epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Вершы (1954–1964)

МОЙ ГОРАД
НАЧАЛЬНІК ЗАГСА
ЗДРАДНІК
КІЕЎ
ДАРОГА БЛІЗКАЯ...
МАЙСКІЯ СЦЯГІ
АБЫЦІХАБЫЛО
ДВА СЦЯГІ
НАД ВОЗЕРАМ
КАМБАЙН
ХАЦЕЎ БЫ...
АКІЯН
ДАРОГАЙ
ТРЭЦІ ТЫДЗЕНЬ ДОЖДЖ ІДЗЕ...
РОЗДУМ
ПАРЛАМЕНЦЁР
ШАНДАР ПЕЦЁФІ
А ХІБА ЁСЦЬ, ШТО ЗАБЫВАЮЦЬ?
ДА СЯБРОЎ
У ВАРШАВЕ
НАД СВІЦЯЗЗЮ
МАЛАДЫМ
ПРЫЯЗДЖАЎ МАРАК У ГОСЦІ
ДУША ВЕЧНАЙ МЕРЗЛАТЫ
СЭРЦА
ЯК ЛІСТ ДУБОВЫ..
НЕЗАДАВОЛЕНАМУ
ЗАКЛІК
ПАМЫЛКА
НЕКАТОРЫМ ДАЧУШКАМ
ПРЫГОЖАЯ ВУЛІЦА
СТО ГОД
ВОБЛАКА
ПРАЦА
ХОР
МОЛАДЗЬ СВЕТУ
ДЛЯ ЦЯБЕ МАЯ ПЕСНЯ...
СЛАЎНА ТЫ НА ЦЭЛЫМ СВЕЦЕ!
З ТАБОЙ, УКРАІНА...
СЯБРАМ-ПАЭТАМ
ХЛОПЦЫ-КАЎПАКОЎЦЫ
АГАНЁК
СВЕТЛЫ ЧАС
ДЭКРЭТ ЛЕНІНА
ПА РОДНЫХ МЕСЦАХ
ЖУРАВЫ
ЖАЎРУК
ЧОРНЫ КРУГ
ВОСЕНЬ
КРОПЛЯ
А ПОМНІШ, МОЙ ДРУЖА!
НА БРАСЛАЎШЧЫНЕ АЗЁРЫ...
ПАХНЕ ЧАБОР...
МОЙ КРАЙ АЗЁРНЫ
ВЯСЁЛКА
РУЧАЙ
ЛЕДАКОЛУ «ЛЕНІН»
ТЫ, МАЯ ПЧОЛКА
БЯРОЗА... БЯРОЗА...
У КРАІ ЗЯЛЁНЫМ...
ПАЭЗІЯ
БЕЛЫ БАРАБАНШЧЫК
ПРА ВОЧЫ
ДАРАГАЯ БЕЛАРУСЬ
КАМСАМОЛЬСКІЯ СЭРЦЫ
* * *
* * *
СА СТАКГОЛЬМСКАГА СШЫТКА
  1. МЫ З ХІРАСІМЫ
  2. АПОШНЯЕ ПАСЛАННЕ ФРЭДЭРЫКА ЖАЛІО-КЮРЫ
  3. РАЗМОВА З НЕБАМ
  4. ПАХОДНЯ МІРУ
ЧАГО НЕ ДАКЛЯРУЮ...
ВАЛАТОЎКІ
* * *
РОЗУМ
ПРЫСЯГА СЭРЦАМ
РАЗВІТАННЕ
У СЯМ’І З’ЯДНАНАЙ
СЕМ ДУБОЎ
АХ, ШТО ГЭТА ЗА ДЗЯЎЧЫНА!..
НА ЛІТОЎСКАЙ ЗЯМЛІ
АБ КРЫТЫЦЫ
АЙ-Я-ЁЙ!
КАЛІ НА ЎСХОД Я РАНКАМ ГЛЯНУ...
НА ЧУЖЫНЕ
* * *
ХАРЫКЕЙН
ЖОРНЫ
А МЫ З ТАБОЙ НЕ ГАЛУБКІ...
СЦЯЖЫНКА ПАД НЬЮ-ЙОРКАМ
МАЯКОЎСКІ КАЛЯ БРУКЛІНСКАГА МОСТА
* * *
ВАЙСКОВЫ АРКЕСТР НА БРАДВЕІ
БЯРОЗАВЫ ГАЙ
ЯК МЫ РАЗМАЎЛЯЛІ СА ШПАКОМ
САПРАЎДНАМУ АМЕРЫКАНЦУ
МУЗЫКАНТ
БЫЛЫЯ ГАСПАДАРЫ
ПОБЛІЗ МАРОЖАНШЧЫКА
ПЛАЦІ!
КАКАРЭКА
«СВАБОДНЬІ СВЕТ»
* * *
* * *
ЧОРНЫ ХЛЕБ
ЗВАДЫЯШ
ПАРАДА
РАЗВІТАННЕ З ПАКОЕМ
КАРАБЛІ НА ГУДЗОНЕ
ДРЭЎЦА НА НЕБАСКРОБЕ
БЕЛЫ, ПАГАНЫ ГРЫБ
РОК-Н-РОЛ
НЯВЫКАЗАНАЕ ВЫСТУПЛЕННЕ НА ГЕНЕРАЛЬНАЙ АСАМБЛЕІ
ТАВАРЫШАМ, ШТО ЗАСТАЛІСЯ ЗА АКІЯНАМ...
СЯРОД АКІЯНА
РАЁННЫ КАВАЛЕР
ЧАКАЮ САДОЎ КРАСАВАННЯ
* * *
РОДНЫЯ СЛОВЬІ
У ПАЛЕСКАЙ ГЛУШЫ
ВЯСНОВАЯ КНІГА
З ЮНАЦКІХ ДЗЁН
ПАЧАТАК
СЛЁЗЫ
ІРЖА
ЛАЗНЯ
СЕРП
ЖАЛЕЗНАЯ ЗАСЛОНА
ЗАМАЛЁЎКА
ЗІМОВАЕ
ПА САКРЭТУ...
ЧОРНЫМ ПА БЕЛАМУ
ПРАМОЎЦА
ЛАТЫШСКІЯ СТРАЛКІ
ЛЯ ПОМНІКА РАЙНІСУ
АГНІ
ПІСЬМЫ
ГАЙНА!.. ГАЙНА!..
НЕ СТАРЭЦЬ!
ЛЕДЗЯНЬІ ПАЛАЦ
КАМАНДЗІРОВАК МНОГА...
БУСЕЛ
ВЕРАСНЁЎСКІЯ ВЯТРЫ
ПАДКІНЬ
ЧОРНАЕ МОРА, БАЛТЫЙСКАЕ МОРА...
ШЧАСЦЕ
ВЕТРАНАЯ
КЛОПАТЫ
КАЛІ ПРЫЕДУ
ПТУШНІЦА
ВЕЦЕР І БУРА
АЛЕКСАНДРЫНА
* * *
ДВА БАЛЬШАКІ
ПАСЛАННЕ Ў КІЕЎ
КАМУНАРЫ ЖЫВУЦЬ!
БЕЛАРУСКІЯ ШАХЦЁРЫ
СПЯЦОЎКА
ЗАЙЗДРАСЦЬ
ПЕНСІЯНЕР
НІШЧЫЦЦА ТУРМА
МАЙ ЗЯЛЁНЫ НА ПАРОГ
* * *
ФРАНТАВЫЯ ДАРОГІ
МУ І РАНА
ЯБЛЫНЯ
* * *
НАШЫМІ ВАЧАМІ
ШТО МНЕ МІЛЕЙ...
БІЛЕТНАЯ КАСА
З ПАНЯДЗЕЛКА ДА СУБОТЫ...
* * *
* * *
* * *
САЛДАЦКІЯ ДУМЫ
* * *
А ЧЫМ МАГУ Я ПАХВАЛІЦЦА?
УСЛЕД ЗА СОНЦАМ
НОЧ
А ТЫ ПРЫГОЖА, ЯК РАБІНА
РАЗМОВА ДАМОЎ
НАЧОЎКІ
НАЧАЛЬНІК СТАЛА
КАМУ — ВЯДОМА...
* * *
* * *
* * *
* * *
ДЗЯЎЧО
ЗЕРНЕ
* * *
ЦХАЛІ
МАЯ РАДАСЛОЎНАЯ
ХВАЛЯВАННІ
* * *
* * *
ВЫСОКІЯ ХВАЛІ
ПЕРШЫ КРОК
НЕПРЫКМЕТНЫ
ЖЫВАЯ ВАДА
Я ВЫСПУ ВЕДАЮ МІЖ БОРУ...
ПІСЬМАНОСЕЦ
НА СТАНЦЫІ ОРША
НА РЫБАЛЦЫ
* * *
ТРУБІ, МОЙ БОР...
* * *
ЦЯГНІКІ
СЛЯДЫ
ВЯТРЬІ
* * *
* * *
* * *
ПАСЛЯ ДАЖДЖУ
* * *
СЭРЦА I ГАДЗІННІК
* * *
ШТО ЗА ДЗІВА?..
МАРЫ
УСЁ АПІСАЛІ ПАЭТЫ
АДШЧАПЕНЕЦ
БАЧУ Я ЎСЮДЫ ВЕРУ ХАРУЖУЮ...
ДВУХТЫСЯЧНЫ ГОД
ШТО ТЫ, МЕСЯЦ, ВЫРАБЛЯЕШ?
ЗЯЗЮЛЕНЬКА
ЗАЙЗДРОСНІК-МАКСІМАЛІСТ
ВЕРАСЕНЬ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
  26
  27
  28
  29
  30
СЛОВА ПРА ДЗЯЎЧЫНУ-АГРАНОМА
РОДНАЯ ПЕСНЯ
АБ СУМЛЕННІ
ПОШУКІ ТЭМЫ
* * *
ПРЫГОЖЫ ЧАЛАВЕК
НОЧ У ВАЛРЭЎКОМЕ
У МІКРАРАЁНЕ
ЛЯСНЫЯ МУЗЫКАНТЫ
СВАТЫ
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
ЗЯМЛЯ I ЧАЛАВЕК
ГАРБУЗ
ПЕВЕНЬ
СЛАВА
ШЭРАЯ ГАДЗІНА
СОНЦА
У ШУШАНСКІМ
РАЙ
ВАДА
НА ПЕРАДАВОЙ
* * *
* * *
СТУПА
* * *
ЦЭНТР АЗІІ
КАЛЯ ЮРТЫ
ЧАБАН
ЕНІСЕЙ
ДЗІЎНАГОРЫЯ
КРЭПАСЦЬ НАД БУГАМ
КОСЫ
ВЕЖА
ЁН НАРАДЗІЎСЯ Ў ДЗЕНЬ ВЯСНОВЫ
ЧОВЕН
НАШ ВЕК
ПАДАРОЖЖА З СЯБРАМІ
ЗА НАСТУПНЫМІ ГАДАМІ
МАЕ ПРАВЫ
ЗА ІЛЬІЧОМ
ВЯЛІКІ ДЗЕНЬ
ЗАПРАШЭННЕ НА СВЯТА
РОЗДУМ У ПЯЦІГОРСКУ
НАФТА ЁСЦЬ У БЕЛАРУСІ!


 

МОЙ ГОРАД

Нямала гасцей наязджае да нас.

Бываюць

Здалёку і зблізку,—

Пабачаць заводы, агледзяць калгас,

Гуляюць па вуліцах Мінска.

 

Ім помніцца, як бушавала вайна,

Чуваць было нашу краіну.

Дазнацца жадаюць:

— А што за яна?..—

Індусы, французы і фіны.

 

Аб ёй жа хадзіла нямала размоў,

Дзе ж волаты храбрыя тыя?

Тут сонечных, звонкіх

Нямала дамоў,

А ціхія людзі такія.

 

Так, мы патрыёты такога жыцця,

Хачу ж, каб герояў спазналі,—

Рука,

Што так песціць ласкава дзіця,

Бывае мацнейшай ад сталі.

 

А горад мой светлы. І пэўна з таго,

Чым далей,

Тым болей ён ззяе,

Што светла сумленне народа майго,

Што лёс яго светлы чакае.

 

 

НАЧАЛЬНІК ЗАГСА

Я прыйшоў паглядзець

Сёння ў гэты пакой —

На дзяўчыну

З прыветным задумлівым тварам.

Мне здалася яна

Ціхай, простай такой...

Што ж сароміцца так

Маладзенькая пара?

 

— Калі ласка!..—

І дзеўчына ўмомант які

За сталом ужо з імі

Ласкава гаворыць.

Ручайкамі кладуцца

На паперу радкі,

А вачам маладых —

Рассцілаецца мора!

 

Узнялася

З лісточкам паперы малым:

— Жыць шчасліва, сябры,

Вам маё пажаданне!..—

Развіталася з імі.

Прыходзяць з такім,

Што, як соскі няма,

Больш за ўсё ў хваляванні.

 

Запісала яшчэ

Да жыцця аднаго.

Пажадала, каб хутка

Ён рос, уздымаўся!

Зазірнула, як маці,

У вочы яго...

Я з павагай гляджу

На начальніка загса.

Я хачу папрасіць

Яе сёння аб тым,

Каб яна загубіла дзе

Кнігу аб смерці.

Запішы!.. Запішы!..

Быць хачу маладым!

Хоць у кнігу малых,

Калі нельга да сэрца.

 

 

ЗДРАДНІК

Навекі і думай і шчырай душой

Мы злітыя з роднай зямлёю.

Агідна,

Што здраднік-бандыт за мяжой

Яе называе сваёю.

Уцёк ён, як помсты віхуры гулі,

І ў будцы чужынскай схаваўся.

— Паслухай, нягоднік!..

Ці помніш, калі

Ты першы яе адцураўся?

Мы ведаем добра «заслугі» твае,

Слуга акупантаў праклятых,

Ты ім прадаваў

Па кавалку яе,

Спаліўшы, разбурыўшы хаты.

Сядзі ж, калаціся на беразе тым

І думай аб смерці панура,

Нічога не маюць

Такія, як ты,

Адно што — прадажную шкуру.

Сядзі ж і расплаты народнай чакай,

Час прыйдзе народнай расплаты —

Сядзі ж

І сабачую костку глыдай,

Ты большага сёння не варты!

Сядзі і гібей, як паганая тля,

Канай на чужыне ад злосці

І ведай,

Што родная наша зямля

Не прыме і здрадныя косці.

Нічога назваць ты не можаш сваім,

Ты труцень, ты труп спарахнелы...

Зямля наша —

Родная маці адным —

Адданым, сумленным і смелым!

 

 

КІЕЎ

Кіеў вясновы,

Блакітнае ранне!..

Зноў да цябе

Я прыйшоў з хваляваннем.

 

Як жа ты ўзняўся,

Садамі спавіты,

Светлай дняпроўскаю

Хваляй абмыты.

 

Цвет каштановы.

Срэбра жывое

Скрозь разгулялася

Па-над табою.

 

Усхвалявана,

Усцешана вока —

Як жа ўзляцеў ты

Высока, высока!..

 

Бачыш Карпацкія

Стромыя горы.

Чуеш гамонку

Сіняга мора.

 

Заўжды з народам

Думай адзінай,

Кіеў — сталіца,

Сэрца Ўкраіны!

 

Дбайна хаваеш

Спадчыну часу —

Славу Багдана,

Песні Тараса!

 

Колькі бадзёрасці

Ў сэрцы ты маеш —

Кожнай цаглінаю

Быццам спяваеш!

 

Радасна быць

Тваім сынам і госцем,

Горад паданняў

І маладосці.

 

Заўжды ты ветлы,

Заўжды гасцінны!..

Кіеў — сталіца,

Сэрца Ўкраіны!

 

 

ДАРОГА БЛІЗКАЯ...

З Мінска да Масквы — дарога блізкая,

Гэтую дарогу я люблю —

Пад крыламі

Воблакі пабліскваюць;

Зрэдку дзе аконцы на зямлю.

 

А праз іх — хаціны, што гарошыны,

Возера не возера — ставок!

Лес

Зялёнай хусткаю пад Оршаю

І Дняпра ў Смаленску паясок!

 

Час ідзе.

Гляджу на дол, вышукваю,—

Дзе ж Масква?

Хвалююся ўвесь час.

Раптам

раскрываецца Унукава,

Вострым шпілем заклікае нас.

 

Пад крылом праменнямі азначаны,

Зоркамі успыхнуўшы, узнік —

МДУ,

Нібы той віцязь казачны,

Першы ад сталіцы прадстаўнік.

 

Селі мы. За ўсім з натхненнем сочачы,

Бачым — колькі птахаў там стаіць.

Падплывае лебедзь наш, вуркочучы,

Да свае крылатае сям’і.

 

Я сыходжу на зямлю маскоўскую,

Быццам як дадому я прыйшоў.

Поціскі

Гарачыя, сяброўскія...

Колькі ў нас таварышаў-сяброў!

 

Мы навек ў Маскве тут парадніліся.

Горад родны, сэрцу дарагі!

З Мінска тут,

І з Кіева, і з Вільнюса

Перакрыжаваліся шляхі.

 

З радасцю, надзеяй і клапотамі

Да Масквы імкне струмень жывы...

Ўнукава!

Нябеснымі варотамі

Шлях нам адкрываеш да Масквы!

 

МАЙСКІЯ СЦЯГІ

Сонца. Блакітнае неба.

Птушак вакол гамана.

Зноў заспявала,

Зайграла,

Загаманіла вясна.

 

Зноў у зялёным убранні

Ходзіць яна па шляхах,

Май

Рассыпаецца ў кветках,

Ў срэбных звініць ручаях.

 

Май напаўняе прасторы

Трактарным гудам палёў,

Люба вясною

На сэрцы,

Бы нарадзіўся ізноў.

 

Хочацца шчырай душою

Край неабсяжны абняць,

Майскія сцягі

Лунаюць,

Майскія песні звіняць!

 

Нашы пачуцці аб шчасці,

Нашы ў іх думы чутны —

Колькі ж у нас

Абуджаюць

Добрых жаданняў яны.

 

Сёння я свята страчаю,

Ледзьве ўзнялася зара —

З першаю

Думкай сваёю

Выйшаў на бераг Дняпра.

 

— Добрага ранку, Славуціч!

Многа дарог ты прайшоў...

Як жа ты моцна

Яднаеш {Ядпаеш

Трох неразлучных братоў.

 

Коцяцца сінія хвалі,

Майскія хвалі гудуць...

З імі

Да любай Ўкраіны

Светлыя думы плывуць.

 

Слаўна ты, наша Айчына,

Дружбай савецкіх людзей,

Гэткае

Моцнае дружбы

Ў свеце не знойдзеш нідзе!

 

Горы малыя прад ёю,

Рэкі і нават мары...

Хай жа і далей

Мацнее

Нашае шчасце, сябры!

 

Славіцца Май наш працоўны

Ён з маладою сям’ёй

Сёння

Ў палях Казахстана

Дружна пайшоў цаліной.

 

Хай распушыць ён багата

Голля ў цвіценні садоў,

Каб пра каханне

Шаптала

Моладзь пад шэпат лістоў.

 

Хай жа малым навявае

Ціха дзівосныя сны...

Каб не ўсплывала

На небе

Ані хмурынкі вайны.

 

Хай жа вышэй узнімае

Намі збудованы дом —

Майскія сцягі

Лунаюць,

Майскія песні кругом!

 

 

АБЫЦІХАБЫЛО

Вось ідзе

Цераз сяло —

Абыціхабыло.

 

Галаву

Спусціўшы ў дол,

Ледзь глядзіць ён

Навакол.

 

Казырок

Па самы нос,

Сам сабе

Шапоча штось...

 

Быццам чмель,

Заўсёды гуў:

— Знаць не знаю,

Чуць не чуў.

 

Нездарма

За ім пайшло:

Абыціхабыло.

 

Бачыць:

Гіне штось чыё...

— Ат, дык гэта ж

Не маё.

 

Хтось трасе

Калгасны сад...

— Ну дык што

За клопат, ат!

 

Хтосьці

З крамы хапануў...

— Знаць не знаю,

Чуць не чуў.

 

Хтось ў бензін чужы

Залез...

— Дык бензін жа

МТС!

 

Хтосьці ў лесе

Ўкраў сасну...

— Ну дык што ж такога,

Ну?

 

Вось

На ўсё яго адказ.

Ды змяніўся

Неяк раз...

 

У ягоны агарод

Хлапчанятка

Сямі год

Выпадкова заблукаў,

 

З градкі

Морквіну сарваў.

Тут

Як громам праняло

Абыціхабыло.

 

Пасінеў

Ад злосці ўвесь,

Крыкнуў,

Аж прыгнуўся лес:

— Ты куды ў маё

Залез?

 

І не любіць жа

Сяло

Абыціхабыло.

 

 

ДВА СЦЯГІ

Народ не сагнеш,

Не пакорыш нічым —

Ніякім прымусам, ні здзекам.

Нядаўна пабыў я ў калгасе адным.

Што ўбачыў, запомніў навекі.

 

У хату-чытальню,

Што ў ціхім садку,

Зайшоў я. Было то ў нядзелю.

У дбайна прыбраным пачэсным кутку

Два сцягі чырвоных віселі.

 

Глядзеў я на сцягі,

І ветрам вайны

Дыхнула ад сцягаў суровых,—

Здавалася, штосьці друг другу яны

Шапталі, схіліўшы галовы.

 

Спытаў я:

— Сюды яны трапілі як?

Відна баявая іх доля!

— О, з гэтымі сцягамі,— кажа юнак,—

Змагаліся людзі за волю...

 

У кожнага

Славай авеяны шлях,

Ад куляў захопнікаў раны.

Адзін партызаніў у нашых лясах,

Другі — каля сопак Пусана.

 

Вядомы ім добра

Зямлянак агні

І роднага краю пажары,

Ад свастыкі край свой адзін бараніў,

Другі — ад напалмавых хмараў.

 

— Вы бачыце сцяг той,

Дзе зорка гарыць,

І надпіс сардэчны прывету,—

Далі нам на памяць карэйцы-сябры,

Калі гасцявалі ў нас летам.

 

Прайшлі тыя сцягі

Змагання гады

І нас ратавалі ад смерці,

А дружбай з’яднаны яны назаўжды

Так моцна, як нашыя сэрцы.

 

Я слухаў,

Я думай сваёю лунаў

Шляхамі далёкіх паходаў

І доўга і моўчкі ля сцягаў стаяў,

Прад гордай святыняй народаў.

 

 

НАД ВОЗЕРАМ

Стаю над возерам вясной,

Усё спавіта цішынёй.

Гляджу — а ў ім паміж ракіт

Нябёс гайдаецца блакіт,

Не то пад колер васілька,

Не то пад вочы юнака.

 

Прыйшоў я ўвосень паглядзець —

Ужо лістоў гамоніць медзь,

І зашарэлася ўжо скрозь,

Здаецца, ўзрушыў хвалі хтось —

Разбегліся ва ўсе бакі,

Нібы на твары маршчакі.

 

Я быў і ўзімку ў месцы тым —

Пад пакрывалам ледзяным

Не чуць ані гамонкі хваль,

Завеі засланілі даль.

І возера часінай той

Заснула ў пене снегавой.

 

Але не век яму да сна,

Я знаю — ўзнімецца вясна,

І паміж хваль у цвеце дрэў

Пачне кружыць птушыны спеў,

І ў ціхім люстры між ракіт

Зноў загайдаецца блакіт.

 

 

КАМБАЙН

З кім параўнаць тваю сілу і славу?

Гордым цябе караблём называлі,

Што ж, карабель ты стэповы па праву.

Песень нямала табе праспявалі,

Варты ты песень, бо працаю дбайны.

Слава камбайну!

 

Мы ўзбагацілі з табою Айчыну,

Колькі ты вызваліў працы людское —

Жнеі, касцы парасправілі спіны,

Годзе гібелі з сярпом і касою.

Зерне да зерня збіраеш старанна.

Слава камбайну!

 

Многа з табою прайшлі мы палямі,

Ўсюды табой не нахваляцца людзі,

Шлях за сабой устаўляеш мяхамі,

Шлях твой расце і ўзнімацца ўсё будзе —

Многа яшчэ ў нас прастораў бяскрайніх.

Слава камбайну!

 

 

ХАЦЕЎ БЫ...

Хацеў бы часіны такой прычакаць,

Каб суддзяў пабачыў я гэтак:

Сядзяць —

Задаволена ў залу глядзяць,

І сэрцы іх шчасцем сагрэты.

 

Забытыя словы: прысуд і турма,

Не чутна аб кары ні разу,

Не то што забойцаў —

Зладзеяў няма,

Няма ўжо ніякай абразы.

 

Даўно ужо суддзі не чуюць маны,

Не знаюць зняваг і рабункаў,

Не справы злачынстваў прад імі відны,

А кветкі і горы дарункаў.

 

Чаго ж тады суддзям сядзець за сталом,

І што іх за роля такая?

Сягоння за працу,

За песню з агнём

Найлепшых яны адзначаюць.

 

 

АКІЯН

Хоць я не бачыў акіяна,

Не плыў у землі ні ў чые,

А думаць аб народзе стану,—

Ён прада мною паўстае.

 

Як і народ — бязмежнай славы,

Нікім не знанай глыбіні,

У ласцы — велічна-ласкавы,

У гневе — грозны і страшны.

 

Далёка недзе ў змроку шэрым

Ля небаскробаў ён гудзіць —

Ракочуць хвалі, б’юць у бераг,

Імкнуцца бруд дашчэнту змыць.

 

 

ДАРОГАЙ

Чацвёртыя суткі гляджу закахана

З акна на бязмежжа краіны маёй.

О, як ты прыгожы, прастор Казахстана,

Калі абуджаешся ранняй вясной!

 

Гляджу я, мінаюць шляхі за шляхамі,

А стэп — чараўнік, нібы песня сама,—

Чырвонымі макамі, быццам сцяжкамі,

Расквечаны ўсюды — і краю няма.

 

 

ТРЭЦІ ТЫДЗЕНЬ ДОЖДЖ ІДЗЕ...

Трэці тыдзень дождж ідзе,

Цярусіць...

Я гляджу на неба і злуюся —

Не такога мы чакалі ў маі,

Без канца слязіцца, палівае.

Пазавешаны блакіт і просінь

Коўдрамі такімі, як увосень,

Чорнымі, калматымі, густымі,

Волавам сцюдзёным налітымі.

 

Трэці тыдзень дождж ідзе,

Цярусіць...

Я гляджу на неба і злуюся —

Сонца мала гэтак, як ніколі,

Дождж, ды з навальніцамі заўзята

Выбівае з-пад раллі зярняты,

Трактарысты лаюцца, плююцца,

Не дае сявярням разгарнуцца!

 

Трэці тыдзень дождж ідзе,

Цярусіць...

Я гляджу на неба і злуюся —

Затрымалася ўся наша праца...

Толькі не прывыклі мы скарацца:

Дзе насенне выбілі навалы —

Мы адсеялі ізноўку дбала.

Верым, сціхне нудны дождж бясконцы —

Закрасуюць каласы пад сонцам!

 

РОЗДУМ

Гадоў нямала прашугала,

І мне ўжо ёсць

Што падлічаць —

Прыйшла яна, такая сталасць,

Што можна й старасцю назваць.

Ну што ж, міруся з сівізною

І з тым,

Што сёння пяцьдзесят,

Ды не састарыў я душою

І па хадзе яшчэ салдат.

Ніколі лёгкага нічога

Не выбіраў сабе ў жыцці.

Я знаю —

Доўгую дарогу

Яшчэ нам трэба перайсці.

І як жыццёвы вопыт вучыць,

Аб чым заўсёды

Трэба дбаць,

Што можа быць не раз на кручы

Ўздымацца, сіл не шкадаваць.

Скажу я сціпла, ды надзейна,

Што не прыстану без пары,

І могуць быць

У гэтым пэўны

Мае таварышы-сябры.

Бо сіла ёсць, што гэтак дбала

Пад свой нас пазбірала сцяг,

Яна й мяне

Загартавала

І з песняй вывела па шлях.

Дык з песняй гэтаю заўсёды

Хачу ісці я з грамадой —

Служыць

Радзіме і народу

І роднай партыі маёй!

 

ПАРЛАМЕНЦЁР

Да сцен Будапешта

З Дунайскіх палян

Савецкі, адважны

Ідзе капітан.

 

Ідзе ён, прайшоўшы

Праз боек віхор,

Таварыш Астапенка,—

Парламенцёр.

 

Да сцен Будапешта

Выходзіць герой,

Сцяг міру ўздымаючы

Над галавой.

 

І помніць удзячны

Венгерскі народ —

Той сцяг ён трымае

Каторы ўжо год.

 

Хай куля герою

Праз грудзі прайшла,

Жыве ён, бо ў сэрцы

Багата святла.

 

Ён волю з радзімы,

Дзе ўзняўся і ўзрос,

Нясе і сягоння,

Як некалі нёс.

 

Прад ім чырванее

Зарой небакрай,

Шуміць і гамоніць,

Спявае Дунай.

 

 

ШАНДАР ПЕЦЁФІ

Сярод роўнядзі венгерскай,

Дзе спявае ўсё, здаецца,

Слаўлю я сяло такое,

Што Кешкерасам завецца.

 

Паглядзіш — усё звычайна,

Бачыў сёл такіх нямала,

Чым жа гэткім, асаблівым,

Мне яно на сэрца пала.

 

З песняй мчыцца, ноччу сніцца,

З дум не сходзіць ні хвіліны,

Не магу ніяк забыцца

На Кешкераса хаціны.

 

Хаты белыя. Таполі

Іх спакой здавён вартуюць...

Ды між іх адна, што болей

Між усіх мяне хвалюе.

 

Вокны сціпла паглядаюць

На старых будоўляў стрэхі —

Перш за ўсіх яны пачулі

Голас Шандара Пецёфі.

 

З двара сцежачка малая

Выбягае ручаінай...

То яна яго з дзяцінства

Павяла у шлях няспынны.

 

Ён на тым шляху ў змаганні

Вырас горды, прамяністы,

Слоў прыгожасць, грукат бою

Зведаў ён душой агністай.

 

Ён не знаў нідзе спакою,

Воін і трыбун народны,—

Скрозь прайшоў з крылатай песняй

І вярнуўся бессмяротны.

 

Стаў на плошчы ў бронзе мужны,

Рукі й сёння не паслаблі —

Ён адной трымае ліру,

А другой надзейна шаблю.

 

Перад ім Альфельда стэпы,

Дзе шуміць пшаніцы мора...

Углядаецца Пецёфі

На расцвіўшыя прасторы.

 

Ён глядзіць і песень словы

Ўсім ад сэрца пасылае...

І не толькі ў хатах венграў,—

Цэлы свет яго спявае.

 

Песні Шандара Пецёфі

Любы й нам на Беларусі.

Вось чаму, сяло Кешкерас,

Да цябе душой імкнуся.

 

 

А ХІБА ЁСЦЬ, ШТО ЗАБЫВАЮЦЬ?

Ляжыць салдат ля пераправы,

Каля маленькае ракі.

Ляжыць салдат

Вялікай славы,

Крывёй здабытай на вякі.

 

Шуміць над ім гушчар зялёны,

Плывуць аблокаў караблі.

Ён паў,

Пазбавіўшы палону

Вось гэты кут сваёй зямлі:

 

І лес ва ўзорах журавінных,

І луг з расянаю травой,

І тыя светлыя хаціны,

Што сталі дружна над вадой.

І сад, шумлівы напрадвесні,

І піянерскія кастры...

 

Ляжыць салдат

І чуе песні,

Што не сціхаюць да зары.

 

Ляжыць і сніць ён аб народзе,

Якому шчасце — вольна жыць!

І рады ён, калі прыходзяць

Хоць зрэдку з ім пагаварыць,

Калі сцяжыначка малая

Не зарастае да яго...

 

А хіба ёсць, што забываюць

Выратавальніка свайго?

 

 

ДА СЯБРОЎ

Зноў сэрца з сябрамі гаворыць,

Зноў думак абуджаны рой —

Успомніў я многа прастораў

У доўгай дарозе сваёй.

 

Згадаў я гуральскія хаты

І ў горах грузінскіх ручай,

Крутлявыя сцежкі Карпатаў,

Між Будай і Пештам Дунай.

 

І Кіеў,

і ўзгор’і Тбілісі,

І стэп, што вачам не абняць,

І як маякі — кіпарысы,

Што з Ялты на мора глядзяць.

 

Здаецца, што дзесьці ёсць камень

Ці дуб, што галлё распусціў,

Нібы яны клічуць часамі:

— Чаму ты ўжо даўна не быў?

Хацелася б з імі сустрэцца,

Зноў зведаць пяройдзены шлях,

Ды больш чалавечае сэрца

Смуткуе па добрых сябрах.

 

Нямала таварышаў маю,

Што зведалі ціхі мой дом...

І я ад душы іх чакаю

Даўно за бяседным сталом.

 

За вокнамі Мінск зіхаціцца,

Аж зоры ў асфальце гараць.

І я маю чым пахваліцца,

І мне ёсць аб чым распытаць.

 

— Вы гляньце на мінскія плошчы!

— А колькі заводаў — іх шмат...

— Якія ж агні на Кахоўцы?

— Як сёння расце Сталінград?

 

І так без канца і без краю

Праз вечар па свеце іду...

Сяджу я адзін, разважаю,

З усімі гамонку вяду.

 

Яна ж несканчоная ўецца

Між добрых знаёмцаў маіх...

А вецер да шыб дакранецца,

Здаецца, з вітаннем ад іх.

 

І я да акоп прыпадаю,

Адняць не магу галавы

І з ветрам сябрам адсылаю

Дакор свой: — Забыліся вы!

 

У Мінску, таварышы, знайце,

Умеюць падоўгу чакаць...

А можа, й пара нам спаткацца,

Нам многа аб чым ёсць сказаць!

 

 

У ВАРШАВЕ

На вуліцах, плошчах тваіх шматгалосых,

Што слаўны і працаю і ў барацьбе,

Пабыць мне з сябрамі ізноў давялося...

Дзень добры, Варшава! Вітанне табе!

 

Хадзіў і хадзіў бы, здаецца, бясконца

Па новых кварталах, па скверах густых,

Дзе многа палацаў, асветленых сонцам,

І безліч усмешак на тварах людскіх.

 

Цябе ж і такой я прыгадваю часта,

Калі пачынала ты раны гаіць,

Я быў на руінах твайго Стара Мяста

І болю дагэтуль ніяк не пазбыць!

 

Так, шмат перажыта часамі цяжкімі,

З нас кожны пазнаўся з пакутай сваёй —

На сумных, журботных палях Асвянціма

Рассыпаны попел і маці маёй.

 

Варшава, свой боль перажыўшы глыбока,

Да сонца і шчасця раскрыла ты сцяг.

Ты здужала гора. Гляджу я навокал,—

Бязмерная веліч і прага жыцця!

 

Гляджу, на вачах узлятаеш, здаецца,

Расцеш, як у казцы, яшчэ і яшчэ...

І Вісла, як песня праз польскае сэрца,

У далеч стагоддзяў няспынна цячэ.

 

Ласкавыя хвалі з табою ў размовах,

Дзе ж лепшую песню, Варшава, знайсці?

Прымі ж ты сяброўскае, шчырае слова:

— Высока ўздымайся, красуй і цвіці!

 

Сябрам-варшавянам я шчасця таксама

Жадаю, як можа жадаць чалавек —

Мы з вамі суседзі не толькі палямі,

А братняю дружбай з’яднаны навек!

 

 

НАД СВІЦЯЗЗЮ

Лісце пажоўклае, шэрае

Ціха шасціць пад нагамі,

Толькі дубы па-над Свіцяззю

Меднымі звоняць лістамі.

 

Вецер над хвалямі ўзносіцца,

Крыллі мацней распраўляе...

З кронаў вячыстых, узрушаных

Лісце спадаць не жадае.

 

Прагна дубы прыглядаюцца

На зарунеўшыя гоні,

Даўнія дні ўспамінаючы,

Голле з лістамі гамоніць.

 

Постаць згадалі бунтарскую,

Рысы задумнага твару,

Думы паэта крылатыя,—

Тыя, што нішчылі хмары.

 

Нёс ён да сэрца народнага

Сэрца любові і ласкі,

Словы ён чуў беларускія,

Песні, паданні і казкі.

 

Чэрпаў з народнае мудрасці

Сказы аб горы і славе...

Колькі ў вянку яго песенным

Іх, незабыўных, яскравых!

 

Колькі ў паэзіі закліку

Супраць прыгнёту і здзеку!

Помняць усюды Міцкевіча,

Бо палюбілі навекі.

 

Славяць палі Навагрудчыны

Генія мараў высокіх,

Чуюць дубы па-над Свіцяззю,

Чуюць натхнёныя крокі!

 

 

МАЛАДЫМ

Не ахопіш вачамі —

Нівы, пожні, ралля...

Скрозь яна

Перад намі —

Наша маці-зямля.

 

Дол шырокі калгасны,

Гоні, пушчы, лясы...

Рэчак

Сінія пасмы

І дарог паясы.

 

Гэта ўсё дарагое

Я ад малку люблю.

Хто ж не любіць

Душою

Нашу маці-зямлю!

 

Яна ж корміць і поіць,

Апранае адна.

Выйдзі,

Глянь ты вясною,

Як гамоніць яна!

 

Трактарамі, плугамі,

Пышным цветам садоў,

Ручаямі,

Лістамі,

Перазвонам дуброў.

 

А як лашчыцца вуха

Ад гамонкі тае...

Выйдзі

Летам, паслухай,

Як зямля нам пяе.

 

Як звініць у пракосах,

Красаваннем дыміць,

Як спявае

Калоссем,

Як садамі шуміць!

 

Лета коціцца шпарка

Па адцвіўшых шляхах,

Выйдзі

Восенню яркай,

Глянь вакол па прасцяг.

 

Як бы хто самавіта

У стагі ўсё пазнёс,

Быццам

Меддзю наліты

Грушы, яблыні скрозь.

 

Снег закружыцца роем,

Завіхурыць калі,—

Не падумай,

Зімою

Не заснулі палі.

 

Пад бялюткаю коўдрай

Адпачнуць цішынёй,

Каб магутна

І шчодра

Зноў узняцца вясной.

 

Друг мой юны, таварыш,

Тут мы ўсе узраслі,

Хіба лепей ёсць

Мары,

Чым аб нашай зямлі?

 

А такія, каб сёння

Скрозь гула збажыной...

Не праходзь жа

Староннім

Ты, як вецер, па ёй.

 

Будзь старанным і дбалым,

Ведай,—

Нельга забыць

І маленькі кавалак,

Што аблогам ляжыць.

 

Засявайце ж руплівей

Зернем чыстым вакол,

Чым зямля

Урадлівей —

Багацейшы наш стол!

 

Шчасце ў працы знайшоўшы,

Добра поле араць.

Добра,

З плугам прайшоўшы,

Радасць жніва пазнаць.

 

Добра зведаць напэўне

Шчодры восеньскі час —

Пах саломы,

Што зерне

Гадавала для нас.

 

Скрозь зямля адгукнецца,

Толькі дружна працуй,

Толькі

Шчырага сэрца,

Рук сваіх не шкадуй!

 

Стань з юначаю сілай

На прыгожы свой шлях.

Помні,—

Нас узрасціла

Наша маці-зямля!

 

 

ПРЫЯЗДЖАЎ МАРАК У ГОСЦІ

Вам скажу, падружкі, штосьці,

Без падману, без прыкрас —

Прыязджаў марак у госці

На пабыўку ў свой калгас.

 

Хлопец просты, каб вы зналі,

І зусім не велікан.

А за ім, як мне казалі,—

Цэлы Ціхі акіян.

 

Паглядзела я — нясмелы,

Не падобна, што герой!

А як раз з ім пасядзела,

Дык не знаю, што са мной?..

 

Невясёлы, нават хмуры,

Не адзначаны нічым.

А паехаў, кінуў буру,

Буру ў сэрцы у маім.

 

Аднаго цяпер хачу я,

Ды не знаю, як прасіць,

Хай прыедзе і ўратуе,

З ім хачу я плыць і плыць!

 

 

ДУША ВЕЧНАЙ МЕРЗЛАТЫ

Масіўны, гладкі ён мужчына,

Надзейны страўнік, моцны сон,

На твары жаднае маршчыны

Пад сорак год не знае ён.

 

Спытайце што, адкажа з толкам,

Ён знае ўсё, аб чым ні йшло...

Заўжды апранены з іголкі,

Хоць у вітрыну стаў за шкло.

 

Не разнервуецца дарэмна,

Не возьме ў рот таго-сяго...

Ва ўсіх адносінах прыемны,

Я чуў, казалі пра яго.

 

Такі крыштальны, аж свіціцца,

Ледзь не зрабілі ўжо святым...

А як мне з гэтым пагадзіцца,

Бо я дазнаўся вось аб чым:

 

У дзень вясновы, не рабочы

(Бо парушальнікам не быў),

Ішоў ля рэчкі ён аднойчы,

З развагаю паветра піў.

 

У думках шчасце сваё множыў,

Здабыткам дбайны вёў падлік...

І раптам — з рэчкі патрывожыў

Яго спакой дзіцячы крык.

 

Зірнуў, узважыў — там глыбока,

Дуроных вылаяў дзяцей,

Гукнуў міліцыю здалёку,

А сам пайшоў, пайшоў далей.

 

Над гэтым шмат я ў думках біўся

І пагадзіўся толькі з тым,—

Што ўзяць з такога,

Ён радзіўся

З душою вечнай мерзлаты.

 

 

СЭРЦА

Чырвоны камочак.

Ну што ў ім, здаецца,

Трапечацца ж,

б’ецца,

спачыну не знае...

Калі прыгадаеш маленькае сэрца,

Чаго яно толькі ў сабе не змяшчае!

 

Шмат дзён перажытых,

І хмурых і ясных,

І моры, і горы,

і рознага многа...

А я вось даўно, ад маленства, выразна

Праз сэрца сваё адчуваю дарогу.

 

Ляжыць яна роўнай,

Стралою нібыта,

То раптам, як стужка,

закружыць,

заўецца —

Чым далей іду я, чым больш перажыта,

Тым больш успамінаў на ёй застаецца.

 

Ёсць людзі,

Што ў сэрцы сябрамі гасцілі,

Прайшлі той дарогай

хвіліну якую,

Прайшлі яны, дрэўцы на ёй пасадзілі,

А тыя цвітуць, і цвітуць, і красуюць.

 

А ёсць і такія,

Што, носячы камень,

Стараюцца кінуць,

між іншым,

як быццам, —

Усцелюць дарогу згрызот валунамі,

Змагаецца сэрца,

каб як іх пазбыцца.

Балюча бывае,

Што засцяцца вочы,

Нямала іх здолела

цяжка параніць —

Кідаюся хворы на ложку праз ночы,

Але з перамогай страчаю світанне.

 

Хай твар мой,

Бывае, збялее, што кужаль,

Днём новым я лекі знаходжу,

іх мноства —

І зноўку выходжу бадзёры і дужы,

І сэрца раскрыта маё для сяброўства.

 

 

ЯК ЛІСТ ДУБОВЫ..

Не страшна мне

Ні твань, ні багна,

Ані віхуры гул і свіст —

Я за жыццё схапіўся прагна,

Як за галлё

Дубовы ліст.

 

Па восені,

Мядзяны, дужы,

Між хмурай стыні ён гарыць...

Трасуць яго вятры і сцюжы,

А ён адно ў адказ —

Звініць.

 

Калі зімой

Мятлюга грае

І злосна шчэрыцца мароз,

Ён, як далонню, прыкрывае

Галінку тую,

Дзе прарос.

 

І толькі ў ясны дзень

Вясновы,

Калі красуе ўсё вакол —

Перад лістком зялёным, новым

Ён ціха падае

На дол.

 

 

НЕЗАДАВОЛЕНАМУ

Ты кажаш, чахнеш —

Сум, нуда,

Абрыдлі каша і праснак,

А ты ці знаў,

Што лебяда

Была калісьці нам усмак?

Ты круціш хмура

Галавой,

Яшчэ чаго? Канечне, не!

А еў камы ты

З бульбы той,

Што мы збіралі па вясне?

Злуеш на корт і на сацін,

Што капялюша

Не набыў.

А ты ці знаеш,

Брыль адзін

Ва ўсёй акружцы ў пана быў.

Мы й тое помнім —

І не жах,

Як адскакалі танцаў шмат

У зрэбных

Галіфэ-штанах

Пад дружны гул ад голых пят.

А сёння, ты

Як бачыш сам,—

Лапцей і зрэб’я не відаць.

За ўсё ж

Падзякуйце бацькам.

Дык больш імкніцеся прыдбаць!

 

 

ЗАКЛІК

Ляці ж увысь,

Шырэй узмахі,

Каб зорку ўласную знайсці.

Пускайся ўброд,

Не ведай страху,

Бо шмат нязнанага ў жыцці.

Віхор, віры

Спрабуй адолець,

Які б твой шлях

Ні быў цяжкі...

Плыві, ўзлятай,

Не бойся болю,

З часамі сыдуць сінякі.

 

 

ПАМЫЛКА

У дні маладосці, у дні свайго рання,

Нямала і я пахадзіў на спатканні.

 

Дадому з’яўляўся, як золак займаўся,

І думаў, бывала, што ў гэтым мыляўся.

 

Але, адпачыўшы якую часінку,

Абходзіў ў акружцы я ўсе вечарынкі.

 

Збіваў там абцасы да самага краю

І каяўся потым — памылка якая!

 

А вось як згадаю былое сягоння,

Калі ад памылак заснежылі скроні,—

 

Дык часта я, часта ад суму ўздыхаю —

Ах, каб ды яшчэ мне памылка такая!

 

 

НЕКАТОРЫМ ДАЧУШКАМ

І цешыцца сэрца, і цешацца вочы,

Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы,

 

Бо здольны на гульні і здатны на справу.

Мы рады, што выраслі дочкі на славу!

 

І ў полі вы спраўны, прыбрана і хата,

Якія ж вы добрыя, нашы дзяўчаты!

 

А ёсць і такія — іх, праўда, нямнога,—

Якія рабіць не жадаюць нічога.

 

За бульбіну ўзяцца ўжо сталі баяцца:

Ад бульбы ж, вядома, шурпатыя пальцы.

 

Ну што ўжо той венік, і той іх абурыў,

Каб часам сваю не пашкодзіць фігуру.

 

Усюды прычына — то мулка, то колка,

Яны ўжо забыліся нат на іголку.

 

Адзіныя думы, каб пекнай быць, гладкай...

Не гэткія, помнім, былі вашы маткі.

 

Бо вашыя маці і пралі і жалі,

Здаецца, і вас неблагіх параджалі.

 

Відаць, вы не бачылі шчасця такога,

Як з песнямі маці ішлі са жніўнога.

 

Зарой вечаровай гарэлі іх шчокі,

Бор песні адносіў далёка-далёка...

 

А жнеі спявалі, ішлі чарадою...

Навек я захоплены тою красою!

 

Дык сёння хачу я ціхутка, на вушка,

Сказаць некаторым пястунням-дачушкам:

 

— Стаміўся я вельмі чытаць вам маралі,

Вучыцеся ў матак, што вас нараджалі.

 

 

ПРЫГОЖАЯ ВУЛІЦА

Мясціна такая ніяк не забудзецца,

Пазнаеш,—

Здаецца, навекі твая.

Ёсць ціхая ў Мінску Прыгожая вуліца,

Забыцца якое не здолею я.

 

Стаялі там хаты малыя, маркотныя,

Зялёнымі хусткамі

Хутаў іх мох.

Чаму яе звалі назвай пяшчотнаю,

Ніяк зразумець я ў юнацтве не мог.

 

Небрукаваная і непралазная,

Дзе цемра, бывала,

Да ранку стаіць...

А смутак па ёй адчуваю выразна я,

І сэрца нявызнаным болем шчыміць.

 

Вясною садамі цвіценне мятлюжнае,

Дзяўчаты ў сукенках

Бялюткіх як снег.

Жылі мы сям’ёю студэнцкаю, дружнаю,

Не чэзнуў ніколі на вуліцах смех.

 

Спатканні былі ў нас, што часу не бачылі,

Прыходзілі

Часта дамоў па расе.

Кляліся ў каханні мы слоўмі гарачымі,

Хоць слова стрымалі далёка не ўсе.

 

А час той, куды ён, навошта спяшаецца?

Гады прамільгнулі,

Як хвіля адна.

Усё, як той кажа, ідзе і змяняецца,

І сёння я вуліцы той не пазнаў.

 

І, можа, таму, што старыя, сівыя мы,

Што зніклі

Навокал малыя дамы,

Здаецца, што моладзь

Яшчэ больш імклівая

Ідзе па Прыгожай, як некалі мы.

 

Уласныя сцежкі ім выпадуць кожнаму,

І кожны ў жыцці з іх

Пакіне свой след.

Паедуць студэнты дарогамі рознымі,

Што з гэтае вуліцы выйдуць у свет.

 

 

СТО ГОД

Паўсотні гадоў

Адлічыла дарога,

А людзі гавораць —

Не так ужо многа.

 

Падумаеш,—

Хочацца

З імі згадзіцца,

Бо зроблена мала,

Хоць цемя свіціцца.

 

А колькі тых планаў,

Задумаў, імкненняў,

Каб жыць давялося

Год сотню, не меней.

 

Па роздуме часам

Мяркуеш іначай —

Нямала ў жыцці ты

Пазнаў і пабачыў.

 

Вясёла бывала,

Бывала і горна,

Я жыў у маленстве,

Што ў век той пячорны.

 

Я помню вясковы

Свой кут небагаты,

Старую, пахілую,

Курную хату.

 

І жорны, і ступу,

І ў лазні карыта,

І печку з камення

З дзён палеаліта.

 

І лапаць лазовы,

І подплет пяньковы,

І розныя зёлкі,

Шаптанні, замовы.

 

Кажушак, дзе дзірка

Ўзлязала на дзірку,

Дзе гузік быць мусіў —

Драўляную бірку.

 

Апухлыя твары,

Як бульба пе ўродзіць...

Мінула год сорак таму

Ці стагоддзі?

 

Ды помню, як голасна

Трубы запелі,—

Чырвоныя сцягі

Усіх нас сагрэлі.

 

Як выйшлі мы разам

Па сонечных рэйках,

Сваю камсамольскую

Помню ячэйку.

 

Як селі за кніжку,

Як песні спявалі,

Ў якіх мы сусветны

Пажар раздзьмухалі.

 

Змагаліся дружна

З папом, самагонам,

Сядзелі ў засадах

Атрадамі ЧОНа.

 

Ігралі ў спектаклях

Удала, няўдала

Ды браліся смела

За ўсё, што трапляла.

 

Нас клікаў юнацтва

Запал ваяўнічы,—

Ды хіба мінуўшае

Ўсё пералічыш?

 

Былі і сустрэчы,

Былі й развітанні,

Было і балючае

Ў сэрцы каханне.

 

Абплаваны^ моры,

Аблётана неба,

Як кажуць, нямала

Спажыта і хлеба,

 

І з’едзена солі

За гутаркай брацкай,

І простай, здаровае

Кашы салдацкай.

 

Ад краю да краю

Краіну пракрочыў...

Нямала, нямала

Пабачылі вочы.

 

Пазнаўся я ў свеце

І з другам і з братам,

Дажыўся — працуе

Разбуджаны атам.

 

А можа, ён хутка

І полюс абудзіць,

Дажыўся — на Месяц

Збіраюцца людзі.

 

А крыллі маланкай

Праходзяць аблокі,

Што стаў нам сягоння

В’етнам недалёкі.

 

Што сцяг наш чырвоны

Ярчэй палымнее,

Што наша сям’я ўсё

Расце і мацнее.

 

Навошта ж гады мне

Падлічваць маркотна,

Бо іх перажыта

Вялікая сотня!

 

 

ВОБЛАКА

З-за лесу выплыла яно,—

Як белы пух,

Як ваты ком,

Пасля, як быццам палатно,

Затрашчала над сялом.

 

Зары праменнае крыло

Яму перапыніла шлях.

Яно ж зайграла,

Расцвіло

І разгарнулася, як сцяг.

 

І неба ў чырвані, ў агнях

Загатавалася, як вар...

І нібы

Кропелька адна

Мне стуль скацілася на твар.

 

Душу маю ахутаў жар,

І думкі роем паплылі —

Што гэта кроў

Ці то сляза

Барацьбітоў, з якой зямлі?

 

А сцяг, што рос і далей плыў,

Не мог я зрокам абхапіць...

І думаў я,

Ці ўсё зрабіў,

Што мне належала зрабіць?

 

 

ПРАЦА

Паміж людзей сваіх, чужых

У зрэбных світцы і штанах,

Я, што мурашка, з дзён малых

Пазнаў свой працавіты шлях.

 

Цяжару ж я не шлю праклён.

Хіба ён быў адзіным?

Не!

Сярод бясконцых хмурых дзён

Была і радасць у мяне.

 

Пра гэта помніць, хто так жыў,

Хто за плячыма торбу нёс,

Хто першы промень рання піў,

Хто ногі мыў у срэбры рос.

 

Дзяцінства незабыўны час!

Я рос паміж дажджоў, вятроў

І пераходзіў з класа ў клас —

Ад качак, свінняў да кароў.

 

Калі ж, узняўшыся крыху,

Пазнаўся з бацькавым шнуром,

Я рад быў ўзяцца за саху,

Адчуць сябе гаспадаром.

 

Няхай барозны ўнось ішлі,

Я рваў дзірванне і куп’ё —

І, як лямех сярод раллі,

Там сэрца выбеліў сваё.

 

Зямлі ж — няпрошаны той госць,

Хто не працуе, толькі есць.

Няхай жа будзе заўжды, скрозь,

Як чэхі кажуць, працы чэсць!

 

 

ХОР

Як толькі вецер стане гушкаць

Уранні кволыя лісты —

Так заспяваюць дружна птушкі,

Што з мёртвых можаш ўзняцца ты.

 

То салавей зальецца ўдала,

То шпак пасобіць ценарком —

Адзін ударыць на цымбалах,

Другі пацягне, што смычком,

 

Зязюлі закуваюць чуйна,

Далёка іх імчыцца гук.

І нават дзяцел б’е задумна

Па барабану: тук-тук-тук.

 

Жаўрук у небе недасяжным

Нібы званкамі зазваніў,

І верабей з двара паважны

Азваўся ціха, што ён жыў.

 

Мой кут прыгожы ў хоры веснім,

Здаецца, сам я ў ім пяю...

І я ўстаю насустрач песні,

Насустрач сонейку ўстаю!

 

 

МОЛАДЗЬ СВЕТУ

Гульні, скокі, воч іскрыстасць,

словы шчасця і кахання...

Сёння радасным юнацтвам

у палон Масква забрана,

І здаецца, маладзее ўсё на свеце,

ўся планета,

Калі песні запявае

Моладзь свету,

Моладзь свету!

Гоман плошчаў —

шум прыбояў,

ну якраз ракочуць хвалі.

Ніякія перашкоды

прад юнацтвам не ўстаялі:

Ні граніцы, ні кардоны,

ні паліцыі пікеты,

Калі сэрца захацела —

Моладзь свету,

Моладзь свету!

Чорны, белы, жоўты разам

як таварышы сягоння,

Кроў у сэрцах іх яднае

яркім колерам чырвоным.

Іх сустрэчы і спатканні

ласкай шчыраю сагрэты.

Дружбу моцную мацуе

Моладзь свету,

Моладзь свету!

Быць сяброўкай і сястрою,

быць адданым брату братам,

Не знішчаць усё павінен,

а збліжаць павінен атам.

Будзе ў нас саюз навукі,

на вайну наложым вета.

Прагна гэтага жадае

Моладзь свету,

Моладзь свету!

Не дадзім сваіх здабыткаў

да знішчэння, да загубы!

Узнімаюцца героі —

маладыя землялюбы,

Сталявары і шахцёры,

музыканты і паэты...

Стой за мір,

Будзь заўжды пільнай,

Моладзь свету,

Моладзь свету!

 

 

ДЛЯ ЦЯБЕ МАЯ ПЕСНЯ...

Для цябе мая песня, пэўна, будзе не новай,

Хто не славіў Дняпро і шырокі, і сіні.

Не дае ж мне спакою ўсхваляванае слова,

Гэтым словам вітаю я цябе, Украіна!

 

Каб убачыць цябе — жыў такою я думай

І цяпер да цябе гэтак шчыра імкнуся,

Каб хоць крыху данесці тыя весці і думы,

Як ты ў сэрцы жывеш у маёй Беларусі.

 

Як прыйшла ў Беларусь, я не помню, калі ты,

Толькі знаю адно, што з далёкага часу

Ты з’явілася з хлебам, быццам сонцам налітым,

Ты ў хаціну прыйшла з дзіўнай песняй Тараса.

 

Часта ў шлях ты з сабой Беларусь заклікала,

Звала нас, як братоў, пазбаўляцца ад пана;

Ад бяды, ад жуды, ад шляхецкай навалы

Ратавала ты нас пад сцягамі Багдана.

 

Колькі боек з табой мы насмерць прастаялі,

Покуль нашая воля навек не ўзнялася.

Заўжды разам з табой кайданы мы ірвалі —

І варожая кроў аж ракою лілася.

 

Мір на нашай зямлі. Нашы ў працы героі,

Мы жывём, мы ідзём, мы расцём несупынна.

Мы сягоння з табой пад адзінай зарою,

Дык чалом жа табе, дарагая Ўкраіна!

 

 

СЛАЎНА ТЫ НА ЦЭЛЫМ СВЕЦЕ!

Украіна,

Украіна,

Як жа ты багата!

У цябе, што мора, вочы

І шалом Карпатаў.

 

Ты прасторамі сваімі

Ў золата прыбрана,

Срэбнай стужкаю

Дняпроўскай

Ты падпаясана.

 

Стан твой гонкі,

Стан прыгожы

Топалем здаецца.

Гарачэй агнёў Данбаса

Украіны сэрца.

 

Слаўна ты

На цэлым свеце

Песняй салаўінай...

Як жа добра быць тваімі

І дачкой і сынам!

 

 

З ТАБОЙ, УКРАІНА...

З табой, Украіна,

З табой мае думы.

Я з радасным сэрцам стаю прад табою.

Напэўна б зачах ад нудоты і суму,

Калі б я не ведаў краіны такое.

 

Краіна стэпоў

Неабсяжных, багатых,

З якімі гамоняць гаі і дубровы.

Здаецца, як гусі, бялюткія хаты

Плывуць па зялёных азёрцах вішнёвых.

 

Пшаніца, як мора,

На полі ўладарыць,

Бахчамі, бахчамі спавіты дарогі.

Па стэпах сланечнікаў ззяюць пажары,

Таполі, як свечкі, да неба самога.

 

Агні Запарожжа,

Агні Днепрагэса,

А Чорнае мора, а горы Карпатаў,

А Кіеў і Харкаў, а Львоў і Адэса!

Не так ужо лепшага ў свеце багата.

 

Што горад, дык волат,

Як казка — прырода,

А неба — бяздонная сіняя ціша...

Адно толькі думы і сэрца народа

За ўсё гэта вышай, за ўсё гэта вышай!

 

Ён з намі і сэрцам

І думай адзіны;

З’яднала нас поле, і рукі, і рэкі...

Дык будзь жа, наш братні народ Украіны,

Шчаслівы навекі і слаўны навекі!

 

 

СЯБРАМ-ПАЭТАМ

Вялікаму генію наша хвала,

Ягонае слова на свет прашугала,

Да Коласа з Канева песня прыйшла,

І з Канева песня прыйшла да Купалы.

 

Высока-высока ўзнялася гара,

Што срэбра — дняпроўскія хвалі прад ёю,

І мы з невычэрпных крыніц кабзара

Чало асвяжаем жывою вадою.

 

Дняпро несутрымна плыве і плыве,

Ніхто гэтай дужае плыні не спыніць.

Мы чуем, як слова Тараса жыве

У вашых напевах, сябры з Украіны!

 

У іх жа з народам дарога адна,

У радасці-шчасці і ў часе навалы;

То ўдараць магутна, як гул перуна,

То граюць пяшчотна, як струны цымбалаў.

 

То раптам паўстануць у безлічы мар,

Прамчацца далёка-далёка над светам,

То бліснуць маланкай,

то ўспыхнуць, як жар...

Дык дзякуй вам, дзякуй за песню, паэты!

 

 

ХЛОПЦЫ-КАЎПАКОЎЦЫ

 

Платону Вараньку

 

Ходзіць песня на Палессі,

Ходзіць песня хваляй...

Разам хлопцы-каўпакоўцы

З намі ваявалі.

З-пад Пуціўля, з-пад Палтавы,

Ажно з-пад Лімана —

Смуглатварыя такія,

З чорнымі чубамі.

Сябравалі, гаравалі,

Ды жылі мы ладна,

За савецкую Радзіму

Біліся няшчадна.

Шапкі ў стужках у чырвоных,

У гранатах грудзі...

Чорны вораг нашай дружбы

Доўга не забудзе!

Білі раз іх, білі два іх,

Білі моцна тройчы.

Вы запалі нам у сэрцы,

Хлопцы-каўпакоўцы.

У баі — арлы-героі,

І на гульні — хваты,

Памінаюць каўпакоўцаў

Нашыя дзяўчаты.

А цяпер вы ці прысталі,

Ці ўжо снег у скронях,

Што вас, хлопцы, на Палессі

Не чуваць сягоння?

Вас чакаем мы заўсёды,

Стол накрыты ў хаце,

Да нас, хлопцы-каўпакоўцы,

Ў госці прыязджайце!

 

АГАНЁК

Нам навечна, навечна ў сэрца хвілі запалі,

Як над воласцю нашай сцяг чырвоны ўздымалі.

 

Лістападаўскім днём, непагодным, імглістым,

Быццам неба заліў ён агнём прамяністым.

 

Разгарэўся, вакол абудзіўшы сялібы,

Аганькамі заззяў па асветленых шыбах.

 

Аганькамі яго саграваліся людзі,

І адзін аганёк закаціўся мне ў грудзі.

 

З той часіны ў жыцці я спакою не знаю.

Ён гарыць у грудзях, палымнее, шугае —

 

Кліча жыць з аганьком, шлях да новага значыць,

Калі ж трэба згарэць, дык згарэць да астачы!

 

СВЕТЛЫ ЧАС

Я да роднай мясціны, можа, буду няветлым,

Не скажу, што дзяцінства маё было светлым,

 

Бо жылі мы ў кутку сваім голь-перагольцы,

Хоць і звалася воласць Вялікія Дольцы.

 

Хто з вялікай быў доляй — па маёнтках сядзелі,

А мы той нават долі і малое не мелі.

 

Ад маленства адну адчувалі патрэбу —

Да калядаў ніколі не хапала нам хлеба.

 

Пуставалі і свіран, і пуня, і восець...

Дольцы, Дольцы! Хай цяжка, хай горка жылося,

 

Кут мой родны, забыты калісьці на свеце,

Прыгадаць не магу, каб не білася сэрца,

 

Каб не ўспомніць аб добрым і слаўным народзе,

Дзе жыццё я пачаў у семнаццатым годзе.

 

Што з таго, што лічылася мне ўжо дванаццаць,

Пражытое — жыццём праў не мела назвацца.

 

Ды прыйшоў ён, прыйшоў позні месяц асенні,

І пачулі імя дарагое мы — Ленін.

 

Наш Кастрычнік прыйшоў — азарыліся далі,

Пад сцягамі яго да жыцця мы ўставалі.

 

Як ні сілюся ўсё прыгадаць я сягоння,

А калі ён прыйшоў, пэўнай даты не помню.

 

Толькі помню вясковых армейцаў суровых,

Што парвалі партрэты міністраў часовых.

 

Не магу і таго я ніколі забыцца,

Як выносілі ў лютым цара і царыцу,

 

І царовага дзядзьку, і царовую маці

Ды з наследнікам-сынам палілі ў прыдачу...

 

І часовых міністраў так у нас шанавалі —

Іх партрэты крышылі, на шкумацце ірвалі

Ды лапцямі як след у зямлю прыбівалі.

 

Што кіпела ў грудзях, не магло не прарвацца,

Пан з палаца ўцякаў, дзе, не ведаў, схавацца.

 

Помста брала сваё. Шмат ляцела на згубу —

Ўсё, чым жыў багацей, было сэрцу нялюба.

 

Вось чаму і ў раяль, выдзіраючы струны,

Насыпалася збожжа з панскіх свірнаў і гумнаў,

 

І пад радасны гул, і пад роскаты смеху

Везлі проста ў сяло ўсім людзям на пацеху.

 

Светлы час! Грозны час! Гэта ў дні агнявыя

Разлічаўся народ за пакуты былыя.

 

Рады я, рады я, што з дзяцінства ўсё зведаў,

Як дзялілі зямлю, выбіралі камбеды.

 

Я пазнаў грамаду і сапраўдных герояў,

Я засвоіў навек, бальшавік што такое!

 

Светлы час! Грозны час! Год семнаццаты бурны,

Пазнаю я цябе па штандарах віхурных,

 

Па істужках чырвоных, што на шапкі ўзляталі,

Што, як ружы, да сэрцаў людскіх прыкіпалі,

 

Па гамонцы хацін, па бясконцых пажарах,

Па вялікіх людскіх спадзяваннях і марах,

 

Па імпэту наперад усіх пакаленняў,

Па імю дарагому і роднаму — Ленін!

 

 

ДЭКРЭТ ЛЕНІНА

У дзень той, помню, без прынукі

У воласці маёй глухой

Сышліся ўсе: дзяды і ўнукі,

Бацькі і дзеці грамадой.

 

На зборні пах махры і поту,

Стаялі, збіўшыся гуртом.

Матрос, прыехаўшы з Балтфлоту,

Праз дым маячыў за сталом.

 

Трымаў рукой лісток паперы,—

Здаецца, крыллі ў ім былі,

Натоўп уважным вокам змераў:

— Я вам, брацішкі, аб зямлі...

 

У гурт узбуджаны, вясёлы

Кідаў ён словы нараспеў,

Але й яго нястрымны голас

Было зрываўся і дрыжэў.

 

І хоць чытаў матрос не вельмі:

Збіваўся, блытаўся не раз,

А скончыў — людзі загудзелі,

Агонь у лямпе ледзь не згас.

 

Паперу ледзь не кожны мацаў:

— Чытай, матрос! Чаго прыціх?..—

І той праз ноч шурпатым пальцам

Вадзіў па словах агнявых.

 

Пыталіся, нібы ў маленні:

— Скажы нам, добры чалавек,

А хто такі таварыш Лепін?

— Той, хто зямлю вам даў навек!

 

ПА РОДНЫХ МЕСЦАХ

Бор, палеткі, гаі,

Песня родная матчына,

Кут бацькоўскай зямлі,

Дарагая Ушаччына.

 

Чым пацешыш мяне

Ды якімі навінамі?..

Рад, што зноўку іду

Я тваімі мясцінамі.

 

Ты гаворыш са мной

Азярцом, ручаінкаю...

Ты гаворыш са мной

Нават кожнай расінкаю.

 

Аганькамі рабін

Твае ўсмешкі азначаны.

Ты другая цяпер,

Дарагая Ушаччына!

 

Знаў я хмурай цябе

Ў дні цяжкія, хаўтурныя,

Знаў я хаты твае

Абымшэлыя, курныя.

 

Знаў палоскі твае,

Анікім не араныя,

Знаў я сцежкі твае,

Скрозь крывёй паліваныя.

 

Знаў я слёзы твае

Несупынныя, срэбныя,

Знаў я долю тваю

Непамысную, зрэбную.

 

Знаў галоднай цябе

І нашчэнт зрабаванаю,

У рубцах, пісягах,

У лапцях затаптанаю.

 

Але ўсё і ў цябе,

Як на свеце, мяняецца —

Сорак год, сорак год

Маякамі ўзнімаюцца.

 

Зыркім бляскам святла,

Думкай мудрага Леніна

На абшарах тваіх

Ўсё як ёсць апраменена.

 

Слаўна сёння ты ўся

Не парчой, аксамітамі,

Не малочнай ракой,

А людзьмі працавітымі.

 

Свежай рунню жытоў,

Маладосцю гарачаю,

Шчырым, простым жыццём,

Яснай доляй і працаю.

 

Я іду між палёў.

Жнуць машынамі дбайнымі,

Трактары навакол

Размаўляюць з камбайнамі.

 

Я з чародкай дзяцей

Вельмі рады прывеціцца,

На пагорку здалёк

Школа вокнамі свеціцца.

 

Правады,

правады

Па шляхах павуцінамі,

Пад Ушачкай-ракой

Гул працяжны турбінавы.

 

Новы дзень, новы спеў,

Ўсё нанова зыначана.

Ты другая цяпер,

Дарагая Ушаччына.

 

Хай не заўжды табе

І спрыяла і годзіла,

Ты мужнела ў баях,

Ні на крок не адходзіла.

 

Ты жыла, ты расла

Ўвысь зялёнымі кронамі

Сорак год, сорак год

Пад сцягамі чырвонымі!

 

ЖУРАВЫ

Над маёй галавой журавы,

Клічы даўнія,

Клічы знаёмыя...

Ну, куды адлятаеце вы?..

Застаюся засмучаны дома я.

 

Адлятаеце часта чаго?

Валасы мае ўсе абмарозілі.

Колькі год вы з дзяцінства майго,

Колькі год

Вы з сабой паадвозілі?

 

За марамі, за горамі зноў

З вамі сонца

І лета сустрэнуцца,

А гады, хоць і з цёплых краёў,

Да мяне ўжо ніколі не вернуцца!

 

ЖАЎРУК

Жаўрук, жаўрук!

Ты малайчына,

Цябе за сціпласць я цаню —

Хоць у зямлі

Твая хаціна,

А ты ўзляціш увышыню,—

І, хай не трэллю

Салаўінай,

Ускалыхнеш нямую ціш,

Ды цэлы дзень

З бяздоннай сіні

Ты, як званочак, нам звініш.

 

ЧОРНЫ КРУГ

Сілы чорныя на свеце,

Ненавіснікі жывога,

Сотні катаў і кацюг

Ладзяць базы для знішчэння,

Вакол нас узвесці хочуць

Чорны круг.

 

Ёсць прыслужнікаў нямала,

Што за долар прадаюцца

І гатовы да паслуг.

Што ім кроў дзяцей і матак,

У вачах адно свіціцца

Чорны круг.

 

Але ў нас сяброў мільёны,

Што за мір ўзнімаюць сёння

Неадольны грозны рух.

І не ўдасца ліхадзеям

З ланцугоў свабодзе сплесці

Чорны круг.

 

Шмат байцоў за мір і волю

Між людзей сям’і вялікай

На паўкулях земных дзвюх.

Хай забойцы памятаюць:

Можа быць на тоўстай шыі

Чорны круг,

Чорны круг!

 

ВОСЕНЬ

Ходзіць восень ў свіце шэрай,

З непагодных хмар сатканай,

Распусціла ветры-косы

Над палямі, над барамі...

Ходзіць злосная, плюецца,

Лісце жменямі шпурляе...

 

Толькі сонца не здаецца,

Прабіваецца праз хмары,

Улагоджвае старую.

Дзень, другі нервуе восень,

А пасля паспакайнее,

Стане добрай і ласкавай.

 

Заспявае, засмяецца,

Світку ўздзене залатую

З лісцяў вогненных кляновых;

У рабіне яркай шчокі,

І глядзяць крыніцы-вочы

Так задумліва на неба.

 

Добра ў гэткі час на вёсцы —

Скрозь стагі саломы, сена

Восень звонкую вартуюць.

Дзе-нідзе агні на полі.

Там у прысаку гарачым

Бульба смачная пячэцца.

 

Ходзіць восень чыстым борам

У сукенцы верасовай,

З кожным дрэўцам пагамоніць,

Ажно свеціцца, здаецца,

Мох сівы на даўніх соснах...

. . . . . . . . . . . . . .

Я сваю вітаю восень!

 

КРОПЛЯ

Дождж прарваўся з ветрам

У спякоту,

Па пясках ударыў

Буйным шротам.

За адно імгненне,

За хвіліну

Перамыў лістоту на галінах,

Пачапіў на кожнае іглінцы

Па адной засмучанай

Слязінцы.

 

Прашумеў. Суняўся.

Ціха стала.

І слязінка кожная зайграла.

Колькі ў кроплю

Фарбаў назаткана,

Быццам свет увесь у ёй сабраны:

Поле,

Луг,

Сады ўсяго пасёлка,

І рака,

І неба,

І вясёлка!

 

А ПОМНІШ, МОЙ ДРУЖА!

Сягоння ў народа

Прыгожыя мары,

Навокал сады расцвілі...

А помніш, мой дружа,

Пажары, пажары,

Як бомбы над намі гулі.

 

Мы бачылі гора,

Мы зносілі раны,

І слёзы ліліся ракой...

А помніш, выходзілі

Мы партызаніць,

На смелы збіраліся бой.

 

Раслі і мужнелі

Атрады, брыгады,

Суровы і грозны быў час...

Ты помніш напады,

Жалезку, засады,

Як беглі фашысты ад нас.

 

Мы катаў разбілі,

Засеялі поле,

Навокал сады расцвілі...

Клянёмся, што болей

Фашыстам ніколі

Не быць на савецкай зямлі!

 

НА БРАСЛАЎШЧЫНЕ АЗЁРЫ...

На Браслаўшчыне азёры

Сінія, як неба ўранні,

Што ў аправе ў гонкім лесе.

Па начах злятаюць зоры,

Мыюць твары да світання

І знікаюць ў паднябессі...

 

На Браслаўшчыне азёры

Чарацінамі затканы,

Усміхаюцца пад сонцам...

Глянеш сам, і нікне змора,

Дно, што ў золаце пясчаным,

Піў і піў бы з іх бясконца...

 

На Браслаўшчыне азёры

Як не бачыш год ці болей,

Так і хочацца сустрэцца;

Што б ні зведаў — горы, моры,

А азёраў тых ніколі

Не забыцца...

Любіць сэрца!

 

ПАХНЕ ЧАБОР...

Хіба на вечар той можна забыцца?

...Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,

Штосьці спявае пяшчотнае бор,

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы.

Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы,

Быццам абсыпана промнямі зор.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца.

Вось яно — блізкае, яснае шчасце,

Клікнуць хацелася — голас замёр.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Год адзінаццаць, а можа, дванаццаць

Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца,

Сэрца нязменна хвалюе дакор.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Час той схаваўся за дальняй гарою,

Здасца хвілінай — яна прада мною...

Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

МОЙ КРАЙ АЗЁРНЫ

Мой край азёрны, край люстраны,

З таемнай гутаркай лясной,

Чым да цябе я прывязаны,

Што ты заўсёды прада мной?

 

Гартаю час здалёку, зблізку,

Каб адшукаць той даўні дзень,

Калі пад спевы над калыскай

Пазнаў я пах смалістых сцен.

 

З тых дзён зрадніўся я з табою,

З табой з’яднаўся назаўжды —

На пасце торбай і трубою,

Ядою з хлеба і вады,

Салоўкі спевам на світанні,

Дзіцячай шумнаю гульнёй,

Чуццём юнацкага кахання

І ў полі першай баразной.

 

З табой зраднілі ручаіны,

На пожнях золкая раса,

І позірк сумнае хаціны,

І маці шчырая сляза.

 

Мой край азёрны, край люстраны!

І сёння я з табою ўвесь —

З палямі, з трактарам старанным,

З табою, неўгамонны лес.

 

Хіба яшчэ аб нейкім шчасці

Памарыць можа чалавек?..

Як неадлучны сын ад маці,

Вось так і я з табой навек!

 

 

ВЯСЁЛКА

Вясёлка ўстала над палямі,

Яе ты бачыш, можа быць?..

І мне здаецца,

Што між намі —

Вясёлка гэтая гарыць.

 

Адкуль краса яе бярэцца,—

З азёраў, з рэчак баравых?

— Не, і не з мора!

З нашых сэрцаў,

І акіян мяльчэй ад іх!

 

РУЧАЙ

Паміж вярбы,

караг,

асок

Плыве спакойны ручаёк.

Глядзіш,

а далей паміж лоз,

Што ўюн,

пятляючы,

папоўз...

І вось прарваўся

на пясок,

І ўжо,

як срэбны ланцужок,

Разгаманіўся,

і зайграў,

І распісаў тканіны траў.

А далей бор,

палі ў жытах,—

Прыгожы ў ручаінкі шлях!

Бывае —

ля запруд якіх

Як бы прыпыніцца

на міг,

Але пасля

цяжкіх размоў,

Прабіўшыся,

бяжыць ізноў,

Слоў рассыпаючы крышталь,

Бясконца ўдаль,

бясконца ўдаль...

Яму —

Не ў звычаі спакой,

Ён стане

поўнаю ракой,

Яму —

турбіны пакруціць,

Да мора сіняга

даплыць.

Да скал

грудзямі прыпадаць,

У штормы

караблі гайдаць...

А я люблю

лясны свой край,

Дзе срэбрам коціцца ручай,

І цешуся заўсёды тым,

Што рос адмалку

разам з ім!

 

ЛЕДАКОЛУ «ЛЕНІН»

І вось ты па хвалях,

Плячысты, высокі,

А сілаю сэрца — сапраўдны тытан,

Гатовы ў дарогу да рэйсаў далёкіх...

Плыві,

Прад табою ж увесь акіян!

 

Плыві цераз ночы,

Праз буры ліхія,

Вядзі за сабою сяброўства і мір,

Выходзь жа!

Выходзь жа насупраць стыхіі,

Як супраць стыхіі ішоў правадыр!

 

Плячамі рассоўвай

Горы-ільдзіны,

Хай цемру знішчае святло тваіх воч,

Каб так,

Як прад ленінскім зрокам арліным,

Знікала стагоддзяў праклятая ноч.

 

Не бойся нягодаў,

Плыві праз туманы,

Нясі камунізма нягаснучы кліч.

Ты здзейснены водгук

Тых думак-маланак,

Што выкрасаў з сэрца

Наш родны Ільіч!

 

 

ТЫ, МАЯ ПЧОЛКА

Ты, мая пчолка,

З табою не ведаю скрухі:

 

Ты, мая пчолка,

Гудзіш і гудзіш мне на вуха.

 

Знаю цябе я,

Што ты ад маленства такая,

 

Толькі ні кроплі,

Ні кроплі я крыўды не маю.

 

З першым праменнем

Свае распраўляеш ты крыллі,

 

Гукаеш мяне,

Каб разам мы ў полі кружылі...

 

Трутнем не быў я,

З табою мы зладзілі хату,

 

Кут наш прывабны,

Хай жа ён роіць багата,

 

Хай жа спявае

Ад рання ажно да заходу.

 

Ты, мая пчолка,

Не бойся ніякай нягоды!

 

Здарыцца, трапіш

На злосную хвалю якую,—

 

Лісцікам лягу,

Сярод акіяна ўратую.

 

Стэпам бязводным,

Мо будзеш губляць свае сілы,—

 

Стану расінкай,

Каб смагу збыла, наталіла.

 

Часам, мо стрэнеш

Цяжкія, ліхія віхуры,—

 

Стану скалою,

Цябе прыхаваю ад буры.

 

Ты, мая пчолка,

Не джаліш, а звоніш ласкава.

 

Звон твой руплівы

Слухаюць кветкі і травы!

 

БЯРОЗА... БЯРОЗА...

Бяроза, бяроза,

Год дзвесце шумела...

Настала часіна —

І ты аблысела.

Сухія галіны, што космы сівыя.

Стаіш ты, журботна згінаючы шыю,

Пажоўклае лісце шапоча ў трывозе...

Як тая бабулька, стаіш пры дарозе.

І думы ўсплываюць:

Бяроза, бяроза,

Была ты калісьці

Гамонкай, прыгожай,

У белай сукенцы шумела высока,

Паіла людзей цудадзейлівым сокам.

Бухматага голля шумлівыя шаты

Нямала здружылі хлапцоў і дзяўчатаў.

І вось ля цябе,

Як ля добрае маткі,

Бярозкі ўзняліся,

Як тыя дзяўчаткі,

Зялёнымі хусткамі плечы прыбралі,

Пабеглі, пабеглі ў бясконцыя далі

І гуртам, і ўроссып, і роўна радамі...

Аб тым, як жывеш ты, гамоняць з вятрамі.

Бяроза, бяроза

Старэнькая ў полі,

Цябе і такой

Не забыцца ніколі,

І я да цябе завітацца імкнуся,

Як кожную весну вяртаецца бусел,

Гняздо папраўляе, гадае аб дзецях...

Для нас ты, бяроза,— адзіная ў свеце!

 

У КРАІ ЗЯЛЁНЫМ...

 

Аляксандру Пракоф’еву

 

Гаманлівых рэк узоры

Леглі дзіўнаю разьбою,

Пералескі, поле, гай...

Як пабачу сінь азёраў,

Як павее смольнай хвояй —

Свой, азёрны ўспомню край.

 

Я нямала зведаў свету,

Бачыў гор надхмарных высі,

Кіпарысаў шум пазнаў,

А куток наведаў гэты —

Дык падумаў: «Тут радзіўся б,

Пэўна б я не шкадаваў».

 

Тыя ж нівы, тыя ж росы,

Песня ў полі разлілася,

Што званочак,— не спыніць...

З кім мне быць ні давялося,

Так здавалася,— спытайся,

Стане казку гаварыць.

 

Дружа! У краі зялёным

Я нямала меў уцехі:

Пад паўночнаю зарой,

На сцяжынках і на чоўнах,

Дзе ні йшоў я, дзе ні ехаў,—

Чуў я голас, голас твой!

 

ПАЭЗІЯ

І крытыкі і песняры

Ад рання і да рання

Таўкуць, як мак той камары,

Адзінае пытанне:

 

Каб мець карысць, належны плён,

Каб чуць яе душою,

Паэзія сучасных дзён

Павінна быць якою?

 

Сябры, навошта словы драць,

Як з той кары бяросту,

Калі як след паразважаць,

Дык гэта вельмі проста —

 

Паэзіі плысці ракой,

Цячы крынічкай жвавай,

Як на вяселлі маладой,

Заўсёды быць цікавай.

 

Дзяўчом у песенным садку,

Вясёлай, златакудрай

Ды, як сівенькаму дзядку,

Разважлівай і мудрай.

 

Нібы арлу, ўзлятаць, крыляць,

Мінаць цясніны, кручы,

Падобнаю да салаўя

Заўсёды быць — пявучай.

 

Не знаць прыпынку анідзе

Ні днём, ні ноччу цёмнай,

Быць, як асілку між людзей,

Магутнай і нястомнай.

 

Імкнуцца праўду расказаць

Заўсёды сэрцам чыстым,

Каб, як дзіцячая сляза,

Быць шчырай і празрыстай.

 

Паэзія, твой крок чуваць,

Твой стан, здаецца, бачу!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

А як цябе мне адшукаць —

Нялёгкая задача!

 

 

БЕЛЫ БАРАБАНШЧЫК

Злосная мятлюга,

Злосная мятлюга,

Злосная мятлюга

Кружыцца, гудзе...

 

Белы барабаншчык,

Белы барабаншчык,

Белы барабаншчык

Па зямлі ідзе...

 

Ён у свіце белай,

Ён у шапцы зорнай,

Да нябёс высознай,

Выйшаў у паход —

 

Пахаджае смела,

Грукне — грукнуць бёрны,

Грукне — грукнуць сосны,

Грукне — кракне лёд.

 

З барабанам-звонам

Ходзіць ён шляхамі,

Барадой калючай

Шчыплецца да слёз —

 

Грозны, неўгамонны,

З доўгімі рукамі,

Што агонь, пякучы —

Студзеньскі мароз!

 

ПРА ВОЧЫ

Ты кажаш, вочанькі ў яе

Блакітныя,

Нябёсныя!

А я іх бачыў, браце мой,

Віхурнымі і злоснымі.

 

З вачэй, ты кажаш, сінь плыве,

Душу тваю

Лагодзячы,

А я ў іх штормы праплываў,

На бераг ледзь выходзячы.

 

Ты кажаш, з воч пяшчоты піў,

Яны былі

Бязмежнымі,

Мяне ж праз іх агонь паліў,

Што ў жар кідала ў снежані.

 

Ды не крыўдую я, дарма,

Бо многа ў іх —

Прынаднага,

Без бляску гневу ў іх няма

Святла таго сапраўднага.

 

Я вочы гэтыя пазнаў

І вёснамі

І восенню,

Што ў іх на змену хмар ідуць

Усходы яснай просіні.

 

ДАРАГАЯ БЕЛАРУСЬ

Слаўлю я свой край любімы,

Незгасальную зару.

Як ты сэрцу майму міла,

Дарагая Беларусь!

 

Залацістыя прасторы,

Незлічона ясных зор,

Рэкі ціхія, азёры,

Галасісты шумны бор!

 

Ты нас ласкай атуліла,

І я ў шчасці гавару:

Як ты сэрцу майму міла,

Дарагая Беларусь!

 

Не магло мне і прысніцца,

Як ты, родная, ўзрасла.

Паглядзі, твая сталіца,

Быццам казка, расцвіла.

 

Наша радасць, наша сіла,

Дзе для ўдзякі слоў збяру?

Як ты сэрцу майму міла,

Дарагая Беларусь!

 

 

КАМСАМОЛЬСКІЯ СЭРЦЫ

Камсамол, маладосць,

Шлях юнацкі, узлётны,

Скрозь дарогі твае,

Ні канца ім, ні краю.

Хіба сорак табе,

А мне болей паўсотні?

Ты ж такі малады,

Я старэць не жадаю.

 

Што я стаў пераросткам,

Не вынось мне вымовы,

Можаш ты, можаш ты

Мне паверыць, здаецца,—

Я кажу, як даўней

У ячэйцы вясковай,

Што я й сёння юнак,

Камсамолец па сэрцу.

 

Камсамол! Я твой друг,

Выхаванец і вучань.

У кагортах тваіх

Хай не быў я героем,

Ды ішоў праз гады,

Як праз горныя кручы.

Дзе б ні быў ты ў шляхах —

Быў заўсёды з табою.

 

Помню першыя дні,

Што жыццё ўскалыхнулі,

Успаміны пра іх

Так мне дорагі, любы —

Ружы цвет, як сцяжок,

На кужэльнай кашулі

І прыгнуты казыр

Пад узвіхраным чубам.

 

Можа, хто нам і слаў

У дарогу праклёны,

Свет стары ў неспакоі

Вылупліваў бельмы.

Мы ішлі, адляталі

Нашчэнт забабоны,

І кулацкі абрэз

Не палохаў нас вельмі.

 

Колькі спраў ні было

Баявых,

незвычайных,

Даставала на ўсё

Камсамольскага гарту,

Штурмавалі як след

Навуковыя тайны,

Хоць не ў ранніх гадах

Мы сядалі за парту.

 

Уставалі з гадоў

Слаўных дзён камунары,

Гадавалі ў грудзях

Непахіснасць, адвагу.

У жаданы прастор

Светлых думак і мараў

Заклікаў камсамол,

Вёў пад ленінскім сцягам.

 

Нам здавалася, век

Будзем мы маладымі,

Што ніколі з табой

Не зазнаем разлукі.

Ды праходзяць гады —

Ўсё мяняецца з імі,

Камсамольскі значок

У сыноў і ва ўнукаў.

 

Праўда ленінскіх слоў,

Мазалі на далонях,

Нібы ў сталі брусок,

Ім пасобілі зліцца.

І стаіць іх сям’я

Супроць буры сягоння.

Маладою сям’ёй

Можам мы ганарыцца.

 

Многа ў нас маладых,

У свой край улюбёных,

Маладых, баявых,

Маладых, працавітых.

Пад сцягамі палкоў

Іх гукаюць імёны,

Ў даль стагоддзяў яны

Паглядаюць з граніту.

 

Ім граніцы няма —

Ўсё павінна скарыцца,

Іх жаданням ў грудзях

Неспакойна і цесна.

Дзе плаціны ўстаюць,

Дзе прастор каласіцца,—

Скрозь гучыць, скрозь гучыць

Камсамольская песня.

 

Камсамол! У цябе

Неабсяжныя планы,

Свет штораз прад табой

Раскрываецца болей —

Хочаш, месяц штурмуй,

Пралятай акіяны.

Ад імкненняў тваіх

Не адстанем ніколі.

 

Хоць адбілі гады

Нас пячаццю сівою,

Не зважай, бо яшчэ

Добра ўмеем змагацца.

Бачыш, пульс малады,

Сэрца ў нас маладое,

Дык лічы, што заўжды

Мы ў кагорце юнацтва!

 

 

* * *

Вось і лета сышло,

Адспявалі калоссі,

Цяжка нам заўважаць,

Як з’яўляецца восень.

 

Непрыкметна зусім

Прыплыве павуцінкай,

Гляне жоўтым лістком

З-пад зялёнай хусцінкі.

 

Усплыве туманом

Над рачулкаю соннай,

Устрывожыць дымком

З пахам бульбы пячонай.

 

Зачаруе агнём

Маладзенькай рабіны,

На адлёце крылом

Памахае бусліным.

 

А пасля,

А пасля

Ліст апошні сарвецца...

Ды не знаю, чаму

Ты мне, восень, па сэрцу!

 

 

* * *

Чырваніць, чырваніць, чырваніцца рабіна,

На лясы, на лясы паплыла павуціна.

Галасы, галасы — ветравыя спяванкі,

Верасы, верасы вераснёвага ранку.

 

Адцвілі, адцвілі, абсыпаюцца кветкі,

Што кажы не кажы, засынаюць палеткі,

У цішы, у цішы гай стаіўся пахмуры,

А ў душы, а ў душы не сцішаецца бура.

 

 

СА СТАКГОЛЬМСКАГА СШЫТКА

 

 

1. МЫ З ХІРАСІМЫ

Гэта не можа,

Не можа забыцца,

Што я пабачыў

У шведскай сталіцы,

Тое, што кінула

Горасны боль мне —

Летам у часе кангрэса

Ў Стакгольме.

 

Ранкам аднойчы

Ішоў я з сябрамі,

Дзень быў пагодны —

Сонца з вятрамі,

Сонца на плошчах і вуліцах

Грала,

Кожная дзеўчына

Кветкаю ззяла.

 

Ім падпявала

Сіняе мора,

Дзе тое ў свеце, здавалася,

Гора?

Толькі нядоўга ў нас радасць

Гасціла:

Шэсце жалобнае

Нас прыпыніла.

 

Бубен узняты

Рукамі худымі,

Надпіс кароткі:

«Мы з Хірасімы!»

Ціхія, сумныя

Крочаць японцы...

Чорным здалося

На небе нам сонца.

 

Засцерагае бубен

Ад смерці,

Гукі нам раняць

Самыя сэрцы:

— Людзі, сябруйце,

Будзьце жывымі,

Мы з Хірасімы!

Мы з Хірасімы!

 

Бубен гамоніць

З намі, здалося:

— Бачыце, колькі

Нас засталося,

Нашыя вочы

Апушчаны долу,

Быў жа наш горад

Шумны, вясёлы...

 

Гэтак жа звалі

Гулкія плошчы,

Цешылі сэрца

Юныя вочы,

Кветкі гарэлі

Ў яркім суквецці,

Паркі шумелі,

Бегалі дзеці.

 

Дзесьці калыску

Маці люляла...

Міг.

І нічога.

Нічога не стала!

Шэсце пракрочыла,

Шэсце мінула...

Толькі спакою

Душа не адчула.

 

Глыбей на сэрцы

Адкрылася рана.

Буду на свет я

Крычаць несціхана:

— Д’яблаў не трэба

З бомбамі тымі.

Людзі,

сябруйце,

Будзьце жывымі!

 

 

2. АПОШНЯЕ ПАСЛАННЕ ФРЭДЭРЫКА ЖАЛІО-КЮРЫ

Мы ўсе чулі цябе,

Хоць быў голас не твой,

Разумелі, што сёння

Напружаны час,

Нашы сэрцы трывожыў

Крыху неспакой,

Што цябе не было

На кангрэсе між нас.

 

Суцяшала адно —

Часу мала такім,

Што прыехаць да нас

Не выходзіць калі,

Ты ж так горача жыў

Заўжды лёсам людскім,

Што аб ростані нат

Думаць мы не маглі.

 

Ты ў пасланні сваім

Гаварыў слушна нам,

Што пагроза знішчэння

Ўзнялася яшчэ:

Людзям, птушкам, звярам,

Рыбам, кветкам, садам,

Нават траўцы,

Што так беззадумна расце.

 

Заклік твой узлятаў

Над сусветам усім,

Што трывогі набат,

Уздымаўся і рос.

Хто б так мог бедаваць,

Думаць,

дбаць аб жывым,

Чалавецтву сябе

Ты ў ахвяру прынёс.

 

Мы ж цябе аднаго

Не маглі ўратаваць,

Над магілай тваёй

Нікнем мы галавой,

Толькі ў нас ты жывы,

Ты не можаш маўчаць,

Ты ў душы, ты ў крыві,

Ў кожнай кроплі жывой!

 

 

3. РАЗМОВА З НЕБАМ

Шляхам бясконцым, шляхам далёкім

Мкнуцца па небу, мкнуцца аблокі.

 

Колькі вы ўбачылі, зведалі свету,

Колькі пра вас праспявалі паэты!

 

З чым толькі ў песнях вас не раўнялі —

З ветразем белым, з сіняю хваляй,

 

З коннікам гордым, з дзевай-красою,

З казачным замкам, з горнай скалою...

 

Вы нас хвалюеце, будзіце мары,

Неба празрыстага светлыя хмары!

 

Роіце ў сэрцах думак багата,

Вас з-пад рукі выглядае араты,—

 

Смаглыя вусны шэпчуць у далі,

Каб вы жывучаю кропляю палі,

 

Каб вы людской не забыліся долі,

Каб напаілі вы колас на полі,

 

Яблыню ў садзе, луг шаўкавісты,

Кветку купальскую, клён шумналісты,

 

Каб вы абмылі бярозак бяросту,

Дзецям дадалі добрага росту,

 

Рэкам — імклівасці

І паўнаводдзя...

Так вас прасілі людзі стагоддзі.

 

Што ж гэта сёння ўзнікае трывога,

Хоць не змянілася быццам нічога?

 

Тымі ж вы ходзіце ў небе шляхамі,

З той жа красою плывеце пад намі;

 

Толькі чамусьці мы ў неспакоі,

Нас пачастуеце кропляй якою?

 

Можа, атрутаю горай змяінай

Вас начынілі па-над Бікіні?

 

Воблакі, воблакі! Сэрцу маркотна

Думаць, што з ліўнем плывеце смяротным.

 

Гэткага гора людзям не трэба,

Лепш павяртайце вы з нашага неба!

 

Дзе ж вам праліцца карай суровай?

Хто атруціў вас — тым на галовы!

 

 

4. ПАХОДНЯ МІРУ

Дзе цяпер вы, сябры, дзе вы ёсць на зямлі?

Толькі ўчора нібы мы ў Стакгольме былі,

 

Дзе збіраўся кангрэс добрых сэрцаў людскіх,

Шмат трывог і клапот непакоіла іх.

 

Колькі вас, колькі вас там было, змагары!

Біўся ў бераг прыбой і ў фіёрды вятры,

 

Рэха гоманаў тых аж да сонца плыло,

Ды мацней, ды мацней наша слова гуло.

 

Колькі палкіх вачэй, маладых і старых!

Неба розных краін адбівалася ў іх.

 

Сагравалі ж усіх мары, думы адны:

— Дружба — мір, дружба — мір,

непатрэбна вайны!

 

І пад клічам такім ззялі твары людзей,

Быццам блізкі Гальфстрым прыплываў да грудзей.

 

Як паходня адна, разгараўся наш кліч:

— Падбухторшчыкаў войн сутрымаць і спыніць!

 

Ад паходні тае нашых думак і спраў

Кожны з нас аганьком паляцеў, пашугаў...

 

І між джунгляў густых, між пустынь і ў гарах

Бачым кожнага з вас ва ўсіх свету краях.

 

Паміж змроку маны, між халодных вачэй

Расшугаліся вы ўсё ярчэй і ярчэй,—

 

Жорсткіх, злосных людзей лепш абрысы відны,

Нікнуць здані вайны, нікнуць здані вайны!

 

Але многа яшчэ ў свеце злыдняў ліхіх,

Дык давайце ж усе не спыняцца на міг,—

 

Каб на свеце людзей не адолела зло,

Каб жывое расло, каб жывое цвіло!

 

 

ЧАГО НЕ ДАКЛЯРУЮ...

Таварышу я ўсё аддам,

Лепш дружба, чымся сварка,

Усё, як кажуць, напалам —

Кашуля,

хлеб

і скварка.

 

Сябра не кіну анідзе,

Гатоў, бяда здарыся,

Пуд солі з’есці у бядзе,

Што па лязу прайсціся.

 

Магу за дружбу пасці сам.

Чаго ж не даклярую —

Кахання к любай не аддам

І здрады не дарую!

 

 

ВАЛАТОЎКІ

Як восенню ўзгоркі засцелюцца золатам,

Паміж валатовак блукаць я люблю,—

А ў тых валатоўках волаты, волаты,

Што леглі калісьці за нашу зямлю.

 

З іх кожны здаецца магутным, высозным,

З такімі мячамі, што хмар дастаюць...

Сягоння ж дубы векавыя і сосны

Аб подзвігах даўніх размовы вядуць.

 

І ветры аб храбрых гудуць прад зарою,

І песня над родным прасторам звініць

Пра племя магутных нашчадкаў-герояў,

Што здолелі продкаў надзейна змяніць.

 

Іх, можа, адна толькі думка дагоніць,

Ім суджана ў далях міжзорных крыляць...

Ніколі такую зямлю не палоняць,

Што гэткіх асілкаў магла ўзгадаваць!

 

 

* * *

Мы хочам,

Мы хочам, паэты,

Пра сіняе неба спяваць.

А неба цікуюць ракеты,

Гатовы яго расстраляць.

 

А трэба,

Каб дружна паўсталі

Паэты, не знаўшы граніц,

І словам, мацнейшым ад сталі,

Ўзняліся яго бараніць.

 

Каб яснага сонца

Праменнем

Яно, як заўсёды, жыло,

Каб сіняе неба нязменна

Дарыла святло і цяпло!

 

 

РОЗУМ

За гадоў мільёны ты, асілак,

Распазнаў як ёсць усю планету,

Сігануў, куды ўзляцець не можам.

Ты мацней за атамную сілу,

Прыгажэй усіх відовішч свету,

Ты стварыў іх — чалавечы розум!

 

Меж няма тваім узлётным крылам,

Прад табой магчымасцей мільёны,

Акіян, што дробная крынічка...

Як цябе прырода адарыла,

Колькі скарбаў маеш незлічоных,

І на ўсё асобная палічка.

 

Праца, ўмельства — ўсё, чым ганарышся,

Спеў, каханне, што ўзышло, што ўсходзіць,

Не злічыць нікому іх, дарэмна —

З хуткасцю імгненнай ты імчышся

Праз гады, а трэба — праз стагоддзі!

Лёт ракеты прад табой — нікчэмны!

 

Даімчыш да Месяца ты, чутна,

Чалавецтва праўдзе навучаеш.

І варожасць між людзей сатрэцца.

Сапраўды, адзін ты ўсемагутны.

Кажуць, сэрца многім уладае,

Без цябе — няпраўда, мёртва сэрца.

 

Ты завеш наперад пакаленні:

Недапісаны навук скрыжалі,—

Уладаеш сілай маладою.

Не спыняйся ж ты на разбурэннях,

Лепш ляці, ляці, імкніся ў далі,

Не знішчай, што створана табою!

 

ПРЫСЯГА СЭРЦАМ

Вечна я ўдзячны жытняму хлебу,

Чыстай вадзе з невялічкай крыніцы,

Лесу зялёнаму,

Сіняму небу,

Светлай рачулцы, што ў полі бруіцца,

 

Гулу кварталаў у сонца затканым,

Дзе я з гадамі ў жыцці гартаваўся,

Плошчам і вуліцам

Тым несціханым,

Дзе я з сябрамі здружыўся, пазнаўся,

 

Людзям з адкрытай і шчырай душою,

З кім давялося ў жыцці мне сустрэцца,

Краю,

Што роднай завём мы зямлёю,

Што Беларуссю так люба завецца!

 

 

РАЗВІТАННЕ

 

Памяці Якуба Коласа

 

Не, з гэтым не можам ніяк пагадзіцца —

Ты толькі на хвілю прылёг,

Спачываеш.

Ты ранкам устанеш,

Раскажаш, што сніцца,

І што-небудзь добрае зноўку параіш!

Ды смерць у жывых не пытаецца згоды,

І вось ужо льюцца

Жалобныя гукі.

Маўчыш ты —

Гараць аганькі ўзнагародаў,

Спакойна ляжаць працавітыя рукі,

Што поле аралі,

Што хлеб засявалі,

Што кветкі садзілі,

Прыносілі дзецям,

Што ставілі подпіс

За мір у сусвеце.

І хоць ты, маўклівы, не кажаш ні слова,

Мы знаем, ты марыш

Аб роднай краіне.

Дзве складкі глыбокія

Леглі між броваў,

Як быццам дарогі тваёй каляіны.

Стаім мы ў журбоце. З нас ведае кожны,

Што многа ў жыцці яны,

Многа спазналі,—

Бывала, што ў гневе ўздымаліся

Грозна,

А ў ласцы як быццам на момант знікалі.

Любіў ты жывое

Вялікай душою —

І гоман хлапечы,

І шчэбет дзявочы,

І смех несутрымны,

І ясныя вочы.

Нам сёння ніяк не стрымаць хвалявання,

Што болей ніколі,

Ніколі не стрэцца.

А ты быццам кажаш

Усім на расстанні

Пра тое, чым вечна жыло тваё сэрца:

Каб кожны вялікай любові не страціў

Да лёсу, да сілы,

Да славы народа,

Каб мы шанавалі

Зямлю, сваю маці,

Цяпер і заўсёды, цяпер і заўсёды!

І мроіцца вочам —

Устаў ты і крочыш,

Як быццам дасталі

Вады мы гаючай,

Што разам ты з намі

Ідзеш, неўміручы!

 

 

У СЯМ’І З’ЯДНАНАЙ

Змалку звалі цябе

Мы прыгожай радзімаю,

Беларусь, Беларусь,

Як ты сэрцу любімая!

 

Беларусь, пад табой

Неба з яснымі зорамі,

Паглядаеш на іх

Ты вачамі-азёрамі.

 

На тваёй галаве

Хустка ярка-чырвоная,

Ты ва ўборах лясоў,

Маладая,

зялёная!

 

А на ўбранні палёў

Вецер золата гушкае,

Расплыліся па ім

Рэкі сінімі стужкамі.

 

Ты ў нітах правадоў,

Быццам сонца агністае,—

Устаеш раніцой

Пад гудкі урачыстыя.

 

Між станкоў завадскіх,

Над шырокаю ніваю

Скрозь, да самай начы,

Ты за працай рупліваю.

 

То за трактарам ты,

То за гулкай вагранкаю,

А як трэба было —

Ты была партызанкаю.

 

Беларусь, Беларусь,

Баявая, старанная,

Бач, цябе, як сястру,

Сёстры славяць адданыя.

 

Сустракай жа гасцей

Ты расчыненай хатаю,

Выстаўляй жа на стол

Ўсё, чым толькі багатая.

 

Хай бяседа гучыць,

Быццам рэкі бурлівыя,—

У з’яднанай сям’і

Ты заўсёды шчаслівая!

 

 

СЕМ ДУБОЎ

 

Калгаснікі калгаса «Рассвет» у го­нар сямігодкі парашылі на спецыяльна насыпаным узгорку паса­дзіць сем дубоў.

З газет

 

Надыходзіць вясна.

Першы вымкнуў лісток,

Ды не змераць яе —

Сямі мілямі — крок.

Што ні дзень, дык яна

На другім рубяжы,

Чуем веліч яе

Хваляваннем душы.

І хоць гэта вясна

Крочыць скрозь маладой —

У калгасе «Рассвет»

Помнік ладзіцца ёй.

Пачынае вясна

Сем славутых гадоў,

Садзяць людзі на згад

Сем крамністых дубоў.

На шчаслівай зямлі

З лёгкай, дбалай рукі

Будуць спорна расці

Маладыя дубкі.

За гадамі гады

Пройдуць радасны шлях,

Сто гадоў —

сем дубоў

Разрастуцца ў плячах.

Іх вятрам не сагнуць,

Ані буры зламаць,

Сотні год

іх народ

Будзе сэрцам вітаць.

І ў гамонцы лістоў

Слухаць спеў перамог

Тых дубоў —

вестуноў

Нашых слаўных дарог!

 

АХ, ШТО ГЭТА ЗА ДЗЯЎЧЫНА!..

Можа, знаеце Мальвіну,

Што так хораша пяе?

Ах, што гэта за дзяўчына,

Што спакою не дае.

 

Устаю я ранкам сінім,

Ды раней яна ўстае.

Ах, што гэта за дзяўчына,

Што спакою не дае.

 

На рабоце ўсіх пакіне,

Хто ні гнаўся — адстае.

Ах, што гэта за дзяўчына,

Што спакою не дае.

 

Прыйдзе з працы да хаціны,

Хлопцы ўюцца ля яе...

Ах, што гэта за дзяўчына,

Што спакою не дае!

 

 

НА ЛІТОЎСКАЙ ЗЯМЛІ

Скрозь плывуць,

як плылі,

Песні

Тысячы год —

На літоўскай зямлі

Здаўна славен народ.

 

Ён імкнуўся спрадвек

З-пад ярма і прынук,

Просты жыў чалавек

Плённай працаю рук.

 

Ненавідзеў сваіх

Ён паноў і князёў

І ў суседскай сям’і

Біў не раз крыжакоў.

 

А фашысты прыйшлі,

Атрымалі урок —

На літоўскай зямлі

Іх засыпаў пясок.

 

Паспрабуюць калі,—

Атрымаюць яшчэ!..

. . . . . . . . . . . . .

Па літоўскай зямлі

Нёман-рэчка цячэ.

 

У магутнай красе,

Між палёў і бароў,

Нёман песні нясе

Ад усходніх братоў,

 

Што з’яднанай сям’ёй

Разам волю знайшлі,

Што з працоўнай Літвой

Заўжды ў дружбе жылі.

 

Пад чырвонай зарой

Шлях аднолькавы з ёй —

Мы з працоўнай Літвой,

Як з любімай сястрой.

 

Шмат здабыткаў важкіх

У яе праз гады —

Мора ніў залатых,

Ўвысь растуць гарады.

 

Разам мы ў барацьбе

І пачуццяў адных,

Мы прыйшлі да цябе

З песняй сэрцаў сваіх.

 

Слаўся, братні наш край!

Шчасным, радасным будзь!

Нёман, Нёман, спявай,

Чуеш — сэрцы пяюць!

 

Бачыш, хораша нам,

Сэрцы ў нас расцвілі.

Слава родным братам

На літоўскай зямлі!

 

 

АБ КРЫТЫЦЫ

 

Ёсць у нас крытыкі — сябры,

Да іх заўжды пашана.

Не, не такія, што бяры

Прыкладывай да раны.

 

А тыя, што пра творчы рост

Гудуць не ў лад хвалебны,

Бывае — зрэжуць і нарост

Якісьці непатрэбны,

 

Прадуцца гэблікам, скраблом,

Саб’юць сучкі якія,

Ды і не з тых, што мкнуць цішком

З нажом да самай шыі.

 

Навошта нам душой крывіць —

І на такіх ёсць мода,

Другой, як толькі ўсё счарніць,

Не знаюць асалоды.

 

Паэт агледзіцца пакуль —

Ягоны верш прыстукнуць,

Насыпяць погарбак пяску,

Яшчэ й нагой прытупнуць.

 

Каб зналі, што яны прайшлі,

Паставяць слупік лоўка,

Пакінуць надпіс, як калі —

Ці «сум», ці «лакіроўка».

 

І хоць нямнога ў нас такіх —

Нікчэмненькая кучка,

І я прайшоўся паміж іх,

Як праз дратоў калючкі.

 

Пачнуць скуголіць і вучыць,

Насупяцца пахмура.

Нямала, ўперад ідучы,

Паабдзіраў я скуры.

 

Няхай на целе ёсць сляды,

Іду я за паходняй,

Каб зліцца песняй назаўжды

З ракой душы народнай.

 

Не збіць нас з ладу махлярам,

Тым, што гандлююць словам,

Мы шчыра дзякуем сябрам

Праўдзівым і суровым.

 

АЙ-Я-ЁЙ!

Што я ўбачыў, што хаджу я

Сам не свой?

Ах. якая прыгажуня,

Ай-я-ёй!

 

Я гляджу, ў палон забраны

Той красой.

Што за постаць,

Што за тварык,

Ай-я-ёй!

 

Спавіла сваім паглядам

І хадой.

Што за вочкі,

Што за ручкі,

Ай-я-ёй!

 

Загубіў сваё я сэрца

І спакой.

Як адкрыцца,

Што сказаць мне,

Ай-я-ёй!

 

Покуль я круціў да болю

Галавой,

Падышоў аднекуль

Хлопец,

Ай-я-ёй!

 

Пад руку — і знік з дзяўчынай

За гарой,

А я ўслед гляджу,

Ўздыхаю:

Ай-я-ёй!

 

 

КАЛІ НА ЎСХОД Я РАНКАМ ГЛЯНУ...

Калі на ўсход я ранкам гляну

І смутак сэрца ахіне,

Я рад, што йдзе з-за акіяну

Насустрач сонца да мяне.

 

Яно было нядаўна, знаю,

Паміж маіх палёў, бароў,

І я, засмучаны, пытаю

Пра родных, блізкіх і сяброў.

 

Мне тут не соладка жывецца,

Магу аб доме толькі сніць...

А што цяпер у нашым свеце,

Якія там праходзяць дні?

 

Напэўна восень жоўтым шарфам

Гаі паспела апавіць,

І павучынне, быццам арфа,

Ў кутку зацішлівым трымціць.

 

Напэўна ў ноч, як ходзіць месяц,

У небе бліскае лядок,

І з вогнішча пад сінім лесам

Імкне, што з коміна, дымок.

 

Па вёсках лісцяў каруселі,

Стаяць ля кузняў трактары...

Відаць, у нас цяпер вяселлі,

Музыкі граюць да зары.

 

Відаць, байчэйшая з калгаса

Скакаць, спяваючы, пайшла...

І я пяю з хлапцамі разам

Аб тым, як ружа расцвіла.

 

Я чую — цягнуць: «Горка... горка...»

Няма ратунку маладым!..

Ды раптам крык сірэн Нью-Йорка,

І я ўжо ў свеце у другім.

 

А крык расце, як толькі можа,

Ніяк не ўцяміць розум мой,

Ну хто Амерыку трывожыць,

Навошта гэты неспакой!?

 

Жыві, сама як пажадала,

Не трэба пірагоў тваіх,

Каб толькі ты не выпаўзала

З драпежнай лапай да чужых.

 

Крыху мне толькі смешнавата,

Кажу я шчыра, не маню,—

Што той буржуй, нібы з плаката,

Ідзе па Трэцяй авеню.

 

І ў той жа час скажу, што горна,

І думак не магу пазбыць,

Што ў Гарлема прадонні чорным

Гібеюць чорныя рабы.

 

І, можа, сёння не прыстала

Табе выказваць погляд мой,

Але, Амерыка, нямала

Што след зрабіць яшчэ самой.

 

А я адным жыву бясконца,

Каб дачакаць хвіліны той —

Паплыць дамоў, да ўсходу сонца,

Дзе ўсім жаданы я і свой.

 

 

НА ЧУЖЫНЕ

Дык вось багатая чужына,

Глядзі, ледзь толькі паспявай.

Даўно мы чулі пра краіну,

Што ў ёй — нібыта самы рай.

 

Іду ў Нью-Йорку, пазіраю,

Вакол агні, агні гараць...

Не ведаю адносна раю,

А што багата — дык відаць.

 

Такіх вітрын нідзе не стрэціш...

Якіх там ні пабачыш цуд!

Відаць, што толькі ёсць на свеце,

Сабрана за стагоддзі тут.

 

І ўсё крычыць, кудысьці мкнецца.

У тым нямала пекнаты,

Ды мне, Амерыка, здаецца,

Залішне ганарышся ты.

 

Ты паглядаеш, як з узгорка,

Вядома пыха ўсім твая,

Паслухай жа, тваім Нью-Йоркам

Захоплены не вельмі я.

 

Праспекты, стрыты, што цясніны,

Як бы на мерку на адну,

Каля такіх прастораў сініх

Стаяць бы тут прыгажуну.

 

Ён мог бы фарбамі іскрыцца

І вежы стромыя ўздымаць,

А то каробкі-камяніцы

Пахмура-шэрымі стаяць.

 

І небаскробы цешаць мала,

Як тыя прывіды кругом,

Як быццам пашчапаў хто скалы

На часткі дужым калуном.

 

І тым агнём рэклам стракатых

Не мог Нью-Йорк мяне крануць.

Ну што з таго, што ён багаты?

Яму мы ведаем цану.

 

І хоць у сейфы Уол-Стрыта

Ліецца золата ракой,

Мы знаем, як яно здабыта,—

На ручаях крыві людской.

 

Усё здабыта пад прынукай,

Усіх пакут не прыгадаць...

Ёсць у твайго народа рукі,

І залатыя, што й казаць,

 

І пазайздросціш часам, можа,

Як на умельства паглядзіш.

Ды ён не ўвесь жыве ў раскошы,

Дарма аб тым на свет крычыш.

 

Яшчэ па нетрах цёмных, дымных

І ў ясны дзень вісіць смуга,

І за пахлёбкаю нішчымнай

Стаіць даўжэзная чарга.

 

Там боль, пакуты і пагарда,

І поўніць гнеў людскую кроў,

Іх мала радуюць мільярды

Тваіх тузоў-уладароў.

 

Хоць ззянне золата не змеркла,

Але чыё яно, чыё?

Каму тут рай, каму ж і пекла,

Тут, кажуць, кожнаму сваё.

 

А мы законамі другімі

Узгадаваны ў барацьбе.

Мой родны край, мая Радзіма,

Я так сумую па табе!

 

 

* * *

Зялёны клён лістотай гушкаў,

Ды час прызначаны прыйшоў,—

Спачатку ўспыхнула макушка

Асеннім золатам лістоў,

 

А потым скрозь запалымнеўся,

Нібы праменнем абняло,

Увесь заняўся, разгарэўся,

Мяне як жарам абдало.

 

А клён, здавалася, прыгадваў,

Як ён вясной і ўлетку рос,

Аж покуль вецер лістапада

Яго без жалю не абтрос.

 

І старасць нас усіх трывожыць,

Бо час няўмольны, час ідзе,—

Спачатку першая пароша

Табе на скроні ападзе,

 

Пасля, глядзіш, і зашарышся,

А там, чым болей ты жывеш,—

Так пабялееш, засвіцішся,

Як быццам снегам зарасцеш.

 

І ты, што срэбрам пазатканы,

Успамінаеш аб вясне,

Аж покуль час неўтаймаваны

Цябе да долу не прыгне.

 

З табою, клён, я разважаю,

З тваёй агністай галавой,—

Хіба не роўна расцвітаем

І разлучаемся з красой?

 

ХАРЫКЕЙН

Збівае з ног і валіць ветрам,

Зрывае дахі з хмурых сцен,

З далёкіх акіянскіх нетраў

Ідзе няўмольны харыкейн.

 

Не хоча ён нічым пагрэбаць,

Бярэ, што трапіцца яму,

Як быццам між зямлёй і небам

Усё належыць аднаму.

 

Але стыхію б’юць надзейна

Праменні сонейка праз век,—

Знікае сіла харыкейна,

І зноў смяецца чалавек.

 

ЖОРНЫ

 

Помню з маленства — досвеццем, рана,

З нашай істопкі, нізкай і чорнай,

Цішу калыша гул аднастайны —

Круцяцца жорны,

Круцяцца жорны.

 

Бачу я маці. Запылены скроні.

Кружачы жорны, быццам варожыць.

Камень ды з каменем нешта гамоніць,

Трушчыцца збожжа,

Трушчыцца збожжа.

 

Мы з нецярпеннем сочым за маткай,

Бо ў жыватах з учарашняга пуста.

Смачныя з рошчыны раннем аладкі,

Хай сабе з хрустам,

Хай сабе з хрустам.

 

Гэта ад жорнаў — не баімося,

Елі з мякінаю, елі з паловай,

Мала нам грызці чаго давялося —

Дзецям здаровым,

Дзецям здаровым.

 

З бульбы прамерзлай елі мы кашу

Ды паглядалі, ці зерне наліта,

Везлі на млын, ледзь дачакаўшы,

Новае жыта,

Новае жыта.

 

Я пазіраю, сеўшы паважна,—

Грае вада у разбезе віхорным,

І з басавітым гулам працяжным

Круцяцца жорны,

Круцяцца жорны.

 

Спіць на мяхах чарга на завозе,

Хтосьці на рэчку удаль паглядае,

Млын жа дрыжыць, як дзед на марозе,

Пыл асядае,

Пыл асядае.

 

Мельнік выходзіць. Дзівіцца строга.

Пылам аброс ён. Казачны быццам...

Часу дзяцінства, млына старога

Мне не забыцца,

Мне не забыцца.

 

Дзе ні бываю — ў горах, на моры,

Толькі пазнаю гул я маторны,

Чую, спяваюць, сэрцу гавораць —

Круцяцца жорны,

Круцяцца жорны.

 

 

А МЫ З ТАБОЙ НЕ ГАЛУБКІ...

Суседзяў ведаў я такіх,

Што на сябе маліліся,

А мы з табой не галубкі,—

Мы часта і сварыліся.

 

Ці шмат няшчырасці цаны?..

Хай звонку ўсё ў іх ладнае.

А мы не ведалі маны,

Кахалі па-сапраўднаму.

Прыгледзь за іх размоваю

Да прыкрасці ласкаваю,—

Слюнявяць, шэпчуць. Словы іх

Агідна-саладжавыя.

 

А мы прайшлі жыццёвы час,

Было між намі рознае,

Мы цалаваліся не раз

З прысмакам солі слёзнае.

 

І мусім шчыра гаварыць —

Трапляла й недарэчнае,

Ды ў нас нічым не астудзіць

Гарачыні сардэчнае.

 

 

СЦЯЖЫНКА ПАД НЬЮ-ЙОРКАМ

Усю Амерыку спазнаць

Мне аніяк не ўдасца,

А вось ёсць сцежачка адна,

На Астэр-Бэйскай дачы.

 

Я з ёю хораша дружыў —

Пасля Нью-Йорка тлуму

Я многа ёю пахадзіў

І многа перадумаў.

 

Блукаў засмучаны па ёй

Не раз я раніцою,

Шумелі клёны нада мной

І гаманілі хвоі.

 

І быццам аб сваёй вясне

Я чуў ў хвіліну тую,

Сцяжынка нагадала мне

Сцяжыначку другую,

 

Якая мне даўжэй, шырэй

Усіх шляхоў шырокіх,

Якая мне за ўсё бліжэй,

Хоць ад мяне далёка.

 

Гудзіць над ёй дрымотны бор,

Гамоняць сосны з дубам,

Бяжыць яна паміж азёр

На бацькаўшчыне любай.

 

Бяжыць паміж гаёў, кустоў,

Што ўюн, па лузе ўецца

У той мясціне ціхай, што

Ушаччыпай завецца.

 

Яна мне ёсць і ў гэты час,

Як і была, адзінай,

Па ёй матуля ў першы раз

У свет вяла з хаціны.

 

Ды свет канчаўся мой, аднак,

Непадалёк задужа.

Хто мог бы думаць, што яна

Вакол зямлі абкружыць?

 

Што пройдзе сёлы, гарады

(А з ёй гады прамчалі),

Што прывядзе мяне сюды,

За акіяна хвалі.

 

І хоць сягоння па другой

З цікавасцю гуляю —

Адну люблю я ўсёй душой,

Адну я ўспамінаю.

 

 

МАЯКОЎСКІ КАЛЯ БРУКЛІНСКАГА МОСТА

Ён праразаецца здалёк

Агнёў рэкламным крыкам.

Вялікі, кажуць нам, Нью-Йорк,

І сапраўды — вялікі.

 

У небаскробаў гонкі рост,

Ну што ж, размах заморскі.

А вось і Бруклінскі той мост,—

Стаіць наш Маякоўскі.

 

Хачу яго я запытаць,

З дарогі ён з якое.

І небаскробаў не відаць

Мне за яго спіною.

 

Што небаскроб яго даўжэй,

Праверыць можна мерай,

Ды Маякоўскі іх вышэй,

Я ў гэта цвёрда веру.

 

Яго ж няма. А каб ён жыў,

Ён свету б нёс надзею.

Я веру, ён напэўна б быў

У нас на асамблеі.

 

Кляйміў бы гнеўна ён вайну,

Мір бараніў з запалам,

Ягоны б голас скалануў

ААНаўскую залу.

 

Узмахам волатнай рукі

З прамоў зрываў бы краты,

У крэслы б заганяў цвікі

Прадажным дыпламатам.

 

Зляталі б словы-валуны,

Яны б людзей кранулі,

Каб не было нідзе вайны,

Нідзе на земнай кулі.

 

І я гляджу сягоння днём

На мост, што ім успеты.

Шуміць Іст-Рывер пад мастом,

На ім няма паэта.

 

Ды толькі між стальных станін,

Я чую, крокам дужым

Праходзіць ён, грамадзянін

Савецкага Саюза.

 

 

* * *

З нас кожны памыляцца можа,

На сэрцы горыч ды імжа.

Здаваўся сябра мне прыгожым

І гэткім чыстым, як сляза.

 

Калі ж пазнаў бліжэй, без меры

Узбунтаваўся розум мой,—

Увесь ён з бруду і кар’еры

За прыгажосцю паказной.

 

Я вельмі рады развітанню,

Але цяжар яшчэ нашу,—

Хаджу атручаны дазвання,

Бы нехта плюнуў у душу.

 

 

ВАЙСКОВЫ АРКЕСТР НА БРАДВЕІ

Вайсковы аркестр

на Брадвеі расквечаным грае,

Трубы грымяць,

трубы хлапцоў у салдаты склікаюць.

Скачуць рэкламы,

скачуць у небе высокім.

Дзьмуць музыканты,—

здаецца, што трэснуць іх шчокі.

Трубы блішчаць,

толькі ярчэйшае золата, можа,

Быццам гавораць:

нідзе, як у нас, не прыгожа!

Вайсковы аркестр грае,

грыміць на Брадвеі багатым:

— Будзеш шчаслівым, «джы-ай»,

хораша сёння салдатам.

Свет ты аб’едзеш вакол,

многа цікавага ў свеце...

Хочацца мне ім сказаць:

— Хлопцы, тым трубам не верце!

Лепей паверце вы мне,

я-то напэўна ўжо знаю,

Вунь у будынку ААН

колькі людзей засядае,

Шмат з іх спазнала вайну,

шмат іх вайна шкуматала,

Многія бачылі з іх

гора людскога нямала,—

Бежанцаў, горкіх калек,

родных, аддадзеных смерці...

Хочацца мне вам сказаць:

— Хлопцы, тым трубам не верце!

Хай ветэраны вайны,

што засталіся жывыя,

Шчыра раскажуць усім —

трубы у бітвах якія.

О, тыя трубы гудуць,

граюць занадта ўжо звонка,

Сківіцы крышаць яны,

рвуць у вушах перапонкі.

О, тыя трубы гудуць,

граюць занадта сурова,

Ногі ламаюць яны

і адрываюць галовы.

Там, дзе спявае жыццё,—

робіцца чорна і гола.

Бразнем жа трубы вайны,

бразнем жа, хлопцы, да долу.

Хіба на згубу другім

рукі нам дадзены нашы?

Хай жа па свеце па ўсім

мірныя граюцца маршы,

Прэч назаўсёды вайну,

болей не трэба салдатаў.

Гляньце, вунь побач ідуць,

што за красуні, дзяўчаты.

О, што за позірк вачэй,

смех неўгамонлівы, весні!

Хлопцы, хай трубы для вас

граюць вясельныя песні,

Каб у прыгожым жыцці

год адыходзіў за годам...

Бразнем жа трубы вайны,

бразнем на дол назаўсёды!

 

БЯРОЗАВЫ ГАЙ

 

К. В. Кісялёву

 

 

Іду між кедраў і платанаў,

На іхні рост дзіўлюся я,

І раптам, побліз акіяна,

Бярозак стрэлася сям’я.

 

Стаяць няўпэўнена, худымі,

Як бы не звыклі да зямлі,

Як бы з палёў маёй радзімы

Пагасцяваць сюды прыйшлі.

 

Хаджу, расчулены, па гаю,

Шкада мне тоненькіх бяроз,

І разам з імі паглядаю

Туды, дзе я калісьці ўзрос.

 

 

ЯК МЫ РАЗМАЎЛЯЛІ СА ШПАКОМ

Як толькі-толькі на світанку

Раса страсаецца з лістка,

Я сустракаю ў парку ранкам

Амерыканскага шпака.

 

Птушынай моваю асобнай

Журчыць ручайкай, чарадзей,

Як ён да нашага падобны!

Мо брушка крышачку святлей.

 

Ён той сцяжынкаю гуляе,

Якою я праходжу шмат,

І я кажу яму:— Ці знаеш,

Ёсць у цябе за морам брат.

 

О, ён мастак у нас на спевы,

Захоча — сыпне салаўём!

Яшчэ няма лістоў на дрэвах,

Хлапцы яму узводзяць дом.

 

Той дом лагодзіць наша вока.

Што больш узрушыць нас магло б,—

Стаіць на жэрдачцы высока,

Ну, не такі, як небаскроб,

 

Але не горш уладкаваны.

На сонцы сцены зіхацяць.

З акном там дзверы аб’яднаны,

Затое ганак, што й казаць —

 

Прымайстраваны спрытна, лоўка,

Мацуе цвік яго як след.

Як добра там шпаку з сяброўкай

Глядзець вакол на цэлы свет!

 

Страха над домам, быццам арка,

Над ёю неба сіні шоўк,

А што ўсярэдзіне,— як мякка,

Як там утульна ў час дажджоў,

 

Як слаўна шпак адпачывае.

Скажу я вам — зайздросна мне,

І я дзяцінства ўспамінаю

І пуню з сенам на гумне.

 

Чаборам пахне, медуніцай,

Ляжу ў кутку і вельмі рад,

А дождж іграе на драніцах,

Як самы лепшы музыкант.

 

Ударыць голасна з грымотай,

Трывожна кроква заскрыпіць.

То ўраз прысыпле буйным шротам,

То ледзьве-ледзь зашамаціць.

 

Ты слухаеш і марыш штосьці,

Ляжыш, стаіўшыся, ў кутку...

Ну як жа мне не пазайздросціць

У хаце нашаму шпаку!

 

Амерыканскі шпак, ты чуеш?

Табе ён блізкі па крыві.

Не, я цябе не агітую,

Жыві, як хочаш сам, жыві!

 

Я знаю, што ты хату маеш

І неба ў зорах над табой,

Я толькі часам спачуваю,

Што парушаюць твой спакой.

 

Вунь самалёт залез пад хмары

І піша пад маторны свіст:

«Куры, куры, куры цыгары —

Карысны тытунёвы ліст».

 

То раптам скрозь неон заззяе,

Здаецца, што агонь звініць...

Ты, можа, звыкся, ну, як знаеш,

Наш хоча толькі цішыні.

 

Дамоў я хутка ад’язджаю,

Вясной мяне сустрэне шпак.

— Паклон завезці? — я пытаю

І чую, ты мне кажаш:

— Так!

 

САПРАЎДНАМУ АМЕРЫКАНЦУ

Такія думы мне прыйшлі,

І я перакананы,

Што змалку ты сваёй зямлі

Як верны сын адданы.

 

Я добра ведаю, не раз

Цябе насілі мары

І ў Аклахому, і ў Тэхас,

І к срэбру Ніягары.

 

Яшчэ з дзяцінства пазнаваў

Машын ты хітрых мову,

Уолт Уітмен гадаваў

Цябе гарачым словам.

 

У тваім сэрцы, нібы звон,

Гучыць Лінкольна слава,

Перад табою Джэферсон

Як прыклад добрай справы.

 

І Эдысон, славуты скрозь,

Святлом душы іскрыцца.

...Шмат у цябе герояў ёсць

І ёсць чым ганарыцца.

 

Табе не дзіўна гонар мець,

Здабыткаў маеш многа:

Машыны — люба паглядзець,

Цудоўныя дарогі.

 

Умееш добра сеяць, жаць

І будаваць удала,

І можна смела так сказаць:

— Ты майстар дасканалы!

 

Што зробіш, люба на пагляд,

А ты зрабіў багата.

І ы любіш песню, любіш жарт —

І скачаш ты заўзята.

 

Жывеш сваёю галавой,

Свае дарогі значыш.

Ну што ж, у працы у тваёй

Жадаю шчыра ўдачы.

 

Ты багацейшым хочаш быць,

Мацнейшым год ад году,

Ты любіш ціха, добра жыць —

З разлікам і выгодай,

 

Каб дома дочкі і сыны

Раслі ў сям’і шчаслівай.

Табе не хочацца вайны,

Пагібелі жахлівай.

 

Я веру, ты не ухваляў

Учынкаў ліхадзеяў,

Не ты салдатаў пасылаў

З разбоем у Карэю.

 

Ты не жадаеш раскідаць

З бацыламі заразу,

І ты не хочаш будаваць

Падпальшчыцкія базы.

 

Не хочаш ты зямлі чужой —

Карэйскай і тайваньскай,

Табе хапае і сваёй

Зямлі амерыканскай.

 

Шукай сяброў паміж людзей,

Глядзі ласкавым вокам,—

Куды жывецца весялей,

Калі сябры навокал.

 

Гуляй ў бейсбол і кегельбан,

Спявай, калі пяецца,

Ніхто да вас за акіян

Са зброяй не памкнецца.

 

А як захочаш сам калі,

І сілай пазабаўся —

Бяры разгон ты ад зямлі

Да Месяца, да Марса.

 

Усё, што хочаш сам, рабі,

Цябе мы не сурочым,

Што хочаш еш, што хочаш пі,

Скачы, як толькі хочаш.

 

А да цябе, заўсёды знай,

Няма ніякай злосці.

Ты лепей, знаеш, прыязджай

Да нас часцей у госці.

 

Пакажам мы табе калгас

І нашую будову,

Ты ўпадабаеш многа ў нас,

Павер майму ты слову.

 

І знікнуць брахуны тады,

Куды ім будзе дзецца?

Няхай жа дружба назаўжды

Яднае нашы сэрцы!

 

МУЗЫКАНТ

Гамоніць стрыт, як вадаспад,

Трывожыць зрок неон.

На тратуары музыкант.

Гучыць акардэон.

 

Чаго не ўбачыш тут, чаго?

І смех, і бляск, і тлум...

Чаму ж мелодыя яго

На сэрца гоніць сум?

 

Я музыкантаву як след

Пазнаў тады бяду,

Як зазваніў у кубку цэнт,

Шпурнуты на хаду.

 

Кірунак ёсць куды каму,

Хаваюцца ў дамах,

Усім ёсць месца, а яму,

Відаць, на жаль, няма.

 

Ён тут сядзіць, як быццам госць,

Чаго? — вядома ўсім,

Яму пад клёнам ложак ёсць.

У парку гарадскім.

 

Музыкі беднага матыў

Мацней кранаў штораз.

Ён, можа быць, на Эльбе быў,

Пра ціхі марыў час.

 

І хтосьці там, паміж баёў,

Жывіў надзеяй той,

Што з часам вернецца дамоў

І лёс спаткае свой.

 

Ён марыў — надыдуць гады,

Жыць будзе — проста цуд.

О, як хацелася тады

Мець свой спакойны кут.

 

Не думаў ён шмат год назад,

Чакаючы зары,

Што з ім сыграюць злосны жарт

Яго гаспадары.

 

БЫЛЫЯ ГАСПАДАРЫ

Усюды камень. І не выйсці.

І неба запалоніў ён.

Жылі індзейцы тут калісьці,

Кастрамі іх палаў Гудзон.

 

І вось эпоха ўжо другая,

Няма гаспадароў былых,

Другія тут агні палаюць,

Другія скачуць каля іх.

 

Далёка рэзервацый плачы,

Індзейцаў след астыў даўно.

Адно, дзе іх я толькі бачу,

Дык то ў музеі ці ў кіно.

 

 

ПОБЛІЗ МАРОЖАНШЧЫКА

Побліз Нью-Йорка, ў Нью-Джэрсі,

Машына ў званках звініць,

Джэкі, і Майклы, і Джэсі —

Дзіцячы народ гудзіць.

 

І вось невялікі прыпынак.

Дзяцей ужо — цэлы рой.

Марожаншчыка машына

Да неба ўзняла настрой.

 

Навокал, як мак таўчэцца,

Хоць вушы бяры заткні...

Я думаю, нашы дзеці

Такія ж, як і яны.

 

Глядзіш на таго малога,

Ну як яго не любіць,

Што хочаш ляпі з такога,

Што хочаш з яго рабі.

 

У нашых руках ён сёння,

Ён хоча жыццё пазнаць,

Ён можа быць і вучоным

І можа бандытам стаць.

 

Давайце ж усе, як трэба,

Навучым маленькіх жыць,

Давайце ж думаць пра бэбі,

З калыскі яго вучыць.

 

Нашто ім рэвольвер хвацкі,

Бо з ім адамрэ герой,

Навошта такія цацкі,

Што вучаць тварыць разбой.

 

Няхай лепш імкнуць да зораў,

Будуюць масты, дамы,

А войнаў праклятых гора

Даволі пазналі мы.

 

Няхай жа заўсёды з ласкай

Праходзяць для іх гады,

Няхай лепш разводзяць краскі

І садзяць вакол сады.

 

Давайце ж, каб добра кожны

Знаходзіў кірунак свой —

Лепш частаваць марожаным,

Чымся карміць вайной.

 

ПЛАЦІ!

Нідзе не ступіш

Дарма ў янкі,

Без грошай

Выйсця не знайсці.

Плаці за мост,

І за стаянку,

І за дарогу — ўсё плаці.

А як цэнтаў

Не збярэш,

Не праедзеш,

Не прайдзеш!

 

КАКАРЭКА

 

У Сан-Паула (Бразілія) замест кандыдата буржуазіі насельніцтва выбрала ў гарадскі савет насарога заапарка — Какарэку.

З газет

 

Проста смешна з чалавека,

Чалавека перамог

Какарэка, Какарэка,

Сан-паульскі насарог.

 

Насарог той беззаганны

Запрыкмеціўся ж усім,

Ў Сан-Паула ён абраны

Каўнсэлмэнам гарадскім.

 

Не пакрыўдзіў ён ніколі

Анікога, ані-ні,

А што тоўсты, дык не болей

За другіх па таўшчыні.

 

Як з’явіцца давялося,

Так заўсёды і жыве,—

Гэта глупства — рог на носе,

Горш, як пуста ў галаве.

 

Можа, твар страшным здаецца,

Грозны колерам вачэй,

А што тычыцца да сэрца —

За другіх яно мякчэй.

 

Вось завошта Какарэку

Каўнсэлмэнам люд абраў,

Не рабіў ён небяспекі,

Не зманіў, не абакраў,

 

Не зрабіў нікому ліха,

Жве памалу ноччу й днём.

Ён прыстойны, самы ціхі

Між драпежнікаў кругом.

 

Ад яго не зналі здзекаў,

Вось і высунуцца змог

Какарэка, Какарэка,

Сан-паульскі насарог.

 

 

«СВАБОДНЬІ СВЕТ»

Крычыць магнат,

Банкір крычыць,

крычыць іх падуладны,

Што ў іх свабодна, вольна жыць,

Што рай у іх сапраўдны.

Крычыць

Падкуплены паэт

у херстаўскай газеце,

Што ў іх ва ўсіх свабодны свет,

Што лепшы ён у свеце.

Я знаю —

крыкунам такім,

Чаго ні хочуць — досыць,

Ім свет свабодны.

А як тым,

Што сеюць, жнуць і косяць?

Я згодзен,

крыкунам такім —

Тут рай, і бездакорны,

Ім свет свабодны,

А як тым,

Што сталь куюць ля горнаў?

 

 

* * *

Снег.

Сняжынкі, як пушынкі,

Асядаюць на трысці.

Засняжыў

сняжок

сцяжынку,

Нельга поле перайсці.

Сонца ніжай,

вечар бліжай.

Клуб.

Агні за полем тым.

Возьмем з Лізай

нашы лыжы,

Горы снегу

праляцім!

 

 

* * *

Хоць часу перажыта многа

І адпакутавана шмат,

Ды тое-сёе са старога

Сустрэць я быў бы вельмі рад.

 

Каму жыцця бліснуў ледзь золак,

А мне ўжо вечаровы дым,

За дзён мінуўшых частаколам

Я ўжо не стану маладым.

 

На міг бы стрэцца мне з гадамі,

Што адышлі з маёй вясной,—

З бацькамі, з любымі сябрамі,

Да болю любая, з табой.

 

З табой у нізенькай хацінцы,

На полі, ў лесе, на лугу,

З табой на сельскай вечарынцы,

З такой, што ў сэрцы берагу.

 

З табой, шумлівай, несціханай,

З табой, што вішанькай цвіла,

У той сукенцы палатнянай,

Што мне мілей за ўсё была.

 

Хай адшумелі лістапады,

Вясляр на бераг той грабе,

Скажу, я быў бы вельмі рады,

Калі б убачыў зноў цябе.

 

Якой бы ні была ты сёння,

Я стаў бы сэрцам палымнець,

Маім пачуццям так, як скроням,

Я не дазволю пасівець.

 

Прайшлі сустрэчы, быццам хмары,

Была ты сонечнай адна,

Я за маршчынкамі на твары

Цябе б ранейшую пазнаў.

 

І, можа б, вочы заіскрылі,

І, можа б, вусны расцвілі,

І, можа б, сталі мы на хвілю

Такімі, як даўней былі.

 

ЧОРНЫ ХЛЕБ

Хлеб чорны, хлеб жытні

Я шчыра ўслаўляю —

Смачнейшае ежы,

Папраўдзе, не знаю.

 

Прыемны кавалак,

Што ў соль памакнулі,

Прыемны з алеем,

Тым болей з цыбуляй.

 

А хто не лічыў з нас

Дзень шчасным, удалым,

Як луста на пасце

Са скваркай трапляла!

 

А кус той, што, скраўшы,

Схаваўшыся, елі,

А той, пры якім мы

З ражэнцам сядзелі.

 

Хлеб чорны, хлеб жытні,

Мацунак здаровы,

Ты пахнеш аерам

І лістам кляновым.

 

Я помню:

З табою

Чакаем сустрэчы,

А ты выязджаеш

З вялізнае печы.

 

Цябе, маладога,

З усмешкай вітаюць,

Яшчэ на лапаце

Твой твар абмываюць.

 

Пасля асцярожна

Нясе гаспадыня

І садзіць паважна

На стол у хаціне.

 

І быццам запахне

Жытнёвае поле...

Хлеб чорны не спрыкраў

Ніколі, ніколі.

 

Хачу я дадому

Ну хоць на хвілінку,

Каб чорнага хлеба

Мне хоць бы скарынку.

 

 

ЗВАДЫЯШ

Ён многіх абхлусіў не раз,

Людзей да сваркі зводзячы,

Глядзіце, ходзіць звадыяш,

Сваю лухту гародзячы.

 

Другіх памыямі абліць

Яму так люба-дорага,

Не можа ён і дня пражыць,

Каб не счарніць каторага.

 

Брыдкі ён, ліпкі, як смаўжы,

Дык скажам мы заганнаму:

— Ану, прыйдзі і пакажы

Душу тваю паганую.

 

І дапамогі не заві,

Кінь справу звадыяшую,

Ці, як усе, як след жыві,

Ці прэч з дарогі нашае.

 

Бо новы чалавек прыйшоў,

Яго шляхі праменныя,

А ты — яшчэ ад тых часоў,

Ад свету несумленнага.

 

Пакінь брыдоту, не муці,

Змяні натуру звадную,

Як хочаш разам ты ісці,

Раўняйся па-сапраўднаму!

 

 

ПАРАДА

Ці ў ясны дзень,

Ці ў час напасці —

Гартуй,

як сталь,

Характар свой,

Як вартавы

Пры сцягу часці,

Заўсёды

непахісна стой!

 

Знай, вартавы

Змарнее, схудне,—

Ніхто і з месца

Не скране,

А ты,—

як той асвер

На студні,

Хто ні прыходзіць,

дык сагне.

 

Пакінь жа звычку ты

Благую,

Не бойся,

стрэціўшы бяду.

Кідаюць сталь,

калі гартуюць,

Ў найбольш сцюдзёную ваду!

 

 

РАЗВІТАННЕ З ПАКОЕМ

Ляжыць мой шлях у родны край

Прасторам акіянскім,

І я кажу табе: бывай,

Пакой амерыканскі.

 

З табою я пасябраваў.

Паводдалі ад гулу

Усё, што мог, ты мне даваў:

Святло, цяпло і ўтулак,

 

І крэсла —

адпачыць нагам,

Стол для бясед сяброўскіх,

І «хол» і «гор», як трапна нам

Паведаў Маякоўскі.

 

Ты мог ад тлуму атуляць,

Каб я спакойна думаў,

Адно, чаго не здолеў даць,—

Мяне пазбавіць суму.

 

Было —

агорне суму дым,

На сэрцы так заснежыць,

Ды знаю, ад цябе зусім

Такое не залежыць.

Бо я твой выпадковы госць.

Ёсць дом другі на свеце,

А ў доме тым пакойчык ёсць.

Маё жыве там сэрца.

 

І хоць не мог ты разагнаць

Маю тугу цяжкую,

Цябе я буду ўспамінаць,

Ні кроплі не крыўдую.

 

Наадварот, мая рука

Развітваецца чула.

Я ўдзячны, што да алаўка

Яе не раз цягнула.

 

Дык дзякуй, што прытулак даў,

І тым, што збудавалі.

Але не тым, хто грошы клаў,

А тым, што цэглу клалі.

 

 

КАРАБЛІ НА ГУДЗОНЕ

Нібы чарада прыляцела якая,

Села на хвалі — па цэлыя гоні,

Ціха стаяць і свой век дажываюць

Караблі на Гудзоне.

 

Я знаю, былі ў іх цяжкія паходы,

А сёння, як галкі, пазвесіўшы дзюбы,

Стаяць і глядзяць на сцюдзёныя воды,

Схіляючы трубы.

 

На рэчцы Гудзоне разгону не многа,

Сюды толькі ветры даходзяць марскія.

Ім сняцца сярод акіянаў дарогі

І справы былыя.

І

сэрца ўздымаюць з удзячнасцю думы

Аб іхніх дарогах, з якімі я згодны,

Як везлі праз штормы гружоныя трумы

На бераг мой родны.

 

Праз чорныя ночы, між айсбергаў хмурых

Плылі яны ў далі ў ліхія марозы,

А ў небе, са свастыкай, ў лютай віхуры

Гулі бамбавозы.

 

З тых боек нікуды вы больш не хадзілі,

Цяпер стаіцё вы, натрудзіўшы спіны.

Ну што ж, вы папраўдзе, відаць, заслужылі

Тут свой адпачынак.

 

Калі ж набрыдзе каму думка дурная,

Ваякам бяздумным у вашай жа хаце,

Паверце, на бітвы — я шчыра вам раю —

Насоў не ўздымайце.

 

На небе высокім ёсць птушка такая,

Яна можа хутка давесці да скону.

Хай лепей з падзякаю вас праслаўляюць,

Караблі на Гудзоне!

 

 

ДРЭЎЦА НА НЕБАСКРОБЕ

Ну што сказаць вам сёння маю?

Скажу аб думе я адной:

Іду я вуліцай, гуляю,

А небаскроб перада мной —

 

Стаіць пад месяцам, маячыць,

Чапляе хмары ў вышыні,

На ім адно я дрэўца бачу,

Як сіраціну без радні.

 

Дрыжыць, худое, як іголка,

Без лісця, голае даўно,

Там, можа, многа іх, а толькі

Мне з вуліцы адно відно.

 

І мне здаецца, вельмі шумна

І сцюдзёна яго галлю,

Як быццам пазірае сумна

Яно з-пад неба на зямлю.

 

Гамоніць парк, ракочуць хвалі —

Адтуль усё відаць яму,

Яго ж, пакутнае, загналі

Туды няведама чаму.

 

І я хачу спытаць да болю:

— Твой гаспадар, напэўна, спіць,

Нашто цябе ён заняволіў.

І прыкаваў да камяніц?

 

Я спачуваю, хоць здалёку,

Ты ж кажаш мне, нібы з-за крат:

Не ўсё прыгожа, што высока,

Цудоўнага на доле шмат!

 

 

БЕЛЫ, ПАГАНЫ ГРЫБ

Напэўна, мы, людзі, нічога б не страцілі,

Без бомб разбуральных пражыць мы змаглі б.

Каб нашыя вочы ніколі не бачылі

Атамны,

белы,

паганы

грыб!

 

І жылі б мы ўсе разам спакойна, як трэба,

І ціха свяцілі б аконцы сяліб,

Каб толькі не ўспыхваў сярод яснага неба

Атамны,

белы,

паганы

грыб!

 

Жылі б, як прызначана, па-чалавечаму,

Каб траў не кранаўся, ні птушак, ні рыб,

Каб наша паветра нідзе не засмечваў

Атамны,

белы,

паганы

грыб!

 

І дружба царыла б між нашымі хатамі,

І дзеці і ўнукі раслі і раслі б,

Каб век не ўзнімаўся, як з пекла праклятага,

Атамны,

белы,

паганы

грыб!

 

 

РОК-Н-РОЛ

Таўкуць, крыўляюцца, трасуцца,

Бязладдзе, вэрхал навакол...

Не можа ўзняць маіх пачуццяў

Славуты гэты рок-н-рол.

 

Адзін ідзе ды з гэткім спрытам,

Нібы ён ногі адсядзеў,

Бы скокамі святога Віта

Ён толькі-толькі захварэў.

 

Другі, як звар’яцелы, валіць,

Дрыжыць, але паненку згроб,

Яго нібы разбіў паралюш,

Аж вочы вылезлі на лоб.

 

Дзяўчына скача без прыпынку,

Як на патэльню узышла,

А значна б лепш было, дзяўчынка,

Каб ты, як лебедзь, паплыла.

 

Каб у мяцеліцы віхорнай

Твая кружыла маладосць,

А то, скажу па праўдзе, горна,

Што ты губляеш прыгажосць.

 

Ані да сэрца, ані да вока,

Ані ў чатыры, ані ў пяць,

Калі мне кажуць,— гэта скокі,

Дык мне не хочацца скакаць.

 

 

НЯВЫКАЗАНАЕ ВЫСТУПЛЕННЕ НА ГЕНЕРАЛЬНАЙ АСАМБЛЕІ

Мне хочацца гэтае слова

Для вас не з трыбуны сказаць,

Мне хочацца сэрцаў размовы

Як можна хутчэй паяднаць.

 

Каб кожны, жадаючы міру,

Што мог, дзеля міру стварыў.

Тут нашаю моваю шчырай

Савецкі Саюз гаварыў:

 

— Даб’ёмся сяброўскае згоды,

Пакончым са зброяй навек!

І з гэтаю думкай заўсёды

Савецкі жыве чалавек.

 

Прэч бамбавозаў прапелеры,

Танкам — дарогі нідзе,

Тое, што кажуць Ракфелеры,

Дапамагае бядзе.

 

Толькі для мірнага атама

Высі адкрытыя ў нас,

Хто вас паслаў дэлегатамі,

Можаце ўспомніць наказ?

 

Справу патрэбную рухайце,

Досыць вайны і нягод,

Свет узнімаецца, слухайце —

Міру жадае народ.

 

Дзе б і каму ні належалі,

Не пашкадуйце вы сіл —

Там, дзе цвіце Інданезія,

Там, дзе праменіцца Ніл,

 

Там, дзе між тундраў дарога,

Там, дзе ў бананах Цэйлон,

Там, дзе шырокая Волга,

Там, дзе гамоніць Гудзон,

 

Там, дзе лядовыя груды,

Там, дзе ліяны шумяць,—

Усюды, усюды, усюды

Мусіце мір адстаяць.

 

Кажуць дзіцячыя вочы нам:

Вельмі ім хочацца жыць!

Хто аб жывых заклапочаны,

Сэрца не можа зманіць,—

 

Толькі для мірнага атама

Высі адкрытыя ў нас,

Хто вас паслаў дэлегатамі,

Можаце ўспомніць наказ?

 

Справу патрэбную рухайце,

Досыць вайны і нягод,

Свет узнімаецца, слухайце —

Міру жадае народ.

 

Шчырасць усім падабаецца,

Шчырасці цвёрда павер.

Хто там мармыча, крыўляецца?

Досыць крыўляння цяпер!

 

Хто гэта хлусіць без сораму,

Праўды не хоча сказаць?

І за высокімі горамі

Шыла ў мяшку не схаваць.

 

Вы хлусіце, нам смешнавата,

Прыкра ад гэтых прамоў,

Што быццам бы ружы салдаты

Носяць заместа штыкоў.

 

Даволі ўжо слухаць, даволі,

Што быццам анёлкі яны,

І знайце, народы ніколі

Вам не даруюць маны.

 

Толькі для мірнага атама

Высі адкрытыя ў нас,

Хто вас паслаў дэлегатамі,

Можаце ўспомніць наказ?

 

Справу патрэбную рухайце,

Досыць вайны і нягод,

Свет узнімаецца, слухайце —

Міру жадае народ!

 

 

ТАВАРЫШАМ, ШТО ЗАСТАЛІСЯ ЗА АКІЯНАМ...

Бывай жа, Амерыка,

Хутка мой дом,

Куды мяне вельмі цягнула.

Апошняя чайка махнула крылом

І сэрца маё закранула.

Яна паляцела імкліва

Назад,

На бераг, дзе чаек багата,

А там і ў мяне ёсць таварышаў шмат,

Завуцца яны — дыпламаты.

Нялёгкая служба у іх —

Працаваць

І ладзіць з людзямі чужымі,

Ім суму ніяк не ўдалося схаваць,

Калі я развітваўся з імі.

Сцвярджаў мне ўсё гэта,

Праводзячы ў шлях,

Абліччаў задумлівы выраз,

Я гэта пабачыў, пазнаў па вачах,

Якія зайздросцілі шчыра

Таму, што чакае

Мяне параход,

Што трубы запыхалі дымам,

Што ляжа ён курсам вядомым норд-ост,

Мяне павязе на Радзіму,

Дзе нашае сэрца

З маленства жыве

Між поля, між вуліцаў гулкіх,

Дзе кожнага вокам блакітным заве

Ці возера там, ці рачулка.

Дзе вецер

Нас кліча ў дрымотных барах,

Дзе песня не моўкне ў народзе,

Дзе сцяг прамяніцца, як быццам зара,

Што з ясных нябёс не сыходзіць.

Дзе любых прастораў

Ніяк не абняць,

Дзе кут свой адзіны, жаданы,

Дзе кожны з нас будзе штохвілі, штодня

Па-роднаму, шчыра спатканы.

Бывайце ж, таварышы,

Час адплываць,

Няхай жа мацуе нас дружба,

Л болей нічым не магу спагадаць —

У вас жа пачэсная служба.

Вярнуцца дадому

Вам прыйдзе чарод,

Надыдзе часіна такая,

За працу вас любіць увесь наш народ

І з ласкай заўжды ўспамінае.

 

 

СЯРОД АКІЯНА

Плывём параходам каторы ўжо час,

Стыхія нас грозная стрэла.

Яна ў акіяне, а ён вакол нас —

То чорны, то сіні, то белы...

 

Здаецца, зліліся і долы і выш,

Ні чоўна, ні чайкі не стрэціш,

Усюды раве ён, куды ні глядзіш,

Як быццам адзіны на свеце.

 

А вецер разгуўся, дзьме ў тысячы труб,

А хвалі што горы, няйначай...

Праз цэлыя месяцы плыў тут Калумб,

Аж покуль зямлі не пабачыў.

 

Сябры з ім пад ветрам пракладвалі шлях,

Па зорах дарогу чыталі,

А колькі адвагі было ў іх грудзях,

Што гэту стыхію скаралі.

 

Часамі хачу акіяну сказаць:

— Якое сумленне ты маеш,

Даўно ўжо, даўно мне не хочацца спаць,

А ты ўсё бясконца гутаеш...

 

Даволі ўжо нораў паказваць нам свой,

Навошта высока падскокваць?..

Як быццам я ў вёсцы і над галавой

Скрыпяць і ламагацца кроквы.

 

А то пажартуеш, сваё запяеш,

Разыдзешся, як апантаны,

У борт як ударыш ды так пахіснеш,

Што скачуць кадрыль чамаданы.

 

Ісці я імкнуся як можна раўней,

А цяжка ўтрымаць раўнавагу,

Ды я не крыўдую, і чым ты зласней,

Тым больш выклікаеш павагу.

 

Я рад, што з табою пазнаўся цяпер,

Не знаю, ці стрэнемся болей,

Ды ты не такі ўжо, як даўна, павер,—

Людской ты скараешся волі.

 

У порт даплывём мы, няхай у гразьбе

Ты круціш цяжкімі плячыма,

Адно што — прызнаюся шчыра табе —

Забыць на цябе немагчыма.

 

 

РАЁННЫ КАВАЛЕР

Скажу вам быль, не плётку,

Пра жоха аднаго,

Дзяўчаты і малодкі,

Пабойцеся яго.

 

Хлапец ён адмысловы,

Адзеты — проста шык,

Раённай установы

Адказны кладаўшчык.

 

Ён ростам невялічкі,

А ў заляцаннях звер,

Таварыш Чаравічка —

Раённы кавалер.

 

Нічога сабе ў целе,

Пры вусіках малых,

З брызентавым партфелем

Вандруе па чайных.

 

Ён шклянак пяць укіне,

Нямала можа піць,

А вечарам з дзяўчынай

Чарговаю сядзіць.

 

Абмыўшыся слязою,

Гудзе ў адну дуду:

— Другое я такое

На свеце не знайду!

 

Прыгледзіцца нябога,

Ну чым ён не жаніх,

Бо ёсць дурненькіх многа,

Нямала і дурных.

 

Рашаюць справу шпарка.

Яму ж чаго жадаць,—

Каб чарачка, каб скварка,

Каб месца, дзе паспаць.

 

Клянецца, як прытуліць,

Што да канца жыцця...

Але мінаюць гулі,

З’яўляецца дзіця.

 

І тата хмурыць вочы,

Гібее ад нуды,

Знікае ён аднойчы

Няведама куды.

 

Другія цягнуць далі,

Прывабныя часы...

А бедная Наталля

Ірве аж валасы,

 

Слязамі залілася,

Жаніх любімы знік!..

А ён ужо да Касі,

Засмучаны, прынік.

 

Абмыўшыся слязою,

Гудзе ў адну дуду:

— Другое я такое

На свеце не знайду!

 

І Кася разважае,

Ну чым ён не жаніх...

Дурненькіх шмат бывае,

Нямала і дурных.

 

Згаджаецца, бо песціць...

А ён ніжэй травы,

Каб выпіць, каб заесці,

Каб ложак пухавы.

 

І гулі і забавы,

А час бяжыць, бяжыць...

І вось дзіця заяву

Дае, што хоча жыць.

 

Маленькім, невялічкім

Крыкунчыкам ідзе...

А тата Чаравічка

Хмурнее кожны дзень.

 

І ўжо шукае выйсця

Шукальнік пекнаты,

Нацэліўся кудысьці

І даў ён лататы.

 

А там, глядзіш, і трэцяй

Гудзе ў адну дуду:

— Другое я на свеце

Такое не знайду.

 

І хіліцца Агатка,

Бо сэрцайка шчыміць...

Ах, колькі вам, дзяўчаткі,

Ён здолеў наманіць.

 

Яго мы знаем звычкі.

Дзе ж хлусіць ён цяпер,

Таварыш Чаравічка —

Раённы кавалер?

 

 

ЧАКАЮ САДОЎ КРАСАВАННЯ

Сэрца б’е гулка, і свецяцца вочы,

Ну што мне, што болей паўсотні ўжо маю,—

 

Іду цераз дні, іду цераз ночы,

Пакуль што вятрам галавы не схіляю.

 

Дарма мятлюга рагоча і кружыць

І белымі-белымі пасмамі горне,

Дарма і ночка палохае сцюжай,

Накрыць мяне хоча коўдраю чорнай.

 

Часу не здамся! Праз буры ліхія

Прыйду, як жадаю, вясне на спатканне.

Пахі трывожаць мяне веснавыя,

І зноў я чакаю садоў красавання!

 

 

* * *

Не пытайся пра гэта,

Бо адказу не дам.

Як зрабіўся паэтам,

Я не ведаю сам.

 

Свой радок на паперы

Не чакаў я спаткаць,

Проста сэрца без меры

Захацела спяваць,

 

Што зажыў без клапотаў

Я, вясковы юнак,

Што, прыбраўшыся ў боты

Хлеба зведаў усмак.

 

Я спяваў пра барозны,

Што за дзень узарэш.

Я чытаў гонкім соснам

Просты, шчыры свой верш.

 

Не расчуліў дзяўчыну

Вершам я, не скажу.

А пачула хмарына —

І згубіла слязу.

 

У радках — што хваліцца!

Не было пекнаты,

Чуў алешнік, і быццам

Падпявалі лісты.

 

Ды з высокай сялібы,

На бярозе старой,

Бусел клёкатам нібы

Пагаджаўся са мной.

 

Ну, а далей, а далей,

Як і ў многіх другіх,

Разгарнуліся далі

Дум, пачуццяў людскіх.

 

На начлезе вясною

Я адкрыўся сябрам,

Ускурылі махрою

Мне тады фіміям.

 

Хлопцы чарак, дарэчы,

Не трымалі ў руках.

Моцным словам хлапечым

Блаславілі на шлях.

 

Шлях далёкі, бязмежны...

А натрапіцца ноч —

Аганёк той начлежны

Не спускаю я з воч.

 

Пагляджу неаднойчы,

Рады я — не пагас...

Ці вы чуеце, хлопцы?

Я спяваю пра вас!

 

 

РОДНЫЯ СЛОВЬІ

Яны даспадобы мне, хай і старыя,

Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.

Як многа гавораць мне назвы такія —

Мінск,

Пінск,

Брэст.

 

Калі паразважыш, няцяжка дазнацца,

Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр,

Што продкі любілі спакойную працу —

Шклоў,

Клецк,

Мір.

 

А вораг находзіў,— бязлітасна білі,

Трываць не хацелі абразы і слёз,

І разам з Бярозаю катаў тапілі —

Пціч,

Друць,

Сож.

 

Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,

Каб звонка звінела, была, як агонь.

У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў,—

Блонь,

Струнь,

Звонь!

 

 

У ПАЛЕСКАЙ ГЛУШЫ

 

Краем багны, балот —

Так той кут называлі,

Пра палескую глуш

Мы ад Коласа зналі.

Праспяваў ад душы

Аб Палессі Купала,

Сёння ў гэтай глушы

Нечуванае стала.

Ніякой цішыні

Не знайсці чалавеку,

Дзе Старобін драмаў

У завеях спрадвеку.

Чэсці меў ён не шмат.

Без ніякае спрэчкі

Хто сялом яго зваў,

Хто ўзнімаў да мястэчка.

Глянь, Старобін цяпер

У магутнейшым росце,—

Шмат яму гарадоў

Будуць хутка зайздросціць.

Дзень і ноч чалавек

Не кідае там вахты,

Пад Старобінам скрозь

Закладаюцца шахты.

Ладзяць, гоняць ствалы,

Палі ў дол забіваюць,

Б’юць да сэрца зямлі —

Соль зямлі здабываюць.

Узрываецца тол,

Бор дрымотны узрушыў,

Тэлеграфа слупы

Аж развесілі вушы.

Колькі гоману там,

Скрозь машыны, машыны...

Кожны хлопец — герой,

Гераіня — дзяўчына.

Кожны дзень на вачах

Горад іх узрастае,

Хто з іх сцены кладзе,

А хто дах накрывае.

І вышэй і вышэй

Узнімаюцца мары,

Ад марозных вятроў

Загарэлі іх твары.

Хустка, шапка, берэт,

Быццам краскі на полі,

Не, між імі нуды

Ты не знойдзеш ніколі.

Што зрабілі яны —

Не ахопіш і вокам,

У палескай глушы

Шахты, шахты навокал...

Ладзяць, гоняць ствалы,

Палі ў дол забіваюць,

Б’юць да сэрца зямлі —

Соль зямлі здабываюць.

Цудадзейная соль

Ляжа шчыра, рупліва —

І ў сябе, і ў братоў

На шырокія нівы.

Вымкне збожжа сцяной,

Аж схаваюцца хаты,

Будзем мы і браты

Як ніколі багаты.

Хай жа знаюць усе,

Як аддана мы робім,

Бач — як волат, расце

Горад Нова-Старобін.

Прыязджайце зірнуць,

Што за ява такая —

У палескай глушы

Працы гул не змаўкае.

 

 

ВЯСНОВАЯ КНІГА

Вясна ў ядвабах, аксамітах

Прыйшла на пушчы і палі,

Зімы даношаную світу

Зняла з набраклае зямлі.

 

Прыйшла — і рэчка заспявала,

Успыхнуў, быццам свечка, куст...

Усё як ёсць пафарбавала

Пад свой зялёна-сіні густ.

 

Нібы хто жаўрукоў шархоткі

Прыбіў да неба-палатна,

На дрэвах пчол руплівых сходкі

Гудуць ад золку да цямна.

 

Пакінуўшы далёкі вырай,

Вярнуўся ўвесь птушыны рой,

І бусел, як ТУ-104,

Прымчаў аднойчы раніцой.

 

Працуючы ўвесь дзень з ахвотай,

Свой дом узвёў без малатка.

Забарабаніў белым шротам

У гляк бярозавік з латка.

 

Блішчаць пад сонцам баразёнкі,

А цішу трактар скалануў,

Як быццам першыя старонкі

Вясновай кнігі адгарнуў.

 

 

З ЮНАЦКІХ ДЗЁН

Я за табой сланяўся

Следам,

А ты і вокам не вяла,

А я не знаў,

А я не ведаў,

Чаму халоднай ты была?

 

Я так пакутаваў,

Здаецца,

Што лёд і той бы мог

Крануць,

Шукаючы шляхі да сэрца,

Сабе казаў — слухмяным будзь!

 

Калі смяялася —

Смяяўся,

Журылася — пахмуры быў.

Відаць, у тым

І памыляўся,

Што ўсё адразу я раскрыў.

 

Я зваў у сведкі поле,

Неба,

Маё ж каханне не дайшло.

Такая, мусіць, ёсць

Патрэба,

Каб тайны хоць крыху было!

 

 

ПАЧАТАК

Над намі тостаў не гукалі.

Калі жыццё мы пачалі,

Адны матулі даглядалі

І гэтак шчыра, як маглі.

 

Не пакідалі нас ніколі,

На працу неслі на руках —

Пад гоман жыта ў жніўным полі

Лажылі спаць у таганах.

 

А змрок садзіўся вечаровы —

Ім не прыходзіў ціхі час:

У той калысцы у ліповай

Яны ўсю ноч гуталі нас.

 

Над прыпекам пялёнкі грэлі,

Памыўшы з попелам вадой,

Калі ў маленькіх шыі прэлі,

Дык прысыпалі парахнёй.

 

Каб маці нашыя ў хаціне

Не зналі ў працы перашкод,—

Нам суслам з хлеба й сахарыны

Надоўга затыкалі рот.

 

А выпадала — пакідалі,—

Ці мала ў вёсцы розных спраў,—

Нас паясамі спавівалі,

Каб кожны ціхенька ляжаў.

 

Ды паясы нас не стрымалі,

І нам прыходзіў час устаць —

Мы па іржышчы пачыналі

Нагамі босымі дыбаць.

 

Мы свет страчалі з хваляваннем,

Усё здзіўляла нас кругом:

І тое першае спатканне

З сабакам, пеўнем і катом,

 

І чырвань яркая зарніцы,

І чорнай ночы цішыня,

І бору шум, і звон крыніцы,

І першы роскат перуна.

 

А дні праходзілі за днямі,

Мацней стаялі на нагах —

І мы, памыўшыся дажджамі.

І мы, абцёршыся вятрамі,

Выходзілі ў далёкі шлях.

 

 

СЛЁЗЫ

Не ўсе мне ў памяці гады,

Малыя

Год не надлічалі.

Адно я помню, што тады

Мы ўлетку многа галадалі.

 

Як свіран вымелі нашчэнт

І не знайшлі

Нідзе нічога,

Рашыў сямейны наш савет

Напражыць бобу маладога.

 

Паслалі бабку ў агарод.

Пайшла,

Узняўшыся праз сілу,

Пускаць няспелае ды ў блот

За грэх цяжкі яна лічыла.

 

Не першы ж выпадак такі.

Нарвала,

Сумная, прысела,

Шаптала, лушчачы струкі,

Я частаваўся, хоць нясмела...

 

Глядзеў на бабчын хмуры лоб,

Мне жалем

Вочы засцілала,

Не знаў я, слёзы, а ці боб

Яна ў кашы перабірала.

 

ІРЖА

Складаная дарога ўдаль,

То дзень пагодны,

то імжа...

 

І на жалеза і на сталь

Імкнецца класціся іржа.

Павінна ж быць усё ў жыцці

Крыштальным,

як сумленне, чэсць,—

 

Калі іржу не саскрабці,

Іржа й жалеза пераесць.

 

ЛАЗНЯ

Ад сяла

І да сяла

Лазні ўзносіцца хвала.

 

Здыме стому,

Здыме пот —

Любіць лазню наш народ.

 

Хоць

Які б ты брудны быў,—

Ражку цёплай захапіў...

 

Глянеш:

Бруду ні сляда,

Паздымае ўсё вада.

 

Возьмеш

Венік у руку

Ды пабудзеш на палку —

 

Палягчэе

Шмат плячам.

— З лёгкай парай! —

кажуць нам.

 

Пераконаны

Я ў тым,

Што карысна лазня ўсім!

 

Толькі

Трэба меркаваць,

Чым, каго і як хвастаць!

 

Нам, звычайным,—

Венік той,

Што з бярозкі маладой.

 

У каго

Не шмат віны —

Можна й трошку лазіны.

 

А як трапіць

Бюракрат,—

Крапівою мнагакрат!

 

СЕРП

Адпачынак прыйшоў.

Цешуся шчаслівы

І ў свой кут, да бацькоў,

Прыязджаю ў жніва.

 

Уваходжу я ў дом.

Здзіўлена гляджу я —

На сцяне, пад акном,

Серп стары сумуе.

 

Што ж ты, серп, спіш, як пан,

Годзе спаць, даволі!..

Адгукнуўся камбайн

Мне аднекуль з поля.

 

У яго між жытоў

Лепш, відаць, з упраўкай;

Значыць, серп адышоў,

Як стары, ў адстаўку.

 

Слухай, серп, галавы

Не хілі заўчасне,

Ты, як помнік жывы,

Варты добрай песні,

 

Мужыку-бедаку

Быў ты другам гожым,

Колькі ты на вяку

Паспяваў са збожжам.

 

Каб згінаць да сябе,

Колькі меў ты сілы,

Ды й красуні цябе

На плячах насілі.

 

Да хацін з паласы

Як пачнуць збірацца,

Паглядзіш — ля касы

Месячык, няйначай.

 

Запяюць ад душы,

Гэтак люба стане...

Што там, серп, ні кажы,

Быў ты у пашане.

 

Ты — брат молату, серп,

Родны, не стрыечны,

Аб’ядноўвае герб

З ім цябе навечна.

 

Хай машыны ў палях

Сёння робяць справу,

Ты прайшоў слаўны шлях.

Адпачні са славай.

 

ЖАЛЕЗНАЯ ЗАСЛОНА

На жаль, іх хапае сягоння,

Такіх, што ў крыўлянні двухлікім

Крычаць аб жалезнай заслоне,

Збіваюць людзей з панталыку.

 

Хачу я тым людзям параіць:

Не верце, вам хлусяць багата,

На розум абруч узганяюць,

На вочы навешваюць краты.

 

Жывём мы адкрыта і проста

І ўзводзім будовы якія!

Падумайце толькі, навошта,

Навошта заслоны нам тыя?

 

Растуць пад кватэры палацы,

Успыхваюць станцый зарніцы,

Калі пажадаеце ўбачыць,—

Ну што ж,— прыязджайце, глядзіце.

 

Вы ўбачыце: сонечным ранкам

Выходзяць на працу калоны,

Не трэба нам сейфаў у банках

Трымаць пад жалезнай заслонай.

 

Прызнацца ў адным мо належыць

І выдаць вам тайную справу —

Заслона ў нас ёсць не з жалеза,

А з болей надзейнага сплаву.

 

І тую заслону ніколі,

Ніколі яшчэ не зламалі —

Яна са сталёвае волі

І значна мацнейшая сталі!

 

ЗАМАЛЁЎКА

Спявае лета над барамі,

Сасёнкі струнамі звіняць,

Гамоніць поле каласамі,

Шапоча ў кветках сенажаць.

 

Шумяць вятры ў гаях напеўна.

Адна рачулка ў чаратах

Бурчыць, варочаецца гнеўна,

Бы мулка спаць на камянях.

 

А можа, з навіны ў ахвоту,

Пакуль міне плацінаў строй,

Так напрацуецца да поту,

Што пара раніцой над ёй.

 

 

ЗІМОВАЕ

Прыемна праімчацца ўзімку.

З-пад капытоў клубкі-камы.

Не знаю гарачэй абдымкаў

За тых, што ў нашае зімы.

 

Імчыш. За лесам за высокім

Мільгае месяц, што ліхтар,

Мароз як пацалуе ў шчокі,

Ажно ўсяго кідае ў жар.

 

Здаецца, вецер закалыша,

Над коньмі пара, нібы дым,

І санкі так на снезе пішуць,

Што пазайздросціць можна ім!

 

 

ПА САКРЭТУ...

Я знаю такога — таварыш паважаны,

На пэўнай рабоце ён самы адказны.

Працуе, як кажуць, на поўную сілу,

А тайну давераць — дык гэта ж магіла.

Расказваць сакрэты не мае ён моды,

Хіба толькі жонцы, і то не заўсёды.

Мо часам на вушка, ў пасцелі сагрэты,

Шапне ён і скажа: «Глядзі ж, па сакрэту...»

А потым задасць храпака у ахвоту

І заўтра спакойна ідзе на работу.

А з шэпту яго павілася вяроўка.

Сустрэлася жонка з найлепшай сяброўкай:

— Ай, што мне, сястрыца, што стала вядома...

Глядзі ж, дарагая, нікому, нікому!..

Пабегла сяброўка з сяброўкай сустрэцца.

І далей, і далей вяровачка ўецца.

Пайшла, закружыла, панесла навінку,

Пранесла праз горад да самага рынку.

Таварыш адказны злуе надзвычайна:

— Ну хто гэта выдаў важнейшую тайну?..

Сваю установу гатоў ён растрэсці,

Крычыць у аддзелах, намесніка бэсціць:

— Ды гэта ж злачынства, хіба гэтак можна?

Адзін ён у справах заўсёды сур’ёзны.

Працуе, як кажуць, на поўную сілу,

А тайну давераць — дык гэта ж магіла.

 

ЧОРНЫМ ПА БЕЛАМУ

Слаўнаму працай,

Дбайнаму, смеламу

Шлём прывітанне —

Чорным па беламу.

 

Рупнаму, шчыраму,

Часам няўмеламу

Мы дапаможам —

Чорным па беламу.

 

Соню, нядбайцу

Закаранеламу

Шпілек падсыплем —

Чорным па беламу.

 

Жуліку, злодзею,

Тыпу збраднеламу

Кару прапішам —

Чорным па беламу!

 

 

ПРАМОЎЦА

Па новаму праспекту,

Дзе ў сонцы кожны дом,

Ідзе задумны лектар

З партфелем-пузаном.

 

Вакол яго вясёла

Красуюцца з цаглін

Вялізарная школа,

Прыгожы магазін.

 

А на вітрынах кніжкі

Завуць усіх з-за шкла,

А тэлецэнтра вышка

Да воблакаў дайшла.

 

І сэрцы ўсіх спяваюць —

Навін прыемных шмат!..

А лектар так чытае,

Як трыццаць год назад.

 

Аднолькава усюды,

Што на маленні поп.

Папер разложыць груды,

Хусцінкай вытра лоб.

 

І выразкі увішна

Пачне, пачне гартаць:

— Яно... яно, між іншым...

Канешне... так сказаць...

 

Ідзём... ідзём наперад...

Расцём, расцём вакол...

Канешне, піянеры...

Канешне, камсамол.

 

А возьмецца за лічбы

За доўгія гады,

Баішся, не завыць бы

Ад чорнае нуды.

 

Чытае манатонна

Па некалькі гадзін,

А зала спіць спакойна

Праз некалькі хвілін.

 

Адна заслуга — змора

Яго не можа ўзяць.

Яму б нервовахворых

Параіць усыпляць.

 

 

ЛАТЫШСКІЯ СТРАЛКІ

Калі Савецкая дзяржава

У баях ўставала на вякі,

Шырока прагрымела слава

Пра вас, латышскія стралкі.

 

Магутныя ў сталёвым гарце,

Прымкнуўшы грозныя штыкі,

У рэвалюцыі на варце

Былі латышскія стралкі.

 

Прайшлі праз буры смела, горда

Загартаваныя палкі.

Сумленне слаўнага народа

І чэсць — латышскія стралкі.

 

Не чулі стогнаў іх жалобных,

Хоць шлях пяройдзены цяжкі,

Мне быць хацелася б падобным

Да вас, латышскія стралкі.

 

 

ЛЯ ПОМНІКА РАЙНІСУ

Ля горада Рыгі, дзе спяць праз гады

Навечна заснуўшыя Латвіі дзеці,

Я Райніса бачу,— які малады!

Здаецца, што з ложка ўстае на дасвецці.

 

Ягоныя вочы ўзіраюцца ўдаль,

Ён чуе, яму там дакучна і цесна,

Ён пройдзе па дзюнах на бераг, да хваль,

Дзе ветразі, чайкі, рыбацкія песні.

 

Ён прыйдзе на плошчы да новых будоў

І доўга там з мулярам гутарыць будзе,

Ён прыйдзе да хат між вясновых садоў,

Дзе прагнуць так слова ягонага людзі.

 

Браты яго клічуць здалёку ўвесь час,

Пачуць ім хацелася б Райніса голас.

І, можа, яшчэ раз ён прыйдзе да нас,

Яго ж так чакалі Купала і Колас.

 

Ягоныя песні не знаюць мяжы,

Да сэрцаў гарачых лятуць на спатканні,

З пачуццямі расхваляванай душы

Стаю я сягоння, стаю я ў чаканні

 

Ля горада Рыгі, дзе спяць праз гады

Навечна заснуўшыя Латвіі дзеці,

Я Райніса бачу,— які малады!

Здаецца, што з ложка ўстае на дасвецці.

 

 

АГНІ

 

О, скільки дружніх на землі вогнів!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Но раз нас голос братній закликав

До Бровчиноі вырядитись хати,

Заглянути на вогник Маршака,

На Тихоново світло завітати.

Максім Рыльскі. «Вогні»

 

Агнёў братэрскіх красаванне

Прачулых сэрцаў не міне.

Максім Тадэевіч, вітанне!

Я рад, што ўспомніў і мяне.

 

Якую слаўную дарогу

Ты з песняй да братоў знайшоў!

Я не адзін... У Мінску многа

Тваіх адданейшых сяброў.

 

У дружбе шчырай мы зліліся,

А ёй мужнець на добры лад.

Ці ты ў Маскве, ці ты ў Тбілісі —

Ты ўсюды родны, любы брат.

 

І мы, твае сябры-паэты,

З усіх вітаем плошчаў, сёл,

Мы еднасці святлом сагрэты,

Яно нам свеціць навакол.

 

Нас дружба жывіць несупынна,

З усімі намі назаўжды,

Маяк — у чорную часіну

І сонца — ў мірныя гады.

 

Агнёў прыязні сёння мноства,

Яны цудоўна расцвілі —

Жывыя водбліскі сяброўства

Гараць ва ўсіх канцах зямлі.

 

Зямля ж у нас для ўсіх такая,

Куды ты толькі ні зірні —

Усюды сэрцы нашы ззяюць,

Як дружбы вечныя агні.

 

 

ПІСЬМЫ

Ці мала ёсць якой прычыны,

І ўдзень і позна уначы,—

Да нас з усіх канцоў краіны

Спяшаюць пісьмы, што ганцы.

 

З-за гор, з далін, з таежных нетраў,

Каб трапіць у належны дом,

Плывуць вадой,

Лятуць паветрам,

Імчацца хуткім цягніком.

 

Ад краю мкнуць яны да краю,

З зімы да ранняе вясны.

І мы аб пісьмах тых гадаем:

А што з сабой нясуць яны?

 

Як часта б’юцца нашы сэрцы,

Ну хто не помніць гэтых год?

Для пісем тых тады здаецца

Марудным нават самалёт.

 

А ёсць і гэткія, між намі,

Былі б яны ці не былі,

Не супраць, каб яны валамі

Разбітым шляхам ледзь брылі.

 

А ці нямала ж усялякіх,

З якіх згрызот і крыўды шмат...

Такія б даручылі раку,

Няхай бы іх цягнуў назад.

 

 

ГАЙНА!.. ГАЙНА!..

Гайна!.. Гайна!..

Што за рэчка,— прыгажэйшае няма.

 

Гайна!.. Гайна!..

З назвай, блізкай да паэтава імя.

 

Гайна!.. Гайна!..

Хоць малая,— неспакойны нораў твой.

 

Гайна!.. Гайна!..

Ты, як мора, разліваешся вясной.

 

Гайна!.. Гайна!..

Раннім летам ззяеш срэбрам у лугах.

 

Гайна!.. Гайна!..

Што малодка, ўся ў зялёных ты шаўках.

 

Гайна!.. Гайна!..

Ты пад восень граеш колерам другім.

 

Гайна!.. Гайна!..

Быццам вежы, над табою скрозь стагі.

 

Гайна!.. Гайна!..

Позна ўзімку, як удараць халады,

 

Гайна!.. Гайна!..

Ахінешся белым кужалем тады.

 

Гайна!.. Гайна!..

Ты як быццам засынаеш у снягах.

 

Гайна!.. Гайна!..

Твар твой белы, толькі горача ў грудзях.

 

 

НЕ СТАРЭЦЬ!

Жыць і жыць нам, не старэць,

Крыўдна з існасці адной —

Што блукае яшчэ смерць

З заржавелаю касой.

 

Праўда, сёння ўжо не тое,—

Сталі людзі болей жыць,

Цяжка тэхнікай старою

Ёй бязбоязна касіць.

 

Закрычыць, касу падхопіць:

— Ну, ахвяра, ты мая!..

А па смерці ізатопы,

Антывірусаў сям’я.

 

Супраць смерці прэпараты,

З імі біцца не лацвей,

І даводзіцца праклятай

Адыходзіць як далей.

 

Мы ж яе яшчэ падкосім,

Створым з лекаў грозны суд,

Каб у набрыдзі бязносай

Выбіць злосную касу.

 

 

ЛЕДЗЯНЬІ ПАЛАЦ

Вялікая мая Айчына,

Знаходзіш ты натхненне ўсім.

Жыве на поўначы дзяўчына,

Жыве ў палацы ледзяным.

 

І ўдзень і ўночы ёй не спіцца,

Ці мала там адказных спраў,—

Праверыць, вецер як імчыцца,

Куды кірунак скіраваў.

 

Якія айсбергі спатканы,

На колькі цаляў лёд узрос,

Адзначыць глыбі акіяна

І ці ўзляцеў, ці паў мароз.

 

Нямнога ў дзеўчыны суседзяў,

Нялёгка там іх напаткаць.

Бывае, белыя мядзведзі

Падыдуць глянуць на палац.

 

Здаецца проста дзень шчаслівым,

Як быццам хто візіт нанёс,

Як з проймы з выглядам санлівым

Клыкасты высунецца морж.

 

А як суціхне на хвілінку

І ўсё замрэ там навакол,

Чутно, як кожная сняжынка

З палёту падае на дол.

 

Там прыгажосць без параўнання,

Палац, хоць з выгляду шацёр,

Здаецца, што ў паўночным ззянні

Сабраў з нябёс мільёны зор.

 

І ў тым палацы чараўніца,

Снягі, вятры ў яе руках...

Калісьці з лёду для царыцы

Быў збудаваны большы гмах.

 

Царыцы, ёй людзей не шкода!

Сказала стаць — і гмах устаў,

І, рэч вядома, як заўсёды,—

Дзеля распусты і забаў.

 

Ды ім прыйшоў канец адзіны,

І шлях тады адкрыўся ўсім.

Жыве на поўначы дзяўчына,

Жыве ў палацы ледзяным.

 

Жыве яна з душой гарачай

І з роем клапатлівых дум.

Бывае цяжка — не заплача,

Бывае сумна — гоніць сум.

 

Глядзіць яна на свет вачыма,

Якім не страшны золь, віхор,

Бо там, на поўначы, Радзіма

Яе паставіла ў дазор.

 

 

КАМАНДЗІРОВАК МНОГА...

Камандзіровак многа.

Ва ўсе куткі, канцы,

Па ўсіх шляхах-дарогах

Імчаць ганцы, ганцы...

 

Каго ты ні сустрэнеш —

Кірунак мае свой,

Пасведчанне ў кішэні

З пячаткаю любой.

 

Адзін па справах лёну,

Другі — узняць надой...

Сустрэўся я ў раёне

З такою чарадой.

 

І ўсе для першай скрыпкі

Адменныя смыкі...

Сядзім і ловім рыбку

На беразе ракі.

 

Сядзім амаль да ночы,

Гамонім для забаў,

І помню, што аднойчы

Я гутарку пачаў:

 

— Прызнацца, мне дык сорам,

Марнуеш толькі час.

Давайце пагаворым,

Хто тут патрэбен з нас?

 

І вось мужчына ладны,

У светлым жупане,

Узняўся, далікатна

Звярнуўся да мяне:

 

— Ну, як такое слоўка

Маглі вы нам сказаць?

Тут сенанарыхтоўкі,

Патрэбна ж увязаць.

 

Другі ўстаўляе слова,

Як той акунь схапіў,

Нахмурыў грозна бровы

І злосна прабубніў:

 

— Як бачу, вам, яй-богу,

Абы бузу узняць.

А тут жа скаргаў многа,

Іх трэба развязаць.

 

Пасля пайшлі навалам,

І ўсе як ёсць адно.

Падняўся гэткі галас,

Што рыба ўся — на дно.

 

— Да пчол мы непасрэдна,

Умейце пчол любіць.

Мы сем’і вулляў бедных

Павінны тут злучыць.

 

— А мы, вы, можа, чулі,

Чаго ж вам нас вініць,—

Раі багатых вулляў

Павінны разлучыць.

 

— Нам трэба ўсе машыны

Як ёсць перапісаць!

— А мы, а мы павінны

Зламаныя спісаць.

 

— Мы паглядзім, як травы...

— А мы таго-сяго...

— Мы ўсе тут дзеля справы,

А вы... а вы... чаго?

 

І да мяне так лоўка,

Бліжэй, бліжэй штораз:

— А дзе камандзіроўка,

Чаго вы тут між нас?

 

— Адказ,— кажу я,— маю,

Калі ўжо так пайшло:

Даўно я паглядаю,

Каб меней вас было.

 

Маглі б зрабіць і многа

Такія малайцы,

А то на ўсіх дарогах

Вы лішнія ганцы.

 

 

БУСЕЛ

Я помню хаціну дзіцячых гадоў,

Падкову на збітым парозе,

Вялізнае, з дзедаву шапку, гняздо

Буслоў на высокай бярозе.

 

Жылі з буслянятамі аж да зімы

Ды лёталі на сенажаці...

Казалі суседзі — шчаслівыя мы;

Я жыў, адчуваючы шчасце,

 

Бо бачыў, як бусел імкліва ўзлятаў,

Імчаў на багнішчы, у лозы.

Я бегаў глядзець і не раз пазнаваў

Свайго са старое бярозы.

 

А ён там паважна, як пан, пахаджаў,

Харч ловячы дзюбай-іголкай,

І я ўсё на Ноя старога злаваў,

Што выпусціў поскудзі столькі.

 

Я звычкі бусловы пасля адгадаў,

Я зведаў бусловы настроі,

Ён клёкатам часта мне спаць не даваў,

Ды я не злаваўся на тое.

 

І дружба была найсардэчная ў нас,

Здавалася мне так малому,

Бо я сумаваў, паглядаў увесь час,

Чакаючы бусла дадому.

 

Чаго не пазнаеш у тыя гады!

Я вёў з ім ад сэрца размовы,

Я чуў, як вітаўся са мной ён тады

Буслінай адрывістай мовай.

 

А як маё сэрца шчымела ў смузе —

У вырай пачаў ён збірацца,

Стаяў, задумёны, на доўгай назе,

Як флюгер на панскім палацы.

 

А потым праз зіму яго не было.

Ды зноў па вясновай дарозе,

Здавалася, бусел прыносіў цяпло

І ўборы старэнькай бярозе.

 

Калі я пабольшаў, да новых шляхоў

Пазвала вучоба і праца,

Я мусіў ад’ехаць на многа гадоў

І з буслам сваім развітацца.

 

За вёснамі вёсны шумелі, ішлі...

Вярнуўся дахаты я сталым.

Другія буслы на бярозе жылі,

Даўнейшага друга не стала.

 

Гады адыходзяць, імкнуць чарадой,

Адно не жадаюць вяртацца.

Буслы прылятаюць заўсёды вясной,

Свайго не магу дачакацца.

 

 

ВЕРАСНЁЎСКІЯ ВЯТРЫ

Прыйшлі вятры, і хмараў статкі

Нагналі песень дажджавых

І жоўтыя паклалі латкі

На ўборы паркаў гарадскіх.

 

Здаецца, вежы так намоклі,

У хмарах, што ў капелюшах,

І ліхтары, як быццам кроплі,

Дрыжаць на тонкіх правадах.

 

А трубы дахаў плачуць, плачуць,

Уздоўж праспектаў ручайкі.

І толькі гальштукаў дзіцячых

Мільгаюць ярка аганькі.

 

 

ПАДКІНЬ

У райцэнтры Беражок

Жыў адзін працаўнічок.

Хоць па прозвішчу быў Грынь,

Зваў народ яго «Падкінь».

Даў народ яму імя

І, як кажуць, недарма!

Працаваў не вельмі ён,

А на вока быў жадзён,

Сена ўбачыць на гумне:

— Хоць вазок падкіньце мне! —

Збожжа звозіцца на ток:

— Ну падкіньце, хоць мяшок...—

Ходзяць качкі чарадой:

— Не шкадуйце вы адной! —

Дзе б ні ездзіў,

Дзе б ні быў,

Ён адно: «Падкінь!» — прасіў.

То падкіньце гусачка,

То падкіньце парсючка!

І нямала дзівакоў

Падкідалі індзюкоў,

Падкідалі свінакоў,

Падкідалі куранят,

Збожжа, бульбы,

Сена шмат...

Ды агледзеўся народ —

Як падкінуў восем год.

Ёсць надзея, што дамоў

Грынем з’явіцца ён зноў.

 

 

ЧОРНАЕ МОРА, БАЛТЫЙСКАЕ МОРА...

Таму шмат стагоддзяў — не злічыш, як многа,

Відаць, як узніклі і воды і горы,

Далёка-далёка адно ад другога —

Чорнае мора,

Балтыйскае мора.

 

Быў лапаць лазовы, а што за абутва?

І кій ядлаўцовы — не поезд вам скоры,

І мала было тых, хто бачыў абудва —

Чорнае мора,

Балтыйскае мора.

 

Хадзіў на Турэччыну дзед мой салдатам,

Дарогу пасля ўспамінаў ён з дакорам,

Казаў, што не знаў, як вярнуцца дахаты

З гэтага самага

Чорнага мора.

 

Не знаў ён, што прыйдзе часіна такая,

Ледзь жыў ён у нетрах дрымотнага бору,

Што Нёман і Прыпяць, Дняпро паяднаюць

Чорнае мора,

Балтыйскае мора.

 

А каб я ды дзеду калісьці зазначыў,

Што людзі такое прыдумаюць, створаць,

Сказаў бы: — Пабойся ты бога, не ўбачыць

Чорнае мора

Балтыйскага мора.

 

Няма майго дзеда, і вельмі мне шкода,

Што ён не дазнаўся, загінуўшы ў горы,

Што злучаны будуць у нас назаўсёды

Чорнае мора,

Балтыйскае мора.

 

Над роўняй канала, над водным крышталем

Стаяць будуць сосны, нібыта ў дазоры,

Т, можа, пад Мінскам змяшчаюцца хвалі

Чорнага мора,

Балтыйскага мора.

 

І мроіцца сёння так сэрцу паэта —

Плывуць параходы з далёкіх прастораў,

Не толькі з Турэччыны — з цэлага свету,

З Чорнага мора

У Балтыйскае мора.

 

Я мару — у госці яны прыплываюць.

Страчаюць іх шчыра і сёлы і горад,

Дзяўчаты і дзеці вянкамі вітаюць

Чорнае мора,

Балтыйскае мора!

 

 

ШЧАСЦЕ

Ранкам я ўстану,

сонца сустрэну, як выблісне з бору —

Шчасце!

 

Выйду на поле —

роўна за трактарам скібы кладуцца —

Шчасце!

 

Чую, з-за рэчкі,

з дна катлавана, бульдозер азваўся —

Шчасце!

 

Гляну я ўдалеч,

рунь распасцерлася песняй зялёнай —

Шчасце!

 

Бачу — дзяўчына,

яна над рамонкам хіліцца нізка —

Шчасце!

 

Дзеці з пясочку хаткі будуюць

уважна, задумна —

Шчасце!

 

Недзе зязюля кувае бясконца,

дзякуй, зязюля,—

Шчасце!

 

Вось і прыходзіць радок мне на памяць,

можа, і добры —

Шчасце!

 

 

ВЕТРАНАЯ

Так усе гавораць

Аб нашай Альжбеце:

— Што з яе ты возьмеш,

Не дзяўчына — вецер...

 

Сёння з трактарыстам

Бавіцца, гуляе,

Заўтра гарманісту

Вочкамі міргае.

 

Кажа, агранома

Ёй занадта шкода,

На спатканне ж ходзіць

Да рахункавода.

 

І хто ні прыедзе —

Не дае спакою.

Ветраная... ветраная...

Слых ідзе за ёю.

 

І шкадуюць часам,

І смяюцца людзі:

— Шмат яна шукае,

Аднаго не будзе!

 

 

КЛОПАТЫ

Ганка сеяла лянок,

Прыбірала потым...

Нарабіў жа «Огонёк»

Дзеўчыне клапоту.

 

Напісаў: «Яна герой

У здабытках новых»,

Даў на вокладцы сваёй

Здымак адмысловы.

 

Надзвычайнае красы

Твар на ім дзявочы —

Быццам кужаль валасы,

Што крыніца вочы.

 

Зубы тыя, што часнок,

Выгнутыя броўкі...

Пакладзеш ты «Огонёк»

Ды возьмеш ізноўку.

 

Многа ў Ганкі пекнаты,

Для хлапцоў натхнення...

Да яе пайшлі лісты —

Тысяча, не меней!

 

Знекуль здалі, з-пад Карпат,

Дзе вышынь нямала,

Піша гвардыі сяржант,

Каб яго чакала.

 

Стуль, Арагві дзе бяжыць,

Б’е хлапец у грудзі:

«Не магу я далей жыць,

Як маёй не будзеш».

 

Піша ёй чабан-герой:

«Пакахаў аддана...»

Лейтэнанты пішуць ёй,

Нават капітаны.

 

Хто вітанне шле, паклон,

Хто да сэрца рвецца...

Носіць пісьмы паштальён,

Носіць і злуецца.

 

Стаў худзюшчы, што кашчэй.

Прынясе іх многа —

Кіне моўчкі і хутчэй

Верне да парога.

 

Што было б далей з таго,

Я і сам не знаю.

Раз пачуў ён:—

Аднаго Я цябе кахаю.

 

 

КАЛІ ПРЫЕДУ

Калі прыеду ў вёску нашу

І папрашу ў цябе паесці —

Стаўчы мне бульбяную кашу,

Засквар, чым маеш ты, нарэшце.

 

А ёсць кілбаска — пахваліся,

Грыбкоў падкінь ты усялякіх,

Пастаў вялізную мне місу

Капусты кіслае для смаку.

 

Падай, як некалі бывала,

(Бо змалку не змяніў я густу)

Скрылёў з пяток сырога сала

І хлеба ўкрой, як трэба, лусту.

 

Таго, што ў полі гадаваўся,

З дажджамі, з сонцам вёў размовы,

Таго, што ў печы красаваўся

На лісці восеньскім, кляновым.

 

Ну, а пасля ты, як вядзецца,

Мо пачастуеш хлебным квасам.

За ўсё падзякую ад сэрца

І падужэю я адразу!

 

 

ПТУШНІЦА

Нідзе такой не знойдзеш квочкі,

Каб столькі зразу гадаваць.

Сачыць, як жоўтыя камочкі

Спрабуюць на нагах стаяць.

 

Яны ж растуць. Іх трэба песціць

І забяспечыць мацыён,

Упору даць папіць, паесці,

У час праводзіць іх на сон.

 

Пяройдуць дні, пяройдуць ночы,

Яны бялеюць грамадой,

Глядзіш — і крыламі лапочуць,

Вось-вось успырхнуць над зямлёй.

 

Стаіць ад ранку да заходу

Курыны гоман за гумном.

Убачаць птушніцу — заўсёды

Імчаць імкліва, сугрунём,

 

Бо зерне пад яе рукою

Бяжыць з каша, як з ручая.

Бялюткім воблакам пад ёю

Уся птушыная сям’я.

 

 

ВЕЦЕР І БУРА

Можна заўважыць

па рознай прыкмеце,

Як пачынаецца

вецер.

Спачатку

ледзь-ледзь

задрыжыць павуцінка,

Яе падтрымае

лістамі асінка,

Пройдзе мясцінамі

шэрань па рэчцы,

Крылца пчалінае

ўспырхне на кветцы.

Провад зашэпча штосьці

над шляхам.

Ўгору памкнецца

саломінка з даху.

Потым як дзьмухне —

узрушацца лозы.

Следам прыгнуцца

малыя бярозы,

З вішань пасыплюцца долу

каралі,

Жытам пракоцяцца

буйныя хвалі,

Зойдуцца ўраз галчаняты

ў трывозе,

Слупам узнімецца

пыл на дарозе.

Дзіка завые —

бор адгукнецца,

Нават на студні

асвер скаланецца.

Рознае птаства

прагоніць ён з вуліц,

Пеўня з дрывотні

сарве,

перакуліць,

Пашкуматае

копны ён смела,

Бачыш — страха

аж угору ўзляцела...

З чорнымі хмарамі

ладзіць ігрышча —

Скача і свішча...

Скача і свішча...

Вецер і з хмарамі

любіць змагацца,

Хмары разгоніць,

ды сілы ўжо страціць.

З высі магутнае сонца.

Як гляне —

Ветру

нізвання!

Так было з ветрам.

Знік ён па часе.

Помню,

як бура ў мяне пачалася.

Дзеўчына,

быццам матыль, мільганула,

Позіркам

ціхім мне грудзі кранула.

І абыякавасць

зрушыла трошкі

Смехам срабрыстым,

як звонкім гарошкам.

Думы ж аблытала

светлай касою,

Потым звяла мяне

плыткай хадою,

Неяк, прыпаўшы

тварам да твару,

Ўшчэнт спапяліла

сінеючым жарам.

Дрэўцам я кволым

прад ёй захістаўся —

Бура ў грудзях маіх,

бура ўзнялася.

Сэрца то ў бездань,

то ў неба кідае,

Быццам той човен

на хвалях гайдае.

Стаў я з гадамі,

як дуб крамяністы,

Толькі прад ёю

схіляюся лістам.

Часам да долу

паду галавою,

Жвір на дарозе

абсыплю расою.

Часам прашу я:

— Бура, ўжо годзе!

Яна ж не праходзіць!

Яна ж не праходзіць!

 

 

АЛЕКСАНДРЫНА

Мне на забыцца песні той даўняе вясны:

— На Мурамскай дарожцы стаялі тры сасны...

 

Хадзілі мы, спявалі, і з песняй ты цвіла.

Александрына, помніш, якою ты была?

 

Цяпер магу прызнацца, тады пачаў кахаць,

Цябе з ніякай кветкай не мог я параўнаць.

 

Сказаць, што васілёчак, дык фарба ў ім адна,

Сказаць, што ты лілея,— сцюдзёная ж яна.

 

Сказаць, што ты званочак... Ды ўсіх жа мала іх!..

Такою ты здалася ў семнаццаць год маіх.

 

Мінула часу многа. Мне навявалі сны,

Як дзесьці на дарожцы стаялі тры сасны.

 

Прайшлі вясна, і лета, і восень, і зіма...

Александрына, дзе ты? Шукаю я — няма!

 

 

* * *

З-пад сосен бору,

З-пад ялінкі

Бяжыць ручай такі маленькі,

Збярэш яго, здаецца, у жменьку,

А ён імчыцца ўдаль жывінкай,

Кідаючы між лугу след...

 

Нібы гарошынка

Малая,

І я за ім аднойчы ўранку,

З бацькоўскага сышоўшы ганку

(Часіна мне прыйшла такая),

Сцяжынкай пакаціўся ў свет.

 

 

ДВА БАЛЬШАКІ

Прыехаў я ў вёску

Вясновымі днямі,

Сустрэўся я ў полі

З двума бальшакамі.

 

І розніцу ўбачыў

Адразу між імі —

Нібы дзве эпохі

Ляжаць прад вачыма.

 

Я новай дарогай

Спяшаю дадому,

Старая — з дзяцінства

Таксама вядома.

 

Па ёй вандраваў я

Раз тысячу, можа —

На старым гасцінцы

Сівыя бярозы.

 

Мне бабка малому

Даўно гаварыла,

Што іх Кацярына

Калісьці садзіла.

 

З рыдлёўкай царыцу

Ўяўляў я, няйначай,

Ды толькі ніколі

Не здолеў пабачыць,

 

Мільгнула царыца,

Растаяла з дымам...

Бальшак жа даўнейшы

Увесь прад вачыма.

 

Узгоркі. Нізіны.

Млынок ля рачулкі.

Пясок. Каляіны

Па самыя ўтулкі.

 

Рыпяць панарады,

Драўляныя восі.

— Ціў-ціў...— як піскляты

Заводзяць калёсы.

 

Калдобы пад тройняй

Вядзёрка гайдаюць,

І кроплямі дзёгаць

Свой след пакідае.

 

Панурыя коні

Брыдуць аднастайна...

Такім быў, я помню,

Напі транспарт звычайны.

 

Пабачыў бальшак наш

І смешнага многа,

Ды гэта было ўжо

Ў дні фэсту якога.

 

Аж грукат, аж трэтар

Па лесе сасновым,

Навыскач імчыцца

Фарсун засцянковы.

 

Каняку худую

Забэсціць, заморыць,

Каняка падохне,

А шляхціц з ганорам.

 

Часамі глядзеў я

На пасце, улетку,

Як ездзіла панства,

Было гэта рэдка.

 

Карэта, як хата,

Высозныя дугі,

Аж восьмера коней

Запрэжаны цугам.

 

Адзінае масці

І ўсе закілзаны,

У грывах істужкі,

Хвасты падвязаны.

 

Здаецца, што срэбрам

Бліскучым падкуты,

А пан, што індык той,

Чырвоны, надзьмуты.

 

Сядзеў у карэце,

Ні з кім не вітаўся...

Скажу вам па праўдзе —

Я пана баяўся.

 

Пан ездзіў найболей

У свята, ў нядзелю.

А тыдзень — сялянскія

Колы рыпелі.

 

Бальшак старадаўні

Мне помніцца змалку,

Яго засталіся

Адны ўжо кавалкі.

 

А побач пралегла

Шаша-піянерка,

Раўнюткая, чыстая,

Быццам люстэрка.

 

Прыгледзься, як толькі

Дажджы выпадаюць,

Яліны і сосны

З яе паглядаюць.

 

Яна, што стралою,

Наперад імчыцца,

Праз нашую вёску

Ажно да сталіцы.

 

А рух неўгамонны,

А рух той няспынны,

Стаіш, пазіраеш —

Машыны, машыны...

 

Мільгаюць, што кулі,

Нібыта на гонках,—

Праходзяць разважна

Двухтонкі, трохтонкі.

 

Веласіпеды

Шыбуюць памалу,

Набітыя торфам

Плывуць самазвалы.

 

Вялізны аўтобус,

Загружаны цесна —

І раптам ўзлятае

Дзявочая песня.

 

І кожнае слова

З той песні як быццам

На дрэвах, што побліз,

Як голуб, садзіцца.

 

Дзяўчаты спяваюць,

Праносяцца хаты,

Іх маршам паходным

Страчаюць салдаты.

 

У бронемашынах

За ротаю рота,

А ў небе над імі

Плывуць самалёты.

 

Шаша не змаўкае

Цалюткімі днямі...

Цікава, як стрэнеш

Вяселле часамі.

 

Хлапец пасядае

З любімай дзяўчынай,

Абсыпаны кветкамі ўсе,

Зелянінай.

 

Сябры і сяброўкі

Спяваюць, гамоняць,

На хвілю не моўкнуць,

Іграюць гармоні.

 

Глядзіш ты — і ўспомніш

Часы маладосці,

І трошку пад сэрцам

Узрушыцца штосьці.

 

Ды хай сабе, сэрцам

І мы не старыя,

Шаша маладая,

Пяюць маладыя.

 

Бальшак жа старэнькі

Адгрукаў, і годзе.

Другія ўжо людзі,

Другое стагоддзе!

 

 

ПАСЛАННЕ Ў КІЕЎ

 

Максіму Рыльскаму

 

Мой човен па Дняпры плыве,

Сінее даль перад вачыма,

І думку, у сэрцы што жыве,

У Кіеў шлю я, да Максіма.

 

Зварот крыху завольны мой,

Ды ў ім ніякае абразы,

Каго мы любім ўсёй душой —

Завём і Янкам і Тарасам.

 

Няхай даруе мне Максім,

Ды я пішу ад сэрца, ўзнёсла.

Ён ціхі, добры друг усім —

Малым, і юным, і дарослым.

 

Лягчэй з ягонай песняй жыць,

Завуць яго адданым сынам,

Ён на Ўкраіне мусіў быць,

І ёсць Максім на Украіне.

 

Ён ходзіць з песняй паміж хат,

А ўбачыць ты яго наважыш,

Спытайся у Дняпра, ў Карпат —

Яны гукнуць яго адразу.

 

Хай ён блукае між дуброў,

А мо працуе дзе рупліва,—

Дзе б ён ні быў, у круг сяброў

Прымчыць, як голуб варкатлівы.

 

Сваю ён гутарку пачне,

Ў бяседу ўходзячы памалу,

Ён знойдзе слова ў гамане,

Якога ўсім нам не хапала.

 

І мы пачуем гул Масквы,

Напеў сасновы Беларусі

І край цалінны, стэпавы,

Як быццам ён адтуль вярнуўся.

 

Чалом табе, Максім, чалом!

Дарма цябе я скрозь шукаю.

Цяпер зіма. Ты за сталом

Старонкі даўнія гартаеш...

 

Ўстаюць прыгонныя часы,

Спяваюць аб нядолі жнеі...

Твае сівыя валасы,

Здаецца мне, яшчэ бялеюць.

 

Ты на душы адчуў мароз,

Па сэрцу слёзы жней ліліся...

Ды бачыў ты народу лёс,

Ірваўся сокалам у высі.

 

Ты горды тым, што ў барацьбе

Умеў адпомсціць ён за раны,

І я так рады за цябе,

І слаўлю мужнага Багдана.

 

Бо нашы сэрцы праз вякі

У братняй еднасці заўсёды.

Былі Багданавы палкі

І ў нас. Ён з нашым быў народам.

 

Да волі клаў Багдан масты,

Зарніцу ўбачыўшы на ўсходзе,

Каб тры сардэчныя браты

Жылі заўсёды ў добрай згодзе.

 

Мінулі дні. Прайшлі гады...

Нас не зламаў ніякі вораг,

І мы цяпер і назаўжды,

Як сталь, з’яднаныя «Аўрорай».

 

І ў нас бязмежны далягляд.

Які прастор! Як сонца свеціць!

Плячо ў плячо, да брата — брат,

У бездань знікла ліхалецце.

 

Цяжкі ўспамінак — старына...

Ды ў новы дзень ты заўжды крочыш.

Ты падыходзіш да акна,

І загараюцца зноў вочы.

 

Інакшы дзень перад табой,

Усё хвалюе ў ім паэта —

Малыя шумнай грамадой

Са снегу зладзілі ракету.

 

Гарэзны візгат, гоман, смех.

Шчаслівы час, якая доля!

І кружыць снег, і кружыць снег,

Такі бялюткі як ніколі.

 

Сняжынкі — за адной адна —

Перад тваім паглядам таюць...

І ўжо не снег ідзе. Вясна

З прыполу кветкі растрасае.

 

Зязюля села на вярбе,

Зашчоўкаў у кустах салоўка,

І ты — я ведаю цябе —

Ізноў збіраешся ў вандроўку.

 

Прыкінуўшы маршрут не раз,—

А сцежак у цябе без ліку —

Бярэш ты вуды і ў запас

Кладзеш кацельчык невялікі.

 

Каб пры удачы, як зара

Асядзе недзе за барамі,

Наўкруг маленькага кастра

Пагаманіць як след з сябрамі.

 

З табой сустрэцца кожны рад,

Паразважаць пры ясных зорах,

Сяброў цябе чакае шмат,

І мы чакаем на азёрах.

 

Ты знаеш — іх нямала ў нас,

А ў іх — табе даўно вядома —

Пятляе плотка, ходзіць язь,

Шчупак стаіўся нерухома.

 

Дык выбірай куток любы:

Браслаўе, Лукамля ці Нарач;

Стаяць пад Свіцяззю дубы

І пра цябе таксама мараць.

 

Іх верхавінне — цэлы дом,

Чуцён далёка іхні голас...

Міцкевіч быў пад іх шатром,

Твае сябры — Купала, Колас...

 

Ты ў нас і гаспадар і госць,

Цябе, як брата, здаўна знаем,

Дык прыязджай, гамонка ёсць,

А ў дружбакоў — няма ёй краю!

 

 

КАМУНАРЫ ЖЫВУЦЬ!

Камунары жывуць, бачу іх,

не, яны не забіты!

Пэр-Ляшэз, я стаю прад табой

з галавой непакрытай.

 

Пэр-Ляшэз! Мужнасць храбрых

ніколі не можа забыцца.

Вось і я тут стаю,

каб героям тваім пакланіцца.

 

Спяць героі ў зямлі,

але ў іх незгасальная сіла.

Я зрываю лісток з іхняй сціплай,

славутай магілы.

 

І да сэрца кладу,

а яно, ўсхваляванае, б’ецца,

І яно гарачэй

і Ў грудзях, быццам крэмень, здаецца.

 

Многа роздуму ў ім

прад сцяною пахмурай, суровай,

І жаданне ў яго

з камунарамі весці размову.

 

Камунары жывуць,

хай загінула ў бойцы нямала,

Ды на цэлы сусвет

у Кастрычнік іх зорка заззяла.

 

І расце і расце,

і шырэй і шырэй узрастае

Камунараў сцяна непахіснае волі,

жывая.

 

Камунараў сцяна,

што сабой прыкрывае народы.

Не зламалі яе аніякія буры,

нягоды.

 

Над кагортай байцоў

горда ленінскі сцяг развінаўся,

Хто прабіць спрабаваў —

аб граніт той сцяны разбіваўся.

 

Камунары жывуць,

і ніхто не ўзлятаў так высока.

Пэр-Ляшэз, чуеш ты

камунараў магутныя крокі.

 

Чуеш — гімн іх гучыць,

быццам гром па-над цэлым сусветам.

Камунары ідуць,

і ўжо блізка да яснае мэты!

 

 

БЕЛАРУСКІЯ ШАХЦЁРЫ

Хадзілі мы ўслед за адной баразной,

Парваўшы зямлю на шматкі,

І нетраў глыбей, чым крывуляй-сахой,

Не краталі мы праз вякі.

 

Касілі мы травы, аралі палі,

Сваё будавалі жытло,

А шахтаў глыбокіх на нашай зямлі

Ніколі яшчэ не было.

 

Спрадвеку ішло ад дзядоў да бацькоў:

— Нічога не знойдзеш у нас...

Далёка ж, на шахты, нямала хлапцоў

Хадзіла ў заробкі не раз.

 

Вярнуўшыся, ўсё ўспаміналі забой,

Мы чулі пра цуды ад іх,

Прызнацца, хварэлі нямала душой,

Што скарбаў не маем такіх.

 

І гэтак жылі б мы між хмурых сяліб,

Дык дзякуй жа новым часам —

Мы ўвысь узняліся, мы глянулі ўглыб,

І тайны раскрыліся нам.

 

Стуль скарбы ўзнімаем умелай рукой,

Штораз багацее наш дом,

Багаццяў тых хопіць, каб вечнай красой

Усё гаманіла кругом.

 

Мне радасна: сёння задумлівы бор

На шахты з павагай глядзіць.

Таварыш шахцёр, беларускі шахцёр,—

Як хораша гэта гучыць!

 

 

СПЯЦОЎКА

Калі я спяцоўку сваю апранаю

І тут жа адчую — яна па плячах,—

Я быццам дужэю, нібы вырастаю,

Раблюся спрытнейшым ва ўласных вачах.

 

У цэх уваходжу крыху ў хваляванні.

Машыны, як быццам жывыя, стаяць,

Працуюць і лічаць — мнажэнне, складанне...

Я з імі люблю размаўляць.

 

А колькі сяброў тут умелых, адданых,

Майстрамі па сэрцу здаюцца яны...

Стаяць за варштатамі, што капітаны,

Ім даляў прыгожых абрысы відны.

 

 

ЗАЙЗДРАСЦЬ

Усхваляваны я без меры,

Прызнацца, зайздрасць уваччу,

Калі гляджу на піянераў

Ля манумента Ільічу.

 

Бо, як дзіця, сабе наважыў,

Каб як магло такое стаць,

Каб мог стаяць я з імі разам

І клятву першы раз даваць.

 

Каб мог сядзець за партай

сёння,

Хадзіць з мадэлямі ў гурток,

Каб паміж гальштукаў чырвоных

І мой свяціўся аганёк.

 

І я стаяў у дружным строі

З вялікай верай у грудзях,

І я пад ленінскай рукою

Выходзіў у далёкі шлях.

 

А сёння ў шлях,

што ён азначыў,

Ідуць і дочкі і сыны,

І я выразна, добра бачу

Той свет, куды ідуць яны.

 

 

ПЕНСІЯНЕР

Заўжды рухавы і натхнёны,

Гатовы зноў ісці ў паход,

Хоць ты ўжо з кніжкай пенсіённай

Знаёмы, і не першы год.

 

Часіна гэткая прыпала,

Сваё адгрукалі гады.

І хоць на кіцелі бывалым

Пагонаў даўнія сляды —

 

Ты да ўсяго цікавасць маеш

Па добрым звычаю здавён —

І востра вока заўважае,

І сэрца неспакойны тон.

 

І рухам войска на парадзе

Хвалюешся ты ад душы,

Дамоў ідзеш — зірнеш у садзе,

Як там гуляюць малышы.

 

І да ўсяго табе прычына —

Што ў парку Камунгас садзіў,

І быццам бы юнак з дзяўчынай

Не так як след загаварыў.

 

І што ў будоўлю нам мільёны

Патрэбна ўдумна укладаць,

Відаць, раней, чым стадыёны,

Бальніцы варта будаваць.

 

Сваімі дочкамі, сынамі

Ты не пацешышся ніяк,

Хоць часта, стрэўшыся з сябрамі,

Гаворыш ім: — А мы б вось так!..

 

Аб мірных днях заўсёды марыш,

А ледзь пагроза загрыміць,

Ты кажаш так: — Эх, даць бы жару,

Мы ж ім давалі прыкурыць!

 

За ўсім ты сочыш пільным вокам...

Не, ты ў дарозе не прыстаў,

Звык прымяраць усё навокал

Да ленінскіх вялікіх спраў.

 

 

НІШЧЫЦЦА ТУРМА

Між экскаватараў кран завіхаецца,

У самазвалаў спачынку няма,

Крышацца сцены, краты ламаюцца —

Нішчыцца сёння турма.

 

Царскага ладу цвярдыня жахлівая,

Па-над свабодай і розумам здзек,

Колькі змаганцаў з душою імкліваю

Ты пахавала навек!

 

Колькі там волі людское знявечана,

Колькі вачэй не счакалі святла,

Колькі тут слёз і крыві чалавечае

Кожная цэгла ўзяла!

 

Вышай і вышай сонца праменнае,

Новыя светлыя гмахі стаяць.

Веку праклятага глыбы каменныя

Радасна нам раскідаць.

 

Прыйдзе часіна — не будзе і следу іх,

Знішчыцца й назва сама,

З кнігі нашчадкі толькі і ўведаюць

Чорнае слова — турма.

 

 

МАЙ ЗЯЛЁНЫ НА ПАРОГ

Май зялёны на парог.

Ночка. Вішні белыя.

Ходзім мы з табой удвох,

Нібы звар’яцелыя.

 

Не страчаліся з зімы.

Што ж мы не бяседуем,

І чаго жадаем мы,—

Самі мы не ведаем.

 

Падае нам певень знак —

Блізка ўсход, світаецца,

Нашы ж рукі аніяк

Штось не разнімаюцца.

 

Салаўіны галасок

У садах ваколіцы,

Месяц быццам назнарок

Сам не супакоіцца.

 

 

* * *

Як пабачу тыя бровы,

Проста подбегам бягу...

Сам сабе пішу вымову,

Не глядзець жа — не магу.

 

Як успомню — аж да рання

Не заснуць маім вачам,

Сам сабе даю спагнанне,

Толькі радачкі не дам.

 

Знаю я — дарэмна мару,

Бо прыйшла мая зіма.

Сам сабе кладу я кару,

А ратунку ўсё няма!

 

 

ФРАНТАВЫЯ ДАРОГІ

Горды сцяг перамогі.

Кроў братоў і сыноў.

Франтавыя дарогі

Грозных,

чорных гадоў.

 

Дым уедлівы, горкі,

Сталі плаўленай гром,

Смерць пад кожным узгоркам,

Смерць пад кожным кустом.

 

Мы ж дарогамі смерці

Непахісна ішлі,

Гора клала на сэрцы

След, як танк на зямлі.

 

Ў ботах кірзавых ногі

Не маглі адпачыць.

Франтавыя дарогі,

Колькі вас,—

не злічыць!

 

Шмат салдацкага поту

На шляхах палявых,

На багнішчы ў балотах,

На завалах лясных.

 

Дождж асколачны з ветрам.

Шкуматала.

Гуло.

Нам вайны кіламетры

Браць не лёгка было.

 

Многа згінула, многа

У змаганні цяжкім,

Франтавыя дарогі,

Вам вядома адным.

 

Знаюць нашы шынелі,

Што прабіты не раз,—

Мы спачынку не мелі,

Помста рухала нас.

 

За свабоду Айчыны

Біўся воін-салдат.

Мы дайшлі да Берліна,

Быў такі нам загад!

 

 

МУ І РАНА

У Нарвегіі, дзе горы

Вадаспадамі прыбраны,

За палярным кругам горад

Му і Рана.

 

Назва гучная такая,

Што цымбаламі найграна,

З ёй дзяцінства ўспамінаю —

Му і Рана.

 

Прыгажун, стаіш пры лесе,

Да цябе мая пашана,

Не таму, што ты завешся

Му і Рана.

 

Ты не толькі гэтым блізкі.

Прыгадаю — ў сэрцы рана.

Я стаю пры абеліску

Му і Рана.

 

Пад высокім шпілем вострым

Многа смелых пахавана,

Спяць мае браты і сёстры,

Му і Рана.

 

Мы дамоў іх клічам з болем,

Ды навек яны схаваны

Тут, табе прынёсшы волю,

Му і Рана.

 

Горад белы, быццам з лёду,

Бляскам поўначы затканы,

Помні кроў сяброў з Усходу,

Му і Рана.

 

 

ЯБЛЫНЯ

Глядзець на яблыню мне люба —

Прыберацца, як зацвіце,

Што маладыя так да шлюбу

Не прыбіраліся яшчэ.

 

Сукенка срэбная, густая,

Зялёнай хваляй валасы,

І што ні кветка, дык жывая,

З вачамі зорнае расы.

 

А завязь — быццам кроплі віснуць,

А набрыняюць спакваля.

Нібыта месячыкі бліснуць

Паміж бухматага галля.

 

Іх сонца не спускае з вока,

Вятры ім навяваюць сны...

Глядзіш — паружавелі шчокі,

І ў вусны просяцца яны.

 

Калі ж пачнуць да долу грукаць,

Бо абцяжарыць медзі сок,

Як аганёк, прымаю ў рукі

Я невялічкі цыганок.

 

Чародкай птушак, маладая,

Сям’я антонавак пяе.

Слязу з антонаўкі сціраю,

Нялёгка ростань у яе.

 

Ды ўспыхне зноў, я добра знаю,

Вясной, як скончыцца зіма.

Няма ва ўсім канца і краю,

Так, як і ў песні іх няма.

 

 

* * *

А ці не досыць вам, здаецца,

Яго няславіць і чарніць?

Ягонае ад гора сэрца

Ужо чарней ад галаўні.

 

Яго ў эпітэтах ганебных

Спавіла плётак дзераза,

Як дождж зямлі, яму патрэбна

Сяброўскай шчырасці сляза.

 

І сэрца ўсе нягоды скіне,

Кроў заструменіць сугрунём,

На месцы той слязы галіна

Зялёна ўспыхне аганьком.

 

 

НАШЫМІ ВАЧАМІ

Словы нашай велічнай Праграмы

Я чытаю ўважліва, натхнёна,—

То глядзяць не літары радкамі,

Гэта вочы зыркія мільёнаў.

 

Вочы, што ў гадах не зналі зморы,

Вочы аднадумцаў і герояў.

Я гляджу ў іх, быццам у азёры,

Ўсё жыццё ўстае перада мною.

 

Я гляджу, як паміж хваль высокіх

Ветразь мой удалячынь кіруе —

Ад дзядоў і прадзедаў здалёку

Аж туды, дзе марамі жыву я.

 

За даўно мінулымі гадамі,

Што смугою шэраю пакрыты,—

Бачу ўсё, пяройдзенае намі,

Бачу ўсё, што намі перажыта.

 

Кожны з нас адчуў і добра вызнаў

Зорку, што нам воляю заззяла.

Я ж гляджу ў той час, як камунізма

Над Еўропай толькі здань блукала.

 

Бачу я народа шлях цярновы,

Кайданамі ён прасторы будзіць.

Пад арлом сатрапа двухгаловым

Стогнуць запрыгнечаныя людзі.

 

Смерць з касою па дарогах крочыць,

Размахнецца — падае жывое.

За варштатам — згорблены рабочы,

Селянін — з гаротніцай-сахою.

 

Продкаў сваіх бачу — пры лучыне

Над глінянай місай пасядаюць,

Лыжкамі драўлянымі нішчымнай

Лебядой мякіну заядаюць.

 

Так да самай смерці з нараджэння

Добрага не бачана, не чута.

Світкі з зрэб’я — іхняе адзенне,

А лазовы лапаць — іх абутак.

 

Дзень і ноч паміж пакутаў, плачу.

Каб забыцца — сцежка да сівухі,

Бо карчмар — найлепшы іх дарадчык.

За дакторак — брудныя шаптухі.

 

Не глядзелі ў час той за малымі,

Ат, жыве, дык добра, што жывое,—

Так было і з продкамі маімі,

Так было, сябры мае, са мною.

 

Адышоў той век цяжкі, суровы,

Шлях адкрыўся вольны для народа,

У народным гневе перуновым

Воля ярка ўспыхнула са ўсходу.

 

Чую залп «Аўроры» над Нявою,

Бачу штурм я Зімняга гарачы,

Бачу сцяг чырвоны над зямлёю,

Леніна любімы воблік бачу.

 

Бачу, як пайшлі ўсе грамадою

Да вялікай мэты без вагання.

Крокі аднадумцаў і герояў

У шляху не ведалі прыстання.

 

Словы нашай велічнай Праграмы

Я чытаю ўважліва, натхнёна.

Мы сваімі ўласнымі рукамі

Ўсё зрабілі, а было, я помню:

 

Хлеба васьмачок на чалавека,

Рэзрух, запусценне і няўрода,

Цягнікі маўклівыя на рэйках,

Трубы зледзянелыя заводаў.

 

На прысмакі — хвост якой сялёдкі,

А на кашу — крышачку алею,

Да кален аблезлыя абмоткі,

На штанах палапленыя леі.

 

Перамерзлі ў сцюжах мы нямала,

Шынялі дзіравыя насілі,

Нас цяплом «буржуйка» атуляла,

Колькі зім мы з ёй прагаманілі!

 

Духам жа не паў былы гаротнік,

Мы нягоду чорную скарылі,

Акрыліў нас ленінскі суботнік,

Ленінскія планы акрылілі.

 

І з руін заводы вырасталі,

Зацвіталі нібы збажыною,

Хоць адной рукой мы будавалі,

А знішчалі ворагаў другою.

 

Мы змяталі іх з зямлі, як смецце,

Адлятаў з дарогі пан за панам.

Не, відаць, нідзе няма на свеце

Гэтакіх, як мы, загартаваных.

 

Дзе такая сіла паўставала,

Каб у бойцы, ў голадзе і сцюжы

З той ліхой, драпежнаю навалай

Не схіснуцца, выстаяць, адужаць!

 

Мы цагліну за цаглінай клалі,

Уставалі коміны пад неба,

Хоць сабе часамі адмаўлялі

Нат у тым, у чым была патрэба.

 

Мы сваю пабудавалі хату,

Славілі жыццё ў ёй маладое...

Толькі набрыдзь, ліхадзеі-каты

Не далі пажыць нам у спакоі.

 

Зноў пажары, зноўку кроў ракою,

Дзе ні глянеш — толькі гора, беды,

Бачу аднадумцаў і герояў,

Ды такіх, што свет яшчэ не ведаў.

 

Што ішлі, як бессмяротны Данка,

Праз усе нягоды і віхуры,

Падалі з гранатамі пад танкі,

Засланялі сэрцам амбразуры.

 

Скажа вам, як за Радзіму-маці

Здабывалі ў бітвах перамогу,

Кожная травінка сенажаці,

Кожная пясчынка на дарогах.

 

Як, нягледзячы на боль і раны,

Смерці ў вочы пазіралі смела

Паміж тысяч храбрых і адданых

Кашавы, Матросаў і Гастэла.

 

Слава непакорлівым і мужным,

Ім, героям, жыць і пасля смерці

З песняй пераможнаю на вуснах,

З Ільічовым іменем у сэрцы.

 

Знішчана карычневая зграя,

Разарвана кратаў павуцінне.

Ты жывеш, працуеш, расцвітаеш

Край Саветаў, любая Айчына!

 

А тваіх здабыткаў скрозь без ліку,

Што ні дзень мацнеюць нашы справы.

Слава нашай партыі вялікай,

Што вядзе да перамогі, слава!

 

Словы нашай велічнай Праграмы

Я чытаю ўважліва, натхнёна,

Я гляджу наперад. За гадамі

Я ў жыцці, і я ў яго ўлюбёны.

 

Быццам жыць мне многа давялося,

Не хварэю, нават не старэю,

Пад блакітнай далеччу нябёсаў

Бачу, як зямля ўся маладзее.

 

Новыя магутныя каналы,

Мёртвы каларыт пустыні згінуў,

Там, дзе і расіны не бывала,—

Скрозь шумяць зялёныя галіны.

 

Я зямлю заву такую раем,

Буйна збожжа ўстала над палямі,

Кожная травінка пазірае

З гушчароў расянымі вачамі.

 

Па-над стэпам светлых песень гукі,

І азёраў і дуброваў многа,

Вежы станцый распасцерлі рукі,

Што абрус, раўнюткія дарогі.

 

Хочаш — едзь на поўнач, хочаш — поўдзень,

Ты жаданым і карысным будзеш,

Месц пустэльных анідзе не знойдзеш,

Скрозь працуюць радасныя людзі.

 

Дзе жывуць — турботы ўсе не знаюць,

Кожны дамагаецца чагосьці,

Брата брат ад сэрца паважае,

Ездзім часта да братоў у госці.

 

Працы скрозь цікавае багата.

Выбірай па ўласнае ты волі,

Хочаш — пастаіш ты за варштатам,

Хочаш — напрацуешся на полі.

 

Робіш ты і дбайна і старанна,

Скончыў — ні аб чым не клапаціся,

Ёсць усё — і ежа і адзенне,

Спачывай з сябрамі, весяліся.

 

Гарады ушыр і ўвысь імкнуцца,

А калгасы ў квецені няйначай.

У вучобе, ў працы, у навуцы

Я цябе, народ, шчаслівым бачу.

 

Нам бы жыць суладна і ў спакоі,

Толькі б дбаць аб радасцях і дзецях,

Як бы не хацелася нам зброі,

Ды бяда — ёсць ворагі на свеце.

 

Крывіць іх, як некалі крывіла,

Наш здабытак велічны і важкі,

І хоць ворагаў радзеюць сілы,

Ды раздзьмуць пажар зусім не цяжка.

 

Мала што нарымсціць безгаловым,

Можа стаць ім цеснаю планета.

Вось чаму у нас напагатове

Танкі, самалёты і ракеты.

 

Мы трымаем іх не для пагрозы,

Даць адпор умелі мы спрадвеку,

Нашы планы ў роздуме цвярозым,

Наша мэта — шчасце чалавеку!

 

Словы нашай велічнай Праграмы

Я чытаю ўважліва, натхнёна.

Клопат аб жывым шчырэйшы самы

Пачынаецца яшчэ з пялёнак.

 

Светлыя і чорныя галоўкі

Любага няўрымслівага люду...

Бачу яслі, бачу я пляцоўкі,

Бачу я сады для вас паўсюды.

 

Бачу, як уважна і ласкава

Прывучаюць вас усіх да працы,

Гульні вам і розныя забавы,

Школы вам і светлыя палацы.

 

Кожны з вас як тая ручаіна

Ў акіяне нашага багацця.

Шмат шляхоў у роднае краіны,

І на кожным знойдзеце вы шчасце.

 

Між сяброў я гордым не лічуся,

Лішні гонар — то перажытое,

Чалавек савецкі — ганаруся,

Што нашу я прозвішча такое.

 

Так скажу, і сэрца б’ецца штосьці,

Як вазьму з мінулым параўнаю.

Чалавек савецкі сёння ў росце,

З дасканалым стрэнуся, я знаю.

 

Пра цябе ў сусвеце скрозь размовы —

Кемлівы, сардэчны і ласкавы,

Ты ўжо сёння йдзеш па ніве новай,

Я ж такога ўбачу неўзабаве:

 

Ты працуеш меней — болей маеш,

Ты жывеш сяброўскаю сям’ёю,

Ты пра ўсіх клапоцішся і дбаеш —

Людзі ўсе з табою грамадою.

 

Ты шчаслівы, новы час спаткаўшы,

На зямлі, пад ззяннем любых зораў,

Што ні ёсць — усё тваё і наша,

Як зямля, як неба, як азёры.

 

Мы й пазнаць зямлі сваёй не можам,

Як пабачыш — дзіваў-цуду многа.

Край савецкі! Як жа ты прыгожы,

Ні куточка анідзе пустога.

 

Верыш ты, што ён і лепшым будзе,

Ты жывеш шчасліва і дастойна.

Толькі ў свеце ёсць у горы людзі,

Вось чаму на сэрцы неспакойна.

 

Зведаўшы прыгнечанне спрадвеку,

Ты людскую крыўду адчуваеш,

Ты, як заўжды, ненавідзіш здзекі

І гаротным шчыра пасабляеш.

 

Родны брат усім працоўным людзям,

Робіш так, як партыя вучыла.

Так было і так заўсёды будзе,

У яднанні, дружбе — наша сіла.

 

Не жадаеш ты крывавых боек,

Сын вялікай ленінскай дзяржавы.

Чалавек савецкі! Прад табою

Самая прываблівая ява.

 

Як ніколі сёння для народа

Партыі натхняючыя планы.

Знаеш ты, што будуць перашкоды,

Ды скрозь іх ты пойдзеш ў свет жаданы.

 

Ты аздобіш дзіўнаю красою

Новыя будовы і палацы,

Ты упэўнены — зямлёй тваёю

Будзе кожны ў свеце захапляцца.

 

Ты ствараеш мудрую навуку,

Каб табе як след яна служыла.

Бачу ход станкоў мільёнарукіх,

Атамаў расшчэпленую сілу.

 

Станцый рух магутны і нязвычны —

Па вадзе, у горах, стэпах, полі.

Чую спрэчкі зорак электрычных —

Зор зямных, а ці нябесных болей?

 

Бачу: сцяг чырвоны разгарэўся —

Месяц распазнаны і апеты.

Бачу: караблі плывуць у рэйсы

Ажно на далёкія планеты.

 

Дзе ні пойдзеш, песні кружаць роем —

Гэта людзі ў шчасці заспявалі.

Едуць, едуць госці чарадою,

Хараство ў нас сэрцу адшукалі.

 

У цябе, любімая Айчына,

Кожны дзень, што ў тыя святы быццам.

Едуць, едуць госці безупынна

Нас паслухаць, лепшым падзяліцца.

 

Пераняць сабе ад нас багата,

Бо, як сонца, наша перамога,

І ніякім брахунам і катам

Наконт нас не ашукаць нікога.

 

Бо ўжо скрозь над земнымі шляхамі

Новы час займаецца зарою.

Бачу я: Ільіч стаіць прад намі,

Нікне цемра прад яго рукою.

 

Словы нашай велічнай Праграмы

Я чытаю ўважліва, натхнёна.

Партыя! Ты нашымі вачамі

Шлях у заўтра вызначаеш сёння.

 

Наша маці, мы табе адданы,

Перад намі далеч палымнее,

Мы ў сям’і сталёвае, з’яднанай

Без цябе жыцця не разумеем.

 

Партыя! Табой мы ўсе сагрэты,

Хутка час жаданы мы пазнаем.

Жыць і жыць нам. Хай уся планета

Лік гадоў напова пачынае.

 

 

ШТО МНЕ МІЛЕЙ...

Прыгожы хмарны дзень па-свойму,

Ды ў дзень блакітны весялей.

Струкоў гарохавых абоймы

Мне за вайсковыя мілей.

 

Суровы танк грыміць па тракту,

Бярэ нястрыманы разгон,

Ды мне мілей спакойны трактар,

Калі арэ вясною ён.

 

Ракета абляціць паўсвета,

Да мэты знойдзе свой маршрут,

Мне ж падабаюцца ракеты,

З якіх успыхвае салют.

 

А каб вятры вайны падзьмулі

І на Радзіму быў напад —

Была б, звычайная ты куля,

Мілей за жэмчуг мне стократ.

 

 

БІЛЕТНАЯ КАСА

Кагосьці хвалююць маршруты і трасы,

Мяне ж — дык найболей білетная каса.

 

Як толькі два гэтыя словы згадаю,

Жывую чаргу я адразу ўяўляю.

 

Чарга неспакойная ў думах, у марах,

А колькі ў ёй розных па выгляду твараў!

 

І хтосьці ўздыхае, а хтосьці смяецца,

І кожны кудысьці настойна імкнецца.

 

І хтосьці камусьці кідае пагрозы.

А побач дзяўчаты, як тыя стракозы —

 

Здаецца, што ўспырхнуць да самае столі,

Нібы не хапае ім месца на доле.

 

Ва ўсіх іх чаканні, спатканні, надзеі...

Гляджу я — чарга ўсё радзее, радзее.

 

І хутка ў вагонах па ўсіх каляінах

Рассыплецца іскрамі скрозь па краіне.

 

І кожнай той іскры з жаданымі стрэцца

І ў нечых вачах аганьком разгарэцца.

 

Свяціць гэтым іскрам між стэпаў, у горах,

І дзесьці на снезе, і дзесьці ля мора.

 

Я шчасця ім зычу — уранні і ўночы,—

А сам застаюся, хоць трошкі зайдрошчу:

 

І я б, можа, сёння кудысьці падаўся,

Ды толькі не зладжу з білетнаю касай.

 

Як толькі наважу прыйсці да аконца,

А стуль як засвеціць, як выгляне сонца —

 

Стаю анямелы, ледзь ногі трымаюць,

І з месца крануцца я сілы не маю.

 

Не знаю, паехаць ці выберу часу,

Ці здолею кінуць білетную касу!

 

 

З ПАНЯДЗЕЛКА ДА СУБОТЫ...

З панядзелка да суботы

Я ўздыхаю часта ўпотай,

Бо, чакаючы сустрэчы,

Не магу прагнаць маркоты

З панядзелка да суботы.

 

З панядзелка да суботы

Піць і есці неахвота

Па вядомае прычыне —

Я мяркую пра залёты

З панядзелка да суботы.

 

Дачакаўшыся суботы,

Не пазбыўся я клапотаў.

Марыў шмат.

Сказаць не здолеў...

І пайшлі ізноў турботы

З панядзелка да суботы.

 

 

* * *

Стаілі з табою мы ў жыцці перад вякамі сінімі,

З’яднаныя рукамі так, як дзве сасны галінамі.

 

Вятрамі нас не разлучыць, ні бурамі асеннімі,

Мы да зямлі прырошчаны, як дзве сасны карэннямі.

 

Часамі грымнуць перуны, што ажно дол хістаецца,

Як верхавіны сосен дзвюх, галовы нашы раяцца.

 

Глядзіш, крыху нас апякло. Ды зноў стаім зялёнымі.

Яшчэ мацней з’яднанымі, нічым не разлучонымі.

 

Мы ўсё між хмар і навальніц

імкнёмся ў неба чыстае.

І хай нялёгка будзе нам — я адчуваю: выстаім!

 

 

* * *

Раней ты шчыраю была,

Як зналіся калісьці мы,

Цяпер маною абрасла,

Як восень жаўталісцямі.

 

І цяжка бачыць мне цябе,

Няшчырую і кволую.

Ірві ману, ірві з сябе,

Стань зноў маленькай, голаю.

 

І ты нанова узрасцеш

Пад векавымі кронамі

І аганькамі расцвіцеш

Іскрыстымі, зялёнымі.

 

 

* * *

Не страшны здзекі, ні турма

Імкліваму, цвярозаму.

Нічога ў свеце больш няма

Мацней людскога розуму.

 

— Што чалавек той... ну і ну...—

Званы казалі, звонячы.

А я ж узяў і павярнуў

Раку з паўдня да поўначы.

 

Казалі так: — Усе памруць,

Не рушце справы боскія...—

А я ж узяў зваліў гару,

Зрабіў прасторы морскія.

 

Казалі так: — Які дзівак

Памчыць між хмар над доламі...—

А я ўзляцеў і ўзняўся так,

Што не дагнаць анёламі!

 

 

САЛДАЦКІЯ ДУМЫ

Сеў былы салдат на ганку,

Ім дасціпна змайстраваным.

Задаволены, што ўранку —

Гул працоўны, несціханы.

У героя ордэн Славы

На бялюсенькай кашулі.

Ные рана з-пад Варшавы

Ад нямецкай чорнай кулі.

Але вочы яго рады,

Што мінулі завірухі,

Што стаяць у вішнях хаты,

Быццам тыя маладухі.

 

Клічуць дзверы хат гасцінна,

Ярка шыбамі заззялі.

Шкода, шкода, што хаціны

Шмат каго не дачакалі.

Лекі ёсць на боль, парады,

Толькі боль не кожны злечыш.

Ные рана з-пад Белграда

Ад нямецкае карцечы.

Ды салдат аб тым не дбае,

Рады ён бясконца слухаць —

Шум з палеткаў далятае,

Цешыць сэрца, лашчыць вуха.

 

Паглядае ён навокал.

Не, няма ў грудзях самоты,—

У садку дзяцюк высокі

Прыгарнуў дзяўчыну ўпотай.

Ах, красуня ты, дзяўчына,

Ах ты, хлопец дужы, статны!

Ные рана з-пад Берліна.

Ды няхай! Быў бой астатні —

Жыць усім! Ёсць хлеб,

да хлеба,

А дзяцей, што птушак, многа,

Што імкнуцца прагна ў неба,—

Ім бясконцая дарога!

 

 

* * *

Што мне парадзіць, што зрабіць,

Прымі маё да сэрца слова.

Ты кажаш — у грудзях баліць,

Аддай мне болю хоць палову!

 

Твой боль мяне не разаб’е,

Пайду з табой маўклівым, мужным.

Ты кажаш — сцюдзена табе,

Дазволь маім прыпасці вуснам!

 

Чаго ж твой зачырвоніў твар

І часта дыхаюць так грудзі?

Ты кажаш — боль кідае ў жар,

Мая сляза твой жар астудзіць!

 

 

А ЧЫМ МАГУ Я ПАХВАЛІЦЦА?

Казбекам добры друг-кунак,

Яго папахай ганарыцца.

Я з другам згодзен. Гэта так.

А чым магу я пахваліцца?

 

Свой край я ў думах абышоў

З канца ў канец раз сотню, мусіць.

Ні гор, ні мора, ні стэпоў

Нідзе няма на Беларусі.

 

Ну што ж, скажу я,— выбачай,

Няма вяршынь у нас высокіх,

Ды ты, мой дружа, прыязджай,

Быць можа, што падзе на вока.

 

У нас, куды б ты ні пайшоў,

Напэўна стрэціш ручаінку

У срэбным клёкаце размоў,

Як гаманлівую дзяўчынку.

 

Пабачыш ранкам на зары,

Як промні свой плятуць карунак,

Пачуеш, граюць як вятры

На чаратах, нібы на струнах.

 

Нямала ўбачыш па гаях

Рабін-красунь чырванашчокіх,

Заўважыш — у старых дубках

Паміж галін вісяць аблокі.

 

Пабачыш бор. А ён — байкар,

Нашэпча шмат табе — паэту,

І ў ім натрапіш на гушчар

Такі, што быў з пачатку свету.

 

І хай не стрэнеш вадаспад,

Крыніцы ўсмак напояць госця.

І скажаш ты: «Я згодзен, брат,

І ў вас нямала прыгажосці!»

 

 

УСЛЕД ЗА СОНЦАМ

Увечар, як сонца пагасне за борам

І выплыве месяц на сіні папас,

Я ў думках аб свеце, аб тым, аб каторым

«Ён недзе пад намі» гавораць у нас.

 

Мы спаць адыходзім. А некага будзяць,

Бо ў сонца бясконцая праца свая,

І недзе, як мы, прачынаюцца людзі

Пад воклічы пеўняў і спеў салаўя.

 

Свой дзень пачынаюць у розных трывогах,

Каб дзень, што прыходзіць, без болю пражыць,

І недзе ўсё болей машын на дарогах,

І больш у паветры матораў дрыжыць.

 

І вось ужо ў цэхах машыны куюцца,

І вось ужо трактар у полі гурчыць,

А ёсць жа пачвары — ў час гэты кладуцца

Спачыць ад распусты і чаду начы.

 

А што ім! На іх жа працуе нямала,

Ды іх не турбуе ні голад, ні дым,

А сон іх вартуюць, не спяць генералы,

Бо знаюць, што добра аддзякуюць ім.

 

Завуць усяляк іх, найбольш — «пентагонцы»,

Яны што бульдогі пры босах сваіх;

І я, калі думкаю крочу за сонцам,

Спыняюся рэдка ля злыдняў такіх.

 

А што ў мяне з імі? Размова якая?

Я б вымеў усіх іх, каб добры галень.

Я з тымі, хто ранак з гудкамі страчае,

Ля тых, хто страчае сцюдзёны прамень.

 

І нас не разняць акіянам і морам,

Сыны мы палеткам сваім, гарадам.

Гляджу я — ўжо сонца садзіцца за борам.

— Дзень добры! — крычу я далёкім сябрам.

 

Яна ж невялікая, наша планета,

Нашто ж нам, старую, яе разбураць.

Дык будзем адзін аднаму не ракеты,

А шчыра вітанні штодня пасылаць.

 

 

НОЧ

Дзень згарнуў з блакіту крылы,

Сонца знікла ў бездань быццам,

Ліпы ў мораку застылі.

Вось і вечар. Час лажыцца.

 

Чую я, гадзіннік сценны

Крок за крокам прыбаўляе...

Дзень прайшоў. Шкада, не вернеш.

Я на ложку. Спачываю.

 

За сцяною чэзнуць рэчы.

Месяц знік, бы ў хвалях рыба.

Ноч змяніла сіні вечар,

Шэры плашч кладзе па шыбы.

 

Вецер шэпча ў аканіцах,

Стала больш суровым неба.

Б’Е ГАДЗІНА. Што ж, не спіцца,

А заснуць мне вельмі трэба,

 

Каб ускочыць рана-рана

(Неспакойна жыць паэту).

Стыне верш недапісаны,

Просяць допіс у газету.

 

Клуб на дыспут запрашае.

Знаю — будзе многа тлуму...

Як заснуць мне,— разважаю.

Не даюць спачыну думы.

 

ДЗВЕ ГАДЗІНЫ. Сон не морыць.

Я далёка ўжо ад дому,

Дзесьці там, за сінім морам,

Там, на востраве вядомым,

 

Дзе на варце людзі сёння,

Бо ўзнікаюць буры часта,

Дзесьці ля Плая-Хірону

Бачу я Фідэля Кастра.

 

Куба, Куба! Край герояў,

Шмат спяваеш, храбра б’ешся,—

Над Амерыкай усёю

Мне жамчужынай здаешся.

 

Дзе тут спаць. Іду, спяваю.

Песні ж іх падобны грому.

Кубе шчасця я жадаю.

ТРЫ ГАДЗІНЫ. Зноўку дома.

 

Я з сябрамі на камбайне.

Размаўляе стэп са мною.

То плыву я над Ўкраінай,

То далёка цаліною.

 

Рады. Слаўна каласіцца,

Хлеб у самым добрым спеве,

А з таго, што ў нас дажджыцца,

Я варочаюся ў гневе.

 

Вось гадзіннік Б’Е ЧАТЫРЫ.

Зноў Ангола ў сэрца пала,

Ў партугальскія мундзіры

Апранутыя шакалы.

 

А чаго ж Ангола хоча?

Волі ўсім — бацькам і дзецям.

Салазараўцы уночы

Рэжуць-крояць маё сэрца.

 

Дзе праходзяць — там пажары,

Дым, руіны, кроў наўкола,

Толькі згінуць Салазары,

Будзе вольнаю Ангола.

 

ПЯЦЬ ГАДЗІН. Крыху світае,

Недзе промні чэшуць сосны.

Ленінскі праспект ківае

Галавою мне выноснай.

 

Дзе яму, якія межы,

На вякі ён азароны.

Над ажурам тэлевежы

Сцяг як быццам птах чырвоны.

 

Чую я, праспектам крочаць,

Кожнаму — сваё заданне.

Гімн ляціць з Чырвонай плошчы, —

ШЭСЦЬ ГАДЗІН.

Дзень добры,

ранне!

 

 

А ТЫ ПРЫГОЖА, ЯК РАБІНА

Бывае так: краса-дзяўчына,

Але завяне праз гады...

А ты прыгожа, як рабіна,

Вясной і восенню, заўжды.

 

Вясною ты лагодзіш вока,

Бо ў белай квецені стаіш,

А ўвосень так чырвоны шчокі,

Што ў жар кідае, як глядзіш.

 

 

РАЗМОВА ДАМОЎ

Пад блакітным дахам неба, ў цэнтры, ў горадзе маім

Два дамы стаяць на плошчы, не падобныя зусім.

Велічны, паверхаў дзесяць, паглядае сотняй воч,

І маленечкі, драўляны, з дахам чорным, быццам корч.

Бровы цвілыя нахмурыў, лік вядзе былым гадам...

З кожным воблакам высокі размаўляе сам-насам.

Да вялізнага прысталі ўсе антэны, правады,

І старэнькаму здаецца — ганарысты малады.

І пачуў я там аднойчы, рана ўстаўшы, на зары,

Як будынку маладому штосьці шэпча дом стары:

— Ты на нашай даўняй плошчы

сёння найпрыгожшы, брат,

Ты вялікі, і, законна, за цябе я вельмі рад.

Ты ўзляцеў амаль да сонца, адусюль цябе відно,

У цябе, глядзі, спявае сёння кожнае акно.

У цябе народу столькі, як на вуліцы якой,

Кожны, хто ні прыязджае, захапляецца табой.

Што ж, да лепшага заўсёды наш імкнуўся чалавек,

Ну, а я стаю ціхутка, дажываючы свой век.

Толькі ты не задавайся і прыслухайся калі:

Тыя, што цябе складалі, некалі ў мяне жылі,

Узнімаліся з гадамі і мужнелі ў барацьбе,

І, на мой прыйшоўшы ганак, не нацешацца з цябе.

 

 

НАЧОЎКІ

Плашку таўшчэзную

Дзёўблі старанна,

Потым сякерай

Правілі лоўка.

Гэтак з’яўлялася

Наша ванна —

Добрыя, ладныя

З дубу начоўкі.

 

Ну, і было ж нам

У ночвах раздолле —

Двум, нават тром

Там хапала прасторы.

Колькі вады той —

Вядзёр пяць, не болей,

Нам жа здавалася —

Цэлае мора.

 

Помню, з кары

Запускалі мы чоўны,

Боўталі дружна,

Каб пенілі хвалі,

Пырскалі, плёхалі,

Покуль раптоўна

Матчыны рукі

Нас не спынялі.

 

Тут мы змаўкалі,

Былі нават слёзы.

Бацькавай нам

Пагражалі папругай.

Церла нас венікам

З клейкай бярозы,

Мыла галовы

Настоеным лугам.

 

Потым, каб сцішыць

(Вядома, ёй шкода),

Нас цалавала,

А нам было люба...

Помню з дзяцінства

Я назаўсёды

Матчыны рукі

І ночавы з дубу.

 

 

НАЧАЛЬНІК СТАЛА

Сядзіць спахмурнелы паперараздатчык,

Густая расліннасць навокал чала.

Каму кіраўнік ён,

каму ён загадчык,

Па мне, дык ён проста —

начальнік стала.

Бо стол яму — бацька.

Прыемна і люба

На стол углядацца ад крэсла свайго...

(Калі майстравалі,

адменнага дубу

Дзялянка — не меней — пайшла на яго.)

Сядзіць наш начальнік.

У вёсцы ён быццам:

Цвітуць на стале ў яго

бэз і півонь,

З паперы — узгоркі,

з чарніла — крыніцы,

Між імі пасецца і бронзавы конь.

Нічога не скажаш,

няблага ён петрыць:

Прад ім на стале

размалёваны план,

Пры ім кіяхі кукурузы

па метру,

А збоку — з вядзёрка

бурак і качан.

Ён графік уборкі

прыклеіў на шафку,

Каб бачыў прыезджы інструктар ці госць.

Пазвоняць з раёна —

ён лічбу у графку,

А значыць, парадак...

і прэмія ёсць.

Па графках — усё узрасло,

узнялося,

Сто процантаў збору,

калгаснік пяе.

Яго не хвалюе,

што недзе ў пракосах

Каторы ўжо тыдзень

як сена гніе.

Яму не відно.

А на дрэвах не густа,

І дол усцілае

адзін ападняк,

І чэрві

мясцінамі з’елі капусту,

І шмат дзе пашкоджаны

гіне бурак.

Яму ж экспанат выдатнейшы

і свежы

На стол сакратарка

вось-вось падала...

Заела, заела

начальніка крэсла,

А тут яшчэ побач

службовы гараж.

Таму і затоўсты,

занадта ацеслы,

І наш быццам хлопец, і быццам не наш.

Відаць, што папера

яго падкасіла.

Узняць яго трэба — і ў шлях, на сяло,

Каб сонцам і ветрам

яго асмаліла,

Каб дзе па калдобах

як след пратрасло.

Каб вочы яго

правяралі не графік,

А жыта, што ў полі гамоніць сцяной,

Каб ён пазнаёміўся

ў бабкі Агапкі

Ды з кожнаю графкай яе — баразной.

 

 

КАМУ — ВЯДОМА...

Шляхоў нямала пакручастых.

І каб мінуць равы, кусты,

Было, што ўброд хадзіў я часта,

Таго не ведала і ты.

 

І плыў між хваль непалахліва

Я, сілу чуючы ў руках,

Але трапляў на вір кружлівы,

Што аж цямнела у вачах.

 

Змагаўся я і, ледзь рухомы,

У хвалях чэзнуў з галавой.

Здавалася, не здолець стомы...

А ты ўзнікала прада мной.

 

На бераг, вытаптаўшы сцежку,

Заўжды прыходзіла і ў час.

Я плыў... Трывожнаю усмешкай

Мяне страчала ты не раз.

 

 

* * *

І сёння ў памяці не згасла,

Забыцца не магу аб тым,

Як сын спытаў: — Не любіш масла?

— Не, не люблю,— сказала ты.

 

Не ведала дзіця малое,

Цябе спытаўшыся ва ўпор,

Што аддала на масла тое

Ты улюбёны свой убор.

 

 

* * *

Мне распазнаць яшчэ не позна,

Дзе кіслы квас, а дзе віно.

Паміж усіх, што стрэў я, розных

Цябе прыкмеціў я даўно.

 

Каханнем клясціся не буду,

Адно скажу я без прынук:

— О, каб я быў такі, як Буда,

Цябе б абняў дзесяткам рук!

 

 

* * *

На вельмі доўгім перагоне,

У час ліхіх, цяжкіх нягод,

Ты помніш, некалі ў вагоне

Мы сустракалі Новы год.

Было нам сцюдзёна і золка,

А цесна так, што не ступіць,

А як хацелася нам ёлку

Сынку маленькаму зрабіць.

Але спрабуй зрабіць такое:

Усюды анямелы дол.

У Беларусі — побач хвоі,

Тут — ні яліначкі вакол.

Я глянуў у акно маркотна,

Ну хоць бы дрэўца дзе сустрэць.

І ледзь знайшоў праз вёрст мо сотню

Я саксаулавы дубец.

Ён з захапленнем быў сустрэты,

Хоць і нязграбны і крывы.

І абкружыў яго пры гэтым

Народ сяброўскі, франтавы.

Глядзіш, адзін нарэзаў шышку,

Другі істужак для галля,

І той, хто вёз для сына мішку,

Цішком паставіў ля камля.

Стары салдат задумна дукрыў:

— Калі б не гэтая вайна...

І пачапіў кавалак цукру

На «ёлку» ўдумны старшына.

Разліўся «ёлкі» бляск наўкола

Сярод ваеннае зімы.

І быў маленькі наш вясёлы,

Павесялелі ўсе і мы.

 

 

* * *

Зацерушыла каляіны,

Пралеглі жоўтыя сляды.

Узнесла восень павучыны,

Як тоненькія правады.

 

Я ведаю, што неўпрыкметку

Прыйшла яна ў прытулак твой,

І белы тонкі провад гэткі ж

Плыве там дзесьці прад табой.

 

І ты па сцежках летуценных

Цяпер праходзіш, можа быць...

Ах, каб па провадзе асеннім

З табою мне пагаварыць!

 

 

ДЗЯЎЧО

Яно бянтэжыцца на людзях,

На вечарынцы — што ў гасцях,

І хоць узгорачкі на грудзях —

Не то дзяўчо, не то дзіця.

Яно зусім яшчэ малое —

Спалоханы, птушыны зрок,

І сэрца — крохкае такое,

Як першы восеньскі лядок.

 

 

ЗЕРНЕ

Вось і прыехала зерне дахаты перад зімою,

Ў засеку хвойным кропелькай спіць залатою.

Толькі сасновы памост — гэта не родная глеба.

Сняцца зярняці ралля і блакітнае неба,

 

Сонца праменні, што зайчыкі ў полі жывыя,

Цёплыя сняцца яму дажджы веснавыя,

Як з пацалункамі іх вымкнецца ўвысь галавою

Чырвонай іголкай, потым зялёнай стралою.

 

Разлапушыцца, выкіне ёмісты колас,

Разам з братамі на ўвесь разгамоніцца голас,

Сокам нальецца, потым пачне палавеці,

Будзе глядзець, як яго уздымаюцца дзеці,

 

Як узрастуць, як захаваюцца ўсе ад мятлюгі,

Як пойдуць вясною па бацькавым кругу.

 

 

* * *

А я любіў за ўсё найболей

Пагутарыць ва ўсе гады.

Маўчаць не буду я ніколі,

Хоць вусны змоўкнуць назаўжды.

 

І хоць жа глыбамі цяжкімі

Зямля накрые з галавой,

Я буду гаварыць з усімі

Травінкай кожнай нада мной.

 

Я буду славіць вас, жывыя,

Заўсёды рады вас пачуць.

І веру: кроплі дажджавыя

Адказ мне ў сэрцы прынясуць.

 

 

ЦХАЛІ

Я гляджу — навокал горы, быццам волаты, пасталі.

З неба сіняга над імі не спускаю прагных воч.

Быццам тысячамі пырскаў абдымае мяне цхалі,

Што з глыбінь зямлі грузінскай

мкне да сонца дзень і ноч.

 

Цхалі, з кожнай маёй клеткай у цябе свая размова,

Дзе нядаўна так балела, надыходзіць раптам ціш.

Пухіркі на вуха шэпчуць: будзеш ты яшчэ здаровы,

Паглядзі, як крылы пальмаў заклікаюць цябе ўвыш.

 

Цудадзейная ты, цхалі, з чым жа моц тваю зраўняці?

Ты з грудзей зямлі выходзіш і чаруеш, нібы маг.

Як малому немаўляці моц прыносяць грудзі маці,

Так і ты даеш мне сілу, каб ісці ў далёкі шлях.

 

 

МАЯ РАДАСЛОЎНАЯ

З чаго пачынаць радаслоўную сёння?

Прапрадзедаў нашых, на жаль, я не помню.

 

Не засталося даўнейшага следу,

Было невядома ні бацьку, ні дзеду.

 

Ды не таму, што мы знаць не хацелі,

Проста таму, што пісаць мы не ўмелі.

 

Дазвольце ж, я летапіс свой пачынаю,

Як я прапрадзеда сам уяўляю.

 

Сядзіць ён, густыя нахмурыўшы бровы,

У замку з бярвення — смалістым, сасновым.

 

Хай шыбы анучамі пазатыканы,

Хай дах па-над замкам увесь саламяны,—

 

З каміну, больш пэўна — з каменнае печы,

Яго смалякі асвятлялі штовечар.

 

А быў ён, як рыцар, харобры, багаты,

Увесь, дзе ні глянеш — у латах, у латах...

 

А латы на ўсім ім блішчаць, зіхацяцца —

На портках, на світцы і нават на шапцы.

 

Насіў жа заўсёды з павагаю нейкай

Заместа мяча ён капшук з самасейкай.

 

Хацеў ён жыццё сваё гэтым аздобіць,

Ляжала там крэсіва з губаю побач.

 

І жыў задаволена продак няжадны,

Што ў свеце агонь быў яму падуладны.

 

Ды трэба прызнацца, крыху быў фарсісты,

Меў рыцарскі рог ён і рог галасісты.

 

Даўжэзны-даўжэзны, самім змайстраваны,

Увесь перавіты карой берасцянай.

 

Як выйдзе прапрадзед, затрубіць на вёску —

На выган збярэцца ягонае войска.

 

Адно што не бачна нідзе сцяганосцаў,

Галовы рагатыя, што ў крыжаносцаў.

 

Ды продкава войска не ваявала,

Яно толькі травы са смакам знішчала.

 

І быў ён, мой продак, вядомы і знаны —

Вятрамі у кнізе палёў прапісаны.

 

Асцюжаны ўзімку, асмужаны ў леце,

Араў і трубіў ён да самае смерці.

 

Спакойна страчаўся са смерцю сваёю,

Бо склеп быў гатовы яму пад сасною.

 

Стагоддзі міналі, і леты, і зімы,

І прадзед і дзед мой былі ўсе такімі.

 

А што з навіны ім пазнаць давялося?

Ну, можа, што дзеду — жалезныя восі.

 

Калі ж на палетку ў нас плуг заявіўся,

Я помню, што бацька ўжо гэтым хваліўся.

 

Не шмат мы да старасці бачылі змалку,

Былі нам за дзіва нават запалкі.

 

А дзе мне знайсці вас, патрэбныя словы,

Каб сёння азначыць мой летапіс новы?

 

Каб ведалі, прадзедам радасна б стала,

Што многа пабачыць за ўсіх мне прыпала —

 

З чырвонымі сцягамі людства калоны,

Чырвонымі сцягамі свет азароны.

 

Як з молатам серп на вякі паяднаўся,

Як слава ў народзе адна павялася,

 

Як мы багацелі ўсё болей і болей,

Як трактар выходзіў на нашае поле,

 

Як беглі са станцый агеньчыкі дротам,

Як вышай і вышай плылі самалёты.

 

У летапіс мой я запісваю гэта,

Хай прадзеды знаюць — пазнаў я ракеты...

 

Хай рыцар даўнейшы і быў зухаваты,

Мне рыцар нябесны сягоння за брата.

 

Гляджу на яго я — з майго ён народа.

Шалом у яго быццам даўняе моды,

 

А ў ім ён з Сусветам размовы праводзіць.

Ён смела на свой карабель узыходзіць,

 

А сеўшы, як возьме рычаг ён рукою

І пойдзе кружыцца над нашай зямлёю.

 

На гэтым яго не спыняецца мэта —

Імкнецца ў палёт на другія планеты.

 

Штораз усё далей і далей дарога,

Іх будзе ў жыцці яшчэ многа і многа...

 

Калі ж я, знясілеўшы, летапіс кіну,

Яго дапісаць даручаю я сыну.

 

 

ХВАЛЯВАННІ

Бярозы тры раслі на ўзгорку,

Мне іх ніколі не забыць.

Я іхнюю пазнаў гаворку,

Калі не ўмеў яшчэ хадзіць.

 

Мне маці некалі казала,

Як жыта пачынала жаць,—

Яна бярозам даручала

Мяне малога даглядаць.

 

Яны ад сонца захіналі,

І вартавалі мой спакой,

І калыханку мне спявалі,

Як тры матулі нада мной.

 

І мне яны запалі ў вочы

На ўсё жыццё. Іх часта сніў...

Прыехаў я дамоў аднойчы,

Знайшоў замест бярозак — пні.

 

І сэрца ў болю несціханым —

Цяжкое гора я пазнаў,

Як быццам тры глыбокіх раны

У месцы родным атрымаў.

 

Засумаваў. Ды бачу — дзеці

Саджаюць на пясках сасну.

І сэрца зноў шчасліва б’ецца,

І я з палёгкай уздыхнуў.

 

 

* * *

Калі мільёны паміралі,

Каб засталося больш жывых,

Твае лісты мяне шукалі

Па многіх поштах палявых.

 

Плылі пялёсткамі малымі

Па-над абшарамі вайны,

А на дарозе перад імі

Гулі з агнямі перуны.

 

Былі ў лістах надзея, слёзы

І вера, што бяда міне.

І, абмінуўшы ўсе пагрозы,

Лісты знаходзілі мяне.

 

Яны ў вачах маіх кружылі,

Ці то спачынак быў, ці бой,

І, быццам птушкі белым крыллем,

Наперад клікалі з сабой.

 

 

* * *

Ты кажаш, што маршчын нямала,

Што прыбаўляюцца ўвесь час.

Жыццё няшчадна нас кідала

І вобзем, можа, сотню раз.

 

Па кожнай з іх відны мне даты,

Па кожнай з іх я разбяру —

Што з хвалявання, з гора, страты,

Што проста па календару.

 

Яны ўсплылі на твар з гадамі,

Як ручаінкі на палі,

І за прайшоўшымі часамі

Пакуты безданню былі.

 

І вось пяройдзена былое,

Не меркне прыгажосць твая.

Я на маршчыны з цеплынёю

Гляджу, бо ў іх і ты і я...

 

 

ВЫСОКІЯ ХВАЛІ

Пройдзена многа,

толькі ні стомы, ні суму не знаю —

Ясныя далі.

Радасна крочыць.

З чым я імкненне жыцця параўнаю —

З высокаю хваляй.

 

Жыць як цікава,

нам раскрываюцца сёння планеты —

Доўга чакалі.

Леніна голас, чую, ўзлятае

над цэлым сусветам

Высокаю хваляй.

 

Бачу пагібель

і канчаткова свету старога —

Людзі паўсталі.

Рабства і здзекі

знішчаць паўсюды гневу людскога

Высокія хвалі.

 

Ведаю добра,

словы на звонкую песню збяру я —

Горны зайгралі.

Радасна бачыць —

блізка той бераг, куды нас кіруюць

Высокія хвалі.

 

 

ПЕРШЫ КРОК

Тых адчуванняў нельга страціць,

Я наглядаю іх здалёк:

Гляджу на першы крок дзіцяці,

Свой адчуваю першы крок —

Адсутнасць добрай раўнавагі

І ўмення далі разлічаць.

Відаць, няма такой адвагі,

Каб з першым крокам параўнаць,

Калі ты ледзь устаў на ногі,

Але наважыўся пайсці...

Пайшоў! І першай перамогі

Дамогся ты ў сваім жыцці.

Які ж ён важны, крок нан першы,

Ва ўсе часы, ва ўсе гады,—

Калі ты, за буквар засеўшы,

Прамовіш першыя склады;

Як першы раз арэш і сееш,

Пазнаўшы родную зямлю;

Калі бялееш, чырванееш

І кажаш першае «люблю!».

Адчуеш, моц у ім якая,

Калі, баронячы свой дом,

Праклятых ворагаў знішчаеш

І крок ступаеш за штыком.

А ў кожны дзень, пагодны, сіні,

Што твайму сэрцу даражэй,

Калі, штурмуючы вышыні,

На крок ўздымаешся вышэй?

Наш крок гісторыя мо змерыць,

Ён больш звычайнага нашмат,

Яго маршрут — заўжды наперад,

Але ні кропелькі назад!

 

 

НЕПРЫКМЕТНЫ

Што ён з усіх цішэйшы ў хаце,

Пераканаліся здавён,—

Але зусім другі на працы,

Не ведае спачыну ён.

Другіх наперад заклікае,

Працуе шчыра, з аганьком.

А сціплы ён —

на здымку з краю

І з краю

нават за сталом.

 

 

ЖЫВАЯ ВАДА

Жыццё здзіўляе. Калі ласка,

Чаго не вынайшаў народ!

Мы абагналі нават казкі.

Ну што кілім той, самалёт?

 

Не баючыся боскай кары,

На крыллях дзіўных караблёў

Мы абагналі нават мары

Сваіх прапрадзедаў, дзядоў.

 

Ваду стварылі мы цяжкую,

Што новае пазнаць заве.

Ды мець хацелася б жывую,

Такую, ў казках што жыве.

 

Каб кожны мог — малы,

вялікі —

Ваду дзівосную займець,

Каб жыць і жыць гадоў

без ліку

І каб ніколі не старэць;

 

Каб ран не знаць дачцэ і сыну,

Ні дзецям іх ні ў які час,

Каб той,

хто ўсё людзям пакінуў,

Узняцца мог, пабачыць нас!

 

 

Я ВЫСПУ ВЕДАЮ МІЖ БОРУ...

Я выспу ведаю між бору,

Што нам казала ўсім: жыві!

Яна ў вайну была між мора

Слёз паднявольных і крыві.

 

На выспе гаманілі сосны,

Яе вартуючы спакой,

Там кожны жыў душой высозны,

Каго ні возьмеш, дык герой.

 

У сэрцах многіх выспа тая,

Бо зберагла ад мін і куль.

Цяпер, калі сыноў гукае,

Ляціць ёй водгук адусюль —

 

Ад скрыжаванняў гулкіх вуліц,

З далін, дзе нівы і сады;

Здаецца, што й навек паснулі,—

Ёй адгукаюцца заўжды.

 

Калі ў агні жыла краіна,

За здзек агнём б’ючы ў адказ,

Была тут кожная яліна

Хацінаю ў той горкі час.

 

Адсюль ішлі на бой няспынна

Па ўсіх дарогах і шляхах,

Сама ж яна, нібы цвярдыня,

Наводзіла на катаў страх.

 

Калі ж у громе залпаў, спеваў

Скідалі ланцугі палі,

Адсюль, здавалася, і дрэвы

Насустрач воінам ішлі.

 

Нямала выспаў згадавала

У тыя грозныя гады,

А што ў наш час яна спазнала,

Ніхто й згадаць не мог тады.

 

Угору глянеш — дзіўна, люба,

З-пад неба касманаўта чуць,

А поблізу кладуцца трубы,

Шляхамі дружбы што завуць.

 

І самалёты, быццам гусі,

Лятуць над сеткай правадоў.

Шмат выспаў ёсць у Беларусі,

На іх жа — безліч аганькоў.

 

 

ПІСЬМАНОСЕЦ

Стан прываблівы, рухавы, сумка пісем поўная.

Пісьманосец, пісьманосец, вочанькі зялёныя!

 

На нагах у пісьманосца боцікі нязменныя.

Пісьманосец, пісьманосец, валасы праменныя!

 

Паркалёвая спаднічка, кофта вышываная.

Я чакаю пісьманосца, кожны дзень жаданую.

 

Я не ведаю, з кім болей так хацеў бы стрэціцца.

Паглядаю я на ўзгорак, можа, ён асвеціцца.

 

Паглядаю на жытное, можа, ветразь з’явіцца,

Паглядаю на прысады — што ж яна так бавіцца?

 

А яе няма, ды годзе. Што ж такое сталася?

І пісьма хай не прыносіць, толькі б паказалася!

 

Рады я. Маё жаданне, бачу я, спаўняецца,

А яна праходзіць міма, нават не спыняецца.

 

Падае другім пасланні, ды з якой размоваю.

Пісьманосец, пісьманосец, да мяне суровая...

 

Пашкадуй жа ты ў каханні сёння непрытомнага,

Я пісаць табе гатовы з раніцы да цёмнага,

 

А ўсё словамі такімі, шчырымі, прыгожымі,

Не адвезці маіх пісем нават паравозамі.

 

 

НА СТАНЦЫІ ОРША

Куды я ні еду — ці ў добрым настроі,

Ці хай у найгоршым,—

Выходжу з вагона, каб хвілю прайсціся

На станцыі Орша.

 

І сэрца ў трывозе. На момант, здаецца,

Агорнецца лёдам.

Там нашы калісьці шляхі разышліся,—

Відаць, назаўсёды.

 

Ты мне не зманіла: цяпер ты далёка —

Ні слыху, нізвання.

Ішоў да цябе я. Ты ж — нават ні кроку

Насустрач спатканню.

 

Хаджу я па станцыі Орша сягоння,

Цябе выглядаю...

Глядзіць на мяне запытальна Заслонаў —

Яго я здзіўляю.

 

Зямлю можна вырваць з няволі, з палону

Для шчасця людскога.

Чаго ж я шукаю? Таго, што не вернеш,—

Кахання былога.

 

Другія прыходзяць на нашае месца

Часінай другою.

Яны разлучаюцца. Мне так здаецца,

Што мы там з табою.

 

Я веру: яны шчаслівейшымі будуць,

Ім выпадзе стрэцца.

Чаго ж я выходжу на станцыі Орша?

Па закліку сэрца.

 

 

НА РЫБАЛЦЫ

Як толькі прыйдзе дзень вясновы

І стане возера сінець,

Я, хоць рыбак не адмысловы,

Люблю за вудачкай сядзець.

 

Гляджу ў ваду. Ды то ж не жарты —

Уклейкі, плоткі, галаўні,

Язі паважныя і карпы,

Што тыя зебры,— акуні.

 

Як непаседы, верхаводкі

Падскокваюць, вада ў кругах,

Стары шчупак падводнай лодкай

Стаіўся хіжа ў чаратах.

 

Мянтуз выходзіць палахліва

На шыр з затопленых асок.

Чаму ж такі я нешчаслівы —

Не ўзварухнецца паплавок.

 

Іду дамоў з пустым праз поле.

Сцяжынка ўсыпана расой.

Жыццё! Я дзякую, што здолеў

Тваёй нацешыцца красой!

 

 

* * *

Жывём часінаю такою,

Што ўвысь нязменна нас вядзе.

Не адчуваем мы спакою

Ані хвіліначкі нідзе.

 

Няхай суцішна на світанні —

Узнікне вецер апаўдні.

Як быццам ціш на акіяне,

Але гудзіць у глыбіні.

 

Ад кубкаў плошчаў, струнаў вуліц,

З палёў, дзе меддзю ўсё гарыць,

Па-над усёю земнай куляй —

Мільёнаў душ бунтоўны кліч.

 

Ён узляцеў высока сёння,

Імкне туды, дзе значыць шлях

Штораз вышэй галуб чырвоны,

Галуб чырвоны — родны сцяг.

 

 

ТРУБІ, МОЙ БОР...

Мой лес! Мой бор! Вяшчун таемны,

Заўсёды ты ў душы маёй.

Ах, каб ты ведаў, як прыемна

З табою стрэнуцца вясной.

Вясной, як сонца праз галіны

Абудзіць лозы, верасы,

Калі пралеска вокам сінім

Кранецца самае душы,

Калі з яліны на яліну

Вавёрка пырхне аганьком,—

Усё жыве, і той часінай

Ты — мой сапраўдны родны дом.

Бо ты, вячысты,

Як той гарністы,

Усіх завеш на свой парог.

Трубі, мой бор,

Трубі, іглісты,

Трубі, трубі ў ласіны рог.

Люблю цябе спякотным летам.

Куды ні глянь, ва ўсе бакі —

Стаяць, прабіўшы мох сагрэты

Шаломамі, баравікі.

Між іх, што як салдаты быццам,

Шмат камандзіраў баявых.

Вачамі роснымі чарніцы

З імшараў цешацца на іх.

А на світанку рана-рана

Прачнецца ўвесь птушыны стан,

На скрыпках граюць, на цымбалах,

І дзяцел б’е у барабан,

А ты, вячысты,

Як той гарністы,

Усіх завеш на свой парог.

Трубі, мой бор,

Трубі, іглісты,

Трубі, трубі ў ласіны рог.

Люблю з табою я размовы

Увосені. Гляджу — ўгары

Твае бухматыя галовы

Расчэсваюць, гудуць вятры.

Дрыжаць трывожныя бярозы,

І клёны раяцца вакол,

А лісце, нібы тыя слёзы,

Паволі падае на дол.

Барсук нару прыкрыў увішна,

Адцвіў і адп’яніў чабор,

А ты сцяною непахіснай

Стаіш вятрам наперакор,

Бо ты, вячысты,

Як той гарністы,

Усіх завеш на свой парог.

Трубі, мой бор,

Трубі, іглісты,

Трубі, трубі ў ласіны рог.

Люблю зімой, такімі днямі,

Калі цябе агорне ціш,

Калі, завеяны снягамі,

Ты ўвесь задумлівы стаіш,

І толькі над табой, магутным,

Хмурына снежная плыве...

Няхай нічога мне не чутна,

Ды знаю я, што ўсё жыве,

Што прыйдзе сонца і абдыме,

Ты возьмеш на вясну разгон:

Паварухнеш як след плячыма —

І пойдзе рост, і пойдзе звон.

Бо ты, вячысты,

Як той гарністы,

Усіх завеш на свой парог.

Трубі, мой бор,

Трубі, іглісты,

Трубі, трубі ў ласіны рог.

 

 

* * *

Гамоняць клёны на шляхах,

Здаецца, што галіны звоняць.

Такія ж прожылкі ў лістах,

Ну, сапраўды, як на далонях.

 

Рукамі я цераз гады

Свой хлеб штодзённы здабываю,

І, як далонямі, лісты

Праменні сонца заграбаюць.

 

І роздум гэтакі найшоў:

Мацнею я ў праменнях неба,

А ў клёна колькі тых лістоў,

Яму ж не меней сонца трэба.

 

 

ЦЯГНІКІ

Не разгадаю,

Чаму ў мяне ноччу сон неспакойны такі:

Вятры абуджаюць

Ці проста да рання гудуць і завуць цягнікі?

 

Грукаюць недзе,

Перамаўляюцца, быццам мяне нестае.

Многа ў іх едзе,

І ў кожнага думы і ў кожнага мары свае.

 

Мчацца вагоны.

І там між бяссонных думка блукае мая:

Можа, хто ўспомніў,

Можа, камусьці з іх прыгадаўся і я.

 

Акно адчыняю.

Удалеч імкнуся, глянуць хачу з-пад рукі,

Хто заклікае,

Куды гэтак прагна клічуць мяне цягнікі.

 

 

СЛЯДЫ

Усё пакінуць след павінна,

Бо, як пачаўся белы свет,

Прамень,

пясчынка

і расіна

Нязменна пакідаюць след.

 

І птушка песняю сваёю,

І кропля, што імкне да рэк...

А колькі,

колькі за табою

Слядоў на свеце, чалавек!

 

Ва ўсім, што створана дагэтуль,

Твой творчы розум і рука —

След трактарыста,

след паэта,

Канструктара, будаўніка.

 

Але часы сатруць у гневе —

Бо сэрцы не кране ані —

І надпіс

ножыкам на дрэве,

І фарбаю — на камяні.

 

Вы выйшлі ўдалеч, маладыя,

Вам доўга крочыць праз гады.

Не забывайцеся ж,

якія

Вы пакідаеце сляды.

 

 

ВЯТРЬІ

Вятры гудуць, гудуць і веюць,—

Здаецца, бачу іхні лёт.

Вятроў я голас разумею

Яшчэ з малых, дзіцячых год.

 

Яшчэ ў калысцы з імі стрэўся —

Яны праз сцены, з-за ракі

Мне неслі ўночы казкі з лесу,

То завывалі, як ваўкі.

 

А потым клікалі ў прасторы,

Званілі ў шыбы раніцой.

Калі ж было на сэрцы гора,

Як быццам плакалі са мной.

 

А сэрца радасць сустракала,

Калі трапляў у хату госць,—

Як струны звонкія цымбалаў,

Яны будзілі весялосць.

 

Калі зямлю абаранялі,

Каб вораг загубіць не змог,

Я чуў, было, вятры стагналі

Ці гралі маршы перамог.

 

Я слухаю і сёння чуйна:

Вятры — што сэрцу гусляры.

Вятры, вятры, без вас мне сумна,

Шугайце над зямлёй, вятры!

 

Збівайце пыл і горы хлуду,

У вокны грукайце смялей,

Ляціце скрозь, будзіце ўсюды

Сумленне чыстае ў людзей!

 

 

* * *

Дзень мне векам здаваўся,

Покуль стрэнемся мы.

Помніш, як я хваляваўся?

Быў я заўсёды нямы.

 

Лёгка — у песнях пяецца.

Мне ж — дык адвагі не ўзяць.

Горы звярнуў бы, здаецца,

Чым тыя словы сказаць.

 

Дзень той даўно быў. Вясновы.

Доўга чакаю. Зіма.

З Марса вяртаюцца словы,

Што ж ад цябе іх няма?

 

 

* * *

Стаю задумлівы,

Маркотны.

Мой зрок блукае па сцяне —

Высозны дом,

На вокнаў сотню,

Пакуль яшчэ ў дрымотным сне.

 

І раптам смех:

То дзесьці збоку,

То ў самым нізе, то ўгары...

Як быццам волат мнагавокі

Стаў прачынацца на зары.

 

І я больш прагна

Паглядаю

На запаветнае акно.

Хвалююся. Дрыжу.

Чакаю.

Не адчыняецца яно.

 

 

* * *

Яшчэ плывуць ракою крыгі,

Ледзь-ледзь праталіна відна,—

Паволі раскрывае кнігу,

Да нас прыходзячы, вясна.

 

І ёй, закрыўшы кнігу сцюжы,

Сваю ўдалося разгарнуць,

І купінкі сям-там на лузе,

Як тыя літары, ўстаюць.

 

Пасля ж нясцерпнымі рукамі

Перагарне раздзел які —

Глядзіш, вакол перад вачамі

Зазелянеюцца радкі.

 

Яны становяцца ў калоны

І кожны дзень імкнуцца ўвыш,

А кніга ўся — пажар зялёны,

Здаецца, сам увесь згарыш!

 

 

ПАСЛЯ ДАЖДЖУ

Вясновы дождж абсыпаў градкі.

Цвітуць, што зоркі, агуркі,

А з клёна, што ідзе ўпрысядкі,

Спадаюць пырскі-светлякі.

 

Яму ўсміхаецца рабіна,

У жолабе вада пяе.

Здаецца, кожная яліна,

Развёўшы плечы, устае.

 

На голлі яблынь ні пылінкі,

Павук праверыў моц красён,

А шпак п’е прагна з ручаінкі,

Нібы з пустэльні толькі ён.

 

 

* * *

Усім вясна дала работу,

Спрадвеку ўжо закон такі —

І на бярозах гнёзды-ноты

Панаразвесілі гракі.

 

Расселіся сям’ёю кучнай,

І хай трывожаць раннем сон —

Вядома, хор немілагучны,—

Ды абуджае сэрца ён.

 

І на мяне находзіць роздум,

Што нельга раніцы праспаць,

Што час выходзіць з хат, як з гнёздаў,

Палеткі дбала засяваць.

 

 

СЭРЦА I ГАДЗІННІК

Гадзіннік мой імклівы дужа,

Ды думка найшпарчэй імчыць,—

Хутчэй,

чым стрэлка круг абкружыць,

Зямлю навокал абляціць.

 

Гадзіннік мой такі рабочы,

Няма выходных у яго,

Працуе ён і ўдзень і ўночы,

А сэрцу ж і цяжэй таго.

 

Ну, прыгадаем мы спатканне —

Чакаеш любай ты сваёй.

Гадзіннік тахкае звычайна,

А ў сэрцы гулкі перабой.

 

Няма яе — бярэ маркота,

Перад вачамі цемра хмар.

Няма гадзінніку клапотаў,

А ў сэрцы бура і пажар.

 

Ды штосьці блізка мільганула.

Яна ідзе,

ідзе,

ідзе...

І сэрца поўна светлым гулам,

Гадзіннік шчасцю лік вядзе.

 

 

* * *

Гашчу ў сяброў паблізу мора,

Дзе сонца пеніцца ў віне.

А горы, велічныя горы

Шмат нагадалі сёння мне.

 

Адны — вяршыняй з небам зліты,

А ёсць, што блізка да зямлі.

Адны — як замак старажытны,

Куды ледзь воблакі ўсплылі,

 

Другія сталі верблюдамі,

Вартуюць мора на мяжы,

Над іх шматлікімі гарбамі

Не праляціць каршун чужы.

 

А вось нібы над цэлым светам —

Галовы неба дастаюць,

На іх жа сосны, як ракеты,

Здаецца, міг — яны ўзлятуць!

 

 

ШТО ЗА ДЗІВА?..

Дзіўна бору, дзіўна бору, пазірае палахліва:

Што за дзіва?

Медзвядзёў, ваўкоў і рысяў бачыў,

розных зверанятаў —

І багата.

 

Хто ж такі цыбаты, грозны,

а ўначы засвеціць вокам

Так высока?

Што за шыя, што за дзюба, і ў арла няма такое

Баявое.

 

Стус бярвення, горы цэглы падымае, калі трэба,

Аж пад неба.

Дзіўна бору. Вырастаюць побач, як асілкі быццам,

Камяніцы.

 

Дзіўна бору.

Ён мяркуе: трэба — дзе з такім змагацца? —

Расступацца.

Дзіўна бору, як завецца гэты волат нечуваны —

Кранам.

 

 

МАРЫ

Мне крыўдна. Каму не дакучыць

Так рана сівець і старэць?

Я ведаю, мне не даручаць

У космас бязмежны ляцець.

 

Ды толькі кажу я не жартам —

І гэтым у марах жыву,—

Што з кожным сваім касманаўтам

Я ў цуда-ракеце плыву.

 

Нязнанымі мчымся шляхамі.

З далёкіх касмічных арбіт

Зямлю сваю бачым пад намі,

Спавітую ў сінь і блакіт.

 

Зямля, быццам кропля малая,

Віднеецца з далечыні,

На кроплі відны Гімалаі,

Сталіц шматмільённых агні.

 

А мы пра радзіму спяваем,

Што нас так увысь узнясла,

Дзе зорка гарыць агнявая,

Якая жыццё нам дала.

 

 

УСЁ АПІСАЛІ ПАЭТЫ

Як кажуць, з толкам

і без толку

Напісана дагэтуль шмат —

Пр а дождж,

пра буру,

пра вясёлку,

Пра сінь,

пра снег,

пра лістапад.

Радкамі роўнымі

і коса

Паэты вылілі свой жар:

І як прайшоўся

дожджык босы,

І як гудзелі

грывы хмар,

Як лес вядзе

свае размовы,

Як зоркі-светлякі гараць...

І я бяруся

за аловак.

Пра што ж мне сёння напісаць?

Я пра тваё хацеў бы

сэрца,

Бо дна няма

ніколі ў ім.

Але сягоння

дожджык льецца,

Ён мой —

і я пішу аб ім!

 

 

АДШЧАПЕНЕЦ

З такімі не хацеў бы стрэцца,

Яны далей мне за чужых.

Не разумею адшчапенцаў —

І што заместа сэрца ў іх?

 

Жыццю свайму паставіць кропку,

Залезці за чужацкі плот,

Змяніць на панскія атопкі

Свой змайстраваны ладна бот.

 

Прад кім яны пагнулі шыі,

Сябе прадаўшы і дзяцей?

Няўжо ім злітыя памыі

За ежу простую смачней?

 

Хіба ж яны маглі забыцца,

Зусім адмовіцца змаглі

Тае зямлі, тае крыніцы,

Што нас на ногі узнялі?

 

Забыцца матчынае мовы,

Пакінуць свой бацькоўскі дом

І той лісток, малы, кляновы,

Цябе будзіў, што пад акном.

 

Пакінуць песні, вечарынкі,

Дзе ноч гармонік не маўчыць,

Пакінуць кветку, дзе расінка,

Нібы слязінка, зіхаціць.

 

Якім жа трэба быць паганым,

Каб кінуць родны каравай!

Вам рай заморскі абяцаны...

Няма яго, а дома — рай.

 

 

БАЧУ Я ЎСЮДЫ ВЕРУ ХАРУЖУЮ...

Шлях твой цяжкі быў,

не ўсцелены ружамі,

Шлях твой суровы,

Вера Харужая!

 

Ды не прыстала нідзе ты, не збочыла,

Цераз віхуры,

нястомная, крочыла...

 

І сёння іду я —

Горадам, вёскаю,

Голас твой чую ў сям’і камсамольскае.

 

Бачу цябе, маладую і дужую,

Бачу я ўсюды

Веру Харужую.

 

Песні і жарты, прамовы праменныя,

Там, дзе юнацтва,—

яна незаменная.

 

Колькі ў ёй сілы, адданасці, любасці,

Бачу ў Палессі

Ля Прыпяці, Убарці —

 

Там, дзе да захаду траса кладзецца,

Тая, што «Дружбаю» шчыра завецца.

 

Верыла Вера,

Што гэта ўжо блізкае.

Бачу Харужую я камуністкаю.

 

Бачу ў змаганні з варожай навалаю,

Бачу яе партызанкай бывалаю.

 

Не, ты не знікла,

Хай чуткі упартыя.

Бачу я Веру на полі, на трактары,

Бачу за працаю рупнай, шахцёрскай,

Між юнакоў на зямлі салігорскай.

 

Не, не паверу,

Яна не загінула —

Вера бяссмертнай валодае сілаю.

 

Скрозь у народзе дужую, мужную,

Знойдзеце Веру,

Веру Харужую!

 

 

ДВУХТЫСЯЧНЫ ГОД

Гадоў перажытых не сцерці.

Ды новых прыходзіць чарод,

А як бы хацелася, верце,

Сустрэць мне двухтысячны год.

 

Прыйсці на парадную плошчу

І радасць Камуны адчуць.

Я тым аднагодкам зайздрошчу,

Што да таго дажывуць.

 

А будуць такія, няйначай,

Нямала магутных у нас —

Я сёння сяброў сваіх бачу,

Што, пэўна, спаткаюць той час.

 

Даём мы бязлітаснай смерці

Ад нашых варот паварот,

А як бы хацелася, верце,

Сустрэць мне двухтысячны год!

 

А чым ён цікавіць багата,

Рамантыкай дзіўнай якой —

Скажу вам, не круглаю датай,

А новаю явай сваёй.

 

Бязмежжа спакойным блакітам

Зялёную кулю спаўе,

Знішчальныя выбухі знікнуць,

Што даўна калечаць яе.

 

І, як касманаўты сягоння,

Ўсё ўбачаць у тыя часы:

Пабольшае колер чырвоны,

Як колер жыцця і красы.

 

Спазнаюць маленькія дзеці,

Што здзейсніў працоўны наш век.

Быць можа, на кожнай планеце

Ты будзеш хадзіць, чалавек.

 

Ды дзе б ні былі, памятайце,

Хто ўвысь пралажыў вам сляды,

Заўсёды пра тых прыгадайце,

Жылі што ў краіне тады.

 

Калі на аўсянай васьмушцы

Змагаўся народ, працаваў,

Як Ленін ў агні рэвалюцый

Свет новы для нас адкрываў.

 

Як дужыя ўзводзілі домны,

І вамі жыла галава,

І як чалавецтву нястомна

Праз буры свяціла Масква.

 

Нашчадкі, вам сёння хачу я

Паведаць хоць некалькі слоў:

Я голас касмічны ваш чую,

Вы вартыя вашых бацькоў!

 

Хоць часу не зрушыць мне з месца,

Ды думы імкнуцца ў палёт.

Ах, як бы хацелася, верце,

Сустрэць мне двухтысячны год!

 

 

ШТО ТЫ, МЕСЯЦ, ВЫРАБЛЯЕШ?

Што ні ўбачыш, не пазнаеш.

Што ж ты, Месяц, вырабляеш?

 

Ты на небе, як ліхтарык,

Вокны ж свецяцца ў пажары.

 

Пагляджу — зямля не тая.

Часам здасца — залатая.

 

Запаліў жучка ты, мошку,

На раку паслаў дарожку,

 

Сад абсыпаў срабрынёю.

Што ж ты нарабіў са мною?

 

Ночка зорамі іскрыцца.

Не ляжыцца мне, не спіцца.

 

Супакою я не маю,

Ўсё хаджу, яе шукаю...

 

Не відаць жа на сцяжынках —

Пасвяці яшчэ часінку.

 

Не адмоў жа ты мне ў ласцы.

Можа, выплыве, што ў казцы?

 

 

ЗЯЗЮЛЕНЬКА

Я не ведаю, ці праўда, чуў жа, што казалі,

Што была ў сяле кабетка — зязюленькай звалі.

Не сказаць, любіла працу — болей прыбірацца,

А чаму празвалі гэтак, лёгка здагадацца.

Кукавала зязюленька ў Анупрэя ў хаце,

Кукавала, кукавала, кінула дзіцяцю.

А казала: з Анупрэем вельмі невясёла,

І пайшла ад Анупрэя раптам да Міколы.

Кукавала зязюленька ў Міколавай хаце,

Кукавала, кукавала, кінула дзіцяцю.

Бо, казала, што з Міколам не жыццё, а гора.

Завітала зязюленька ажно да Рыгора.

Кукавала зязюленька ў Рыгоравай хаце,

Кукавала, кукавала, кінула дзіцяцю,

Бо, казала, што з Рыгорам ёй жыццё не міла...

Болей я ўжо не запомніў, да каго хадзіла.

Адгудзелі дні за днямі, як мятлюга тая.

Пастарэла зязюленька,

прытулку не мае.

 

 

ЗАЙЗДРОСНІК-МАКСІМАЛІСТ

Зайздросціць ён усім здавён,

Зайздросціць усяму на свеце,

Зайздросціць, як ні дзіўна, ён

І некралогу, што ў газеце.

 

 

ВЕРАСЕНЬ

 

1

Дзень першы восені. А гэткі,

Што восень цяжка распазнаць.

Гараць, як летам, ярка кветкі,

Сады зялёныя стаяць.

 

Ды між плывучай павуціны

Яе настойлівасць відна —

Загад свой піша на рабіне

Ў чырвоных літарах яна.

 

А на ляшчынніку, бярозках,

На вербалоззі пры вадзе

Жаўтлявай фарбай кропкі, коскі

Парасстаўляла дзе-нідзе.

 

Запахла бульбаю пячонай,

Туман дыміцца ля ракі.

Пакінуць кут свой улюбёны

Не хочуць, раяцца шпакі.

 

А школьнікі з вясёлым гулам

Да школ вярнуліся з лясоў.

І сэрца даўняе адчула,

Нібыта з імі сам пайшоў.

 

2

Каторы дзень спякота запар,

І горача на сэрцы ў нас.

Рэспублікі чытаю рапарт —

Здала багаты плён у час.

 

І бачу я, як скрозь мяхамі

Напоўнены грузавікі,

Мяхі ж сядзяць гаспадарамі,

І выгляд не абы-які.

 

Бо едуць пасланцамі года

На элеватары, на сход.

Ім віншаванні ад народа.

Даўно чакае іх народ,

 

Страчаюць іх усюды з ласкай,

Але нямала ёсць пачвар:

За наш жа хлеб — нам крыўдна, цяжка —

Не дзякуюць, плююць у твар.

 

Адкінем гэту перагасу —

Нам і далей з яснотай жыць,

Бо праўда ёсць і праўду нашу

Ніякай крыўдай не скарыць.

 

Мы смецце бруднае адвеем,

Наш заўжды чысты каравай.

Мы хлеб сабралі. Зноўку сеем.

І верым: будзе ураджай!

 

3

Туман радзее болей, болей,

Раскрыўшы вокны на палях.

І мне здаецца, што паволі

Ўся распранаецца зямля.

 

Скідае плашч бялява-сіні.

Шырэе на вачах прастор —

Відны ўжо сцежкі, ручаіны,

І вырас гай, і ўзняўся бор.

 

Азначыўся асвер пры хаце,

Дым з каміноў слупамі ўвыш.

Як сон здаровага дзіцяці —

Такі спакой вакол і ціш.

 

На ўсёй зямлі ж не так сягоння:

Я чую плач, як свішча біч,

Я чую выбухі ў Сайгоне

І ў Вашынгтоне неграў кліч.

 

Яшчэ паўзуць атруты змеі

І па зямлі, і па вадзе.

Я чую, Тэйлар як шалее,

У грош не ставячы людзей.

 

Ён, прыкрываючы парфумай,

Падкінуць свету хоча смерць.

Хаджу ўвесь дзень, хаджу ў задуме:

Ці хутка гэтаму канец?

 

Гляджу на сонца, што здалеку

Прыйшло, згубіўшы многа сіл:

Плыве, што струджанае вока,

Чырвонае, за небасхіл.

 

4

І верасы, нібы па змове,

Скідаюць кветкі па лясах.

І колер неба ўжо сталёвы,

І ў ветры — ад паўночы шлях.

 

І хоць яшчэ далекавата

Да колкіх зімніх халадоў,

Ды, дзе ні глянеш, ладзяць хаты,

А колькі розных тых майстроў!

 

Хто чарапіцай, хто драніцай

Імкнецца дах шчыльней накрыць.

І валачэ мураш ігліцу,

Каб спакайней было спачыць.

 

Барсук ацепліў дбайна норку,

Бабёр падрыхтаваў жытло,

А як дагледзела вавёрка

Замаскаванае дупло!

 

Іх сівер снежня не загубіць,

Хоць і чуваць ягоны крок,

І кожнаму бясконца любы

Над галавою свой куток.

 

5

Гулкія хвалі, колькі вас, розных,

вецер сядлае і гоніць.

Вас — табуны, леціцё ў беспрыстанне,

быццам грывастыя коні.

Вецер мацнее. Куды я ні гляну,

вас усё болей і болей.

Кожная хоча дагнаць каб другую, ды не ўдаецца ніколі.

Бачу адну я: імчыцца навыскач і, не нагнаўшы, лютуе,

Тая ж, што выйшла раней у дарогу, бераг пясчаны цалуе.

Так і ў жыцці нашым часта бывае: хвалі —

грывастыя коні.

Сэрца кагосьці дагнаць пажадае,

толькі ніяк не дагоніць.

След той губляецца, нікне ў дарозе,

потым схаваюць завеі,

Вашы ж размовы — бурныя,

ціхія — нам пакідаюць надзеі

Кожнаму здзейсніць свае пажаданні,

будзь тое увечар ці рана:

Старасці — роздуму, цішы, спакою;

шчасця ў жыцці — закаханым!

 

6

Зацягнулі неба хмары і закрылі нават сонца,

Дый праз хмары сонца сілу мы заўсёды адчуваем.

Паглядзіце, як у высі да яго усё імкнецца:

Горы, дрэвы, травы, кветкі, птушкі, славячы прасторы,

Гарадоў і вёсак вежы, караблёў магутных мачты.

А касмічныя ракеты, а дзяцей забавы — «змеі»,

А хусцінкі карагодаў, а юнацкіх сэрцаў песні!..

Нездарма арлу зайздросцяць, што такія мае крылы!

Паглядзіце вы на зерне, што зямлёю прыгарнулі:

Ледзь цяпло адчуе сонца — два расткі яно пускае

І становіцца на ногі,

галавой імкнецца ў неба.

А святло як толькі ўбачыць —

зачырвонее ад шчасця,

Бо вакол яму падобных, ігальчастых, незлічона.

Дык няхай па небе хмары —

рунь заўжды праменне чуе,

Мкнецца ўгору штохвіліны, хоць таго не бачыць вока.

І не страшны дужай руні ні завеі, ні марозы,

Пад пуховым дахам снегу

на зямлі грудзях утульна —

Там чакаць,

пакуль з-за хмараў веснавое гляне сонца,

А пасля яму насустрач узнімацца вышай, вышай,

Зелянець і красавацца, набіраць ягоны колер

Ды спяваць хвалу жывому

спелым коласам мядзяным,

Тым, дзе кожнае зярнятка —

быццам сонейка малое.

 

7

 

Калі камара важыць па ўласнай

яго вазе, ён важыць 100 кілаграмаў.

Балгарская народная прыказка

 

Восень.

Разважанняў час.

Дзякую за дзіўны сказ

Я з Балгарыі сябрам

Пра зазнайку-камара.

На дубу сядзіць камар.

Што за постаць?

Што за твар?

То ж здалося камару,

Што ён большы за гару.

Што ў становішчы такім —

Дуб згінаецца пад ім.

Толькі — што адзін той дуб!

Узвіхрыў камар свой чуб —

Паглядзяць няхай як след:

Перад ім дрыжыць сусвет.

Што там людзі — машкара!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Здзьмухнуў вецер камара.

 

8

То заскуголіць паміж хвой,

То таямніча заспявае —

У восені ёсць голас свой,

Яго заўсёды ты пазнаеш.

 

І хоць нічога не відаць

Часінай позняю, начною,

Магу заўсёды разгадаць,

Аблічча восені якое.

 

Калі атулена парчой,

Калі ў падзёртае кашулі,

Калі вясёлае дзяўчо,

Калі надзьмутая бабуля.

 

Калі вятры лісток сарвуць,

Калі кастрамі ўжо сагрэта.

Вось гэтак людзі пазнаюць

Па слову мастака-паэта.

 

Такія ёсць, што пра Парнас

Не мараць у часы натхнення.

Чытаем іх — і сэрцы ў нас

Аж заміраюць ў захапленні.

 

Другія з пыхай: «Салаўя

Даўно мы замянілі словам...

Вось голас мой!.. Вось гэта я!..»

А спеў пачуеш — ішаковы!

 

9

Паволі восені абрысы

Да нас на вуліцы прыйшлі.

Стракатыя крычаць афішы:

— Сезон тэатры пачалі.

 

А па музычных школах, клубах —

Уздым, і не абы-які:

Зайгралі галасіста трубы,

І гучна ўдарылі смыкі.

 

Суцішна стала на бульварах,

Былога тлуму не чуваць,

Ды нават дожджыку з-пад хмараў

Ніяк каханкаў не разняць.

 

Няхай аброшаны іх скроні,

А вочы свецяцца ярчэй,

І сэрцы іхнія сягоння {ІХНІЯ СЯГОІІПЯ

За промні сонца гарачэй.

 

10

У верасні дні залатыя,

Яны з барвоваю каймой.

Я ў месяц верасень, Сафія,

З тваімі сцягамі, з табой.

 

Я ведаю, што многа страціў,

І сум трывожыць галаву.

Балгарыя! Цябе не бачыў,

Але даўно табой жыву.

 

І ты дазволь мне пахваліцца,

Хоць тут нясціпласць ёсць мая:

Мой дзед калісьці быў на Шыпцы,

А гэта значыць — быў і я.

 

Малому мне на сёмым годзе

Ён гаварыў пра веліч гор...

Твае сыны Кірыл, Мяфодзій

Далі мне літараў узор.

 

З арліным клекатаннем мову

Імкнуўся я пазнаць, вучыць.

Натхніла слова Дзімітрова,

Як рэвалюцыю любіць.

 

І думы, сонцам налітыя,

Плывуць на поўдзень чарадой...

Я ў месяц верасень, Сафія,

З тваімі сцягамі, з табой.

 

11

Бор мой шэптам голля піша

Славу справам баявым.

Я ж хацеў бы, паміж іншым,

Пахваліцца і такім.

 

Сэрца поўніцца ад песень.

Гэта ж гонар, і які —

На маёй радзіме з лесу

Выцякаюць дзве ракі.

 

Пасланцамі месц прыгожых

Разыходзяцца яны —

Да Дняпра бяжыць Бяроза,

А Ушачка — да Дзвіны.

 

Скрозь палеткам ласку дораць,

Кожная — як добры госць.

Ажно ў двух вялізных морах

І вада з тых рэчак ёсць.

 

Вераснёўскім ранкам сінім

Сам праводжу я паслоў.

Колькі кропель у іх плыні,

Столькі там маіх сяброў.

 

12

Адышло ўжо дзён багата —

Што лістоў зляцела з гаю...

Камсамольцы год дваццатых,

Я радзей вас сустракаю.

 

Ведаю, што вам прыпала

Перажыць і вызнаць многа.

І не дзіва — вас нямала

Засталося на дарогах.

 

Без аркестраў вас хавалі,

Не ўсцілалі груд вянкамі.

Толькі сосны і спявалі

Развітальную над вамі.

 

Ды нас многа яшчэ службу

Скрозь нясе як след, заўзята.

Мы мацуем нашу дружбу,

Як калісьці ў год дваццаты.

 

Хай бывае цяжка часам,

Не здаюцца нашы сэрцы,

З тымі, хто ў жыцці застаўся,

Люба-дорага сустрэцца.

 

Хто з палёў, хто з гор, хто з мора,

Сабяромся і сядаем,

А настрой такі бадзёры —

Як і некалі, спяваем.

 

Хоць галовы пабялелі,

Ды глядзім наперад смела.

Час прыйшоў. Мы пастарэлі.

А зямля памаладзела.

 

13

Ты, восень, ў крапінках, чырвоная

Ці хмурая, як прыйдзе злосць,

Але заўсёды, як сягоння,

Ты шчырая, якая ёсць.

 

Паэтаў жа самахвалебных

Ёсць шмат. Гудуць, нібы няўзнак:

— Не любім славы. Не патрэбна.

І нават шкодная яна.

 

Але хай крытык не заўважыць —

Накліча на сябе праклён.

Паэт усходзіцца: «Абраза!»

І ўсіх як ёсць знішчае ён.

 

14

Пярун ударыў,

як гармата,

Не — і суровей

і гучней.

На думку зноў

прыходзіць атам,

Што за гарматы

шмат страшней.

Я не жадаю

быць салдатам,

Каб атам

мог людзей знішчаць.

Ды я — салдат,

каб мірным хатам

Ніколі

атама не знаць!

 

15

Дождж забубнеў па даху позна.

Нясмела ён прыйшоў да нас,

Як вучань пальцам асцярожна

Крануў раяль свой першы раз.

 

Пасля мацней,

мацней,

прыгожа,

То зашуміць,

то змоўкне ўміг.

Не ўсякі так маэстра можа

Адчуць гучанне струн сваіх.

 

Калі ж пяройдзе да мажору

І на ўвесь голас пець пачне...

А дзесьці дасць пярун над борам —

Зямлю, здаецца, скалыхне.

 

А думкі, думкі, як па змове,

Ўсю ноч спакою не даюць:

— Ах, каб мае маглі так словы

Людскія сэрцы закрануць.

 

16

Мы жывём у дружбе згоднай,

Сустракаемся часцей.

Вераснёўскім днём пагодным

Віншаваць прыйшоў гасцей.

 

Хоць няважны я прамоўца,

Горача вітаю вас:

— Добры дзень, сябры-літоўцы,

Дарагое свята ў нас.

 

А далей мая прамова,

Як заведзена яно:

— Вашы справы, ваша слова

Палюбілі мы даўно.

 

Аб народах нашых мужных,

Што ля Нёмана-ракі,

Як жылі мы з вамі дружна

Здаўна, доўгія вякі.

 

Як крывёю ў час навалы

Мацавалі свой саюз,

Як плячо ў плячо стаялі

І Літва і Беларусь.

 

З тых часоў, што помнім ледзьве,

Побач нівы ў нас шумяць,

А мы добрыя суседзі,

Разам сеяць нам і жаць.

 

Там, дзе некалі гукалі

Пеўні пеўняў на зары,

Нашы фабрыкі гудкамі

Шлюць вітанні, як сябры.

 

А сягоння мы ў сяброўцы,

Быццам тыя спарышы.

Дык за стол, браты-літоўцы,

Пагаворым ад душы.

 

Хто з нас як у людзі выйшаў,

Што рабілі гэты год,

Што пісалі, што напішам,

Каб падзякаваў народ.

 

Каб, як з добрае абновы,

Пацяшаўся сэрцам ён,

Каб лажыў з любоўю слова,

Як і зерне, на далонь.

 

17

У нас штодзень пільней уборка,

Па бульбе свой здзяйсняем план.

Мае ж таварышы ў Нью-Йорку

Цяпер, на сесіі ААН.

 

Відаць, у спрэчках выступаюць.

І часам мы не спім начэй.

Ды я — па шчырасці — не знаю,

Каму на працы гарачэй.

 

Іх слухаюць там дыпламаты,

А нас — палеткі, нівы, гай...

Але мы ўсе ад сэрца рады

За Беларусь, свой родны край,

 

Што выйшла з франтавых завеяў,

З палосак бедных і вузкіх,

І што яна на асамблеі —

Як роўная паміж усіх.

 

Змагаецца за мір заўзята,

Каб вечна ў шчасці жыў народ.

Ёй, воляй ленінскай узнятай,

Сягоння сорак пяты год!

 

18

Маўкліва ў небе цёмна-сінім,

І нават каня не заве.

Адзін лісток, як сіраціна,

Паміж асенніх хваль плыве.

 

Вятрыска хвалі не гайдае,

Навокал ціша і спакой,

Але лісток у вір трапляе

І ўміг знікае з галавой.

 

Я думаў, ён навек схаваўся

(Дзе сілу ўзяць ў віры такім),

Але гляджу, ён паказаўся,

Хоць і знясілены зусім.

 

Ды зноў паплыў сабе памалу

Насустрач сонцу і да зор...

Так і ў маім жыцці бывала,

Так выплываў я на прастор.

 

19

Мухаморы, мухаморы!

Што за постаць, што за ўборы:

Брыль у кропкі, каляровы,

Выгляд хвацкі, адмысловы.

 

І ў людзей вось так бывае:

Быццам пава выглядае,

Як апранена, абута...

А кранеш душу — атрута!

 

20

Я на асінку маладую

Гляджу — суцішыцца калі?

Што ж на цябе, на трапяткую,

Паклёп дарэмны узвялі?

 

Вось так, бывае, і дзяўчыну

Зняславіць невядома хто.

Яна дрыжыць, дрыжыць асінай,

І немаведама — за што?

 

21

Найболей мы цяпер па хатах,

Пры тэлевізарах, ля кніг.

І без вады ўжо аўтаматы

Сярод кварталаў гарадскіх.

 

Усё трывожней ветру спевы,

Золь адчуваецца бліжэй.

Хоць распранаюцца ўсе дрэвы,

Мы апранаемся цяплей.

 

22

Як быццам хтосьці ўзяў раскінуў

Скрозь па кавалачку зары.

Аж гэта ўдзень, пад небам сінім,

Гараць асеннія кастры.

 

У кожнага ў душы з праменняў

Гарыць маленечкі касцёр.

А твой касцёр, наш родны Ленін,

Узняўся ўвысь да самых зор.

 

І колькі нас на ўсёй планеце,

Шчаслівых, што яго знайшлі.

Гарыць касцёр такога сэрца,

Што грэе ўсіх людзей зямлі.

 

23

Імшары. Кропелек чырвоных —

Што пацерак, куды ні глянь.

Прыгожы з імі мох зялёны,

Нібы расквечаны дыван.

 

Што кропелька, дык журавіна.

Прыемна гэту назву чуць —

Нядарма ж лепшую дзяўчыну

Скрозь журавінкаю завуць.

 

24

Па возеры плыву я ў поўнач,

Гарыць у хвалях зор сям’я.

Вяслуючы, кірую чоўнам,

Нібы па зорах еду я.

 

А зорак шмат. Бяры любую,

Бо возера — як зорны дом.

Здаецца мне: адну, другую

Вось-вось зачэрпну я вяслом.

 

Ды колькі я ні намагаўся,

Вяслом лавіў, хапаў рукой —

Сусвет іх зорны разбягаўся,

Не мог здабыць я і адной.

 

25

Хай верасень з насеннай жменяй

Па полі ходзіць за сяўбой.

Я рад, што ў гэты дзень асенні,

Кастрычнік, стрэціўся з табой.

 

Плывуць імкліва на экране

Мая зямля, мой родны кут.

Гляджу з вялікім хваляваннем

У кіно сягоння «Рускі цуд».

 

Пустыр. Пакрыўленыя хаткі.

А потым — гмахі карпусоў...

Нібы я зноў жыццё спачатку

Да дзён сучасных перайшоў.

 

Шнуркі вузенькія навокал.

І за сахой пануры дзед...

Як узняліся мы высока:

Ад той сахі — аж да ракет!

 

Няўжо ўсё гэта за паўвека

Так разгарэлася зара!

Не пазнаю я чалавека —

Жыцця свайго уладара.

 

26

Уранні пабялелі травы,

І парадзеў на ўзгорку гай.

Зіма прыслала нам заяву.

Мы ж кажам ёй: «Ты пачакай!

 

Яшчэ рабіць мы многа маем

На полі з ранку да цямна.

Чакай! Бо нават адступае

Ад нас халодная вайна.

 

Надыдзе час, снягі заскачуць.

Прыйдзеш пад самыя дамы...

Вайны ж халоднай, ні гарачай,

Знай, не жадаем бачыць мы».

 

27

 

Увосень ножкай коп,

А вясной ручкай хоп.

Народная прыказка

 

Хто знае, колькі застаецца,

Пакуль мятлюга загудзе.

Глядзіш — і радуецца сэрца:

З палёў пад стрэхі ўсё ідзе.

 

Але спускаеш вочы долу,

Як быццам сам зрабіў не так,

Калі згібелы ўбачыш колас,

Ці бульбіну, альбо бурак.

 

Вялікія ў людзей патрэбы.

Калі ж рука не падняла,

Дык значыць, што кавалак хлеба

У нас зваліўся са стала.

 

28

Калі паглядзіш, проста цуды:

Паміж лясоў, на плынях рэк

Бабёр зрабіў свае запруды,

Што пазайздросціць чалавек.

 

Ён дужы, спрытны і харобры,

Зваліць асіну — не ў цяжар.

А больш таго, ён майстра добры —

Гарбар, тынкоўшчык і цясляр.

 

Жыццё ж усім наканавала,

Як жыць самому, як з сям’ёй.

Бабёр вось так, арол на скалах

Будуюць кут уласны свой.

 

29

Ах, як той вецер лісці гоніць!

Іх лёт барвовы і густы.

Нібы наш кут, як улюбёны,

На поўдзень шле свае лісты.

 

Мінаюць крылы ветру горы.

Як добра дужым быць такім —

Адным крылом над Белым морам,

Над Чорным звесіўся другім.

 

Не пазнаю я сёння гаю,

Ён хутка стане галышом.

Што зробіш? Вецер зачапляе

Нас ледзяным сваім крылом.

 

Ды добра ведаю сягоння:

Другім ён вернецца да нас

І ў родны гай лістоў зялёных

Бясконца прынясе ў адказ.

 

30

Мой верасень!

Ты развітаўся МАЗам,

Паўнюткім бульбы, на шашы.

А час далейшы, што ён скажа,

Што прынясе нам для душы?

 

Ты добры, верасень, гусляр быў,

А што ў наступным для людзей?

Якія подыхі і фарбы

І кругабег якіх падзей?

 

І роздум неспакойным зернем

Пачаў у сэрцы прарастаць —

Шкада таго, чаго не вернеш,

Цікава ж новае пазнаць!

 

 

СЛОВА ПРА ДЗЯЎЧЫНУ-АГРАНОМА

Жыве, як кажуць, у глушы,

На свет жа слаўна працай

Дзяўчына шчырае душы,

Ёй год крыху за дваццаць.

 

Ты можаш скрозь адно пачуць:

«Захоплены дзяўчынай».

Яе Рыгораўнай завуць

Ці проста Міхалінай.

 

Палі — яе вялізны дом,

Яна заўсёды дома.

Яна з юнацтва аграном,

І гэта ўсім вядома.

 

І я сцвярджаю не на жарт:

Ёй з полем — красаванне.

Пастаў такую на асфальт —

Зачахне і завяне.

 

А тут — у белі каласоў

Яна красуня й босай.

Яна свая паміж вятроў,

Між туманоў і росаў.

 

Абсыпле часам дождж, бы ў злосць,

То сонейка адорыць.

Ды з ёй усё, што ў полі ёсць,

Усё як ёсць гаворыць.

 

Я чуў, што ёй няма цаны

Як аграному. Згодзен!

Я сам, вядома, земляны

І знаю, што як родзіць.

 

Ды хоць пражыў я шмат жыцця

І шмат аб полі знаю —

Як Міхаліна, пачуцця

Я да раслін не маю.

 

Гляджу,

калі праходжу з ёй,

Што кожная расліна

Здаецца ледзьве не жывой,

Гамоніць з Міхалінай.

 

Пшаніца хіліць каласы,

Жыты спіну згінаюць,

Ячмень даўжэзныя вусы

Як быццам распраўляе.

 

Гамоніць лён, што сінявой

Расплыўся над палямі,

А грэчка белаю ракой

Бушуе пад нагамі.

 

І думкі ў дзеўчыны свае —

Што ў гэтым вось багацці,

Ва ўсім, што так кругом пяе,

Яе часціна працы.

 

І што нялёгка ўсё прыдбаць,

Што просіць праца тая —

І позна легчы, рана ўстаць.

Усяк яно бывае.

 

Такія ёсць — не ўзяць нічым,

Адной за справу брацца.

Бывае так, што не з адным

Ёй трэба паспрачацца.

 

І гразь не гразь, а ў поле кроч.

Самой на ўсё рашыцца.

За вопытам праседзець ноч,

Ад справаздач адбіцца.

 

Бывае так, што набяжыць

І растрывожыць сполах.

Але цяпер, як паглядзіць,

На сэрцы так вясёла!

 

Бо гэта поле, што ў расе,

І ўсё, што ў ім сабрана,

Ляжыць, нібы на абрусе,

Шырока разасланым.

 

Пшанічны колас — пірагом,

Духмяным і праменным,

Аўсяны — свежым кісялём

І соладам — ячменны.

 

А з грэчкі каша — будзь ласкаў,

А жытні — смачным хлебам,

А з бульбы — з бульбы сорак страў

І дранік на патрэбу.

 

І гэта ўсё — ёй родны дом,

Любімая Айчына.

Ідзе па полі аграном,

Таварыш Міхаліна.

 

Гамоняць з ёю ручаі,

І гай, здаецца, грае,

А ёй спяваюць салаўі

І жаўры падпяваюць.

 

Яна ж не стоміцца ісці,

Хоць і клапотаў многа,

І сэрца рада, што ў жыцці —

Жаданая дарога.

 

 

РОДНАЯ ПЕСНЯ

Жыць без цябе абыякава, сумна і цесна.

О, як мяне ты ўзняла, родная, любая песня!

 

Ты навучыла любіць жытні кавалачак хлеба,

Зоры дарыла ты мне, ўноч адкрываючы неба.

 

Хто цябе змалку пазнаў, той ад хаціны не зверне.

Кожнае слова тваё — гэта што ў коласе зерне.

 

Песня стагоддзі жыве. Моцы яна набірала.

Слова, ўскрыляючы нас, быццам маланка шугала.

 

Слова вастрылі вятры, каб узлятала высока,

Каб мы адзін аднаго чулі далёка-далёка...

 

Словы ад розных ішлі. Ад сумных яны і вясёлых.

З розных жа кветак нясуць, мёд сабіраючы, пчолы.

 

Песня, праводзіш ты нас ад нараджэння да смерці.

Родная песня мая! Ты мне мілейшая ў свеце.

 

Ведаю, прыйдзе той час — пад курганом заначую.

Усё ж праз карэнні дубоў родную песню пачую.

 

 

АБ СУМЛЕННІ

На жаль, яшчэ існуюць людзі,

Што праўды ў іх шукаць дарма.

Крычаць: «Сумленне!..»

Б’юць у грудзі. А паглядзіш, яго няма.

 

Другі гатовы ўдзень і ўночы

Клясціся ў гэтым, так ён звык.

Не вер такому, што балбоча

Скрозь аб сумленні, як індык.

 

Жыццё — складанае. Бывае,

Што і памылішся не раз —

І на крыніцу ападае

Смуга, пароша ў нейкі час.

 

Не трэба ж рассыпацца лісцем,

Што ты заўсёды шчырым быў,

Бо, можа быць, і ты калісьці

Хоць раз душою пакрывіў.

 

Але з таго шукаў збавення,

Якое выйсце, як жа быць.

І так гняло цябе сумленне,

Што не хацелася і жыць.

 

Аб праўдзе не крычы бясконца

І выхваленне прэч адкінь,

А будзь такім... ну, як пад сонцам

Празрыстая нябёсаў сінь.

 

І ведай — час пакуты здыме,

І пасвятлее воблік твой.

Калі сумленны прад другімі,

Тады сумленны прад сабой.

 

 

ПОШУКІ ТЭМЫ

Даўно ў душы няма спакою,

як бы на моры без вясла.

Шукаю тэму даспадобы

і каб па сіле мне была.

 

Гляджу на неба — не знаходжу,

уважна аглядаю дол.

А мне гавораць: што за справа,

ты толькі глянь як след вакол.

 

Гляджу вакол на будаўніцтва —

плаціны, ДЭС, за гмахам гмах.

А я баюся падступіцца:

ці ён па мне такі размах?!

 

Гляджу на поле — залатое,

а гераінь, герояў шмат.

Ах, каб мне слоў, ну хоць бы столькі...

ну, колькі ў полі тых зярнят!

 

Ды каб сяброў здзівіць, уразіць,

я пра высокае хачу.

А можа, кінуцца мне ў космас?

Ды не, відаць, не далячу.

 

Ну, добра. Бачу прыгажуню,

бягу з настроем маладым.

Яна ж хусцінкаю махнула

і адышла зусім з другім.

 

Дык да чаго ж, куды імкнуся?

І хоць ты з сораму згары.

Ну што ж, відаць, для гэтай тэмы

і я сягоння застары.

 

А можа, тая, што ў бразготках —

ідзе бяздумная, пяе...

Ды не! Даступная такая,

што зацягалі ўсе яе.

 

І не знайшоў. Сябе сцішаю.

Яшчэ напішацца, дарма —

Калі жыццё ды так уразіць,

што і ратунку больш няма!

 

 

* * *

І мне не разабрацца ў вершы,

Чаму чуццём жывём такім:

Малы жадае быць старэйшым,

Стары быць хоча маладым.

 

Малы дасягне, што жадае,

Старому ж ёсць адзін адказ:

Усё спакойна вырашае

Бязлітасна імклівы час.

 

 

ПРЫГОЖЫ ЧАЛАВЕК

Ва ўсіх свой густ. Спрачацца можам,

Ісці да згоды пакрысе,

Але на тым, што ёсць прыгожа,

Часцей згаджаемся мы ўсе.

 

Што мерай вымярэння служыць?

Няма адзінай меры тут.

Бывае так: сівы, нядужы...

— Які прыгожы! — кажа люд.

 

Глядзіш — з нябёс не рваў ён зорак,

Маўчун, ціхоня цэлы век.

Мы ж прыглядаемся, гаворым:

— Які прыгожы чалавек!

 

Бывае ж так —

Глядзіш, красуня

Размалявана, што бяда,

А хто спазнае, толькі сплюне

І адвярнецца, бо брыда!

 

Мы аб прыгожым заўжды марым,

Але да нас да ўсіх дайшло:

Прыгожыя — не толькі тварам,

А тыя, ў кім душы святло.

 

 

НОЧ У ВАЛРЭЎКОМЕ

А мне не забыцца тых дзён агнявых.

Я помню: маёнтак над рэчкаю.

У панскім палацы, між ліп векавых —

Уся наша ўлада савецкая.

 

Сядзім хто ў шынелі, а хто ў кажушку,

Паволі збіраемся з сіламі.

І, быццам заснуўшы, стаяць у кутку

Вінтоўкі, з марозу настылыя.

 

З нас кожны і пісар, і кожны салдат.

Часіна прыпала ціхуткая —

І хтосьці Саветам складае загад,

А хтосьці дыміць самакруткаю.

 

А хтосьці ўжо соннай панік галавой,

А хтосьці мармыча і лаецца,

А хтосьці за «Правдою» і «Беднотой»

Аб новых задачах спрачаецца.

 

Устаў ваенком. Ён пакінуў іграць,

Сказаў ужо даўна чаканае:

«Прыляжам жа, хлопцы!..»

І ўзяўся здымаць

Свой кольт з кабурою драўлянаю.

 

І вось, калі ўсе дачакаліся ўжо

Хвіліны спачыну законнае —

І покліч трывога ўзняла:

«У ружжо!»

І бойка...

і ночка бяссонная...

 

 

У МІКРАРАЁНЕ

У кожнага дзесьці ёсць шчасце сваё —

У мікрараёне каханне маё.

 

Я ў мікрараёне не знаю нуды,

Хутчэй на тралейбусе мчуся туды.

 

Ад радасці стрэчы я проста гару —

У мікрараёне я кветкі бяру.

 

А стрэнуся, сцежкі вядомы даўно —

У мікрараёне іду я ў кіно.

 

Бывае, што іншы азначыцца план —

У мікрараёне іду ў рэстаран.

 

І я са спазненнем вярнуся дамоў —

Вялікая ў мікрараёне любоў!

 

 

ЛЯСНЫЯ МУЗЫКАНТЫ

Я музыку люблю і песні.

Пачую, сэрца не суняць.

А музыку вы чулі ў лесе,

Якую не з чым і зраўняць?

 

Арганаў шмат непараўнаных,

Паслухаеш — аж храм гудзе.

Але, відаць, такіх арганаў

Не знойдзеш — свет прайдзі — нідзе.

 

Наш лес. Унікнуць толькі трэба —

Спяваючы, сасна расце.

А чулі вы — спявае неба?

А так, што месяц аж цвіце.

 

А чулі вы, як дуб наўкола,

Здаецца, басам загудзе?

А чулі папараці голас,

Які за вамі ўслед ідзе?

 

А як на ўсходзе дня рабіна

Так завядзе, нібы гусляр,

А ёй шархоткамі асіна

Падсыпле, ажно кіне ў жар?

 

Салоўка возьме — сэрцу люба,

А шпак — заштатны тэнарок,

А дзяцел той як грукне ў бубен —

Здаецца, дрэвы йдуць у скок.

 

Часамі ледзь уловіш вухам

Паміж лістоў ты спеў жучка.

А чулі вы, як плача муха

У злых абдымках павука?

 

Што ж, песня сумная такая,

Ды ўцеху нам усім нясе,

Што ў лесе ўсё як ёсць спявае

Хвалу жыццю, хвалу красе!

 

 

СВАТЫ

Калі я жаніўся, дык — мне вы паверце —

Сваты мяне сваталі лепшыя ў свеце:

 

Юначыя гульні, купальскія ночы

І, быццам маланкі, дзявочыя вочы,

 

Заранкі пад вечар, на досвітку росы,

Танклявыя рукі, бялявыя косы,

 

І водар вішнёвы, і пена чарэшні,

І тыя, што сэрца паранілі, песні,

 

І тыя, што разам спляталі з вянкамі...

Сватоў я не ведаў, што з ручнікамі.

 

 

* * *

Глядзіце, зрокам як абняць —

Так зачарнелася кругом.

Давайце ж хмары разганяць,

Бо хутка можа грымнуць гром.

 

І так маланкі будуць біць,

Знішчаць палеткі і жытло

Паміж жахлівых навальніц,

Якіх яшчэ і не было.

 

І можа ўсё ахутаць дым

І спапяліць вайна жывых,

І могуць знікнуць назаўжды

І птушак спеў, і рост травы...

 

Дык нельга нам спакойна спаць,

Бо працы ў нас сягоння шмат —

Давайце хмары разганяць,

Каб ясным быў наш далягляд.

 

 

* * *

Здавалася, што сонца звонка

Ўзляцела ўвысь, дзень рос і рос,—

Калі стаяла скрозь гамонка

Касілак і танклявых кос.

 

Няма тых дзён, ад сонца п’яных,

Што працаю гулі вакол.

Нібы шаломы веліканы,

Стагі паставілі на дол.

 

 

* * *

Я ведаю, не буду новым,

на гэтым шмат вякоў жылі.

Усё павінна ведаць меру,

як ёсць яна ў самой зямлі.

 

Бо варта толькі земнай кулі

інакшыя памеры мець,—

Не так бы ёй навокал сонца мільёны год кружыць, ляцець.

 

Дык знай, не вылятай з арбіты,

паслухайся цвярозых слоў,

Не прагні працы не па сіле, а не па сіле — на любоў.

 

Не здабывай адзення лішку,

здабудзь патрэбнае, насі

І не бяры кавалак хлеба, які, вядома, не з’ясі.

 

 

* * *

Ёсць шмат сабою закаханых,

З іх не адзін навечна знік.

Заўсёды май сяброў адданых,

Калі ўздымаешся на пік.

 

Дастанеш галавою неба,

Але сяброў там не знайсці.

А вось сябры, як будзе трэба,

Табе пасобяць і сысці.

 

 

* * *

Прыходзь, прыходзь жа раніцой,

Як толькі дзень займаецца.

Пабачыш ты, мая любоў,

Як сонца разгараецца.

 

Прыходзь, прыходзь жа поўным днём,

Сваё мне шчасце дорачы,

Пабачыш ты, мая любоў,—

Аж сэрцу ў грудзях горача.

 

Прыходзь жа позна і ў заход,

Як сонейка закоціцца.

Пабачыш ты, мая любоў,

Што ажно плакаць хочацца.

 

 

* * *

Калі казаў табе: «Люблю»,

Мяне ты коса змерала.

Што хочаш ты, дык я зраблю,

Каб толькі ты паверыла.

 

Я кветкі рад штодня насіць

І просьбы чуць няспынныя,

Ды аднаго ты не прасі —

Цябе кахаць не кіну я...

 

 

* * *

Аседзішся. Спакой і ціш.

Глядзіш, без клопату жывеш.

А ты, як хваля, наляціш,

Ударыш раптам, з ног саб’еш...

 

Спрабую ўстаць. Ды дзе там, жах...

Нібы ўзляцеў тайфун які.

Пакоціш так па камянях,

Што набіваеш сінякі.

 

Цябе ніяк не разгадаць,

Мяняецца рука твая —

Пяшчотна так пачнеш гайдаць,

Нібы ляжу ў калысцы я.

 

Як лёгкі подых на зары,

Паволі песню так пяеш,

Што думаеш: вакол вятры

І ў небе зоры — ўсе твае.

 

Цішэй, цішэй... Спакой і гладзь.

Хаваешся, што не знайсці.

І пачынаю я драмаць,

І ўжо не хочацца ісці.

 

Дык хваляй будзь! Не засынай!

Бо ты не ты, калі маўчыш.

Кідайся, пырскай, налятай!

Мне, адчуваю, шкодна ціш.

 

 

* * *

Мой край у росце.

Мы ў паходзе.

І, ўсхваляваны, я пяю,

Што родны кут за паўстагоддзя

Змяніўся так — не пазнаю.

 

Разбуджаны машын гудкамі

Шляхі з прысадамі бяроз.

Перапаханы трактарамі

Мой край упоперак і ўдоўж.

 

Куды ні гляну — сэрцу люба.

Драты, як струны,

скрозь пайшлі,

А навакол іх трубы, трубы

Стаяць, як клічнікі зямлі.

 

А паміж труб разлівы хлеба,

Куды ні глянь, куды ні кроч.

На крылах чалавек

імкне у неба,

Гамоніць з небам дзень і ноч.

 

Змяніліся імкненні, звычкі,

Інакшы краявід сяла.

З зямлі ж струменіць,

б’е крынічка,

Што сілу нам усім дала!

 

 

ЗЯМЛЯ I ЧАЛАВЕК

Зямля мая! Ты не старая,

Ляціш ля сонца маладой.

Я ад цябе ўзышоў, я знаю.

Мільёны продкаў прада мной.

 

Без ліку скарбаў ты хаваеш,

Дый я ўзбагачаны жыццём.

Што маеш ты, усё я маю,

Яшчэ мацней душы святлом.

 

Я чалавек малы-вялікі,

Ды раз мне дадзена пажыць,

Ты не спяшай да долу клікаць,

Гатоў табе яшчэ служыць.

 

Усё мой розум пераможа,

Сусвет быць згодным навучу,

Зраблю цябе

найбольш прыгожай,

З другімі светамі злучу.

 

Тваёй выключнай пекнатою

Захопіцца увесь Сусвет,

Бо ты дагэтуль сіратою

Адна жыла паміж планет.

 

Я — чалавек, гляджу цвяроза,

Я адхілю праявы зла,

Я адганю усе пагрозы,

Каб ты заўжды жывой была.

 

Я ўвесь у пошуках гарачых,

Дык не спяшай мяне ты зваць,

Цябе я маладою бачу,

Ты будзеш многа нараджаць!

 

 

ГАРБУЗ

Паміж лістоты прыхаваны,

Прыпаў гарбуз на вока мне —

Ляжыць, як глобус фарбаваны,

Параспісаны на спіне.

 

А глянь наскрозь — які багаты,

Такому пазайздросцяць шмат —

У ім, што ў гнёздах птушанятаў,

Без ліку месціцца зярнят.

 

А прыйдзе час, і нам на радасць

Яны свой круг жыцця пачнуць:

З гняздзечкаў выпырхнуць — і ў грады.

Разлапушацца, зацвітуць.

 

Піць будуць сок зямлі пад сонцам,

Пакуль іх спеласць не кране.

А колькі іх? Ды іх бясконца!

Ты іх пазнаеш па спіне.

 

 

ПЕВЕНЬ

Не вельмі майстар ты на спевы,

Шпака ты нават не зацьміў,

Ды я люблю цябе, мой певень,

Так, як і некалі любіў.

 

Віхор ірваў страхі салому,

Ды так, што бор ажно стагнаў,

Ты ж кукарэкаў мне, малому,

Я думаў — сон мой вартаваў.

 

Я захапляўся тваёй сілай.

Ты быў між кур спрытней, смялей.

Ах, як распасціраў ты крылы,

Не знаў я птушкі прыгажэй.

 

Няхай гадзіннік ёсць. І болей —

Час можа радыё сказаць.

Ты ж не памылішся ніколі

Мне й сёння ранне прадказаць.

 

Ці я дзе днюю, ці начую,

Хай у нязведанай далі,

Калі цябе, спявак, пачую,

Бліжэю сэрцам да зямлі.

 

 

СЛАВА

Не прагні славы. Лепш аддана

Працуй, як ранне настае.

А слава прыйдзе нечакана,

Калі й не дбаеш пра яе.

 

У славы ёсць, бясспрэчна, сіла,

Ды розны з ёй бывае шлях —

Яна разумнаму, што крылы,

А дурню — камень ці пятля.

 

Яна бяздумнаю рукою

Не раздае дарма дары,

Яна над хцівай галавою

Вянком з праменняў не гарыць.

 

Яна не ў слаўнай шумнай пене,

Ёй ненавісны фіміям,

Яна не ў золаце адзення,

Яе не бачыць носьбіт сам.

 

Не кліч яе абы-якую,

Прыход сапраўднай —

без прынук.

Яе ў вачах сяброў адчуеш,

У поціску гарачых рук.

 

 

ШЭРАЯ ГАДЗІНА

Люблю пасля гадзін рабочых

Гадзіну шэрую спаткаць,

Калі цалуецца дзень з ноччу

І ноч бярэцца дзень сцішаць.

 

Хто-небудзь скажа,

не паверыць,

Што я ў тым часе адшукаў?

І я злую ад вершаў шэрых

І шэрых усялякіх спраў.

 

Мне ж па нутру гадзіна тая,

Што да спачыну нас вядзе,

Калі з уцехай падлічаеш,

Што й ты пражыў няздарма дзень.

 

Няхай табе не да героя,

Газеты пра цябе маўчаць,

А ты ўсё думаеш пра тое,

Як заўтра раніцу пачаць —

 

Каб зноў на ўсё, што маеш сілы,

Прыкметны быў удзел і твой.

А ноч свае схінае крылы.

Нясе на вейкі супакой.

 

 

СОНЦА

Зямля ўсю ноч

глыбока спала

У цемрадзі і ў туманах,

А сонца раніцай устала

І свет змяніла на вачах.

 

Спачатку ўспыхнула

што свечка

Ды, асвятліўшы берагі,

Аж засмяяўшыся над рэчкай,

Пайшло на поле, на лугі.

 

Відно ў яго мільён патрэбаў,

Бо не спынялася нідзе,

Але з сярэдзіны ўжо неба

Глядзела — праца як ідзе.

 

А як ідзе ў людзей старанных,

Як у мурашак, як у пчол.

І, задаволенае, пэўна,

Пайшло хіліцца зноў на дол.

 

Крыху над борам пастаяла,

Кранулася ялін густых,

Апошні раз пафарбавала

І знікла ў хвалях баравых.

 

 

У ШУШАНСКІМ

З тых дзён шмат часу адышло,

А я заўсёды, дзе б ні быў,

Няспынна думаў пра сяло,

Дзе, як выгнаннік, Ленін жыў.

 

Хацеў я край пабачыць той,

Сібірскую наведаць глуш...

І вось той дом і той пакой,

А за сцяною рэчка Шуш.

 

І я хаджу па месцы тым,

Дзе ён падмурак свету клаў.

Не, не кажыце, назусім

Ён гэты кут не пакідаў.

 

Як на суботніку ў Крамлі

Ён носіць бёрны на плячах,

Так на сібірскае зямлі

За працай бачу Ільіча.

 

Людзей адной сям’ёй сабраў,

Ісці да мэты навучыў.

Як Енісей ні бунтаваў,

Ён берагі яго злучыў.

 

Ды так, што буйна загуло

Набегам хваль да самых гор,

Ды так, што новае святло

Крышталіцца мільёнам зор.

 

Па гарадах увысь узнёс

Кварталы дзіўнай пекнаты,

Панастаўляў заводы скрозь,

Праз рэкі збудаваў масты.

 

Прывёў у стэпы трактары,

Засеяў збожжам цаліну,

Узняў з глыбінь зямлі дары,

Агнямі домнаў агарнуў.

 

І паплылі чыгун і сталь.

Праз тундру, сонную адвек,

Паклаў шляхі такія ўдаль,

Што і не марыў чалавек.

 

Шляхі і ўвысь, шляхі і ўшыр,

І скрозь, дзе я людзей страчаў.

Цябе наведаўшы, Сібір,

Жывога бачыў Ільіча.

 

РАЙ

Сад поўны яблыкаў,

горы высозныя з цукру-крышталю...

Ах, як цудоўна бабка мне змалку рай малявала!

Такія пякноты,

што ажно да ранку расказваць можна.

Што ж паўтарацца? Мабыць, пра гэта ведае кожны.

Не, не хачу я яблыкаў райскіх, святым пакідаю.

Лепш раскажу я сёння, якога раю жадаю.

Навошта мне лезці гэтак высока за сіняе неба?

Дай, зямля-маці, з рук працавітых чорнага хлеба,

Дай мне апошнюю крокву паставіць на новае хаце,

Дай баразну мне пракласці да хлеба і шчасця.

Дай пасля стомы мне асвяжыцца сцюдзёнай вадою,

Дай адпачыць,

заснуць як належыць пад стромай сасною.

Што мне анёл той нябескі,

хай між праменнямі ўецца,

Лепей пайду я ў жытное,

з дзеўчынай-анёлкам сустрэцца.

Лёс мой, цябе я чакаў, не наракаю, ты ўдалы,

Дай мне з людзьмі паспяваць,

дай мне пайграць на цымбалах.

Дай мне цяжару не знаць,

каб пасля дзённых клапотаў

Мог да зары я скакаць ажно да сёмага поту.

Сам я і хлеб свой, і соль, і радасць сваю здабываю.

Дай мне пажыць на зямлі,—

і болей не трэба мне раю!

 

 

ВАДА

Зямля зялёнаю красою

Агорнута з тых дзён, калі

Вада ўзбудзіла ўсё жывое,—

Вада няйначай кроў зямлі.

 

Яна — нязмернае багацце.

Хто знае, што ёй за цана!

Ну, як расінка птушаняці

Ці зерню кропелька адна.

 

А для байца з вадою фляга,

А непрытомнаму глыток,

А для таго, хто чуе смагу,

Пустэльны мерачы пясок,—

 

Вада ва ўсім ратунак першы,

Куды ні глянеш, творыць цуд!

Сцвярджаюць: «Непатрэбна вершам...»

Няўжо зусім? Цяжкі прысуд!

 

Бо верш — жывучая галінка,

Дзе так трапечуцца лісткі.

А дзе ніводнае расінкі —

Парассыпаюцца радкі.

 

 

НА ПЕРАДАВОЙ

Чырвоныя над намі зоры,

І мы далей і ўвысь імчым.

Ад тых славутых дзён «Аўроры»

На першай лініі стаім.

 

Пад прамяністымі сцягамі

Зямля ўзнялася расквітаць,

Ды цемры шмат яшчэ прад намі,

Няма калі адпачываць.

 

Ідзём. Святло перамагае,

Няхай у барацьбе цяжкой.

У свеце ёсць перадавая,

Мы ўсёй краінаю на ёй.

 

 

* * *

Ісці да мэты — ўстаць да ўсходу

І даць зямлю адчуць нагам,

Ды, крышачы сцяну нягоды,

Ісці насуперак вятрам.

 

Няхай палохаюць віхуры,

Ты не мяняй кірунак свой,

Бо нават птушкі супраць буры

Сядзяць наперад галавой.

 

 

* * *

Глядзіш на хлопца — што за ліха,

Ён на людскіх харчах узрос,

Сам не рабіў, а што за пыха,

Ажно да столі ўздзёрты нос.

 

А языком так спрытна менціць...

Ніяк да ладу не вазьму —

Няўжо сакрэт, як жыць на свеце,

Яму вядомы аднаму.

 

Не думаю! Блазнюк, ды годзе,

Яму б паслухаць, памаўчаць...

Ледзь сам пачаў радок выводзіць,

А ўжо бярэцца павучаць.

 

СТУПА

Засыпаю ў ступу жменю

Добра спелага ячменю,

Таўкачом б’ю прагна ў ступу,

Будуць крупы,

крупы,

крупы...

А ячмень не шалушыцца,—

Дай крыху дадам вадзіцы.

Снедаць трэба, праца рупіць,

Мне патрэбны

крупы,

крупы...

Таўкачом я націскаю,—

Зерне вопратку скідае,

Далей-болей, без шалупін

Выглядаюць

крупы,

крупы...

Адкідаю ўбок палову,

Дзякуй, ступа,— ўсё гатова.

Спачываць кідаю ступу,

У гаршку ўжо

крупы,

крупы...

 

 

* * *

Радок габлюеш і стругаеш,

Каб ён за сэрцы браў глыбей,

А пойдзе ў кнігу — ты чакаеш,

Ці адгукнецца ён табе?

 

Ці шмат, з парогу да парогу,

Хацінак ён пераступаў,

Бо, выпраўляючы ў дарогу,

Яму ты гэтага жадаў.

 

Каб людзям быў, як хлеб, патрэбен

І каб высокі быў палёт,

Каб ім так распісацца ў небе,

Як піша часам самалёт!

 

 

ЦЭНТР АЗІІ

За Саянамі не быў ні разу я.

Край сустрэў бязмежны, стэпавы.

Як я рад, што ў самым цэнтры Азіі —

Ты, сталіца братняе Тувы.

 

А вакол — не мог гадаць і марамі

Аб такой нязведанай красе —

І гаі, і горы аж за хмарамі,

А між гор, як волат, Енісей.

 

А сябры, як з медзі ўсе адлітыя,

Нам насустрач з юрт і з новых хат.

А такія сэрцы ў іх адкрытыя,

Як над стэпам сіні далягляд.

 

Горы, стэп мы з’ездзілі, аблазілі,

Скрозь цяпло страчаючы ў вачах.

Як я рад, што ў самым сэрцы Азіі

Узляцеў высока родны сцяг.

 

 

КАЛЯ ЮРТЫ

Юрта-буда з лямцу і са скуры,

Ледзь прыкметны нізенькі ўваход.

А ў той юрце бабка люльку курыць,

А той бабцы, можа, сотня год.

 

Кружыць дым, а бабка ўжо не чуе.

Колькі пражыла яна, згадай —

Нас ля юрты праўнучка віншуе,

А імя ў дзяўчыны Маакай.

 

А сама ўсё сонейка забрала.

Пахвалілі — вочы зацвілі,

Папрасілі — песню заспявала,

Ажно зашумелі кавылі.

 

І здалося, мары чарадою,

Воблакам над горамі плывуць —

Быць спявачкай хочацца малое.

Ах, яшчэ б сустрэць яе, пачуць!..

 

 

ЧАБАН

Стэп. Авечкі.

І чабан,

Дзе Саяны высяцца,

І з баранінай казан,

Як гадоў мо тысячу.

 

І касцёр такі ж,

І дым

Аж да неба петлямі.

Толькі сонейкам другім

Той чабан асветлены.

 

Вось ужо

Каторы год

З кніжкаю ён дружыцца.

А на небе самалёт,

Як галуб той, кружыцца.

 

 

ЕНІСЕЙ

Едзем,

Словы дружбы сеем.

Едзем мы па Енісею.

 

Едзем,

Нібы ў казцы недзе,

А вакол — тайга, мядзведзі.

 

Енісей

Між скалаў пеніць,

А вакол — ласі, алені.

 

Енісей

Рассунуў горы,

А над ім, што з медзі, зоры.

 

Поблізу —

З лістоўніц хаты,

А ў тых хатах бой-дзяўчаты.

 

Валасы —

Пшаніца спее,

Я як гляне — сэрца млее.

 

Замуж выйдзе —

ведай, браце:

Што ні год, а шчасце ў хаце.

 

Сібірак —

Старанны дома,

А як воін вам вядомы.

 

Сібірачка —

Працаўніца.

Ведай, сэрцу закружыцца.

 

А вакол —

Заве багацце.

Многа Енісею працы —

 

І круціць

Як след турбіны,

І ўзнімаць прастор цалінны.

 

А зямля

Настойна просіць

Скарбы з нетраў павыносіць.

 

Ён і зробіць,

Ён умее.

Слава, слава Енісею!

 

 

ДЗІЎНАГОРЫЯ

Дзіўнагорск! Стаіш на плыні гулкапеннае,

Аж пад неба твае плечы — моц каменная.

 

А жывеш такою дружнаю сябрынаю,

Берагі з’яднаў высознаю плацінаю.

 

І святлом, што нараджаеш, ты захоплены,

А дамы твае, што кветкі, ў горы ўкроплены.

 

Слаўны ты хлапцамі зухаватымі

І, бясспрэчна, што красунямі-дзяўчатамі.

 

А іх вочы, а іх вочы — ясназорыя.

Дзіўнагорыя,

Дзіўнагорыя!

 

 

КРЭПАСЦЬ НАД БУГАМ

Ёсць крэпасці з муру, з граніту, са скалаў,

Іх сцены-байніцы абводнены кругам,

А колькі іх знікла — было ж іх нямала.

Мацней я не знаю, як крэпасць над Бугам.

 

Яе штурмавалі сурова, бясконца,

Часамі крышыліся сцены глухія.

Але не знікалі яе абаронцы,

Мацней ад граніту іх грудзі людскія.

 

І крэпасць над Бугам ратунку не просіць,

Героям няма адыходу дарогі.

Іх з бойкі смяротнай няшмат засталося.

Што першымі клалі шляхі перамогі.

 

Скажу я заўсёды таварышу-другу —

Ніколі, ніколі табе не памерці,

Калі ты душою, як крэпасць над Бугам,

Калі хоць маленькую — носіш у сэрцы.

 

 

КОСЫ

Як сказаць вам аб прычыне,

Ад чаго так сумна мне,—

Дзве касы ў адной дзяўчыны,

Што ручайкі, на спіне.

 

А пазнацца давялося,

Так прывабіла сама —

Апавілі сэрца косы,

Што і выхаду няма.

 

І я мару аб адзіным,

Хай бы косы больш раслі,

Каб, як тыя каляіны,

Праз жыццё мяне вялі.

 

 

ВЕЖА

На полі волат малады,

Мажны, раскідзісты ў плячах,

Стаіць, трымае правады

І паглядае ў дальні шлях.

 

Маторы фабрык ён пусціў,

Агні па хатах запаліў,

З ім сіла зроўніцца чыя?

Зайздросціў бы, каб сёння жыў,

Яму б сам Мурамец Ілья.

 

Дык вось якія ў новы час

Асілкі-волаты ўзраслі,

А колькі іх сягоння ў нас

Па ўсёй зямлі, па ўсёй зямлі!

 

 

ЁН НАРАДЗІЎСЯ Ў ДЗЕНЬ ВЯСНОВЫ

Ён слухаў волжскіх хваль размовы,

Пад іх напеў ўздымаўся, рос...

Ён нарадзіўся ў дзень вясновы,

І свету ён вясну прынёс.

 

Яшчэ калі ў гадах дзіцячых

Пушчаў з паперы караблі —

Ручайкі дум яго гарачых

Шлях пракладалі па зямлі.

 

А потым плыні дум свабодных

Загаманілі мужна, скрозь —

Шырэй усіх патокаў водных,

Якія толькі ў свеце ёсць.

 

О, як яго, што так разліўся,

Шукаў ад смагі чалавек!

І хто хоць раз з яго напіўся

Барацьбітом той стаў навек.

 

Іх Ленін вёў на бой суровы

За лепшы чалавечы лёс —

Ён нарадзіўся ў дзень вясновы,

І свету ён вясну прынёс!

 

 

ЧОВЕН

Не баяўся ты буры, ані штормаў жахлівых,

Ты праплыў праз юнацтва, мой човен імклівы.

Ад самога пачатку не згубіў ты разгону,

Ты заўсёды раўняўся на ветразь чырвоны.

 

Толькі так,

на яго,

толькі з ім, не іначай,

Ён заўсёды ўваччу прад табою маячыў.

Зваў на морскі прастор, каб хаду ты патроіў,

Быццам сэрца майго заклікаў ён крывёю.

 

Сёння ён яшчэ больш разгарнуўся шырока,

Не шукай жа, мой човен, зацішнай затокі.

 

Бачым, ветразь гарыць, даганяе віхуры,

Бура песня твая, прабівайся праз буры!

 

 

НАШ ВЕК

Ты зачынаўся ў час жахлівы.

З вайной мы пачыналі жыць.

І выгляду твайму ўласцівы

Калючы дрот, крыжы, крыжы...

 

Багаты кулямі, не зернем,

Шукаў, што крот, ў зямлі жытло.

І той жа дрот заместа зерняў

Тваё ў бядзе сціскаў чало.

 

Твой плашч з пажараў-аксамітаў

Не прыкрываў глыбокіх ран,

Твой быў акопамі парыты

Яшчэ зусім юнацкі стан.

 

Глыбока рыючы разоры,

Шалёна выбухі раўлі,

І толькі залпамі «Аўроры»

Цябе да ладу прывялі.

 

І хай былі яшчэ нягоды,

Ды бачаць тыя, што жывуць —

Замест дратоў вянок з Усходу

Тваю ўпрыгожыў галаву.

 

Наш век праходзіць па планеце

І з руж вянок яго расце,

Усімі ж фарбамі на свеце

Ён неўзабаве расцвіце.

 

 

ПАДАРОЖЖА З СЯБРАМІ

Днямі залатымі,

Полем і барамі,

Едзем па Радзіме,

Едзем мы з сябрамі.

 

Неба — быццам звоніць,

Падпяваюць долы,

Хораша сягоння,

Хораша, вясёла!

 

Па душы гаворым,

Новага багата,

Родныя мы ў горы,

Родныя мы ў свята.

 

Бо сваю мы хату

Разам будавалі

І чужынца-ката

Разам праганялі.

 

Люба нам сустрэцца

Зноў сябрынай цеснай,

Сэрцы б’юцца ў сэрцы —

Выкрасаюць песню.

 

Радасць я збіраю

І складаю ў вершы.

Віцебск нас вітае

Па дарозе першым.

 

Мы пра горад мужны

Многа знаем, чулі,

Мы ў абдымках дужых

Тваіх плошчаў, вуліц.

 

Рады, давялося

Чуць тваю нам ласку,

Выпіць чарку просіш

Нас па-партызанску.

 

П'ем мы і жадаем

Вам здабыткаў многа...

Далей запрашае

Нас усіх дарога.

 

Едзем. Зноў спяшаем

Уздоўж ракі блакітнай —

Полацак вітаем,

Горад старажытны.

 

Слава цябе знала,

Быў ты і гаротны,

Ды пражыў нямала —

Тысячу і сотню.

 

Але, што за дзіва,

Зноў ты ў пабудовах.

Полацак шчаслівы —

Горад самы новы.

 

Дружнаю паходкай

Крочыш ты, як цуда —

Горад сямігодкі,

Горад нафтабуда.

 

Ля Сафіі ўзняўся,

Што юнак-хлапчына.

Слаўся, горад, слаўся

І расці няспынна!

 

Пад наддзвінскім небам

Добра мне з сябрамі,

Ды далей нам трэба,

Зноў шляхі прад намі.

 

На зялёным лісці

Ранішнія росы,

Гэты шлях калісьці

Перамераў босым.

 

Шлях, што позна ўспомніў,

На мяне не злуйся,

Паглядзі, з кім сёння

Да цябе вярнуўся.

 

Дужыя па росту,

Добрыя душою.

Мы жывём, ну проста

Што адной сям’ёю.

 

У кутку прыгожым

Стрэчу нам рыхтуюць,

Па шляху бярозы

Ветліва жартуюць.

 

Сосны ды рабіны

Цешаць наша вока,

Вось мы і ў мясціне,

Што завуць Глыбокім.

 

Назвішча такое,

Разумей як хочаш —

Па душы людское,

Па вачах дзявочых.

 

Ці па тым, як збожжам

Сеўні напаўняюць,

Ці як кубкі, можа,

Госцям наліваюць?

 

Будзем заўтра марыць,

Каб да вас вярнуцца,

Ды заве нас Нарач,—

Весці к нам нясуцца.

 

Вось яно. Як горы,

Хвалі наступаюць,

Возера ці мора,—

Я не разгадаю.

 

Песні хваль высокіх

Кожнага узрушаць,

І ў людзей навокал

Песенныя душы.

 

У часы нядолі

Змагары-паўстанцы,

Біліся за волю

Мужна нарачанцы.

 

Адышла жалоба,

Дзень прыйшоў шчаслівы,

Сёння хлебаробы,

Рыбакі надзіва.

 

Шчыры люд, гасцінны

Працай ганарыцца —

Кожнае хаціне

Ёсць чым пахваліцца.

 

Што ж, далей, наперад —

Пажадаць вам можам

багаты нераст,

І буйное збожжа.

 

Хай гамоніць з вамі

З году ў год калыска,

Ну, а нам з сябрамі

Час ужо да Мінска.

 

Многа песням ліцца,

Многа праспявана...

Дык прымай, сталіца,

Ты сяброў адданых!

 

 

ЗА НАСТУПНЫМІ ГАДАМІ

Дзень за днём і дні за днямі

Ўсё жыццё пераіначаць.

За наступнымі гадамі,

Што я сэрцам чую, бачу —

 

Грамаду людзей шчаслівых,

Болей звонкі ў песнях голас,

Бег матораў больш руплівы,

Найспарнейшы хлебны колас.

 

Гарадоў дзівосных аркі —

У зялёным буйным лісці,

Неба сіні самай яркай

І ваду яшчэ празрысцей.

 

Дрэвы ў самым буйным цвеце,

Кветкі быццам зоры тыя,

І галоўнейшае ў свеце —

Душы светлыя людскія.

 

Дзень за днём і дні за днямі

Нашу радасць у паходзе

Здабываць мы будзем самі,

Бо нішто так не прыходзіць.

 

Хтосьці зробіць дом на славу,

Хтосьці даль нябёс падлічыць,

Хтось даб’ецца лепшых сплаваў,

А хтось зерне павялічыць.

 

Хопіць працы і клапотаў

Збудавацца адмыслова,

Будзе кожнаму работа,

Мне ж — шукаць такое слова,

 

Каб яно свяціла ўночы,

Каб яго як сустракалі —

У людзей гарэлі вочы

І каб сэрцы ўсіх спявалі.

 

МАЕ ПРАВЫ

Я рады, валодаю правам бясконцым

І цешыцца небам і роднай зямлёй,

І дыхаць паветрам, і грэцца пад сонцам,

І твар асвяжаць свой празрыстай вадой.

Зямлю я ўздымаю для ўсіх на патрэбу

І з радасцю ёй адбіваю паклон,

Кідаю зярняты ў пухлістую глебу,

А ўвосень мне любы мядзяны іх звон.

Будую я фабрыкі — наша багацце,

Іх веліч і сіла далёка відны,

Узводжу такія дамы і палацы,

Што зырка на свет паглядаюць яны.

Па роднай краіне іду я шляхамі,

Куды ні загляну, ў куточак любы,

Мне кожнае дрэва шапоча лістамі,

І гэтак пяшчотна, каханка нібы.

Куды я ні рушу, Кастрычніка зоры

І мой накірунак і родны мой дом —

Гараць у паветры, не гаснуць у моры,

У космас нас клічуць праменным святлом.

Яны мая радасць, яны мая слава,

Я ведаю — ўсім абавязаны ім,

Быць заўжды шчаслівым мне дадзена права

І дбаць клапатліва аб шчасці людскім,

Я гэтага права свайго не пакіну,

Ніколі не здраджу, нідзе не схлушу,

Людскога цяжару ўздымаю часціну,

Хоць кроплю святла, але далей нясу.

 

 

ЗА ІЛЬІЧОМ

Упарта, цвёрда і натхнёна,

Гартуючыся на хаду,

Ідзе нястомная калона —

І рады я, што ў ёй іду.

 

Яна мільённая.

Нас многа.

Яе дэвіз — жыццё, святло.

Даўно пайшла яна ў дарогу,

Калі мяне і не было.

 

Яна, што крыллі для народа,

Яна — ягоны розум, кроў...

Як быццам з ёю я заўсёды

З пачатку самага ішоў.

 

Згаралі ў ёй,

Не паміралі,

І знішчыць не магла турма,

Хоць шмат каго, што пачыналі,

Цяпер, на жаль, ужо няма.

 

Ды мы, адданых іх, да скону

Заўсёды будзем ўспамінаць —

Іх незабыўныя імёны

На небе зоркамі гараць...

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

І мы кагортаю з’яднанай

Ідзём няспынна дзень за днём —

Услед за постаццю тытана,

Услед за нашым Ільічом.

 

Нас збіць імкнуліся з дарогі,

Віхуры лютыя гулі,

Ды хоць крывянілі мы ногі —

Сваёй трымаліся зямлі.

 

Зару Кастрычніка сустрэўшы,

Паход вышэй узняўся наш —

«Аўроры» залп акордам першым

Пачаў наш несканчоны марш.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

І сэрцу радасна сягоння

За родны наш, савецкі дом,

Ідзе магутная калона —

Услед ідзе за Ільічом.

 

Мы ў даль без сполаху глядзелі,

Ніколі не гублялі шлях.

Бывала, што рады радзелі,

Вядома, так, як у баях.

 

Ды мы, як партыі салдаты,

Не станавіліся слабей,

Плячо к плячу і брат да брата

Яшчэ змыкаліся шчыльней.

 

Змагаліся. Перамагалі

Усе нягоды мы і жах

І зноў нязменна вырасталі,

Яшчэ вышэй узняўшы сцяг.

. . . . . . . . . . . . . . . .

Нас не падужаць, не прыпыняць,

Бо ў нас расце сям’я братоў —

І мы ідзём ў адзінай плыні

З усіх, як ёсць, мацерыкоў.

 

З усіх краёў, з шыротаў розных,

У грудзях з вераю — агнём —

Упэўнена і пераможна

Мы ўслед ідзём за Ільічом.

 

 

ВЯЛІКІ ДЗЕНЬ

Ёсць многа дзён, што шчасце дораць,

Ды больш усіх той дзень люблю,

Калі магутны залп «Аўроры»

Ускалыхнуў усю зямлю.

 

І вось яна — пад ветрам свежым

Бадзёрым голасам пяе,

Параскідаўшы краты-межы,

Інакшы выгляд у яе.

 

Увесь узросшы гарадамі,

Плацінамі гады стаяць,

Цёмна-зялёнымі садамі

Па-над палеткамі шумяць.

 

І густы іншыя сягоння,

І ўдумней людзі мнагакрат —

Стаў касмашлем важней кароны,

Карон жа па музеях шмат.

 

Жывём не толькі дзённым хлебам,

Імкнёмся і да зор другіх,

Аднак для нас, высока ў небе,

Чырвоная ярчэй усіх.

 

Прайшла амаль палова века,

І шмат дзе знік прыгнёт і здзек.

А гляньце вы на чалавека —

Якім стаў дужым чалавек!

 

 

ЗАПРАШЭННЕ НА СВЯТА

Пяе Беларусь. Упрыгожаны хаты,

Свайго вызвалення святкуючы свята.

 

Вакол урачыста яна пазірае,

На свята сяброў дарагіх запрашае.

 

І я да іх слова прамовіць імкнуся:

— Вы волю прынеслі маёй Беларусі —

 

Згадаем жа дружбу і дні баявыя,

Вас клічуць на сходку сябры франтавыя.

 

Вас клічуць, як родных, браты-партызаны

На тыя мясціны, дзе білі паганых.

 

На месціны, дзе паламалі ім рогі —

Вас клічуць сцяжынкі і нашы дарогі.

 

Нямала вам тут давялося змагацца,

Вас клічуць і вуліцы нашы і пляцы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

На мірную справу працуем цяпер мы,

Мы ладзім сялібы і добрыя фермы,

 

І школы, і клубы, і яслі будуем,—

Як бачыце, добрую змену гадуем.

 

Мы знаем: рабіць яшчэ трэба нам многа,

Ды кожнаму ясная наша дарога —

 

Ідуць па ёй, слаўнай, найлепшай у свеце

І наша юнацтва і нашыя дзеці,

 

Ідуць і будуюць натхнёна і смела...

Вы бачыце, як Беларусь расквітнела!

 

А поспехі гэтыя ў нашым народзе,

А ўсё гэта ў дружбе, у братняе згодзе!

 

Адным было б цяжка, не мелі б мы змогі,

Дык пойдзем, сябры, мы на пляц Перамогі,

 

Адзінай, з’яднанаю мы грамадою,

Туды, дзе ўзвышаецца помнік героям —

 

І шапкі з глыбокай павагаю здымем —

Героі жыццё аддалі за Радзіму,

 

І скажам героям: — Сябры дарагія,

Мы помнім навалы часіны цяжкія,

 

І ў памяці нашае Вам не памерці,

Мы споўнілі Вашы наказы ад сэрца —

 

Мы свята хаваем здабытую волю,

І вораг сюды ўжо не ступіць ніколі!

 

Сям'і ж нашай дружнай у радаснай працы —

Расці, красавацца,

Расці, красавацца.

 

РОЗДУМ У ПЯЦІГОРСКУ

Па росту ён — Казбек, няйначай,

А галавою вышэй гор,

Мы й сёння Лермантава бачым,

Як слухае размовы зор.

 

Яму іх новы покліч чутны,

Які даўней шукаў здалёк,

І кліч чырвонай — пяцікутнай,

Найбольш прываблівае зрок.

 

А мы з паэтам. Нам здаецца,

Што скрозь, наперад дзе ідуць —

Нібы яго мы чуем сэрца,

Нібы ягоны голас чуць.

 

Ён тут. А кат не мае сілы,

Бо згніў. Няма шляхоў адтуль,

Бо мы Мартынава прабілі

Мільёнамі праклёнаў-куль.

 

А Лермантаў? Па-над планетай,

Як зорка, верш яго плыве...

Ля Машука — гары паэта

Чытаюць вершы. Ён жыве!

 

 

НАФТА ЁСЦЬ У БЕЛАРУСІ!

Праз вякі наш край празвалі

Краем багны і балотаў;

Сумны дол сахой аралі,

Палівалі чорным потам.

Наша поле, нашы нівы,

Кут забіты, занядбалы —

Абыходзілі маўкліва

І зямля ў адказ маўчала.

Сёння ж весткі прыляцелі,

Я ад сэрца ганаруся —

Як жа мы пабагацелі:

Нафта ёсць у Беларусі.

Б'юць высозныя фантаны,

Нафты ў нашых нетрах многа

Ёй да Прыпяці напрамак,

Да Дзвіны — яе дарога.

Там з машынамі сустрэцца,

Разнатварай быць прымусяць...

Чуеш, радуюцца сэрцы:

— Нафта ёсць у Беларусі!


1954-1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, паэмы, 1954-1964.- Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 7-384, 469-486
Крыніца: скан