе Айчыннай вайны:

Бліз Нёмна варожы ішоў эскадрон,

Казаха-разведчыка ўзяў у палон.

Салдатам рашыў афіцэр паказаць,

Што вельмі няцяжка з такім ваяваць.

— Ну, што ты дзічышся! —

крычыць афіцэр.—

Пра ўсё ты мне мусіш давесці цяпер.

Да гор Ала-Тау адсюль не дастаць,

Чаго ж табе гэтай зямлі шкадаваць? —

Узняўшыся горда,

Адкінуўшы страх,

Спакойна чужынцу прамовіў казах:

— Захопіце край вы на Нёмне-рацэ,

А кроў з Ала-Тау майго пацячэ;

Я гэтай зямлёю, як сын, даражу,

Нічога,

Нічога я вам не скажу! —

Ад лютае злосці збялеў афіцэр,

Накінуўся, быццам раз’ятраны звер,

За ослух казаха рашыў пакараць,

Загад даў да дуба яго прывязаць.

А сам уздымаўся над ім каршуном,

А сам пацяшаўся над ім бізуном:

— Я доўга распытваць

Не звык, не люблю,

Не скажаш,

Дык ведай:

Я горай зраблю! —

Стаіўшы нястрыманы боль у вачах,

Спакойна на гэта прамовіў казах:

— Ты ведай, чужынец,

Мне край гэты люб,

Глядзі, прад табою магутнейшы дуб;

Глыбока, глыбока карэнні ўраслі,

Глыбока прырос я да гэтай зямлі!

Я гэтай зямлёю, як сын, даражу,

Нічога,

Нічога табе не скажу! —

І вораг загад свой ізноўку аддаў —

Казаха па грудзі ў зямлю закапаў.

— Што жмурыш вачамі,

Не гневай мяне,

Яшчэ раз пытаю —

Раскажаш ці не? —

Гарачая кроў закіпела ў грудзях,

З пагардай чужынцу прамовіў казах:

— Табе не вярнуцца

Ніколі з вайны,

І выдзеўбуць вочы табе груганы...

Ну што ж, хай загіну

І я на вайне,

Зямля, мая маці,

Сагрэе мяне!

Я гэтай зямлёю, як сын, даражу,

Нічога,

Нічога табе не скажу!

 

* * *

І ўсё. Хай даскажа вам бор над ракой,

Як мужна загінуў разведчык-герой!

 

ДЗЕНЬ ДОБРЫ, ХЛОПЦЫ!

Дзень добры, хлопцы!

Прыемна ранкам

За новай працай сустрэцца з вамі!

Шугаюць пілы,

Гудуць фуганкі,

Гамоняць дахі пад малаткамі.

 

З-пад гэбляў стружкі

Ўвесь дол заслалі,

Відаць, што ў працы вы ўсе заўзяты,

Відаць, сякеры

Да рук прысталі

Не горш, чым стрэльбы і аўтаматы.

 

І, як заўсёды,

Умела, шпарка

Майстрамі справы вы сталі, хлопцы!

Давай прысядзем,

Згарнём цыгаркі,

Цыгаркай неба мы не закопцім.

 

І вось гамонка

Ідзе між намі.

Дымок у кольцах, дымок віецца...

Пасталі хаты

Удоўж радамі,

Як бы паслухаць прыйшлі, здаецца.

 

А з новых вокнаў

Нібы гукалі

За новы столік хлапцоў вясёлых.

Дык вось дзе радасць,

што здабывалі,—

Свой дом і ў жыце узгоркі й долы.

 

Бывайце ж, хлопцы!

Я вам жадаю

Багацця й славы у кожнай хаце;

Хай музыканты

Вяселлі граюць,

А вам — расці ды пашырацца.

 

МАЛАДЗІКОМ

Я месяц пабачыў,

Сябры, мне паверце,—

Ён белы, як сыр той

На сіняй талерцы.

 

Заўважыў я ўночы

Сцяжынкі, што ў пене,

І хлопца з дзяўчынай

У срэбным адзенні.

 

Гляджу я, як дружна

Ідуць між таполяў,

І падаюць кроплі

Малочныя з голля.

 

Ад месяца-хціўца

Ім некуды дзецца:

Падыдуць да рэчкі —

І там ён смяецца.

 

Падыдуць да жыта —

І тое гамоніць:

Бялюткімі струнамі

Месяцу звоніць.

 

Падыдуць да яблынь —

Ды што за навіна!

Не яблыкі — зоры

Вісяць на галінах.

 

Над голлямі птушкі

Мільгнулі крыламі,

І зніклі за борам

Яны светлякамі.

 

Прыселі каханкі

У згодзе, у ласцы,

Аблітыя срэбрам,

Як быццам у казцы.

 

ДЗЕЎЧЫНА З ПАЛЕССЯ

Я хачу паведаць

Пра людзей адданых,

Хай аб працы іхняй

Песня устае —

Дзеўчыну па вёсцы

Проста звалі Ганнай,

Ганначкай часамі

Клікалі яе.

 

Цэлы дзень у руху,

З самага світанку.

У яе заўсёды

Тысячы клапот;

Падрыўніцу Ганну,

Ганку-партызанку,

Дзеўчыну з Палесся,

Палюбіў народ.

 

Невяліка ростам,

Ды вяліка сіла,—

Колькі пад адхонам

Цягнікоў ляжаць...

А як з лесу выйшла,

Аўтамат змяніла,

Зноў за серп і ў поле

Выйшла жыта жаць.

 

І яе, папраўдзе,

Вабяць карагоды,

Ну, куды ж падзецца,

Гэта ж маладосць!

Ды сказалі Ганцы:

— Будзеш паляводам.

Адказала Ганка,

Як заўсёды: — Ёсць!

 

Ды пайшла на поле,

Дзень за днём арала,

Бараной зубчастай

Нішчыла быллё,

І каменні ў крушні

На раллі збірала,

І глыжэўе біла,

Каб мякчэй было.

 

А калі пшаніцай

Забуялі долы

І пачуўся Ганцы

Гоман іх жывы,—

Дбайна даглядала,

Тры разы палола,

Аб асот калола

Рукі да крыві.

 

Помніць Ганка,

Помніць

Ледзяныя росы,

Як туман уранні

Слаўся паміж траў,

Як хадзіла золкам

Па узмежках босай;

Можа, толькі жаўра

Разам і ўставаў.

 

Колькі хвалявання,

Колькі дзён нягожых,

Колькі дум трывожных

Наганялі жах:

Білі навальніцы —

Набягалі слёзы,

А сушыла сонца —

Сохла і ў грудзях.

 

Толькі ўсё мінула.

Колас сакавіты

Сонца абсыпала

Промнямі святла;

Буйнае, густое

Зарадзіла жыта,

І такая слава

Па сялу пайшла:

 

Ганка-партызанка

Верная народу,

Спрытна з аўтаматам,

Спрытна й працаваць.

Будзе Ганцы,

Будзе,

Будзе нагарода;

Добрая дзяўчына,

Нечага казаць.

 

ЛЕНІНГРАДСКІ ТРАМВАЙ

Паглядаю на трамвай сустрэчны

І сябра штурхаю,—

Пачакай:

Па Савецкай,

З надпісам сардэчным,

Ленінградскі рухае трамвай.

 

Ён бяжыць з вясёлымі

Званкамі,

Афарбоўкай свежай

Зіхаціць

І вакол шырокімі вачамі

На ўвесь Мінск

Уважліва глядзіць.

 

Я гасцю такому

Вельмі рады,

Як жывому, хочацца сказаць:

— Ты пражыў

І перамог блакаду,

І з’явіўся нам

Дапамагаць.

 

Дзякуй, дружа!

З Неўскага ці ўзмор’я

Ты вазіў герояў-грамадзян,

Пахадзі ж па Мінску:

Добры горад,

Я б сказаў папросту —

Партызан.

 

Сумны шлях

Пакуль па каляінах,

Але йдуць прыгожыя часы:

Бачыш ты,

Як сёння між руінаў

Голавы ўздымаюць карпусы.

 

Ты ж вазі,

Няхай працуюць людзі,

Мінску працы

На будоўлі шмат;

Хай заўсёды ў прыклад

Яму будзе

Мужны, гераічны Ленінград.

 

БРАНЯВІК

Адышла, адгрукала навала,

Ленінград, ты здужаў ў барацьбе!

Бранявік з Фінляндскага вакзала,

Мы стаім з пашанай ля цябе.

 

Мы не чулі ленінскай прамовы,

Бо яшчэ замала мелі год,

Толькі чулі, як прабілі словы

Бронь старога свету навылёт.

 

Тут гады суровыя прамчалі,

Білі з неба, білі і з гармат.

Бранявік, ты з адмысловай сталі,—

Выстаяў сурова, як салдат.

 

Ты й цяпер заўжды гатовы к бою

І стаіш, як быццам начыку...

Мы і сёння бачым над табою

Ленінскую ўзнятую руку.

 

ДОМ У ПАРОНІНЕ

Бліз Татраў, што плечы

Да неба ўздымаюць,

Гамоніць з каменнямі

Белы Дунаец.

Там слухае здаўна

Дунайца размовы

На беразе стромым

Дом ціхі, сасновы.

Ён славен навечна,

Той дом над ракою,

Са ўзорам гаральскім

Пад самай страхою.

Не выглядам славен,

Не ўбраннем багатым,—

Ён ленінскай славай

Над светам узняты.

Бо Ленін тут марыў

Пра рускія далі,

І думы вышэй

Ад Карпат узляталі.

Адсюль кіраваў ён

Патокам бурлівым,

Адсюль ён да Піцера йшоў,

Да Разліва.

Адсюль паглядаў ён

На сонца са ўсходу,

Адсюль заклікаў ён

Узняцца народы.

І выйшлі народы

Праз бітвы, паўстанні

Са сцягам ягоным

У яснае ранне.

Дык слаўся ж навекі

У думках і ў словах,

Над Белым Дунайцам

Дом ціхі, сасновы!

 

ЛЯ МАЎЗАЛЕЯ

Строгі мармур, літары жывыя,

Што агнямі, свецяцца яны!..

Тут стаяць на варце вартавыя

І яліны ў срэбры ля сцяны.

 

Спаскай вежы стрэлак ход няспынны;

Ледзь устала ранняя зара,

Мы ў адной і несканчонай плыні

Да свайго прыйшлі правадыра.

 

Мы жывём усе адным жаданнем,

Хоць на сотнях размаўляем моў;

Хто з-пад Мінска, хто з-пад Ерэвана,

Хто з Паміра дальняга прыйшоў.

 

Мы маўчым, праходзячы радамі,

Толькі кожны думку захаваў:

Родны Ленін, мы ідзём шляхамі,

Па якіх ісці ты наказаў!

 

ПЛЫТАГОН

Ільдзіны зрушыла вясна,

Ручайкамі цячэ —

Плячо ў плячо ляжыць сасна

На Прыпяці-рацэ.

 

Далёкі гэтым соснам шлях

З паводкаю прайсці...

Стаяць з баграмі у руках

Вясёлыя хлапцы.

 

Па рэках поўных, веснавых

Ім дні і ночы плыць,

Але чаго малодшы з іх

На бераг так глядзіць?

 

Відаць, таму, ўдалечыні

Заўважыў ён адзін —

Дзяўчыну

Ў хустцы, што ў агні,

Паміж густых галін.

 

І ўсхваляваны плытагон

Глядзіць на шумны гай.

Плыты адходзяць.

Шэпча ён:

— Чакай мяне, бывай!

 

З плытамі рушылі сябры,

А з імі,

З двух бакоў,

Плылі хаціны, і бары,

І нівы між гаёў.

 

Каб глянуў ўночы хто здалёк,

Здзівіла б ціш,

Спакой...

Здавалася, што аганёк

Плыве адзін ракой.

 

Як бы ў туманы загарнуў

Прасторы ціхі сон.

Здаецца так,

Не знае ж сну

Дасціпны плытагон.

 

Стаіць на варце

Пры багры,

Клапот дарогай шмат —

То завароты, то віры,

То раптам бурны спад.

 

Бывае, ўсходзіцца рака

І загрыміць, як гром,—

Пастануць сосны старчмака,

Гудуць, што ў буралом.

 

Хлапцам хапае страхаты,

Ды вынікі адны,—

Звязаўшы буйныя плыты,

Далей плывуць яны.

 

І зноўку тлее курадым

Над ціхаю вадой,

І зноўку ўспомніць малады

Дзяўчыну паміж хвой.

 

Ды хутка стрэча.

Стэп відзён,

Патрэбен ён і там —

Прывёз дарунак плытагон

Дняпроўскім берагам.

 

І вось пад гоманы гудкоў

Ім давялося стаць,

Як бы здалёку хто прывёў

Магутнейшую раць.

 

Загаманіў фабрычны двор

З ялінай і сасной,

Здалося, поўніўся прастор

Пахучаю смалой.

 

Нібы лясы паміж стэпоў

Шумелі да нябёс...

А плытагон?

А ён дамоў

Гасцінец любай вёз!

 

ЧАТЫРЫ ШЛЯХІ

Стаяла, драмала пад звон ручая,

Махамі абросшая, вёска мая.

А з вёскі,

Дзе ліплі страха да страхі,

Ляжалі чатыры пахмурых шляхі:

 

Ля возера,

Бору,

Праз рэчку

І гаць,—

Каторы з іх лепшы, не мог я сказаць.

 

А толькі, як помню сябе я малым,

Хадзіць давялося мне больш баравым.

 

Да голля,

Што золкам вецер гайдаў,

Трубу берасцяную я уздымаў.

 

Займалася рэха вышэй галавы:

То бор адгукаўся, як быццам жывы.

 

Ды вечарам познім,

За статкам кароў,

Варочаўся часта я ў слёзах дамоў.

 

Стаяў мне нязменна

Заўсёды ў вачах

Ля возера чорны, нахмураны шлях.

 

Пайшоў гэтым шляхам

Мой бацька-салдат,

Пайшоў, не вярнуўся дадому назад.

 

Нямала прыносілі ў вёску тугі

З далёкага свету чатыры шляхі.

 

Нямала адгрукала

Чорных гадзін,

Ды шлях не забыць мне ніколі адзін —

 

За рэчкай;

Ён нам падабаўся усім,

На ўсход ён кірункам пралёг векавым.

Я помню, як коннік прымчаўся па ім.

 

Было гэта ўвосень.

За ім на ўвесь шлях

Гарэў, развяваўся праменісты сцяг.

 

А шляхам на захад,

Што звалі мы — гаць,

Прыйшлося панам і падпанкам ўцякаць.

 

З далёкае вёскі,

Па вольных палях,

Усіх нас да шчасця павёў кожны шлях.

 

Адходзілі мы і вярталіся ў дом —

Адзін трактарыстам,

Другі кавалём,

А хто аграномам, а хто лесніком.

 

І я, перайшоўшы

Паўсотні дарог,

Паэтам вярнуўся на родны парог.

Да сонца ўзнялася пад звон ручая

Калгасная, новая вёска мая.

 

Мінула ў нас многа гадоў залатых,

Тады ўзгадавалі дзяцей мы сваіх.

 

Ды выпалі годы

Пакутаў цяжкіх —

Чужынцы напалі.

Прагналі мы іх,

 

Касцямі на захад загацілі гаць;

Той шлях партызанскім мы сталі ўсе зваць.

 

І зноўку

Чатыры шляхі за сялом

Заліты Кастрычніцкім яркім святлом,—

 

Гамоняць прысадамі

З году у год,

Вядуць ў інстытуты,

Вядуць на завод

Адзіным кірункам, струменем жывым

Да самага сэрца Радзімы — Масквы.

 

КАЛГАСНЫ МЕЛЬНІК

Ёсць у нас такія людзі,

Да якіх заўжды

Пашана.

Камандзір разведкі Горны

Слаўны быў між партызанаў.

 

Ад Барысава да Оршы

Ў кожнай вёсцы,

Кожнай хаце

Паважалі камандзіра

Ад старога да дзіцяці.

 

Біў ён ворагаў няшчадна

Колькі моцы,

Колькі сілы,

Ды нямецкая блакада

Камандзіра падкасіла.

 

На Берлін франты ўзняліся,

І яго хлапцы,

Вядома.

Цяжка ў гэткую часіну

Без нагі застацца дома.

 

Ды жыццё не знае спыну:

Зноў зайграла сонца

Ясна.

Як жа так, сядзець без працы?..

Стаў ён мельнікам калгасным.

 

Шчыра скажам, справу гэту

Недалюбліваў,

Крывіўся...

А пасля ўсё далей,

Болей —

Проста ў млын свой улюбіўся.

 

Тры гады

Бесперастанку

Меле збожжа залатое.

Любяць мельніка сяляне —

Партызанскага героя.

 

Ён ад млына не адходзіць,

Там і днюе,

І начуе...

Вось глядзіць ён каля става,

Як вада прад ім бушуе,

Пеніць,

Падае а разгону,

Колы круціць спрытна, гонка...

З-пад вады мігаюць спіцы,

Што жыцця яго старонкі.

 

Так у марах

І развагах

Ён стаяў бы доўга, мусіць...

Зарыпелі недзе колы,

Мельнік наш устрапянуўся.

 

Паглядзеў —

Ідуць падводы, што на свята,

З ураджаем.

Ён на ганак узыходзіць

І ўрачыста запрашае.

А пасля

Дае загады,

Разам з ласкай і дакорам:

— Партызан таварыш Корбут,

Падавай хутчэй на гору!

 

Камісар разведкі Бокуць,

Ты сягоння

Першым будзеш.

Гэй, таварыш Калымага,

Ля каша чаго марудзіш?

Ды змяніў усе загады,

Як заўважыў маладзіцу:

— Санітарцы,

Цёці Дашы, без чаргі змалоць пшаніцу!

 

Да яго сябры падходзяць,

Што хадзілі з ім

З баямі.

Мельнік цэлы дзень вясёлы,

Размаўляе ён з сябрамі,

 

Як жывуць цяпер калгасы,

Як жылося

Ў партызанах...

Ім жа ў лад гамоняць жорны

Несупынна,

Несціхана.

 

КЛАДАЎШЧЫК

Кладаўшчык у нас паважны,

Сам сабе цану ён знае.

— Хто ў калгасе самы важны? —

Ён не раз другіх пытае.

 

Пажартуюць у народзе:

— Бачыш, гэткі ганарысты! —

Сапраўды,

У свіран ходзіць

Ён заўсёды урачыста.

 

Моўчкі засавы праверыць

Ды, забразгаўшы

Ключамі,

Любіць ён шырока дзверы

Раскрываць перад вазамі.

 

Потым буркне важна слова,

Пры ўваходзе

Стаўшы з краю:

— Ну, нясіце, толькі ўмова,

Што благога не прымаю!

 

Людзі ўзносяць мех за мехам,

У засекі

Насыпаюць...

Кладаўшчык, займеўшы ўцеху,

Толькі вусы раздзьмухае.

 

Ён глядзіць і, як ніколі,

Задаволены сягоння,

Што ў засеках,

Як і ў полі,

Ніва з ніваю гамоніць.

 

Калі хто якой парою

Запытаецца зазвычай:

— З хлебам як? —

А ён на тое:

— Калі хочаш, дык пазычым!

 

Ці ля свірна, ці ля хаты

Любіць ён

Павыхваляцца:

— Не цурайцеся, дзяўчаты,

У мяне ж усё багацце!

 

СПЕЎ НОВЫХ ДЗЁН

Лясы і палеткі, гаі і азёры,

Зямля нашых продкаў, дзядоў і бацькоў!

Ты многа зазнала

І ліха, і гора,

Ды бачу цябе я прыгожаю зноў.

 

Набралася ты жыватворчае моцы,

Заводы і фабрыкі скрозь загулі.

Як сэрцу прыемна,

Як радуе вочы,

Што з Мінска машыны ідуць на палі.

 

Нямала сягоння яшчэ ў нас клапотаў,

Наперадзе ўпартае працы гады,

Ды толькі мы знаем —

Не стане балотаў,

А будуць там нівы і будуць сады.

 

Не тая краіна мая ўжо,

Не тая,

Інакшая постаць і сіла ў яе,

На ўсіх асамблеях

Яна засядае

І моцна свой голас за мір падае.

 

Абсыпаў нас шчодра праменнем са ўсходу,

Як волат магутны, Савецкі Саюз:

Ёсць партыя наша,

Ёсць дружба народаў!

Шчаслівая з імі мая Беларусь.

 

КІВАЧ

Не маю я сіл захаплення стрываць

Цудоўны малюнак —

Суровы Ківач.

 

З гранітных адхонаў

Імкліва на дол

Злятае,

Як быццам з-пад неба сакол.

 

Нялёгка дарогу яму адшукаць,

І ломяцца крыллі,

І пер’і звіняць...

 

Ён б’ецца між скалаў

З відна

Да відна;

Над ім нахілілася моўчкі сасна,

 

Як быццам ёй хочацца

Вынайсці лад —

Аб чым тут гамоніць,

Гудзіць вадаспад?..

 

КАРЭЛЬСКІ ШЛЯХ

Шлях карэльскі.

Валуны, як горы,

І дрымотны, несканчоны лес...

 

Між ялін, абходзячы азёры,

Ты на поўнач сінюю вядзеш.

 

Да цябе,

Развесіўшы галіны,

Шмат бяроз сышлося паглядзець —

У высланне некалі Калінін

Па табе ішоў на Павянец.

 

Ці на гору ўскочыш ты з разбегу,

Ці на дол

Спускаешся ізноў —

З Ладагі да самае Анегі

Чутны перамовы малаткоў.

 

А па рэчках ночамі і днямі,

Паміж хвой

І хмызнякоў густых,

Як палкі праходзяць за палкамі,

Доўгія сасновыя плыты.

 

Плыць і плыць ім ў зыбкіх хвалях мілі,

Ты ж бяжыш

Пад гоманы сасны,

Покуль не прыпынішся на хвілю

Падзівіцца ўвысь на каміны.

 

ПЕТРАЗАВОДСК

Анега-возера дыміцца,

Стары-стары пятроўскі сад,

Карэла-фінская сталіца,

Савецкай поўначы краса.

 

Здалёку бор пяшчотай туліць

І навявае казкі-сны...

Між светлых плошчаў,

Новых вуліц

Сляды даўнейшага відны.

 

Калі Анегі сіняй воды

Кране

Усходняя зара,

Чутны дзяржавінскія оды

І крокі мужнага Пятра.

 

Ды з тых часоў змяніўся горад,

Ён уздымаўся

З году ў год —

Расправіў плечы, быццам волат,

Пад неба самае завод.

 

А колькі вуліц там прыгожых,

Праспекта добрага

Шырэй;

Відна карэльская бяроза

Ў аправе вокнаў і дзвярэй.

 

Усюды ў гомане рабочым

Сталіца шырыцца яшчэ,

Яна ад раніцы

Да ночы

Пад гукі кантэле расце.

 

РАСІЯ

Дзе слова мне знайсці такое,

Каб прывітаць ад глыбіні —

Расія — сэрца агнявое,

Прастор нябачнай шырыні.

 

Расія — волатава сіла,

Пагляд крыштальнага святла —

Усіх з’яднала, прытуліла,

З сабой ў дарогу павяла.

 

Прыгрэла ласкай неўміручай,

Абараніла колькі раз

І словам Пушкіна пявучым

З дзяцінства ўскалыхала нас.

 

Ты асвятліла ясна далі,

Расія, родная Масква!

Мы сцяг, што Ленін ўзняў, віталі,

Ён заўжды ў нашых галавах.

 

Яго мы адстаялі з боем

З табой у франтавыя дні,

Расія — сэрца агнявое,

Прастор нябачнай шырыні.

 

Прыйшлі мы ўсе, з падзякай кожны,

Ад Нёмна, Сожа і Дняпра;

Наш край з табой непераможны,

Ты з ім як маці і сястра!

 

НА ПАЛЕССІ ГОМАН, ГОМАН...

Разгудзелася балота,

Зашумелі чараціны,

Узяліся за работу

Экскаватары, машыны!..

 

Хто рыдлёўкай маша ўдала,

Хто карчы з-пад багны рые...

Роўна ложацца каналы,

Быццам стужкі люстраныя.

 

На Палессі гоман, гоман...

 

Гул нястрыманы, бясконцы,

Трактары за трактарамі,—

Скібы тлустыя пад сонцам

Рассцілаюцца радамі.

 

Што дзятлы, клююць сякеры,

Пілы песні заспявалі,

Ладзяць сцены, вокны, дзверы,

Вёскі новыя пасталі.

 

На Палессі гоман, гоман...

 

А шумліва, як ніколі,

Заспрачаліся там днямі

Ніва з нівай, поле з полем,

Каласы ды з каласамі:

 

Што ўзрасло з іх самавіта,

Хто з іх можа ганарыцца —

Ці то бульба, ці то жыта,

Ці то грэчка, ці пшаніца?

 

На Палессі гоман, гоман...

 

Што за гукі, што за роскат,

Што за музыка ад ранку?

Пастухі склікаюць войска:

Трубяць трубы-берасцянкі.

 

Што за плюскат на азёрах

Між лазовымі кустамі?

Гэта качары ў дазорах

Звонка хлопаюць крыламі.

 

На Палессі гоман, гоман...

 

Грукат, тупат колькі сілы

Ды хлапечы дружны рогат —

Гэта пары йдуць кадрыллю,

Б’юць абцасамі падлогу.

 

Тут друг дружку прыглядзелі,

Люба сэрцу маладому.

А пасля, пасля — вяселлі,

Ну і чаркі, як вядома...

 

На Палессі гоман, гоман...

 

Пераходзяць зімы, весны,

Ўсё ідзе сваёй чаргою.

Там, дзе праца, там — і песні!

Уздымаюцца героі.

 

Нараджаецца багата

Крыкуноў там, як зазвычай;

Год хадзі ад хаты ў хату,

А калысак не палічыш!

 

На Палессі гоман, гоман...

 

СОНЦА ГРЭЕ...

Сонца грэе, прыпякае,

Будзіць глебу.

Цёплы вецер б’е крыламі,—

Будзем з хлебам.

 

Жаўры зранку, ад світання,

Звоняць з высі.

Трактары, што чоўны ў моры,

Разбрыліся.

 

На паўмілі, можа, болей,

Круг займаюць,

Каб такім жа восень стрэціць

Караваем.

 

БАНДЫТЫ

Амерыка,

Ззяеш кастрамі ў цямноце,

Над імі

У дрыжыках корчацца целы.

На здані падобны

Кацюгі-забойцы,

З вачамі савінымі, ў саванах белых.

 

Бандыцкай душы

Не прыкрыеш адзеннем,

Яна прабівацца кінжаламі будзе.

Ні твараў у іх не відаць,

Ні сумлення...

Не, гэта не здані,

І гэта не людзі!

 

Скараць,

Абабраўшы да кропелькі сілы...

Маўчаць немагчыма,

Хоць мне невядома,

Адкуль ён, якога вось толькі спалілі,—

Са штата Агайо

Альбо з Аклахомы.

 

Ад колеру цела

Баяцца «заразы».

За тое скарала гайня

Ку-клукс-клана,

Што, мабыць, праехаў

Ён з белымі разам

У тым жа вагоне, што ім збудаваны.

 

Ён ім неслухмяны

І больш не патрэбен —

Агню аддалі без судовай дакукі...

А можа, я з ім

Сустракаўся па Эльбе,

Дзе моцна на дружбу паціснулі рукі.

 

Скруцілі,

Да дрэва яго прывязалі.

Крывавае зарыва ў прэрыях свеціць...

А можа, з ім разам

Мы кубкі ўздымалі

За вольнасць людскую, за праўду на свеце.

 

А воля —

За кратамі кас Уол-стрыта,

Скавана яна ланцугамі багатых.

У белых адзеннях бандыты,

Бандыты...

Амерыка,— ганьба!

Чаго дажыла ты?!

 

У ВЯНОК ПАЭТУ

 

Слух обо мне пройдет

по всей Руси великой,

и назовет меня всяк сущий

в ней язык...

А. Пушкін

 

Прайшоў

Ад краю і да краю

І ўсюды стрэў адну любоў —

Аб славе Пушкіна спяваем

Сягоння мы на сотнях моў.

 

Ягоны геній

З калыханкі

Натхніў нас сілай і красой,

Як гоман хваль,

Як бляск маланкі,

Як буры рокат над зямлёй.

 

Прайшоў

Праз пушчы ён і горы,

Святлом сабе праклаўшы

Шлях.

Ягоным словам, быццам

Зорам,

Гарэць нязгаслым у вяках.

 

НОВЫ ШЛЯХ

 

А хто там ідзе?..

Янка Купала

 

Ад торбы да могілак

Шлях невясёлы —

Такімі шляхамі брыло нас нямала...

— А хто там ідзе,

Згаладалы і голы?..—

Некалі так запытаўся Купала.

 

Мы гэта выйшлі

З пахмурнае ночы,

Сонца над намі і сіняе неба,

Поле прад намі ўрадлівага хлеба,

Гмахі над намі,

Дзе ў гуле рабочым

Перамаўляюцца ў радасці вочы.

 

Мы не адны,

Мы ідзём грамадою,

Колькі ў нас радасці, што за сябрына:

Рускія з намі, ўкраінцы, грузіны,

Армяне, літоўцы — адной мы сям’ёю

Крочым пад яркай

Чырвонай зарою.

 

Мы не лапцюжныя,

Мы ўжо не тыя,

Досыць мы ў цемры брылі без прыстанку...

Сёння мы ў промнях

Прывабнага ранку,

Моцныя духам, душой маладыя,

Бачым камуны агні залатыя.

 

ЦАР-ДУБ

З даўнейшых дзён

Па нашы дні

Сярод палескіх гоняў

Стаіць цар-дуб і ў вышыні

З аблокамі гамоніць.

 

Відзён той дуб

Са ўсіх дарог,

З галінамі густымі...

Прыйдзеш да дуба ўчатырох,

Ледзь стан яго абдымеш.

 

Ды хто згадае,

Колькі год

Ён тут стаіць нязменна?

Семсот,

Ну, можа, хай — шэсцьсот,

Але ніяк не меней.

 

Ён, як мудрэц,

Наўкол глядзіць

З мінуўшчыны на волю...

А колькі пала чужаніц

Прад ім на чорным доле!

 

Плячыст цар-дуб!

Яго сукі,

Што ў неба рыштаванні...

Ад бацькі к сыну праз вякі

Аб ім ідуць паданні.

 

Нямала

Бачыў ён пакут,

Як рос на панскім полі;

Спяваў пад ім прыгонны люд

Аб нешчаслівай долі.

 

Пад ім

Паўстанцаў мучыў кат,

Іх тут жа пахавалі...

І жалуды, як слёзны град,

З яго галля спадалі.

 

Прайшлі гады.

І хмараў дым сышоў.

Заззялі зоры.

Стаіць цар-дуб. Шумяць прад ім

Калгасныя прасторы.

 

На працу,

З працы ідучы,

Ці ўвечары, ці рана —

Прыходзяць людзі адпачыць

Пад звон лістоў мядзяны.

 

Стаіць цар-дуб

І ў цішыні

Глядзіць на сонцаўсходдзе,

Што ён сягоння ў камунізм

З прыгонных дзён ўваходзіць.

 

ЧЫРВОНАЯ ЗОРКА

Шалеюць паны з Уол-стрыта і Сіці

І лёкаі іх на прадажных задворках:

— У розных краінах на свеце,

Глядзіце,—

Масква запаліла чырвоныя зоркі.

 

Так, праўда, іх многа,

Змаганцаў за волю,

Такіх, што акроплены ў бітвах крывёю,

І радасна нам, што ўсё болей і болей

Праменняў тых зорак гарыць над зямлёю.

 

У горах Карэі,

У пушчах В’етнама,

У джунглях Малайі, дзе бітвы шугаюць...

 

Іх не прынеслі аднекуль рукамі,

А з полымя сэрцаў яны вырастаюць!

 

Народы збіраюць,

Як брата да брата,—

Відаць тыя зоры над цэлым сусветам.

Завуць яны Дэніса выйсці з-за кратаў.

Стаяць па-над ложкам Назыма Хікмета.

 

Чырвоная зорка —

Маяк пад’ярэмных,

Яна іх яднае, вядзе іх ў атаку,

Надзеі ў людзей на яе не дарэмны;

Чырвоная — новага свету адзнака.

 

Пад зоркай чырвонаю

Дружба і шчырасць,

Яе перамога — саюз між людзямі,

І молат, і серп, як сімвалы міру,

Абвіты на грудзях яе каласамі.

 

Чырвоныя зоркі

На сцягах геройскіх,

Расці і расці ім на свеце бясконца —

Яны праплываюць ля зоркі крамлёўскай,

Як быццам планеты навокала сонца.

 

Чырвоная зорка

Ад бацькі да сына

Праз сэрцы праходзіць нязгаслай ніколі —

Яе выпякалі жалезам на спінах,

Але пагасіць аніхто не падолеў.

 

Яна прабівае

Пахмурыя ночы,

Прад ёю банкіры дрыжаць і забойцы.

Да зоркі — мільярдаў скірованы вочы,

За ёй камунізм — людзей выратоўца!

 

ПРЫСЯГА БАЙЦА ЗА МІР

Добра жыць, таварышы, на свеце,

Столькі ў ім красы, што не спазнаць.

Раз мне жыць, я знаю, давядзецца,

Жыць хачу і ў шчасці працаваць.

 

Каб ствараць, я маю свае рукі,

Я людзям працую на карысць.

Мне браты — хто працай і навукай

Чалавецтва ўзнімаюць ўвысь.

 

Як люблю я племя маладое,

Звонкі смех шчаслівай дзетвары.

Вораг мне — хто атамнаю зброяй

Хоча ўсё жывое разбурыць.

 

Школы, клубы — нашае багацце,

У красе будоўлі — гарады.

Вораг мне — хто дзіўныя палацы

Знішчыць хоча, спапяліць у дым.

 

Так не будзе: над усёй зямлёю

Галасы свабодныя чутны,

Кожнай думкай, справаю сваёю

Я супроць падпальшчыкаў вайны.

 

Галубы, ўзлятайце мірнай стаяй,

Перад вамі сонечная шыр.

Я за мір змагацца прысягаю,

Веру ў праўду — пераможа мір!

 

РАЗМОВА З ПАПАМ ПІЕМ

Такі, чуваць, вялікі ты,

Што й гаварыць баюся,

Ты, кажуць, проста на зямлі

Намеснік Іісуса.

 

А ён, казалі нам, рабіў

Калісьці цуды-казкі...

Хоць я пры гэтым і не быў,

Ды што ж, праверыць цяжка!

 

Без крыл на неба узлятаў,

Хадзіў пяшком па моры...

Цяпер, калі намеснік ты,

Чаму ж ты цуд не творыш?

 

Не можаш ты без крыл ляцець,

Ну, не рабі такога,

А я табе параю што,

Не вельмі ўжо і многа:

 

Спусціся ў цёмныя скляпы,

Адкрый у куфраў векі,

Раздай ты золата сваё

Галодным да капейкі.

 

А хочаш цуд яшчэ зрабіць,

Зрабі па добрай волі —

Пусці ў палацы беднякоў,

Што корчацца ад золі.

 

Ты кажаш,

Сам чым будзеш жыць?

Маліся лепш старанна —

Табе, намесніку свайму,

Хрыстос адсыпле манны.

 

А ты якраз на земны скарб

Упяліў свае вочы —

Сядзіш на залатой гары

І яшчэ болей хочаш.

 

Скажы, прадаўся ты з крыжом

За плату, за якую?

З вады не робіш ты віна,

Піць хочаш кроў людскую.

 

Не знаю, служыш ты ў Хрыста,

А знаю, што ў багатых,—

Вадой так званаю святой

Ты кропіш ім гарматы.

 

Ты іх кіруеш на разбой,

На просты люд, мы знаем!

Раз так —

Падпальшчыкам вайны

Цябе мы залічаем!

 

СТАСЯ

Побліз Віслы хаціна,

Пры хаціне садок.

Маладая палячка

Свой сплятае вянок.

 

За раку паглядае,

Быццам вішня сама,—

А яго ўжо не чутна,

А яго ўсё няма.

 

Сталі яблыні вышай

У гамонцы лістоў,

Ужо шостае лета,

Як на захад пайшоў.

 

Час яму б і вярнуцца,

Хоць паход і цяжкі —

Немалая ж дарога

Аж з-пад Волгі-ракі.

 

Стася хлопца чакае,

Хоць мінаюць гады...

Чым запаў ён у сэрца,

Той салдат малады?

 

Мо таму, што з напасці

Бацькаў вызваліў дом,

Мо таму, што спяваў ён,

Ну, нібы салаўём.

 

Мо таму, што быў просты,

Як струмень яснаты,

Мо таму, што быў дужы,

Як са сталі зліты.

 

Помніць — кветкі дарыла,

Многа часу з таго...

Што ж тады не сказала

Хоць бы слова свайго.

 

Вельмі

Цяжка, дзяўчына,

Ды скажы ты — бывай! —

Ён вярнуцца не можа,

Ты яго не чакай.

 

Ён загінуў, каб сёння

Кожны ў радасці жыў —

Ён дзіця над Берлінам

Да грудзей прытуліў.

 

Перад ім яшчэ хмурыць

І грыміць далячынь —

Ён стаіць жа спакойны,

І рука на мячы.

 

ДАРОГА ЖЫЦЦЯ

Дарога жыцця жаданая

Далёка зямлёй прайшла,

Яна яшчэ ў розуме Маркса

Светлаю зданню была.

 

Яе, паміраўшы, бачылі

Ў праменнях зары-вясны

Адважныя камунары

Ля сумнай парыжскай сцяны.

 

Між бур і раскатаў грому

Пачаўся знаёмы след —

Ад Смольнага Партыя наша

Яе павяла праз свет.

 

Сягоння пры ёй нямала

Цвітучых палёў, гарадоў —

Пад ленінскім мудрым сцягам

Мільёны ідуць сыноў.

 

А тыя, што ў бітвах палі,

Што мусілі шлях пракладаць,

Яны ў ясназорнае заўтра

Для ўсіх маякамі стаяць.

 

Дарогі кірунак адзіны —

Да камунізма ідзе:

Выходзяць па гэту дарогу

Штодзень усё больш людзей.

 

Яе не разбіць гарматам,

Ні атамных бомб агнём —

Праз сэрцы яна праходзіць

Найбольшаю сілай — жыццём!

 

НАША МАРКА

Трактар маркі савецкай

Другам выйшаў удаль—

На Урале здабыта,

На Урале адліта

Наша моцная сталь.

 

Хіба ёсць што на свеце

Гэтай сталі мацней?

Ёсць адна толькі сіла —

Воля нашых людзей.

 

Гэта воля, што дружыць

З калектыўнай сям’ёй,

Тую сталь адкавала

І зрабіла жывой.

 

Дарагую радзіму

Скрозь прайшлі трактары,

На грудзях у іх марка —

Буйных літары тры.

 

За радзімай далёка

Іхні рокат чуваць —

Недарэмна суседзі

Сталі ў госці іх зваць.

 

Цаліну падымаюць

Там сябры-пасланцы —

Каля Віслы, Дунаю,

Побліз рэчкі Ян-Цзы.

 

А дзе пройдуць,— пшаніца

Аж да неба з далін —

За рулямі кітаец,

І паляк,

І румын.

 

Перад імі адкрыўся

Новы, сонечны шлях...

На абветраных тварах

Промні шчасця ў вачах.

 

І другія памеры

Для сусвету відны —

Не такія машыны

Шлюць з-за мора паны,

 

А што паляць агнямі

І жалезам плююць.

Не завуць іх у госці —

Самі гвалтам ідуць.

 

Ад гасцей тых, заморскіх,

Разбурэнне адно —

Іх страчаюць пракляццем

І спускаюць на дно.

 

Людзі іх разгадалі,

Ад машын тых — разбой,

Не даюць ім дарогі,

Засланяюць сабой.

 

І насупраць гарматаў

Сталі фронтам сваім,

Бо адны ў іх жаданні —

Мір над светам усім!

 

ЛЯСНІК

Лясы з дрымотнай цішынёй,

Як медныя бары,—

З двухстволкай-тулкай за спіной

Ідзе ляснік стары.

 

З лясамі ўлетку і ўзіму

Ён рады размаўляць:

Дзе сцежка — вулачка яму,

Прагаліна дзе — пляц.

 

Куды ні пойдзеш — звонкі шлях,

Усюды спеў гучыць,

Гудуць шырокія ў плячах

Дубы, як мудрацы.

 

Да іх асін падбегла шмат,

Баўтлівых цераз край,

На ўзгорку сосны сталі ў рад,

Бы крыкнуў хто: — Зважай!

 

Бярозы ў строях удалых

Паслухаць падышлі,

Яліны — тыя падалы

Спусцілі да зямлі.

 

Ляшчыннік звесіўся ў раку,

Шапоча ледзь чутно,

Ды ўся гамонка лесніку

Вядомая даўно.

 

Ён знае сэнс іх розных слоў

І безліч галасоў,

Ён знае, колькі ў кім кружкоў —

Перажытых гадоў.

 

Узгоркі,

выспы,

гушчары,

Імшарышчы, куп’ё...

Ідзе праз іх ляснік стары,

Як праз жыццё сваё.

 

Вось тут ён трыццаць год назад

Стаў у рады байцоў,

Вось тут калісьці продатрад

Кулацкі хлеб знайшоў.

 

Адсюль,

ён помніць, маладым

На рум вывозіў граб,

А вось пад дубам векавым

Быў партызанскі штаб.

 

Жылі тут хлопцы-малайцы,

Тут быў іх дом і клець,

Адсюль праз лес ва ўсе канцы

Ішла на катаў смерць.

 

Мінулі бітвы, адгулі,

І шчасце зноў жыве,

Пяе ляснік, і спеў галін

З той песняю плыве.

 

Ён любіць лес,

з якім узрос,

Вялікім пачуццём,

Ён знае — ў дрэў багаты лёс

І доўгае жыццё.

 

Бо ім не трэба паміраць,

А легчы ў новы зруб,

Ці на плячах пласты трымаць,

Ці жыць у звоне струн.

 

І рады ён, што праз гады

Іх шырыцца разгон —

Зайшлі адгэтуль жалуды

Аж на Кубань і Дон.

 

І ўсталі ў гомане лістоў

Наперакор вятрам...

А друг яго паміж дуброў

З двухстволкай ходзіць там.

 

АБ ТЫМ, ШТО Ў ДУМАХ...

Лятуць і лятуць сняжынкі,

Спадаюць

На ціхі дол,

Чысцюткай-чысцюткай беллю

Заслалі палі вакол.

 

Пялёсткамі буйнага цвету

Яны закружылі скрозь,

Як быццам

Вялізную вішню

Хто ўзяў угары патрос.

 

Хусцінкамі пухавымі

Захуталі

Плечы хвой...

Мая дарагая Радзіма,

Прыгожая ты і зімой!

 

Бялюткае ўсё прад вачыма,

І дым,

Што плыве ад стрэх...

На лыжах, на санках дзеці,—

Які іх вясёлы смех!

 

А ў МТС, ля кузні,

Гоман і гул стаіць...

Туды,

На прагляд чарговы,

Прыйшлі трактароў страі.

 

Механікі там з кавалямі

Іх ладзяць

На цэлы год,—

Жалезнаму нават сэрцу

Не шкодзіць у часе рамонт.

 

І трактары, як новыя,

Выходзяць адтуль,

Не спазнаць:

Адзіная ў іх гаворка —

Сумна без працы стаяць.

 

Дармо,

што вятры злуюцца,

Што снег на шляху рыпіць,—

Перамаўляюцца,

Рвуцца,

Каб толькі на полі быць.

 

Куды ні іду я, чую —

Дзе піляць,

А дзе куюць:

Такая мая Радзіма,

Што працаю ўсе жывуць.

 

Бачу я:

Ферму будуюць,

Шыраць цагельны завод,

Чысцяць палеткі ад хмызу,

Вязуць у лядоўні лёд.

 

А там,

на пляцы калгасным,

Узняўся вялізны дом...

І радасна,

Лёгка ў грудзях —

Дужэем мы з кожным днём!

 

І дзень наш якраз узрастае,

Глянеш —

На вока відно...

І вось ужо неўзабаве

Сустрэнемся мы з вясной.

 

Спачатку яна нясмела

Ледзь зрушыць у нас халады,

І ў капяжы,

Пад сонцам,

Пап’е верабей вады.

 

Пасля разыдуцца крыгі

Па ўсёй шырыні ракі.

Гракі

Распачнуць будоўлю,

Сялібы займуць шпакі.

 

А потым сявярні пойдуць,

Палі

Загудуць сяўбой...

Мая дарагая Радзіма,

Шчаслівыя мы з табой!

 

Мы ў працы будуем,

Узводзім

Палацы,

каналы,

масты...

Мая дарагая Радзіма,

Уся ў рыштаваннях ты!

 

Усюды —

Далёка і блізка —

Жаданая ява ўстае...

Як гляну на плошчы Мінска,

Аж сэрца маё пяе.

 

Што ў казцы,

Падпёршы неба,

Між ліп стаяць карпусы.

Калісьці на ўсёй Беларусі

Не зналі такой красы.

 

Трактары мінскае маркі

Ідуць у палі

Чарадой,

Людзі са ўсёй Беларусі

Сілы не зналі такой.

 

А там на Дняпры і Волзе

Дужыя хвалі шумяць,—

Такія ўстаюць

Будоўлі,

Што будуць на свет відаць.

 

Агні іх пабачаць людзі,

Дзе б толькі яны

Ні жылі,—

І згінуць навечна цемра

І войны на ўсёй зямлі!

 

Хоць сёння і кружаць буры,

Сонца

Не засцяць яны:

Чуваць у паветры на свеце

Подых вялікай вясны.

 

НЕ ТРЭБА ВАЙНЫ!

Як толькі ўзыходзіць зара над зямлёй,

Дзень радаснай працы займаецца мой.

Відаць мне, як токар стаіць за станком,

Як каменшчык ўзводзіць вялікасны дом,

Як экскаватар пракладвае шлях,

Як трактар ідзе па калгасных палях,

Як з кніжкамі дзеці збіраюцца ў клас,

Што птушкі, шчабечуць... Шчаслівы іх час!

 

Таварыш,

Сягоння ў нас думы адны:

Мір нам патрэбен,

Не трэба вайны!

 

Ды радыё з весткай, ледзь сонца ўзышло:

Карэя... Карэя... Хмурнее чало —

Балюча, крывавыя рэкі цякуць,

Калекі, сіроты шляхамі брыдуць.

Гляджу на зямлю за грамадамі хваль,

Гляджу на цябе, з Алабамы каваль,

То сыпа паслалі твайго на разбой,

А сам ты да долу панік галавой...

 

Таварыш,

Сягоння ў нас думы адны:

Мір нам патрэбен,

Не трэба вайны!

 

У сёлах Шампані паспеў вінаград,

Садоўнік абходзіць вялізарны сад,

Ён ягады ў гронках трымае ў руцэ,

Глядзяць яны ў вочы вачамі дзяцей.

Як добра цвісці пад праменнем садам,—

Хто ж выдумаў гэты пракляты напалм?

Навошта знішчальную зброю куюць,

Навошта гарматы у Францыю шлюць?

 

Таварыш,

Сягоння ў нас думы адны:

Мір нам патрэбен,

Не трэба вайны!

 

Стаіць ў Ланкашыры задумлівы ткач,

Ён радасці хоча, а чуецца плач,

Ён хоча, каб бегла тканіна ракой,

Каб кожны быў добра апрануты ёй...

Ды хто з тым загадам прыйшоў

ў Ланкашыр,

Каб ткалі бясконца вайсковы мундзір,

Хто саван сягоння настойвае ткаць,

Каб потым сыноў у яго спавіваць?

 

Таварыш,

Сягоння ў нас думы адны:

Мір нам патрэбен,

Не трэба вайны!

 

Мы дзеці вялікай, савецкай зямлі,

Мы з думай аб міры і шчасці ўзраслі,

Мы хочам зямлю даглядаць, засяваць,

Мы хочам свае гарады будаваць,

Мы хочам, каб кожны у радасці жыў,

Каб кожны дзяцей гадаваў і вучыў,

Мы клічам па свеце з’яднацца сяброў,

Каб полымя бойкі не ўспыхнула зноў.

 

Таварыш,

Сягоння ў нас думы адны:

Мір нам патрэбен,

Не трэба вайны!

 

ТАМ, ДЗЕ ХАДЗІЎ КАЛІСЬЦІ ЛЕНІН...

Прыгожа, Прага, ты

Вясною,

Уся ў садах,

Што ў белай пене.

А я ўсё думаю

Пра тое,

Як тут хадзіў калісьці

Ленін.

 

Ідуць рабочыя

Праз пляцы,

Ідуць пад сцягам

Палымяным,

А ён тады

Ўсё гэта бачыў —

І чырвань зораў

На Градчанах.

 

Ляціць аб дружбе

Песня з сэрца,

Ляціць над вежамі

Высока.

І гэтай хвіляю,

Здаецца,

Я чую ленінскія крокі.

 

Блакіт

Над Жыжкавай гарою,

І Влтава

Ў сонечным адзенні...

А я ўсё думаю

Пра тое,

Як тут хадзіў калісьці

Ленін.

 

ГАРА СЛАВЫ

Над Браціславай

Народ па праву

Гару назваў —

Гарою Славы.

 

Плывуць аблокі

Над ёй высока,—

Яна ж вышэй

Саміх аблокаў.

 

Шуміць Дунай,

Шуміць Марава

Аб тых, што спяць

Пад Браціславай.

 

З баямі йшлі

Яны нямала,

На сцягах іх

Зара палала.

 

Іх не забудзе

Ніхто, ніколі,

Ад зорак іх

Заззяла воля.

 

Нясуць вянкоў

Да іх багата —

Са ўсёй Славакіі

Дзяўчаты.

 

Героям песень

Складаюць многа...

Героям сніцца

Дняпро і Волга,

 

Дзе кожны з іх

Хвалой успеты,—

Свой родны край,

Зямля Саветаў!

 

СУСТРЭЧА З ЗЕМЛЯКОМ

Дамоў прыехаў.

Шмат сышлося:

— Дзе быў?

Што бачыў, раскажы!

— Сябры, я рад, што давялося

Мне ў Празе быць на кірмашы.

 

У майскі дзень,

Між яркіх кветак,

Пад гоман разнастайных моў,

Паміж сцягоў братэрскіх свету —

Зямлю я быццам абышоў.

 

Хоць на зямлі

Не кінуў следу,

Ды сэрца поўніла праз край —

Як бы Балгарыю наведаў,

Пазнаў Румынію, Кітай...

 

На ўсё

Глядзелі прагна вочы.

Між павільёнаў я хадзіў —

Як бы прайшоў яшчэ раз Польшчай,

У сёлах Венгрыі пабыў...

 

Хадзіў я дзень

Па самы вечар

Паміж багаццяў, нібы ў сне...

Ды больш за ўсё адна сустрэча

Усхвалявала сэрца мне.

 

Іду

І чую я здалёку,

Як быццам з дому хто пазваў...

Выходжу я на пляц шырокі,

Гляджу —

Наш мінскі самазвал.

 

— Ды гэта ж волат!..—

Кажуць чутна.

А ён стаіць, глядзіць на шлях,

Такі вялізны і магутны,

З бліскучым зубрам на грудзях.

 

Не бачылі такога, мусіць.

Кругом здзіўленне і хвала...

І мне

Сталіца Беларусі

Адразу ў думках усплыла...

 

Я ганаруся

Ёй сягоння.

Знаёмы воблік мне узнік,—

Стаіць на кірмашы дастойны

Яе сягоння прадстаўнік.

 

Яму прыпала ў свет дарога,

А бачна мне,—

Яго сябры

Працуюць радасна і многа

На роднай Волзе і Дняпры.

 

ЯРА!.. ЯРА!.. 1

Слаўны братні горад Прага!

Да цябе любоў, павага —

Глыбі Влтавы, высь Градчанаў,

Вецер з гор мяккі, вясняны,

Чырвань сцягаў, шум бульвараў,

Маладой ліствы пажары...

Яра!.. Яра!..

 

Фестываль. Музыкі граюць

З Чылі, з СССР, з Кітая,

І з Балгарыі, і з Польшчы...

Прагна слухае рабочы,

Праца з песняй уладарыць,

Колькі радасці на тварах...

Яра!.. Яра!..

 

Кліч: «З савецкім мы народам

Назаўжды» — лунае горда.

Як з ручайкаў сталі рэкі,

Так зліліся мы навекі.

Ні дратоў, ні тых жандараў —

Так збылася наша мара.

Яра!.. Яра!..

 

1 Яра — па-чэшску — вясна.

НАВАГОДНІЯ ПАЖАДАННІ

Ідзе жыццё. Мінае час.

Яго няспынны ход.

І вось з’яўляецца да нас

Ізноўку Новы год.

 

За стол сядаем мы сям’ёй,

Каб госця прывітаць.

Чаго ж хвілінаю такой

Яму нам пажадаць?

 

Каб не было вайны нідзе,

Каб шчасна ўсе жылі,

Каб мір жаданы для людзей

Быў скрозь — на ўсёй зямлі.

 

Каб кожны нават не прысніў

Ні бомбаў, ні гармат,

Каб дым адзін у небе плыў —

Ад стрэх шчаслівых хат.

 

Каб слёз пакутлівых не знаць,

Каб жыць нам весялей,

Каб толькі чуць нам першы плач

Народжаных дзяцей.

 

СЛАВА ДРУЖБЕ!

Ад прадвеку, як вядома,

Праз бары,

Палі з гаямі

Нас з Літвой яднае Нёман,

Даугава — з латышамі.

 

Па-сяброўску,

Шчыра ў вочы

Мы друг другу ў твар глядзелі,

Ды хваліцца не было чым,

Мы аднолькава гібелі.

 

Бедавалі, гаравалі,

Зналі

Здзекі ды пагрозы...

З Беларусі неслі хвалі

Дзень пры дні людскія слёзы.

 

І з другога боку,

З мора,

Мчаўся вецер засмучоны:

Там людзей трымалі ў горы

Каты — чорныя бароны.

 

І не раз вялі размовы

Аб гадах цяжкіх, праклятых

Беларус,

Латыш,

Літовец

Па-над возерам Дрысвяты.

 

Заклікалі сваю долю,

А яна была такою —

Цемра ў небе,

Цемра ў полі,

Цемра-бездань пад вадою.

 

Ды не тое там сягоння —

Адышла

Бяда з гадамі,

Дзень і ноч народ гамоніць,

Гул стаіць над берагамі.

 

Экскаватар бездакорна

Грунт раўнуе,

Расчышчае,

Мінскі трактар возіць бёрны,

Кран дзюбасты пахаджае.

 

Праца дружная ў суседзяў,

Можна толькі падзівіцца —

Хто з пяском,

Хто з цэглай едзе,

Хто падвозіць чарапіцу.

 

Хто стаіць пры распілоўцы,

Хто з машын

Здымае грузы...

Ладзяць станцыю літоўцы,

Латышы і беларусы.

 

І яны,

Што назаўсёды

Думы й сэрцы паядналі,

Шчыра «Дружбаю народаў»

Гэту станцыю назвалі.

 

Вышай сосен

Ў хуткім часе

Закрасуе пабудова,

І не толькі ў трох калгасах

Ўспыхнуць лямпы Ільічовы.

 

Не над возерам адзіным

Бляскам срэбра разліюцца —

Іх праменні

Па краіне

Ў кожным сэрцы адаб’юцца.

 

Іх святло,

Што ярка свеціць,

Разгарацца болей будзе —

Іх святло далёка ў свеце,

Як надзею, ўбачаць людзі!

 

ПАДАРОЖЖА

Жыццё тое даўна, няйначай,

Валамі наперад брыло.

Найболей, што дзед мой пабачыў,—

Сваё валасное сяло.

 

Ён мора не бачыў ні разу,

Ён выгляду гор не спазнаў.

Ды дзе там, сам цар да Каўказа

Па месяцы цэлым скакаў.

 

А сёння, як глянеш, не тое,—

Жыццё несутрымна бяжыць,

Народзіцца толькі малое,

А ўжо на машыне сядзіць.

 

Далей заглядае ўжо вока,

Адлегласці іншы памер,

І тое, было што далёкім,

Здаецца, што побач цяпер.

 

Прастор, як пабачыць ты можаш,

У руху няспынным увесь.

Здаецца, што ўсё ў падарожжы —

І людзі, і збожжа, і лес.

 

Паедзеш куды, азірнешся,

Глядзіш — землякі ўсё стаяць:

Дубкі ад дуброваў Палесся

Ужо каля Дона шумяць.

 

Настала часіна другая,

Ўсё родніцца сёння хутчэй,

А самая радасць людская,

Што сэрцы да сэрцаў бліжэй!

 

КАЛІ ПАГЛЯДЖУ Я НА КАРТУ...

Калі пагляджу я на карту,

Ах, колькі шляхоў ляжыць!..

Такі ўжо ў мяне характар —

Усюды хачу пабыць.

 

Хвіліны не знаю спакою,

Не скажаш ты сэрцу: змоўч!

Яно ўжо ў мяне такое —

Вандруе і дзень і ноч.

 

Нямала патрэбна сёння

Агледзець яму куткоў —

На поўначы ці на поўдні

Наведаць многіх сяброў.

 

Вялікі прастор Саюза,

Магутны, прыгожы ён,—

І вось я праходжу шлюзы

І слаўлю свой Волга-Дон!

 

Твой стэп, Украіна, бяскрайні,

Калоссе шуміць, шуміць...

Прыемна сядзець на камбайне,

Па моры пшаніцы плыць.

 

Кахеція! Песні пра радасць.

Дзяўчаты збіраюць ўраджай.

Ўзнімаю я кош вінаграду,

Напоўнены цераз край.

 

А потым з паморамі стрэцца

Ля Мурманска я пажадаў.

Вось так і хадзіў бы, здаецца,

І стомы б ані не знаў.

 

Паверце, маніць я не ўмею,

А гэтак бывае ў жыцці,—

За дзень маё сэрца паспее

І свет навакол абысці.

 

Усё яго моцна клапоціць,

Бо праўдаю хоча жыць,

З байцамі-сябрамі на фронце

Даводзіцца побач быць.

 

Бывае, сустрэць налучыць

Такое, не плачаш ледзь,

Бо вельмі яму балюча

На мёртвых дзяцей глядзець.

 

А пройдзецца за акіянам,

Ад гневу яно крычыць,

У сэрцы суцэльная рана —

Там вогненны крыж гарыць.

 

Нагледзіцца там на гора,

Спяшае хутчэй дамоў.

І толькі на родных прасторах

Яно весялее зноў.

 

Я знаю, паны за граніцай

З трывогай спытаюць не раз:

— Што гэта яму не сядзіцца,

Чаго яму трэба ад нас?

 

Адказ мой адзін, праўдзівы:

— Святло я і волю люблю,

Хацелася б бачыць шчаслівай

Як ёсць навакол зямлю,—

 

Каб заўжды быў шчасным, здаровым

Карэец, індус і француз...

Бо сілай вялікай любові

Натхніў нас Савецкі Саюз!

 

ЧЫРВОНЫ СЦЯГ

Любімы наш чырвоны сцяг

Над роднаю зямлёй!

Ты азарыў нам вольны шлях

Кастрычніцкай парой.

 

Хто пад чырвоным сцягам йшоў —

Той жыў заўсёды тым,

Што камунары ўсіх часоў

Змагаліся пад ім.

 

Ён бессмяротны, ён жывы,

Яму няма канца,

Бо ў ім жа кропелькі крыві

Ад кожнага байца.

 

ВОСЕНЬ... ВОСЕНЬ..

Скрозь стагі, стагі ў зялёных світах...

Звезлі з поля залатое жыта,

А бярозы, клёны, дзе ні глянеш —

Апранулі жоўтае убранне.

Быццам сарамлівая дзяўчына,

Аж гарыць ад чырвані рабіна,

Вецер золкі па шляхах гуляе,

Дзе ні йдзе — чырвонцы растрасае.

Павукі паміж ялін і сосен

Колькі заснавалі новых кросен.

Восень...

Восень...

 

А ля малатарань шумна, шумна...

Дзень і ноч гамоняць свірны, гумны.

Паплылі машыны ўжо шляхамі

З белымі, таўшчэзнымі мяхамі.

З хат выходзяць людзі, сустракаюць:

— Ах ты, восень,

шчодрая якая,

Будзе ўсё — абнова ў кожнай хаце,

Будзе чым і госця частаваці...—

Кожнага прывецяць і папросяць,

Рады: жыць шчасліва давялося.

Восень...

Восень...

Раніцой са шчэбетам вясёлым

Дзеці йдуць па вуліцах у школы.

Іх шляхі дзівосныя чакаюць,

А бацькі паверхі уздымаюць,

Рады, цэглу ложаць за цаглінай,

І растуць кварталы ў іх няспынна.

А на полі зерняты радамі

Скрозь зямлю прабілі, што цвікамі.

І вясной, як забуяюць росы,

Зашуміць, загойдае калоссе.

Восень...

Восень...

 

СМЕЛА, ТАВАРЫШЫ, Ў НОГУ!

Мы ў Веймары добра гасцілі,

Прыехаўшы Гётэ ўслаўляць,—

Рабочыя нас запрасілі

У госці да іх завітаць.

 

Пабачыць завод іх адменны

І тое, як стала ім жыць,

Завод той ля знанай Іены,

Дзе Маркс навучаўся, стаіць.

 

І вось мы, устаўшы світанкам,

Назаўтра ў дарозе былі.

Прыехаўшы ў госці шчэ ранкам,

Праз цэхі усе абышлі.

 

Усюды за выплаўкай сталі

Працоўны мы бачылі люд.

Там сталь, як раней, выплаўлялі,

Ды быў ёй інакшы маршрут.

 

Жыццёвы маршрут, чалавечы,

Далёкі ад гора і слёз.

І голуб над зыркаю печчу

Галінку лаўровую нёс.

 

На сэрцы вясёла і люба,

Што ў свеце паменшала зла.

Гудок. Нас пазвалі да клуба.

І хутка ўся змена прыйшла.

 

Ўсё моладзь. Ўсё члены Саюза —

Германіі новай сыны.

І хвалямі сінія блузы

Плылі ад сцяны да сцяны.

 

Была наша гутарка шчырай,

Яны выступалі і мы —

Мы так гаварылі аб міры,

Як сонца страчалі з зімы.

 

Ды мы не чакалі такога,—

Ўвесь сход усхапіўся і ўстаў,

Ён «Смела, таварышы, ў ногу!»

На мове нямецкай спяваў.

 

І песня ў нястрымным разгоне,

Як мора, гудзела кругом,

Пасля загрымелі далоні,

Бы ў горах Цюрынгіі гром.

 

І кожны, як блізкі нам здаўна,

Да нас развітацца ішоў

І моцна руку паціскаў нам,

Жадаючы стрэчы ізноў.

 

Прасілі нас перад дарогай:

— Што можаце нам пажадаць?

— Смела, таварышы, ў ногу! —

Адно мы маглі адказаць.

 

ПАРК ПІЯНЕРАЎ У БУХАРЭСЦЕ

Запала гэта глыбока ў сэрца —

Навек, здаецца.

Я парк прыпомніў у Бухарэсце —

Ў прыгожым месцы.

 

Густы, вялізны... Цудоўных дрэваў

У ім нямала.

Адна калісьці тут каралева

Скрозь панавала.

 

Адна па парку яна хадзіла...

Нуда, ды годзе!

Вы гляньце толькі, хто там сягоння

Спявае, ходзіць?

 

Іх уладанні — бярозы, ліпы,

Яліны, сосны,

Дарожкі, клумбы, сцяжынкі, кветкі,

Палац дзівосны.

 

Там смех не моўкне. Там песні-казкі

Звіняць лістамі.

Вам знаць цікава, хто там сягоння

Гаспадарамі?

 

Такое толькі адбыцца можа

У новым свеце.

Той парк вялізны у Бухарэсце

Належыць дзецям.

 

Народ пабачыў — адной асобе

Той парк праз меру,

Не каралеве такі патрэбны,

А піянерам!

 

І піянеры растуць, дужэюць,

Там год ад году —

І сувязісты, і планерысты,

І садаводы.

 

Майстрамі справы яны выходзяць,

Яшчэ й якімі!

Скажу вам шчыра, быў рад я вельмі

Сустрэцца з імі.

 

Усё, што трэба, сваімі робяць

Яны рукамі,

Яны ўжо сталі сваёй краіны

Будаўнікамі.

 

Іх звонкі голас жыццё ўслаўляе,

Пяе аб міры.

Прывёз я дзецям зямлі Савецкай

Паклон іх шчыры.

 

ПРЫСАДЫ

Юнацтва, юнацтва,

Гады маладыя!

Бальшак старадаўні,

Прысады густыя...

 

Пад гоман ваш ціхі

Над рэчкаю сіняй

Кахаў я ўсім сэрцам

Калісьці дзяўчыну.

 

Бярозы, бярозы

Ў зялёным адзенні,

Мінула між вамі

Маё захапленне.

 

Рабіны, таполі

На доўгім гасцінцы,—

Прайшло яно ў сціплай

Чырвонай хусцінцы.

 

Мільгнула, як водбліск

Вясёлкі над полем...

Прайшло і назад

Не вярнулася болей.

 

Ды толькі ніколі

Не меў я спакою,

Вярнуўся ў прысады

Аднойчы вясною.

 

Гляджу —

На камбайне дзяўчынка малая.

Чырвоная хустка...

Няўжо гэта тая?

 

І газік насустрач

Пыліць па дарозе.

Знаёмая ўсмешка...

Кальнула — а можа?

 

Дзяўчына на лузе

Вянкі заплятае.

Любімыя вочы —

Мяне ж не вітае.

 

Юнацтва, юнацтва,

Гады маладыя!

Чаго ж я шукаю,

Ды гэта ж не тыя!

 

Ды гэта ж другія

Праходзяць, спяваюць.

А сэрца, а сэрца

Спакою не знае!

 

А ТЫ ХОЦЬ ДРЭВА ПАСАДЗІЎ?..

Дзе дваццаць год таму назад

Ляжаў дзірван акамянелы,—

Расцвіў прыгожы, буйны сад,

Паплыў удаль, як ветразь белы...

 

Нямала тут вясновых дзён

Папрацавалі слаўна людзі,

Каб кожнай яблыняю ён

Усхваляваў нам сёння грудзі.

 

Ён так святло сваё разліў,

Глядзіш, нацешыцца няможна...

— А ты хоць дрэва пасадзіў? —

Няхай сябе спытае кожны.

 

ПУСЦІ, МАЦІ!..

Ах, як за акном гармонік грае!

Пусці, маці, выйду, пагуляю,

Я ж яшчэ маленькая, малая,

Ён мяне не можа зазываці...

Пусці, маці!

 

Толькі раз, я помню,— у нядзелю

З гарманістам трошкі пасядзела...

Сёння ж галава мне забалела,

Ці не чадна вельмі ў нашай хаце?

Пусці, маці!..

 

Я прайду ціхутка, стану збоку,

Можа, нат паслухаю здалёку,—

З гарманістам я не сяду зноўку,

Абыду, каб толькі не спаткаці...

Пусці, маці!

 

РАХУНКАВОД

Ідзе гаворка між дзяўчат,

Ідзе каторы год —

Нідзе такога не спаткаць,

Як наш рахункавод.

Няхай, што ростам невялік —

Вышэй ад столу ледзь,

А возьме шчоты —

цок ды цок...

Аж люба паглядзець.

А піша —

быццам сее мак,

Ну хто зраўніцца з ім?

І сам ён думкі немалой

Аб значанні сваім.

Ён злічыць кветкі па садах

І краскі па лугах,

І колькі нават на палях

Зярнят у каласах.

Ён дасканала аб усім

Разлікі падвядзе —

Нат колькі кожная пчала

Прыносіць мёду ў дзень.

Дзяўчаты дзівяцца з яго —

Усім хлапчына люб,

Адна бяда, ў каханні ён,

Як кажуць,

ані ў зуб!

 

Ну што з таго, што гэткі спрыт,

Што ў лічбах ён герой?..

Каханкі ж, крыўдна, налічыць

Не можа і адной.

 

* * *

Такая і мне ўжо часіна прыпала,

Што сэрцам разважыш, як глянеш назад,—

Пражыў, перайшоў ты, як кажуць, нямала,

Пабачыў на свеце цікавага шмат!

 

А вось каб спыталі, чаму я зайздрошчу,

Чаго б я найболей хацеў у жыцці?

Сказаў бы: дзіцяці дапытлівым вочам,

Што толькі імкнуцца да сэнсу дайсці.

 

Яму цераз годы дзіцячага плачу,

Пайшоўшы ў далёкі свой шлях па зямлі,

Такое, відаць, давядзецца пабачыць,

Аб чым толькі марыць мы прагна маглі.

 

Хацелася б з новым прайсці чалавекам,

Яшчэ раз уцеху ад працы адчуць,

Каб з гэтай паловы дваццатага веку

У век надыходзячы хоць зазірнуць!

 

ВЯСЕЛЛЕ

Ну і вяселле было ў нас,

Ну й давялося пагуляць.

Клянуся,

Што і ў гэты час —

Такое трэба пашукаць!

 

Ну хто б раней падумаць мог,

Каб Насця з нашага сяла,

З сяла пад Брэстам —

Белы Мох,

Аж у Малдавію зайшла.

 

Не чулі гэтага калісь

Ані мой бацька,

Ані дзед,

А тут разважыш, паглядзіш,

к быццам так яно і след.

 

Аж з-пад Днястра,

З малдаўскіх хат,

Служыў у нас адзін салдат.

Які сабой? Што ў песні той:

«Пагранічнік быў герой».

 

Пазнаўся з Насцяй.

Над ракой

Сябры іх бачылі не раз.

А адслужыўшы тэрмінсвой,

Забраў ён дзеўчыну у нас.

 

Трывогі шмат бацькам старым:

— Куды? Што ў іх за старана?!

А хлопец:

— Мы жывём адным,

Наш лёс адзін і кроў адна!

 

Шуміць, гудзіць сяло вакол,

Хлапцоў, хлапцоў,

Дзяўчат, дзяўчат!..

Калгас накрыў багаты стол,

Прыслаў аркестр пагранатрад.

 

А хор дзяўчат-падруг пяе,

А песням тым

Няма канца...

...Калгас даярку аддае

За пагранічніка-байца.

 

Як зачыніць,

Паўнюткі дом,

Увесь народ не палічыць.

А госці едуць... За акном

Стаяць «Пабеды», «Масквічы».

 

Згулялі ноч. І дзень узнік —

Хто танцаваў,

Хто еў, хто піў...

Прымчаў пад ранне паштавік

І тэлеграму абвясціў.

А ў тэлеграме

Сэнс такі:

Ляцяць з Малдавіі бацькі.

 

Такой вясціне

Рад народ,

Прыйшоў, хто толькі быў вакол!..

...А ўжо над полем самалёт

Гудзе, зніжаецца на дол.

 

І вось ён сеў.

Аж загула

Ўся грамада ад пекнаты —

З-пад серабрыстага крыла

Ідуць бацькі, ідуць сваты...

 

А на адзенні ўзораў шмат,

А шапкі, танкі — стаўбуном!

А кветак, кветак

Цэлы сад!

Між імі бочачкі з віном.

 

А мы насустрач — многа рук

І свату так:

— Вітаць дазволь! —

А мы насустрач ім —

Абрус,

А на абрусе хлеб і соль.

 

І вось, па звычаю старым,

Узняўшы чаркі,

Хто як мог,

Мы «Калі ласка» кажам ім,

Яны вітаюць нас: «Нарог!»1

 

А там, ад сэрца ідучы,

У хаце гутарка пайшла:

Амаль тры дні І тры начы

Не выхадзілі з-за стала.

 

Віталі нашу маладосць

І лёс радзімы маладой,

І запівалі ўсё

Як ёсць

Мы чаркай моцнай не адной.

 

Ды не забыліся таго,

Што надта соладка —

Гарчыць!

Як ёсць пачатак для ўсяго,

Так і канец павінен быць.

 

Суняўся, змоўк

Вясельны гром,

Бо час ад’езду ўсім настаў.

...І маладых аэрадром

На крыллі срэбныя прыняў.

 

А я гляджу — ў жыцці людскім

Бліжэй сышліся берагі,

І я ўсё думаю аб тым:

Другія людзі,

Свет другі!

 

Раней адлучыць вёску гай,

І тая бы ў далі якой,

А вось цяпер —

Малдаўскі край

І той як быццам пад рукой.

 

1 Нарог — па-малдаўску «Будзьце здаровы!».

ЁСЦЬ!

Гэта слова — чэсць і гарт салдата

Ў мірных днях, ў паходах баявых,

Хай з вайсковых статутаў узята —

Стала спадарожнікам для ўсіх.

 

Нам яно гаворыць: — Не згінацца,

Быць упартым і дакладным скрозь.

Партыя нас вучыць: — Так трымацца!

Мы ад сэрца ёй гаворым: — Ёсць.

 

Не дае душой крывіць ніколі,

Ёсць загад — мы знаем, што зрабіць.

Ці ў страі, ці ў цэху, ці на полі,

Быццам клятва, так яно гучыць!

 

ПАРАХОДУ «УКРАІНА»

А плыве ён па моры,

Неабсяжным і сінім,

Горда хвалі ўздымае

Параход «Украіна».

 

Хвалі колеру неба,

Фарбаваныя быццам...

А мне бачыцца мора

Залатое пшаніцы.

 

А мне бачыцца неба

З даляглядам бяскрайнім,

А мне чуецца гоман

І камбайны... камбайны...

 

А мне бачацца сёлы,

Пабялёныя хаты,

А мне чуюцца песні,

Што спяваюць дзяўчаты.

 

Параход «Украіна»!

Рады я, што сустрэўся —

Хутка з гэтай мясціны

Даплывеш ты ў Адэсу.

 

Завязі ж, завязі ты

Прывітанне ад сына

Залатой Украіне,

Дарагой Украіне.

 

Між азёраў Наддзвіння,

Між бароў і дуброваў

З песень маці пачуў я

Украінскае слова.

 

Я пачуў ад Шаўчэнкі

Пра жыццё, што мінула,

Дзе казацкая слава

У курганах паснула.

 

А цяпер, як пабачу,

Сэрца з радасці горда,

Ах, якія пасталі

Там асілкі-заводы.

 

А як песню пачую,

Што складаюць паэты,

Я шукаю вачамі,

Дзе, чароўная, дзе ты?..

 

І куды ні пагляну

Я з палёў Беларусі —

Многа хочацца зведаць,

Ўсё пабачыць імкнуся —

 

І Маскву, і Ўкраіну,

Ўвесь Саюз працавіты,

Дзе пачуццямі дружбы,

Як вянком, мы спавіты.

 

Я стаю з гэтай думай,

Ў далях высяцца горы,

Параход праплывае,

Рэжа Чорнае мора.

 

Завязі ж, завязі ты

Прывітанне ад сына

Залатой Украіне,

Дарагой Украіне.

 

А Я ЖЫТА ЖАЛА...

Я ж жыта жала,

Сярпом не махала,

Снапоў не вязала...

На камбайне, што па моры,

З песняй праплывала.

 

Сыпся, сыпся, збожжа,

Сыпся спорна, гожа,

Каб нам жыць прыгожа —

На ігрышчы, на вяселлі

Нас прыбраць паможаш.

 

А як бы на тое

Хтось над галавою

Праімчаў стралою.

Памахаў мне любы крыллем...

Значыць, ён са мною!

 

НА БЕРАЗЕ ЧОРНАГА МОРА

І неба, і зоры, і месяц сярпом

І сінія хвалі, што горы...

Сядзім мы з сябрамі за дружным сталом

На беразе Чорнага мора.

 

Сядзім і гамонім — адзін, то другі,

Нам ёсць расказаць што, вядома.

Ад розных мясцін прывялі нас шляхі,

А мы быццам даўна знаёмы.

 

Сабрала нас лета да хваляў марскіх,

І тут аб жыцці мы гаворым.

І кожнага радасць — ёсць радасць для ўсіх,

А гора — для кожнага гора.

 

Гамонім аб дзецях, аб нашых дамах,

А хтосьці ўздыхне па любімай...

Здаецца, што дружбы такое няма,

Як сёння між намі усімі.

 

Усё нас хвалюе: гамонка вятроў,

Абрысы скалы таямнічай,

І зоры, і мора ў агнях караблёў,—

Усё, што Радзімаю клічам.

 

ЧАМУ Я ТАКАЯ...

За тэмай

Паэт увесь дзень прахадзіў.

— Ну чым бы,— ён думаў,—

Сягоння натхніцца? —

Пад вечар

Ад смагі ён ледзьве ўжо брыў.

І раптам —

На лузе знаходзіць крыніцу.

 

І вось, каб напіцца,

Да долу прынік,

А потым

Спытаў з прахалодаю ў грудзях:

— Чаму ты, крыніца,

Такой чысціні?

І што так табой

Не нахваляцца людзі?

 

І чуе наш лірык

З пахмурным чалом,

Што срэбны званок

Зазвінеў пад травою,

Памчала крыніца

Удаль ручайком

І быццам

Жывой адказала вадою:

 

— Ты хочаш народу

Заўсёды быць люб,

Чаму я такая,

Дарма не дзівіся —

Праз гушчу народа,

Як я праз зямлю,

Прайдзі —

І тады на сябе азірніся!

 

БОНДАР

Наш бондар. Ён горды работай сваёю —

Кляніну абрэжа, прасушыць гадамі

І клёпак напіліць на пэўны узор...

А потым, прыгнаўшы адну да другое,

Іх зложыць дакладна, звядзе абцугамі

І добра заправіць ў глыбокі зазор.

 

А потым бугры і сучкі ён зразае,

Каб хібы дарэшты з-пад рук яго зніклі,

Каб вочы не ўбачылі іх нічые.

І вось ужо дрэва нібы ажывае,

Надзелена формай, багатай на выгляд,

Яно з ім гамоніць і быццам пяе.

Так з намі часінаю творчай бывае —

Працуеш над рэччу, над складам, шліфоўкай.

Шчаслівы, калі ёй прысуджана жыць:

Прыкінеш на сонца — гарыць, залатая,

На дно яе глянеш, пабачыш — глыбока,

Ударыш рукою — што звон, зазвініць!

 

ЗГАДАЎ Я СЯГОННЯ ДУНАЙ І МАРАВУ...

Згадаў я сягоння

Дунай і Мараву,

Як быццам нядаўна

Ад сцен Браціславы.

 

Славацкія рэкі,

Карпацкія горы,

Здаецца, вас бачыў

Я толькі учора.

 

Я рады. Хоць раз

Мне пабыць давялося

На Татрах,

Дзе жыў легендарны Яносік.

 

Я рады, што ўбачыў

І ўнукаў героя —

Пабыў, пахадзіў

Над Аравай-ракою.

 

Дзе моцнай плацінай

Раку сунімалі,

Дзе аж да нябёс

Узнімаліся хвалі.

 

А сёння прыносяць

Газеты навіны —

Працуюць ужо

На Араве турбіны.

 

Славацкая рэчка —

Арава!.. Арава!..

Я шчыра

Тваёй захапляюся славай,—

 

Што хваля жар-птушкаю

Ўдаль паляцела

І ў кожнай хаціне

На покуці села!

 

МЫ СЛАВІМ ЯДНАННЕ

Прайшлі мы нямала

Сваімі шляхамі,

Хай часта нялёгка было будаваць —

Блакітнае неба

Сягоння над намі,

Нам ёсць аб чым сёння шчасліва спяваць.

Ды нам

Не магло нават гэта прысніцца,

Што зноў Беларусь расквітнее такой,

Што вырасце Мінск —

Беларусі сталіца,

Што ўсіх ён захопіць сваёю красой.

Мы рады

За поспехі нашай краіны:

Якія навокал заводы ўзраслі!

І з мінскаю маркаю

Нашы машыны

Далёка сягоння са славай прайшлі.

А выйдзеш на поле,

Што ў моры здаецца,

І зроку усё ахапіць не стае...

А як прыгадаеш

Аб нашым Палессі,

Аб тым, што з ім будзе,— аж сэрца пяе.

Масква,

Ты дала нам жаданае шчасце,

Мы сэрцам імкнуліся заўжды на ўсход.

Мы славім цябе,

Як любімую маці,

Мы славім вялікі наш рускі народ!

Мы славім яднанне

З братамі усімі,

Сцяг дружбы магутна сціскае рука.

Мы славім

Сваю дарагую Радзіму,

Мы партыю славім і родны ЦК!

 

ІІ

 

ПАЭМЫ

 

 

 

 

 

ІІІ

 

ВЕРШЫ

 

ПАЛЯВАЯ ПОШТА

Чацвёра сутак бой ішоў няспынна,

Грымела дзень і ноч заслона наша агнявая,

Суняўся бой. Прывал у лесе на гадзіну.

Пад’ехала і пошта палявая.

 

Былі мы вельмі ўсцешаны, вядома,

Прыемнай нечаканасцю такою,—

Здавалася, што кожны з родным домам

Пагаварыў тады усёй душою.

 

Па ўсіх кутках займалася гамонка,

Для сэрца незабыўныя хвіліны:

Байца-сапёра прывітала жонка

З даўночаканым сінявокім сынам.

 

Артылерысту маці піша: «Горды

І смелы сын! Тут маю я павагу,

Бо з радасцю дазналася, што ордэн

Ты атрымаў у бойках за адвагу».

 

І вось вымае ён вялізны кубак,

Што мёдам наладованы да краю,

І пах лугоў калгасных люба

Усіх глыбока сэрцы закранае.

 

На дне пасылкі вестка дарагая,

Як быццам кожнаму ад роднай хаты:

«Шлём прывітанне. Скора прыязджаем

На фронт да вас. Калгасныя дзяўчаты».

 

І сталі мы адзіным, цесным кругам,

І ўсе дамоў сваё паслалі слова:

«Клянёмся, сёстры, верныя падругі,

Мы будзем тут фашыстаў біць сурова.

 

Не страшна нам, няхай памрэ каторы,

Сваю радзіму абаронім самі.

Клянёмся, маці! Нашыя прасторы

Мы адстаім уласнымі грудзямі.

 

Бывайце!» Словы чуюцца загада:

— Да зброі стань, заслона агнявая!

Пачаўся бой. Мы зноўку нішчым гада.

Часцей з’яўляйся, пошта палявая!

 

ПАРТЫЗАНКА

Перад восеньскім прасторам,

Перад полем, перад борам,

Перад ранняю заранкай

Прысягала партызанка:

— За вінтоўку я ўзялася

І клянуся родным сынам

Гадаў біць, каб кроў лілася

Тых паганцаў да Берліна.

Не раскажуць нават лозы,

Дзе ляжыць бандыт каторы...

Нашых матак льюцца слёзы,—

Будзе маткам катаў гора.

Між лясоў сваіх, балотаў

Будзем гадаў біць знянацку...

Многа ў нас дзяцей-сіротаў,—

Будуць дзеці іх без бацькі.

Партызанкі! Ўсе мы мусім

Біць фашыстаў да разгрому,

Каб яны ад Беларусі

Не знайшлі пуцін дадому.

[...]

 

КАСТРЫЧНІК ЗАВЕ ЗМАГАЦЦА!

Кастрычнік заве змагацца,—

Фашысты вядуць разбой.

Не на вуліцы,

Не на пляцы,—

Мы сягоння ідзём на бой.

На роднае наша поле

Напоўзла нямала зграй,—

Мы з Кастрычніцкім

Сцягам волі

Абаронім любімы край.

Павыганім катаў з хаты,

Ім касцей сваіх не сабраць,

І Кастрычнік свой

Дваццаць пяты

З перамогай будзем вітаць.

 

ПЕСНЯ БЕЛАРУСКІХ ПАРТЫЗАН

На край наш любімы фашысцкія орды

З разбоем і смерцю прыйшлі.

І выйшлі змагацца за чэсць і свабоду

Сыны беларускай зямлі.

Прыпеў:

Ой, чаго так рана-рана

Зелен бор шуміць.

То сышліся партызаны,

То выходзяць партызаны.

Ворага крышыць.

Бандыты прынеслі пажараў зарніцы,

А людзям нязлічана ран.

Не плачце, матулі, не плачце, сястрыцы,

Адпомсціць за ўсё партызан.

Прыпеў:

Ад хаты да хаты плыве пагалоска,—

Што хутка нам волю сустрэць,

Ідзе к партызанам Чырвонае войска,

І будзе разбойнікам смерць!

Прыпеў.

 

УРАНКУ, ТОЛЬКІ БОЙКА АДГУЛА...

Уранку,

Толькі бойка адгула,

Баец ішоў па вуліцы сяла.

Над пажарышчамі

Курыўся дым і чад,

Касцямі грукаў абгарэлы сад.

Бязлюдна скрозь. Пуцінамі вайны,

Што мерцвякі, тырчэлі каміны.

І, прыхінуўшыся да попелу нічком,

Дзяўчынка маці клікала з плачом.

Баец да розных жудасцей прывык,

Але сляза скацілася на штык,—

Малую ўзяў, пяшчотна прыгарнуў,

Абцёр ёй твар, паесці даў...

Адчуў,

Што сэрца скамянела у грудзях,

Што з бойкаю яму на захад шлях:

Там дзень і ноч заве яго дачка...

Вінтоўку сціснула рука.

 

СЛАВА!

Паганую набрыдзь, натоўпы фашыстаў

Агнём размятаюць артылерысты.

Зарыюцца каты, залезуць у дзоты,

Ды дзе ім схавацца ад нашай пяхоты,—

Няпрошаных госцяў, чужынцаў праклятых

Пяхота знішчае штыком і гранатай,

А коннікі ветрам прамчаць над палямі —

Дагоняць, на часткі пакрояць клінкамі.

Бандытаў, да працы чужое ахвочых,

Знішчаюць танкісты, бязлітасна топчуць.

Навек рабаваць адпадае ахвота,

Як зверху удараць яшчэ самалёты.

Змагаецца воін савецкі заўзята,

Бо нішчыць фашыстаў — свяшчэнная справа,

Ён вызваліць край свой і родныя хаты.

Нашай Чырвонай Арміі — слава!

Балтыйскае, Белае, Чорнае мора.

На варце савецкія ходзяць лінкоры.

На розных шыротах фашысцкіх піратаў

На дне назбіралася сёння багата.

Туды для чужынцаў шлях вельмі кароткі,

То спусцяць эсмінцы, то нашы падлодкі.

Туды ж патрапляе, хто вылез на сушу,

Ды толькі раней іх гранатай аглушаць.

Адважны марак — гэта гордасць народа,

Ён заўжды завецца героем па праву,

Бо вольна ракочуць савецкія воды,—

Чырвонаму флоту — народная слава!

Няма акупантам ніколі спакою,

Іх мужна караюць суровай рукою

Па нашых дарогах, лясах і палянах

Адданыя дочкі й сыны-партызаны.

Як цёмнаю ноччу світальныя зоры,

Мы бачым сваю перамогу яскрава,

Не быць у палоне любімым прасторам.

Вам, партызаны,— народная слава!

 

МАШЫНІСТ

Не можа ён забыць часін,

Тае суровае пары,

Калі ў агні, ў дыму руін

Кідаў ён горад на Дняпры;

 

Калі з-пад смерці і жуды

На ўсход выводзіў паравоз,

Глыбока раніўшы тады

Душу на боль дзіцячых слёз.

 

Нямала дзён таму прайшло.

Пад рокат куль, пад бомбаў свіст,

Хай шлях задзьмула, замяло,

На фронт спяшае машыніст.

 

Братоў трымаюць у бядзе

Фашысты, ўзяўшы у палон.

Разлік снарадамі.

Ідзе

За эшалонам эшалон.

 

Хай машыніст не знае сна,

А сэрца радасна яго,

Бо з новым рэйсам ён штодня

Бліжэй да горада свайго;

 

Бо знае: час абмые кроў,

І скора ўжо канец тузе,

І ў родны край паміж бароў

Ён шчасце волі прывязе.

 

МЫ ІДЗЁМ, БЕЛАРУСЬ

Хай дрыжаць фашысты перад смерцю,

Знішчым іх, наперад ідучы.

Клічуць нас загубленыя дзеці,

Клічуць сёстры з плачам уначы.

Прыпеў:

Наш удар не стрымаць,

Нашы пушкі грымяць.

Не даруем фашыстам ніколі,

Мы ідзём, Беларусь,

Мы прыйдзём, Беларусь,

І пазбавім цябе ад няволі.

Вытры, маці, горасныя слёзы,

Глянь на ўсход над спаленым сялом.

Хутка, хутка будзем над Бярозай

І па мінскіх вуліцах прайдзём.

Прыпеў:

Будзе, будзе ворагам пагана,

Гэта наш бязлітасны паход.

Б’ём у твар, а ў спіну партызаны,

Б’е увесь узброены народ.

Прыпеў:

Пройдзе час, пазбыўшыся ад болю,

Адбудуем сёлы, гарады.

Закрасуе зноўку наша поле,

Зацвітуць шумлівыя сады.

Прыпеў:

 

ФАНАБЭРЫСТЫ ФРЫЦ

Фрыц стары Вільгельм Фонбот

Па шашы кульгаў на фронт.

Ён пацеў, пыхцеў, стагнаў,

А рашуча разважаў:

— Раз татальны ёсць загад,

Значыць, добры я салдат.

Фюрэр знае мне цану,

Што ж, я выйграю вайну.

Як індык, надзьмуўся фрыц,

Са ўсяго на свеце кпіць:

— Я, стары ваенны воўк,

Хоць адзін пайду на полк.

І панёс ён,

І панёс...

Ледзь не ўзняўся да нябёс.

Толькі раптам гонар знік —

Бахнуў збоку драбавік,

Пасінеў у фрыца твар...

Выйшаў з лесу дзед Макар.

Фрыц яму пад ногі бац:

— Не хацеў я ваяваць.

Вінаваты фюрэр-гунд,

Будзе фюрэру капут.

— Ну, і чмут, стары пляткар...—

Усміхнуўся дзед Макар,—

Як сабака, брэшаш шмат,

Ты ж лізаў Адольфу зад,

З ім хацеў забраць наш край...

Дык рыхтуйся, памірай!

Ды не варта сумаваць,

Будзеш зноўку цалаваць.

Я з табою згодзен,

Гут.

Будзе фюрэру капут!

 

На Палессі, між балот,

Кліча фюрэра Фонбот.

 

ГОМЕЛЬ

Гомель. Сож...

Дачакаліся светлых часін.

Знікла чорная ноч

Гвалтавання і жаху.

Сыпле золатам восень

На попел руін,

І па вуліцах

Крочаць героі на захад.

Слава ім,

Што ў баях свой праславілі сцяг,

Ён над горадам сёння

Лунае высока.

Сож гудзіць...

І на стромых яго берагах

Беларуская песня ўзляцела, што сокал.

Крылляў болей зламаць

Не падолее кат.

Блізка ўся Беларусь,

Раскаваная, блізка...

Песня вольна ляціць

У Маскву, Ленінград

І ірвецца імкліва

Да роднага Мінска.

Шлях да яснай зары

Ёй адзначыла кроў,

Гэта воінаў кроў —

І ніхто іх не спыніць.

Беларусь!

У сыноў тваіх многа братоў

І з-пад Волгі шырокай,

І з палёў Украіны.

 

ТРЫ ПРАВЫ

За краты кінуўшы свабоду,

Тры правы даў фашызм народу:

Па першым праву нават волат

Сыдзе ў зямлю праз люты голад,

Другое — лепшае, бясспрэчна,—

Турма — жыллё для ўсіх навечна.

І забяспечан кожны трэцім:

Пайсці на фронт і там памерці.

 

БРАХУН

Гітлер д’ябальскай натуры,

Брэша, лезе вон са скуры:

— Гаў, гаў, гаў... ды гаў, гаў, гаў...

Я даўно Маскву забраў.

Аж язык самлеў ад зморы...

А фашысцкіх трупаў горы

Узрастаюць на вачах,

Пад Масквою мосцяць шлях,

Ні адзін фашыст жывы

Не пабачыць век Масквы,

Хутка бегчы ім назад,

Дык брашы ж, пракляты кат:

— Гаў, гаў, гаў... ды гаў, гаў, гаў...

Смерць сабе ты набрахаў.

 

БЕЛАРУСКІ ФРОНТ

Будуць помніць гарады, і вёскі,

І Дняпро,

І Прыпяць, і Бяроза,

Як праходзіў з войскам Ракасоўскі

На заход па вогненнай дарозе.

 

І нясуць танкісты і пяхота

Волі сцяг,

Асветлены зарою,

Ні бары густыя, ні балоты

Не спыняюць воінаў-герояў.

 

Нашы маці з чыстаю слязою

Кажуць ім

Прыветлівыя словы,

Ім насустрач і дубы, і хвоі

Нахіляюць радасна галовы.

 

СТАЛІЦЫ БЕЛАРУСІ!

Прад табою нізка я хілюся,

Перад кожным зруйнаваным домам.

 

Родны Мінск,

Сталіца Беларусі!

Зноўку мы на вуліцах знаёмых.

Ты стаіш, як волат, над Айчынай,

Над табою рэюць сцягі волі.

Хоць ты ўвесь —

У ранах, у руінах,

Ты нам дораг сёння, як ніколі.

 

Ты завеш сыноў сваіх здалёку,

Аж да Буга гулкіх узбярэжжаў.

Чуюць кліч твой

Плошчы Беластока,

Чуюць кліч твой пушчы Белавежы.

Хай мацней грымяць удары бою,

Вораг згіне. Ён загінуць мусіць.

Ты стаіш

З узнятай галавою

Над усёй вялікай Беларуссю.

 

СПАТКАННЕ

Рады я, што ўбачыць давялося

На шляхах знаёмых

Залатую восень.

Перад вамі нізка я хілюся,

Родныя прасторы Беларусі!

Дык прымі паклон,

Сасновы гоман,

І ад тых,

Што не прыйшлі дадому,

Бо яны ў дарозе не прысталі,

Ім у сэрцы білі Нёмна хвалі,

Баравыя песні добра чулі...

Іх спынілі на дарозе кулі,—

Спяць яны ля Волгі і ля Дона,

Сняцца ім жытнёвыя загоны.

Мне й за іх пабачыць давялося

На шляхах знаёмых

Залатую восень.

Я прыйшоў з прыгоршчамі насення,

Каб дажджом рассыпаць па-над краем,

Мне пажар лістоў яго асенніх

Сэрца на спатканні сагравае.

Хай марозіць, а ісці не золка:

Бачу я —

Праменная вясёлка

Асушае нашых матак слёзы

І ўстае над Бугам і Бярозай.

 

ЧЫРВОНЫЯ СЦЯГІ

Зашумелі плошчы, паркі,

Поле ў сонцы — залатое.

У чырвоных сцягах, яркіх,

Наша свята веснавое.

 

Ці ты ў горадзе, ці ў полі —

Над галовамі іх многа —

Гэта сцягі нашай Волі,

Гэта сцягі Перамогі.

 

Узнялі мы іх старанна,

Хай плывуць крылатым роем —

Колькі воінаў адданых

Абрасілі іх крывёю.

 

Сцягі, сцягі... лашчаць вока,—

Узняліся ў стройным маршы...

Пранясём жа іх высока,

Як бацькі насілі нашы!

 

СЕЙЦЕ, СЕЙЦЕ ЗЯРНЯТЫ

Папрыходзілі з войска

Баявыя салдаты.

Хто бацькоў дачакаўся,

Хто сыноў, а хто брата.

 

Зноўку дружнай сям’ёю

Пачалі будавацца,

Весялейшымі сталі

Нашы сёстры і маці.

 

Сонца сёння высока

Над палеткамі ўстала,

Ды усіх працавітых

За сяўнёю спаткала.

 

Леглі ў полі барозны,

Леглі ў полі, што хвалі,

Сейце, сейце зярняты,

Каб дружнейшымі сталі.

 

Сейце, сыпце зярняты

Ў пухавыя пасцелі,

Каб ля нашае хаты

Вечна песні звінелі.

 

Сейце, сейце зярняты,

Рассыпайце па полю,

Каб расла і шумела

Наша ясная доля!

 

ТРАКТАРАГОРАД

Рассунуўшы сосны

Плячамі, што волат,

Пад Мінскам ўздымаецца

Трактарагорад.

 

Высока кавальскія цэхі

Пасталі

На месцы, дзе немцаў

Ў кацёл заціскалі.

[...]

 

На новай будове

Працуюць заўзята

Са ўсёй Беларусі

Хлапцы і дзяўчаты.

 

Хоць многія з іх

Маладыя гадамі,

Але ўжо выдатнымі

Сталі майстрамі.

 

Слухмяна ім кельма,

І цесля,

І молат...

Тут будзе збудованы

Трактарагорад.

 

Узнімецца горад

У працы няспыннай,

І трактары пойдуць

Шляхамі краіны.

 

І будуць на полі

Калгасным гадамі

Ад Мінска-сталіцы

Яны пасланцамі.

 

ЧУТНА ПЕСНЯ...

Чутна песня,

Песня чутна,

Аж гайдаюць дрэвы голлем,

Чуцен гоман між барамі,

Беларускімі шляхамі:

— Ой, Дняпро, Дняпро магутны!

Ты яднаеш наша поле

З украінскімі палямі,

Ты яднаеш нашы сэрцы

З украінскімі братамі.

Добра жыць

Пад небам сінім,

Пад сваім, пад ясназорым,

Дзе ўсе людзі маладыя,

Дзе ўсе песні агнявыя —

На Савецкай Украіне:

Дзе бязмежныя прасторы,

Плыні рэчак люстраныя,

Быццам волаты заводы,

А пшаніцы залатыя.

Чутна песня,

Песня чутна,

Гэта сцяг зачырваніўся

Па-над Кіевам зарою,

Над Чарнечаю гарою —

То Ўкраіны дзень славуты!

Дык цвіці ж і весяліся,

Правадыр заўжды з табою,

Уздымайся горда ў высі,

Аж да сонца галавою!

 

ГРОМ

Люблю,

Калі прастор кругом

Ускалыхне магутны гром,

Разбудзіць дол

Дажджом вакол,

Руччамі-срэбрам прашуміць,

І пойдуць

Травы гаманіць.

 

Мацней,

Выразней з кожным днём

Чуцён нам з-пад Кітая гром.

Чжу-дэ байцы —

Вясны ганцы.

Грымяць грымоты гнеўна й там,

Дзе горны Грамас,

Дзе В’етнам.

 

І Уол-стрыт

Дрыжыць, не спіць

Пад гул народных навальніц.

Там небаскроб

Нахмурыў лоб,

Пужлівым стаў банкірскі дом —

Маланкі бачыць,

Чуе гром!

 

НА ЛЕНІНСКІХ ГОРАХ

Калі нам сягоння да роднай сталіцы

Даводзіцца з розных краёў пад’язджаць,

Мы бачым, бы ў казцы, пад сонцам іскрыцца

На Ленінскіх горах вялізны палац.

 

Магутны той гмах, аж пад сонца высокі,

Стаіць ён і безліччу вокнаў заве,

Чырвоная зорка над ім у аблоках,

Як бы над усёю зямлёю плыве.

 

Якая вялікасць! Прыгожы і горды,

Па вобліку, быццам сталіца сама,

І брыдка прыгадваць гмахі-уроды,

Адкуль выпаўзаюць напалм і чума.

 

А тут будзе моладзь вучыцца старанна

І шмат дасягне для народа ўсяго,

І будуць такія, што ў мармуры стануць

З вялікімі разам на сценах яго.

 

Не, гэта не гмах збудаваны надзіва

З бетону і цэглы, з жалеза і шкла.

А гэта любімая наша радзіма

Да сонечных новых вышынь узрасла!

 

А Я МЯРКУЮ, БУДЗЕ ТАК...

Паставілі шмат год назад

Вайне мы кропку агнявую.

Ізпоў жыццё ідзе на лад —

Арэм, і сеем, і будуем.

 

Уцеха — воінам былым,

Прастор для пошукаў юначых,

Мы ўсе цяпер жывём адным,

Каб больш крыві і слёз не бачыць.

 

Нам кожны друг — жаданы госць,

Яго прымаем мы гасцінна,

Бо сэрцы нашы ўсе, як ёсць,

Любові поўны да Айчыны.

 

Дзе б ні хадзіў ён, дзе б ні быў —

Усюды ласку ён пазнае...

Але хто камень прытаіў,

Няхай спагады не чакае.

 

Майстры крывавых, брудных спраў

Не застануцца без адказу,

Бо з нас ніхто не дараваў

Ніколі крыўды і абразы.

 

Я чую, дзесьці зноў маньяк,

Нам пагражаючы, лютуе —

А я мяркую, будзе так...

Няхай жа толькі паспрабуюць!

 

ПАРТЫЯ

Партыя!

Болей святога

У свеце не ведаю я.

Партыя, гарту стальнога,

Родная наша сям’я.

 

Шлях твой,

Здаўногу вядомы,

Лёг праз гады ў барацьбе,

Што не пад сілу нікому,

Заўжды пад сілу табе.

 

Сілу адзінства

Гартуем,

Славу куём перамог,

Выйсці супроць хто спрабуе

Смеццем злятае з-пад ног.

 

Партыя!

Болей святога

Ў свеце не ведаю я,

Партыя, гарту стальнога,

Родная наша сям’я.


1941-1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 2. Вершы, паэмы, 1941-1953.- Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 7-216, 397-420
Крыніца: скан