epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Вершы (1965–1972)

* * *
ЯК ЧАС МЯНЯЕЦЦА І ЛЮДЗІ...
НЕ ХАЧУ
МАГІЛА НЕВЯДОМАГА САЛДАТА
ПІЛЬШЧЫКІ
* * *
ЗА АКНОМ ПАЖАР ЗЯЛЁНЫ
* * *
* * *
ГРУЗІНСКАЯ ПЕСНЯ
* * *
* * *
* * *
* * *
КРЫЎДНА
ДЫПЛАМАТ
* * *
* * *
* * *
«ПАЛКОЎНІК»
* * *
* * *
ІМЕМ РЭСПУБЛІКІ
* * *
БЯРЭЗІНСКІ ЗАПАВЕДНІК
* * *
* * *
СКРЫПКА
ДОБРА УСЮДЫ НАРАДЗІЦЦА...
АГНІ КАСТРЫЧНІКА
БЕЛЫ РАМОНАК
ШЧАСЛІВАЯ ГАДЗІНА
ГОРА — ГОРЫ
ШЛЯХ ПЕСНІ
КАМЕНЬ
А ТЫ ІДЗІ!
БУДЗЬ ВЕРНЫ!
* * *
З ДЗЁН МАЛЕНСТВА
ВАЛРЭЎКОМАЎСКІ КУР’ЕР
ЦЯЖКІ НАСТРОЙ
* * *
Я ПРАШУ ЦЯБЕ, МАСТАЦТВА...
У НАВАЛЬНІЦУ
* * *
НАГАРОДА
КРОПЛЯ КРЫВІ
З ГЛЫБІНЬ ГРУДЗЕЙ
АДРАСЫ
КРАСАВАННЕ
МАНЮКА
БАГАТА, РОДНАЯ ТЫ МОВА...
* * *
СТРУНЫ
* * *
СКАРГІ ЗЯМЛІ
* * *
* * *
Я ВАС АДНОЛЬКАВА ЛЮБЛЮ...
ЗАЯВЫ
* * *
* * *
* * *
* * *
РАЗМОВА З ДЗВІНОЮ
ПАРОГ
З ВЕТРАМ НАРОСХРЫСТ
* * *
ЯК МАЯ БАБКА НА ЕФРАСІННЮ ХАДЗІЛА...
ПЕРАЎТВАРЭННЕ
* * *
ТАЙНЫ
* * *
ДУДАР
ХАРАКТАРЫ
ТАШКЕНТ ТЫ Ў СЭРЦЫ!
Я ЧАЛАВЕК
ЯК ІГРАЮЦЬ ЗАЙЧЫКІ...
* * *
ПЛЯТКАР
СТАЛАСЦЬ НЕ СТАРАСЦЬ
* * *
* * *
А ДЗЕ ЯНА?
ІМЯ
КАРА
ЯЧЭЙКА
НЕ ЗАСТАВАЙСЯ ТЫ АДЗІН...
ТАВАРЫШ
ЖЫЦЦЁ — КАРАБЕЛЬ
А ЛЕНІН НАМ КАЖА...
ГЕРОЙ
* * *
* * *
* * *
ЧАКАЮ...
НІЦАЯ ВЯРБА
ЧАРГОВАЯ РАЗМОВА СА ШПАКОМ
ЯК ПЛАКАЛІ ЛІСТЫ...
* * *
СПОВЕДЗЬ
СВЯТА
* * *
* * *
ПЯРО
* * *
КУРГАНЫ СЛАВЫ
СЦЯНА КРАМЛЁЎСКАЯ
ПЕРШЬІ КАМІСАР
* * *
САЛДАТ РЭВАЛЮЦЫІ
НА СВАЁЙ ЗЯМЛІ
* * *
* * *
АЭРА
У ТРУБЫ ТРУБІЦЕ!..
АСЕННІ ВЕЦЕР
* * *
* * *
СКНАРА
* * *
* * *
ПОЗНЯЯ ВОСЕНЬ
* * *
* * *
ПРА ЧЫРВОНУЮ ЗОРКУ
ІЗНОЎ РАЗМОВА З БУСЛАМ
* * *
* * *
ГЭТА МАЁ СЭРЦА
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
У ЛЕНІНГРАДЗЕ
ОДА ЗУБРУ
* * *
СТАРЫ ГОРАД
* * *
ХЛЕБ
* * *
ЧЫРВОНЫЯ СЛЕДАПЫТЫ
У ШАРУЮ ГАДЗІНУ
КУПАЛАЎЦАМ
ВЕТЭРАН
ПАМІЖ ПАХІЛЕНЫХ БЯРОЗ
НОЧ
БЫЎ Я СЕЛЬКОРАМ
ВЕРНАСЦЬ
* * *
* * *
ПАРТЫЗАНСКІ ТЭЛЕГРАФ
ЛЯСНЫЯ РЫЦАРЫ
* * *
* * *
ДАРУЙ!
* * *
ПРЫЯЗДЖАЙ
* * *
* * *
* * *
Я АДТУЛЬ...
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
ЖОЛУД
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
СЯДЖУ Я Ў АРХІВЕ...
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
ХВАРОБА
* * *
НЕ СПІЦЦА...
* * *
* * *
* * *
* * *
НАПЕРАКОР
* * *
ДЗВЕ ДУШЫ
* * *
* * *
* * *
МАЛЮСЯ...
* * *
* * *
* * *
І НЕХТА ЎСПОМНІЦЬ ПРА МЯНЕ
АЛЕ І ТЫМ Я ГАНАРУСЯ...
ЯК МАЛАДЫЯ МЫ ЖЫЛІ
* * *
БЕЛАРУСІ
ПЯТРАСУ ЦВІРКУ
ЯШЧЭ АБ ПРОДКАХ
ГАРНІСТ
У ЗАМКУ РАДЗІВІЛА
Я СЁННЯ РАДЫ І МАЛОМУ...
* * *
ПЕРШАЯ ЗАПІСКА
* * *
ЧОРНАЯ ЗДРАДА
СВАРКА
* * *
У МІХАЙЛАЎСКІМ
I Я НЕ БАЧУ...
МІХАІЛУ СВЯТЛОВУ
БУДАН
* * *
У ГОРА ДОЎГІЯ РУКІ
БЛУКАННЕ Ў ЛЕСЕ
* * *
«НЕХ ЖЬІЕ!» І «НЯХАЙ ЖЫВЕ!»
ДОЛАР-ЗАБОЙЦА
АДЗІНСТВА
КОНЬ СТАЛЁВЫ
ЦУД
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
У «ПАРТЫЗАНСКІМ БАРЫ»
ТРЫВОЖНАЕ АКНО
* * *
* * *
* * *
У ПАРКУ КУРОРТНЫМ
* * *
ВЕЦЕР
КУЛЯ
ІДУ ЗА ІМ...
КНІГА
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
Я НЕ ПРАВІНЦЫЯ!..
ЯК ТОЙ ПЕРАДАТЧЫК...
* * *
ПАМЯЦІ МІКАЛАЯ РЫЛЕНКАВА
* * *
ХВАЛЯВАННЕ
* * *
ДЗЕНЬ ДОБРЫ...
У КУНЦАВЕ
ПЕРШЫЯ СПЕКТАКЛІ
ЯК ЛЕТА ЎБЯРЭЦЦА...
ДАРОГІ
МОВА ВЯТРОЎ
ЖАДАННЕ
НА МАГІЛЕ МАРКСА
* * *
ЗВАРОТ ДА БЯРОЗАК
КАБ ТОЛЬКІ НЕ БЫЛО ВАЙНЫ...
МНЕ ДА ЎСЯГО СЯГОННЯ СПРАВА...
ЗДАЕЦЦА, ДУБ СА МНОЙ ГАВОРЫЦЬ...
СНЯДАННЕ
* * *
ВОСЕННЮ
* * *
БЫЦЬ КАМУНІСТАМ...
* * *
МОЙ ЧОВЕН
ОЙ, ЧАЛОМ, ЧАЛОМ...
У НАСТУПНЫМ ВЕКУ...
* * *
ПАНЯДЗЕЛАК
ЮНАКАМ АЙЧЫННАЙ
МІНСК — СТАЛІЦА
* * *
* * *
* * *
АБ ХУТКАЙ ДАПАМОЗЕ
АХ, КАБ ХУТЧЭЙ...
МАЛЮНКІ ВОСЕНІ
МЕРА
ЗІМОВЫЯ МАЛЮНКІ
  І
  ІІ
  ІІІ
  IV
ПРА КРАТЫ
РАЗМОВА З ЛЕСАМ
ГЕРОІ
ІНТЭЛЕКТУАЛ
МЁРТВАЯ ВЁСКА
ЖЫВУ ЗАДУМАМІ ТВАІМІ
Я ВАМ СКАЖУ...
КАЛІ ІДЗЕ САЛДАТАЎ СТРОЙ...
ВЫ ЧУЛІ, ЯК ПЛАЧУЦЬ ДРЭВЫ?..
МАЁЙ КРАІНЕ
КАЛІ ТЫ ЎДАЛА ДЗЕНЬ ПАЧНЕШ...
ЯШЧЭ САЛДАТ...
* * *
КАЛІ ЛАСКА!
СМАЧНЕЙ БЫЛО...
ТЫ ПА ХАРАКТАРУ САРОКА...
У НАВАЛЬНІЦУ
МАІМ СЯБРАМ
ПЧАЛІНЫ ДОМ
ПАРАНЕНЫ
* * *
МНЕ ШМАТ ЦЯЖЭЙ
* * *
* * *
ЗАЙЗДРАСЦЬ
ЧАКАЎ Я АДКАЗУ...
ПАКУТЫ АДНАГО ЗАКАХАНАГА
І СМЕРЦЬ НЕ СМЕРЦЬ!..
РАНЫ
КРАНЫ
РАЙНІСАВЫ СОСНЫ
СТРАХ
КАЛІ Я КРОЮ БОХАН ХЛЕБА
Я ЎСЁ ДАЛЕЙ ПЛЫВУ...
КАБ ЗНОЎ
* * *
НАША ЗМЕНА
ДАЙ ПАГАВОРЫМ ПА ДУШЫ...
ПЕРШЫ ВЕРШ
МАЛЫ РУЧАЙ І ВАДАСПАД
РАКЕТА
УПРАВІМ РОЗУМ...
МАЯ САВЕЦКАЯ УЛАДА
ВІДАЦЬ, ПАГАДЗІЎСЯ Б КОЖНЫ...
* * *
Я Ў ЛЮСТРА НЕ ХАЧУ ГЛЯДЗЕЦЬ...
ПЕСНЯ ХЛЕБУ
ТЫ ДЛЯ МЯНЕ...
ЗЯЛЁНЫМ ПОЛЫМЕМ ШУГАЕ...
ЯК ДЗЕНЬ ПАЧНЕЦЦА...
* * *
ЗМАГАННЕ З ТУГОЮ
* * *
ВІШНЯ
ВЯСНОВАЕ
Я РАДЫ ТЫМ, ШТО ЖЫЎ ТАДЫ...
ПАД НЕВЯЛІЧКІМ КУРГАНОМ
Я САМ — РАКА!..
ПАКУТЫ
МУТНЯР
* * *
ГАЗЕТА
МАЛЯР
СЯБРУ-КРЫТЫКУ
КАЖУ ТАБЕ
ПРЫКМЕТЫ ВЯСНЫ
ПАРТЫЗАНСКАЯ ЛЮБОЎ
ЛЕПЕЛЬ
НЯЗМЕННЫ ВОІН
А СОНЦА ТЧЭ СВАЕ ВАЛОКНЫ...
КУПАЛА І КОЛАС, ВЫ НАС ГАДАВАЛІ...
* * *
* * *
ДЗЯКУЙ ВАМ...
  I
  ІІ
  ІІІ
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
БРАХНЯ
МАДОННА
ПРАПОЛКА
СТЫХІЯ
ПАШТОВАЯ СКРЫНКА
НА ПЛОШЧЫ ПЕРАМОГІ
ДАБРО
ЧОРНЫ ДЗЕНЬ
МАЯ АНКЕТА
СЛАЎЛЮ!
МОРА
РУНЬ
КРЫЖЫ І ЗОРКІ
* * *
МУЗЫКА
* * *
ЦІ Ж ГЭТА ПРАЎДА?..
І СМЕХ І ПЛАЧ...
НЕ МАГУ ПАГАДЗІЦЦА...
ЧАС ПІША...
АРУ ДЛЯ ЎСІХ...
А Я ЧАКАЮ...
ПРЫХОДЗІЦЬ РАНІЦА Ў АКНО...
ЧАПАЙ ПА ВУЛІЦЫ ІДЗЕ...
СПІЦЬ ЗЕРНЕ...
ЖЫЦЦЁ ПРАХОДЗІМ...
ЗА ЎСЁ ДАРАЖЭЙ...
* * *
ЛЮДСКОЕ СЭРЦА
НАВАСЁЛ
* * *
АПОШНІЯ ПАВЕДАМЛЕННІ
А ДНІ, ШТО МАЛАНКІ, У НАС...
ВОЙНЫ Б НЕ З’ЯЎЛЯЛІСЯ...
РАЗМОВА З ЭЛЬБРУСАМ
МЫ ДЗЕЦІ ЎСЕ АДЗІНАЙ МАЦІ...
СЯБРАМ-ПЕРАКЛАДЧЫКАМ
ВЯСЁЛКА
АБЫ-ЯКОЙ НЕ ЗАСТАВАЙСЯ!
КАЎКАЗСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ
ЧАМУ Я ГЭТАК ВАС ЛЮБЛЮ?
РАКА
НЕБА
ІІ
  ПАЭМА
  
ІІІ
  ВЕРШЫ
ПАМЯЦІ ГЕРОЯЎ
РУСКІ Ў КОСМАСЕ
САЛДАТЫ
ДЖОН РЫД
* * *
* * *
НАДЗЕЯ
* * *
* * *
МАРЫ
* * *


 

* * *

А мой даўно імкнецца верш

Дарогамі нязменнымі.

Ну адгукніся, як жывеш,

Хоць за якімі сценамі.

 

Ды выйдзі. Чуеш? Ветру свіст —

Хутчэй ад пошты коннае.

На ганак твой прынёс ён ліст,

Пісьмо маё бяссоннае.

 

І ведай добра ты адно:

Не посвіст буры чуецца,

Не вецер грукае ў акно —

Душа мая хвалюецца.

 

Глянь у яе — няма глыбей.

Дзе ёсць пачуцце роўнае?

Я нават дзякую табе,

Што сэрца неспакойнае.

 

 

ЯК ЧАС МЯНЯЕЦЦА І ЛЮДЗІ...

Жыццёпіс іх зусім кароткі:

Пні карчавалі, жалі хлеб,

Жылі ў лясах спрадвеку продкі,

Нямнога ў іх было патрэб.

 

Ды што, якія там патрэбы,

Па-простаму яны жылі:

Калі быў хлеб, вада да хлеба —

Ўсе задаволены былі.

 

З камення выкладуць пячуркі,

Паложаць смалякоў на под,

Праб’юць у стрэхах нізкіх дзюркі

І рады — ёсць для дыму ход.

 

Вятры спявалі ім нязменна,

Пакуль па хатах не паснуць,

А нам цяпер — давай антэны,

Каб бачыць свет увесь і чуць.

 

Каб наглядаць, як пеніць мора,

Каб чуць здалёк, як недзе там

І зорка з зоркаю гаворыць,

І што нам кажа месяц сам.

 

А час ідзе, такі імклівы,—

Што бачыць дзень, не бачыў век.

І нас усіх ужо не дзівіць —

Чаго не знойдзе чалавек.

 

 

НЕ ХАЧУ

Не хачу я, каб могільнік рос

Ні ў шырокіх палях, ні ў бары,

Не хачу неба, поўнага слёз,

І з крыві чалавечай — зары.

 

Не хачу зноў трывожных гудкоў,

Бліндажоў і траншэй на зямлі,

Не хачу, каб заместа буслоў

Бамбавозы па небе плылі.

 

Неба сінь над маёй галавой,

І я ўдалеч, наперад крычу:

— Каб парушыўся гэты спакой,

Не хачу!

 

 

МАГІЛА НЕВЯДОМАГА САЛДАТА

На прылессі, пад ракою, маладая вёска,

А на ўзгорку каля рэчкі вырасла бярозка.

 

Лёг салдат за гэту вёску, смерць яго скасіла,

І бярозку пасадзілі на яго магіле.

 

Разарвала яго цела міна на шкумацце.

Скуль прыйшоў той храбры воін, не маглі дазнацца.

 

Тут спыніўся назаўсёды шлях яго нядоўгі.

Ці з Дняпра прыйшоў на бітву, ці з шырокай Волгі?

 

І трывожна, неспакойна дзесьці ў роднай хаце,

Па дзень сённяшні гукае сына сэрца маці.

 

Ён не можа адазвацца, дзірваном прыкрыты.

Хоць імя і невядома, сам ён не забыты.

 

Аб ім хаты новай вёскі назаўсёды помняць,

Аб ім хвалі быстрай рэчкі дзень і ноч гамоняць.

 

І хоць паў ён тут, прыйшоўшы з далёкага краю,

Да яго з радзімы вецер часта прылятае.

 

І вяртаецца дадому з весткаю прачулай,

Што зямля яго, як сына, моцна прыгарнула.

 

 

ПІЛЬШЧЫКІ

Люблю я пільшчыкаў да сёння.

Ажно дагэтуль у вушах

Піла з ялінаю гамоніць:

— Шух-шах,

шух-шах,

шух-шах!..

 

А ў той пілы настрой адзіны —

Каб як зубам прайсці глыбей...

Ляціць дадолу пілавінне,

Ад снегу белага бялей.

 

А я, дзесь стаўшы пры сасонцы,

Глядзець на пільшчыкаў люблю:

Адзін дастаць імкнецца сонца,

Другі — забраць сабе зямлю.

 

Мяне, малога, так здзіўляла:

Адкуль такую сілу ўзяць,

Што на піле іх сонца ззяла,

І поле ўсё, і сенажаць.

 

 

* * *

Ад цябе не прыходзяць лісты,

Дзесьці зноў загубілася ты —

Ці то ў нетрах дамоў,

Ці між жоўтых пяскоў,

Ці між хваляў марскіх,

Ці ў завеях густых...

Скрозь пытаўся, ды ўсюды маўчаць.

Многа дзён, як цябе не чуваць.

 

А казала ж ты многа разоў,

Што напішаш хоць некалькі слоў.

Пачынаю ў трывозе гадаць:

Можа, нельга табе пераслаць —

Напішы на канвертах лістоў,

На істужках вятроў,

На праменнях зары...

Я чакаю.

А ты — напішы!

 

 

ЗА АКНОМ ПАЖАР ЗЯЛЁНЫ

За акном пажар зялёны, зашумела, загуло.

А здаецца, толькі ўчора нежывым было галлё —

 

Адубелае, вісела паміж ветраў ледзяных...

Што за сіла начапіла столькі лісцікаў на іх!

 

Кожны лісцік шэпча з небам, а прыгожы, выразны,

Як зялёны аганёчак, пасланец сваёй вясны.

 

Ах, як гэтую гамонку сэрцу радасна адчуць!

Я, здаецца, бачу сокі, што па жылках іх ідуць.

 

Дык чалом табе, прырода! Дык чалом, вясна, чалом!

Ёсць жа клеткі, што стварылі чалавека сілачом.

 

Што далі такую постаць, што імкне да ўсіх планет,

Што далі такія вочы, што далёка бачаць свет.

 

Што далі пачуцці грудзям, што стварылі сэрца-звон,

Што стварылі гэткі розум, што заўжды шукае ён,

 

Што яму зямля — малая, невялічкі толькі дом.

Дык шумі, пажар зялёны, разлівайся за акном.

 

Дык чалом табе, прырода! Дык чалом, чалом вясне!

Сонца трэба, болей сонца сёння лісцікам і мне.

 

Болей сілы, болей моцы, болей годнае красы,

Каб не жоўкла лісце хутка, не сівелі валасы.

 

Болей сокаў жыватворных, каб усё як ёсць цвіло.

Каб прыгожае на свеце як мага даўжэй жыло.

 

 

* * *

Прыйдзе час, такіх не будзе,

Застануцца ў даўнім дзесьці.

А пакуль трапляюць людзі —

Хоць каго, а любяць збэсціць.

 

Чалавек душой не вінен.

Возьме нехта, падвярнецца,

Знойдзе нейкую прычыну,

А тады — тады пачнецца...

 

Як яго хутчэй прынізіць,

Кожны знойдзе ў сваім гусце —

І адзін ударыць глыжам,

Камянём другі запусціць.

 

Хтосьці ў доказе гарачым

На адмоўнае націсне,

Хтосьці так сабе адзначыць

І, скрывіўшы губы, пырсне.

 

Хтосьці возьмецца ўрачыста

Павучаць на лад мажорны,

Сам на словах чысты-чысты,

А ў душы, як гад той, чорны.

 

Мы адыдзем ад такога,

Пыл вякоў змяцём, нарэшце,—

І дарэмна ўжо нікога

І ніхто не будзе бэсціць.

 

 

* * *

З нас кожны кругагляд свой мае,

Свае прасторы, маякі.

Мой друг заўсёды пачынае

Ад стромых гор свае радкі.

 

Прад ім гара, нібы ў папасе,

І што кальчуга — гор ляднік.

Увысь паэт змалі ўзбіраўся,

І сам падобны стаў на пік.

 

Мы ж пачынаем па-другому,

І вобразаў інакшы ход —

Мы ўсе ля бору, як вядома,

І ад яго і слоў палёт.

 

Няма ж у нас ні скал, ні кручаў,

Узлёт у нас таксама свой:

І мне б да сосен дацягнуцца,

Да іх вяршалін — галавой.

 

 

ГРУЗІНСКАЯ ПЕСНЯ

То вышай за горы ўзляціш,

то раптам зляціш у нізіны,

То заклякочаш арлом,

то салаўём разліешся.

Грузія, ў песні тваёй

чую я сэрца народа.

Чую: стагоддзі ідуць,

і рэха разносіцца ў горах.

Бачу ў садах я людзей,

бачу між лоз вінаградных.

І на далінах, на схілах

бачу паміж каласамі

Скачкі джыгітаў тваіх,

бурныя скокі хеўсураў,

Дзеўчыну з поўным збаном,

што ад вады паспяшае.

Бачу сівых мудрацоў,

воінаў храбрых з мячамі.

Чую іх клічы ў баях,

чую на шумных вяселлях.

Песня, што гром, загрыміць,

то ручайком зацуркоча.

Грузія, ў песні тваёй

чую я сэрца народа.

 

 

* * *

Да старэчых дзён маркоты

Дзень за днём няшчадна гоніць.

Ад чаго ў мяне згрызоты,

Я прызнаюся сягоння.

 

Хоць рабіць стараўся штосьці,

Здабываў кавалак хлеба,

Ды пражыў у маладосці

Не зусім, відаць, як трэба.

 

У гульні не знаў прыпынку

І не быў часамі сталы,

Шмат хадзіў на вечарынкі,

Заглядаў у кнігі мала.

 

І манюкам, і пляткаркам,

Рот раскрыўшы, шчыра верыў.

А бывала — і за чаркай

Не заўсёды ведаў меру.

 

І сядзеў на лішніх сходах,

А з жыццём не мог сустрэцца.

Многа страчана, а шкода —

Мала часу застаецца.

 

 

* * *

Вось узялі, падсумавалі

На сённяшні крытычны густ,

Партрэт у фас намалявалі

І з гліны вылепілі бюст.

 

Мой шлях жыцця як след адбілі,

Пачаўшы ад дзядоў, здалёк,

А бібліёграфы злічылі

Амаль не кожны твой радок.

 

Адзначылі — ты майстар песні,

Крануў, як трэба, і глыбей...

І, кажуць, ёсць ужо намеснік,

Што за цябе пайшоў далей.

 

Намеснік ёсць, і адмысловы,

Яго я рады віншаваць...

Але дазвольце мне хоць слова,

Мае таварышы, сказаць:

 

— Сваё хай кожны адкрывае,

За гонар стрэць такіх лічу,

Ісці далей такім жадаю,

Я ж сам сабой ісці хачу.

 

Хачу шукаць. Хачу спрачацца,

Хачу яшчэ і шмат спазнаць,

Бывае, часам памыляцца,

Ды ад сяброў не адставаць.

 

Хоць часам я кажу такое:

— Зрабіў што-кольвек,

памаўчы!..

А верш, ён не дае спакою,

З грудзей ірвецца і крычыць.

 

Ну што ж, ідзі, шукай

прыстання,

Шукай свае ты берагі...

Але спакою анізвання,

Ірвецца ў свет і верш другі.

 

Няхай жа йдуць яны

ў бязмежжа,

Мяжы паэзіі няма...

А вось да кропкі

што належыць,—

Яна паставіцца сама.

 

 

* * *

Вясна ўжо гурбы з ніў карчуе,

Шляхі адкрыўшы ручаям.

Вятры вясновыя!

Вас чую,

Выходжу я насустрач вам.

 

Хачу зрабіцца зноўку дзіцем.

Хачу быць зноўку юнаком.

Вятры! Ўздыміце,

Закружыце,

Такою сілай надзяліце,

Пастаўце сонейку на ўсход.

Па сэрцу я — юначых год!

 

 

* * *

Нямала і ў яго клапотаў,

Каб дзень па-свойму перажыць.

І ведаць, зняцца з кім на фота,

Каму дарогу саступіць.

 

Калі слязу пусціць на вочы,

Калі хусцінкай пот сціраць,

І разлічыць, як лепш прамоўчаць,

А часам голас грозна ўзняць.

 

Дзе быць, як тая сталь, упартым,

Дзе кінуць жарт, а дзе праклён...

І ноч не спіць, як быць назаўтра,

І не дае спаць жонцы ён.

 

У меру пруткі, ў меру крохкі,

Між дзён бурлівых ён плыве,

І хоць, відаць, яму нялёгка,

Пакуль што лёгка ён жыве.

 

 

КРЫЎДНА

Крыўдна да жалю, крыўдна да болю,

Крыўдна — хтось кінуў скарынку малую,

Крыўдна, што колас застаўся на полі,

Крыўдна — сявярня пад снегам зімуе.

 

Крыўдна — не ўсімі ўсё зносіцца ў хату,

Крыўдна — мяркуюць інакшае штосьці,

Крыўдна, што брат не згаджаецца з братам,

Крыўдна — за добрае дзякуюць злосцю.

 

Крыўдна — на тых, не шануе хто поту,

Крыўдна — на хама, на дурня-бязмена,

Крыўдна — на дзіўных крыўлякаў-блазноту,

Крыўдна — жыццё іх праходзіць дарэмна.

 

Крыўдна — з надвор’ем не ў поўнае згодзе,

Крыўдна — не цалкам камандуем небам,

Крыўдна — што дні, як хвіліны, праходзяць,

Крыўдна — што сам не зрабіў чаго трэба!

 

 

ДЫПЛАМАТ

Жыцця ён школу скончыў рана:

Яшчэ малым сярод палёў

Адрозніваў ён беззаганна

Авечак ціхіх ад ваўкоў.

 

Пасля ж ён аддзяляў, падлетак,

Хлапцоў-сяброў ад забіяк.

Не ведаў, што навука гэта

Яму знадобіцца ўсяляк.

 

Папрацаваў ён, і нямала,

Трымаўшы молат у руках;

Яму ж, як кожнаму, прыпала

Загартавацца й на франтах.

 

Пасля вайны быў працы рады,

Што вабіла яго адна;

Яму ж сказала наша ўлада:

— Твая не скончана вайна!

 

І хоць не чутна страляніны,

Няма акопаў і траншэй,

Бывае ў мірныя часіны

І за ваенныя цяжэй.

 

І вось, з наказамі такімі,

Праехаўшы абшараў шмат,

З’явіўся за мяжой Радзімы

Наш паўнамоцны дыпламат.

 

Яму нялёгка на чужыне

Штодня пражыць у барацьбе,

Бо ўся як ёсць, уся краіна

Яму даверыла сябе.

 

Буржуйскі лад пачварны, хцівы,

Ён навучыўся ўсё хаваць,

І ён няшчыры і ліслівы.

Яго нялёгка разгадаць.

 

А лёкаі іх, дыпламаты,

Прадажныя ва ўсе вякі —

Гавораць так, бы сцелюць мяту,

А ў думках сыплюць нам цвікі.

 

Куды імкне прыслужнік панскі —

Яму б чым болей зарабляць;

Бакал ён падае з шампанскім,

А ў думках рад атруты даць.

 

Бывае, што падробна-важка

Супроць цябе заварыць муць,

А каб вы ведалі, як цяжка

Абразу на Радзіму чуць.

 

Трэ адлучыць дзень ясны, звонкі

Ад тых, грымоты дзе грымяць,

Ты за барометр больш тонка

Надвор’е мусіш адчуваць —

 

Што йдзе з Усходу і Заходу,

А што на Поўначы гудзіць,

Каб перадаць свайму народу —

Адкуль пагрозы навальніц.

 

Ты мусіш (калі след, вядома,

Бо ад цябе далёка дом)

Быць інжынерам, аграномам,

Сяўцом, паэтам, мастаком.

 

І так, як і належыць сыну,

Ты аддаеш ўвесь талент свой...

Дык ведай жа, што ўся Айчына

Заўсёды, ў кожны міг з табой!

 

 

* * *

А думы, думы роем-роем...

Я з імі дзень і ноч жыву.

Часамі прыйдзе і такое,

Што не завеш у галаву.

 

Юнацтвам кожны ганарыцца.

Няблага ўвечар і старым.

А чым бы захацеў зрабіцца,

Калі б не шчасце быць жывым?

 

Ды шмат прымроіцца паэту,

Якіх ні пажадаеш дзіў!

Ды вось і мне б плысці ракетай,

Дзе аніхто яшчэ не быў.

 

Альбо на крылах мчацца ў далі

Паміж завоблачных вятроў,

Ці караблём праз горы хваляў —

Штораз да новых астравоў.

 

 

* * *

Ты шчодрая, зямля-планета,

Даеш усім магчымасць жыць,

Ты шчодрая, што нават кветак

Тваіх нікому не злічыць.

 

Перад красою нікнуць мары —

Ці гэта лета, ці зіма,

Але такой празмернай скнары,

Відаць, як ты, нідзе няма.

 

Праз нейкі час ты назіраеш

І цешышся,

Пасля ж, аднак,

Усё назад ты забіраеш:

Драбнютку-мошку і слана.

 

 

* * *

Ты ўся ў трывозе, маладая,

Табе нялёгкі выпаў шлях.

Штодня далей цябе страчаю —

Больш смутку носіш у вачах.

 

Я ведаю: ты з гора ў зморы,

Губляеш губ і рук цяпло.

Хачу тваё развеяць гора,

Як цемру ранняе святло.

 

Каб паспадалі гора глыбы,

Каб асвятліўся воблік твой

І каб ты глянула мне ў шыбу,

Як промень весняю парой.

 

 

«ПАЛКОЎНІК»

Служылі ў войску — і нямала —

Ад нашай вёскі пры царах,

Але нікому не прыпала

Быць па-належнаму ў чынах.

 

З нас кожны ў справе быў уважны —

Калоў штыхом, прыкладам біў,

Ды нават той, хто быў адважны,

Вышэй яфрэйтара не быў.

 

У нашых званнях бедны слоўнік.

Ну што ж, мы ведалі не шмат.

Ды быў у нас адзін «палкоўнік»,

Якога звалі так у жарт.

 

Не, не сказаць, каб вельмі смелы,

Ані шнуроў, ні эпалет.

На ім дзве накрыж торбы белых,

Напакаваных як і след.

 

А ў іх ладункі. Вёска знала,

Што трэба ўдзень, на ўсе часы:

Буханка хлеба, луста сала,

Кружочкі дранае лазы.

 

«Палкоўнік» наш не меў пакуты,

Бо кожны так яму рабіў,

Каб ён быў сыты, быў абуты.

Каб перад войскам дужы быў.

 

Ён меў трубу і меў жалейку

(Мог так зайграць, як арганіст),

І крэсіва і самасейку

Альбо алешынавы ліст.

 

Быў у паходах дзень ён цэлы.

Не злоўжываў камандай шмат,

Калі камандаваў — мычэла

Між бору войска на загад.

 

Хадзіў і я з ім у паходы

І хлеба лусту з ім дзяліў,

І я сябе пры ім заўсёды

За падпалкоўніка лічыў.

 

Калі ж дадому з чарадою

Вяртаўся ён, дык быў як госць,

Яго страчалі, як героя,

Стары, малы — усе, як ёсць!

 

 

* * *

Сэрца тугою нязведанай поўнячы,

Хмары за хмарамі коцяцца з поўначы,

Золкай смугою на дол асядаючы,

Кроплямі-шротам зямлю засяваючы.

Хоць бы маленькая лапінка просіні!..

Жнівень яшчэ. І далёка да восені.

Месца ж ласкавага ў полі не вынайсці.

Шэрае неба не ведае літасці.

Так працінае, што рукі калоцяцца.

Злосна, а гэтак, што лаяцца хочацца.

Скуль гэта хмары, адкуль невірутныя?

Дзе ж вы, вятры, маладыя, магутныя?

Час вам з’явіцца з песняй імкліваю,

Час вам расчысціць неба слязлівае,

Каб нашы кветкі ў цяпле ажывіліся,

Каб нам і ўночы зоркі свяціліся!

 

 

* * *

Цябе я зваў заўсёды мілай,

Не спаў аж да світальных рос,

А ты мяне тады вадзіла,

Як і другіх такіх, за нос.

 

Ды час ідзе бесперастання,

І ты — сама ў сівым вянку.

Не нас цяпер, маё каханне,

А ўнукаў водзіш за руку.

 

І крыўда бегам дзён закрыта,

І сэрца не трывожыць злосць,

І мы з табой сягоння квіты,

А ўсё ж — успомні маладосць!

 

 

ІМЕМ РЭСПУБЛІКІ

Хто ён?.. Глядзіць спадылба, асавелы.

Вочы, што поўны і здрады, і зману.

Чорны, прадажны, заіржавелы...

Імем рэспублікі ён пакараны.

 

Юдава срэбра яго паланіла,

Стаў ён для родных забойцам паганым,

Плача зямля, што яго нарадзіла...

Імем рэспублікі ён пакараны.

 

Вось ён прыгнуўся, падняцца не можа.

Хадзіў жа па сэрцах, па слёзах і ранах,

Яго не краналі дзіцячыя слёзы...

Імем рэспублікі ён пакараны.

 

Вось і адплата. Такога не шкода.

Катаў-чужынцаў служка адданы,

Вечнаю карай, пракляццем народа,

Імем рэспублікі ён пакараны.

 

 

* * *

Восень, бабіна лета, лёг туман на траву,

Шархатанне асін...

Я з сівой галавой, быццам месяц, плыву

Між зялёных галін.

 

Дык навошта туга? Непатрэбна тугі!

Добра жыць і такім.

Вось як прыйдзе зіма і засыплюць снягі,

Мабыць, знікну зусім.

 

Не, прабачце, я так неразумна сказаў,

Бо жаданні адны —

Пахадзіць між галін, паміж пошапту траў,

Дачакацца вясны!

 

 

БЯРЭЗІНСКІ ЗАПАВЕДНІК

Кут глухі, але прыгожы,

Аж да неба ўвесь зарос.

І рака, рака Бяроза

Паміж сосен і бяроз.

 

Невялічкая, жывая,

З-пад імшарын векавых,

А бяжыць, як сувязная,

Між азёрцаў баравых.

 

Дрэвы ўсе — гудуць, вядома.

Як сышоўшыся на сход.

Бачу я між іх знаёмых,

З даўніх, аж з дзіцячых год.

 

Вось ляціць глушэц чубаты,

Скалыхнула голле рысь...

Добры дзень, мой лось рагаты,

Што спалохана глядзіш?

 

Што за рогі?.. Мне здалося,

Што яны ў цябе цвітуць.

Ты не бойся, ты не бойся,

Ты са мной, як з родным, будзь!

 

Ты не злосны, ты не шкодзіш,

Сыты лістам, травіной...

Я люблю, калі ты водзіш

Ласянятка за сабой.

 

Я іду праз хмыз жахлівы,

Хтосьці ў рэчцы вукнуў, знік...

Добры дзень, бабёр руплівы,

Адмысловы будаўнік.

 

Што ж мяне ты налякаўся?

Я дурнога не зраблю.

Не хавайся, не хавайся,

Я здавён цябе люблю.

 

Пазайздросцяць тваёй працы

І дапытлівым рукам.

Мне б хацелася пабачыць,

Як будуеш сам-насам.

 

Ты ж сядзіш, схаваўся ў норку...

Пераходжу

Праз кусты.

Добры дзень, мая вавёрка,

Не змянілася і ты.

 

Скок і скок бесперастанку...

Ці натомішся калі?

Быццам рыжая маланка,

Пралятаеш па галлі.

 

Толькі скачаш зухавата

Ты не заўжды — так абы,

На яліне на бухматай

Паразвешаны грыбы.

 

У дупле твая сталоўка.

Гаспадыня ты сабе,

Значыць, добрая зімоўка

Забяспечана табе.

 

І далей, цераз гушчары,

Прабіраюся я ледзь...

Ах, і ты тут гаспадарыш?

Добры дзень табе, мядзведзь!

 

Пахаджай, а мне не шкода,

Шмат прыстанішча вакол,

Хоць частуешся ты мёдам,

Разбурыўшы дзікіх пчол.

 

І табе ў краю зялёным

Не кідаю я дакор:

Ты ж — усім звярам карона,

Без цябе і бор не бор.

 

Зайцам, козам тут раздолле,

Хай з’явіўся б і алень...

Вось ваўку, таму ніколі

Не скажу я: «Добры дзень!»

 

Ён драпежлівы, клыкаты,

Толькі б рэзаць, шкуматаць,

А прыходзіў аж пад хаты...

Добра, сёння не відаць!

 

Кут мой родны, кут прыгожы,

Да цябе я зноў прыйшоў...

А рака, рака Бяроза,

Колькі качак і чыркоў!

 

Сом у зацішку ўладарыць,

На алешніку ж — кажан.

І сам бусел на імшары

Пахаджае, быццам пан.

 

А грыбы, грыбы радамі,

Што дазорныя, стаяць...

Не, ніякімі радкамі

Родны кут не апісаць.

 

З ім мне хочацца сустрэцца

І зімою і вясной.

З дзён маленства — усім сэрцам

Назаўсёды я з табой!

 

 

* * *

А восень найзванчэй, чым далей,

А зоры ўсё ярчэй штораз,

Зноў граюць скрыпкі, б’юць цымбалы,

Вясельны час!

 

Прыйшоў час моладзі сустрэцца.

За вокнамі рабін пажар,

І б’юцца так суладна сэрцы,

І твар — у твар.

 

І малады і маладая

З праменным бляскам у вачах,

Яшчэ абое не гадаюць

Пра доўгі шлях.

 

Ды скачуць, скачуць так удала,

Падобныя на даўніх нас,

І граюць скрыпкі, б’юць цымбалы,

Вясельны час!

 

 

* * *

Я сяджу над радком. Хіліць вецер кусты

На асеннім двары. Скуль такі наляцеў?

Ён пажоўклыя кружыць лісты.

Я ж, як пісьмы, паслаць іх хацеў.

 

Бо ў мяне ёсць нямала сяброў,

Хоць куток сёння ў кожнага свой,

Я ж даўно іх чакаю дамоў.

Шлях асенні шуміць прада мной...

 

Мы пры ім у дзяцінстве жылі,

Ліст кляновы збіралі не раз,

А пасля — як пайшлі і пайшлі...

Не сабраў нас, развеяўшы, час.

 

Ёсць у кожнага кут свой і дом,

Шмат клапотаў вялікіх, малых...

Я ж сягоння за гэтым радком

Так хвалююся, ўспомніўшы іх.

 

Што мне вецер і далечы дым.

Чуеш, сэрца насустрач імчыць?..

Мне б спаткацца з адным і другім,

З той, што даўна маўчыць і маўчыць.

 

 

СКРЫПКА

Як жа так стала, што мы разышліся,

кожны юнацтва недзе пакінуў...

Дзе ж тая скрыпка, што цэлыя ночы

нас хвалявала на вечарынах?

Колькі было ў нас доўгіх сустрэчаў

і ў захапленні шчырай размовы,

Помніш, як скрыпка, аж да знямогі,

стан выгінала ў руках кавалёвых?

Помніш, як горача з ім размаўляла,

бы адкрываючы тайны якія,

Як ён ласкава пальцамі кратаў

ў струнах гуллівых пяшчотную шыю?

Быццам каханка, яна не змаўкае —

то засумуе, то зарагоча.

Нам жа здавалася: гэтая скрыпка

мела і сэрца, і вушы, і вочы.

Быццам была яна самаю чулаю

і разумнейшай істотай на свеце.

Дзе ж тая скрыпка, што нас паланіла

і ўсхвалявала нашыя сэрцы?

Дзе ж, у якой яна хаце сягоння,

хто на ёй грае, дзе яна госціць?

Іншы каваль з ёй, напэўна, гамоніць,

мы ж уздыхаем і толькі зайздросцім.

 

 

ДОБРА УСЮДЫ НАРАДЗІЦЦА...

Добра нарадзіцца рускім: ах, якія прасторы;

Быццам казка зямля; а крамлёўскія зоры,

А рэчкі, азёры, моры ды акіяны,

А Масква з яе вечнай душой палымянай,

А Урал, а Сібір з яе беллю сняговай,

Шыр-краіна, што славіцца пушкінскай мовай

І ракетамі тымі, што лятуць вакол свету!..

А я думаю й гэтак:

Добра быць украінцам, добра ў гэтым народзе,

А дзе лепшае месца ад Кіева знойдзеш,

А садкі ў белых вішнях, а бялёныя хаты,

А Дняпро той крылаты, а якія Карпаты,

А пшаніца, пшаніца ад краю да краю,

А як хлопцы танцуюць, як дзяўчаты спяваюць!..

А я й гэтак гадаю:

Добра мне, беларусу. Куды вокам ні кіну,

Даспадобы мне ціхія нашы мясціны —

Поле з пахам жытнёвым, стройны гоман сасновы,

А рачулкі, што змейкі, а бары, а дубровы,

А народная годнасць, што нідзе не сагнецца,

А працяжная песня, што ад сэрца пяецца...

А мне й гэтак здаецца...

Што няблага было б нарадзіцца грузінам,

Там, дзе горы ў папахах з іх узлётам арліным.

Там, дзе з він вінаградных ажно вочы захмурыць,

Там, дзе хораша так пад напевы чангуры,

Там, дзе скачуць усе, як джыгіты, спрадвеку...

А я думаю й гэтак:

Што хоць хораша тут, добра быць і узбекам —

Край стагоддзяў вялікіх, старажытны, чароўны,

Стэп і стэп, і арлы, і бавоўна, бавоўна

Разлілася вакол белапеннаю хваляй,

Дзе адны карпачы цішыню разрывалі,

А цяпер не даюць ёй спакою маторы.

Новы дзень, новы час працу дзіўную спорыць...

А мне сэрца гаворыць,

Што няблага літоўцу, латышу і эстонцу,

Нам аднолькава сёння свеціць яснае сонца,

Бо на роднай зямлі кожны сэрцам вялікі.

Добра жыць чувашу, калмыку і таджыку...

Свой у кожнага кут у красе прамяніцца...

Ды пакуль разважаў, кім жа лепш нарадзіцца,

Мне прыслалі пісьмо з-за Саянаў, з Кызыла:

Запрашаюць на свята, а сардэчна так, міла...

Я магу ганарыцца —

Добра быць і тувінцам:

Я ў бязмежныя стэпы, як яны, закаханы,

Да тувінцаў у госці

Еду я ўсхваляваны!

 

 

АГНІ КАСТРЫЧНІКА

Калі ля Смольнага гарэлі

Кастры матросаў і салдат,

На печках мы яшчэ сядзелі

Пад стрэхамі сасновых хат.

 

Ды слова важкае «таварыш»

Узрушыла і нас, малых,

І палымнелі нашы твары

Ад незгасальных ветраў тых.

 

Былі чырвоныя гвардзейцы

На самай яснай вышыні,

І чулі мы, што ў нашы сэрцы

Прыйшлі Кастрычніка агні.

 

Мы неслі іх праз зімы, вёсны,

Цераз хрыбты цяжкіх гадоў,

І мы пранеслі іх пачэсна,

Не асароміўшы бацькоў.

 

 

БЕЛЫ РАМОНАК

Белы рамонак —

Сонца маленькае і трапяткія, кволыя крыллі,

Даўна ў юнацтве, як мы з табою, і ўсе варажылі.

 

Белы рамонак,

Думалі гэтак, што ты да шчасця

адкрыеш нам дзверы,

Кожны таемна ў сілу тваю надзвычайную верыў.

 

Белы рамонак,

Помню, калісьці я ў хваляванні крыллі зрываю,

Падаюць долу... Хай не выходзіла, думаў: кахае!

 

Белы рамонак,

Я не крыўдую. Светлая, ранняя мара збылася,

Бо пакахала хоць і не тая, хай і па часе.

 

Белы рамонак,

Зноў цябе бачу, бо навакол вас болей і болей...

Толькі сябе я, таго маладога, не стрэну ніколі.

 

 

ШЧАСЛІВАЯ ГАДЗІНА

І дзень і ноч праходзяць,

Так суткі і знікаюць.

Шчаслівая гадзіна,

Калі ж яна бывае?

 

Тады, калі захоча,

Яна сама прыкрочыць,

Бывае, што на ранку,

Бывае апаўночы.

 

Ніхто не адгадае,

Як вырашыць з’явіцца,

Бывае, ў сон глыбокі,

Бывае, як не спіцца.

 

Сама свае сцяжынкі

Яна шукаць умее —

То прыйдзе ў красаванні,

То ў лютыя завеі.

 

Часцей да маладога,

А часам да старога...

Шчаслівае гадзіне —

Адкрытая дарога!

 

 

ГОРА — ГОРЫ

Не заўсёды з намі радасць, сустракаецца маркота

І бяда жыве яшчэ,

Калі гора напаткае, горш няма за адзіноту,

І яно расце, расце...

 

Засланяе гора вочы, і ўжо ты не бачыш сонца,

Пад нагамі толькі жвір...

Уздымаецца да хмараў і яшчэ вышэй, бясконца,

Як Эльбрус альбо Памір.

 

Разгудзіцца штормам гнеўным, разліецца несціхана,

Што не хочаш часам жыць,

Не, відаць, лягчэй Калумбу плыць было праз акіяны,

Чым мне гора пераплыць.

 

Сэрца тахкае ад болю, у вушах ад тлуму звоніць,

Дзень ад чорнага чарней,

Але вось прыходзіць сябар, памяркуе, пагамоніць,

Гора робіцца цішэй.

 

І калі як след разважыш, не такім страшным здаецца,

Цемру зрушыла зара,

А другі прыходзіць сябар, з твайго гора пасмяецца,

Гора — ўзгорак, не гара.

 

Ты мужней сябе адчуеш, ачуняеш, зварухнешся,

Нікне ўзгорак, быццам дым...

А калі ўжо ты прыходзіш, ды да сэрца прыхінешся,

Дык яго няма зусім!

 

 

ШЛЯХ ПЕСНІ

Поўнач. А песню я ледзьве асіліў,

Выпусціў ранкам, як быццам крылатай...

· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Дзе ж ты так доўга, песня, хадзіла,

Што павярнула так позна дахаты?

 

Яна ж адказала, як стала змяркацца,

Прысеўшы на яблыню, што расцвітала:

— Ты ж навучыў, каб любіла я працу,

Я з трактарыстамі поле арала.

 

Помніш, пад ранак, як сыпнулі росы,

Плыць загадаў мне кірункам ты зорным?

З кім жа мне ўзняцца аж за нябёсы?

Людзям спявала я ў цэху маторным.

 

Ды не адным я спявала цывільным,

Была я ля Брэста, была на Курылах,

Ты ж гаварыў мне настойна пра пільнасць —

Я й на заставе далёкай гасціла.

 

Добра мне, добра плысці між народу,

Там сябе чую найболей жаданай,

Там, дзе гуляюць ажно да усходу.

О, як мне хораша між закаханых!

 

Ах, каб ты ведаў, якія дарогі

Да сэрцаў удзячных прыводзяць нязменна.

Рыхтуй жа мне песню на дапамогу,

Я ж паляцела. Да пабачэння!

 

 

КАМЕНЬ

Гэта ў нас, мне казалі, ад бога,

Дзе ні стань і куды ні зірні:

На палетках, шляхах, на дарогах —

Камяні, камяні, камяні...

 

Шмат ён нам паскідаў яго з неба.

Праз каменне нідзе не прайсці.

Хай бы лепей буханкамі хлеба

Бог парадаваў нас у жыцці.

 

Што ж на бога ківаць? Так не выйдзе,

Даўно ведае наш чалавек:

Нас паўночны ляднік не пакрыўдзіў,

Хопіць гэтага шчасця навек.

 

А раз так, мы разважылі слушна —

Трэба з ніў нам каменне сабраць.

Паскладалі мы дробнае ў крушні,

Што на полі, як вежы, стаяць.

 

З іх у лазнях мы клалі пячуркі,

Больш буйное кацілі да сёл.

І таму на высокіх падмурках

Нашы хаты і клеці вакол.

 

Хто злічыць камяні нашы можа?

На зямлі іх — як зграяў варон.

Ды адзін ёсць вялізны, прыгожы,

Мабыць, памятны кожнаму ён.

 

Як узлезеш — раскрыюцца далі.

Быў за стол нам калісьці малым.

Мы даўно, як на пасту ганялі,

Раскрывалі ўсе лусты на ім.

 

Камяню, як пайшлі мы ўздымацца,

Давяраліся тайны не раз:

Ля яго, каб з каханай спаткацца,

Дамаўляліся многія з нас.

 

А тады, як пажары шугалі,

Як ваенны ўсхадзіўся віхор,

Ля таго камяня прысягалі

Быць з табой, партызанскі наш бор.

 

Мы не ведалі ў бітвах вагання

На прасторах любімай зямлі.

Нашы сэрцы ў нялёгкім змаганні,

Што камень той, цвярдымі былі.

 

Ёсць палі — разгарнуцца пластамі,

Быццам пух, толькі зернеты сей.

Нас жа лёс надзяліў камянямі.

Што ж, мы самі за крэмень мацней!

 

 

А ТЫ ІДЗІ!

Дарог у свеце вельмі многа,

А ты, між іх, сваю знайдзі.

Няхай нялёгкая дарога,

А ты ідзі,

А ты ідзі!..

 

Няхай цябе віхор збівае,

Няхай трывожна даль гудзіць,

Няхай сцяжынку замятае,

А ты ідзі,

А ты ідзі!..

 

Няхай звісаюць цемрай ночы,

А ты на зорку ўдаль глядзі,

Няхай пясок і золь у вочы,

А ты ідзі,

А ты ідзі!..

 

Няхай, абы ты верыў прагна,

Няхай жуда, няхай адзін,

Няхай каменне, твань і багна...

А ты ідзі,

А ты ідзі!..

 

 

БУДЗЬ ВЕРНЫ!

Увесь, як ёсць, да кроплі сілы

Бацькам, цябе што нарадзілі,

Будзь верны!

У дзень пагодны і ў навалу

Зямлі, цябе што ўзгадавала,

Будзь верны!

Палям, узгоркам і лагчынам,

Шляхам, дарожкам і сцяжынам

Будзь верны!

Барам, галля зялёным хвалям,

Табе прытулак што давалі,

Будзь верны!

Азёрам, рэчкам-чараўніцам

І той, з якое п’еш, крыніцы

Будзь верны!

За куст свой больш няма багацця.

Святой і светлай роднай хаце

Будзь верны!

Сяброўцы шчырай і каханай,

Сябрам, таварышам адданым

Будзь верны!

Кірунку, што ты ў сэрцы маеш,

Кавалку хлеба, што трымаеш,

Будзь верны!

І што б ні трапіла з табою,

Ты сцягу, што над галавою,—

Будзь верны!

 

 

* * *

Калі ўвечар скончыш працу і дадому ты ідзеш,

Дык здаецца, дзень пражыты за спіною ты нясеш.

 

Ты брыдзеш дадому з поля, можа, гоні, можа, дзве,

Ты глядзіш, што родны ганак, як жывы, цябе заве.

 

Галавой чырвонай з плота бы вітаецца гладыш...

Падыходзіш да вядзёрка. Возьмеш кубак. Зазвініш.

 

Што крыху спіну ламае, што ж такога, не бяда,

Ах, і смачна ж пасля працы ты, крынічная вада!

 

Як струменіш ты па грудзях, як булькочаш, добра

чуць,

Ах, і хораша ж табою твар спацелы спаласнуць.

 

І абцерціся, як трэба, чыстым, белым ручніком,

А пасля за стол засесці, ды за бульбу з агурком!

 

 

З ДЗЁН МАЛЕНСТВА

Калі ударыла «Аўрора»

Кастрычніцкім асеннім днём,

Пайшло і ў нас гудзець над борам,

Бы скалануў вясновы гром.

 

Разгаманіліся гушчары

Сярод узгоркаў і нізін,

Зара развесіла штандары

На голлях сосен і ялін.

 

Прыйшлі з вайны дамоў салдаты,

Сказалі: «Мы ўжо не рабы!»

І паўздымалі нашы хаты

Ўвысь саламяныя чубы.

 

У вёску камісар з’явіўся.

Казалі, з Балтыкі, здалёк.

І даўні стражнік калаціўся

І браў яму пад казырок.

 

Пайшлі ў нас новыя парадкі,

Пакраталі таго-сяго,

Наш пан дык так намыліў пяткі —

За ноч ні следу ад яго.

 

Не бачыў я сялян-суседзяў,

Каб хто па пану сумаваў,

А хто ды што ў двары прыгледзеў,

Дык з тым дахаты шыбаваў,

 

Я помню, як прывёў мой бацька,

Нібы хароміну, вала,

І я прынёс з палаца цацку,

Усю адлітую са шкла.

 

Я цешыўся здабыткам гэткім —

Такі празрысты шар адліць,

Яшчэ ў сярэдзіне і кветка,

Ды як жа гэткае зрабіць?

 

Але нядоўга закаханы

Я ў гэтыя дзівосы быў,

Вінтоўкі, шаблі і наганы

Тады найболей я любіў.

 

Найбольш, найбольш, да сэрца жару

Мне падабаўся, хлапчуку,

Той грозны кольт у камісара,

Які матляўся пры баку.

 

Быў камісар на рост адменны,

Падлога гнулася пад ім,

Ёы гаварыў — дрыжалі сцены,

І думаў я тады аб тым,

 

Што недзе ў Петраградзе вольным,

Які відно з усіх краін,

Палац, які завецца Смольны,—

Са смольных сосен ці ялін.

 

І мне здавалася ўсё проста,

Калі наш камісар такі,

Напэўна — ўсе вялікі ростам,

Каго завуць бальшавікі.

 

У іх жа плечы па сажэні,

Бо ўсе паны баяцца іх,

За ўсіх жа большы, пэўна, Ленін,

Бо ён галоўнейшы за ўсіх.

 

Наш камісар раскрыў нам тайны,

А я не мог узяць у толк,

Што Ленін ў кепачцы звычайнай

І ў простым чорным паліто.

 

А ён сказаў такія словы,

Што ажно свет ўвесь задрыжаў,

І мы, як ёсць, усе гатовы

Пайсці, куды б ён ні пазваў.

 

А бор гудзеў, палі гудзелі,

Да ўсходу сонца людзі йшлі,

Мы ж хлапчукамі памужнелі,

За дзень той многа падраслі,

 

 

ВАЛРЭЎКОМАЎСКІ КУР’ЕР

Многа што сышло ў былое,

Незабыўны і цяпер,

Як жывы, перада мною

Валрэўкомаўскі кур’ер.

 

Сарамлівы, не прамоўца,

І на выгляд не герой,

У пацёртае ватоўцы,

З карабінам за спіной.

 

А ватоўка пры рабоце

І як схоўнік і пасцель...

Валрэўкомаўскае пошце

Не патрэбны быў партфель.

 

На кані сваім, як ветрам,—

Праз палі, лясы скакаў,

Ён загады ў сельсаветы

Побліз сэрца ўсе трымаў.

 

Не было машынак. Мала

Дзе іх собіла спаткаць,

Як магла загад пісала

Камісарава рука.

 

Часу наш кур’ер не траціў,

Ён вадзіў няспынны рэй.

Перад ім была задача

Ўсё даставіць як хутчэй.

 

Да загадаў быў уважны,

Хай што познія часы,

Ёп праз ноч скакаў адважна

Цераз пушчы і лясы.

 

А не дзіва ў тых мясцінах

І бандытаў напаткаць —

Выпадалася хлапчыне

Карабін з пляча здымаць.

 

Ды заўсёды адбіваўся

І ў сяло шпарчэй, наўскач...

Да сялян ён заяўляўся

Як дарадчык і тлумач.

 

Хтось пытае, хтосьці крые

На чым свет стаіць зямля:

— Камуністы хто такія?

— А такія вось, як я!

 

— О, брат, добра балабоніш,

Вельмі соладка пяеш!..

— Так жывём пакуль сягоння,

А, напэўна, будзе лепш!

 

Гаварылі з пылам, з жарам

І між тых суровых дзён

Думалі: за камісарам

Найважнейшы — гэта ён!

 

Растлумачыць і разважыць,

Што ні зробіць, па плячу,

А па шчырасці, як кажуць,

І цяпер я так лічу.

 

Ў маёй памяці нястомна

Ён любы бярэ бар’ер —

Скача ўдзень і ноччу цёмнай

Валрэўкомаўскі кур’ер.

 

 

ЦЯЖКІ НАСТРОЙ

Дзіця ляжыць — прарэзаў залп.

І кветка звялая ў руцэ.

Я чую: коціцца сляза

Па скамянелае шчацэ.

 

Ляжыць стары. Як не было.

Яму ўжо не падняць рукі.

Маё журботнае чало

Пераразаюць раўчакі.

 

Араты, з сеўняю ў руках,

Ляжыць забітым на раллі...

І жар такі ў маіх грудзях,

Як у сярэдзіне зямлі.

 

 

* * *

Паміж ляснымі шатамі,

Дзе продкі кут знайшлі,

Пад стрэхамі гарбатымі

Па вёсках мы жылі.

 

Вядома — хлеб з мякінаю

За нашым быў сталом,

Свяціліся лучынаю,

З камінка — смаляком.

 

Хіба раскажаш вершамі,

Які тут быў прымус;

Нас клікалі тутэйшымі —

Так зваўся беларус.

 

Зямлі былі мы вернымі,

Наш скарб —

саха і серп,

Мы Мінскае губерні,

А бульба —

вось наш герб.

 

Цапамі ночы грукалі

Па каласах з гірсой

І на кійках з зарубкамі

Вялі рахунак свой.

 

Гібелі днямі золкімі,

Адзін кажух на трох,

Лячыліся мы зёлкамі,

І прыбіраў нас бог.

 

Сягоння ж дні святлейшыя,

Не тая Беларусь!..

Мне кажуць —

Пра даўнейшае

Спяваеш ты, Пятрусь.

 

Я горды перамогамі

Любімае зямлі,

Але не знаюць многія,

Адкуль жа мы раслі.

 

Пяю пра сёння з любасцю,

Бо сэрца расцвіло,

Але хіба забудзецца

Цяжкое, што было.

 

Галеча. Цемра. З бедамі

Праходзілі ў нас дні,

І я хачу, каб ведалі,

Як мы жылі, сыны.

 

Душой каб зналі чулаю

Пра пэўнае адно —

Чым далей ад мінулага,

Тым памятней яно.

 

І на шляхах да слаўнага

Я клічу маладых:

— Гады пазнайце даўнія,

Падумайце пра іх!

 

 

Я ПРАШУ ЦЯБЕ, МАСТАЦТВА...

Я прашу цябе, мастацтва,

Ты вярні мяне назад,

Правядзі цераз юнацтва,

У якім я страціў шмат.

 

Я б ішоў па той дарозе,

Толькі б я іначай жыў,

У той час, на гэты розум,

Шмат чаго б не прапусціў.

 

А цяпер іду, гукаю,

Што калісьці адышло,

І падобнага шукаю

З тым, што некалі было.

 

Можа, ў гэтае дзяўчынкі —

Постаць дзеўчыны мае,

Можа, гэтая травінка —

Прапрапраўнучка тае,

 

Што расла тут пад гарою,

Дзе рамонкі скрозь цвілі,

Што нас бачыла вясною,

Як шчаслівымі былі.

 

Можа, ў гэтай ціхай хаце

Знябыліся ўжо чакаць,

І на ганак выйдзе маці,

Як калісьці, сустракаць.

 

Ды дарэмна я былое

Адшукаць хачу, дарма!

Толькі неба, сонца тое,

Што было — таго няма.

 

Па купчанішчы паснула,

Адплыло ў сям’і вятроў,

Што аднойчы прамінула —

Не варочаецца зноў.

 

 

У НАВАЛЬНІЦУ

Калі насцігне навальніца —

Не падай ніцам,

Не падай ніцам,

Не дай душы тваёй скарыцца.

 

Не дай скрышыць тузе-маркоце,

Працуй у поце.

Ні ўдзень, ні ўпоцем

Не заставайся ў адзіноце.

 

Ідзі праз громы і маланкі

І ўноч і ранкам —

Бесперастанку,

Пакуль не стрэнецца заранка.

 

 

* * *

Бадзёры я і рухам шустры,

Ні стомы той, ні ламаты.

А пагляджу на твар у люстра

І стануць ныць: «Састарыў ты...»

 

Ды цешу я сябе адзіным,

Што сілы ёсць, як ні кажы,

Бо люстра ўбачыла маршчыны,

Але не ўбачыла душы.

 

 

НАГАРОДА

Працую з ранку да заходу у дзень прасветлы

і у цяжкі,

Навек далі мне нагароду — жыць на зямлі —

мае бацькі.

 

Хадзіць па ёй, і бачыць сонца,

і чуць у посвісце вятроў,

Як бор шуміць, як шэпчуць травы,

як звоніць срэбра ручаёў.

 

Паветра піць з чаборам хмельным,

з духмянай хвойнаю смалой

І рассякаць рукамі хвалі, што налятаюць чарадой.

 

Пісаць на полі трактарамі, радкамі-скібамі раллі,

Пра хлеб свой думаць, дбаць пра тое,

каб зерні спорныя ўзраслі.

 

І будаваць палац народны

з праменнай зоркаю ўгары,

Масціць яго з такіх цаглінак,

нібы з кавалачкаў зары.

 

Ісці насустрач перашкодам, і не згінацца· ў барацьбе,

І быць праз век удзячным сэрцу,

што я магу кахаць цябе.

 

Як добра чуць заўсёды побач цяпло сяброўскае рукі!

Няма мне большай нагароды,

што мне далі мае бацькі.

 

 

КРОПЛЯ КРЫВІ

Не знаю мацнейшага ў свеце,

чым простае слова: жыві!

Ніякай вагою не ўзважыць

салдацкае кроплі крыві.

І хай у змаганні суровым

не кожная нават відна,

а колькі жывых ратавала,

пралітая ў бойцы, яна.

Ніколі яна не загіне,

бо вечна ёй суджана жыць,

а значыць — кладзецца ў плаціны

і ў космас бязмежны ляціць.

Нідзе не спыняецца ў свеце,

ва ўсіх пакаленнях расце,

а значыць — шуміць каласамі,

чырвоным штандарам цвіце.

А ён узляцеў пад зямлёю

і кажа: «Працуй і жыві!»

Дык што даражэйшае ў свеце

салдацкае кроплі крыві!

 

 

З ГЛЫБІНЬ ГРУДЗЕЙ

Няхай трывожна, хай не спіцца,

Пакуль як след не запяеш...

З глыбінных вод імкнуць крыніцы,

З глыбінь грудзей і добры верш.

 

Спявай старанна і цярпліва,

І прыйдзе добры ён, дарма!

Прырода толькі творыць дзівы,

Бо дзівам ёсць — яна сама.

 

Табе ж пазнаць і радасць можна,

Калі твой верш сяброў здабыў,

Калі адчуе ледзь не кожны,

Што быццам сам яго стварыў.

 

 

АДРАСЫ

Хай кожны адрас не міне,

Я ж пасылаю ад душы.

Я вельмі рады, што ў мяне

Людскія сэрцы — адрасы.

 

А колькі радасных клапот,—

Прызнаюся, пісаць люблю.

І з дзён юнацтва многа год

Свае лісты я людзям шлю.

 

Пісаў, як мог. Але стараўся

І над радком пацеў зашмат.

Здаралася — крыху спяшаўся,

Часамі і трапляў не ў лад.

 

І я віну дагэтуль чую,

Навошта гэтак я рабіў.

Людскія сэрцы хай даруюць,

Калі чым-небудзь засмуціў.

 

З гадамі і адказнасць болей

За той, які ты выбраў, шлях.

Дык хай жа мне яны дазволяць

Пісаць па тых жа адрасах.

 

 

КРАСАВАННЕ

Ёсць прыгажосць у ранку праменным,

ёсць і у змярканні,

Толькі нічога не знаю прыгожай,

як час красавання.

Як разліюцца белыя вішні,

а слівы, а бэры,

А буйныя ружы, а мак легкакрылы,

а сціплы той верас,

А гляньце, як тварам сваім ганарыцца

сланечнік высокі...

Чакайце, прыгледзьцеся,

вось-вось успыхнуць дзявочыя шчокі.

Глядзіце, вакол вас бушуе і пеніць

ад краю да краю.

Мільёны гадоў — для планеты юнацтва,

зямля маладая!

І мы маладыя, і думак узлёты,

і радасць кахання.

Нічога, нічога найлепшага ў свеце,

як час красавання!

 

МАНЮКА

Манюка ён.

Каб не збрахаць,

Не можа дня пражыць,

Яго ты хлебам не кармі,

А толькі дай зманіць.

 

Нягеглы, рыжанькі, малы,

А трапяткі, бы ўюн.

Як павядзе, як павядзе —

Такі ўжо лапатун!

 

Няхай хто слухае чужы

Ці то свая сям’я,

Вярзе адно: «Хто браў рэйхстаг,

Хто першы? Гэта я!»

 

І хоць, бывае, слухачы

Заўважаць і не раз:

«Дазволь,— здаецца, хтось другі?»

Ён уздыхне ў адказ

 

Ды зноў гагоча аб адным,

Як быццам той гусак:

«Таго не бачаць, хто зрабіў,

У нас заўсёды так».

 

А ўспомніць маладыя дні,

Пляце: «Было ў мяне...

Ах, ведаў я красунечку...»

І вокам падміргне.

 

Не злічыш, колькі і разоў

Мяняе выгляд ён —

Другі збіраецца народ,

Бярэ інакшы тон.

 

Што першы ён людзей збіраў,

Калгас ён аб’яднаў,

Што ў самаго Будзённага

Як коннік ваяваў.

 

А калі хто ўпікне яго:

«Ды ты ж тады не жыў!» —

Манюка толькі адмахне:

«Маўчы, цябе б прасіў!»

 

І зноў нястомна загудзе

Вядомае здавён —

Ён першы спрыт

І прыгажун,

І ўсюды толькі ён.

 

 

БАГАТА, РОДНАЯ ТЫ МОВА...

Багата, родная ты мова,

Цябе стварыў і ўзнёс народ.

А вобразы якія ў словах,

А параўнанняў што за ўзлёт!

Вятры — вандроўнікі, вядома,

Барозны — гуслі на раллі,

А сосны — рыцары ў шаломах,

Крыніцы — вочы ўсёй зямлі,

А хвалі ўвосень — гэта зрэб’е.

Як срэбра, ручаёк цячэ,

А зоры, як цвікі на небе...

І шмат яшчэ, і шмат яшчэ!

Камусьці часам крыўдна трошкі,

Як заўжды, лепей маладым.

Дзяўчыну лічым мы бярозкай,

Завём старога пнём сівым.

Народ-мастак даўно прыкмеціў,

Што з бору сонейка ўзышло,

Што, быццам човен,— светлы месяц

І не адно ў яго вясло,

Што воблака плыве, як рыба,

Праз акіяны ўсіх нябёс,

Што так падобен хлеб да скібы

Тае зямлі, дзе ён узрос.

Радок сухі — без лісцяў голле,

А вобраз аздабляе шмат.

Ах, каб збіралася іх болей,

Ды каб усе на добры лад!

 

 

* * *

Ёсць людзі цвёрдага спакою,

Нішто не ўзрушыць нервы ім.

Ёсць людзі роўнага настрою.

Ніколі я не быў такі!

 

Ёсць гэткія: грымоты ў свеце,

Пярун над ім — ён спіць і спіць.

А я такі: ледзь дзьмухне вецер —

І сэрца ўжо зарабаціць.

 

Відаць, трывога і не кіне,

Спакою не знайду нідзе,

Бо я, як тое кола ў млыне,—

То міг на сонцы,

То ў вадзе.

 

 

СТРУНЫ

Хіба на скрыпцы толькі струны?

Хіба ўсе тыя, што відны?

Ах, колькі струн ёсць незлічоных,

Ды ўсе нябачныя яны.

 

Але ў грудзях у чалавечых

Прытулак кожная знайшла.

Ёсць струны радасці і смутку,

Чарнейшай ночы і святла.

 

І ёсць жа, ёсць яна такая,

Занадта тонкая струна,

Што чуе, як пяе травінка,

Што чуе, як пяе сасна.

 

І вельмі чулая да вёсен,

Калі салоўка запяе,

Яна хвалюецца бясконца,

Да рання спаць нам не дае.

 

А найглыбейшая,— што ў сэрцы.

Яна ў маленькага маўчыць,

Як заманулася ў юнацтве —

Ажно да гэтых дзён звініць.

 

 

* * *

Люблю вітаць вясны спатканне.

Яна, пакуль не ўдарыць гром,

Упершыню нясмела гляне

Пралескі сінім аганьком.

 

А потым грукне ў шыбы хаты,

Паразмяце снягоў гарбы,

Пасля раскрые вачаняты

Панадазёрнае вярбы.

 

Растопіць лёд у рэчках сіні,

Запросіць птушак на палі,

А там — глядзіш — ужо галіны

Загаманілі, загулі.

 

А там праходзяць дні за днямі

Пад ясны, прамяністы звон —

Дубы зялёнымі рукамі

Браць неба цягнуцца ў палон.

 

Ды цяжка з небам ім змагацца.

Калі б яно было бліжэй.

І застаецца ім спрачацца,

Хто зеляней,

А хто сіней.

 

 

СКАРГІ ЗЯМЛІ

Сню я, нібы ў сусвеце лячу і бачу зямлю прад сабою:

што гэта,— земная куля ці мяч,

увесь спаласканы крывёю?

 

Што ж не відаць мне сёл, гарадоў,

гэтак пустынна і гола?

Не, там жыццё.

З высачэзных антэн чую ўстрывожаны голас.

 

— Што вы зрабілі-ўчынілі са мной?

Не, вы не людзі, а шэльмы.

З вамі гаворыць жывая яшчэ,

толькі ўжо хворая вельмі.

 

Бачу стагоддзямі здзекі ад вас,

вось мне якая пачостка.

Завошта за хлеб мой, за соль,

за пітво гэтак караеце жорстка?

 

Хто з вас надумаўся дзякаваць мне,

выбраўшы жахі такія?

Спачатку капалі на твары маім толькі акопы малыя.

 

Мала відовішча гэткага вам,

як зернетка ў коласе спее,—

Пашкуматалі вы грудзі мае на бліндажы і траншэі.

 

Ах, які ж і бязлітасны ён,

дождж ваш снарадны, гарачы.

Паабсыпалі вы шчокі мае чорнаю воспай, няйначай.

 

Паабрывалі вы вейкі мае, вейкі —

танклявыя пальмы.

Гэтага мала, катуеце вы —

смаліце шчокі напалмам.

 

Вы здратавалі нават чало — вечнасняговыя горы.

Ах, як балюча мне раскрываць вочы —

азёры і моры.

 

Толькі палёгка ёсць у мяне —

сцяг, што зара, палымнее.

Гэтым жыву я і ў сэрцы нашу цвёрдую веру-надзею.

 

Шкода сябе мне, шкода мне вас,

свету прыгожага шкода.

Прыйдзеце з часам, дзеці мае, вы да адзінае згоды.

 

Стане ўладаркаю праца адна,

пабачыць сусвет і пачуе:

— Буду зялёнаю і маладой і назаўжды закрасую!

 

 

* * *

Пражыць, як гавораць,— не поле прайсці,

Вучыцца не позна ніколі,

На ўсё трэба спосаб і ўмельства ў жыцці —

Без ладу і дроў не наколеш.

 

Ты думаеш — проста усё, абы-як.

Не, браце, трэ вокам прымераць,

Паставіць уважна бярозы кругляк,

Узняць як найвышай сякеру.

 

Калі ўжо адчуеш: сякера пяе

І сам ты узмокнеш ад поту —

Пабачыш, заместа бярозы тае —

Паленне, як цукар калоты.

 

 

* * *

Куды, маладосць, адыходзіш упрочкі,

Я ж гэтак цябе шанаваў.

Мне б толькі яшчэ адну майскую ночку,

Якую я некалі знаў.

 

Ах, дзе ты, ах, дзе ты, ах, дзе ты, дзяўчына,

Не сходзіш ніяк з галавы...

І пошапты вуснаў, і пошапт рабіны,

І пошапт ласкавай травы.

 

Куды, маладосць, адыходзіш упрочкі?

Я ж гэтак цябе шанаваў.

Мне б толькі яшчэ адну майскую ночку,

Якую я некалі знаў.

 

 

Я ВАС АДНОЛЬКАВА ЛЮБЛЮ...

Мой горад Мінск — сапраўдны волат,

Ды цягне ў вёску на зямлю...

Ах, горад-вёска, вёска-горад,

Я вас аднолькава люблю.

 

Мой Мінск, ты вечарам вялікі,

Гудзіш у парках між забаў,

І быццам месяцаў без ліку

Хтось на праспектах начапляў.

 

Люблю, мой Мінск, з табой спаткацца

На кожнай плошчы зноў і зноў,

Люблю, калі ты йдзеш на працу,

Калі вяртаешся дамоў.

 

Калі расцеш удоўж і ўшыркі,

Калі ўздымаешся ты ўвыш,

Калі ў сцягах ты ясны, зыркі,

Нібы ад чырвані гарыш.

 

Ды раптам клікне сосен войска,

Пацягне ў поле на раллю...

Ах, вёска-горад, горад-вёска,

Я вас аднолькава люблю.

 

Не трэба ж большай нагароды

Душы прачулае маёй,

Калі зямлю праб’юць усходы

Іголкі руні маладой.

 

Як распаўе бяроза быццам

Сваю зялёную касу,

Калі з-за бору зараніцы

Запаляць раннюю расу,

 

Калі крыніца засмяецца,

Як ты прыхілішся п’ючы,

Калі і трактар адгукнецца,

Як жук па ўзгорках паўзучы.

 

Калі, вяртаўшыся дахаты

З палёў, узнёсла люд гудзе,

А песню завядуць дзяўчаты,

Ды так працяжна, як нідзе.

 

А я не адчуваю зморы,

Іх быццам чую як і сплю...

Ах, горад-вёска, вёска-горад,

Я вас аднолькава люблю!

 

 

ЗАЯВЫ

Ці трэба яны, ці не трэба да справы,

Дзіця як народзіцца — пішам заявы.

Заведзена гэтак, і нельга іначай —

У яслі, у сад, у лагер дзіцячы,

Каб рос, гартаваўся здаровым, вясёлым,

А потым, вядома, заяву і ў школу,

Пасля ў інстытуты, пасля ж і на працу...

Ды хай сабе, з гэтым не цяжка згаджацца.

І сёння ў заявах няма недахопу,

Ды дзівіць, навошта заявы-паклёпы?

 

Мінуўшага часу цяжкі перажытак

Сумленнем быць мусіць дарэшты дабіты.

Заявы... А іх жа з’яўлялася колькі,

Што ў целе здаровым вышуквалі болькі,

Што чыстыя сэрцы гразёй аблівалі.

Дзе стрыжана — голена злосна казалі,

Рабілі з вясёлых сумотных і горных,

Дзе светла было, заяўлялі, што чорна.

Іх трэба з жыцця, ды і з памяці сцерці,

Хай пішуць заявы, без літараў, сэрцы:

Заявы, каб сонца свяціла і ззяла,

Заявы, каб болей зямля параджала,

Заявы, каб хвалі, як струны, спявалі,

Заявы, каб вершы наш пот выціралі,

Заявы адной, чалавечае мовы,—

Каб радасна мы сустракалі дзень новы!

 

 

* * *

Свет, ён вялікі, бязмежны;

свет, ён ніколі не змоўчыць.

Б’юць і грукочуць мне ў шыбы,

б’юць мне вятры апаўночы.

Я прыглядаюся ў цемры:

што яны ў свеце сустрэлі?

Бачу іх крылы ў крыві —

значыць, між боек ляцелі.

Чую, аж стогнуць вятры...

Скуль вы, з якое вы далі?

Бачу іх крылы ў расе —

слёзы яны выціралі.

Сэрцам пытаю вятроў:

— Дзе ж ваша дужая сіла?

Бачу: а крылы вісяць —

значыць, пустыня спаліла.

Стойце, чакайце, вятры,

вы ўсхвалявалі да краю.

Бачыць, вандроўнікаў, вас,

бачыць інакшых жадаю.

Грукайце ў шыбы акон

пальцамі рук прамяністых,

Каб вы прыносілі ўдзень

гоман палёў каласістых.

Дзьмухайце ў гушчу галін

змрокам, на сонцазаходзе,

Каб парасоны спаднічак

дзіўна плылі ў карагодзе.

Грукайце, можна будзіць

позна, а самай паўночы,

Толькі прыносьце, вятры,

весткі, якія я хочу!

 

 

* * *

Адкуль вятры паналяцелі,

Магутныя, ў мільёны сіл?

На полі — чортава вяселле,

Слупамі пыл,

Слупамі пыл...

 

Ажно прыгнуліся гушчары,

І сыпнуў дождж, як шрот, як боб...

Адкуль панасышліся хмары —

І грудзі ў грудзі,

Лоб у лоб.

 

Як быццам хто гару з гарою

На бойку ў неба пазганяў,

Маланкамі, што дзеразою,

Галовы іх

Папрыбіраў.

 

А грымнуў бой —

Маланкі мкнулі

Аж да сярэдзіны зямлі.

Я думаю, грымоты чулі

І тыя, што ўжо адышлі.

 

* * *

Ты шчодры будзь! Хтось не забудзе

І ўспамяне цябе калісь.

Ты не шкадуй нічога людзям,

Калі што людзям на карысць.

 

Ад шчырасці дабра ты зычыш,

Няма высакародней спраў.

Ты сэрца людзям распазычыў,

Хай нудзіць той, хто не аддаў.

 

Быць скнараю — няма ў тым толку,

Ты ж добра ведаеш, як жыць,

Што аднаго кахання толькі

Ні з кім няможна падзяліць!

 

 

* * *

Бомбы, снарады і газы шугаюць,

Цяжка між імі даводзіцца жыць.

Колькі існую, спакою не знаю:

На земнае кулі грыміць і грыміць...

 

Гоняць і гоняць людзей у салдаты,

Падаць ім лісцем, нібы ў лістапад.

Тым, што пакінулі родныя хаты,

Не павярнуцца ніколі назад.

 

Сэрцам, што ў горы павінны не змоўчаць,

Досыць, нарэшце, злачынстваў цяжкіх,

Трэба, ва ўсіх каб раскрыліся вочы

На вінаватых. І брацца за іх!

 

 

РАЗМОВА З ДЗВІНОЮ

Ты з дзён юнацтва па сягоння

Прываражыла да сябе.

Дзвіна! Дзвіна!.. І слова звоніць,

Як толькі ўспомніш пра цябе.

 

А хваляў колер сіні-сіні,

Адкуль іх вецер пазганяў...

Напэўна, ў іх глядзеў Скарына,

Калі ў рад літары складаў.

 

І з тых часоў да нашых ранняў,

Праз даль стагоддзяў ідучы,

Калі пачуеш: «Палачанін!»,

Дык сэрцу радасна: гучыць!

 

Ён працаўнік, і адмысловы.

Ты глянь з Сафійскае гары —

Згадай былыя пабудовы,

Сівыя ўгледзеўшы муры.

 

Стагоддзямі не ведаў зморы,

Ён клаў умелаю рукой...

Над іх мурамі новы горад

Узняўся вышай над Дзвіной.

 

Юнак каменны, што ў разгоне,

Усіх прывабіў да сябе.

Дзвіна! Дзвіна!.. І слова звоніць,

Як толькі ўспомніш пра цябе.

 

 

ПАРОГ

Куды б цябе ні завяла далёкая дарога,

Не забывай ніколі ты бацькоўскага парога.

 

Ён нас заўсёды сустракаў і раніцой і ўпрыцем,

Успомні, як пераступаў яго малым ты дзіцем.

 

І як калісьці, паўзунку, табе не ўраз скарыўся,

Калі ж асіліў ты яго, бы новы свет адкрыўся.

 

Яго сасновую спіну не кожны і прыкмеціць,

Мне ж пазразаныя сучкі, як быццам вочы, свецяць.

 

І помніцца, хоць многа год з таго ўжо адшугала,

Як з-за парога мы гасцей прыветліва віталі:

 

— Ды, калі ласка!.. Просім вас!..

Хутчэй за стол сядайце!..

А вось каб выгнаць за парог, я рэдка чуў у хаце.

 

Дык ведай жа, што свой парог і ў горы дапаможа,

Ніколі не пераступай парог чужы, варожы.

 

Куды б цябе ні завяла далёкая дарога,

Не забывай ніколі ты бацькоўскага парога!

 

 

З ВЕТРАМ НАРОСХРЫСТ

Дні, што мінулі, мяне не агоралі,

Старасць, адпрэчся ты,

Мару іначай я —

Санкі мне, санкі — і ў поле пад зорамі.

Гэй, дзе гады маладыя, юначыя?

 

Прэч адыдзіцеся з нуднай размоваю,

Што вы за ныцікі,

Кім вы пазваныя?

Сапкі мне, санкі — і ў нетры сасновыя.

Гэй, адгукніцеся, сэрцу каханыя!

 

З ветрам наросхрыст гуляем і свішчам мы,

Хто замаркоціўся —

Лепей хай збочыцца:

Санкі мне, санкі — Іў хаты з ігрышчамі,

Мне яшчэ песні застольнае хочацца!

 

 

* * *

Ды, мабыць, я і не адзіны,

Што лекаў не знайду сабе.

На ўсё ёсць дзіва-вітаміны —

І «А», і «С», і «Д», і «В».

 

І шмат з іх лечаць на «выдатна»,

Ды я свайго знайсці не мог.

А дзе ён ёсць, такі прыдатны,

Які б крыху мне дапамог?

 

Каб, скажам, быў ён добры гэткі,

Дапамагаў як след часцей:

Засеў за стол, прыняў таблетку —

І стаў на думку багацей.

 

Бярэш аловак, водзіш лоўка,

Ды вобразы зайшлі ў тупік.

Прыняў другую. Бачыш — зноўку.

З’явіўся вобраз. Ён узнік.

 

Калі ж захочацца па часе

Яшчэ вышэй — ты знай прымай!

Таблетка трэцяя — ты класік,

Адно, што лаўры пажынай.

 

Ды лекаў гэтакіх не будзе —

Як творца, ты адзін з сабой.

Без дум не абысціся людзям,

Без працы ўпартай і цяжкой!

 

 

ЯК МАЯ БАБКА НА ЕФРАСІННЮ ХАДЗІЛА...

Бабка ў Полацак памкнула,

Быццам стуль пачуўшы звон,

Бабка ў цэбры чаравікі

Размякчала аж пяць дзён.

 

Пачапіўшы ж іх на плечы,

Выйшла на кірунак свой,

Больш святое Ефрасінні

Не было ў яе святой.

 

Звала бабка Ефрасінню

З неба хмурага ўвесь час

І малілася за дзеда,

А пасля за ўсіх за нас.

 

Дзе ні крыж, паклоны клала,

Каб памог як дзеду жыць,

А як стрэнецца капліца —

Бабка ўкленчыўшы стаіць.

 

Ногі саднілі ад стомы,

Ад ламот спіна гула.

· · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Дзён праз колькі, у нядзелю,

Бабка ў Полацку была.

 

Чорнай крамнаю хусцінкай

Павязаўшы галаву

Ды абуўшы чаравікі,

Проста рушыла ў царкву.

 

І знямела — колькі свечак!

Ажно слепяць. Не злічыць!

А на хорах багамольцы

Так спяваюць — дах дрыжыць.

 

Не змагла мая бабуля

Нават слоўца праказаць,

Толькі выняла пяць грыўняў,

Ды скацілася сляза.

 

Пад усімі абразамі,

Дзе ні быў святы які,

Замігцелі бабкі свечкі,

Быццам тыя светлякі.

 

А да ўгодніцы прыйшоўшы,

Стус паклала палатна,

Ды самое Ефрасінні

Не пабачыла яна.

 

Бабка верыла — святое

Нельга грэшным паказаць,

Рада, што ёй давялося

Хоць труну пацалаваць.

 

Поп свяціў. Яна ж адчула —

Асвяжыў ёй лоб ялей.

І было ісці дадому

Бабцы значна весялей.

 

Толькі побліз роднай вёскі,

Быццам сонца хто схаваў,

Як пабачыла, што поле

Град бязбожна здратаваў.

 

А прыйшла дамоў, з адчаю

Не сканала ледзь сама,

Як дазналася, што дзеда

Колькі дзён ужо няма.

 

На прыпірышчы астатнім

Крыж стаяў, як небарак,

Доўга плакала бабуля,

Што малілася не так.

 

 

ПЕРАЎТВАРЭННЕ

З даўніх дзён наш кут быў ціхі,

як амаль увесь наш край:

Поле, рэчка, луг зялёны, а за ім сасновы гай.

І жылі мы, як сказаць вам, ну, вось так —

пражыць абы:

І аралі, і касілі, і хадзілі па грыбы.

Працавалі шмат на пана, і найболей задарма.

Так зіму змяняла лета, а за летам — зноў зіма.

Ды, відаць, нічога болей і да скону б не знайшлі,

Але вось прыйшоў Кастрычнік, мы іначай зажылі.

Мала, што не стала гора, пазбыліся мы пакут —

Загудзела ўсё навокал, ўскалыхнуўся родны кут.

Стала ўсё пераўтварацца, і да нас прыйшоў чарод —

За навінамі навіны, а іх болей што ні год.

Што ўладальнікі мы скарбаў, хай сабе былая голь,

Што пад намі шмат багацця,

што пад намі цуд — не соль.

Бачу, на былое пустцы сталі ў рад за домам дом,

А на рэчцы ГЭС узнікла, і ўначы відно, як днём.

Выйшлі цэхі з камінамі ажно на зялёны луг,

На падвеснае дарозе дзень і ноч сустрэчны рух —

Праплываюць ваганеткі, быццам тыя гусакі,

І стаяць, разняўшы рукі ад здзіўлення, ветракі.

 

 

* * *

Я не магу таго забыцца,

Што многа год было назад,—

І рэчка зменшылася быццам,

І не такі пявучы сад.

 

Крыніца тая і не тая,

І смак інакшы, чым раней.

Не так танцуюць і спяваюць,

Не так сябруюць, як даўней.

 

Канечне, час па-свойму крочыць,

Але не ўсё ж у гэтым, не!

А вось каб мне ды тыя вочы,

Што некалі былі ў мяне.

 

 

ТАЙНЫ

Што-небудзь заўжды незвычайна

Такое ўжо, відаць, быццё.

Хоць змалку нас цікавяць тайны

Ім не раскрыцца праз жыццё.

 

Прыроды дзівазбудаванні,

Ажно не верыцца калі...

І тайны нашага кахання,

Стварэння свету і зямлі.

 

Цікавіць, што й неверагодна,

Што цяжка нават і ўявіць,

Ды ўсім нам тайны неабходны,

Бо нецікава было б жыць!

 

 

* * *

Сусвет, ён мае сваю мову.

Мы ледзь ідзём за ёю следам,

Як зорку выпадзе пазнаць.

А зорка ж, толькі адно слова,

І трэба ўсе, як ёсць, іх ведаць,

Каб тайну свету прачытаць.

 

 

ДУДАР

Ой, жалейка сэрца чуліць,

Дуда басам: «Памагу!..»

Тулі-тулі-тулі-тулі...

Гу-гу-гу...

 

Пад жалейку мы хадзілі

Маладымі па кругу...

Тылі-тылі-тылі-тылі...

Гу-гу-гу...

 

Граў дудар. Шумела голле.

Кветкі ззялі на лугу...

Толі-толі-толі-толі...

Гу-гу-гу...

 

Граў нам хрэсьбіны, вяселлі,

Разганяючы тугу...

Тэлі-тэлі-тэлі-тэлі...

Гу-гу-гу...

 

Тыя песні шчасця, жалю

Я дагэтуль берагу...

Талі-талі-талі-талі...

Гу-гу-гу...

 

 

ХАРАКТАРЫ

Адзін крычыць. Другі маўклівы.

А трэці нібы заўжды спіць.

І людзі кажуць жартаўліва:

— Такі характар... Што рабіць?

 

Адзін гаворыць праўду ў вочы,

Другі наманіць усяляк,

А трэцяга, чаго ён хоча,

Не зразумееш аніяк.

 

З нас кожны розніцца хоць нечым,

Хоць гэтага не знае сам.

А мой характар? Чалавечы,

Які?.. Ды ён вядомы вам.

 

 

ТАШКЕНТ ТЫ Ў СЭРЦЫ!

Ташкент! Ты герой!

Перажыў ты часіны цяжкія.

А я ўсё чакаю, калі цябе кіне стыхія.

Як волат стаіш ты з узнятаю ўвысь галавою.

· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Пры першым удары і я быў вясною з табою.

Помніцца будзе навек

мне красавіцкае ранне —

Гул і прарэзлівы бляск, нават падлогі хістанне.

Быццам падкінуў зямлю хтосьці нябачанай сілай.

Хто б як глыбока ні спаў — усіх яна разбудзіла.

Сталі гадзіннікі скрозь, быццам па ўмове зараней —

Пяць дваццаць тры...

Пяць дваццаць тры —

часу таго паказанне.

Кожны з іх змоўк на адным, кожны набок нахіліўся.

Сталі гадзіннікі ўсе.

Горад, аднак, не спыніўся —

Людзі на працу ішлі.

Не заўважаў я адчаю,

Так, як заўсёды, вакол гулка званілі трамваі.

Людзі на працу ішлі

без сумятні і трывогі...

Дзе-нідзе толькі сігнал хуткай, відаць, дапамогі —

Можа, дзе плача дзіця,

можа, дзе ў роспачы маці,

Што ж, дактары, як заўжды

ў час неспакою, на варце.

Дзесьці руіны відаць...

Толькі мы бачым, як мужна

Дзіўны тэатр Наваі

побач стаіць непарушна,

Толькі дзве вежы малых ледзь нахіліліся лбамі,

Быццам пытаюць зямлю:

— Што ты надумала з намі?..

І мы, ўсхваляваныя, ходзім нервова і хмура...

Бачым, насустрач сябры,

бачым Гуляма Гафура.

Кажа сардэчны наш друг

і па-звычайнаму быццам:

— Ведайце, Узбекістан,

край наш, нягод не баіцца!

Нібы ізноў цеплынёй ён атуліў нашы грудзі...

І прыгадаліся нам

людзі, цудоўныя людзі.

Людзі, што славяцца скрозь

працай геройскай і спрытам,

Працай, чыёй Фергана

хвалямі кветак заліта,

Людзі, ад працы якіх

кожнае зерне так родзіць,

Людзі, якіх Улуг-бек

бачыў наперад стагоддзям.

Людзі, з якімі ідзём

мы пад аднымі сцягамі,

Людзі, якім мы навек

сёстрамі сталі, братамі.

Помню, як той раніцой

з нашай сябрынаю блізкай

Мы па Ташкенту ідзём,

быццам па роднаму Мінску.

Шмат дзе, панікшы, ляжаць

друзам старыя хаціны,

У Мінску з другое бяды

мы адчувалі руіны.

Даўна, у часе вайны,

бомбы ўзарвалі нам цішу...

Ты дапамог нам, Ташкент,

нашых сірот прытуліўшы.

Бачым, хаціны твае сёння ашчэрылі раны,

Хоць па-ранейшаму скрозь

чырванню ззяюць цюльпаны.

Дзесьці разбураны дах —

неба ж спакойнае свеціць...

Бачым, і ў парках вакол

скачуць вясёлыя дзеці.

Горад! Бядоту тваю, быццам сваю, адчуваем,

Шмат жа братоў у цябе,

бачыш, Айчына якая?

Хіба адолеюць нас беды, няшчасці ліхія...

Мы па Ташкенту ідзём.

З намі сябры дарагія.

Раптам ізноўку — удар.

Вуліцы ж працай гудзелі,

А колькі ў іх слаўных імён —

Пушкіна і Руставелі...

Сэрцы калоцяцца ў нас —

кожнае гэтак любіма —

Шаўчэнкі, Абая, Айні,

родны наш Колас між імі.

Ты выстаяў, горад-герой,

ніхто цябе ў горы не кіне,

Бачыш, нашчадкі іх

кладуць за цаглінай цагліну.

Дружба магутная ў нас.

Моцна мы ёю злітыя,

І перад дружбай такой нават адступіць стыхія!

 

 

Я ЧАЛАВЕК

Ці пры сустрэчы, ці то ў ростань

Пытаюцца ўсур’ёз ці ў здзек:

— Ты хто такі?..

Адказ мой просты:

— Па-першае, я чалавек!

 

Радзіўся я на Беларусі,

Так, як і ўсе, касіў, араў...

Ніколі ні прад кім не гнуўся,

Свой розум ёсць,

Не пазычаў.

 

Уклад жыцця майго — працоўны:

У час заснуць, устаць з зарой.

Сярод людзей я памяркоўны,

Але і маю

Гонар свой!

 

Не золатам хачу хваліцца,

Яно ж — вядома ўсім — на звод,

А тым магу паганарыцца,

Што вышай

Ад узнагарод:

 

Руку маю байцы сціскалі.

Мая далонь нібы ў агні —

Цяплом тых рук,

Што сцяг трымалі

Яшчэ ў Кастрычніцкія дні.

 

Жыву чуццём сустрэч глыбокіх,

Бо чую аж па гэты час

Сляды тых слёз яшчэ на шчоках,

Што слёзы

Клікалі ў адказ.

 

Як найвялікшыя дарункі

Ад тых, каму заўсёды жыць,

Нашу на вуснах пацалункі,

Якім

Ніколі не астыць.

 

Іду... А ў сэрцы след за следам

Кладзецца, як жыцця пячаць.

Я рады, што нямала зведаў,

Што ёсць пра што

І ўспамінаць.

 

 

ЯК ІГРАЮЦЬ ЗАЙЧЫКІ...

Зайчыкі, зайчыкі, сонечныя зайчыкі,

Цененькія, жоўценькія, залатыя пальчыкі.

 

Не спынілі вокны вас са шклянымі шыбкамі,

У хацінку змрочную прыплылі вы рыбкамі.

 

І засталі муху вы за спяванкай млоснаю,

Асвяцілі ў закуце павука за кроснамі.

 

На падлогу выйшлі вы крокамі нясмелымі,

А на столь ускочылі матылямі белымі.

 

Асвяцілі галаву маёй бабкі срэбную

І прыселі на плячы, на сарочцы зрэбнае,

 

Кружыце ля прыпечка шустрымі, вясёлымі,

За патэльняй бабчынай нікнеце вы ў полымі!

 

 

* * *

Здзіўляе цудам разнастайным

Навука наша ў добры час,

І незвычайнае звычайным

Здаецца многім сярод нас.

 

Камбайны, трактары, турбіны...

Ну што ж, відаць, так мае быць.

Не толькі дзіўнаю машынай,

Ракетай нават не здзівіць.

 

Я ўзрос на роднай Беларусі

Пры берасцянцы і дудзе,

Гляджу сягоння і дзіўлюся —

Пастух з транзістарам ідзе...

 

 

ПЛЯТКАР

Сядзім на сходзе дружна, чынна,

Увага — ўсе!

А твой язык, такі нястрымны,

Лухту нясе.

 

З тваіх паклёпаў неразумных

Кідае ў жар.

Устаць, здаецца б, выйсці, плюнуць

У самы твар.

 

Камусьці горка давядзецца

З лухты твае,

Калі ўсю ноч не сцішыць сэрца,

Што ў бубен б’е...

 

Ці ведама часіна тая?

Няма ж гарчэй,

Калі мужчынская, цяжкая

Сляза з вачэй.

 

Твая ж прамова, дай мне веры,

Уся з абраз.

А ці не лепш — сем раз адмераць.

Адрэзаць раз!

 

 

СТАЛАСЦЬ НЕ СТАРАСЦЬ

Кажуць, ты сталы таварыш,

Такі надышоў гадок.

А сталасць — гэта не старасць,

Сталасць — калі па жылах

Бунтуе творчы сок.

 

Сталасць — у справе трываласць,

Усё — падуладна вачам.

Сталасць для рук — дасканаласць,

Сталасць — калі ты можаш

Зрабіць, што належыць, сам.

 

Сталасць клапоціцца дбала

І не баіцца нягод,

Сталасць — прыцэл удалы,

Сталасць не знае хістанняў,

Сталасць — увысь палёт!

 

 

* * *

Жывуць, на жаль, такія шэльмы

Яму дай цэлы караваіі!

Ну што ж, і розуму не вельмі,

Л зайздрасці хоць адбаўляй!

 

Нікога ён не заўважае,

Бо гонару — як мае быць.

Ды што яму рака? Малая!..

Гатоў ён мора пераплыць.

 

А каб жа ён людзей паслухаў,

Дык сам сябе не ўвёў бы ў зман.

Вада ў карыце толькі мухам —

Нібы Вялікі акіян.

 

 

* * *

Гаворыш ты, што зніклі краскі,

Што абляцеў кляновы гай...

А я прашу — ну, калі ласка,

Маіх ты год не падлічай.

 

Дый сумаваць мне не прыпала,

Не гаснуць водбліскі ў вачах,

І за бяседай ночка мала,

І недалёкі дальні шлях.

 

Не трэба спачування, жалю,

Я не стаміўся, ты павер,—

Я, можа быць, на перавале —

Ой, што мне бачыцца цяпер!..

 

 

А ДЗЕ ЯНА?

Я ўсё сцярплю, дарую, змоўчу,

Хоць рана ў сэрцы не адна.

Ды клён пад вокнамі лапоча:

— А дзе яна?

 

А ноч якая! Свеціць месяц,

Расінка кожная відна.

Пытаецца сцяжынка ў лесе:

— А дзе яна?

 

Даўно адзін, як і сягоння,

Ужо каторая вясна,

І рэчка хвалямі гамоніць:

— А дзе яна?

 

Ну што ж, я адкажу вам з болем,

У гэтым не мая віна.

Спытайцеся вятроў у полі:

— А дзе яна?

 

 

ІМЯ

Нават птушак, звяроў

зваць адзіным найменнем няможна,

Дрэвы маюць імя,

хоць з адзінаю назваю лес.

А тым больш чалавек,

яго ж трэба хоць неяк адрозніць,

Шмат імёнаў даюць,

і відаць з іх у кожнага сэнс.

 

Што ж, імя як імя.

Не бацькі, а ў царкве мне давалі,

Кажуць — Пётра я — камень,

толькі з крэмнем магчыма раўняць.

Пётра я, ды не той,

што ў раю з залатымі ключамі,

Толькі рай, каб ён быў,

я б хацеў ля яго пастаяць.

 

На пасадзе такой

не пісаў бы лірычныя вершы.

Душ людскіх

я б аналізы добра рабіў,

І, прымаючы захад,

быў бы я і напэўна цвярдзейшым,

Бо ў жыцці, вось бяда,

я такім непахісным не быў.

Так часамі было —

прыбівалі да берага хвалі,

 

Бы асенні лісток,

што няўрымслівы вецер сарваў,

І манілі сябры.

І дзяўчаты з мяне жартавалі,

Ды і крытыкам часам

я дарэмна лухту дараваў.

Я б забыўся пра гэта, няхай,

мала што я сустрэціў,

 

Адышло ўсё з гадамі,

адляцела ў паветра, як дым.

Я б такое зрабіў,

і са мной былі б згодны на свеце.

Пётрам Пр авільным звалі б,

хай не клікалі б Пётрам святым.

 

Што ж, пажыў я нямала,

і скажу вам адкрыта сягоння,

Не пакрыўдзіў бы я

тых, хто шляхам з’явіўся цяжкім,

Толькі ў пекле

такога даў бы жару аматарам бойні,

Што сам атамны выбух

быў бы сілай запалкі прад ім!

 

 

КАРА

І гэткае па людзях ходзіць,

Усё здараецца ў жыцці:

Бывае — так сабе нашкодзіш,

Што і ратунку не знайсці.

 

Усё баліць,

На сэрцы хмары,

Памылкі лічыш ты ў кляцьбе.

Не ведаю я большай кары,

Калі караеш сам сябе.

 

 

ЯЧЭЙКА

У валасным будынку, з краю

Малы агеньчык ледзь мігціць —

Ячэйка наша пасядае,

А спраў бягучых не злічыць.

Сышліся, як сябры, на сходку,

Хоць у ячэйцы іх не шмат —

Наш камісар, каваль з маёнтка,

І, што прыйшоў з Карпат, салдат.

Гудуць аб хлебе, аб аўчынах,

Гудуць аб бандах навакол...

Настаўнік ціхі, беспартыйны,

Вядзе няхітры пратакол.

Гудуць аб хлебе, аб насенні,

Як разлічыцца са старым,

А са сцяны задумны Ленін,

Здаецца, штосьці кажа ім.

І ў сэрцах іх мацнее вера,

І сон не кратае павек.

Пад ранне зарыпелі дзверы —

І на парозе чалавек.

І хоць кажух яго падзёрты,

Сюды прыйшоў ён ад душы,

А слова парабкава цвёрда,

Яно рашуча: — Запішы!

І камісар, сваім алоўкам

Паклаўшы подпіс, так сказаў:

— Ну што ж, раз так — бяры вінтоўку,

Ты сёння з намі поплеч стаў.

У камуніста хопіць працы,

І ты працуй адзін за двух,

Пакуль што трэба нам трымацца

І за вінтоўку,

І за плуг!

 

 

НЕ ЗАСТАВАЙСЯ ТЫ АДЗІН...

Калі маланкі засваволяць

І грымне гром, бы сотні мін,

Дрыжыць адно і дрэва ў полі,—

Не заставайся ты адзін!

 

Бывае горка, аж не спіцца,

Няма ратунку, хоць загінь,

Дык знай — у сэрцы навальніца,—

Не заставайся ты адзін!

 

Калі пачуеш кліч да бою

У час цяжкіх, ліхіх гадзін,

Ідзі з усёю грамадою —

Не заставайся ты адзін!

 

 

ТАВАРЫШ

Як сцягаў чырвоных пажары

Палі занялі й гарады —

Магутнае слова: — Таварыш! —

Усіх паяднала тады.

 

І нас не спалохалі кары,

Ні свету старога праклён.

Калі я пачую: «Таварыш»,

Дык сэрца зазвоніць, як звон.

 

Калі ты ўздымаеш цяжары

І здасца — бярэш цераз край,

З грудзей маіх рвецца: «Таварыш!

Табе пасаблю я, чакай!»

 

Калі пад шрапнельным ударам

Ты нікнеш на дол галавой,

Мне хочацца крыкнуць: «Таварыш!

Не падай, іду за табой!»

 

Калі па-святочнаму марым,

Успомніўшы аб барацьбе,

За стол я сядаю,— «Таварыш!» —

Мне хочацца клікнуць цябе.

 

Я ведаю — праца ўладарыць,

Нічога мацней у жыцці —

Таварыш, таварыш, таварыш!

Як добра з табою ісці.

 

 

ЖЫЦЦЁ — КАРАБЕЛЬ

То глыбіня, то раптам мель,

То сівер люты, то агонь...

Калі жыццё ёсць карабель,

Дык я на палубе яго.

 

Як стаў на палубу малым,

Стаю ўвесь час. Стаю стары:

На твар мой гляньце — як на ім

Параспісаліся вятры.

 

Нялёгка пройдзены гады,

На твары — зморшчыны клапот.

На ім пакінулі сляды

Спякота сонца, граду шрот...

 

Не бестурботна я пражыў.

Праз штормы плывучы не раз,

Заўсёды разам з тымі быў,

Хто быў на вахце ў грозны час.

 

І працаваў, і ўдаль глядзеў,

Каб карабель дзе не загруз,

І як праз дзень, праз ноч ідзе,

Які трымае ў моры курс.

 

 

А ЛЕНІН НАМ КАЖА...

Мы з Леніным сэрцы навечна зраднілі,

Мы знаем, без Леніна цяжка нам жыць.

Я помню: на сходцы ўсю ноч гаманілі,

Як трэба маёнткаў зямлю падзяліць.

 

Крычалі, ды толькі ў адзіным уздыме,

Што сёння няма найважнейшай са спраў.

А ён са сцяны, у махорачным дыме,

Здавалася, нам галавою ківаў.

 

А вораг злаваўся, змагаўся, хоць енчыў,

З баямі на свой спадзяваўся зварот.

Я помню, як з вёскі чырвонагвардзейцы

Па клічу Радзімы спяшалі на фронт.

 

Іх вёў камісар, ажно з Мінска рабочы,

З ліцейнага цэха, яго гарнавы.

І Ленін, задумна прыжмурыўшы вочы,

Іх быццам праводзіў у шлях баявы.

 

Мы бралі навуку настойліва, ўпарта,

Пад кніжкай да ранку рассыпаўшы чуб,

Збіраліся ў школе, сядалі за парты

І першыя літары бралі на зуб.

 

А потым пайшлі і пайшлі сямімільна,

Хто азбуку скончыў — за алгебру сеў.

А Ленін, на нас паглядаючы пільна,

Здаецца, ўсміхаўся і тварам святлеў.

 

А потым, як кажуць, мы самі з вусамі,

Дакуль нам прыезду тэатраў чакаць —

На першых падмостках, што зладзілі самі,

Выходзілі ў клубе з людзьмі размаўляць.

 

Мы гралі адважных, нязломных герояў,

Якіх не спыніць, не спалохаць нічым,

А Ленін, сачыўшы за нашай ігрою,

Як быццам пра нас гаварыў: «Малайцы!»

 

А потым — праходзілі зімы і леты,

Нашчадкам сваім мы пакінулі след.

І вось — дасягнулі да самай ракеты,

А з ёю раскрыем і цэлы сусвет.

 

Ішлі мы наперад сваімі шляхамі,

І ў нашым паходзе здабытага шмат.

А Ленін глядзіць на пражытае намі

І сёння нам кажа: «Ні кроку назад!»

 

 

ГЕРОЙ

Перарабіў ён працы мноства,

Вядома што: касіў, араў...

А што такое за геройства —

Ніколі ён і не ўяўляў.

 

Аб тым, як славай адзначалі,

Яму не сніліся і сны,

Вядома, чуў, што ёсць медалі,

Што хтосьці носіць ардэны.

 

Не быў ніколі асаблівым,

Так, як і ўсе,— авечак пас,

Але, з маленства сарамлівы,

Не выпінаўся напаказ.

 

Паміж другіх вучыўся спраўна

Чытаць, падлічваць і дзяліць.

Калі ж пытаў яго настаўнік,

Бывала, ажно задрыжыць.

 

Пачуе часам проста кпіны,

Дык шчокі чырванню гараць,

А што казаць, калі дзяўчыну

Яму прыпала пакахаць.

 

Згубіў дарэшты раўнавагу.

Ды ёй ні слоўца не сказаў,

Адно на што ён меў адвагу —

Хадзіў здалёку ды ўздыхаў.

 

Было. На сходцы на вясковай

Прыстануць людзі: — Ну, давай!

Скажы якое-небудзь слова!

А ён за дзверы: і бывай!..

 

Але заўсёды на рабоце

Ён ведаў спрыт і ведаў толк.

Прыйшла вайна. І скрозь на фронце

Ён ад салдатаў ні на крок.

 

Не адставаў ў баі, на маршы,

Не розніўся ані ні ў чым,

Хоць па-ранейшаму за кашай

Стаяў звычайна — у канцы.

 

А вось аднойчы — легла рота.

Чым далей бой, дык менш жывых,

Агонь такі шалёны з дота,

Што нельга ўзняць і галавы.

 

І ён папоўз у той віхуры

Насустрач кулям і штыкам.

Дапоўз да злоснай амбразуры.

І змоўк агонь. І змоўк ён сам.

 

Але адстояў поле тое,

Дзе рос, кахаў, касіў, араў.

А вось геройства што такое —

Ніколі ён і не ўяўляў.

 

 

* * *

Хочаце верце, а можа, й не верце —

Ва ўсім, адчуваю, ёсць сваё сэрца:

Сэрца ў яліны

і ў чараціны,

Сэрцайка ў кветцы,

сэрца ў жалейцы,

У скрыпачкі ўдалай,

сэрца ў цымбалах,—

Толькі нішто не заменіць такое,

Як чалавечае сэрца жывое.

Лепш не спаткаці

сэрца дзіцяці,

Горача б’ецца

матчына сэрца,

Пільна і ласкава,

клопатна — бацькава.

Толькі ў дзяўчыны —

магутней няйначай —

Захоча — смяюся,

захоча — заплачу!

 

 

* * *

Спачатку выблісне жаданне...

Шукаючы, куды вядзе,

Пры невыказным мармытанні

Ты ходзіш, можа, цэлы дзень.

 

Нідзе прытулку, ні суцішку,

А хваляванне ўсё расце...

І ўспыхнуць словы, як пупышкі,

І верш, як яблыня, цвіце!

 

 

* * *

Ну што ж, вядома, пастарэў.

Забыцца б на цябе хацеў,

Адно сказаць: — Шчасліва будзь!..

А вішні ўсё штогод цвітуць.

Цвітуць, ажно чуваць на слых,

Ах, колькі ў іх вачэй тваіх!..

Прыйду я ўдзень на сенажаць,

Зазыўна конікі цвырчаць.

Цвырчаць. Ды што з музыкі той —

Паміж яе смех чую твой.

На рэчцы ўбачыў, як прыйшоў,

Твае я хвалі валасоў.

Насустрач паглядзеў вятрам

І на аблокі... Ты і там!

Нідзе ратунку ад такой!

...А на душы вясна вясной!..

 

 

ЧАКАЮ...

Ну, што за нястрымнасць

сэрца майго!

Чакаю,

чакаю,

чакаю ўсяго! —

Чакаю я рання,

чакаю цяпла,

Чакаю змяркання,

чакаю святла.

Чакаю заранку,

чакаю шпакоў,

Чакаю каханку,

чакаю сяброў.

Чакаю яснечы,

чакаю вятроў,

Чакаю сцюдзечы,

чакаю снягоў.

Чакаю вясновай

зялёнай красы,

Чакаю ліпнёвай

празрыстай расы.

Чакаю прыгодаў

зямлі і нябёс.

Чакаю заўсёды...

Такі ўжо мой лёс!

 

 

НІЦАЯ ВЯРБА

Ах, вярба мая, вярба, вербачка, вярбінка!

Ах, якая ж у цябе зялёная хусцінка!

Нікнуць долу валасы ажно да травінак,

Тысячамі, тысячамі зялёных ручаінак,

Сыплеш слёзы ты вясной і ў зялёным леце.

І сама пад ветрам ты, як зялёны вецер.

 

 

ЧАРГОВАЯ РАЗМОВА СА ШПАКОМ

Як быццам з даўнога сябры-сваякі,

Жывуць у мяне пад страхою шпакі.

Хай мне невядомая мова шпакоў,

Скажу я шпаку ну хоць некалькі слоў:

— Не вельмі дзівосны прытулачак твой,

Ды сціпла і ў хаце — шпакоўні маёй.

Хоць мне, можа, крышачку і зацішней,

А толькі табе, шпак, намнога лягчэй.

Аблётаеш поле, аблётаеш лес,

З’ясі чарвячка ды ізноўку пяеш.

А мне, каб кавалак надзённы прыдбаць,

Патрэбна да поту як след працаваць.

А я не магу так. Хвалююся ім.

Як з выраю, помніш, вяртаўся дамоў,

Ты бачыў і стрэлы, і слёзы, і кроў.

Нядружная ў свеце людская сям’я...

Дык ведай, чаму устрывожаны я.

Бывае, што ранкам я ўстану з тугой...

І раптам пачуецца голас мне твой.

Іду я ў лясную дарогу сваю —

Бывае, ў настроі і сам запяю.

Пабачу, а ты па-над лесам ляціш —

І мне весялей, і лягчэй мне ісці.

А дома да змроку твой гоман чуцён...

Змаўкаеш...

І я адыходжу на сон.

 

 

ЯК ПЛАКАЛІ ЛІСТЫ...

Такі зняважаны куток, нібы пасля вайны:

Тут некранутае няма ялінкі ці сасны.

Вось на бярозцы чыйсьці знак з-пад вострага нажа.

І мне здаецца — з-пад яго цячэ мая сляза.

Ад чэрствых, хіжых і дурных баліць душа мая.

Па-над знявечаным дубком не вецер стогне — я!

Гляджу — мурашніка няма, яшчэ з начы дыміць.

І мне здаецца, што мая хаціна з ім гарыць.

Зямля парыта на дзірван. Глядзець — адна жуда,

Дзікунства бачу я вакол — па кінутых слядах.

Пайшлі, разбурыўшы нашчэнт прытулак пекнаты.

Няўжо не чулі, як услед ім плакалі лісты?

 

 

* * *

Толькі ранне ў вокнах

Стане палымнець —

Звонкаю патэльняй

Загамоніць печ.

 

Маці рана ўстала

І блінцы пячэ,

Твар яе ад жару

Ружаю цвіце.

 

А з патэльні сходзіць

Пад яе рукой —

Кожны блін, як сонца

Ці як месяц той.

 

Мы глытаем слюнкі,

Гэтулькі спакус!

На стале бялюткі

Песціцца абрус.

 

Мы чакаем прагна,

Пазавуць калі...

Бач, ужо і скваркі

Спрэчкі завялі.

 

Вось і кліча маці,

Мы за стол бягом.

Ах, як добра, смачна

За яе сталом!

 

 

СПОВЕДЗЬ

На сэрцы буры і віхуры,

Як прыйдзе ноч —

Ані прыжмурыць, ні зажмурыць

Пахмурных воч.

 

Няма дарунку, сам я сведчу,

Маім грахам —

Суддзя і пракурор і следчы

Сабе я сам:

 

— Чаму не выказаўся проста,

Вакол кружыў?

Пакрыўдзіў некага навошта?

Дарма пакпіў?

 

— Чаму не знаюць меры вочы,

Зайздросна ім?

Чаму спакойна я не крочыў,

Як след старым?

 

— Чаму аб непатрэбным марыў,

Душа, маўчы!

Чаму ў бяседзе лішніх чарак

Не падлічыў?

 

Але разважыўшы удумна,

Грашу ізноў.

Дазвольце ж не лічыць, бо сумна

І без грахоў.

 

 

СВЯТА

Як выйдзе з-пад снегу вясною зямля

І, пратаўчы зерня, пакліча ралля,—

Тады маё свята!

 

Калі я пабачу шырокі прасцяг,

Што зерне гадуе, як маці дзіця,—

Тады маё свята!

 

Як выпархне колас і стане цяжэй,

Нахіліцца долу ніжэй і ніжэй,—

Тады маё свята!

 

Калі сухавей панаробіць бяды,

А выпадзе дождж, удалы, малады,—

Тады маё свята!

 

Калі раніцой за шырокім акном

Пабачу ўвесь сад, што зальецца святлом,—

Тады маё свята!

 

Калі пасля працы руплівай, цяжкой

За стол пасядаем вячэраць сям'ёй,—

Тады маё свята!

 

Калі ж завітае жаданы нам госць,

Як кажуць, і хлеб і да хлеба ўсё ёсць.—

Тады маё свята!

 

А сцягі, якія праз плошчы плывуць,

Яны ў маім сэрцы і ў будзень цвітуць —

Заўсёды, што ў свята!

 

 

* * *

Калі ў бядзе ты вінаваты,

Сабе нашкодзіў ці сябрам,

Змагайся з ёю ты заўзята,

Пакуль хапае сілы, сам.

 

Сваёй бяды не пераможаш,

Куды ні кінься — скрозь не лепш.

Хоць ад каго ўцячы ты можаш,

Ды ад сябе — не уцячэш.

 

 

* * *

Паэт, часоў сваіх дазорца,

Скарб у паэзію нясі,

І ты — вянка жывога творца,

Калі хоць кветку дадасі.

 

Каб часу новага паэты

Маглі цябе ў свой круг прыняць,

Аддаючы ім эстафету,

Май сілу і сваё дадаць.

 

 

ПЯРО

Сэрца гора ўсхвалявала, сэрца цешыцца дабром,

Ды парадзіцца мне не з кім, як з табой, маё пяро.

 

Аддаю табе я шчасце і згрызоты ад людзей,

Ах, якая ў цябе сіла, ты як нейкі чарадзей.

 

Як вазьму цябе між пальцаў,

дык узнікне безліч мар,

А крану табой паперу — прада мною земны шар:

 

Хочаш — Афрыка узнікне, хочаш — Азія відна,

Ці Галактыкі бязмежжа, ці марская глыбіня.

 

Ды найбольш, пяро, яднаеш ты мяне з адзінай той,

Што, як ластаўка, ўзлятае, дзе б ні быў я,

прада мной.

 

І пяро маё гамоніць, і смяецца, і пяе,

Ну, бывае, што часамі і слязіну праліе.

 

Ах, як хутка час праходзіць,

ах, як хутка час бяжыць!..

Я б хацеў, пяро, з табою доўга-доўга гаварыць,

 

Я ж яшчэ не ўсё агледзеў і не ўсё адчуў душой,

Працаваць нам, працаваць нам, ранавата на спакой.

 

Дай, паезджу я па свеце, паблукаю, пагляджу,

Што пачую, што пабачу, табе першаму скажу!

 

 

* * *

Я чую, як коціцца

гул перуноў,

Чырвонай крывёю

набраклі зарніцы,

І неба падпалена

з розных бакоў.

Баюся, што хутка

усё загарыцца.

І стане так горача,

чадна вакол...

Нялёгкія я ўспамінаю

паходы.

Дык што ж, галавою

хіліцца на дол?

Не, толькі насустрач —

супроць непагоды!

 

 

КУРГАНЫ СЛАВЫ

Колькі выстаяла боек родная дзяржава,

Бессмяротнымі пакрыта курганамі славы.

Яны ўпісаны у сэрцы, іх няма на карце,

Ды куды ты ні паглянеш — скрозь яны на варце.

Кожны хіліцца прад імі сцішана, прачула.

Хто ж там лёг, пад курганамі свой знайшоў прытулак?

Хто там, гэта людзі кажуць, я сцвярджаю вершам:

Ці дачка, ці сын Радзімы — кожны з іх найлепшы.

Ёсць танкісты, што гарэлі, як ішлі з баямі,

Пехацінцы, што прыкрылі ўсю зямлю грудзямі.

Ёсць там коннікі, што ў бітву мчалі што ёсць сілы,

Ёсць арлы, што з неба палі, паламаўшы крылы.

Я заўсёды думай з імі,

мне часамі сніцца:

З курганоў ідуць героі на свой край дзівіцца,

А прад імі горад-волат, жыта буйнай хваляй...

Задаволены героі — слаўна ваявалі.

Ходзяць дзённаю часінай, ходзяць і начною,

Ах, якое людзям, кажуць, шчасце залатое!

І на тварах у герояў радасць не знікае.

Паглядзяць — і ў курганы зноў. Ціха спачываюць.

А курган той кожны — крэпасць. Па трывозе пільна

Яны стануць у змаганні, як героі, шчыльна.

І чым далей — іх галовы вышай узнясуцца,

Бо я чую, бо я чую, як там сэрцы б’юцца!

 

 

СЦЯНА КРАМЛЁЎСКАЯ

Сцяна крамлёўская.

Імёны —

Адно другога даражэй.

Не будзе ў нас героям скону,

Ім жыць і жыць паміж людзей.

 

Яны прылеглі там з паходаў.

Іх сцяг лунае

Над Крамлём —

Яны і сёння, як заўсёды,

За бессмяротным Ільічом!

 

 

ПЕРШЬІ КАМІСАР

Пад чырвоным бантам грудзі,

Шабля пры баку.

Ёсць яму сказаць што людзям

Як бальшавіку.

Думна раіцца з усімі,

Як сысці з бяды...

Прад маімі ён вачыма

Гэткі праз гады.

Мог заплакаць з беднякамі,

Пана пакараць.

Як мне хочацца часамі

Да яго сказаць:

— Ты вядзі да новых боек,

Глянь — у грудзях жар.

Дай пабыць ізноў з табою,

Першы камісар.

У палацы на прыгорку,

Скуль скаціўся пан,

Зацягнуцца дай махоркі,

Патрымаць наган.

Ты раскрыў мне праўду свету

І азначыў шлях,

Хоць чытаў ты нам газету

Ледзь не па складах.

Мы ж святло тваё адчулі,

Селі за буквар.

Глянь, мы ў космас сеганулі,

Першы камісар.

А турбін размовы чуеш,

А жытоў прыбой?

Аб адным цябе прашу я —

Пахадзі са мной!

 

 

* * *

Вечар ціхі, зоры ў зборы,

месяц па-над гаем...

Ну, давай жа,

на часінку выйдзі, пагуляем.

Што ж застылі на падушцы,

залатыя косы,

Ну, прыходзь жа, як праснешся,

раніцой на росы.

Каб ты бачыла, які ў нас

дзень пагодны, сіні,

Дай жа разам, у садочку,

стрэнем рой пчаліны.

Каб ты бачыла, як млее

сонца на заходзе,

Не спазніся, у дарогу

дай яго праводзім.

Толькі як цябе ні клічу,

весткі ніякое,

Ну, давай жа, хоць часінку

ты пабудзь са мною!

 

САЛДАТ РЭВАЛЮЦЫІ

Ён рэвалюцыі салдат,

Ад Смольнага. Яго кастроў.

Ад першых неўскіх барыкад,

Ад тых кастрычніцкіх сцягоў,

Якія прабівалі шлях

І непахіснымі былі,

Што ў сэрцах, ў розумах, ў руках

Над цэлым светам паплылі.

 

Ён рэвалюцыі салдат.

Змагацца за яе прыйшоў.

Шынель, паношаная шмат,

Сабраўшая ўвесь дым франтоў,

На чаравіках латак след,

І шапка, што прайшла агонь,

Абмоткі сцёртыя нашчэнт —

Вось амуніцыя яго.

 

Ён рэвалюцыі салдат —

Палац ён не адзін забраў

Князёў, цароў і царанят,

Сабе ж нічога не прыдбаў.

Насіў увесь ладунак свой

На дне салдацкага мяшка —

Кулёк з любімаю махрой

І пайку хлеба-аўсюка.

 

Ён рэвалюцыі салдат —

Ўладальнік цвёрдых мазалёў,

Ён сынам быў сялянскіх хат

І сутарэнняў гарадоў.

Хоць па складах ён ледзь чытаў,

Але быў вопытны ў жыцці,

Сваю праграму добра знаў —

Куды і як, за што ісці.

 

Ён рэвалюцыі салдат.

І з горда ўзнятай галавой

На першы ленінскі загад

Выходзіў на смяротны бой.

Гатовы заўжды — ўночы, днём

Хай на цяжкі, суровы марш,

Пры ім вінтоўка са штыком

І брызентовы патранташ.

 

Ён рэвалюцыі салдат.

Змагацца за парод — закон.

Каб знішчыць ворагаў напад,

За зброю моцна браўся ён.

Ён праліваў і кроў і пот,

На ледзяністым стыў вятры,

Прайшоў падполлі ён і фронт,

І партызанскія бары.

 

Ён рэвалюцыі салдат.

Са шляху цешыцца свайго.

Рад. Дачакаўся. Пяцьдзесят

Год рэвалюцыі яго.

На свята радасці прыйшоў —

Сягоння ў шчасці новы дом.

Хоць шмат няма яго сяброў,

Ён рад іх быць прадстаўніком.

 

Ён рэвалюцыі салдат.

Няхай, што лічыцца старым,

Яшчэ нямала дасць парад,

Як жыць на свеце маладым.

Як узнімацца з кожным днём,

Не гасла каб святло ў вачах,

Яму самім жа Ільічом

У рукі дадзены быў сцяг!

 

 

НА СВАЁЙ ЗЯМЛІ

Няма ў нас гор, няма ў нас мора,

Ды мы й не зналі, дзе яно,

Бо я з тае зямлі, дзе гора

Глядзела ў кожнае акно.

 

Яшчэ й цяпер літанні чую

І стогн расхрыстаных вятроў,

Бо я з тае зямлі, якую

Вайна таўкла ў мільён цапоў.

 

Мы звыклі бачыць босых, голых,

Было, на жаль, пакутных шмат.

І я з тае зямлі, дзе колас

Ледзь суцяшаў нас да каляд.

 

Але нішто нас не скасіла,

Мы ўсе мужнелі як мага,

Бо я з тае зямлі, дзе сіла

Расла, не знаўшы пірага.

 

І сумных ў нас вы не шукайце —

Душа, што жаўранак, пяе,

Бо я з тае зямлі, вы гляньце,

Я сам падобны на яе:

 

Як з гліны збіты з камянямі,

Абветраны за шмат гадоў,

Быў з галавою нечасанай,

Як гнёзды тыя, што ў гракоў.

 

Ды толькі ўвесь рухавы, пруткі;

Нібы сцямнелы ад смалы;

На грудзях хмыз; зірнеш на рукі —

Як на карэнні тым, вузлы.

 

Такімі зроблена багацце,

Што бачыце з усіх дарог,

І я з тае зямлі, дзе праца —

Наш быт,

наш скарб,

наш цар,

наш бог.

 

Наш крок упэўнены,

не вузкі,

Бо сонца ў нас перамагло,

І я з тае зямлі, дзе спуску

Праз век за крыўды не было.

 

Другая праўда сёння ходзіць,

Другі ў нас лад, яшчэ й які!..

І я з тае зямлі, дзе родзіць

І нам і дзецям на вякі.

 

А скарб важкі нам з нетраў звоніць

У некранутай цаліне.

І я з тае зямлі, дзе сёння,

Дзе б я ні быў, найлепей мне!

 

 

* * *

Мы выйшлі з цямноты, нядолі і гора,

Мы самі свае распалілі агні.

Жыццё й барацьба нас з’ядналі, як мора,

І мора не мае такой глыбіні.

 

Мы — кропля ды з кропляй прайшлі загартоўку,

З’ядналіся. Разам наперад нам плыць.

Хто мора падзеліць на кроплі ізноўку?..

Так нельга і нас па адным падзяліць.

 

 

* * *

Ніякіх вестак, дзень не першы,

Так хутка месяц праміне.

Адстукай, вецер, мне дэпешу

Кляновым голлем на акне.

Куды яна кірунак значыць,

Чаму яе згубіўся след?

Як хто, як хто, а ты дык бачыў,

Бо ты аблётаў цэлы свет.

Што ж ты гудзіш, сказаць баішся?

Прыстаў і кружыш нада мной...

А я цябе прашу, вярніся,

Гукні, паруш яе спакой!

 

 

АЭРА

Новая эпоха, новая эра,

Новыя прасторы, новы дом...

Забяры мяне, аэра,

аэра,

Аэрафлот,

аэрадром!

Птушкі срэбракрылыя,

вам я сёння веру,

Шыі лебядзіныя — вам палёт...

Забяры мяне, аэра,

аэра,

Аэрадром,

аэрафлот!

Неба неабдымнае, чыстае без меры,

І куды ні глянеш — сінь кругом...

Забяры мяне, аэра,

аэра,

Аэрафлот,

аэрадром!

Неспакойна сэрца. Імкне наперад,

Хоць яго чакае шмат клапот.

Забяры мяне, аэра,

аэра,

Аэрадром,

аэрафлот!

 

 

У ТРУБЫ ТРУБІЦЕ!..

Зноўку павеяла холадам, сцюжай,

Грозна навіслі крывавыя хмары...

Людзі, не дайце вас пеклу адужаць,

У трубы трубіце голасна, дужа,

Спуску ні кроплі ніякім пачварам,

Мір пад ударам, мір пад ударам!..

 

Бачыце, зарыва ў джунглях В’етнама,

Можа з’явіцца і ў вашае хаце.

Кожны — юнак ці стары ты гадамі —

Біце ў тамтамы, біце ў тамтамы,

Добрых людзей да яднання склікайце,

Мір — гэта самае наша багацце!

 

Досыць планету нявечылі раны,

Выбухаў хопіць між пальмаў і ў жыце.

Каб не ўзнімаўся забойца паганы,

Біце мацней і гучней ў барабаны,

Гулы гарматаў на свеце глушыце,

Біце ў тамтамы, у трубы трубіце!..

 

 

АСЕННІ ВЕЦЕР

Асенні вецер несціханы паміж расхрыстаных бяроз,

Адкуль, з якіх ты акіянаў хмурыны чорныя прынёс?

 

То загудзіш, то зарагочаш,

то, ледзьве скалануўшы ціш,

Ты раптам па зялёнай руні, як шустры хлопчык,

прабяжыш.

То, ўвысь падскочыўшы,

з рабінай пачнеш настойна жартаваць,

Табе б хацелася ўсю чырвань з яе, прыгожае, забраць.

 

Асенні вецер, ты сцюдзёны, і да зімы хутчэй ляці,

Прышлі вясновы, з ім, малодшым,

рабінам зноўку расцвісці.

 

Дарма злуешся ты сягоння і паціскаеш на басы,

Ты паглядзі — на медных соснах твае сівыя валасы.

 

 

* * *

Больш не магу. Даю зарок:

— Бяру я сэрца на замок.

Ды і вачам такі наказ:

— Вас ашукалі ўжо не раз.

Каб не набрацца зноў бяды,

Глядзіце на свае гады.

На ўсё мінулае лёг цень...

Так скончыў я аднойчы дзень.

Ну што ж, даволі пакружыў!..

Ды моцным я нядоўга быў.

Пачуў я новы галасок...

Ці трэба сэрцу той замок?

Калі ж угледзеў, як прайшла,

Здалося, ключ яна знайшла,

Сустрэў яе вачэй святло...

Таго замка — як не было!

 

 

* * *

А я сабе азначыў зорку

Адну, хоць іх на небе шмат,

Нібы з табой вяду гаворку

І быццам бачу твой пагляд.

 

Бывае, можаце дзівіцца,

Прымроіцца такое мне —

Мяне пабачыць, разгарыцца

I нават часам падміргне.

 

Няхай, мо гэта і нязвыкла,

Ды зорка тая мне бліжэй,

А ты згубілася і знікла,

Хоць іх і меней між людзей.

 

 

СКНАРА

Быў скнара ён. За скнару горай

Падлічваў крупы, едучы.

Ой, і займела жонка гора,

З такім на свеце жывучы.

 

Ён налятаў вар’ятам нейкім,

Было — й за грудзі скалане:

— А дзе падзела ты капейку,

Дай справаздачу зараз мне!

 

У кепачцы марозіў вушы,

Нідзе шкарпэтак не купіў,

На ногі больш і больш цягнуўшы,

Панчохі жончыны насіў.

 

Завуць у клуб... Ён вочы збычыць:

— Чаго не бачылі мы там?

Як прыйдзе вечар, лічыць, лічыць,

А што — не ведае і сам.

 

Адкуль жа ён?.. Я доўга думаў:

Што з гэткім скнарам, што рабіць?

Яго б паслаць у Каракумы —

Усе пясчынкі падлічыць.

 

 

* * *

Няхай бы лепей быў мароз,

Што робіць неба, проста жах,

Каторы тыдзень дождж і дождж,

Аркестрам труб гамоніць дах.

 

Дрыжыць, аж пасінеў, ліхтар,

Падобны на кісель пясок...

І мне здаецца, земны шар

Аж да Амерыкі прамок.

 

* * *

Дзяруць, бывае, дарма глотку,

Ці ёсць прычына, а ці не.

Калі я ўспомню тую сходку,

Дык аж мурашкі па спіне.

 

Бо там без літасці, без жалю

Напалі так на аднаго —

Вы чулі, як кацёл кляпалі,

Вось так кляпалі і яго.

 

— Сябры, чаго вам гарачыцца,—

Кажу ім,— гэта ж проста жах!..

Хацеў я шчыра заступіцца...

І мне прыпала па зубах.

 

Хтось адсвянціў мяне са спрытам.

Ну што падумаць пра такіх?

Каб нізавошта быў ён біты,

Дык не кідаўся б на другіх!

 

 

ПОЗНЯЯ ВОСЕНЬ

Птушыных спеваў анізвання,

Як шкло, на пожнях ручаі.

Мятлюг і сіверу чаканне —

Насцеражыліся гаі.

 

Засрэбралі, пажухлі травы,

Скавала на грудкі раллю...

А неба — як мяшок дзіравы:

Злятаюць зоры на зямлю.

 

 

* * *

Яно чым далей-болей —

Хутчэй праходзіць час.

Што вызначана доляй —

Не абмінае нас.

 

Аж сэрца загарыцца,

Калі ласкава так

Цябе гукнуць, паклічуць:

«Гэй, хлопец... ці юнак».

 

Пасля, глядзіш, знянацку

Кліч іншы даляцеў —

Цябе гукаюць: «Бацька!»

Ты шчасны і схмурнеў.

 

Ды загаруеш штосьці,

Хоць, можа, так і след,

Калі аднойчы хтосьці

Цябе пакліча: «Дзед!»

 

 

* * *

Я перажыў трывог нямала,

Ды з той часіны веснавой

Нішто мяне не хвалявала,

Як першы ліст дзявочы твой.

 

Плылі вішнёвыя завеі,

А шчасця не было мяжы —

Твой ліст прынёс адну надзею

І многа сонца для душы.

 

 

ПРА ЧЫРВОНУЮ ЗОРКУ

Калі б хто запытаўся

Аб пачуцці маім:

— Што люблю я найболей,

Захапляюся чым?

Адказаць бы не здолеў

Я, напэўна, шчырэй:

— За чырвоную зорку

Мне нішто не мілей.

Бо яна гадавала,

З ёй з маленства я рос.

Мне чырвоная зорка —

І мой бог і Хрыстос.

Нашы хаты хавалі

Жудасць, цемра, імгла...

А чырвоная зорка

Да ясноты вяла.

Як яна палыхае

Светлячком-аганьком,

На грудзях, што спявае.

Над узнятым чалом.

Сёння бачу шчаслівы

Нашых зорак парад —

Над марамі, на небе,

Па-над вежамі шахт.

Бачу злітак наймоцны

Нашых думак і мэт.

Мкне чырвоная зорка

Да далёкіх планет.

З ёю мы неразлучны

Кожны міг, кожны час,

Як чырвоныя зоркі,

Сэрцы нават у нас!

 

 

ІЗНОЎ РАЗМОВА З БУСЛАМ

Як толькі новы дзень на нівы

Нагою ступіць перш-наперш,—

І ты, як гаспадар руплівы,

Яшчэ на золаку ўстаеш.

 

Сябе праверыш. Крылы ўздымеш,

Памчыш праз нівы і гаі,—

Плывуць пад крыламі тваімі

Лужкі, імшары, ручаі.

 

Здабыткі ўгледзіш. Без вагання —

Стралою ўніз... Схапіўшы іх,

Нясеш імкліва на сняданне,

Каб накарміць сваіх малых.

 

У дзюбе жабянё якое,

Вялізны смоўж, змяя ці ўюн —

Глядзіш з дакорам ты на тое,

Як нішчыць пеўніка каршун.

 

Ты ж сам, калі дзяцей накорміш,

Клякочаш над гарбамі хат,

Стаіш, апранены па форме,

Ну, як сапраўдны дыпламат!

 

 

* * *

«Джы-ай» ваюе. Што ён стрэне?

Не ведае, ці будзе жыць...

А хто набіў свае кішэні,

Напэўна, той спакойна спіць.

 

А бой ідзе цяжкі, крывавы,

І я пытаюся, паэт:

Няўжо няма на іх управы,

Чаму іх не суцішыць свет?

 

Ізноў Амерыка шалее,

Ізноў бамбёжкі і напалм...

Спаць не давала мне Карэя,

Спаць не дае цяпер В'етнам!

 

 

* * *

А ўсё яно ідзе з малога:

Ад жалуда — магутны дуб,

З квадрата — шырачэзны пляц,

Ад бервяна — высозны зруб,

З цагліны першае — палац.

Ад першае маны — пляткар,

Ад ніткі першае — дыван,

Ад іскры першае — пажар,

Ад слова першага — раман,

Ад кроку — далечы шляхоў,

З пагляду першага — любоў.

 

 

ГЭТА МАЁ СЭРЦА

Неспакойна і пакутна недзе ў сумнай хаце,

Усю ноч сядзіць трывожна маці пры дзіцяці.

Глянь жа, маці, што ў аконцы так спагадна б'ецца? —

Гэта маё сэрца!

Школа. Чуць рыпенне пер'яў, ва ўсім класе ціша,

А на вокнах, днём марозным, хтось таксама піша.

Хто ж такі, хто хоча з дзецьмі ў гэты час сустрэцца? —

Гэта маё сэрца!

Гул вясельны, аж бутэлькі выцягнулі шыі...

— Горка!.. Горка!..— Ды прымусу рады маладыя.

Гляньце ў вокны, вам вясёла, хто ж да вас імкнецца? —

Гэта маё сэрца!

Земны скарб занеслі ў высі родныя маторы,

Паглядаю я ў бязмежжа, дзе мігаюць зоры,

Хто ж на Месяцы, дзе герб наш быццам птушка ўецца? —

Гэта маё сэрца!

Поле ў чэрвені красуе, ходзяць жыта хвалі,

А ў жытным — дзяўчаты песню дружна заспявалі,

І дзяўчатам раптам штосьці рэхам адгукнецца —

Гэта маё сэрца!

 

 

* * *

Снягамі з поўначы задзьмула

Маё маленькае сяло,

Так закружыла, загарнула

І аж па бровы замяло.

 

Адной мятлюзе быццам трэба

Сівымі космамі кружыць —

Палеткаў край, пачатак неба.

Каб як хацеў — не разлічыць.

 

Як маскхалатамі схаваны —

Нідзе хаціны не відаць.

На ўзгорку, быццам партызаны,

Пяць сосен вартаю стаяць.

 

 

* * *

Дзе ад старасці падзецца,

Што на ўсіх шляхах стаіць?

Старасць мудраю завецца,

Хлапчуком жа лепей быць.

 

Што старому? Устрыманне,

На пілюлі паглядай,

І малым дай навучанне,

І сталейшым прыклад дай.

 

А я вось які бываю:

Галубоў ганяць магу,

Змея з дзецьмі запускаю,

За качулкаю бягу.

 

Дзень праводжу ля рачулкі

З самаробленым кручком...

Ах бы зноў аброць у рукі —

Паганяцца за канём!

 

 

* * *

Ну я, вядома, не герой.

Якая сіла ў аднаго,

Каб скончыць мне ураз з бядой?

І не спытаеш ні ў каго.

 

— Чаго хвалюешся, паэт?

Не перайначыш словам дзён,

Маўляў, ідзе наш белы свет

Такой хадой, як хоча ён...

 

Ды сэрца чуе — хібны шлях.

Няўжо на міг спанікаваў?

Ад злосці горача ў грудзях,

Што думку гэтую згадаў.

 

Я ж не спускаў з маіх вачэй,

Што дзе рабілася, калі...

Вагою сэрца і плячэй

Узважыў гора ўсёй зямлі.

 

Я не баюся бой сустрэць,

Няхай сябе не зберагу.

Не, я па сутнасці баец,

Інакшым быць я не магу.

 

А ў слове — выбуху начын.

Калі пагроза ці напад —

Я з мужным словам не адзін,

Радок мой кожны, як салдат!

 

 

* * *

Вядома мне: яно не нова,

Ды я сцвярджаю між другіх,

Што кветак ведаю размовы —

І лугавых і палявых.

 

Нядоўгі век — адна гаворка.

Але дзяўчатам на вянкі

З ахвотаю — на іх галоўкі —

Ідуць рамонкі, васількі.

 

Купалля кветкі... Іх задужа,

Гатовы ўсім паваражыць...

І чую я, што хочуць ружы

Аж ля дзявочых сэрцаў быць.

 

Цераз лугі, цераз палеткі,

Пакуль не ўкрые іх зіма,

Іду, сваю гукаю кветку,

Ды нешта водгуку няма.

 

 

* * *

Якімі б ні ішоў шляхамі,

Як гляну, зрокам не абняць —

Скрозь Т і Т пад правадамі

З электраазбукі стаяць.

 

Ідуць праз пушчы і паляны,

Праз рэкі, стэпы і палі.

Так распісаліся тытаны —

Мае хлапцы — з маёй зямлі.

 

 

* * *

Задума першая мая —

Чаго жаданне не кране,—

Калі б наважыў толькі я,

І ты адразу да мяне.

 

Калі прыйду туды, дзе лес,

Дзе быў калісьці маладым,

Туды, дзе гай і белы бэз,

Каб ты стаяла перад ім.

 

Ты помніш сад ва ўсёй красе,

Пахучы, чэрвеньскі спакой

І пожню ў ранішняй расе?

Давай пабегаем па ёй.

 

А ўспомні звычай наш такі,

Калі ніхто, ніхто не спіць,

Ноч на купалле і вянкі...

Давай жа зноўку варажыць...

 

Мо наварожым штосьці з тых,

Даўно мінулых слаўных дзён?

А ці не шчасце нават міг,

Калі прыгожым будзе ён.

 

 

У ЛЕНІНГРАДЗЕ

Каб ведаў ты, якая радасць,

Каб сэрца стук майго пачуў,—

Праходжу я па Ленінграду,

Ад дум, здаецца, узлячу.

 

Дык вось дзе — слаўная «Аўрора»,

Ісакій з гордай галавой...

Няўжо я тут і дзіўны горад

Так разгарнуўся прада мной.

 

Дамы. Гранітнае адзенне.

На іх ляжыць стагоддзяў час.

Ды гэта ж тут калісьці Ленін

Хадзіў задумлівы не раз.

 

І я, схіляючыся быццам

Да часу даўняга таго,

Зайздрошчу нават камяніцам,

Якія бачылі яго.

 

І мне здалёк у небе сінім

Александрыйскі шпіль відзён.

І я гляджу — прад ім жа Зімні,

Што стаў вядомым з бурных дзён.

 

Я чую, як часінай тою

Людскі натоўп тут грозна гуў...

Гляджу на плошчу, на якое

Кастрычнік свет ускалыхнуў.

 

Той гул прайшоў, як гоман весні,

Аж да астатняга сяла.

Я адчуваю — мая песня

Таксама што адсюль пайшла.

 

Не, не шукала яна славы,

З байцамі мкнула побач стаць.

Мой Ленінград! Хачу мець права

Сягоння так табе сказаць:

 

Калі, бранёй вайны закуты,

Ты галадаў, на сцюжы стыў,

Я ўсе, як ёсць, твае пакуты

Глыбока ў сэрцы перажыў.

 

Адданасці, любові брацкай,

Нязгаснай веры ў барацьбе

І простай мужнасці салдацкай

Мы навучыліся ў цябе.

 

А прыгажосць! Не помню штосьці,

Каб дзе такое я пазнаў.

Ды што казаць, аб прыгажосці

Тваёй сам Пушкін напісаў.

 

Расці ж, красуйся над Нявою —

Красой рэвалюцыйных рэк,

Дазволь, як сыну, быць з табою,

І ў гэтым шчасце — і навек!

 

 

ОДА ЗУБРУ

Зубр, ну волат, не іначай,

Між пушчанскіх жыхароў!

Думаю, калі пабачу,—

Скуль жа ён, з якіх вякоў?

 

Не злічыць яго гадамі,

Часу мерай ніякой,

Ён пры Еве і Адаме

Ганарыўся барадой.

 

З тых часоў стагоддзяў сотні

Галаву ён горда нёс,

Між бароў, лясоў дрымотных,

Памнажаючыся, рос.

 

Потым зграя паляцела

І знішчала яго шмат —

Кароль Аўгуст, князь Ягела,

Цар Мікола, Герынг-кат...

 

Хто яго ні біў, ні рэзаў,

Даканалі аж датла.

Пушча, пушча Белавежы,

Ледзь яго ты зберагла.

 

Па тваіх цяпер гушчарах

Ходзяць вольныя зубры,

Над табою уладараць,

Мы ж — іх верныя сябры.

 

Зубр, зубр! Мужны, лоўкі,

Я пра моц тваю пяю.

Калі п’ю калі зуброўку,

Толькі ў твой я гонар п’ю.

 

Над табою хвоі шаты,

Ці то лета, ці зіма,

Маеш добрую ты хату,

Лепшае ж у нас няма.

 

Ты жывеш у ёй, пасешся,

Скрозь лужкі, хмызняк, гаі...

Хочаш піць, дык ледзь нагнешся

Калі ласка, ручаі...

 

Сёння ты жывеш салодка,

Тваё племя — узрасло,

Бо жыцця такога ў продкаў,

У тваіх жа, не было.

 

Паважаюць вас багата,

Ды вы й варты, так і след —

Раз’язджаюць зубраняты,

Паланілі цэлы свет.

 

Кожны раз, як давядзецца

На цябе хоць глянуць раз,

Ведай, як пры нас жывецца,

Не ў стары, пракляты час.

 

 

* * *

Мастацтву ў нас прастор вялікі.

І вось найлепшая з прыкмет:

Што ні калгас, дык свой музыка,

Што ні калгас, дык свой паэт!

 

 

СТАРЫ ГОРАД

Ездзіў я калісьці ў горад,

На кірмаш, хлапцом малым,—

Быў падобны горад даўні

На таго, хто жыў у ім.

 

Прадвадзіцеля дваранства

Дом быў лепшы з усяго,

І калоны, быццам варта,

Падпіралі моц яго.

 

Тут жа, ў цэнтры, на прыгорку,

Крыж насунуўшы на лоб,

Прымасцілася царкоўка,

Ну, нібы сапраўдны поп.

 

А далей, крыху ў завулку,

У карнізах з-пад разца,

Невысокі, таўстапузы

Дом багатага купца.

 

А з-за іх плячэй, высозны,

Злосна з кратаў паглядаў,

І сцюдзёны і суровы,

Як жандар, астрог стаяў.

 

А на ўскрайках хаткі, хаткі

Незаможнікаў усіх,

Абшарпаныя дашчэнту,

Як і вопратка саміх.

 

 

* * *

Каб розум перабраць я мог,

Як некалі малым гарох,

Каб так навесці чысціню,

Каб клеткі ўсе — адна ў адну!

Дадаць якую да якой,

Навесці ў іх парадак свой.

Ды, як належыць, разлічыць

І па палічках разлажыць.

Найбольш з усіх, што толькі ёсць,

На працу, радасць, весялосць,

І хоць ад гора не ўцячэш —

На гора кінуць як найменш.

Хай шчасце свеціцца ў вачах,

Зусім не даць на боль, на страх,

А болей гэткіх адлажыць —

Каб доўга жыць, каб жыць і жыць!

 

 

ХЛЕБ

Скрозь за машынамі машыны

Гудуць,

дымяць,

рыпяць...

Ды ёсць фургон,

які заўсёды я рады сустракаць.

 

Хоць не такі ўжо і прыгожы,

але прывабны ён,

Ён паміж іншых спакайнейшы,

здалёку мне відзён.

 

Гудзе...

За ім я адчуваю

калгаснае сяло,

Здаецца, быццам поле з жытам

на вуліцы прыйшло.

 

Хоць шмат жыву, але не знаю

істотнейшых патрэб,

Чым бачыць надпіс на фургоне

з адзіным словам: «Хлеб».

 

 

* * *

Зямля! Гляджу на ўсё жывое,

гляджу на дрэвы, на траву,

І я між іх, табой узняты, тваімі сокамі жыву.

 

Карэннямі ў глыбі сабраны, святло світальнае я стрэў,

Табой, як зерне, ўзгадаваны, узрос, напіўся і даспеў.

 

А ты дала рукам работу, каб мог я заўжды працай жыць,

Дала кавалак хлеба ў рукі і конаўку вады з крыніц.

 

Паслала мне дзеля спачыну на баравінах шызы мох,

Каб заўжды я знайшоў прытулак,

з цяжкіх вярнуўшыся дарог.

 

Дала мне спеў гаёў, дуброваў, што век яго не разгадаць,

І кветак шмат параскідала, што іх ніколі не сабраць.

 

І весяліш мяне і цешыш ты карагодамі бяроз,

Дажджы з-пад неба заклікаеш, каб не засох я, каб я рос.

 

Адкрыла далеч прад вачыма шляхоў пятлястых палявых,

Рачулак, рэк тваіх бруістых паміж узгоркаў баравых.

 

Каб я не быў у адзіноце у часе горасных гадзін,

Паставіла навокал варту з магутных сосен і ялін.

 

Дала мне ўсё, каб я заўсёды хадзіў з узнятай галавой.

Зямля, глядзі! І я аддана стаю на варце на тваёй!

 

 

ЧЫРВОНЫЯ СЛЕДАПЫТЫ

Ніхто ў нас не будзе забыты,

Бо справа ў надзейных руках —

Чырвоныя следапыты,

Чырвоныя следапыты,

Шчаслівы, шчаслівы вам шлях!

 

З узгоркаў, што мохам спавіты,

З траншэяў, што выраўняў час —

Чырвоныя следапыты,

Чырвоныя следапыты,

Героі выходзяць да вас.

 

З білетаў, што куляй прабіты,

Пракопчаных дымам вайны,

Чырвоныя следапыты,

Чырвоныя следапыты,

На вас паглядаюць яны.

 

Зямля іх крывёю паліта,

Каб жыць вам, каб слаўна расці,

Чырвоныя следапыты,

Чырвоныя следапыты,

Вам многа хадзіць па жыцці.

 

Расціце ж, будуйце са спрытам,

Даходзьце пільней да ўсяго —

Чырвоныя следапыты,

Чырвоныя следапыты,

Дазорцы народа свайго!

 

 

У ШАРУЮ ГАДЗІНУ

Хоць зведаў я сцяжынак многа,

А ў шлях апошні у жыцці,

Туды, дзе ўжо няма нічога,—

Цяжэй за ўсё ісці.

 

Якое б выпала мне шчасце,

Каб ён без болю так настаў,

Як і жыццё я немаўляцем,

Не адчуваўшы, пачынаў.

 

 

КУПАЛАЎЦАМ

Песні роднае запявалаўцы,

Ваша слава па свеце коціцца.

Адчыняйце заслону, купалаўцы,

Як мне бачыць і чуць вас хочацца!

 

У дні шчасныя і журботныя

Вы з’яўляліся мне, нязвычныя,

Нібы ў смагу жыцця спякотную

Я напіўся вады крынічнае.

 

З вамі думкамі ўвысь ляцелася,

То з імклівымі, то з жалобнымі,

Многа-многа каму хацелася

Быць на вас, на майстроў, падобнымі.

 

Вы і мне пасаблялі вырасці

Слоўмі пэўнымі і жаданымі.

Мне б без вас, я кажу па шчырасці,

Дні здаваліся б часта марнымі.

 

Дык віншую вас, запявалаўцы,

Ваша слава па свеце коціцца.

Адчыняйце заслону, купалаўцы,

Як мне бачыць і чуць вас хочацца!

 

 

ВЕТЭРАН

Бялеюць вежы стромыя, здаецца, вышай хмар,

А ён ідзе па горадзе, ідзе як гаспадар.

Скрозь на праспекце Ленінскім вітрыны зацвілі...

А ён жа помніць, вуліцы інакшымі былі —

І тыя хаты гіблыя, нахмурыўшыя лоб,

І брук і тых рамізнікаў пад воклічы: — Гоп-гоп!..

І па майстэрнях згорбленых — пагорблены народ,

Курлова губернатара і расстраляны год.

 

Плывуць, як тыя лебедзі, прад ім лятункі мар,

І ён ідзе па горадзе, ідзе як гаспадар,

Ідзе па даўняй вуліцы... Мяцеляцца агні...

Была яна бунтоўнаю ў кастрычніцкія дні.

І выплыла мінулае, калі ішоў па ёй,

Чырвоным бантам значаны на куртцы скураной,

Калі страляў гарадавых і порсткіх юнкероў

З вінтоўкі трохлінейнае і ўперад сам ішоў.

 

З часіны той гарачае ў душы нязгаслы жар,

І ён ідзе па горадзе, ідзе як гаспадар —

Прад ім абжыты з даўняга яго прывабны кут,

Дзе быў раней рабфак яго, а потым — інстытут,

І парк над ціхай рэчкаю, дзе бавіў вольны час

І дзе калісьці з любаю страчаўся ён не раз,

Дзе месяц сцежку значыў ім, як вечны той ліхтар,—

І ёп ідзе па горадзе, ідзе як гаспадар.

 

Ды памяць устрывожана і чорным часам тым,

Што выпала і гораду і выпала прад ім,

Калі напоўзлі набрыдзі, было, што хоць загінь...

Яны ж ігрышчы ладзілі, скакалі між руін.

Салдат жа рэвалюцыі — заўсёды ёсць салдат,

Ізноўку доля выпала — узяў ён аўтамат.

Разбілі ўшчэнт і знішчылі, прагналі ўсіх пачвар,

І ён ідзе па горадзе, ідзе як гаспадар.

 

Любуецца кварталамі, іх ладам, пекнатой,

Хоць горад і мяняецца, а сам, здаецца, той —

Ну, той, што ў хатцы згорбленай малым калісьці рос.

І хто на гэтых вуліцах нямала бачыў слёз,

І той, каго ўсе нелюдзі са злосцю паклялі,

Хто потам абліваўся, хто зведаў мазалі,

Хто першы раз кахаў тут, каб потым заўжды жыць!..

Прад ім — любімы горад, як дзіўна ён гучыць!

Сам збудаваў усё тут, сабе і ўсім у дар —

І ён ідзе па горадзе, ідзе як гаспадар!

 

 

ПАМІЖ ПАХІЛЕНЫХ БЯРОЗ

Прыйшлі мой край закатаваны

Браты-героі вызваляць,—

Байцы франтоў і партызаны

На Беларусі побач спяць.

Спяваюць птушкі. Месяц свеціць.

Але герояў не збудзіць.

І толькі вецер, буйны вецер

Паходным маршам ім гудзіць.

Шмат росаў на магільных травах,

Нібы журботных матак слёз,

І бачыцца мне — ордэн Славы

Паміж пахіленых бяроз.

 

 

НОЧ

Ночку праспіш, не заўважыш,

а то не заплюшчыш і воч,

Рознаю, рознаю, рознаю,

рознай бываеш ты, ноч.

Чорная, чорная, чорная,

гэта цябе як няма.

Светлая, светлая, светлая,

як ты прыходзіш сама.

Доўгая, доўгая, доўгая,

як застаюся адзін,

Прыйдзеш,— такая кароткая,

некалькі быццам хвілін.

 

 

БЫЎ Я СЕЛЬКОРАМ

Майго юнацтва ранне

Кружыў жыцця віхор...

Я рад, што быў у званні

Хвалюючым — селькор.

Пісаў пра ўсё старанна,

Пра ўсё, што бачыў зрок,

Пад подпісам таемным:

«Чырвоны алавок».

Кляйміў, як толькі можна,

Знішчаючы бяду,

Выводзіў злыдняў розных

На чыстую ваду.

З селькорам расквітацца —

Яны пятлю вілі,

Ды хто ім быў — дазнацца

Пакуль што не маглі.

Лягчэй бы хто іголку

У сене адшукаў.

А я адзінай толькі

Прызнаўся. Пакахаў.

Пасля зусім скарыўся,

Параіўшыся з ёй,

Перад сялом раскрыўся

Я ў творчасці сваёй.

І людзі, што чыталі

Старонкі тых газет,

Часамі мне казалі:

— Працуеш, як і след.

Я ж допісам калісьці,—

Чытач, ты мне павер,—

Найболей ганарыўся,

Чым вершамі цяпер.

 

 

ВЕРНАСЦЬ

А я люблю без лішніх слоў

Такую вернасць між сяброў:

Як верны корань прад ствалом,

Як дзень прад ранішнім святлом,

Як зерне — новаму растку,

Як голле — кожнаму лістку,

Як вуллю роднаму — пчала,

Як крыллі, што нясуць арла.

Хачу быць верным да сяброў.

Як сэрца іхняе, як кроў.

 

 

* * *

Каму Памір, каму Ай-Петры,

Каму Чымган, Эльбрус, Казбек...

А мне? А мне лясныя нетры

Ва ўладу дадзены навек.

Вяршыню горную, сівую

Мне не зраўняць з вяршыняй іх,

Ды я, паверце, не крыўдую,

Люблю свой лес ад дзён даўных.

У ім жа кожная бярозка

Зялёным хваліцца плашчом.

Зірну на сосны — гэта войска

Стаіць як след, плячо ў плячо.

Калі ж я на яліны гляну,

Успомню, як гадаў малы,—

Шырока, быццам тыя пані,

Параспушчалі падалы.

А строй дубоў — нібы дазорцы

Свае вартуюць рубяжы,

А абамшэлыя азёрцы,

А выспы, выгары, лаўжы...

Тут дрэвы, хмыз, трава густая,

Усё, як ёсць, адна сям’я.

З іх кожнае — спрадвеку мае

Сваё выключнае імя.

Іду...

Куды пагляд ні кіну —

Высозны, меднастволы бор,

Здаецца мне — яго вяршыні

Вышэй за ўсё, і нават гор.

 

 

* * *

Крыніца побліз маёй вёскі, схаваная ў густым трысці,

Люстэркам чыстым,

самым першым ты мне з’явілася ў жыцці.

 

Як толькі я, малы, схіліўся напіцца чыстае вады,

Здзівіўся вельмі:

скуль той хлопчык, увесь мурзаты і худы.

 

Ішлі гады, чым далей-болей, усё мне растлумачыў час,

І да крыніцы з асалодай я ўжо варочаўся не раз.

 

З яе глыбіні часта ўлетку прад вечароваю зарой

Я выглядаў з даўжэзнай пугай і берасцянаю трубой.

 

Пасля, калі на вечарынку я адыходзіў сугрунём,

Юнак падміргваў мне з крыніцы

з вяргіняю над казырком.

 

А потым той мяне трывожыў, не даючы спакою, сну,

Што, спахмурнеўшы, сцяўшы вусны,

мяне праводзіў на вайну.

 

Вярнуўся я. Бруіць крыніца, хадзіў якую бараніць.

Гляджу з крыніцы пастарэлы. Нямала бачыў я крыніц.

 

Піў з кацялка і з розных кубкаў,

і з крышталёвага піў шкла,

Але няма мацней крыніцы, што сілу першую дала.

 

Калі нап’юся, жвава ўстану і гляну ўдалеч з-пад рукі —

Крыніца зменшыла на твары ды і на сэрцы маршчакі.

 

 

ПАРТЫЗАНСКІ ТЭЛЕГРАФ

А тэлеграф у партызанаў

(Хоць аб ім доследаў няма)

Быў просты, ды не менш складаны,

Чым азбука Марзэ сама.

 

Ён браў на службу птушак спевы

І вый ваўчыны у бары,

Дапамагалі кветкі, дрэвы,

Нажы, рыдлёўкі, тапары.

 

І варта партызанаў знала,

Каго гукаў пастух-трубач,

Чаго зязюля кукавала,

Чаго паветра драў дзяркач,

 

Чаму ўначы ці на світанні

Кракочуць качкі ў паплавах,

Чаго расплакалася каня,

Чаго кугакала сава.

 

І без чарніла, без алоўка,—

Каб ведаў штаб, каб знаў дазор,—

Пісала на зямлі рыдлёўка,

На дрэвах ножык ці тапор.

 

І ведаў штаб, што спланавана,

Ісці дарогаю якой,—

Па тэлеграфе партызанаў

Мы ўсе збіраліся на бой.

 

 

ЛЯСНЫЯ РЫЦАРЫ

Вы ўсе змагаліся са славай,

Каб нашу волю адстаяць.

Лясныя рыцары — па праву

Заўсёды можна вас назваць.

Вы, рыцары, не зналі латаў,

Ні замкаў тых — другі быў час,—

А буданы — лясныя хаты —

Былі прыпірышчам для вас.

Вы ўсе з усходу і да ўсходу

Не зналі стомы ў барацьбе,

Як рыцары ў імя народа,

Не з тых, што толькі за сябе.

Гадамі, грознымі начамі

Вас не туліў нідзе спакой.

І дамы сэрца заўжды з вамі

Хадзілі на рашучы бой.

Кастры ім фарбавалі вейкі,

Ў баях шукалі пекнаты,

І смела клалі тол пад рэйкі,

І падымалі ўвысь масты.

Дзяцей пад елкай калыхалі,

Усіх стараліся абшыць,

Сарочкі на бінты ірвалі,

Каб кроў у ранах супыніць.

І знаюць дрэвы, знаюць травы,

Было ім некалі рыдаць.

Лясныя рыцаркі — па праву

Мне б вас хацелася назваць.

Не бачыў гэтакіх геройскіх,

Пакуль на свеце я жыву.

Будзь слаўна, партызанаў войска,

Што заўжды бачыла Маскву.

І нат цяпер, як гром прарвецца

І дрэвы дружна загудуць,

Дык мне здаецца, мне здаецца —

Лясныя рыцары ідуць!

 

 

* * *

Відаць, ніколі не забыцца

Ні сціплых хат, ні шэрых ніў.

Усё часцей дзяцінства сніцца,

Дзе б у дарозе я ні быў.

Ляціш ці акіян загушкаў —

А кліча ўсё куток адзін:

На любым дрэве нават птушкі

Садзяцца нанач на спачын.

 

 

* * *

Пад вераснёўскімі лістамі

Твае згубіліся сляды.

Тысячагоднімі пяскамі

Пазасыпаны гарады.

 

Што ў іх было?

Людзей, адзенне —

Мне ўсё б хацелася пазнаць,

Але, прызнаюся, не меней —

Твой след сягоння адшукаць.

 

 

ДАРУЙ!

Дарогі доўгае ў жыцці

Нам без памылак не прайсці.

Ад невялікіх — не гаруй,

Ёсць слова добрае — «даруй!».

Чым боль пакутліва хаваць,

Не бойся ты «даруй!» сказаць

Ані пакрыўджаным бацькам,

Анітаварышам-сябрам.

А след — скажы прад грамадой...

І на адзін сардэчна той,

Якой ты кляўся, што любіў.

Ну і вядома — шчырым быў.

 

 

* * *

Клапот нямала і ў салдата,

Не дрэмле ў ночы ён і ў дні,

Каб тая, скуль ён выйшаў, хата

Стаяла заўжды ў цішыні.

 

Ён — «Я!» — адказвае ў паверцы,

Ды добра воіну чутно,

Што шмат мільёнаў родных сэрцаў

З ягоным б'юцца заадно.

 

Надзейна ён трымае зброю,

Не дрогне ў час ліхіх гадзін,

Бо тым, што ў бронзе ўжо героі,

Пакляўся ён — адданы сын.

 

 

ПРЫЯЗДЖАЙ

Хоць на картах усіх вельмі слаба азначана,

Яна ў сэрцы маім і заўсёды пяе...

Прыязджай, паглядзі, што за тая Вушаччына,

Што спакою ніколі мне ў жыцці не дае.

 

Прыязджай! Між лясоў будзеш ты журавінкаю,

Ад смалістых вятроў станеш ты весялей.

Я цябе павяду той адзінай сцяжынкаю,

Што ўплятаецца ў лес, што за мора шырэй.

 

Ах, якія штогод і вясна там і лецечка,

Што ні гай, што ні куст — салаўіны дамок,

Прыязджай, паглядзі, як жа скача там рэчачка

З крамянька-камянька на другі камянёк.

 

Ад духмяных лугоў ты ажно захістаешся,

Ты такога ніколі не пазнаеш віна.

Прыязджай! І тады ты са мной праканаешся —

Ад зямлі там да кожнае зоркі струна.

 

А дзяўчаты, хлапцы, ўсе з якою там ласкаю,

Здасца часам — такіх ў свеце болей няма.

Прыязджай! Паглядзі, гэта ўсё партызанскія,

Што мне болей казаць. Ты пабачыш сама!

 

 

* * *

А час імклівы недарэчы.

Дзе сёння ты? Ў якім кутку?

Не шмат зязюля, на сустрэчах

Падаравала нам: «Ку-ку!..»

 

Прамчала ластаўкаю лета,

Шукаю квецені дарма,

І ты сама, нібы ракета,

Мільгнула, знікла і няма...

 

 

* * *

Свайго ты слова не стрымала

І знікла ў цемрадзі сама,

Ну што ж, і сэрца адпалала,

І нават роспачы няма.

 

Не затрымаць жаданай хвілі,

Усё не вечна на зямлі,

Я быў такім, якога снілі,

На змену іншыя прыйшлі.

 

Я знаю, час прыйшоў схіліцца

Да вечаровага цяпла,

Хоць ты нязменна будзеш сніцца —

Такой, як некалі была.

 

 

* * *

Як да бярна бярно кладзецца,

Як жытні колас вырастаў,

Што не буслы малых прыносяць,

Яшчэ з маленства я пазнаў.

 

Не мог жа аніяк паверыць,

Што не стаіць,

плыве зямля,

Шукаў на небе калясніцу,

Якую мчаў святы Ілля.

 

І мне світаннем велікодным

Іграла сонейка ярчэй,

Баяўся ў змроку выйсці ў сенцы,

Вядома,

ведзьмы і чарцей.

 

Чакаў дзядоў я на каляды,

Куццю ім ставячы як след.

Ва ўсім тады быў з бабкай згодны,

І быў мне ясны цэлы свет.

 

І калі ў возера спускаўся

На ноч чырвоны сонца-шар,

Глядзеў на хвалі я ў чаканні,

Што загатуюцца, як вар.

 

Ішлі гады.

І я выходзіў

З тае дзіцячай прастаты,

І раскрываліся мне тайны,

Нібы з пупышак тых лісты.

 

І хоць таемна нада мною

Яшчэ шмат зорак мігацяць.

Я мог бы шмат чаго сягоння

Сваёй бабулі расказаць.

 

 

Я АДТУЛЬ...

Што ж, як выпадае

Быць паміж чужых,

І мяне пытаюць:

— Ты адкуль, скажы?

 

Дзе б ні быў у свеце

Ў людзях першы раз,

Я даю, паверце,

З гонарам адказ:

 

— Я адтуль, дзе з хлебам

Кожны можа жыць,

Я адтуль, дзе неба

Ў чырвані гарыць.

 

Я адтуль, дзе кожны —

«Лепей — не чапай!..».

Я адтуль, дзе грозны

Партызанскі край.

 

Я адтуль, дзе свежы

Вецер значыць шлях,

Я адтуль, дзе вежы

З зорамі ў вачах.

 

Я адтуль, між роўных

Творца і салдат,

Дзе для ўсіх працоўных

Кожны друг і брат.

 

Я адтуль, дзе й ценяў

Больш няма былых!

Я адтуль, дзе Ленін

Працаваў для ўсіх!

 

 

* * *

Ах, як добра мне сягоння

І пад грабам, і пад клёнам.

 

Ах, як хораша і люба

Мне пад дубам, дубам, дубам...

 

Як прыемна і гасцінна

Пад ялінаю-ялінай.

 

А як песні льюцца звонка

Пад сасёнкаю-сасёнкай.

 

Тут, дзе кожны куст знаёмы,—

Я як дома, я як дома.

 

 

* * *

Бывае, што хтосьці пакіне свой дом

І дзесьці навек асядае...

А я, дзе б ні быў, у старое гняздо,

Як бусел, заўжды прылятаю.

 

Няхай акіяны, хай горы да зор,

Чаго б ні пабачыла вока,

Прымчуся дахаты, як гляну на бор,

І так уздыхну я глыбока.

 

Тут сосны і грабы, рабіны і клён

І елкі, што вецер насеяў.

Між пушчаў для сэрца і свой Парфенон,

Для сэрца свае Калізеі.

 

Хіба я на свеце знайду пекнату,

Як тут, на маёй Беларусі?

Бывае, як бусел, ізноў паляту,

Але неўзабаве вярнуся.

 

 

* * *

Гляджу на дуб я на зялёны,

Ён непрыкметна дзеля воч

На ўзгорачку зямлі натхнёна

Працуе дзень, працуе ноч...

 

Стаіць мажны, стаіць прыгожы,

З галлём, абуджаным паноў,

А колькі ў іх, дарог, дарожак,

Для соку зведаных шляхоў.

 

І ведаю, набыў бы многа,

Каб соку кропелькай з грудка

Я пераплыў усю дарогу

Ад караня аж да лістка.

 

 

* * *

Выйсці б, стаць плячом да гораў,

Так часамі сэрца хоча.

А ці небу шкода зорак,

Мне патрэбны дзве на вочы —

 

Ногі-промні для разгону,

Бас грымотны на размовы...

Мне б адзенне з лісцяў клёна,

А каўнер з лістоў дубовых.

 

Мне б вятрамі прычасацца,

Паружовіцца ў заранкі,

Сцежкай той падпаясацца,

Што прыводзіць да каханкі.

 

Для яе мець сэрца з жарам,

А для ворагаў, што з лёду.

Аб такой я сіле мару,

Каб адбіць усе нягоды.

 

Не прашу яе бясконцай,

Толькі б мне стаяць нязломна.

Хоць бы мне па жменьцы сонца,

Я б сыпнуў туды, дзе цёмна.

 

Шмат яшчэ ў жыцці дакукі,

А ў душы такая прага —

Хоць бы мне па хмарцы ў рукі,

Я б сыпнуў туды, дзе смага.

 

 

* * *

Свайго мы жыцця піянеры.

І зробленых спраў немалых —

Не метраў мільёнамі мераць,

Мільёнамі сэрцаў людскіх.

 

І хоць яшчэ многа патрэбаў,

І хай недароблена шмат —

Не трубы архангелаў ў небе,

А трубы твае, касманаўт.

 

 

* * *

У Беларусі — ясныя вочы,

Многа любові ў грудзях:

Звонкае поле,

Звонкія сосны,

Звонкі і сонечны шлях.

 

У Беларусі

Кожны куточак,

Дзе ты ні пойдзеш, пяе...

Звонкае слова,

Звонкая песня,

Звонкае сэрца яе.

 

 

* * *

Як бы нішто не адбылося,

Над рэчкай туманы дымяць.

Зноў тая ж ноч і тая ж восень,

А толькі вось цябе няма.

 

Стаю ізноў на тым жа ганку,

Скуль знікла ты ў імгле начной.

Няхай бы бліснула маланка

І паказала, што з табой.

 

 

* * *

Мець трэба меру хоць якую.

Ды ёсць у нас адзін паэт —

Ён што ні дзень сябе друкуе

І выхваляецца на свет.

 

Часопісы ідуць. Гартаю.

Перада мной — яго радкі:

«Я ўсіх люблю... я ўсіх кахаю...

Вось я які!.. Вось я які!..»

 

Нібы з каша ён сыпле вершы,

А ў іх адзіны толькі звон,

Што і наймудры, і найлепшы,

І ўсім парадзіць — толькі ён!

 

Яму сказаць хачу такое:

«Навошта, брат, хлусню нясеш?

Не выхваляйся дабрынёю,

Рабі дабро ты моўчкі лепш!»

 

 

* * *

Вясенні вецер па сялібах

Махнуў захмараным крылом.

Ну вось ізноўку плачуць шыбы,

Дрыжыць рабіна за акном.

 

І клён ссінеў, як быццам босы

Прыбег дасвеццем ледзяным,

І нават певень глянуў скоса

На лужыну, што перад ім.

 

Зіма суцішылася звонку,

Адно — умыецца слязой...

І толькі вераб’і гамонку

Вядуць бадзёра пад страхой.

 

 

ЖОЛУД

Пад шапкаю лістоў зялёнай,

У промнях, што снуюць вакол,

Сядзіць, красуецца ў кароне

Ды прыглядаецца на дол —

 

Куды з асеннім ветрам першым,

Карону кінуўшы галлю,

Падзе ён, куляю зляцеўшы,

Прабіўшы цвілую зямлю.

 

Ды сілу ён сваю не страціць,

І вось праз многа-многа год

Яму падобным красавацца

І славіць той яго палёт.

 

 

* * *

Ваш, аж пад неба, стан выносны,

З высока ўзнятай галавой,—

Я захапляўся вашай, сосны,

Гвардзейскай выпраўкай лясной.

 

Мядзяны бляск, а моц, як сталі,—

Гадам нялёгка вас разбіць.

Не раз грудзьмі абаранялі

Вы нас ад бур і навальніц.

 

Але прайшло гадоў ці мала,

І старасць сумная прыйшла,

І вас, ссівелых, даканала

Зубчастым языком піла.

 

Гляджу на здзёртае убранне,

Як аскабалкі рук тырчаць...

Здаецца, паўшыя ў змаганні,

Застыўшы, волаты ляжаць.

 

 

* * *

Люблю начысціню размовы,

Каб не цямніў іх фальшу дым.

І ласкі не хачу частковай —

Паловы не люблю ва ўсім.

 

Усё, што поўна,— сэрцу люба:

І пацалунак — так, як след,

І поўны верш, і поўны кубак,

І мір на цэлы белы свет!

 

 

* * *

Часамі бачу я камету,

Бясконца зоры зіхацяць.

А каб на іншых жыў планетах,

Дык што было б адтуль відаць?

 

І мне здаецца, што, напэўна,

Здзівіўся б я, і многа раз,

Угледзеўшы сусвет таемны,

Які ніхто не бачыць з нас.

 

 

* * *

А песня — жаўранак нібыта —

Увысь заве.

Калі радок з душой адліты,

Дык ён жыве.

 

Крамністы ён, не з нейкай гліны,

Спрабуй на зуб!

Такі і ў багне не загіне,

Як чорны дуб,

Як чорны дуб!

 

 

* * *

Я чую жарты, бачу ўсмешкі,

Ну што ж, вядома — што каму.

А я хаджу па даўніх сцежках,

Нібы па сэрцу па свайму.

 

Дзе вы, што лісцем пазляталі

Ў суровых, восеньскіх вятрах,

З якімі некалі спявалі,

Выходзячы ў далёкі шлях?

 

І стала сумна мне, маркотна,

Каб ты была, магла б пачуць,

Як тут аб часе беззваротным

Слупы вусатыя гудуць.

 

 

СЯДЖУ Я Ў АРХІВЕ...

Сяджу я ў архіве — патрэба наспелая.

Ах, каб ды знайсці мне, чаго я шукаю!

Гартаю старонкі папер парыжэлыя,

Як быццам павольна стагоддзі гартаю.

 

Даўнейшыя літары леглі жучкамі

І лапкамі-вяззю старанна звязаны,

Пячаткі спавітыя гэтак шнурамі,

Як цуглямі быццам яны закілзаны.

 

Шукаю ў мінулым святла я і ценяў.

Мне часам заслону вякі раскрывалі:

Пісец прада мною ў глухім сутарэнні

І тыя, рукой што яго кіравалі.

 

Вядома, найболей такія героі,

Што неслі народу нямала цяжару,—

Князі-ліхадзеі і рыцары ў зброі,

І пан, і аконам, і з імі жандары.

 

І тыя, што з нейкай таемнай нагоды

Валодалі царствам, краямі, губерняй.

І нашы прапрадзеды з тых, што заўсёды,

Усюды ў паперах запісвалі чэрню.

 

Гляджу на худых, змардаваных у дыме,

Прыкрыўшых дзяругаю зрэбнаю цела,

Страчаю між імі і тых, прад якімі

Вяльможнае панства ад страху дрыжэла.

 

Сяджу я ў архіве. Спусціўся па сходнях.

Сяджу, нібы ў келлі даўнейшай, дзяржаўнай,

І пах адчуваю аж тысячагодні,

Што з ладану, воску і проста ўяўны.

 

Шукаю, што з вестак мінуўшчына верне,

Каб мог перадаць я што трэба народу,

І ў грудзе знайшоўшы якоесьці зерне,

Я быццам адкрыццем вялікасным горды.

 

Ды раптам за вокнамі песню пачуўшы,

Адклаўшы паперы аб даўнім прыгоне,

Выходжу на плошчу. І вольна ўздыхнуўшы,

Шчаслівы, што зноўку вяртаюся ў сёння.

 

Іду. Пад нагамі надзейная глеба,

У вочах людскіх весялосць і клапоты.

Іду. Нада мною блакітнае неба

І жаўраў званочкі. І гул самалётаў.

 

Я рады, адчуўшы дзён нашых бязмежжа

І поступ у заўтра нястрымнае сілы,

Што бачу палацы, і стромыя вежы,

І сцягаў над імі чырвоныя крылы.

 

 

* * *

То дзень, як ноч, то раптам просінь,

Не разбяром часамі мы,

Што ў наваколлі нас — ці восень,

Ці першы крок ужо зімы.

 

Лісты уранку пашарэлі,

Пакінуўшы гаі, сады,—

І, быццам шэрыя шынелі,

Зямлю прыкрылі ад бяды.

 

 

* * *

Мы слёз не бачым у герояў —

Яснота дадзена вачам,

Але і ў іх жыве такое,

Што ў звычаі смяротным нам.

 

У кожнага свая прычына,

І йдзе да кожнага ўсяляк.

Бывае, на душу нахлыне,

Што не стрымацца аніяк.

 

Не сціснеш сэрца абцугамі,

І дзе той мужнасці мяжа?

І ў Леніна, было часамі,

З вачэй кацілася сляза.

 

 

* * *

Казалі: куля тваё сэрца

У бойцы навылёт прайшла...

А ты прыйшоў

І ўжо ў бяссмерці

Стаў пасярэдзіне сяла.

 

Гаворыш з цэлай грамадою

Пра ўсе паходы,

Бітвы ўсе...

А плашч-палатка за спіною

Цябе, што крылле, ўвысь нясе.

 

 

* * *

Прамчаліся дні, адшугалі,

Звароту ў былое няма.

Другімі з табою мы сталі,

Якімі, ты бачыш сама.

 

Здаецца — ранейшае неба,

Запал жа у грудзях не той,

Мне многа сягоння не трэба,

Хоць дзень ды пабыць бы з табой.

 

Не трэба такіх абяцанкаў,

Юнацкіх не звернем мы дзён,—

А слова ласкавае ўранку,

Ласкавае слова на сон.

 

 

* * *

Мы змалку крыўдзімся нямала,—

Дзе праўда вечная была,

Што нас прырода ашукала,

Ніякіх крылляў не дала.

 

Бязмежна неба па-над намі,

А ты трымайся за зямлю.

І пазайздросціцца часамі

І страказе, і матылю.

 

І галубу, і белай чайцы...

Хто ж можа сокала дагнаць?

А жаўра... Дзе ён? Адшукайце —

Звініць, самога не відаць.

 

Ляціць арол паважна, смела,

І пікі гор прад ім ніжэй...

Адно нас цешыць, што ўзляцелі

Мы думак крыллямі вышэй.

 

 

* * *

Мы свет аджыўшы руйнавалі

І самі новымі раслі,

Але й пачуцці шанавалі,

Што ўжо стагоддзямі жылі.

 

Кахалі мы па даўняй модзе,

Падруг шануючы сваіх,—

Не цалавалі пры народзе,

Не абдымаліся пры ўсіх.

 

Глядзіш часамі, як на дзіва:

Ашлапіўшы, задзера нос...

І бессаромна і крыкліва,

А вось кахання — ні на грош!

 

 

ХВАРОБА

Я да хвароб не вельмі чулы.

Калі ж хвароба не міне —

Глядзіш, на ложак пацягнула,

Мароз прамчыцца па спіне.

 

Ляжу ў гарачцы я, у поце,

І з ложка ходу ўжо няма...

Яна не грукае: «Дазвольце!»

Яна ўрываецца сама.

 

І мучыць дзень, і ноч да ранку,

А ты хваробе дагаджай —

Ідуць мікстуры, банькі, шклянкі...

Хваробе мала — больш давай!

 

Даеш маліну, мёду зрэдку...

Хвароба толькі хмурыць лоб:

— Дай парашкі!.. Падай таблеткі!

І кашу з маннай... І сіроп!

 

Калі ж цябе звядзе ад болю,

Што ўжо і сцежка не відна.

Ты ўвесь ўзбунтуешся: — Даволі!

...Тады й спахопіцца яна.

 

Хітрушчыя апусціць вочкі,

Малою стане, быццам мыш:

— Я ад цябе выходжу ўпрочкі!

— І не вяртайся! — ёй крычыш.

 

 

* * *

Ішлі мы з вёсак, з плошчаў, з вуліц,

Зваў нашых сэрцаў аганёк —

На зрэбных, сітцавых кашулях

Крылаты кімаўскі значок.

 

На мужны заклік камсамола

Рабочых дзеці і сялян —

Мы браліся за серп і молат,

І за вінтоўку, і наган.

 

Нас на здабычу заклікалі

І хлеб, і вугаль, і руда.

І, быццам птушкі, выляталі

Мы з бальшавіцкага гнязда.

 

Сяброўкам ў світках і скуранках

Хавалі вернасць і любоў,

А іх хусцінкі, што заранкі,

Аж прырасталі да сцягоў.

 

За ўсё мы браліся і ўпарта,

На ўсё знаходзілі мы спрыт —

Сядзелі ў шынялях за партай,

Навукі грызлі мы граніт.

 

І хоць прайшло гадоў нямала,

Але й паміж сівых галоў

Па камсамольскаму запалу

Я пазнаю сваіх сяброў.

 

 

НЕ СПІЦЦА...

Ужо за поўнач, а не спіцца,

Чаму не йдзе спакой да воч?

А думы, думы — роем быццам

Усе зляцеліся на ноч.

 

Адны прыходзяць за другімі.

Аж ходзіць кругам галава.

З недабрадзеямі сваімі

Палаешся і раз і два...

 

Ляжыш. Сяброў перабіраеш.

Вярнешся ў роднае сяло —

І ці адно ты прыгадаеш,

Што некалі з табой было.

 

Часіну ўспомніш веснавую

І безліч маладых забаў,

Ну і, вядома, часта тую,

Якой нічога не сказаў.

 

А думы йдуць. За іх слядамі

Ты ўжо ідзеш між дзён цяжкіх —

Яны ж ад лірыкі да драмы

Цябе звядуць ў адзіны міг.

 

Туды, дзе зноў вайна грукоча...

Які спачын? Куды там спаць?!

І ты гатовы ўзняцца, ўскочыць,

З сябрамі ў бойцы побач стаць.

 

А з бітвы вернешся, хай змора,

Зноў падарожжаў аж мільён! —

І невядома, на каторым

Нарэшце перапыніць сон.

 

 

* * *

Не верце часам свайму воку,

Што гмах наводдалі ніжэй.

Малым здаецца ўсё здалёку.

Вы ж падыдзіце як бліжэй —

Малое вырасце, падскочыць,

Ды так, што зрокам не абняць,

І давядзецца неаднойчы

Высока галаву задраць.

 

 

* * *

Калі надыдзе час спачыну,

Адна ёсць просьба да зямлі:

Накрый мяне крылом арліным,

Крыло галубкі пасцялі.

 

Абодвум з дзён маленства босых

Зайздросціў я, як ні кажы,—

Глядзеў услед арлу ў нябёсах

Ды галубінай быў душы.

 

А ўсё ж калісьці, у нейкім ранні,

З праменнем першым па расе

Не клёкат грозны — вуркаванне

Няхай мне вецер прынясе.

 

 

* * *

Ах, каб як вы ні хацелі,

Не злічыць вам галасы,

Як вясною загамоняць

Беларускія лясы.

 

Колькі ў іх жывых істотаў,

Не пазнаць усіх імён,

Як зацягнуць, як затрубяць,

Ажно ўзрушаць неба звон.

 

Кожны з іх гудзіць, спявае

На асобнае струне,

Ну няйначай, што цымбалы

Ёсць на кожнае сасне.

 

Чутны посвісты шпаковы,

Спевы жаўра, салаўя,

Ну няйначай — на вяселлі

Ўся птушыная сям’я.

 

Кожны ліст, нібы жалейка,

Кожны куст, як чарадзей,—

І міжволі аж да сонца

Спеў узносіцца з грудзей.

 

 

* * *

Калі мы ў прасторы выходзім вясною,

У грудзях нязменна такое чуццё:

Як добра за плугам ісці баразною,

Спявае, красуе навокал жыццё.

 

І раптам успомніш — люд гіне і гіне,

Мільёнам ад роспачы сэрца баліць,

Хоць цэлую ноч разарві на часціны —

Не хопіць жалобных адзенняў пашыць.

 

 

НАПЕРАКОР

Наперакор настроям хмурым

Прайду бадзёрым па жыцці,

Наперакор вятрам і бурам

Наперад буду я ісці.

 

Наперакор пустым, гуллівым

Цяжар не скіну я з пляча.

Наперакор сябрам хлуслівым

Я буду шчырым да канца.

 

Наперакор мятлюгам зімнім

Хачу я сэрцам палымнець,

Наперакор гадам нястрымным

Я не збіраюся старэць.

 

Наперакор начы да сонца

Я буду рукі уздымаць,

Наперакор людской гамонцы...

Ды лепш таго не адкрываць!

 

 

* * *

Хмурнеюць мае напевы,

Пачуўшы, як стогне зямля,

Калі на цвітучае дрэва

Раптам насунецца тля.

 

Пакутуе дрэва замнога,

Бо можа і лісце згубіць.

А хтосьці гаворыць: — Нічога!

Не трэба трывогі біць.

 

Навошта знішчаць заразу,

Яна ж усяго не кране,

Што гэта хвароба часу,

Што гэта само міне.

 

Дык вось як умеюць са спрытам

Туманіць, кружыць, віхляць...

Давайце ж будзем адкрыта

Чорнае чорным зваць.

 

 

ДЗВЕ ДУШЫ

Асалода ў сэрцы, ды яшчэ якая,

У вачах яснота,

Музыка ў вушах,

Як са мной гаворыць,

Як са мной спявае

Чорнага чалавека — светлая душа.

 

І насупраць — вочы з гневам уздымаю,

Б’ецца кроў у скроні,

Ломіць у вушах,

Калі раптам раніць,

Крыўдзіць, абражае

Белага чалавека — чорная душа.

 

 

* * *

Жыццё ўвесь час — цяжкі экзамен.

Пакуль перажыве свой век,

Што ж, і памыліцца часамі

І нават добры чалавек.

 

Але заўсёды з новай сілай

Ідзе насустрач дням сваім...

А ёсць такі — увесь з памылак,

Ну, што рабіць, скажыце, з ім?

 

 

* * *

Хачу не многа я.

Даволі —

Хоць рушыць конна, не ляцець,

Але быць вобадам у коле,

Не дробнай спіцай мільгацець.

 

 

* * *

Твой голас мне — саладкаструнны.

Люблю вачэй зялёны дым.

Ды што казаць, ты — прыгажуня.

Не падабаешся ў адным:

 

Ты не хваліся тым, што маеш,

Што шмат спякла сваім агнём,—

Зязюля нават падкідае

Сваё дзіця другім цішком.

 

 

МАЛЮСЯ...

Малюся небу, і палям,

І гулу трактарных калон,

Малюся бору і гаям...

 

І чую я —

б’е сэрца звон,

б’е сэрца звон!

 

Малюся комінам, дзе дым,

І бляску радасных акон,

Малюся рэчкам лугавым...

 

І чую я —

б’е сэрца звон,

б’е сэрца звон!

 

Малюся лісцейку ў садах,

Табе, сасна, і дуб, і клён,

Малюся зерню ў каласах...

 

І чую я —

б’е сэрца звон,

б’е сэрца звон!

Малюся вочам маладых,

Што абмінаюць ноч і сон,

Малюся немаўлятам іх...

 

І чую я —

б’е сэрца звон,

б’е сэрца звон!

 

Малюся кветкам, што ўзраслі,

Жыццю, якому мір — закон,

Малюся ўсёй красе зямлі...

 

І чую я —

б’е сэрца звон,

б’е сэрца звон!

 

 

* * *

Цаню адзінку-мастака:

Ў сяброўстве розум і рука.

 

Але схіляюся чалом

Перад народам-мастаком.

 

Бо ён стварыў малюнкаў шмат:

У Запаляр’і бачу сад;

 

Увысь паслаў шмат новых зор,

У стэпе мора распасцёр;

 

І над барханамі пяскоў

Наткаў са збожжа дываноў.

 

Чаго б яшчэ я пажадаў?

Каб сонца так намаляваў,

 

Каб круглы год гасціла ў нас...

Я веру. Будзе. Дайце час!

 

 

* * *

І не дайду я галавою,

Адкуль сягоння ён узнік?..

Ну, невядома, што такое —

Ані студэнт,

Ні працаўнік.

 

Аброс,

На малпу выглядае.

Ані клапот, ані тых дум.

Асфальты клёшам падмятае,

Гітараю наводзіць сум.

 

Імкне юнацтва ўвысь праз буры,

Будуючы жаданы свет.

Яго ж адкінуць, як акурак,

Яшчэ і плюнуць злосна ўслед.

 

 

* * *

Я веру шчыра — мы кахалі.

А сёння ўвесь запал пагас.

Даўно ўжо людзі прадказалі:

Нішто не вечна паміж нас.

 

Так, не навек і мы сышліся.

Мы разыходзімся без ран.

І часткі свету разышліся,

І паміж імі акіян.

 

 

І НЕХТА ЎСПОМНІЦЬ ПРА МЯНЕ

Я ведаю, час прыйдзе гэткі —

Усё прачнецца пры вясне,

Як матылі, успыхнуць кветкі...

І нехта ўспомніць пра мяне.

Аднойчы ўдзень, а можа, ўранку,

Сыдуцца хмары чарадой,

Між чорных хмар блісне маланка...

І нехта ўспомніць воблік мой.

Бяседа прыйдзе, ды якая,

Яна за сэрцы ўсіх кране,

Да столі кубкі паўздымаюць...

І нехта ўспомніць пра мяне.

Абдымуцца сябрынай цеснай,

Дзе кожны родны, кожны свой,

Аж закалоціць сцены песня...

І нехта ўспомніць воблік мой.

Усё чаргуецца з часамі.

Час прыйдзе вершу палымнець,

Радкі пальюцца за радкамі...

І нехта ўспомніць пра мяне.

І прыйдзе шчыры і спакусны

Той міг, калі ў цішы начной

Замруць у пацалунку вусны...

І нехта ўспомніць воблік мой.

І згубяць лік усім гадзінам,

Бо ўсіх шчаслівых не міне

Час непаўторны і адзіны...

І нехта ўспомніць пра мяне.

А ўранку зноў клапоты, справы,—

У кожнага кірунак свой

У тым шляху цяжкім, цікавым...

І нехта ўспомніць воблік мой.

 

 

АЛЕ І ТЫМ Я ГАНАРУСЯ...

Як касманаўтам я, прызнацца,

Зайздрошчу! Рады ж не знайду.

І мне б узняцца, палюляцца

Ва ўсёй планеты на віду.

 

І мне б часінаю якою

Глядзець адтуль на земны шар,

І мне б зямлю пазнаць такою,

Якой не бачыў бог і цар.

 

Яно, відаць, і я старанна

Пакінуў бы касмічны след,

Ды што рабіць, крыху зарана

Прыйшоў на гэты белы свет.

 

І ўжо на Месяц не збяруся,

Мой след і Марса не кране,

Але і тым я ганаруся,

Што ўсё рабілася пры мне.

 

Менш давялося бачыць дзеду;

Я веру — больш пабачыць сын;

Але ж і я такое зведаў,

Што толькі зведаў я адзін.

 

 

ЯК МАЛАДЫЯ МЫ ЖЫЛІ

Тых дзён ход мужны і суровы

Хіба забудзецца калі,—

Як жыў наш горад павятовы,

Як маладыя мы жылі.

 

Было — у час вялікіх святаў

Мы дэманстрацыяй ішлі,

Хлапцы ў юнгштурмаўках, дзяўчаты,

Здаецца, з песняю раслі.

 

Ішоў па бруку цвёрда, горда

Камуністычны наш Саюз —

Пілсудскага крывую морду

Трымалі мы за доўгі вус.

 

Ну і вядома, што нязменна

Быў і Дзянікін і Махно,

З праткнутым задам Чэмберлена

Насілі з імі заадно.

 

А «Блуза сіняя» складала

Раёк на хуткую руку —

Ад іх нямала пападала

Папу, буржую, кулаку.

 

З плакатаў, з лозунгаў газетных

Ляцелі словы, што агні,—

Да рэвалюцыі сусветнай

Мы ўсе лічылі толькі дні.

 

У грудзях быў запал бунтоўны,

Хоць марш давай — па ўсёй зямлі...

Не памыліліся ў асноўным.

Мы сэрцам з Леніным жылі.

 

 

* * *

Быць першым — па клічу Айчыны,

Быць першым, каб зладзіць свой дом,

Быць першым у любай дзяўчыны,

Быць першым за плугам, станком,

Быць першым між сціплых герояў,

Быць першым, дзе цяжка рукам,

Быць першым на лініі бою,

Быць першым з ратункам сябрам.

Апошнім — без ласкі ўзаемнай,

Апошнім, каб гора спаткаць,

Апошнім, счарнёным дарэмна,

Апошнім і здраду пазнаць.

 

 

БЕЛАРУСІ

Беларусь, ты дазволь нізка мне пакланіцца,

Хоць сказаць, што хачу, не патраплю ўсяго,—

Дзякуй хлебу твайму і крынічнай вадзіцы,

Мне да смаку яны ад дзяцінства майго.

 

Гартавала мяне ты яшчэ ад малога,

Настаўляла, як быць сынам слушным тваім.

Дзякуй сонцу твайму, і бясконцым дарогам,

І дажджам, і вятрам, і завеям густым.

 

Дзякуй плошчам тваім, гулу ўзбуджаных вуліц,

Што ўзнімалі свой кліч і ядналі не раз.

Колькі нас, што цябе называюць матуляй!

І ў бядзе, і ў красе ўзгадавала ты нас.

 

Ты, як маці, заўжды ратавала ад смерці,

Хоць дзяўбаў твае грудзі чорнай зграі груган.

Пражылі мы з табой і тугу і галечу,

Загаілі з табой і нямала мы ран.

 

Выйшла доля твая на шырокія гоні,

Асвяцілася ты ўся усходняй зарой,

А былое прайшло. Паглядзі ж ты сягоння,

Чым валодаеш ты, што яшчэ прад табой?

 

Дзе ні глянь — у цябе рост надзейны і шпаркі,

Многа новых машын, трактары, МАЗ, БелАЗ,

Што выходзяць у свет з беларускаю маркай,

«На выдатна» — мы чуем удзячны адказ.

 

А вясной, як цвіце неабдымнае поле,

Сэрца просіцца ў свет, сэрцу цесна ў грудзях.

Не, яшчэ не была ты такою ніколі,

Колькі зор у тваіх у праменных вачах!

 

Беларусь, іхні бляск у дарозе нам свеціць,

Перад ім расступілася ночы імгла,

Беларусь, на усёй на вялікай планеце

Свой пачэсны пасад ты даўно заняла.

 

Дык жа ў роднай сям’і,

светлым шчасцем натхнёнай,

Вечна шчырай, праўдзівай і вернаю будзь,

І жыві і красуй ты гадоў незлічона

Нам, і дзецям, і ўсім, што за намі ідуць!

 

 

ПЯТРАСУ ЦВІРКУ

Ужо зіма ў снягах настала.

Ты ж з непакрытай галавой...

Сыдзі з мармуру,

з п’едэстала,

Давай паходзім, дружа мой!

 

Паходзім сцежкамі-шляхамі,

Паглядзім, як народ жыве,

Што зроблена яго рукамі

Па ўсёй, як ёсць, тваёй Літве.

 

А мне так хочацца сягоння

Цябе бяседай ажывіць,

Бо ты ж любіў, я добра помню,

Заўжды як след пагаманіць.

 

Ты паглядзі, як скрозь антэны

Пачуць жадаюць голас твой.

Даволі ж моўкнуць

задуменна!

Давай паходзім, дружа мой!

 

Вакол жа зроблена нямала —

Да неба гмахі пабудоў,

А ў новых

Вільнюса кварталах

Яшчэ няма тваіх слядоў.

 

На іх паверхах промні сонца

Між кветак свае кросны ткуць,

На іх жа

з кожнага аконца

Цябе запросяць, пазавуць.

 

Ну што ж, з сябрамі пагаворыш

Ды выйдзеш зноўку

па прастор —

Пад Каунасам

здзівіць мора.

Яно ў агнях электразор.

 

Захочацца сяброў праведаць

На ўзмор’і, што з табой жылі.

На берагах

сівой Клайпеды

Сустрэнеш з рэйсаў караблі.

 

Наведаеш і кут свой любы,

Калгас, калгасную сям’ю,

І ўславіш ты,

узняўшы кубак,

Зямлю-карміцельку сваю.

 

Пасля не ацяжару, мусіць,

Цябе я просьбаю такой:

Прыемна мне ісці з табой...

Хадзем да нас,

да Беларусі,

Ты блізкі быў да сэрца ёй.

 

Ты госць яе для кожнай хаты,

І, хлеб падаўшы з ручніком.

Каля Ашмян, ці дзе,

дзяўчаты

Цябе назвалі б Петрусём.

 

Ды не скрану цябе ў паходы,

Ну што наяве я зраблю!

Ты на вякі,

ты назаўсёды

Ў літоўскую урос зямлю.

 

Стаіш у Вільнюсе настала,

Я ж толькі з марай прад табой:

— Сыдзі з мармуру,

з п’едэстала,

Давай паходзім, дружа мой!

 

 

ЯШЧЭ АБ ПРОДКАХ

Аб продках як пачну размову?

Над іхнім сном стагоддзяў вал,

Ды і ў маім кутку сасновым

Ні скальных надпісаў, ні скал,

Ні той парчы, што час іх выткаў,

Ані пярсцёнкаў чараўніц,

Ані пергаментаў, ні звіткаў,

Ані карон, ні завушніц.

А ў чым жа продкі мной пазнаны

Паміж эпох, паміж гадоў?

Па полю тым — раскарчаваным,

Што быццам латка між лясоў,

Па той сцяжынцы пакручастай.

Што абышла валун, пянёк,

Па той дарожачцы пятлястай,

Што пралажыў худы канёк.

Па тых сякерах-зазубранках,

Скаваных для сваіх патрэб,

Па жорнах, кінутых ля ганкаў,

Што зерне трушчылі на хлеб.

Па сохах, па смыках, па мялках...

І па жалейцы дудара,

Па крэсіву, крамністых скалках,

Дзе здабывалася іскра.

І хоць ад голаду гібелі,

Яны аралі зноў і зноў,

Хай той геральдыкі не мелі,

Ані тых званняў, ні чыноў,

Хадзілі ў зрэб’і саматканым,

Чакалі волю што ні год...

Ды цвёрда я перакананы,

Што гэта слаўны быў народ!

 

 

ГАРНІСТ

Гарніст у гальштуку чырвоным,

Сяброў склікаеш на касцёр —

Твой горн калыша бор зялёны,

Твой кліч узносіцца да зор.

 

Накіраваны да планетаў

Твой горн у наш касмічны час,

Як быццам кажа зорам свету:

«Чакайце! Узляцім да вас!»

 

 

У ЗАМКУ РАДЗІВІЛА

 

...Иди, рабочий, и ложись

в кровать великокняжью.

 

Ул. Маякоўскі

Маці б і не прысніла Таго, што я вам скажу,—

У замку Радзівіла

Як гаспадар хаджу.

І мне не было турботаў,

Каб авалодаць ім,—

Сярэдневякоўя вароты

Раскрыты сягоння ўсім.

З нас кожны тут госць жаданы,

Лячыся і будзь здароў!

Пад’ёмны мост скасаваны,

З вадой непатрэбен роў.

Калісьці ж мост уздымаўся

І роў глыбінёй дзівіў...

Ды гэта ж ён нас баяўся,

Некалі сам Радзівіл.

На замку хмурым, каменным

Стагоддзяў ляжыць пячаць —

Аб нашых пакутах сцены

Нямала маглі б сказаць.

Гісторыя моцнай сілы

Пакутам паклала мяжу —

У замку Радзівіла

Як гаспадар хаджу.

Прыбралі яго адмыслова

Майстры, мастакі, разьбяры.

У светлых пакоях князёвых,

Усюды — мае сябры.

Камбайнер і сталь хто варыць,

Пчаляр, садавод, свінапас...

А сам Радзівіл, ён зараз

Слабейшы кожнага з нас.

Гісторыя добра зрабіла:

Са здавальненнем гляджу —

У замку Радзівіла

Як гаспадар хаджу.

 

 

Я СЁННЯ РАДЫ І МАЛОМУ...

Падкрэслівае рысай старасць

Усё, што я ў гадах пражыў.

А ў даўніх у юначых марах

І кім я толькі не пабыў:

 

На барыкадах сцяг чырвоны

Я з перамогай уздымаў,

У наступе ў лавінах конных

З самім Чапаевым скакаў.

 

Больш здабываў, чым далей — болей.

Як рэвалюцыі салдат —

Выводзіў Тэльмана на волю

З-за чорных маабіцкіх крат.

 

Сябе ўяўляючы героем,

Хадзіў з узнятай галавой,

Адольфа нішчыў я пятлёю

Не раз уласнаю рукой.

 

Шукаў я сродкаў адмысловых —

Пусціць такі скрышальны вал,

Каб ва ўсім свеце канчаткова

Сканаў драпежны капітал.

 

Хвароба каб зусім звялася,

Каб маладзела заўжды кроў;

Адна б няхай і засталася —

Непагасальная любоў.

 

Для ветраў падбіраў я спевы,

Абрысы новыя марам.

Знаходзіў я такія дрэвы,

Якіх не бачыў і Адам...

 

Ды гэта мара ўсё, вядома,

Хацелася й такому быць...

Я ж сёння рады і малому,

Што давялося мне зрабіць.

 

Я рады, што ў часы уздыму,

Дзе мог, прыклаў сваю руку,

Дарозе, што прайшоў з усімі,

І песні шчыраму радку.

 

Не быў я ў роднай хаце госцем,

А зваўся сейбіт і баец.

І, можа быць, прыпомніць хтосьці,

Што быў нішто сабе хлапец.

 

 

* * *

Здаецца, ўсюды бор адзіны.

Дрымотны гоман баравы

Захутаў сосны і яліны...

А на імшарах мох сівы.

 

Ды мне мой бор бліжэй, вядома,

Няхай на ім нямала ран.

Здаецца мне, што ў ім, знаёмым,

За кожным дрэвам партызан.

 

 

ПЕРШАЯ ЗАПІСКА

Усё да сэрца браў я блізка.

Нішто не пакідала след,

Як тая першая запіска,

Што сэрца ўзрушыла нашчэнт.

А я чакаў яе без меры,

Яна ж марудна так ішла —

На дробным ласкутку паперы,

З няроўных літараў была

Ад той юначае, дзявочай,

Яшчэ нясмелае рукі,—

І ў соты раз чыталі вочы

У дзень жаданыя радкі.

Я ў кніжках пісьмы закаханых

Чытаў у шмат разоў даўжэй,

Ды я быў цвёрда пракананы —

Яе запіска ўсіх складней.

Быў я пісульцы падуладны,

Але ніхто ў сяле не знаў,

Як я хаваў яе ашчадна

І колькі раз пацалаваў.

Я да каханкі ў час юначы

Пайшоў у першую расу —

За кожнай літараю бачыў

Сваю бялявую красу.

І быў калісьці я ў адчаі...

Што зробіш, вечнага няма —

Згубілася пісулька тая,

А потым знікла і сама.

Усё ў жыцці мінае, зменна —

Прайшло. Мінула. Адплыло...

Але й дасюль яшчэ прыемна,

Што гэта некалі было.

 

 

* * *

Зіма лютуе.

Груд на грудзе.

Схаваны рэчак берагі...

Вось і мае абклалі грудзі

Тваёй сцюдзёнасці снягі.

 

Застыла кроў.

І сэрцу цесна.

Ды веру я — вясною зноў

Памкне насустрач песні песня,

Як сонцу — кветка з-пад снягоў.

 

 

ЧОРНАЯ ЗДРАДА

Якія там яны героі?

У злосных змовішчах сваіх

Яны ўздымаюць нож на тое,

Што нарадзіла іх саміх.

 

Ці ёсць якое ў іх сумленне?

У іхніх душах не знайсці

Яго і макавага зерня,

Хоць на хвіліначку ў жыцці.

 

Прад намі здраднікамі сталі,

Бо як маглі руку узняць

На тых, што ім дапамагалі

Скідаць ярмо, на ногі ўстаць;

 

На тых, хто ў час цяжкой патрэбы

Іх вызваляў сваёй крывёй

І хто дзяліў кавалак хлеба

І ўвесь як ёсць здабытак свой;

 

На тых, хто быў ім лепшым братам,

Хто ў сэрцы з ленінскім святлом,

На тых, што ладзілі ім хаты,

Яшчэ не скончыўшы свой дом;

 

На тых, хто шчыра год ад году

Дапамагаў і ўдзень і ўноч,

На тых, хто ім узвёў заводы,

Каб уздымалася іх моц.

 

Яны ж на нас палезлі, гады...

Далі адказ — і так, як след —

«Героям» самай чорнай здрады.

Пра гэта ведае ўвесь свет.

 

 

СВАРКА

Недарма спрадвеку

Кажуць у народзе:

«Сварка не да ладу,

Сварка хату зводзіць».

 

Ледзь узыдзе хмаркай,

Потым разгарнецца,

Завіхурыць бурай —

Хата скаланецца.

 

Разыдуцца бёрны,

Разаб’юцца шыбы...

З часам глянуць людзі,

Што няма сялібы.

 

 

* * *

З гадамі перажыта многа.

Успамінаеш між падзей:

Жыццё — няроўная дарога

Паміж няроўных і людзей.

 

Найболей добрых, адным словам,—

Ці ясны шлях, ці то бяздонь,—

З якімі ты заўжды гатовы

Хоць у ваду, хоць у агонь...

 

Ты вучышся ў праўдзівых, мужных

І прад табой яснее даль...

Але нямала й крывадушных

Мне сустракалася, на жаль.

 

Глядзіць ласкавымі вачамі,

А ўміг у процьму штурхане...

Ад іх — хачу прасіць часамі —

Ты, памяць, вызвалі мяне!

 

Хачу я ўспамінаць харобрых,

Адважных, сэрцу дарагіх...

А можа быць, каб бачыць добрых,

Дык варта й помніць пра благіх?

 

 

У МІХАЙЛАЎСКІМ

Усхваляваны я ўсім сэрцам.

З часоў, як кніжку стаў чытаць,

Я прагна марыў — давядзецца

Мне кут Міхайлаўскі пазнаць.

 

І вось той бор. І тыя ж горы,

І, як пры ім, цвітуць сады...

Хаджу па сцежках, па каторых

Хадзіў выгнаннік малады.

 

І тыя ж промні ў густалісці,

І той жа возера разліў,

І нават вецер, што калісьці

Яго крылатку варушыў.

 

Магутных дрэў густыя шаты,

Што перабачылі вякі...

Мне боязна, ніякавата

Чытаць між іх свае радкі.

 

Хацеў зрабіць я іх такімі,

Каб прачыталі іх не раз,

Ды цяжка стаць ім побач з тымі,

Што дрэвы слухалі ў свой час.

 

Але адным я ганаруся —

Што ў гэты час

Святочных дзён

Прыйшоў

З паказам Беларусі

Паэту перадаць паклон.

 

 

I Я НЕ БАЧУ...

Іх двое, зліўшыся, стаяла.

Не разлічыць ніяк галоў,

Як быццам хмара прыкрывала

Касцёр ільняных валасоў.

 

Было ім цяжка раз’яднацца.

Адно, што бачылася мне:

Пяшчотныя дзяўчыны пальцы

На закаханага спіне.

 

Я поблізу ішоў дарогай.

Хацеў мінуць. Не змог, аднак.

Яны не бачылі нічога.

І я не бачыў. Лепей так!

 

 

МІХАІЛУ СВЯТЛОВУ

Быў у Маскве і Пскове,

Адведаў Крым вясной —

Нідзе няма Святлова...

Скажы нам, што з табой?!

 

Нідзе да нас не выйшаў,

Не адказаў на кліч.

Ах, Міша, дзе ты, Міша,

Давай жа разам быць.

 

Давай, заводзь для ладу

Знаёмым тэнарком —

Давай сваю «Гранаду»,

А мы ўсе падпяём.

 

Увесь твой круг сабраўся,

Нямала ў ім майстроў,—

Ну дзе ты затрымаўся,

Паміж якіх сяброў?

 

Ты, можа, дзе ў Кахоўцы,

Мо зведаў і Джанкой,

Дзе ў шынялі сяброўцы

Чытаеш верш ты свой.

 

А можа, ты ў Тбілісі,

Высокі і худы,—

Жартуеш, як калісьці,

Сядзіш ля тамады.

 

Мо й там дарма шукаем,

А ты ў Глыбокім ў нас

Жартоўна выступаеш,

Як і ў мінулы раз,

 

Гучыць над Беларуссю

Нягромкі голас твой.

А можа, не вярнуўся

З дарогі франтавой?

 

Яшчэ не ўсюды радасць,

Не скрозь зара ўзышла,

І хлопец твой з «Гранады»

Не пакідаў сядла.

 

Яшчэ не ўсюды ціша,

Гудзіць пярэдні край...

Ах, Міша, дзе ты, Міша,

Давай жа, запявай!

 

 

БУДАН

Ён наш прытулак у час суровы,

Аб ім сягоння гудуць паданні —

Будан на ўзгорку ў бары сасновым,

Найлепшы помнік тых дзён змагання.

 

Што за страха! Кусты ядлоўцу,

Дзе часам можа і грыб сустрэцца,

Адзінай шыбкай глядзіць аконца

Ды ледзь прыкметны малыя дзверцы.

 

Ах, як ён быў нам, той кут, ласкавы —

«Буржуйка»-печка, пад столь палаці,

Ледзь збіты столік, вузкія лавы,

Як бы ў даўнейшай у курнай хаце.

 

Будан нядарма сваёй «святлічкай»

З пашанай звалі ўсе партызаны.

Я помню добра: мігціць газнічка,

Бы нейкім кодам зашыфраваным.

 

Ад самасейкі дым горкі, сіні.

Пра бой чарговы штабісты мараць.

Над шэрай картай вісяць чупрыны

І камандзіра і камісара.

 

Ах, як усё ў ёй да сэрца блізка.

За плямай фарбаў — палі, бярозкі,

Кружочак, кропка, малая рыска

Жывуць прад імі ракой ці вёскай.

 

Гамонка. Спрэчкі. Нарэшце згода.

Для акупантаў усходзіць кара.

Сігнал пад’ёму. І ўноч паходы.

І бой за боем, агні пажараў.

 

Тых дзён забыцца ніяк няможна,

Душылі сэрца цяжкія глыбы.

Я помню добра: будан трывожна

Пакутаў весткі страчаў з сялібаў.

 

Ах, як гарэлі ўсіх вочы гневам,

Бо невыноснай была навіна —

Гарэлі людзі, хаціны, дрэвы,

Падлеткаў гналі аж на чужыну.

 

Будан змагаўся праз дні і ночы,

Пазнаць нягодаў шмат давялося,

Ды стрэла радасць яго аднойчы,

Што ў ім нікога не засталося.

 

Братоў спаткалі часінай тою,

Пайшлі да бітвы да канчатковай...

У славе вечнай жыццё герояў,

Жыві ж ты, слава і буданова.

 

 

* * *

Ці на шчасце, ці на беды —

Дый сказаць ніякавата,—

Скуль я ці іду, ці еду,

Да адной трапляю хаты.

 

Што са мной? Як непрытомны,

Перад ёю апынуся:

То заверне вечар цёмны,

То сцяжынай памылюся.

 

Бач, хаціна прада мною,

Што ў вачах заўжды стаяла.

Я гадаю, што такое,

Чым яна зачаравала?

 

Ці той яблыкаў вязанкай,

Што вісіць на сценцы шэрай,

Ці сасновым жоўтым ганкам,

Што заве прывабна ў дзверы;

 

Ці сланечнікам, што сонцам

Бы з дарогі заклікае,

Ці раскрытым тым аконцам,

За якімсьці хтось спявае?

 

Падысці?

Пазваць?

Баюся.

Млее сэрца. Страшнавата.

Ды адкуль бы ні вярнуўся —

Да тае трапляю хаты.

 

 

У ГОРА ДОЎГІЯ РУКІ

Гора з тугі, з няшчасця, з дакукі —

У гора доўгія рукі.

 

Знойдзе цябе і ў спакойнай хаціне,

Сумную вестку здалёку падкіне.

 

На ложак уложыць норавам жорсткім,

Вірусам нейкім, шкодным, заморскім.

 

То ўсё пазаносіць рукою завеяў,

То спаліць палеткі рукой сухавею,

 

То выдуе зерне рукою з вятрамі,

То поле размые рукою з дажджамі.

 

То рукі з пяскамі,

то з пылам, то з дымам —

Колькі рук гора — злічыць немагчыма.

 

Дык выйдзем на гора і дружна і смела,

Каб гора, прынамсі, рук доўгіх не мела.

 

 

БЛУКАННЕ Ў ЛЕСЕ

А завялі мяне — я помню —

У непралазныя куткі,

У лесе — рыжыкі, лісічкі,

А больш за ўсё баравікі.

Не ўгледзеў — вечар надыходзіў...

Хачу дахаты — хмыз кругом!

Ах, як тады пералякаўся...

Вядома,

быў я хлапчуком.

Налева рушу — мох, імшары,

Назад — калючыя кусты,

Памкнуўся ўправа —

багавінне,

Пайду наперад — балаты.

Ані праталінкі, ні сцежкі,

Адкуль узяўся —

буралом.

І чортам вывараць здаецца,

А пень замшэлы —

лесуном.

Скажу папраўдзе —

калаціўся,

Ажно кружыла галава,

Ды хоць бы гук які знаёмы,

Адно —

кугакала сава.

Хадзіў,

блукаў я да паўночы,

І калі ледзь не збіўся з ног,

Пачуў рыканне я каровы...

Ах, як усцешыла яно!

Па ім тады

прыйшоў дахаты.

Дасюль у памяці жыве —

Бо калі зноў яго пачую,

Здаецца —

хтось дамоў заве.

 

 

* * *

Мой кут нічым не адмысловы

Між ніў пясчаных і лясоў —

І спадарожнік выпадковы

У ім нічога не знайшоў.

 

Не асуджаю чалавека,—

Відаць, што ён жыве другім.

А мне мой кут — навечна Мекка,

Ды і Галгофа разам з тым.

 

Мой кут нязнаны ў Беларусі,

Няма ў ім дзіўнага чаго,—

Я ж дзень пры дні яму малюся,

То крыж нясу я за яго.

 

 

«НЕХ ЖЬІЕ!» І «НЯХАЙ ЖЫВЕ!»

Суседзі мы і сваякі,

Усіх нас кліч адзін заве...

Мы ў нашай дружбе на вякі —

— Нех жые!.. і

— Няхай жыве!..

 

Мы верылі ў гадах цяжкіх,

Што еднасць краты разарве,

Знішчалі ворагаў ліхіх...

— Нех жые!.. і

— Няхай жыве!..

 

І вы прыехалі да нас

Адтуль, дзе Вісла ўдаль плыве.

Наш горад рад вам і калгас...

— Нех жые!.. і

— Няхай жыве!..

 

Нямала ў нас агульных спраў,

Задум у сэрцы, галаве,

Нас Ленін здзейсніць іх пазваў.

— Нех жые!.. і

— Няхай жыве!..

 

 

ДОЛАР-ЗАБОЙЦА

Чорныя хмары гусцеюць,

На свеце пажарышчаў гар —

Долар-забойца шалее,

За ім незлічона ахвяр.

 

Долар-забойца экзамен

Здае бізнесменам-панам.

Бачыце — ў джунглях В’етнама

Што вытварае напалм!

 

Бачыце — кут зруйнаваны,

Слёзы, бязвінную кроў;

Бачыце — раны і раны...

Долар-забойца прайшоў.

 

Землі арабаў гаруюць,

Скрозь гвалтаванне, разбой...

Долар-забойца кіруе

Ізраільцянскай рукой.

 

Недзе ад куляў падзецца,

Злосна гарматы гудуць,

Трупы каналам Суэца —

Не параходы плывуць.

 

Нішчацца храмы, што ў славе

Даўна ўзраслі да нябёс.

Долар-забойца крывавы

На зруйнаваннях узрос.

 

Вырадкаў здрадных наймае,

Нішчачы волю турмой,

Долар-забойца страляе

Ў грудзі Элады усёй.

 

Пэўна, не маючы сілы,

Знішчыць усё, што жыве,

Долар-забойца бацылы

На дапамогу заве.

 

Многа яму непакорных

Між розных народаў і рас.

Долар-забойца па чорных

Дома страляе ўвесь час.

 

Ён не дазволіць світання

Для векавечных рабоў.

Долар-забойца ў пашане

Сёння ў яго ўладароў.

 

Сіла ж такая ўзрастае,

Скрышыць іх зграю нашчэнт.

Долар-забойца сканае...

Воляй азорыцца свет!

 

 

АДЗІНСТВА

Як зрок агульначалавечы,

Ясней, чым быў ён хоць калі,

Ты, партыя, ўзяла на плечы

Людское гора ўсёй зямлі,

 

Каб яго знішчыць назаўсёды

І каб вярнуцца не магло,

А каб ярчэла год ад году

Для ўсіх праменнае святло.

 

З табой ідзём у шлях жаданы.

Нам сёння кожнаму відно —

Ты еднасцю сцэментавана

І сэрца ў нас нібы адно.

 

У барацьбе, на ўздымнай хвалі,

Паміж крывавых завірух

Тваё адзінства гартавалі

Бутыркі, Нерчынск, Шлісельбург.

 

Каб з кожным новым пакаленнем

Наперад толькі ты ішла,

Мацніў тваё адзінства Ленін,

І ты нязломнаю была.

 

І ты расцеш бесперапынку.

Нас у цябе сягоння шмат,

І кожны з нас — твая адзінка —

Рабочы, творца і салдат.

 

З табой навечна нашы душы,

Дзе скажаш ты — там мусім быць.

Калі ж адзінства хто парушыць —

Мы чуем асуджальны кліч,

 

І стогн на арыштанцкіх нарах

З часоў мінулага, здалёк,

І з гневам вокліч камісара,

Што падаў, не спыняўшы крок;

 

І сейбіта з праклёнам слова,

І між абрысаў новых вех —

Будаўніка прысуд суровы,

Што ўзняўся вышай на паверх.

 

А мы ў адзінстве ўсёй крывёю,

Мацней не знаем пачуцця —

Мы заўжды, партыя, з табою,

І больш няма для нас жыцця!

 

 

КОНЬ СТАЛЁВЫ

Шуміць пшаніцай край стэповы,

Густая збажына і ў нас.

Відаць, нядарма, конь сталёвы,

Цябе мы славілі ў свой час —

 

Што баразну радком ты пішаш,

Што ты скарыў дзірван і мох,

Што волат ты і «газай дышаш»,

А болей, пэўна, хто як мог.

 

Але й знявагі было досыць,

Перападала і ўсяляк,

Што трактарыст працуе босы,

Смяяўся голасна кулак.

 

Крычаў: — Нам трактар недарэчы,

Каня на пашы я люблю...

А ты ж узяў на свае плечы

Усю савецкую зямлю.

 

Ты не збаяўся дзён суровых,

Ішоў туды, дзе больш цяжэй,

І сам змяніўся конь сталёвы,

Бо стаў намнога ты дужэй.

 

Хоць не гаворым урачыста,

Спрытней ты сёння да ўсяго.

Не пазнаю і трактарыста,

Інакшы выгляд у яго.

 

Ніхто, што босы, больш не коле.

Апранены ён так, як след,

Працуе цэлы дзень на полі,

А дома вечарам — студэнт.

 

 

ЦУД

Спірыты, ведама, брахалі,

Што сходзіць дух з нябесных шат,

І мы з табою разважалі

Аб тайнах, што на свеце шмат.

 

А іх раскрыюць і здабудуць,

Праложаць новага сляды —

І што спачатку ўзнікне цудам,

Звычайным стане праз гады.

 

Мы ўсю зямлю наскрозь пракрочым,

Адкрыем цуды дзіўных руд,

А вось твае мне вусны, вочы

Ва ўсім жыцці найбольшы цуд.

 

 

* * *

Вясна ступіла на рачулку,

І гулкі крок яе чуцён —

Браню зімы скідае гулка,

Бярэ да квецені разгон.

 

І ўжо праз лёд набраклы, сіні

Памкнуў наперад ручаёк,—

Вось так, прабіўшы слой ільдзіны,

Імкне гарачы мой радок.

 

 

* * *

Ты не глядзі, што я маўклівы.

Мая душа — яна не спіць.

Маўклівымі бываюць нівы

Ажно да самых навальніц.

 

Здаецца, хто спакой разгоніць?

А загрыміць пярун-гарлан —

Узварухнуцца, загамоняць,

Ну сапраўды, што акіян.

 

Маўклівы, ды непалахлівы.

І я скажу сягоння ўслых

Пустым, брахлівым, ганарлівым:

— Ёсць бура і ў грудзях маіх.

 

 

* * *

Стаміўся ў тлуме і цясноце,

Хоць не прыстаў яшчэ ў хадзьбе

Пабыць хачу на адзіноце,

Самога аглядзець сябе.

 

Ну што ж, і пабялелі скроні,

Спытаць хачу сябе аб тым:

А кім ты быў, кім стаў сягоння?

Як у класічным вершы тым.

 

Ці зарабіў кавалак хлеба

Сярод сваіх цяжкіх дарог,

Ці так спазнаў зямлю і неба,

Што лёс табе прызначыць мог.

 

Чаму на сэрцы так трывожна,

А ці не час адпачываць?

Сваіх пачуццяў а ці можна

Ад зроку хцівых не хаваць.

 

Ці доўга мне шляхамі крочыць,

Насустрач што ідуць гадам,

Ці доўга будуць бачыць вочы?..

Ніхто не скажа, як і сам.

 

Адно з даўнога мне вядома —

Заўжды між тых, з кім рос і жыў

Іду ізноў у тлум, у гоман...

Нядоўга я ў самоце быў.

 

 

* * *

Ёсць і ў мяне сябры такія:

Адзін з іх — патака не твар,

А ноч сядзіць, прыгнуўшы шыю,

Па мне рыхтуючы удар.

 

Бярэ жарству, з гразёй мяшае

І, злосны шэпчучы праклён,

Яшчэ атруты дабаўляе...

І мне ён гэтакім відзён.

 

Ён мой канец ужо смакуе,

Гатовы выстраліць з радка...

«А-ту!.. А-ту!..» —

Крычаць хачу я,

Як даўна ў вёсцы на ваўка.

 

 

* * *

Ну што ж, бывае і заплачаш,

Ці то старым, ці ў маладосць.

Няхай у кожнага іначай,

А толькі гора — горам ёсць.

 

Сляза пакоціцца на шчокі,

Аж сорам адчуваеш сам;

Калі ж слязы не знала вока,

Цапы не ведаеш слязам.

 

Мы ведаем, і нам казалі —

Заўсёды несамотным будзь!

Калі ж цябе не пакідалі,

Людской разлукі не адчуць.

 

Хто не спазнаў, няхай нікчэмнай,

Абразы, кінутай у твар,

Той не пакутаваў дарэмна,

У грудзях носячы цяжар.

 

Што ж, вер у праўду, заўжды помні,

Што ты пазбудзешся згрызот,

Як прабіваюць рання промні

Начную цемру навылёт!

 

 

У «ПАРТЫЗАНСКІМ БАРЫ»

Гэй, сядайце, партызаны.

Скуль вы сёння пазляталі?

Бачыце, сталы прыбраны,

Як бы нас яны чакалі.

 

Зноўку тут, відаць, не хутка

Нам сустрэцца давядзецца,

Як жа нам не выпіць кубка —

«Партызанскім» бор завецца.

 

Як за край свой ваявалі,

Як штодня гудзелі кулі —

Бор усе мы добра зналі,

Пра такі ж мы «бор» не чулі.

 

Пад шатром тады яловым

Нас харчэўня гадавала.

Бор усіх трымаў сурова,

І на харч нам — што трапляла:

 

Бульба, морквіна, капуста,

А грыбамі запраўлялі...

Ох і часта было ж пуста —

Жываты нам маршы гралі.

 

А было — свінчо заколем —

Свята. Дзіўная закраса.

Ды бяда,

калі без солі,

Мяса тое — нам не мяса.

 

На закуску журавіны

Па імшарышчах збіраем,

Ну, а выпіць — ручаіна,

А ці лужына якая.

 

Дзе пякарня?

Нам выгодай

Было вогнішча. Мы ўдзячны —

Як вярталіся з паходу,

Хлеб з закальцам быў нам смачны.

 

Набівалі мохам трубкі,

Быў тытунь з-пад Белавежы...

Гэй! Падай, што ёсць, нам, любка,

Што з пітва, што-небудзь з ежы.

 

Што ж, пячы сабе яечню,

Рыбкі свежай,

Калі ласка,

І «сталічная» дарэчы,

І вяндлінка, і каўбаска.

 

І сырку накрой якога,

Ды падкінь і крышань сала...

Дык вазьмём за перамогу,

Што жыццё на нашым стала!

 

Нам у свет адкрыта выйсце,

Сцяг наш ярка разгарэўся...

Тут хадзіў фашыст калісьці,

Ён сырой зямлі наеўся.

 

Дык давай вазьмём па гэтай,

І падвоім, і патроім.

Вунь на сценах і партрэты

Самых што ні ёсць герояў.

 

Хай сабе, што не багата

(Да ўсяго патрэбна мера) .

Вунь на сценах аўтаматы,

Стрэльбы, фінкі і сякеры.

 

Была ворагам загуба.

Білі ўсім, што пад рукою...

Паглядзець і сёння люба

На былую нашу зброю...

 

Дзіўным сталася спатканне —

Гаманілі і спявалі...

Так, сябры тых дзён змагання

Аж за поўнач піравалі.

 

Ды і мне стаў сэрцу блізкім

Гэты кут пабудаваны —

«Партызанскі бор» пад Мінскам,

Дзе гасцілі партызаны.

 

 

ТРЫВОЖНАЕ АКНО

Акно трывожнае ў мяне.

Няхай далёка дзе — вайна,

Яна ў акно маё ляціць —

То шыбу полымем лізне,

То грукне — шыба задрыжыць.

 

Не, не магу ніяк я спаць.

Мне бачыцца смяротны бой,

Як бы ні быў далёка ён,—

То чуецца дзіцячы плач,

То чуецца старэчы стогн.

 

Не, мне спакою не відно.

Мне бачыцца між стогнаў кроў.

Я адчуваю, як салдат,

Душа імкне цераз акно,

Становіцца з байцамі ў рад.

 

 

* * *

Усё жыццё — адно імгненне.

Зацвіў... Час прыйдзе адцвісці...

За пакаленнем — пакаленне:

Усё мяняецца ў жыцці.

 

Ідзе наперад маладое.

Не мае свет яму граніц.

Прыносіць новае, такое,

Што ў сэрцы зайздрасць зашчыміць.

 

Ах, колькі, колькі іх, шчаслівых,

Дапытных, юных навакол!..

Мы ж каласамі спелай нівы

Глядзім задумліва на дол.

 

 

* * *

Быў юнаком.

Гулянні. Спевы.

Вясёла маладосць ішла.

Ды час ідзе — ў цябе, што ў дрэва,

Ўразаецца гадоў піла.

 

Вішчыць дзень-ноч.

Лятуць апілкі.

Няма хады назад слядам...

Ды дзён юнацтва і памылкі

Сягоння дарагія нам.

 

 

* * *

Пад дзірванее магільнай горкі

У шэрым, змятым шынялі

Ляжыць салдат з чырвонай зоркай

На чужадальняе зямлі.

Спыніў асколак у паходзе.

Вайны мінуў агонь і дым —

Салдату чуць дзесяцігоддзі,

Як ходзяць людзі па-над ім.

Вось выйшлі сейбіты вясною.

І з песняй жаўра закружыў...

Як добра чуць яму такое,

Як быццам дома ён пабыў.

Успамінае з хваляваннем

Сваю любімую зямлю,

Пачуўшы шчырае прызнанне —

Тысячагодняе «люблю!».

Салдат ляжыць і ледзь не плача,

Што недарма хадзіў у бой,

Калі пачуе смех дзіцячы

І іх забавы над сабой.

Шчаслівы ён у хвілю тую,

Няхай сабе чужая даль...

Але што гэта, што ён чуе?

Няўжо ізноў пракляты: «Хайль!»

І «юбер алес» апантаны

Як быццам загудзеў вакол,

І бот, жалезам падкаваны,

Над галавой узрушыў дол.

Няўжо такое сёння можна?

Не! Ён не можа больш ляжаць...

Салдат варушыцца трывожна.

Салдату хочацца устаць!

 

 

У ПАРКУ КУРОРТНЫМ

У парку курортным —

прыгледзецца можна

Адпачываюць

даволі сур’ёзна:

Адны на скамейках,

другія гуляюць —

Пра ўдых

і пра выдых

не забываюць.

А толькі не так яно

гэтак і гладка.

Жыццё не распішаш

дакторскім парадкам.

І гоман і рогат,

а недзе і сваркі,

Глядзіш —

уздымаюць

і кубкі і чаркі.

Вядома —

паўднёвыя цешаць дарункі,

А недзе ў зацішку

чуваць пацалункі.

Глядзіш —

у самога аж шырацца зрэнкі —

За маладой

ударае сівенькі.

Гудзіць анекдотчык.

Хтось просіцца ў госці.

А побач

«казла» забіваюць

у косці.

Ну што ж,

адпачынак —

і песні і гульбы...

· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

А я ўсё —

як дома з уборкаю бульбы?

 

 

* * *

Пра незнаёмца, незнаёмку,

Як бы знячэўку, пусцяць слых —

Душа людская, што пацёмкі,

І хто разберацца ў такіх.

 

Той слых на веру не бяры ты.

Ты глянь — я ўвесь перад табой —

Такі празрысты і адкрыты,

Як першы ліст, што ўзнік вясной.

 

 

ВЕЦЕР

Ах, вецер, майстра ты высокі.

Вышэй вяршыняў снегавых

Прадзеш ты з кужалю аблокаў

Мільярды нітак дажджавых

І дорыш іх вясной і ўлетку

Як наймагутны глебе сок —

Прашыеш імі так палеткі,

Што дзе дажджынка — там расток.

Ах, вецер, майстра адмысловы,

Ты дзе грабень такі знайшоў,

Якім расчэсваеш галовы

Зялёных пушчаў і дуброў?

Не палічыць тваіх дарункаў,

Што нам лятуць са струн тваіх.

Ах, колькі ты да пацалункаў

Схіляеш кветак палявых!

І з іх вачэй мільёны росных

Слязінак нікнуць у той час...

Скажы ж, навошта гэтак злосна

Ты часам непакоіш нас?

Скажы, чаму нясеш не спевы,

А гул шалёны, буру, град...

Скажы, навошта крышыш дрэвы

І абрываеш стрэхі хат?

Чаму над нівай робіш здзекі

І каласы кладзеш да ног?

Скажы, навошта чалавека

Збіваеш ты з яго дарог?

Цябе, ласкавага, мы чуйна

Заўжды гатовы віншаваць,

А вось на твой характар буйны

Управу трэба пашукаць.

 

 

КУЛЯ

Ах, каб дажыць таго, здаецца,

Каб кулі ўсе пайшлі на звод.

Прад куляю стаіць любы —

Яна нібы

Якогасьці чакае сэрца,

Прайсці яго каб навылёт.

 

Хай сонца ўсім праменна свеціць.

Жаданні шчырыя мае —

Каб не пабачыць болей куль.

Але пакуль

Ёсць ворагі дабра на свеце,

Я слаўлю тую, што іх б’е!

 

 

ІДУ ЗА ІМ...

Іду за ім...

За кожным следам.

За кожным за яго радком.

Зноў я ў Пароніне.

Наведаў

Я той драўляны, смольны дом.

 

Стаю.

Схіліўся за парогам.

Нібы ягоны голас чуць,

Дзе ён спыняўся ненадоўга

Прад тым, як свет ускалыхнуць.

 

І ўскалыхнуў...

А сэрцу горна,

І ўсім вядома вам — чаго,—

І я зайздрошчу жоўтым бёрнам,

Што чулі,

Бачылі яго.

 

А на двары —

Натоўпам тыя,

Што назаўжды з’яднаны з ім,

І гучнапольскае «Нех жые!»

З прачулых слоў пры доме тым.

 

І вера моцпая

Ў народзе,

Як лету скорыцца зіма,

Што ён і сёння ў свеце ходзіць...

Чакайце, дзе яшчэ няма!

 

 

КНІГА

У вольны час іду ў кнігарню,

Мне кніжка заўжды па душы,

Яна мяне заве ўладарна,

Бо адкрывае свету шыр.

 

З ёй ноччу на адзін размовы,

Ноч не заўважыш давідна.

І нездарма прарокі слова

Хадзілі ўсе да Смірдзіна.

 

Кнігарня, ты здаешся раем,

Дзе кнігі з вабячай красой.

Там я такую выбіраю,

Ноч не адвесці ад якой.

 

З чым параўнаць яе, скажыце?

Заўсёды з любай кніжкай быў,

І быццам аж мільёны жыццяў

Я за адно сваё пражыў.

 

 

* * *

Выходзіш ты з восеньскіх кветак,

Па срэбным ідзеш мурагу.

Навошта ты глянула гэтак,

Што я разгадаць не магу?

 

Не буду шукаць я высновы —

На шчасце маё ці бяду.

Скажы мне адзінае слова —

І я за табою пайду.

 

 

* * *

Гады адышлі, як часовыя госці.

Моўкне ля бору пустая хаціна...

Дзе вы, сябры маёй маладосці,

Дайце збяромся, ну хоць на гадзіну!

 

Дайце ўдыхнём, як на раніцы весняй,

З першае, волкае, роснае кветкі,

Дайце успомнім жарты і песні,

Можа, й слязу змахнём неўпрыкметку.

 

Сядзем пры вогнішчы зыркім і жаркім,

Недзе пры лесе сасновым, яловым...

Сядзем, з алешніку скруцім цыгаркі,

Хай затуманяцца зноўку галовы.

 

Будзе над вогнішчам гоман зялёны,

Стрэнем світаннейка ў спевах птушыных,

З прысаку бульбы дастанем пячонай...

Дайце збяромся, ну хоць на гадзіну!

 

 

* * *

Белым пухам сцелецца,

Кружыцца і пеніцца

На дварэ мяцеліца,

На душы мяцеліца.

 

А жаданні спорацца,

Быццам пчолы рояцца.

Што ж такое мроіцца?..

Час бы супакоіцца!

 

Сэрца ж не схіляецца,

Хоць снягі згусаюцца.

Шыбы загараюцца —

Зноў яна ўсміхаецца!

 

 

* * *

Наперад — промень праз морак рання,

Наперад — кропля аж да ракі.

Наперад — крок аж да спаткання,

Наперад шчасцю — узмах рукі.

 

Наперад — ліст пад купал сіні,

Наперад крыльцы мчаць птушанят,

Наперад — сэрца, як той гадзіннік...

Нішто не мае хады назад.

 

 

* * *

Мы на зямлі сваёй шукаем,

Знаходкам цешымся сваім,

Але няма адкрыццям краю,

Як і канца нябачна ім.

 

Ах, як усё яно складана — Сусвет...

І песня салаўя...

Яшчэ як след неразгаданы

Шляхі пчалы і мураўя.

 

 

* * *

Быў я ў заморскае краіне.

Між небаскробаў — што за тлум!

А я інакшая расліна,

З уласнаю трывогай дум.

 

На стрытах многа бесклапотных,

Увысь задзёртыя насы,—

А мне між іх... мне так самотна,

Як той сасонцы між лазы.

 

 

* * *

Твой том з’явіўся ў каленкоры,

З наборам назвы залатым,

І мастакі ў праменнях зоры

Ўзвялі над прозвішчам тваім.

 

Ты ўпэўнены — сябе праславіў,

І на паліцы, дзе святлей,

Том побач з Пушкіным паставіў...

Том не зрабіўся разумней.

 

 

* * *

Пачуцці клічуць нас няроўна —

То ўвысь, то цягнуць да зямлі,

Бо адчуваем так умоўна —

Як нам захочацца калі.

 

Вось прыклад вам для параўнання

(Усё па-свойму і ў свой час):

Лягчэй сто гоняў да кахання,

Чым крок, што з любай дзеліць нас.

 

 

* * *

Якія б ні адведаў далі,

Пабачыш ты ў кутку любым,

Як дахі ўгору паўздымалі

Тэлевізійныя чубы.

 

І вось у кожную хвіліну

Сягоння цэлы свет ідзе

Амаль праз кожную хаціну —

Ва ўсёй красе, ва ўсёй бядзе.

 

 

Я НЕ ПРАВІНЦЫЯ!..

Адной сям’ёй наперад крочым,

Хто б дзе ні жыў сягоння з нас...

— А ён з правінцыі! —

аднойчы

Пачуў пра некага я сказ.

Я ўсхваляваўся,

Як ніколі,

І ўжо не мог сябе стрымаць,

І я тады

сабе дазволіў

Так упікнуўшаму сказаць:

— Я сэнс адчуў ваш іранічны,

Былога ж рысы адышлі:

Я не правінцыя —

правінцый

Няма ў савецкае зямлі.

У час адзін і роўна звоніць

Нам вежа Спаская з Масквы.

Я не правінцыя!..

Я сёння

Такі ж сталічны,

Як і вы.

У той жа час газеты маю,

Не меней, можа, розных кніг,

І весткі з радыё

прымаю —

У тую ж хвілю, той жа міг.

Па тэлефоне для размовы

Мне недалёкі дальні шлях,

Праз тэлевізар

адмыслова

Відаць мне гульні ў Лужніках.

Гляджу і МХАТ.

А на парадзе

Быць думай ля Крамля я звык.

Мы роўна блізкія,

папраўдзе,

Усе сягоння для Масквы!

 

 

ЯК ТОЙ ПЕРАДАТЧЫК...

Жыццё не спыняецца —

змены і змены,

І сэрцу не скажаш — глядзі і маўчы!..

Я сам, што антэна,

я сам, што антэна,

Прымаю навіны і ўдзень і ўначы.

 

Бывае навіна —

шчаслівы і рады;

Ды прыйдзе такая, што гора нясе,—

І выбухнуць думы-электраразрады,

А ў грудзях не месцяцца водгукі ўсе.

 

Я імі жыву,

апантаны, няйначай,

Шукаючы слова і ноччу і ўдзень,

І сам я раблюся,

як той перадатчык

Для сэрцаў людскіх, найгучнейшых антэн.

 

 

* * *

Не спадзяваўся я ніколі,

Каб мне хто-небудзь пасабляў.

Я сам сваё засеяў поле

І ўсходаў першых прычакаў.

 

Было — недасынаў начамі,

Каб кожны з іх пад сонцам жыў,

Было, што паліваў слязамі,

Грудзьмі ад золі бараніў.

 

Сам з поля вырываў гірсу я,

Каб кожны колас не зачах.

І дачакаўся, што красуе...

Якая ж радасць у вачах!

 

 

ПАМЯЦІ МІКАЛАЯ РЫЛЕНКАВА

Быў багаты на словы.

Сёння ж сцішыўся, змоўк.

Так з жыццёвай дубровы

Адарваўся лісток.

 

Хіба льга так раптоўна

Легчы, болей не ўстаць?

Я ж на ліст на ягоны

Не паспеў адказаць.

 

Што ж, касцістая, косіш

Тых, што мусілі жыць.

Я ж хацеў яго ўвосень

Да сябе запрасіць.

 

Знаю, ночы чакалі

За бяседаю нас.

Мы ўсяго не сказалі —

Адкладалі ўвесь час.

 

Клічу сябра. Не спіцца.

Ён не прыйдзе. Дарма.

Не магу пагадзіцца,

Што яго ўжо няма.

 

 

* * *

Вясна ідзе — сябе я цешу,—

Ах, як хвалюецца душа,

Мне быццам новую дэпешу

Дыктуюць кроплі з капяжа.

 

І рады я вясны прыходу —

Кранае вушы ветру смех,

Здаецца, бачу плынь пад лёдам,

Здаецца, рунь варушыць снег.

 

 

ХВАЛЯВАННЕ

Відаць, спакою не настане.

Я не з бясчулых. Не з такіх.

І ты са мною, хваляванне,

Ажно з пачатку дзён маіх.

 

Ды што там я? Калі прыкмеціць,

Яно не толькі ж у людзей —

Усё хвалюецца на свеце.

Няма змярцвелага нідзе.

 

І хваляванне ў моры сінім,

Спрадвеку ў земнае кары,

Хвалююцца пяскі пустыні,

Хвалююцца між хмар вятры.

 

Хвалюецца салоўка ў спеве,

Крынічка, імкнучы са дна,

Хвалюецца лісток на дрэве,

На скрыпцы пад смыком струна.

 

Хвалюецца пушынка ў небе

І павуцінка між трысця,

Хвалюецца зярнятка ў глебе,

Пад сэрцам матчыным дзіця.

 

Ды што казаць. Мне так здаецца —

Няма спакою ані ў чым.

Адно скажу — я маю сэрца,

Яно хвалюецца па ўсім.

 

 

* * *

 

Прафесару

Мікалаю Мікадымавічу

Маліноўскаму

 

Многа даў наш край бацькоўскі

Здатных да ўсяго майстроў —

Вам, прафесар Маліноўскі,

Шчырая мая любоў.

 

Быццам бы нядаўна тое,

Як хадзіў у дні вайны

Па-над Віліяй-ракою

Партызанскі сувязны.

 

Быццам бы нядаўна з дому,

Дзе араў, касіў і пас...

Сёння ж Вы хірург вядомы,

Слава громкая пра Вас.

 

Той ніколі не забудзе,

З кім Вы ў час цяжкі былі,—

Сёння шматпакутным людзям

Вы жыццё наноў далі.

 

Вас успомню неаднойчы,

І хачу сказаць я Вам:

Дзякуй Вашым добрым вочам,

Дзякуй сэрцу і рукам!

 

 

ДЗЕНЬ ДОБРЫ...

Няхай сабе здаецца, можа,—

Як прыязджаў дамоў не раз:

— Дзень добры!..— я шаптаў бярозам,

— Дзень добры!..— чулася ў адказ.

 

І сэрца білася так гулка,

Нібы даўно ў юначы час.

— Дзень добры!..— віншаваў рачулку.

— Дзень добры!..— чулася ў адказ.

 

Я йшоў туды, дзе мог напіцца,

Каб смагі жар сышоў, пагас...

— Дзень добры! — я казаў крыніцы,

— Дзень добры!..— чулася ў адказ.

 

Удзячнасці шукаў я словы,

Казаў іх шчыра, без прыкрас:

— Дзень добры вам, гаі, дубровы!

— Дзень добры!..— чулася ў адказ.

 

 

У КУНЦАВЕ

Далёка ад жаданай хаты,

Ад мінскага свайго жытла,

Гляджу на Кунцава з палаты,

Куды хвароба прывяла.

 

Яно, вядома, правяць, лечаць...

А я гляджу:

Цераз гады,

Шырока развінуўшы плечы,

Прыйшла Масква ажно сюды.

 

За воблакі ўзнялася вышай.

Праспекты глянеш — проста цуд!

А тут была, я помню, ціша,

Усім вядомы дачны кут.

 

Стаяў нядаўна невялічкі

Між зеляніны ціхі дом,

Адкуль нас Эдуард Багрыцкі

Зачараваў сваім радком.

 

Скаваны астмаю цяжкою,

Па сутках не заплюшчваў воч,

Пад посвіст птушак у пакоі

Гучалі вершы дзень і ноч.

 

Цяпер у Кунцаве ўсё нова,

І наваколле ўсё з абноў,

Адзін на ўзгорку бор сасновы

Яшчэ застаўся з тых часоў.

 

Яму ў Маскве нішто жывецца,

Дзе ўзрос — падлесак гадаваць.

Мне ж, дзіваку, адно здаецца:

Прыйшоў мяне дамоў гукаць.

 

 

ПЕРШЫЯ СПЕКТАКЛІ

У нас, у камсамольцаў юных,

Усё, здавалася, пяе —

Мы ставілі ў вялізнай пуні

Спектаклі першыя свае.

 

У кожнага былі заданні.

Хто коўдры зносіў з паўсяла,

Бо з гэтых коўдраў даматканых

Заслона нашая была.

 

Я сакратар. Шукаў я вышай

Сваіх адносін да ўсяго.

«Анонс!» — пісаў тады ў афішах,

Не знаў хоць, што і да чаго.

 

А вось як надыходзіў вечар —

Стаяў у пуні гул і гам...

Якія ставілі мы рэчы?

Што пад руку траплялі нам.

 

Агіткі, розныя навінкі

Ствараў я — ўзрушаны паэт.

«Жаніцьбу» Гогаля, «Паўлінку»,

Больш — пра камуну на ўвесь свет.

 

А што было тады ў нас дрэнна,

Мы недахоп адчулі свой...

Ды хтосьці з нас

пайшоў на сцэну

На ўсё жыццё

з часіны той.

 

 

ЯК ЛЕТА ЎБЯРЭЦЦА...

Як лета ўбярэцца ў поўную меру,

Глядзіш, і рака закрасуе тады —

Зялёныя, гострыя шаблі аеру

Праб’юцца да сонца з збуцвелай вады.

 

Лаза распушыцца, лаза асмялее,

Глядзіш — па калені ў сцюдзёнцы стаіць.

А колькі ліхтарыкаў — белых лілеяў —

Пад вечар на соннае плыні гарыць!

 

А выплыве месяц — да дна працінае,

Нібы не камельчыкі — срэбра на дне;

А выскачыць рыбка, як свечка заззяе,

Пялёхне... Аж сэрца тваё ўскалыхне!

 

 

ДАРОГІ

Мы вельмі б дазналіся многа

Пра даўна пражытыя дні,

Калі б расказалі дарогі,

Што бачылі, чулі яны

 

Пра час, што мінуў беззваротна,

Пра тыя, былыя гады,

Як леглі на іх бесклапотна

Дзіцячыя нашы сляды;

 

Калі нам дарогі кахання,

Хай яблыні, вішні цвілі,

У час, як ішлі на спатканне,

Даўжэзнымі надта былі.

 

Мы верылі, што нас чакалі,

Што з’явімся як найхутчэй,

І ногі цяжару не зналі,

І сэрцы імкнулі з грудзей.

 

Маглі б нам дарогі азвацца,

Як некалі з родных палёў

Мы з нашай любімае працы

Вярталіся з песняй дамоў;

 

Паведаць аб часе трывожным,

Калі мы на заклік граніц

Выходзілі дружна і грозна,

Каб волю сваю бараніць.

 

Дарогі, дарогі, гасцінцы

Адважных збіралі не раз —

Нямала брыдоты-чужынцаў

Палегла ганебна ля вас.

 

А тым, хто іх здолеў, адужаў,

Пры вас абеліскі стаяць,

Яны, як чырвоныя ружы,

Між дрэў і завеяў гараць.

 

Шляхамі ідуць маладыя

Ад новых і ўзноўленых сёл —

І хвалі палёў залатыя

Шумяць і спяваюць вакол.

 

 

МОВА ВЯТРОЎ

Мова вятроў,

Ты заўжды маеш характар нязвычны,

Колькі адценняў ў цябе,

Колькі нязведаных слоў!

Слухаю ранкам вясны,

Слухаю ў дзень навальнічны,

Толькі жаданне адно — выведаць мову вятроў.

 

Выйду ў шырокі прастор,

Выйду ў жытнёвыя нівы,

Выйду ў гаі,

Дзе ўгары зрокам дубоў не абняць,—

Слухаю ў змрочны заход,

Слухаю ноччу бурлівай,

Вельмі ўжо хочацца мне

мову вятроў распазнаць.

 

Можа, раскрыўся б увесь свет прада мною

Вясёлы,

Дзе б на абліччах людскіх

Я не заўважыў хмурын,

Можа, даведаўся б я пра гарады і пра сёлы,

Дзе распявалася ўсё ажно з нізін да вышынь.

 

Толькі дарма я,

Дарма гэтак узрушана мару,—

Сёння нялёгка вятрам па-над зямлёю ляцець,

Здаецца, гавораць усім пра руйнаванні,

Пажары,

Быццам і самі яны сталі з крыві чырванець.

 

Здаецца, што часам вятры енчаць і стогнуць

Ад болю,

Быццам нязменны цяжар

Крыллі іх сёння нясуць...

Лепш скаланулі б яны ўсюды, як ёсць,

Наваколле,

Вельмі ўжо хочацца мне

Песню аб шчасці іх чуць.

 

Гэта жаданне маё ў сэрца глыбока запала,

Хочацца ведаць яму тайну крылатых размоў

Ах, каб яе зразумець,

Колькі б яна расказала —

Мова зямлі і нябёс — гучная мова вятроў!

 

 

ЖАДАННЕ

Рана ўздымуся,

Толькі як сонца

Зямлі дакранецца з самага краю,—

 

Чырвань зары,

Чырвань зары

Заместа чарніла ўзяць я жадаю.

 

Не на паперы

Буду пісаць я,

Буду пісаць я на лузе зялёным,

 

Каб красаваўся,

Каб красаваўся

На поўную сілу радок мой чырвоны.

 

Каб не расплыўся

Ён паміж росаў,

Каб не зліняў, не зблажэў пад дажджамі,

 

Сонца сагрэе,

Сонца сагрэе,

Сонца прасушыць радок мой з вятрамі.

 

Будзе цвісці ён

Доўга, яскрава,

І не заглушыць яго пустазелле.

 

Хочацца вельмі,

Хочацца вельмі,

Каб людзі, чытаўшы яго, маладзелі!

 

 

НА МАГІЛЕ МАРКСА

 

Некалькі гадоў назад фашыстоўскія малойчыкі спрабавалі разбурыць магілу Маркса ў Лондане.

 

Вучэнне Маркса ўсё ў змаганні —

Вайна рабаўнікам усім.

Яго ж апошняе прыстанне

Не па нутру сягоння ім.

 

Прыйшлі, каб разбурыць магілу,

Ды выбух камень ледзь крануў.

Якая ж у злачынцаў сіла!..

А Маркс зямлю ўсю скалануў.

 

Ніякай яваю, ні ўпотай

Не ўратаваць аджыўшы свет

Ім, аскабалкам сіл прыгнёту,

Што Марксам нішчыцца

нашчэнт!

 

 

* * *

Якое моцнае каханне —

З’яднае двух, не разлучыць,

Адзінства дум,

Адны жаданні,

Інакш яны не могуць жыць.

 

Няхай свой выгляд мае кожны,

Ды за жыццёвыя гады

Зліюцца так,

Што не адрозніш,

Як кропля з кропляю вады.

 

 

ЗВАРОТ ДА БЯРОЗАК

На Беларусі столькі, можа,

Бяроз,

Як тых па небе зор.

Падобны родныя бярозы

На нашых матак і сясцёр.

 

Я не апошні і не першы

Табе выказваю любоў,

Хоць пра цябе ўжо многа вершаў,

Больш, чым усіх тваіх лістоў.

 

А быў бы рады я без меры,

Каб кожны верш у адрас твой

Мог супыніць змяю-сякеру,

Што на цябе імкне вясной.

 

 

КАБ ТОЛЬКІ НЕ БЫЛО ВАЙНЫ...

Ёсць дума дум сялян такая,

Дзе б толькі ні жылі яны,

Як зернеты ў зямлю кідаюць:

Каб толькі не было вайны...

 

Іду між плошчаў я і чую —

На ўзлёце светлае сцяны,

Ад тых, што новы дом будуюць:

Каб толькі не было вайны...

 

Я чую думы нашых матак,—

Як волаты ўзраслі сыны,

Іх выпраўляюць у салдаты:

Каб толькі не было вайны...

 

Людскі наказ чуваць над светам,

Прасторы дзіўныя відны,

Штораз вышэй лятуць ракеты:

Каб толькі не было вайны...

 

Я чую кліч: — Цярпець не будзем

Мы ні разбою, ні маны!

Ад нас саміх залежыць, людзі,

Каб болей не было вайны!

 

 

МНЕ ДА ЎСЯГО СЯГОННЯ СПРАВА...

Усю не зведаць рэчаіснасць

І не прайсці мне ўсіх дарог.

Хацеў бы быць я мнагаісным,

Як ва ўяўленні многіх бог.

 

Пазнаць сусвет, яго праявы.

Нідзе няма цяпер глушы...

Мне да ўсяго сягоння справа,

Усё мне блізка да душы.

 

Будзённае і проста цуды

Цяпер нялёгка раз’яднаць.

Калі б я мог пабыць усюды,

Каб з кожным мог я побач стаць.

 

Я сёння шмат чым загарэўся,

Хоць шлях цяжкі да пекнаты.

Я стаў бы побач на Палессі,

Хто асушае балаты.

 

Я працаваў бы разам прагна,

Хоць да цямна і ад цямна,

Каб на прастор былое багны

Прыйшлі сады і збажына.

 

Не проста хлеб расце «на славу»,

Не проста так:

«Глядзі, пішы!..»

Мне да ўсяго сягоння справа,

Усё мне блізка да душы.

 

Як хлеб расце,

як лён квітнее.

А як усё прыберуць з ніў?

Адной хваробай я хварэю,

Мяне ёй Колас надзяліў.

 

Яна мне не дае спакою,

Як салавей, а ці змяя,—

Перш-наперш кожнай раніцою

Гляджу на неба пільна я.

 

І мне салодка, а ці горка,

Ці радасць, ці бяды гара,—

Змяя, калі часы уборкі,

А з неба льецца як з вядра.

 

Змяя, калі лугі пасохлі,

А ты не ўбачыш і расы,

Змяя, калі дажджу ні кроплі,

А смага беліць каласы.

 

Карысна быць хай не героем,

Ды жыць хачу з такой сям’ёй,

Якая кожны дзень з зямлёю

Гаворыць гэтак, як з жывой.

 

І хоць свая зямля ласкава,

Далёкі свет мне не чужы,

Мне да ўсяго сягоння справа,

Усё мне блізка да душы.

 

Мне бачна —

джунглямі густымі

Ідуць змаганнікаў страі,—

Хацеў бы побач стаць я з тымі,

Хто сёння ў найцяжкім баі.

 

Быць побач з тымі, хто ў клапотах

Знішчае вылюдкаў ліхіх,

З гарматаў б’е і з кулямётаў

І з аўтаматаў косіць іх.

 

Я ў захапленні гэтым краем,

Яго народ-герой люблю:

Сябе в’етнамцам адчуваю

І ночы доўгія не сплю.

 

Не сплю, бо ўдзень ў другой дзяржаве

Няма спакою і цішы,—

Мне да ўсяго сягоння справа,

Усё мне блізка для душы.

 

Са стрытаў мне відны пажары

І гул змагання ў нашы дні,—

Ну што ж, я з тым, хто чорны тварам,

Ды з сэрцам яснай чысціні.

 

Яму не загадаеш: — Годзе!

Змірыся з тым — ёсць белы пан.

Хто злічыць, колькі за стагоддзі

У сэрцы тым пакутных ран!

 

Мне скажа хто: — З якім ты правам

Прайшоў чужыя рубяжы?

Мне да ўсяго сягоння справа,

Усё мне блізка да душы.

 

Я чалавек зямлі, не маю

Асобна нейкае таўро —

І я свой голас уздымаю,

Каб панавала скрозь дабро.

 

Яно не з’явіцца без болю

Само, якімсьці нейкім днём,—

Яно расце, расце паволі,

Як у гняздзечку птушанё.

 

Яно ўсё больш збірае сілы,

Спрабуе крыльцамі махаць,

Пасля ўзляціць, разгорне крылы,

Яго ўжо болей не стрымаць.

 

Дабро і доля — змест адзіны,

Не знойдзеш розніцы якой;

Яны на яблыні галінах,

Што кветкі першыя вясной.

 

А потым завязь, рост... і спеюць,

Наліў да росаў залатых,

Пасля наліву чырванеюць,—

Такі заўсёды воблік іх.

 

Зямлі ж усёй ў зары аправе

Скрозь чырванець. Няма мяжы!

Мне да ўсяго сягоння справа,

Усё мне блізка да душы!

 

 

ЗДАЕЦЦА, ДУБ СА МНОЙ ГАВОРЫЦЬ...

Стаіць цар-дуб. Стаіць і марыць...

Я змалку з дубам тым жыву.

Крылом чапляюць часта хмары

Яго старую галаву.

 

Бывае, бура вые, енчыць

І бурыць на шляху сваім,

А ён такі шыракаплечы,—

Суцішна, ўтульна мне пад ім.

 

Начлег. Маўчаць на небе зоры.

Іду да дуба я свайго,—

Здаецца, дуб са мной гаворыць...

Я прагна слухаю яго:

 

— Жыву я шмат і многа помню —

І як жывуць, і як жылі,

Саха, і плуг, і трактар сёння —

Усе перада мной прайшлі.

 

Жалуд мой кожны — гэта вока,

Мне добра бачна ўсё як след,—

Машыны занялі шырока,

Шырока разгарнуўся свет.

 

Я чую, як спявае поле

Галінамі антэн густых,

Мяне так цешыць наваколле,

Ды просьбу маю я да ўсіх —

 

Бярог я дзеда, бацьку, сына,

Магу і праўнукаў прыкрыць,

Навошта ж злосна: «дуб», «дубіна»,

Навошта людзям гаварыць!

 

 

СНЯДАННЕ

Заўжды перад працаю ў кожнае ранне,

Як толькі на ўсходзе пачнецца бялець,

Сняданне, як кожнае нам сённяданне,

Парай дыміцца на нашым стале.

 

Навокал такая ўрачыстая ціша...

Чаму ж гэта ціша ў той час настае?

Ды гэта ж з варонаю бульбаю міса,

Каб зналі прывабнасць якая ў яе!..

 

Хто з самага ўскрайку, хто вельмі ўжо блізка,

Трымаючы бульбіну зграбна рукой,

З павагай належнаю чэрпаюць лыжкай

Расол альбо квас, а ці то малако.

 

Паснедаюць і не баяцца цяжару,

Іх праца яднае — старых і малых,

А промень праз шыбу асветліць іх твары —

Якая ж узнёсласць на выглядзе ўсіх!

 

 

* * *

Няма мяжы вятрам нізвання,

Мяжою промні не спыніць,

Няма мяжы ў людскім каханні,

Для мараў, дум няма граніц.

 

Зямля для працы ўсім належыць,

І права гэтаму — адно;

Зямля ж падзелена на межы,

Мы і не ўспомнім, як даўно.

 

На жаль, усякія ёсць людзі:

І дабрадзей, і ліхадзей...

Дакуль жа будзе,

Дакуль жа будзе

Яшчэ мяжа паміж людзей?!

 

 

ВОСЕННЮ

Восень,

Яблыкаў апад,

Золак чырванеецца;

Восень,

Буйны лістапад,

Жоўтая мяцеліца.

 

Восень,

Гоман баравы,

Гнёзды апусцелыя.

Адлятаюць журавы:

Хутка —

Ночы белыя.

 

Восень,

Раннем халадок,

Маладзенькі, чысценькі,

І на сэрца лёг

Лядок —

Цененькі, празрысценькі...

 

 

* * *

Ну, дзе знайсці мне дапамогу,

Каб хоць ратунак, хоць які?

Не, балючэй няма нічога,

Калі на сэрцы боль цяжкі.

 

Ідуць, смяюцца і спяваюць,

Ну што ж, жыццё як мае быць.

Ледзь чую я. Адно шукаю,

Каб неяк боль свой заглушыць.

 

Хаджу пад золкімі дажджамі,

Хаджу я босым па расе,

Хаджу пад злоснымі вятрамі,

Пакуль не кінуць сілы ўсе.

 

Валюся з ног, спадаю з кручы,

Каб збыць свой боль як найхутчэй,

І, што казаць, яно балюча,

Але на сэрцы балючэй.

 

Бо сэрца дзень і ноч трывожа,

Няма спакою ад яго...

А хто ратунак даць мне можа,

Дык і не ведае таго.

 

 

БЫЦЬ КАМУНІСТАМ...

Быць камуністам —

Добра ведаць:

Адказнасці заўсёды шмат,

Што за тваім

За кожным следам

Дасціпны ленінскі пагляд.

Быць камуністам —

Гэта значыць

Штодня вышэй ісці ў палёт.

Быць камуністам —

Ясна бачыць

Наперад шмат на многа год.

Быць камуністам —

Заўжды зоры

Чырвоныя ў грудзях насіць.

Быць камуністам —

Знай, і ў горы

Скалою непахіснай быць.

Быць камуністам —

Чулым сэрцам

Нязменна весці ў новы шлях.

Быць камуністам —

І памерці

За справу партыі не страх.

Быць камуністам —

Шчырай працай

Ісці ў радах перадавых.

Быць камуністам —

Быць змаганцам

За светлы лёс людзей усіх!

 

 

* * *

Песні аб марах жыцця недасяжных,

Колькі вас, колькі вас сэрца кранае.

Колькі ні слухаў я песень працяжных

Самую доўгую вецер спявае.

 

Як завядзе ён часінай змяркання —

Цягне, бывае, да самага ранку;

Чую ў той песні прызнанні ў каханні,

Чую я ў ёй і нібы калыханку,

 

Чую, як быццам зязюля кувае,

Чую — салоўка пачне залівацца,

Чую, як быццам мяне хто гукае,

Толькі ніяк не магу здагадацца...

 

Чую, і сэрца трывожна так б’ецца,

Дзіўныя ў ветраў напевы якія...

Слухаю. Сэрцу чамусьці здаецца —

Клічуць вярнуцца ў гады маладыя!

 

 

МОЙ ЧОВЕН

Я на раку выходзіў смела

Вясновай, роснай раніцой —

Мне больш любое каравелы

Быў човен, просты човен мой.

 

Было — ён гонка ўдаль імчыцца

На плыні вод нібы са шкла,

Хоць сціпла зваўся ён «дубіцай»,

Ды быў імклівы, як страла.

 

Ператвараліся і вёслы

У два нястомныя крылы —

Імкнуўся я ў прастор узнёсла,

А побач берагі плылі...

 

Спяшацца не было патрэбы.

Я ж веславаў, займала дух,

Здавалася — плыву па небе,

Рассунуўшы аблокаў пух.

 

Ах, човен мой, юнацтва ранне,

Найлепшым ён мне сябрам быў,

Нібы на чоўне і ў каханне

Я плыў. Далёкі быў заплыў...

 

У буры і ў віхры якія

Сабе шляхоў не вызначаў,

Трапляў калі ў віры крутыя,

На шчасце з іх я выныраў.

 

Ну, хто там зашаптаў аб смерці?

Жаданне тое ж, што было,

Адно — плысці, аж покуль сэрца

Яшчэ да вёслаў прырасло.

 

 

ОЙ, ЧАЛОМ, ЧАЛОМ...

З дзён малых,

Відаць, да смерці,

Светлым аганьком

Мне запала песня ў сэрца:

— Ой, чалом, чалом!..

 

Чалом хаце

І садочку,

Небу над сялом,

Чалом бору і гаёчку,

Возеру чалом!..

 

Чалом ранку,

Што цалуе

Сонечным цяплом,

Чалом полю, што красуе,

Што ў снапах, чалом!

 

Чалом пчэльнікам,

Налітым

Мёдам-бурштыном,

Чалом людзям працавітым,

Іх жыццю чалом!..

 

 

У НАСТУПНЫМ ВЕКУ...

За даллю, у наступным веку,

Цераз вялікіх спраў хрыбты

Відна мне постаць чалавека —

Магутнай, простай пекнаты.

 

Ён гарады паўзводзіў шпарка

І, быццам цуд, над імі ўзнёс

Праменныя вясёлкі-аркі

Ажно да самых да нябёс.

 

Ён аб’яднаў Зямлю з Сусветам,

Спазнаўшы сутнасць зор як след,

Праклаў дарогі на планеты

Для дужых караблёў-ракет.

 

Ён стаў на Марс сваёй нагою,

Дзе многа новага знайшоў...

Ды толькі ў існасці зямное

Яго нязменная любоў —

 

Палеткі ў пошуме жытнёвым,

Бары ў гамонках векавых,

І луг, і гай, і сад вішнёвы,

Пятлянка-рэчка паміж іх;

 

Дзяўчатак рой прыгожы, зграбны

У фарбах вышытых спадніц,

Вянкі над іх чалом прывабным,

Што з васількоў і медуніц;

 

І песні, іх напеў бясконцы,

Як той срабрысты ручаёк,

І тое матчына аконца,

Якое свеціцца здалёк!

 

 

* * *

Ёсць непагоджанасць якая —

Не адчуваючы цаны,

Свае хвіліны падганяем:

Ах, каб хутчэй ішлі яны.

 

Куды спяшаемся няспынна?

Нам часу дадзена не шмат —

Міне яшчэ адна хвіліна,

Ёй не вярнуцца ўжо назад.

 

 

ПАНЯДЗЕЛАК

З чым ён, час наступны, прыйдзе,

Чым адзначыцца і мой?

Пачынаю новы тыдзень

З панядзелка раніцой.

 

За акном наш студзень белы

Выклаў снежныя гарбы...

Хто сказаў, што панядзелак

Нешчаслівы дзень нібы?

 

А мяне дык ён натхняе,

Тыдня першая мяжа,—

Што ж, і думка наспявае,

Быццам кропля з капяжа.

 

Мне б хацелася работу

Ў тыдні гэткую займець,

Каб да самае суботы

Хвалявацца і гарэць!

 

 

ЮНАКАМ АЙЧЫННАЙ

Жылі імкненнем вы адзіным —

Змагацца за зямлю сваю.

Прад вамі, юнакі Айчыннай,

З пашанай шчыраю стаю.

 

Вы з аўтаматам, кулямётам

Прайшлі франтамі сотні вёрст,

Давалі вам шынель і боты,

Як быццам дзецям — навырост.

 

І сапраўды былі вы — дзеці,

Яшчэ ад школ не адышлі,

А сэрцы вашы, што ў гвардзейцаў,

Загартаванымі былі.

 

Шмат вашае крыві праліта,

Ішлі вы за бацькамі ўслед,

І вораг, моцна імі збіты,

Дабіты вамі быў нашчэнт.

 

Пад неўміручымі сцягамі

Прайшлі віхуры і агонь.

Суровы выпаў вам экзамен —

Здалі выдатна вы яго.

 

 

МІНСК — СТАЛІЦА

Калі я быў на вёсцы дзіцем,

Не мог я і прысніць тады,

Што забярэш ты, Мінск — сталіца,

Мяне на ўсе мае гады.

 

Я ведаў у бязмежжы зоры,

А так, куды ні глянь, ні кінь —

Мае канчаліся прасторы

Сцяною соснаў і ялін.

 

І тых я сценаў, дзе мне доля

Быць абяцала жабраком,

Відаць бы, не мінуў ніколі,

Калі б зямлю не ўзрушыў гром.

 

Той гром, што мерай ніякою

Не падлічыць ягоных сіл,

Які раскрыў перада мною

Увесь чырвоны небасхіл.

 

Ён даў шынельку мне ў абнову,

І я, прыладзіўшы сабе,

Адтуль пакрочыў паступова

Ажно, сталіца, да цябе.

 

Пакінуўшы малы палетак

І кут азёраў і бароў,

Я да цябе ад сельсавета,

Нібы па лесвіцы, ішоў,

 

Ніякай працы не цураўся,

Перарабіў цяжкое шмат;

Калі ж па лесвіцы ўздымаўся,

Больш расхінаўся далягляд.

 

Удаль глядзеў — шырэлі гоні,

Гул чуўся з кожнага сяла,

I я,

сталіца,

добра помню,

Ты на маіх вачах расла.

 

Ушыр і ўвысь, надзейна,

гонка,

Над хлудам вулачак былых,

А я ж яшчэ застаў і конку

І гойк рамізнікаў тваіх.

 

Калі дзе справы нас чакалі,—

Ну што ж, пяшэчкам курс трымай!

І ўсе мы з радасцю віталі,

Сталіца, першы твой трамвай.

 

Вядома, цешылі заводы,

Іх працы невычэрпны кошт...

Але навошта год за годам

Мне адлюстроўваць твой рост?

 

Мы, як чало сваёй краіны,

Насілі ў сэрцы воблік твой;

Пакутна знікшую ў руінах,

Слязой абмылі і крывёй.

 

Была ты з кайданоў адбіта,

Як сэрца роднае зямлі,

І ты ўзнялася з дзён нябыту

Такой, як марыць не маглі.

 

Прад тым, што ёсць,

прад тым, што ўсходзе,

І я схіліўшыся стаю,

З табой пражыўшы паўстагоддзя,

Табе, мой Мінск, хвалу пяю.

 

Гісторыя ў свае скрыжалі

Ўпісала горад мой — герой,

І дзе б цябе ні ўспаміналі,

Стаю я з гордай галавой.

 

Хто зведае, таму ты блізкі,

Цябе шануе добры госць,

А я з цябе, як быццам

з вышкі,

Радзіму бачу ўсю наскрозь —

 

Каўказ, і Крым, і край

камчацкі,

Усе, як ёсць, куткі яе,

І свой любімы кут ушацкі,

Які спакою не дае.

 

Ён змалку мне здаецца цудам,

Бо сэрца ўсё ў яго сяўбе,

Ды ўсё ж, як доўга там

пабуду,

Хутчэй ірвуся да цябе.

 

Твае кварталы грамадою,

Здаецца, што мяне завуць,

Дзе кожнай літарай сваёю

Я з кожнай цэглаю жыву.

 

 

* * *

Ацанілі яго слушна,

Што жыве ён —

Крывадушна.

 

Справа стрэнецца якая,

Да сябе ён прымярае.

 

А ці выгадна, разважа,

Праўды ж ён

Ніяк не скажа.

 

Хтосьці з крытыкай

Наскочыць,

Хай другія...

Ён прамоўчыць.

 

Бо жыве

Адным усюды:

«А што мець з таго я буду?»

 

А здабытак нос пачуе —

Ён крычыць,

Другіх лупцуе,

Сам як быццам бездакорны,

Зробіць белае

Ён чорным.

 

Не шкадуючы ўсіх косіць,

Хай,

Абы яму жылося.

Збрудзіць. Рукі не памые.

Ёсць, на жаль,

Яшчэ такія!

 

 

* * *

Рэчыца... Рэчыца...

Твае справы свецяцца

З нетраў паўздыманымі

Зыркімі фантанамі.

 

Рэчыца... Рэчыца...

Хутка больш абвесціцца,

Што ў зямлі хаваецца...

Вышкі разрастаюцца.

 

Рэчыца... Рэчыца...

Табой сэрца цешыцца —

Прозвішча жаданае,

Рэчкай заснаванае.

 

Рэчыца... Рэчыца...

Даль твая расквеціцца

Сілай паўнаводнаю!..

Ты рака народная!

 

 

* * *

Што багацей за ўладанні мае —

Поле пяе,

Рэчка пяе,

Бор пад вятрыскамі песню пяе.

 

Чую

Па дрэвах абуджаны сок,

Чую —

Вусаты шуміць каласок,

Чую,

Як звоніць зялёны лісток.

 

Чую,

У небе жураў затрубіў,

Чую,

Як жаўра спеў раскруціў,

Чую

Сарокі траскучы матыў

І верабейкаў

Нязменны «ціў-ціў»...

 

На першае скрыпцы

Салоўка зайграў,

Ён майстра

На спевы між птушак і траў.

Ды сумна было б нам,

Я б гэтак сказаў,

Каб толькі ўвесь час

Ён адзіны спяваў.

 

 

АБ ХУТКАЙ ДАПАМОЗЕ

Узрос хлапец. Гняце трывога,

Яму семнаццаты міне:

— Сябры, сябры!.. Ой, дапамога

І хуткая, патрэбна мне.

 

Каб пагасіла жар шалёны,

Дапамагла як мае быць,—

Не тая, з крыжам што чырвоным,

Што так прарэзліва гудзіць,

 

А тая, што плыве, як пава,

Што з ружай ў светлых валасах,

З пяшчотнай песняю ласкавай,

З блакітным бляскам у вачах.

 

 

АХ, КАБ ХУТЧЭЙ...

Калі пад стол хадзіў я дома,

Жаданне больш, чым я, расло,

Мне так хацелася малому:

— Ах, каб хутчэй усё ішло.

Ах, каб хутчэй штаны з кішэняй,

Каб хоць на пядзю большым стаў,

Пазбыцца дзягі той раменнай,

Якою бацька частаваў.

Каб дні хутчэй ішлі за днямі,

Ды на кані імчаць смялей,

Каб на начлег вадзіць з хлапцамі,

Каб адкаснуцца ад гусей.

Хутчэй бы скончыць школу. Потым

Такі ўжо выяўляўся план —

Зялёны фрэнч, са скрыпам боты,

На доўгім пасаку наган;

Каб мне зайздросцілі паўсюды,

Каб захапляцца мной маглі...

А дні сваёй хадой, марудна

Тады, здавалася, ішлі.

Сябры, юначыя галовы,

Не трэба дзён тых падганяць,

Бо на другой жыцця палове

Дні матылямі мільгацяць.

Па-шчыраму займешся нечым,

Глядзь — не паспеў. Недацягнуў.

Ледзь ранак бліснуў, а ўжо вечар,

Ледзь год пачаўся — год мінуў.

Бывае, што зрабіць не можаш.

Паспадзяваешся дарма,

Што зробіш заўтра, і адложыш...

А таго заўтра і няма.

І сёння мроіцца сівому.

Бо ўсё не вернецца ніяк —

Зрабіў бы шмат што па-другому...

Нашто было спяшацца так!

 

 

МАЛЮНКІ ВОСЕНІ

Ах, восень, восень, ты пад сонцам

Неапісальнай пекнаты,

Ты раскідаеш,

Як чырвонцы,

З кляноў барвовыя лісты.

 

Табе між сосен нібы цесна,

Ірвешся ўдалеч,

На прасцяг,

Вятрамі завяла ты песню

Па ўсіх дарогах і шляхах.

 

На правады ж панасаджала

Шпакоў у некалькі радоў,

Як быццам імі напісала

Жывыя ноты між слупоў.

 

 

МЕРА

Я гэта ўсё жыццём праверыў,

Не раз сабе кідаў дакор —

Ва ўсім, сябры, патрэбна мера,

Ва ўсім залішні перабор —

 

Зашмат бясконцае ваганне,

Зашмат клапот пра ўласны дом,

Ў каханні лішняе прызнанне

І хмель празмерны за сталом;

 

Зашмат бяздумнае гаворкі,

Замнога смачнае яды,

Зашмат салодка што ці горка,

Зашмат загару ці вады.

 

Зашмат пра славу дбайства, думак

Пра сваю веліч дзень пры дні,

Зашмат, як кажуць,

шуму-тлуму,

Зашмат бывае цішыні.

 

А ў вершах — лішняя шліфоўка,

І лішні смех, і лішні плач...

Зашмат эпітэтаў, рыфмоўкі —

Так нараджаецца рыфмач.

 

Прайсці нялёгка год за годам,

Бо шлях — то шоўк, а то асцё...

Хто ж меру ведае заўсёды,

Шчаслівы той на ўсё жыццё.

 

 

ЗІМОВЫЯ МАЛЮНКІ

 

І

Неба.

Месяц.

Поўна зор —

Аж зямлі

Іскрыць

Убор.

Дрэва кожнае

Падрад —

Апранула

Маскхалат.

Ён і ў елкі

І ў сасны —

Як дазорныя яны.

Дзе ні глянь —

Галін штыкі,

Здаўна

Звычай іх такі:

— Лепш не сунься

— Не чапай!

Гэта —

Партызанскі край!

 

 

ІІ

Ой, зіма,

Зіма,

Зіма!

Весялей цябе

Няма!

Горка,

Санкі.

Гоман,

Смех.

Сіні вечар.

Белы снег.

Усе дзеці

На каньках,

Колькі

Радасці ў вачах!

Мчаць удоўжкі,

Папярок.

Як вулей,

Гудзіць каток.

Мчаць наўпрост

І наўскасяк,

Пішуць ногі,

Пішуць так,

Што іх пісанку,

Відаць,

Толькі небу

Прачытаць.

 

 

ІІІ

Выгляд зімні —

Ён адзін:

Хусткі белыя

Ў хацін.

Ды дымкі

На іх відны.

Скрозь —

Цыгаркі-каміны.

Ноч.

Сцішэла,

Спіць народ.

Толькі часам

Грукне лёд.

Быццам

Подыхам такім

Кажа возера

Усім,

Што і сцюжа

Не бяда,

Што жыве

Яго вада,

Што ў ягонай

Глыбіні

І платва і акуні...

 

 

IV

Снег вялізны

Скрозь ляжыць,

Пад снягамі

Жыта спіць.

І хоць вецер

Золь прынёс,

Не дапне яго

Мароз.

Жыта спіць.

Аб сонцы сны.

Дачакаецца вясны!

 

 

ПРА КРАТЫ

Чорныя, цяжкія,

Гартаванай зваркі —

Не люблю я нават

Кратаў заапарка.

 

Не дайсці да вязняў,

Што ў турме бясконцай,

Ход да іх закрыты

І самому сонцу.

 

Часам ледзьве блісне

Прамянёк нязначны...

Але больш суровы

Краты, што нябачны.

 

Як жа чорна, чорна,

Дзе ў цісках прымусу

Кратамі закрыты

І людскія душы.

 

Там жа ад народу

Болей год ад году

Закрываюць краты

З факелам свабоду.

 

Ды чуваць,

мячы ўжо

Дужыя куюцца.

І мячамі тымі

Краты пасякуцца!

 

 

РАЗМОВА З ЛЕСАМ

Я з табой, як ёсць, увесь.

Я табе адданы,

Я табою, родны лес,

Змалку гадаваны.

 

Калі ўлетку статак пас,

Днём нягожым, хмурым,

Ты не раз мяне, не раз

Прыкрываў ад буры.

 

Я з табою дружна жыў,

Быў нязнаны смутак,

Ты з імшараў шмат лазы

Даў мне на абутак.

 

Хоць не вельмі мог я сеч,

Толькі, што зламана,

Ды зімой паліў ты печ,

Мой палац цагляны.

 

Мне за вежу комін быў

І каптур прысценны,

З прычалесніка свяціў

Твой лучнік нязменна.

 

Пасабляў ты,

Будаваў

Сохі мне з цапамі,

На яду ты мне даваў

Ягады з грыбамі.

 

Што ж, без пошукаў, клапот

Ты не быў гасцінны,

Ды часамі меў я мёд

З дзічыны пчалінай.

 

Заўжды помню, як жыву,

Я тваю абнову —

Ты мые даў на галаву

Шапку барсукову.

 

Я трубіў ажно да зор

Берасцянкай звонкай,

Родны лес,

вячысты бор,

Любая старонка!

 

Піў бярозавік калісь,

Заядаўшы хлебам,

Наглядаў, як мкнуцца ўвысь

Сосны —

ловяць неба.

 

А яліны на зямлю

Голле апускалі,

Быццам кажучы: «Люблю»,

Дол свой цалавалі.

 

Бор мой,

сцежка, дзе ступаў,

Мне была знаёмай,

Я з табою размаўляў

Мовай, нам вядомай.

 

Лес.

Цары-дубы стаяць.

Елкі, што княгіні,

Ім шархоткамі звіняць

Порсткія асіны.

 

А на ўзгорачак узлез

Беразняк радамі,

Быццам рассмяяўся лес

Белымі зубамі.

 

Як паніч той,

мухамор

Сочыць за апенькай,

Баравік аж нос задзёр,

На лісічак — зрэнкі.

 

Між галін — вавёрак след,

А на доле — Міша...

Ды пішы пра гэта год,

Хіба ўсё апішаш?

 

Гітлер, кат-галаварэз,

Прывёў зброд паганскі,—

Ратаваў нас родны лес,

Дом наш партызанскі.

 

Кожны жыў тады з табой

І ў цябе карміўся,

Ты праводзіў нас на бой,

Намі ганарыўся.

 

Саграваў нас твой касцёр,

З намі ў горы плакаў,

Родны лес, прыгожы бор,

Дзякуй табе, дзякуй!

 

Я кажу табе, як сын,

І табе малюся,

Хіба ж я такі адзін

Ў роднай Беларусі.

 

 

ГЕРОІ

Ці ў бітве, ці ў працы на славу зямлі —

Героі ў кагортах шматлікіх,

Героі не мараць аб зорках, калі

Выходзяць на подзвіг вялікі.

 

Наперадзе ў працы, ў змаганні цяжкім,

Заўсёды ў шуканні і росце —

Яны ў перамозе. І тысячы ім

Па-добраму сэрцам зайздросцяць.

 

Героі як гонар народа свайго

Між намі высока пасталі,

А ёсць і такія, што варты таго,

Каб зоркі на небе іх ззялі.

 

Героі між нас і растуць, як раслі,

Ніхто не азначыць іх ліку.

Героі не мараць аб зорках, калі

Выходзяць на подзвіг вялікі.

 

 

ІНТЭЛЕКТУАЛ

Аднойчы мне пазнаць прыпала

Такога інтэлектуала:

У ім нямнога інтэлекту,

Ледзь-ледзь хапае для эфекту.

Імён славутых назбірае,

А што за імі — і не знае.

Радку ж звычайнаму —

Пагарда,—

Блісне да Вінчы Леанардам,

Каб строфы разумней глядзелі,

Успомніць Мікеланджэла,

Іх падмацуе ён Гамерам,

Не праміне Апалінэра.

Бярэ філосафаў аж надта —

Дзідро, Русо, Вальтэра, Канта...

Ды ўсё выходзіць надарма —

Ў радках паэзіі няма.

 

 

МЁРТВАЯ ВЁСКА

Не,

дараваць немагчыма такога.

Што засталося ад вёскі?

Нічога!

 

Нелюдзі

З захаду

Сэрца не мелі —

Людзі,

І хаты,

І дрэвы згарэлі.

 

А жыць ім хацелася. Жыць было трэба.

Усё ж адляцела з дымам да неба.

І засталіся суровымі днямі

Назвы самотныя нам з камінамі.

Буры

З дажджамі

Жалобу там гралі —

І каміны,

Быццам свечкі,

Пасталі.

Помніцца нам,

як жылі там багата,

Раненька ўсе прачыналіся хаты,

Рухаў да працы люд іх насельны...

Звабліва ў печах званілі патэльні.

Жыццё пераходзіла з бацькі да сына,

Лепей і лепей з кожнай часінай:

Хлеб малацілі,

Дзяцей нараджалі,

Славячы долю,

Песні спявалі.

А жыць так хацелася. Жыць было трэба.

Усё ж адляцела з дымам да неба.

А замест вёскі — шырокае поле...

Толькі яе не забудзем ніколі:

Зернеты з дымам, сабраныя намі,

Сёння ўзняліся, шумяць каласам

Помніць вас, родных,

Родная глеба,

Кожнае зерне

Ўглядаецца ў неба.

 

 

ЖЫВУ ЗАДУМАМІ ТВАІМІ

Жыву задумамі тваімі,

З табой раблюся маладым.

Трымай мяне, трымай, Радзіма,

Заўсёды ў спісе баявым.

 

Я непахіснае натуры,

І не застыла ў сэрцы кроў,

Я не збаяўся злоснай буры,

А трэба — выстаю ізноў.

 

Твой дзень — мой дзень.

Жыву адзіным

Дзе б я ні быў, хай збліз, здалёк,

Хачу ў тваёй хадзе няспыннай

Пачуць і свой упарты крок.

 

А ты ўзляцела ў паўнакрыллі,

Перад табой увесь Сусвет;

Калі ж чаго недарабілі

Рабочы, творца, я, паэт,—

 

Даробім, створым, каб надзейна

Наш красаваўся новы дом.

Радзіма, будзь у гэтым пэўна,

Клянёмся мы табе жыццём.

 

І я з задумамі тваімі

Жадаю быць перадавым.

Трымай мяне,

Трымай,

Радзіма,

Заўсёды

Ў спісе баявым.

 

 

Я ВАМ СКАЖУ...

Я вам скажу...

Так новую кнігу я пачынаю.

Кросны яе заснаваў,

Уток жа цяпер выбіраю.

 

Хай жа кладуцца радкі

Як трэба, суладна да месца,

Можа, сагрэюць яны

Чыёсьці прывабнае сэрца.

 

Збіраў я і зоры для іх,

Збіраў лугавыя я краскі,

Каб толькі надаць ім узор

І прыгажэйшы і наскі.

 

Можа, пасобяць яны

Камусьці ў нялёгкай рабоце,

Можа, суцешаць яны

Тых, хто яшчэ ў адзіноце.

 

А мо на ігрышча прыйдуць,

Як пазбіраюцца недзе,

А можа, хто ўспомніць пра іх

І за сталом у бяседзе.

 

Жычу ім доўга ісці,

У свет ім выходзіць,

У людзі.

Чым болей пярэйдуць дарог,

Тым болей мне радасна будзе!

 

 

КАЛІ ІДЗЕ САЛДАТАЎ СТРОЙ...

Калі ідзе салдатаў строй

І музыканты граюць марш,

Імкнуся ўвысь я галавой

І крок цвярдзее мой штораз.

 

Як быццам я выходжу ў шлях

І трэба йсці хутчэй, угрунь,—

Перада мной лунае сцяг,

Чырванакрылы наш вяшчун.

 

Іду, як некалі на бой

Хадзіў, калі было цяжэй,

І адчуваю за сабой

Усё, што ў свеце даражэй,—

 

Зямлю, што хлеб дала і соль,

Бацькоў, дзяцей, сясцёр, братоў,

Зямлю, дзе радасць знаў і боль,

Дзе шчасце зведаў і любоў.

 

 

ВЫ ЧУЛІ, ЯК ПЛАЧУЦЬ ДРЭВЫ?..

Як ветру смуткуюць павевы

І ў жальбе прасторы палёў,

Вы чулі, як плачуць дрэвы

Па тых, хто дамоў не прыйшоў?

 

Куды свой пагляд ні кінеш,

Журботны напеў вакол,

Здаецца, што дрэў галіны

Схіліліся ўсе на дол.

 

Плачуць таполі, бярозы

І нават малы дубок,

Як быццам раняе слёзы

Кожны яго лісток.

 

Я чую дуброў размову

І доўгі, працяглы стогн,

І гэтая сумная мова

Вядомая мне здавён —

 

Як быццам пытаюцца: «Дзе вы,

Сярод жа якіх курганоў?»

Вы чулі, як плачуць дрэвы

Па тых, хто дамоў не прыйшоў?

 

 

МАЁЙ КРАІНЕ

У бойцы ты насмерць стаяла,

Каб знішчыць ворага нашчэнт,

Як гаравала, ваявала —

Пра гэта ведае ўвесь свет.

 

Быў перамогі час не блізкі,

І шмат каго няма ў жывых,

Ты ўся сягоння ў абелісках

І ў сумных помніках па іх.

 

 

КАЛІ ТЫ ЎДАЛА ДЗЕНЬ ПАЧНЕШ...

Калі ты ўдала дзень пачнеш,

Прыйдзе радок прывабны, першы,

Ты сам па-новаму жывеш,

Здаецца дзень куды ярчэйшы.

 

Калі радок у час любы

Прыйдзе і ўзніме хваляванне,

Ты так хвалюешся, нібы

Ідзеш на першае спатканне.

 

А раптам вобраз прыімчыць

У позні час, каб не забыцца,

Яго ты шэпчаш уначы,

І аж да раніцы не спіцца.

 

А ўранку хочаш аднаго,

Каб пра яго шырэй пачулі.

Трывожыць толькі, каб, яго

Як прачытаюць, не заснулі.

 

Калі патрэбна, ён харобры

Сябе самога адстаяць,

Абы было яму каб добра,

А на астатняе не ўзняць.

 

Не пашавеліць ён рукамі,

Няхай усё ідзе на скон...

Калі раслі мы юнакамі,

Інакшым быў, здаецца, ён.

 

Была між нас адна сябрына,

Хадзілі быццам крок у крок.

Якая ж гэтая сцяжына,

Што павяла яго набок?

 

Гаворым мы, сябры, пра тое,

Куды ж яна яго звяла,

Што ён на хутары душою

І ёй далёка да сяла.

 

 

ЯШЧЭ САЛДАТ...

Фармальна я ўжо не салдат,

Бо па гадах нягодны ў строй —

Такі паклаў ваенкамат

Штамп на білет вайсковы мой.

 

Ну што ж, гадоў пагрукаў час,

Відаць, што трэба іх падбіць,

Дык парашылі — і ў запас

Мяне не варта залічыць.

 

Што ж, валасы, як шызы дым,

Няхай сабе, што гэта так,

Але дазвольце, я з усім

Не пагаджаюся, аднак.

 

Яшчэ нічога сэрца, зрок...

Ёсць сіла рук і пруткасць ног.

На мой вы гляньце цвёрды крок,

А колькі перад ім дарог?

 

Прызнаюся, пачуццяў шмат,

Не чэзнуць мары з галавы...

Даруй жа мне, ваенкамат,

Яшчэ салдат я баявы!

 

 

* * *

Няхай і новае, жывое,

Надыдзе час —

Яно міне...

А ты вярзеш

Адно і тое,

Даўно абрыдаўшае мне.

 

Я не хачу

Цябе ўжо слухаць,

Да сэрца мне спакой і ціш,

А ты, як восеньская муха,

І сіл не маеш,

А гудзіш...

 

 

КАЛІ ЛАСКА!

У любімай мове, роднай, наскай,

Ах, якія словы: «Калі ласка!..»

Як звіняць яны сардэчнаю струною,

Праз усё жыццё ідуць са мною.

Трапіць госць у будзень, а ці ў свята:

— Калі ласка, калі ласка, ў хату!

Не паспелі сесці пры сустрэчы,

Як патэльня засквірчэла ў печы,

Ды і чарка бліснула дарэчы.

Бульба, смажаніна і каўбаска,

Пакаштуйце, людцы, калі ласка!

Хлопец кажа дарагой дзяўчыне:

— Калі ласка! Будзеш гаспадыняй!..

Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,

Ўсе з табой нягоды пераможам.

Гром грыміць. З нябёсамі размова:

— Калі ласка, цёплы дождж вясновы!

І не вельмі буйны і не рэдкі —

На сады, на пушчы, на палеткі,

На грыбы, на ягады, на кветкі...

— Калі ласка! — наш зварот бясконцы.

Мы гаворым ранішняму сонцу:

— Калі ласка, сонца, выйдзі з хмары,

Радасцю аблашчы нашы твары,

Ты ўзнімі з сабою нашы мары!

— Калі ласка!..— нашай роднай мовы

Шчырыя і ветлівыя словы.

 

 

СМАЧНЕЙ БЫЛО...

Я не гурман. Скажу ж вам сёння —

Да смаку шмат мне што ішло.

А вось з дзяцінства, добра помню,

Усё тады смачней было.

 

Я ўспамінаю сыраежкі,

Што мы на вогнішчы пяклі,

І боб, напражаны да трэску,

Такі, што слінкі аж цяклі.

 

І з хлеба і цыбулі цюпку,

З гароху цёртыя камы;

І бульбу, ведама ў шалупках,

Што з кацялка хапалі мы.

 

Але найлепей, думка наша,

Між розных выбараў такіх —

Вароная капуста з кашай

Альбо са скваркай буракі.

 

А мы меню маглі і множыць,

Малым ішло у смак душы —

Смала ад вішні, сок бярозы,

Замест цукерак ледзяшы.

 

Чарніцы ў лесе, журавіны

Ды бручкі жоўтыя скрылі,

А праз саломку мёд чмяліны...

Ну што ж, няблага мы жылі.

 

Цяпер жа быццам, як належыць,

Сяджу за поўным я сталом —

Ікру спрабую, маянэзы...

Ды ўсё раней смачней было.

 

 

ТЫ ПА ХАРАКТАРУ САРОКА...

Даўно маё спазнала вока,

Калі цябе я зведаў збліз:

Ты па характару сарока —

Усё трашчыш, усё трашчыш.

 

Гаворыш часта і пустое...

Ну, што табе яшчэ сказаць?

Ты, як сарока, тое-сёе

Не пасаромішся прыбраць.

 

Я не хачу цябе распетрыць,

Скажу яшчэ, што хмурым днём

Ты, як сарока, ў хвалях ветру

Хвастом віхляеш, як рулём.

 

 

У НАВАЛЬНІЦУ

Раптоўна неба стала чорным

І ўсё гатуецца, як вар.

Ах, як грукочуць неба жорны,

Як мелюць груды злосных хмар!

 

Уміг маланкі як раскінуць

Свой бляск, відзён куток любы...

Прад імі сосны і яліны

Схіляюць мокрыя чубы.

 

А жорны мелюць болей, далей,

З-пад іх бы ручаі плывуць...

І нават певень на сядале

Хавае ў пер’е галаву.

 

 

МАІМ СЯБРАМ

І хоць увагі тут багата

І любы сёстры, дактары —

Самотна белая палата,

Скажу вам, добрыя сябры.

 

Тут кожны дзень адно і тое —

З тэмпературай горш ці лепш...

А як успомніш дарагое,

Дык неаднойчы і ўздыхнеш.

 

Успомніш сад і гуд пчаліны,

Той гуд яшчэ ў вушах стаіць.

І я між вас —

адна з галінак,

Чым дрэва буйнае шуміць.

 

І, як галіне засмучонай,

Перад навалаю вятроў

З той кроны сонечнай, зялёнай

Спадаць не хочацца далоў.

 

Сябры!

Калі прыціснуць беды,

Лягчэй, як хтосьці ёсць з табой;

А я, прызнаюся, й не ведаў,

Што сэрцаў гэтулькі са мной.

 

Адчуў настрой я жураўліны,

Калі вяртаюцца ў свой край,—

Я дні лічу, лічу гадзіны,

Каб мне хутчэй сказаць: «Бывай!»

 

Удзячны буду я гадамі

Таму, хто мне жыццё збярог.

Скажу палаце з дактарамі:

«Бывай!..» — і ўсім, хто дапамог.

 

Бо дома так, як трэба, неба

Не распазнаў яшчэ ў жыцці,

А колькі ж мне надзвычай трэба

Сцяжынак ціхіх перайсці.

 

Сустрэцца з полем, борам, гаем,

З крыніцай, возерам, ракой,

Наведаць тых, каго жадаю,

Хто хоча бачыцца са мной.

 

Чаго ж мне хочацца найболей:

Я не схіляю галаву —

Каб паспяваць яшчэ ў застоллі...

Я ж, можа, песні не сарву.

 

 

ПЧАЛІНЫ ДОМ

Як розумам цяпер прыкіну,

Я стаўлю ў прыклад дом пчаліны.

 

Бо бачу я ў ім лад узорны,

У працы рупны, бездакорны.

 

З яго, ледзь сонейка ўсплывае,

Ў прастор разведка вылятае.

 

Разведчык вернецца, і ўміг

Вядзе ён за сабой усіх,

 

Вядзе ў сады,

на луг,

на поле,

Дзе можна ўзяць узятку болей...

 

І цэлы дзень, аж да заходу,

У хату зносяць кроплі мёду

 

І пахі ўсе з вясны і з лета,

З найлепшых у ваколлі кветак.

 

Працуе кожны тут штосілы,

Каб на зіму ж усім хапіла.

 

Старацца трутні не жадаюць,

Дык вон іх з дому выкідаюць.

 

Пчаліны дом —

матрыярхат.

У ім заўсёды

добры лад!

 

 

ПАРАНЕНЫ

Калі ўжо адгрымела ліха,

У майскі дзень тае вясны,

Унепрыкметку неяк, ціха,

Прыйшоў салдат дамоў з вайны.

 

Ён адчуваў — прайшоў дарогу

Па роднай, зраненай зямлі,

Ды толькі думаў — перамогу

Зусім другія здабылі.

 

Аб ранах гаварыў ён мала:

— Ну што ж — звычайна, зажыло...

А калі жонка што пытала,

Махаў рукою: — Ат, было!..

 

І думаў, хоць паклаў ён сілы,

Але салдат — салдат заўжды:

Больш за яго, відаць, хапіла

Салдатцы гора і бяды.

 

Дзе б ён ні быў — ў баях, на маршы

Ці ў час спачыну, меў ён там

Кавалак хлеба, цукар, кашу

І нават зрэдку сотню грам.

 

Ён акружэнскі голад помніць.

Ну што ж — бо дзе было дастаць...

А ёй як у цяжкім палоне

Было пяцёра гадаваць?..

 

Ад паліцая ў дні прымусу З

нявагу чуць, і не адну...

І покуль ён з франтоў вярнуўся,

Цягнуць і плуг і барану.

 

Ён на яе глядзеў з пашанай,

Сваёй гаротніцаю зваў...

Як у самога нылі раны,

Ёй ані слова не сказаў.

 

Ён працаваў аддана, многа,

Быў рады — дзеці падраслі,

І шчыра верыў — перамогу

Зусім другія здабылі.

 

 

* * *

Ноч і прытуліць і прыкрые

Надзейным покрывам сваім,

Калі гуляюць маладыя...

Здаецца, ўсё спрыяе ім —

 

І луг сустрэне дыванамі,

І гай пяшчотаю спаўе,

І цёмна-шумнымі лістамі

Ім дрэва кожнае спяе,

 

І неба гляне зор гарошкам...

А хцівы месяц давідна

Як быццам высцеле дарожку

З бялюткай трубкі палатна.

 

 

МНЕ ШМАТ ЦЯЖЭЙ

Нямала ёсць чаму здзіўляцца,

Дзівосаў і сапраўдных шмат.

Я ж да Атлантаў на палацах

Не раз звяртаю свой пагляд.

 

Зайздрошчу (гэта ж моц такая!)

Гранітным, хоць і нежывым,

Але міжволі спачуваю —

Няўжо трымаць не цяжка ім?..

 

А як успомню — гінуць дзеці,

І кроў і стогны на вайне,

І голад і няшчасці ў свеце...

Дык вельмі, вельмі цяжка мне.

 

І поўнач адаб’юць куранты,

А боль людскі ў маіх вачах...

Мне шмат цяжэй, чым вам, Атланты,

Трымаць паверхі на плячах.

 

 

* * *

Ну што ж, прыціхлі сэрца спевы,

Відаць, ужо закон такі —

Пад ветрам дзён з кахання дрэва

Зляцелі ўсе яго лісткі.

 

Не голле — голыя рабрыны,

Няўжо жыцця згубілі сок?..

Застаўся цудам ліст адзіны,

Малы зялёны аганёк.

 

На міг успыхне, то захмурыць,

То згасне, бы агорне сон...

Відно, цяпер патрэбна бура,

Каб разгарэцца здолеў ён?..

 

 

* * *

Навошта непатрэбны крык,

Сама зыначся, і хутчэй.

Яшчэ з дзяцінства я прывык

Да ласкі матчыных вачэй.

 

Ты не чарні, ты не чарні,

Душы абраза не кране,

Ты лепей ласкай агарні,

Тады ты зведаеш мяне,—

 

Прыйду я, крыўду загаю,

Хоць па жарсцве, хоць па лязу...

На іскру кожную тваю

Пажарам сэрца адкажу.

 

 

ЗАЙЗДРАСЦЬ

Зайздрасць не знае мяжы,

Зайздрасць расце і ў злосць,

Толькі, як ні кажы,

Добрая зайздрасць ёсць.

 

Зайздрасць таму, чаго

Больш няма нагарод,—

Зайздрасць таму, каго

Любіць увесь народ.

 

Зайздрасць таму, хто шмат

Ласкі аддаў людзям,

Зайздрасць таму, хто брат

Любы — усім братам.

 

Зайздрасць — хто больш дарог

Зведаў у свеце лепш,

Зайздрасць таму, хто змог

Вытварыць лепшы верш.

 

Зайздрасць таму, хто рос

Заўжды ў абдымках мар,

Зайздрасць таму, хто ўзнёс

Сэрца, не толькі твар.

 

Зайздрасць —

хто ўвесь пяе,

Каго паважае госць...

Верце,

сябры мае,

Добрая зайздрасць ёсць!

 

 

ЧАКАЎ Я АДКАЗУ...

Вочам дзявочым, што ў сэрца запалі,

Пісаў я пісьмо, як сады красавалі.

 

Ды ў вочах дзяўчыны —

калодзеж таемны,

Чакаў я адказу, чакаў я дарэмна.

 

Чакаў.

І да болю мяне хвалявала,

Бо бачыў — увагі яна не звяртала.

 

І думаў — яна не стрымала сакрэту,

Здавалася, ведалі шмат хто пра гэта.

 

Найболей жа той, што і сам заляцаўся,

Нібы пры сустрэчы з мяне насміхаўся.

 

Дык вось ён, характар суровы, дзявочы,

А я ж спадзяваўся на сінія вочы.

 

Яны ж мне нанеслі глыбокую рану.

Каб ведала толькі, пісаў як аддана:

 

«Ратуй маё сэрца!» —

прасіў я ў маленні

І літарай кожнай стаяў на каленях,—

 

Яна ж мо на іх і не глянула разу,

Дарэмна,

Дарэмна чакаў я адказу.

 

 

ПАКУТЫ АДНАГО ЗАКАХАНАГА

Вось які выпадак стаўся:

Я ў нядзелю закахаўся.

 

Да яе —

майго кахання —

Ў панядзелак слаў прызнанне.

 

У аўторак нерваваўся —

На адказ я спадзяваўся.

 

Серадою ліст дзяўчыны

Я чакаў, ну, штохвіліны.

 

Меў надзею і ў чацвер.

Можа, выслала цяпер?..

 

Пятніца прыйшла.

Чакаю,

Бо яшчэ надзею маю.

 

Не канчаліся турботы —

Ліст чакаў я і ў суботу.

 

Скрынка пошты і ў нядзелю

Пусткаю нямой глядзела...

 

У дзяўчыны ж, мной каханай,

Ліст ляжаў непрачытаны.

 

 

І СМЕРЦЬ НЕ СМЕРЦЬ!..

Вас на граніце ўсіх не высеч,

Нам не знайсці такі граніт,—

Па зводках, вас па дзесяць тысяч

За дзень адходзіла ў нябыт.

 

Мы помнім вас усіх і сёння,

І ў сэрцах крохкіх і малых,

Сябры, сябры, хоць вас мільёны,

Навек змясціліся вы ў іх.

 

Вам партыя давала крыллі

І заўжды юны камсамол.

Арламі вы на бой хадзілі,

Арламі падалі на дол —

 

На дол, ад ворагаў свабодны,

І поле, луг па-над ракой

У час астатні, час смяротны

Сабой прыкрылі, што бранёй.

 

Калі вас маці ўспаміналі —

Імёны слёзамі злілі:

Не дараслі, не дакахалі,

Да светлых дзён не дажылі.

 

Вы ж жывяце, вам жыць бясконца,

З вас кожны ў памяці жывы;

Дзе кветкі выраслі над сонцам,

Мы добра знаем — гэта вы.

 

Нястрашны ніякія ночы

І ніякі буран-віхор,

Бо паглядаюць вашы вочы

Мільёнамі нябесных зор.

 

І гэта так, нам не здалося,

Наперакор ліхім вятрам,

Пад грозны гул ялін і сосен

Вы раду ўсім даеце нам —

 

І раду словамі такімі,

Што трэба сэрцам палымнець,

Што за Свабоду і Радзіму

І смерць — не смерць,

І смерць — не смерць!

 

 

РАНЫ

І сонечна ў свеце,

і буры, і смерчы,

І зорамі неба не ўсюды заткана,

Хай радасці многа

ў жыцці чалавечым,

Прыносіць жыццё

і пакуты і раны.

 

Бывае, што рана

крывавая ные,

Выпадак няшчасны ці куля працяла,

Ды раны на сэрцы

найболей цяжкія,

Прызнацца —

і я панасіў іх нямала.

 

А хто іх падлічыць,

а хто іх узважыць,

Яны ж ад дзяцінства збіраліся, можа,

Калі беспадстаўна,

за крыўды, абразы,

Даведаўся сам,

што салёныя слёзы.

 

Дзяцінства, дзяцінства,

як роснае ранне,

Ты хутка пад промнямі сонца мінаеш,

А потым юнацтва

і раны кахання,

Прыемна згадаеш —

і толькі ўздыхаеш.

 

Жыццё —

сапраўды неспакойнае мора,

І радасці, шчасцю

прыходзяць на змену

Пякучыя раны

з брахні, нагавораў,

Паклёпаў, падвохаў

людзей несумленных.

 

Ды раны залечацца

часам гаючым —

І зноўку ад ран супакоіцца сэрца,

Няма ж больш трывожнай,

няма больш балючай,

Калі —

ўся радзіма твая ў небяспецы.

 

Калі на шляхах

узнікаюць магілы,

Калі ўжо не бачна жыцця чалавеку,

Калі на зямлі,

што цябе нарадзіла,

Крывавыя гоні,

крывавыя рэкі.

 

Калі кроіць сэрца,

галосячы, поле,

Калі стогнуць пушчы

з усходу да ўсходу —

І трэба мець сілу,

шмат зведаўшы болю,

Здабыць перамогу

зямлі і народу!

 

 

КРАНЫ

Такая ўжо, відаць, патрэба,

Каб мы штодня хутчэй раслі

Пазадзіралі дзюбы ў неба

Асілкі-краны, як буслы.

 

Паверхі новыя ўздымаюць,

Дзе пуста ўсё было калісь,

І я ўсім сэрцам адчуваю —

Зямля мая ўзлятае ўвысь.

 

 

РАЙНІСАВЫ СОСНЫ

Мядзяныя, гонкія,

З галавой выноснай —

Райнісавы сосны,

Райнісавы сосны!

 

Вартавымі быць вас

Прымушала гора —

Берагчы свой бераг,

Паглядаць за мора.

 

Берагчы ад буры

Кожнае аконца,

Несці іх жаданні

Да самога сонца!

 

Вы счакалі волю,

Век пражыўшы слёзны,

Райнісавы сосны,

Райнісавы сосны!

 

З Пушкіна ялінай

Доля вас з’яднала,

З вішнямі Тараса

І сасной Купалы.

 

Любы ваш ля хваляў

Гоман шматгалосны —

Райнісавы сосны,

Райнісавы сосны!

 

 

СТРАХ

Ідзём мы ў жыцці

Шляхамі,

Па розных ідзём

Гадах,

Ад малку самога

З намі,

Як радасць,

як плач

і страх

 

Спачатку давалі

Ўстраску,

Пагляду дзіцячых воч —

Таемныя бабкі

Казкі

І цёмная,

цёмная ноч.

 

І страх было цяжка

Зборыць,

Паходзіў з усіх

Бакоў —

Гулам дрымотнага

Бору,

З выю галодных ваўкоў.

 

Страх

Ад вужакі-мядзянкі,

Ад кіпцюроў каршуна.

Страх

Ад раптоўнай маланкі.

Ад грукату Перуна.

 

Страх ад згрызотаў,

Цяжару,

Страх ад хваробы

Бяды,

Страх ад агню,

Ад пажару,

Страх ад вірлівай

Вады.

 

Страх яшчэ болей

Трывожыў,

Ён помніцца нам пакуль,

Страх ад варожых

Бамбёжак,

Страх ад снарадаў

І куль.

 

Страх

Перад цёмнай магілай,

Дзе абарвецца

Шлях.

Ды ёсць і такія

Сілы,

Калі адступае страх.

 

Страх

Хоць тыраніць і раніць.

Хай і пакуты і кроў,—

Да любай —

Мацней каханне

І да Радзімы —

Любоў!

 

 

КАЛІ Я КРОЮ БОХАН ХЛЕБА

Калі я крою бохан хлеба,

Ах, як трывожна пахне ён,

Жытное поле бачу, неба,

Што ў час жніва, як сіні звон.

 

І на іржышчы ігальчастым

Мне мэндлі жоўтыя відны

І маці за сярпом зубчастым,

І дзесьці воддаль — таганы.

 

Калі я крою бохан хлеба

Цяпер, на сталасці гадоў,

Як мора, бачу поле, неба,

Заплыў камбайнаў-караблёў.

 

Твар камбайнёра, рукі тыя,

Што карабель удаль вядуць,

І ручаіны медзяныя,

Што важка ў кузавы плывуць.

 

І чым далей, тым бачу болей

Я камбайнёраў маладых,

І тых дзяўчат, што з хлебам-соллю

Ад сэрца сустракаюць іх.

 

 

Я ЎСЁ ДАЛЕЙ ПЛЫВУ...

Абраза крыўдная часамі...

І сушыць і гняце яна!

А я, як рэчка пад ільдамі.

Мяне не высушыць да дна.

 

Не згіну я, бо з думай чыстай

Нягоды ўсе перажыву,

Хай груз на сэрцы ледзяністы,

Я ўсё далей, далей плыву —

 

Лёд прабіваючы старэнна,

Штораз мацней бяру разгон —

Плыву, пакуль вясну не стрэну,

І кветак пах, і птушак звон!

 

 

КАБ ЗНОЎ

У часе ціхага змяркання,

Калі насунецца зіма,

Такія ўспыхваюць жаданні,

Якім здзяйснення ўжо няма.

Бывае, мроіцца такое

(Няхай бы здарыцца магло!),

Каб зноў маленства пражытое

Ну хоць на дзень назад прыйшло.

Каб зноў вясновую рачулку

Пастушым гоманам узняць.

Каб зноў драўляную качулку

Маглі мы ў гульнях паганяць,

Каб зноўку з вогнішча, не з печкі,

Да смаку бульбіну дастаць,

Каб птушак адшукаць гняздзечкі

І птушанятак падглядаць.

Каб назбіраць на жытніх гонях,

Заплесці васількі вянком,

Прамчаць навыскачку на конях,

Каб аж да неба дым слупом!

Каб яшчэ раз нам давялося

Дзяцінства стрэць у той красе,

Каб зноў адчуць, як добра босым

Прабегчы раннем па расе.

Ды шмат якія б мне хвіліны

Хацелася б ізноў адчуць...

Але й дзяцінства успаміны

Таксама радасці нясуць.

 

 

* * *

Высокая ў Айчыны крона,

Бязмежжа — не ахопіць зрок.

Народ, што акіян зялёны,

А я адзіны ў ім лісток.

 

Народ то радасны, то хмуры,

Які ні выпадзе чарод,

Ён беражэ мяне ад буры І

ад маланак і грымот.

 

Ён ад усіх нягод бясконцых

Збярог нам родную зямлю —

І я яму хоць кроплю сонца

Сваімі вуснамі лаўлю.

 

 

НАША ЗМЕНА

За пакаленнем — пакаленне

Ідзе насустрач новым дням,

Ах, дзеці, дзеці, наша змена,

Як мы зайздросцім сёння вам!

Калі збярэцеся на зборы,

Не бачым большае красы —

Як вы спяваеце бадзёра,

У вас, што ў птушак, галасы.

З прыгнёту царскага, з прыгону

За вас народ на бой ішоў —

У вас па аганьку чырвоным

Ад тых кастрычніцкіх сцягоў.

Ідуць, ідуць атрады, звенні,

І далі будзіць ваш салют...

Ды гэта ж неўміручы Ленін

Такі вам вызначыў маршрут.

Свой лад мы ўласнаю рукою

Пабудавалі на зямлі —

І вы пабачыце такое,

Пра што мы й марыць не маглі —

Нам невядомыя абшары

У вашых зменяцца вачах...

Для вас да зор ляцеў Гагарын,

Да Марса вам адкрыты шлях.

Работы хопіць, піянеры,

Галовам вашым і рукам,

Таму, што зробіце вы,—

Верым

І шчыра мы зайздросцім вам!

 

 

ДАЙ ПАГАВОРЫМ ПА ДУШЫ...

Прыберам

Паміж нас глыжы,

Бо ўсё ж дарога ў нас адна —

Дай пагаворым па душы,

Наросхрыст сэрца

і да дна.

 

Што ў маім сэрцы?

Кожны госць

З чалом асветленым, з дабром,

А ў тваім сэрцы стаўні ёсць,

Памкнешся —

Ўдарышся ілбом.

 

Ты ў шчэлку глянеш,

Ды ізноў

Схаваешся. Цішэй жа лепш!

Бярэш і стаўні на засоў,

Каб хто не ўбачыў,

як жывеш?!

 

За стаўнямі ж

Гусцее ноч

І безнадзейнасці імгла...

Адкрый жа сэрца промням воч

Завяне сэрца без святла!

 

 

ПЕРШЫ ВЕРШ

З гадамі вопыт — нагарода!

Вядома, стаў пісаць я лепш.

А мне ён помніцца заўсёды —

Недасканалы першы верш.

 

Радок з радком залёгка зводзіў,

Хоць быў да рыфмы шлях цяжкім,

Ды я памылак не знаходзіў,

Так я захоплены быў ім.

 

Той творчы час жыццю не сцерці,

Вялі мой верш вясна, любоў...

І мне здавалася, паверце,

Што ў ім мая пульсуе кроў.

 

Няўжо, я думаў,— стаў паэтам,

Як літстаронка выйшла ў свет.

Мне акруговая газета

Была мілей з усіх газет.

 

А слова ж уздымала ў высі,

Чаго не здасца маладым,

Ніколі так не ганарыўся

Я потым зборнікам сваім.

 

Павагі ж я й цяпер не страціў,

Хай верш не ззяе навізной —

Ды я прашу, не нападайце,

Бо ён разведчык першы мой!

 

 

МАЛЫ РУЧАЙ І ВАДАСПАД

Адзін — ціш любіць,

паважае,

Другі, каб гул,

нібы набат.

Мяне ж, прызнаюся, кранаюць

Малы ручай

і вадаспад.

 

Ты толькі ўслухайся

старанна —

Гамоняць шчыра,

так, як след —

Ручай для сэрцаў закаханых,

А вадаспад —

на цэлы свет!

 

 

РАКЕТА

Ракета!

Слоў табе нямнога,

Але па шчырасці скажу:

Ты птушку з дзюбай доўгай-доўга й

Нагадваеш, як пагляджу.

 

І ты імкнешся у нябёсы,

Каб даль бязмежную сустрэць;

Калі плывеш ты на калёсах,

Здаецца — хочаш узляцець!

 

Табе такой

нішто граніцы,

Нішто не спыніць твой палёт.

І ты ўзляціш,

калі пакліча

Ў трывожны час цябе народ.

 

Любой ты месціны Сусвету,

Калі адбудзецца загад,

Чырваназоркая ракета,

Дасягнеш,

каб адбіць напад!

 

 

УПРАВІМ РОЗУМ...

Ён ідзе ўразвалку

Пад адну руладу:

— Прэч! Ядрона вош!..

Пяць кішэняў спераду,

Сем кішэняў ззаду,

Працы — ні на грош.

 

Хто яго нам выпусціў,

Гэта безгалоўе,

Проста глянуць жах —

Вочы, як бляшанкі,

Барада — гняздоўе,

Венік на плячах.

 

А тым самым часам,

Як вяпрук таўсматы,

Дужы, як мядзведзь...

Дзе ж ён мае хату,

Нехта ж на такога

Мусіць шмат карпець?

 

Дайце ж памяркуем,

Паглядзім цвяроза,

Што з такім рабіць?

Ён паганіць дом наш —

Дайце ўправім розум

Так, як мае быць!

 

 

МАЯ САВЕЦКАЯ УЛАДА

Люблю твой ленінскі парадак,

Я сын

І выхаванец твой,

Мая Савецкая Улада,

Я ўвесь, як ёсць, увесь з табой.

 

Хіба аб тым раскажаш вершам,

Як твой прыход

Мяне узнёс.

Шчаслівы я, што з дзён найпершых

Табою жыў, з табою рос.

 

Гадоў дваццатых зімы, леты,

Вы прада мною

Зноў і зноў!

· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Я старшынёю сельсавета

Хадзіў між вёсак і палёў.

 

Зямлю дзяліў. У дымных хатках

Гудзеў праз ночы з грамадой.

Насіў я

Сціплую апратку,

Ды ганарыўся вельмі ёй —

У васільках касаваротку,

І з корту

Галіфэ-штаны,

І палатняныя абмоткі

З дзён грамадзянскае вайны,

 

І шапку з зоркай пяцікутнай

Ва ўсе пагодныя

Часы.

З тым казырком, крыху прыгнутым,

Дзеля найбольшае красы.

 

Хадзіў я так, былы лапцюжнік,

А моц мая

Расла ў грудзях,

Вакол званілі звонка кузні,

Звінелі зрубы на шляхах.

 

Раслі хаціны, сад за садам,

Юнацтва мкнула

Да святла...

Мая Савецкая Улада,

Ты на вачах маіх расла!

 

Спектаклі ставілі. Спявалі

І пра любоў,

І пра вайну,

І дзесьці коней ўжо спрагалі,

І разам клалі баразну.

 

Мы гартавалі свой характар

На лад жыцця,

Не для размоў.

А што было, як першы трактар,

Як той дзівосны госць прыйшоў!

 

Навуку мы за жабры бралі,

Нас звалі парты,

Як дзятву,

Мы першы гальштук надзявалі,

Не ўмеючы, праз галаву.

 

Але ўсяму давалі раду,

Прамудрасці пазналі ўсе...

Мая Савецкая Улада,

Ты сёння ў нас ва ўсёй красе!

 

Мы прагна моц тваю кавалі,

Ніхто нас не звярнуў

Назад.

Цябе мы ў бітвах адстаялі,

Хоць на франтах палегла шмат.

 

З табою заўжды маладымі

Вышэй усходзім

Дзень за днём,

Са сцягам партыі любімай,

З нязменна любым Ільічом.

 

Ягоны голас над сусветам

І спраў

Не меркнуць маякі.

І на другіх ужо планетах

Нам любы воблік на вякі.

 

І хоць у сэрцах сёння радасць,

Мы знаем —

Шмат яшчэ рабіць,

Мая Савецкая Улада,

Хоць што зрабілі — не злічыць!

 

Ні гарадоў ў святле праменняў,

Ані здабыткаў

З нетраў гор,

Ані тых станцый, што не меней,

Чым неба, запалілі зор;

 

Ані палеткаў з рослым хлебам,

Ані

Заводскіх карпусоў,

Ані каналаў, што праз стэпы

Пралеглі ў квецені садоў;

 

Ані тых труб, якіх багата

Мкне пад зямлёй

Па ўсіх краях,

Ні вежаў тых, што, як салдаты,

Трымаюць неба на плячах;

 

Ані газет, ні кніг нам любых,

Ані тых ясляў,

Што ўзраслі,

Ані тых школ, ані тых клубаў,

Дзе заўжды гулка, што ў вуллі;

 

Ані бальніц, дзе пільна дбаюць,

Каб як мага

Адолець смерць,

Ні тых ракет, што паглядаюць,

Калі ім трэба узляцець.

 

Ты ўзгадавала ўсё старанна

У творчым поступе

Гадоў,

А найгалоўнае — адданых

Сваіх дачок, сваіх сыноў.

 

Яны твой ленінскі парадак

Нясуць

У даль шляхоў тваіх,

Мая Савецкая Улада.

І я шчаслівы паміж іх!

 

 

ВІДАЦЬ, ПАГАДЗІЎСЯ Б КОЖНЫ...

Відаць, што пагадзіўся б кожны,

Каб часу, што пабачыў шмат,

Такі загад было б даць можна:

— Давай!.. Вяртай усё назад!

Змяні мой выгляд снежналобы,

Каб з твару маршчакі змяло,

Паадганяй усе хваробы,

Каб аніводнай не было.

Зрабі мяне ізноўку дужым,

Гатовым да цяжэйшых спраў,

Каб я на спёку і на сцюжу —

Увагі нават не звяртаў.

Зрабі мяне такім адважным,

Каб на дзяўчат глядзеў пільней,

Каб паглядаў на іх уважна,

Смялей, чым некалі раней.

Каб не маглі казаць з усмешкай,

Што ён нягеглы, ён не хват,

Каб мог прайсці за дзень я пешкі

Хоць кіламетраў пяцьдзесят.

Прашу ў дадатак аб адзіным,

Магчымасць дай яшчэ адну —

Каб пераплыць, і без спачыну,

Дняпро ці родную Дзвіну...

Пра ўсё разважыўшы цвяроза

І часу кажучы: бывай!

Прашу: таго, што ўзважыў розум,

Не паварочвай, не змяншай!

 

 

* * *

Жыцця даўгога каляіны

На небасхіле ўжо відаць.

І вечароваю часінай

Мне льга цішком пасумаваць.

 

Каб з нейкай сілы адмысловай

Сваё жыццё наноў пачаў,

Пайшоў, здаецца б, шляхам новым

І пройдзены б — пашкадаваў.

 

Шкада, не стрэцца ўжо з гадамі,

Што адгулі як вадаспад

Ці адляцелі журавамі...

Ім не вярнуцца ўжо назад.

 

 

Я Ў ЛЮСТРА НЕ ХАЧУ ГЛЯДЗЕЦЬ...

Мне ў люстра паглядаць не трэба,

І да яго не мкне рука,

Бо для мяне ёсць люстра —

Неба,

Ёсць люстра —

Поле і рака.

 

Старэе твар,

Я гэта знаю,

Ну што зрабіць — жыццёвы ход;

Але красу я адчуваю,

Як быццам у семнаццаць год,—

 

Красу дзяўчат,

Іх спеў ласкавы,

Красу, калі спявае птах,

Красу аблокаў,

Траў і хваляў,

Што клічуць у бясконцы шлях.

 

 

ПЕСНЯ ХЛЕБУ

Радуюць сэрца

Збожжа і травы,

Дзень мой праменны,

Дзень мой ласкавы.

 

Водар хваёвы,

Сіняе неба,

Кожнае ранне

Рады я хлебу.

 

Рады я ўсходам

Веснімі днямі,

І як гамоніць

Ён каласамі.

 

Рады — увосень

Спорыцца дбайна —

Медным ручайкам,

Што з-пад камбайна.

 

Большай не маю

Сёння патрэбы —

Кожнае ранне

Рады я хлебу.

 

Шчыра кажу я,

Мне вы паверце,—

Рады сустрэцца

З ім на праспекце.

 

Хлеб праз вітрыны

Кожнага кліча,

Сам на паліцы

Сеўшы як быццам.

 

Ах, як прывабна

Ён выглядае...

Я перад хлебам

Шапку здымаю.

 

Чорны.

З загарам

Хай падабенства —

Ён гадаваў нас

Ажно з маленства.

 

Побач красуе —

Ну й малайчына! —

Смачны, жытнёвы,

Мінскі наш, з кмінам.

 

А між братамі,

Нібы сястрыца,

Села красунечка

Ты, паляніца!

 

Кожны палюбіць,

Толькі як гляне.

Скуль?

З-пад Херсона,

Можа, з Кубані?

 

Побач жа з ёю

Ліпецкі, можа?

Колькі іх, колькі

Розных, прыгожых!

 

Як нагляджуся,

Дык прыгадаю

Поле без краю

Кожнага краю;

 

Тых, хто на полі

З лецейка ў лета...

Дзякуй ім, родным,

Дзякуй за гэта!

 

З імі не ведаць

Гора-загубы,

Шыць мне цікава,

Жыць мне і люба!

 

 

ТЫ ДЛЯ МЯНЕ...

З адным не параўнаю —

З хлебам!

А так за ўсё,

За ўсё ты больш:

Ты для мяне —

Зямля і неба,

Цяплынь і спёка,

Золь і дождж!

 

Калі ты ёсць,

Ну што мне трэба?

З цябе я не спускаю воч.

Ты для мяне —

Зямля і неба,

Святло і морак,

Дзень і ноч!

 

Ідзі ж са мной,

І мной не грэбуй,

Са мною

Не зазнаеш ран.

Ты для мяне —

Зямля і неба,

Рачулка, мора, акіян!

 

 

ЗЯЛЁНЫМ ПОЛЫМЕМ ШУГАЕ...

Прайшло яшчэ не так багата

З мае юначае пары,

А хтосьці, параўнаўшы даты,

Рашыў сабе,

што я стары.

Дарма гады ён падлічае,

Мая душа —

яна не спіць,

Зялёным полымем шугае,

Чырвоным полымем гарыць!

 

Ані раматусы,

ні болі

Не пакрывілі мне спіну,

І на сваім шырокім полі

Кладу я роўна баразну —

Кладу і спорна засяваю,

Мая душа —

яна не спіць,

Зялёным полымем шугае,

Чырвоным полымем гарыць!

 

Прачнуўшыся ў світальным ранні,

Працую прагна дацямна.

Маім задумам і жаданням

Заўсёды мэта ёсць адна —

Сабраць як болей ураджаю.

Мая душа —

яна не спіць,

Зялёным полымем шугае,

Чырвоным полымем гарыць!

 

 

ЯК ДЗЕНЬ ПАЧНЕЦЦА...

Як толькі ноч,

Вятох адчуўшы,

Здымае мроку палатно —

Наш новы дзень паволі рушыць,

Ледзь звоніць промнем у акно.

 

Кране мае павекі, зрэнкі...

Я ўскочу,

Славячы тады:

— Які ж ты, ранак, маладзенькі,

З табою сам я малады.

 

Зара, параскідаўшы косы,

На поле, бор, на луг плыве...

І, быццам завушніцы, росы

Вісяць на дрэвах і траве.

 

Загойкаў дзесьці поезд.

Рэха

Звініць пад небам веснавым.

Шпакі бясконца мкнуць

Пад стрэхі,

Сняданак носячы малым.

 

Ты ўсіх узняў,

Мой добры ранак,

Ідзі ж працуй, ідзі пяі!..

Гляджу,

Як са сваіх Манбланаў

Пайшлі ў дарогу мураўі.

 

Чарвяк паўзе,

Няхай ціхутка,

Ёсць і ў яго кірунак свой.

Пчала,

Што ў цераме бялюткім,

Звініць у кветцы лугавой.

 

І я так прагну раніцою,

Каб штосьці

Новае знайсці,

І мне не хочацца спакою,

І мне б у шлях,

І мне б ісці!..

 

Ах, каб я мог,

Мая Радзіма,

Не толькі за сябе рабіць,

Ах, каб я мог, як ёсць, з усімі

У гэты ранак

Разам быць!

 

Між тых,

Хто працаю найболей

Узводзіць наш народны гмах,

І з трактарыстамі

На полі,

І з садаводамі ў садах.

 

Між новых вуліц,

Між дамамі,

Што з кожным днём увысь растуць,

З майстрамі іх,

З кранаўшчыкамі,

Што, як буслы, гняздо кладуць.

 

Каб працаваць

Не толькі блізка,

Няхай драбок, а ўнесці свой —

Ля вечнай мерзлаты Нарыльска

І за спякотнай Бухарой.

 

Я не баюся

Сцюжы, жару,

Абы зрабіць я болей мог,

Прыемны мне і пот на твары,

І стома рук,

І пыл дарог.

 

І калі, стомлены, нарэшце

Схілю я ўвечар галаву,

Я буду радасны, што ў свеце,

Зрабіўшы добрае, жыву!

 

 

* * *

Мой земны шар,

Ты ўвесь у поце —

Усіх карміць і апрануць.

Цябе ж снарадамі малоцяць

І бомбамі няшчадна б’юць.

 

Чакаю вельмі

Дня такога,

Каб сціхла скрозь, не сплю начэй...

Бяда! Не меншыцца трывога,

Зямлю катуюць балючэй.

 

Зямля

Нас сілай надзяляе,

І нам з адною ёю жыць.

Калі ж надыдзе моц такая,

Каб гэты здзек магла скарыць?

 

 

ЗМАГАННЕ З ТУГОЮ

Ад самай раніцы смуга —

Згрызоты несціханыя;

Бывае, з’явіцца туга,

Зусім табой не званая.

 

Туга. Адно сказаць магу:

Яна падобнай чуецца

На бабу тую, на Ягу,

Ну, што з мятлой малюецца.

 

Адкуль наскочыць на мяне

У ранне бездакорнае

І так за сэрца ціскане,

Што стануць сцены чорныя.

 

Бывае дзень — няма ярчэй,

Але тугой сурочыцца.

Яна нахлыне да вачэй,

Што ажно плакаць хочацца.

 

Як нейкі д’ябальскі павук

Па-над табой закружыцца,

Так растрывожыць галаву,

Аж валасы варушацца.

 

Глядзіш, туга — як той удаў,

Як той каршун над хатаю...

· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Ды я ніколі не даваў

Сябе зламаць праклятае.

 

Яе за горла смела браў,

Паганую і збродную,

Яе я ўранку адганяў

Рачной вадой халоднаю.

 

Вада тугу так скалане,

Што знікне за адхонамі.

Вятры ж узбуджвалі мяне

Шурпатымі далонямі.

 

І бачыў я цвітучы дол

Са срэбрам-ручаінамі,

Бярозак сем’і навакол

З зялёнымі хусцінамі;

 

Узлёты ўзгоркаў і разгон

З імглістымі сасёнкамі,

Чуў неба незмаўкальны звон

Пад жаўрукамі звонкімі.

 

І песня родная здалёк

Мне чулася,

віднелася,

Мой станавіўся цвёрдым крок,

І крочыць так хацелася!

 

Здавалася, твая вясна

Ізноўку набліжаецца...

· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

А старасць — што?

Тады яна

Зусім не назаляецца.

 

 

* * *

Касмічных спраў майстры

Сусвету

Скарылі сёння далягляд,

Іх розум абляцеў з ракетай

Вакол Венеры мнагакрат.

Цябе ж і не кранула гэта:

Ты недалёка бачыш, брат,—

Да столі толькі

І назад!

 

 

ВІШНЯ

Ах, як ты ўся жывеш увішна,

Сваёй здзіўляеш пекнатой.

За ноч адну ты ўспыхнеш, вішня,

І ўся на ранку пад фатой.

 

Пад марш вясельны пчол з чмялямі

Бялюткім полымем гарыш...

Пасля вяселля ты вачамі

Зялёнымі на свет глядзіш.

 

Чым далей — чырванееш болей,

А лета стрэнецца з табой —

Панаразвешваеш на голлі

Без ліку кропелек з крывёй.

 

А іх сарвуць. Журботнай стаўшы,

Не разгуляешся ў жыцці,

Бо, ўсю красу людзям аддаўшы,

Ты марыш зноўку расцвісці.

 

 

ВЯСНОВАЕ

Першы раз гром прагучыць,

Зазелянее трава —

З ранку да самай начы

Поўна надзей галава.

Сэрца імкнецца з грудзей

З ранку да самай зары;

— Хто ж цябе ўразіў і дзе? —

Можа, спытаюць сябры.

— Хто ж гэта, хто яна?

Цікавіць нас выбар твой.

Я адкажу ім: Вясна!

Захоплены я Вясной!

Колькі пра гэта мар

Ткалі зімовыя сны —

Сонечны, ясны твар

У прыгажуні Вясны.

Вунь яна, поўная сіл,

Вочы — магутней зор,

Ажно па небасхіл

Ярка-зялёны ўбор.

Ходзіць паміж палёў,

Ходзіць, зазыўна пяе,

З цёплых, ласкавых вятроў

Доўгія рукі яе.

Кожны маленькі птах —

Музыка яе і наш,

Скрозь па шумлівых садах

Чуеце звонкі марш.

Дык бачыце, хто за яна,

Які сёння выбар мой,—

Мяне захапіла Вясна,

Захоплены я Вясной!

 

 

Я РАДЫ ТЫМ, ШТО ЖЫЎ ТАДЫ...

Зайздрошчу, хто ў свае гады

Пабачыў Леніна, пазнаў.

Я ж рады й тым, што жыў тады,

Калі ён жыў і працаваў.

 

Што, можа, воблакі калі

Пабачыў, што й плылі над ім,

Што на абуджанай зямлі

Паветрам дыхаў я адным.

 

І той жа абкружаў прастор,

І чуў адных вятроў разгон,

І тое ж бачыў ззянне зор...

Далей, вядома, бачыў ён!

 

Я быў шчаслівы малады,

Што ўсход з ім сонца сустракаў,

Я рады тым, што жыў тады,

Калі ён жыў і працаваў!

 

 

ПАД НЕВЯЛІЧКІМ КУРГАНОМ

І хоць завуць шляхі кругом,

Ды падарожнікам не ўстаць,—

Пад невялічкім курганом

Мае пуцілкаўцы ляжаць.

 

Хай земляробы, пастухі,

Ім давялося шмат прайсці,

І каб прамерыць іх шляхі —

Такой і меры не знайсці.

 

Хоць пешку, між цяжкіх часін,

Прайшлі амаль праз цэлы свет —

Іх Шыпка бачыла, Берлін,

І ў Порт-Артуры іхні след.

 

Паверыўшы ў чужацкі зман,

Што дзесьці рай з даўных гадоў,

З іх хтосьці плыў за акіян,

Але варочаўся дамоў.

 

Дзе родна ўсё: і ціш, і гром,

І шыр палёў, і сенажаць —

Пад невялічкім курганом

Мае пуцілкаўцы ляжаць.

 

 

Я САМ — РАКА!..

Люблю я дум палёт узнёслы,

Імклівы рух, пакуль жыву —

Рака я,

Не ставок зарослы,

І кожнай хвіляю плыву

 

Паміж людзей, між іх жаданняў,

Ва ўсе часы — у ночы, ў дні,

Між іх клапотаў,

Хваляванняў,

Паміж іх песень і гульні.

 

Я чую шчырыя размовы

У полі,

Лузе,

У гаі...

Я іхнія

Ўбіраю словы,

Як тая рэчка ручаі.

 

Ах, колькі словаў дзіўных чутна.

Яны за жэмчугі ярчэй,

Сабраўшы іх,

Імкну магутна,

І берагі мае шырэй...

 

Аддаўшы песням дзень працоўны,

Каб узнімаліся да зор,

Я, задаволены,

Спакойна

Плыву паміж далін і гор.

 

Тады прыходзіць асалода

На ўтаймаваную душу...

Калі ж якія

Перашкоды,

Дык гнеўна хвалямі крышу.

 

Крышу каменні і запруды,

Што б ні страчалася — падрад

Наносны бруд,

Наносы хлуду,

І сам гуду, як вадаспад.

 

Калі ж усё як след размыта,

Суняўшы буйны нораў свой,

Плыву ізноўку

Працавіта —

Людское мора прада мной!

 

 

ПАКУТЫ

Ёсць боль пакут,

Хваробы лютай,

Брахні,

Якой адорыць чмут,

Ды ёсць

Прыемныя пакуты,

Калі няможна

Без пакут!

Пакуты

Творчага шукання,

Няхай часамі надарма,

Пакуты

Шчырага кахання,

Хоць і ўзаемнасці

Няма.

Пакуты,

Калі шмат успета,

Знайсці магчымасць,

Хоць адну,

Музыку,

Спеваку,

Паэту,

Каб быць для ўсіх

У навіну.

Пакуты скульптара —

Не словам,

А з гліны твар жывы

Падаць,

Пакуты думкі навуковай,

Як тайну свету

Разгадаць!

Пакуты —

Новыя дарогі

Пракласці,

Паразмёўшы хлуд.

Відаць,

Ніякай перамогі

І не існуе

Без пакут!

 

 

МУТНЯР

Стараецца цішком, без сведак,

Каб замуціць ваду ўсяляк,—

Усё, гаворыць ён, не гэтак,

Усё, як шэпча ён, не так.

 

А сам ён творца вельмі ўдумны,

Яму ва ўсім няма мяжы...

Ды вось жывецца надта сумна,

І чаго хочаш не скажы.

 

Адзін нібы пільнуе хату,

А то па шчэпцы разнясуць...

На жаль, бываюць малпаняты,

Што ўслед за мутняром ідуць,—

 

Як зберуцца, крычаць замнога,

А ён цішэйшы на віду...

Сябры! Час вывесці такога

Хутчэй на чыстую ваду!

 

 

* * *

Зіма адходзіць шляхам санным.

Яе ледзь бачна галава...

І пад адзеннем пашарпаным,

Здаецца, шэпчацца трава.

 

Хай ледзяшы яшчэ мячамі

Звісаюць з набрынялых стрэх —

Падснежнік з сінімі вачамі

Імкне да сонца цераз снег.

 

 

ГАЗЕТА

Я не самотны.

Да сусвету

Нямала маю я патрэб.

Скажу па шчырасці —

газета

Мне неабходна так,

як хлеб!

 

Абмыўшы твар

вадой сцюдзёнай,

У рукі свежую бяру,

Гляджу на літары ў калонах

І з ёй душою гавару.

 

Старонку першую чытаю

Заўсёды я з перадавіц,

І воблік Леніна

натхняе

Мяне самога ў першых быць!

 

Перагартаю,

дык няйначай

Па роднай я зямлі прайшоў —

Шахцёраў, трактарыстаў бачу,

І за атарай чабаноў,

 

І тых, хто ў нетры

заглядае,

Каб тайны існасці раскрыць,

І тых, хто ў космас узлятае,

І тых, што скрозь наўсцяж граніц.

 

І вельмі радуецца сэрца

За свой народ, за родны кут!

Калі ж пабачу —

злыдні-чэрці

Знішчаюць непавінны люд,

 

Дык грудзі буйны гнеў уздыме,

І помсты бляск імкне да воч,

Здаецца, стаў бы поплеч з тымі,

Хто б’ецца з крыўдай дзень і ноч.

 

Бывае,

чорную старонку

Убок са злосцю адкладзеш...

Але чакаеш ўранку зноўку,

І зноў па свету ты ідзеш...

 

Калі ж трапляе —

на гадзінку

Пазней прыйдзе ў якія дні,

Паштовая пустая скрынка

Глядзіць, як пограб ледзяны.

 

І, збегаўшы ў кіёск

бліжэйшы,

Хоць і здабыў праз нейкі час,

Калі й хваліў ты пошту вершам,

Клянеш яе на гэты раз.

 

Ды злосць праходзіць у паэта,

Газета новая

ў руках...

І з ёю разам па сусвету

Выходзіш у далёкі шлях!

 

 

МАЛЯР

На новы дом шматпавярховы,

Што шмат вачэй на свет адкрыў,

Прыйшоў маляр, і адмысловы,

Каб дом для ўсіх людзей расцвіў.

 

Маляр фарбуе дом старэнна,

А з долу просьбу шлюць адну:

— Фарбуй пад колер лета сцены,

А дах высокі пад вясну.

 

Фарбуй жа з пачуццём і ў меру

І ведай як, чаго дадаць —

Пад колер неба вокны, дзверы,

Няхай ярчэй на ўсіх глядзяць.

 

Фарбуй наш дом прывабна, шчыра,

У новых фарбах хай жыве,

Фарбуй, не бойся, хай прыдзіра

Хоць лакіроўшчыкам заве.

 

А я, твайго натхнення сведка,

Прашу: малюй і луг і гай,

А прыйдуцца да густу кветкі,—

Ты і для іх мясціну дай.

 

Фарбуй смялей! Здабытак можаш

Лічыць за шчасце набыцця.

Ах, колькі колераў прыгожых

Яшчэ не ўзята ад жыцця.

 

 

СЯБРУ-КРЫТЫКУ

Дарогі ў нас ва ўсіх адны,

Мы ў працы разам кожны дзень,

І крытыку няма цаны,

Калі наперадзе ідзе.

 

Каб кожны з нас мужнеў і рос,

Майстэрства здабываў хутчэй,

Яму нялёгкі выпаў воз,

Ды і дарога не лягчэй.

 

Калі адчуеш маладым

Таго, хто шчыра дапамог,

Ах, як удзячны мы такім,

Ён нам на ўсё жыццё як бог.

 

Такі агрэхаў не міне,

Прыпыніць дужаю рукой,

Пакажа, востра папракне...

Ну што ж, і крыўды ніякой.

 

А што, скажы, з такім рабіць,

З кім не магу згадзіцца я,

Што вучыць мора пераплыць,

Не пераплыўшы ручая.

 

Хоць рэдка, бачу паміж вас

Я і такога мастака,

Пісаць нас вучыць пра калгас,

А поле бачыў з цягніка.

 

Такі, бывае, славіць шмат

За мудрасць кніжную каго,

А той, як ёсць, увесь з цытат,

Ніводнай кропелькі свайго.

 

Між вас я і такога знаў,

Калі траплялася пад злосць,

Што па палічках раскладаў

Пад нораў свой усіх, як ёсць.

 

Хто не ўгадзіў, таго-сяго

Гатовы як ніжэй падаць,

А сам не варты і таго —

На самай жа ніжэйшай стаць.

 

Увесь ад нораваў старых,

Абы яму было на лад...

Але даволі пра такіх —

Яны ж адзінкі. Іх не шмат.

 

Табе ж, мой сябра,— ўся любоў,

З табою шлях у нас адзін,

Бо ты паміж густых радкоў,

Як той садоўнік між галін.

 

 

КАЖУ ТАБЕ

На золку ўстань, калі рака

Праб’ецца праз туманны дым,

Ты, можа, ўбачыш галубка

На падаконніку сваім.

 

Не спадзявайся ж ты на зрок,

Кажу табе натхнёна я,

Бо ходзіць там не галубок,

А ходзіць там душа мая.

 

Яна са мною ў барацьбе,

Перамагла — і ўсё адно:

Яна імкнецца да цябе

І прагна хіліцца ў акно.

 

Душа ўзяла ў палон мяне,

Бо люба ёй, хто тут жыве,

То дзюбай шыбку закране,

То ўспырхне крыльцамі, заве...

 

Заве і гэтай раніцой,

Быць разам летам і ўзіму,

І згодзен я з душой сваёй,

Што вельмі сумна аднаму.

 

 

ПРЫКМЕТЫ ВЯСНЫ

Яшчэ не ўся краса відна,

І ты яшчэ падлетак,

Я ж пазнаю твае, вясна,

Жаданыя прыкметы:

 

Снег размываюць ручаі,

На небе пазалота,

Загаманілі вераб’і —

Птушыная пяхота.

 

І ў лес прыходзяць вестуны,

Зімовы сон збуджаюць,

Блакітным вокам з-пад сасны

Пралеска выглядае.

 

Яшчэ на полі бель і бель

І луг не раскрываўся,

Ды першы загудзе чамель...

Адкуль ён толькі ўзяўся?

 

Яшчэ на ранні халадкі

Пакусваюцца, чэрці,

Ды раптам вецер... І такі,

Што ажно млее сэрца.

 

Абдыме цёплым крыллем нас

І растрывожыць грудзі...

Я веру, што на гэты раз

Ён і мяне абудзіць.

 

 

ПАРТЫЗАНСКАЯ ЛЮБОЎ

Дні баёў ішлі за днямі,

У якіх пажары, кроў...

Ды жыла і ты між намі,

Партызанская любоў.

 

Маладая партызанка,

Што на смерць ішла не раз,

Ты, зрабіўшыся каханкай,

Чым за сэрца брала нас?

 

Не каралямі на шыі,

Не расфарбленасцю шчок...

У красуні, хай цяжкія,

Чаравічкі, кажушок...

 

Не ў пахучым майскім садзе,

А баронячы зямлю,

Між баёў ці то ў засадзе

Гаварылі мы: «Люблю».

 

І было — змаўкалі кулі,

Верасы ў барах цвілі,

Заклікала ты зязюляй,

На спатканне мы ішлі.

 

Не насілі мы дарункаў,

Кожны з нас, як мог, любіў,

Нашы ласкі, пацалункі

Толькі месячык лічыў.

 

А калі ад сэрца жару

Мы ўпадалі ў забыццё,

Бласлаўлялі камісары

На сумеснае жыццё.

 

Так жылі. Калі ж, няшчасны,

Гінуў хто, якімсьці днём,

Заставаліся дачасна —

Хто ўдавою, хто ўдаўцом.

 

Ды свае адбілі гоні,

Ўратавалі родны дом,

Шмат з нас уцалела — й сёння

Поўнай згодаю жывём.

 

Засталіся ва ўспамінах

Партызанскіх шмат дарог,

Па сваіх былых сцяжынах

Ходзім Днямі Перамог.

 

Б’юцца гулка нашы сэрцы,

Ўспамінаючы сяброў...

Вельмі моцная, паверце,

Партызанская любоў!

 

 

ЛЕПЕЛЬ

Лепля, Лепель,

Няма лепей,

Як ты, горада малога,

Не таму, што ты мне блізкі,

А таму, што я не бачыў

Больш прыгожага такога.

Ты ў бярозах,

Ты і ў соснах,

Між іх постацяў выносных,

У азёрах, што ў каралях,

З іх адно завецца Проша,

Гэта значыць, калі ласка,

Паспрабуй, як песцяць хвалі.

Мужны ты,

Самаадданы,

Пасабляў ты партызанам,

Што змагаліся геройскі.

Лабанок з табою знаўся,

Данукалаў і Дуброўскі.

Лепля, Лепель,

Значна лепей

Распачаў ты будавацца —

Школам, клубам і заводам,

Што ў цябе пасталі сёння,

Пашырацца і ўздымацца!

Кожны

Зведаць Лепель можа —

Гарадок малы, прыгожы,

Ён жа з ласкаю сустрэне,

Хоць люблю свае Ушачы,

Лепель я люблю не меней.

 

 

НЯЗМЕННЫ ВОІН

Чырвоны сцяг пад ім палошча

І ў летні дзень і ў лістапад.

Стаіць баец на сельскай плошчы,

Стаіць, трымае аўтамат.

Ужо даўно вайне праклятай,

Даўно пакладзены канец,

І шмат вярнулася да хаты,

Чаго ж спыніўся ты, баец?

Даведацца хачу пра гэта

Я ад цябе. Няхай без слоў —

Вось ты прыйшоў да сельсавета,

Чаму ж да маці не дайшоў?

Цябе ж чакае доўга матка —

Хай ноч,

хай дзень,

хай гром,

хай ціш...

А ты не скінуў плашч-палатку,

У ёй набраклай і стаіш...

Усё ўглядаешся ў клапотах

У далеч роднае зямлі,

Не зняўшы з ног цяжкія боты,

Што паў-Еўропы абышлі.

А час спачыць. Ты зносіў раны

І быў кантужаны не раз...

Ён на мяне, як быццам, глянуў,

І, быццам, чую я ў адказ:

— Не, спачываць яшчэ не гожа,

Усім нам шмат чаго рабіць,

Вам будаваць і сеяць збожжа,

А мне, мой лёс — на варце быць.

Яшчэ спрабуюць недабіткі

Узнесці свой крывавы меч.

Вайны не зніклі перажыткі,

І я свой плашч не скіну з плеч.

 

 

А СОНЦА ТЧЭ СВАЕ ВАЛОКНЫ...

Суровы час жыцця бывае.

І недарэчнасці адны —

Памёр у самы росквіт Мая

Герой Айчыннае вайны.

 

Ляжыць былы разведчык смелы,

Нібы заснуў паміж вянкоў,

У гімнасцёрцы парыжэлай,

У той жа, што з франтоў прыйшоў.

 

А сонца тчэ свае валокны,

І пчол гудзенне і раі...

І праз расчыненыя вокны

Яму спяваюць салаўі.

 

Яму, што, шлях прайшоўшы горкі,

Адбіў з няволі родны дом,

І на грудзях заслугі зорка

Гарыць чырвоным аганьком.

 

Хто плача з родных, хто пануры,

Дый прышлы люд засумаваў,

А ён зусім не ў лад хаўтурам

Як бы і ўсмешкі не схаваў.

 

Нібы ад ран не ведаў болю,

Не йшоў на працу да зары,

А толькі цешыцца, што з поля

З ім размаўляюць трактары.

 

А толькі рады — навакола,

За хатай — гэтулькі красы,

А толькі рады, што са школы

Лятуць драбноты галасы.

 

Знаёмы ён з пяском і жвірам,

Паваяваў і шмат зрабіў,

І, каб ён мог, сказаў бы шчыра,

Што недарма на свеце жыў.

 

 

КУПАЛА І КОЛАС, ВЫ НАС ГАДАВАЛІ...

Куды ні пайду я

І дзе ні спынюся —

Спявае жыццё на маёй Беларусі.

Прасторы нябёсаў зарой прамянеюць,

Сінеюць азёры,

Бары зелянеюць,

Гамоняць палеткі, бруяцца крыніцы...

А я ўсё ніяк не магу пагадзіцца

З адвечнаю крыўдай,

З законамі тымі,

Што мне не пабачыцца болей з жывымі

(Каб як маё сэрца таго ні жадала) —

Ні з Коласам родным,

Ні з родным Купалам.

Жыццё з кожным годам ярчэй расцвітае,

Ды толькі абодвух іх нам не хапае.

Да іх мы прывыклі

З маленства самога,

Мы з імі выходзілі заўжды ў дарогу,

А як акрыяла нас іхняе слова,

Што сказана простаю,

Матчынай мовай,

Мы з імі адолелі буры і хвалі...

Купала і Колас, вы нас гадавалі!

Вы звалі на волю

З цямноты, з прымусу,

Каб горда насілі імя беларуса;

Каб з ганьбай ніколі спіны не згіналі,

Каб цвёрда за праўду з братамі стаялі,

Каб сонца

Над нашай

Радзімаю ззяла,

І Колас нас клікаў, і клікаў Купала.

Нам сілу сваю

Аддавалі гадамі,

Часамі скарынкі не маючы самі,

Хадзілі, будзілі

Ад хаты да хаты...

Не раз пагражалі вам чорныя краты,

Ды песня ў дарозе нідзе не прыстала,

Дык дзякуй Вам, Колас,

Дык дзякуй, Купала!

У дні ж перамогі народнай, бурлівай

Я з вамі сустрэўся,

І стаў я шчаслівы,

Што вашымі быў прыласканы вачамі,

Што разам з сябрамі

Я крочыў за вамі,

Што, рушыўшы ўдалеч,

У багну не збіўся,

Што вашаму слову,

Як мог, я вучыўся,

Каб песня і ў горы змагалася дбала —

Яна, ваша песня, ў вайну ваявала,

Дык дзякуй Вам, Колас,

Дык дзякуй, Купала!

Свабода

Чырвоныя сцягі палошча,

А мне так здаецца:

Іду я праз плошчы,

І ў дні адпачынку, і ў працы гарачай

На дзвюх з іх —

Вас, любых, я бронзавых бачу;

Гляджу —

Не сагнула вас, быццам, гадамі.

Спынюся,

Схілюся і гутару з вамі.

Калі ж адыходжу,

Нібы на расстанні,

Адзін да другога шляце прывітанне...

Іду я,

Бы выпіўшы сокаў гаючых,

І цвёрда я веру, што вы неўміручы!

 

 

* * *

Паэт паэзіі вянкі

Пляце, душой красуецца...

Пляце ж часамі і такі —

Ніяк не лепяцца радкі,

А ён,

А ён вар’юецца.

 

Ані прыладзіць бор да зор,

Суніцы да бруснічыны,

Сабе і людзям шле дакор,

Цярэбіць з роспачы віхор,

Цярэбіць аж да лысіны...

 

Нашто пакутваць без патрэб?

Калі радкі нясвежыя,

А славы прагнучы, аслеп...

Кідай пакуты,

Сеяць хлеб —

найбольшая паэзія!

 

 

* * *

Каб мець прытулак і начлег

І дзень пражыць у спевах —

У кожнай птушкі свой паверх,

Паміж галін, на дрэвах.

 

Я ж, маючы характар свой,

Каб наглядаць далёка,

Сяджу, паэт, як бусел той,

На дрэве адзінокім.

 

Тады мне бачна навакол,

Што зроблена, што будзе

І чым жывуць і высь, і дол,

І людзі,

людзі,

людзі...

 

 

ДЗЯКУЙ ВАМ...

 

I

Дзякуй вам, палі і пожні,

Што на хлеб давалі жыта,

Бульбу — на бліны, аладкі

І ячмень на крупы, солад...

Дзякуй вам, палі і пожні,

Што кармілі вы худобу,

Каб мы крупнік свой бялілі,

А часамі мелі скварку

Ў кашы смачнай бульбяное...

 

ІІ

Дзякуй вам, бары, дубровы,

За арэхі і чарніцы,

За паземкі і пралескі,

За грыбы сям’і ядомай

На чале з баравікамі,

За ялінавыя шаты,

Што хавалі ад нягоды,

Што нам раілі, як трэба

З лютым ворагам змагацца...

 

ІІІ

Дзякуй вам, азёры, рэкі,

Ручаіны і крыніцы,

Што паілі нас і мылі,

Што нам раны абмывалі

І з вачэй зганялі слёзы,

Што вянкі па вас пускалі

Мы з рамонкаў і купалак,

Што вучылі вашы хвалі

Нас праплыць праз акіяны...

 

IV

Дзякуй вам, шляхі-дарогі

І сцяжынкі палявыя,

На якіх сяброў віталі,

На якіх у час спаткання

Прызнаваліся ў каханні.

Дзякуй вам, шляхі-дарогі,

Што са светам паядналі,

Што з паходаў грозных, ратных

Нас прыводзілі дадому...

 

V

Дзякуй небу, сонцу, зорам

Па-над роднаю зямлёю,

Што праменнем сагравалі,

Палівалі нас дажджамі,

Каб раслі мы і мужнелі,

Што шляхі нам асвятлялі.

Калі ж цемра накрывала,

Вы, як быццам, гаманілі,

Як з дарогі нам не збіцца.

 

VI

Дзякуй вам, вятры-вятрыскі,

Што нам твары гартавалі,

Біўшы ў грудзі, навучалі,

Каб адольвалі нягоды,

Што ўздымалі нашы крылы

Да зары чырванаўсходняй,

І прыносілі вясціны

Нам ад родных і ад любых,

Ды і ў горы суцяшалі...

 

VII

Дзякуй вам, хаціны нашы,

З пахам смольным, незабыўным,

Што калыскі прыкрывалі

І ад спёкі і ад золі,

За сталы бяседы шчырай

З найсардэчнымі сябрамі,

Што ў дарогу выпраўлялі,

А счакаўшы, з перамогай

Сцяг ўздымалі, што агеньчык...

 

VIII

Дзякуй жа ўсяму, што зведаў,

Што прывабіла навечна,

Сэрца моцна прывязала

І на свет раскрыла вочы!

 

 

БРАХНЯ

Брахня ўздымаецца паволі,

Пакуль усю не ўзбудзіць шыр,

Яна ад шэпту з-за вуголля,

Як мыльны выплыве пузыр.

 

Не ўцяміўшы, а мо ці варта

Дарма кагосьці абражаць,

Хто кпінамі,

хто смехам,

жартам —

Пачнуць пузыр той

раздзьмухаць.

 

Ды варта праўдзе дакрануцца

Ледзь-ледзь да пузыра таго —

Ён трэсне.

Пырскі разлягуцца

На тых, хто выпусціў яго.

 

 

МАДОННА

Пра іх шмат гутарак гарачых.

Праехаўшы ж па свеце сам,

Я не адну мадонну бачыў

Ў аправе залацістых рам.

 

Адлюстраваныя навечна

Майстрамі добрымі да нас,

Яны прыгожыя, бясспрэчна,

Але на свой і густ і час.

 

Іх шмат цікавых болей-меней,

Хвалу ім варта аддаваць,

Ды прад адной, у задуменні,

Мне б так хацелася сказаць:

 

Няхай глядзіш ты пранікнёна

І хоць твой твар няма бялей,

Я б не сказаў, што ты, мадонна,

За ўсіх сучасніц прыгажэй.

 

Між гулкіх плошчаў, між ускраін

Ці там, дзе поле расцвіло,

Часамі выблісне такая,

Якой і роўні не было.

 

 

 

ПРАПОЛКА

Зямля ўсё множыць так няспынна,

Што не злічыць раслін усіх,

Ёсць нам карысныя расліны,

А ёсць, што шкодзяць росту іх.

 

Вось, каб прывесці ўсё да толку,

Каб плёну працы дачакаць,

Выходзяць людзі на праполку.

Прастор расткам карысным даць.

 

Знішчае пустазелле кожны,

З даўнога ўжо закон такі,

І так, як полюцца барозны,

І я праполваю радкі.

 

Каб словы, быццам жэмчуг, сталі,

Каб чуўся іх напеўны звон.

Каб больш яны прывабна ззялі,

Каб сэрцы браліся ў палон.

 

 

 

СТЫХІЯ

Дзе тая моц,

Цябе што зможа,

Сама ты моц

І разам смерць.

Ты ззяеш страшна

І прыгожа,

Калі адну красу глядзець.

 

Ты з чорных хмар.

Твае ўбранні,

Штоноч —

Па самы небакрай.

А ўміг —

Маланак бляск і ззянне,

Што ажно вочы закрывай!

 

Ты больш красы

Бяды прыносіш,

Адкуль такі нястрымны гнеў?

Бывае —

Гай у хвілю скосіш,

Хаціну ўздымеш

Вышай дрэў.

 

Не, ты прыгожай

Быць не можаш,

Ты злосна выеш,

Не пяеш,

То пакладзеш дадолу збожжа,

То сена ў лузе

Растрасеш...

 

Ну што табе

Людскія слёзы,

Калі шаленству твой чарод,

Ты спадарожніка ў дарозе

Стралой

Знішчаеш навылёт!

 

Плывуць у космасе

Героі,

Хоць шлях нялёгкі ў барацьбе.

І я ўсё думаю

Пра тое,

Калі мы дойдзем да цябе.

 

Каб ты магла,

На ўсім бязмежжы

Не разбураць,

А будаваць,

Калі пасілім, як належыць,

Цябе, стыхія, ўтаймаваць!

 

 

ПАШТОВАЯ СКРЫНКА

Сябры мае! Паверце словам,

Якія ў доказ прывяду,—

Ля скрынкі кожнае паштовай

Заўжды з павагаю іду.

Бо колькі ў ёй надзей, жаданняў,

Што з сэрцаў пушчаны людскіх,

Трывог, клапотаў, хваляванняў,

Прызнанняў першых, агнявых...

Адны мне птушкамі здаюцца,

Што ў скрынках крыллем шабуршаць,

І іх нястрыманых пачуццяў

Нялёгка сценкамі стрымаць.

Адна дарога ў іх. Такая,

Што не спыніцца, не заснуць,

Хутчэй туды, дзе іх чакаюць,

Адкуль насустрач ім лятуць.

А колькі юных рук, гарачых

Насустрач весткам дарагім,

Але і пісьмы з горам бачу,

Крануцца з месца цяжка ім.

Іх слова плачам налітое,

Пакутамі па самы край

І слёзы несучы з сабою —

Узнімуць слёзы і адчай.

Бывае ж, трапяцца з брахнёю,

Не можаш іх вярнуць назад...

Аднак з сардэчнай дабрынёю —

Лятуць да нас. Іх болей.

Шмат!

 

 

НА ПЛОШЧЫ ПЕРАМОГІ

Мой Мінск,

Ты мужны, слаўны,

Прыгожы воблік твой.

Твой помнік Перамогі

Да сонца галавой —

 

Узнесены

З пачуццяў

Усіх, як ёсць, жывых,

І з сэрцаў засмучоных,

І з сэрцаў агнявых.

 

На ім —

Славутны ордэн

Праменіць, як зара,

Рэліквія святая

Народа-змагара,

 

Чые героі-дзеці

Па ўсёй зямлі ляжаць.

Ідуць бясконца людзі,

Каб ім

Паклон аддаць.

 

Ідуць,

Схіліўшы голаў,

Заўсёды, дзень пры дню,

Старыя і малыя

Да Вечнага агню.

 

Ідуць

Сябры герояў

З паходаў баявых...

А я гляджу з любоўю

На пару маладых.

 

Прыбраныя абодвы,

Што глянуць любата,

На дзеўчыне

Да долу

Вясельная фата.

 

І кветкі

Ў паяднаных,

Узбуджаных руках.

І ружа, як агеньчык,

У хлопца на грудзях.

 

І малады

Ў пашане

Схіліўся з маладой.

Паклалі кветкі.

Думы ж

Прад імі чарадой —

 

Пра тых,

Хто йшоў на згубу

За іх жа, у жыцці,

Пра тых, каму да шлюбу

Не выпала ісці.

 

Пра тых,

Хто паў за волю

У квецені вясной,

Каго снягі накрылі

Сцюдзёнаю фатой.

 

Каго

Пятлёй душыла

І кратамі турма,

Пра тых, хто цвёрда верыў,

Што гіне недарма.

 

І ўдзячны

Маладыя

За лёс шчаслівы свой...

А думы роем, роем,

А думы чарадой —

 

Што ім

Ствараць сягоння

І бараніць ад зграй —

І горад, што за імі,

І ўвесь іх родны край.

 

І каб ён

Цвіў бясконца

І рос на іх вачах,

Клянуцца моцнай клятвай

На ўвесь жыццёвы шлях!

 

 

ДАБРО

Дабро рабі заўжды аддана,

Ды не крычы аб тым знарок,

Дабро даюць, а так звычайна,

Як грудзі матчыны сасок.

 

Дабро зрабіў — не гойкай пеўнем.

Дарунак — большая краса,

Дары, як колас — дорыць зерне,

Як вільгаць — летняя раса;

 

Як раніца — святло з усходу,

Як кветка непрыкметна — мёд,

Як рэчка дорыць прахалоду,

Як дрэва дорыць кісларод.

 

 

ЧОРНЫ ДЗЕНЬ

Хто пра што,

А я пра тое,

Пра няшчасны лёс здавён —

Добра помніцца былое,

Не забыцца шэрых дзён.

Жыць нялёгка давялося —

Ад бяды

Ды на бяду.

Ды вядома, як жылося,

Толькі з хлеба на ваду.

А старэлі мы з гадамі,

Надыходзіў

Грозны час,

Чорны дзень кружыў над намі,

Чорны дзень палохаў нас.

Варта толькі

Сілу страціць,

Станеш лішнім ты для ўсіх —

Паглядаюць коса ў хаце,

А ратункаў ніякіх.

Чорны дзень,

Як толькі ўстанеш,

І куды ты ні пакроч —

Чорны дзень, куды ні глянеш,

Чорны, чорны аж па ноч!

Чорны дзень —

Няма збавення,

Чорны, чорны да жуды,

Чорны, чорны — без адзення,

Чорны, чорны — без яды.

Чорны дзень,

Каму ты мілы,

Доля гэткая была...

Чорны дзень аж да магілы,

Ды і там жа —

Без святла.

 

 

МАЯ АНКЕТА

Не для вандровішчаў сусветных,

Для дому,

Дзе жыву здавён,

Я і без дадзеных анкетных

Наскрозь сучаснікам відзён.

 

Майго народа шчасце, мары,

Ці то бяда,

Ці гора з ім —

Усё напісана на твары

І ў сэрцы бачыцца маім.

 

Ці я сумую, ці шчаслівы,

Вы прачытаеце

Ў вачах,

Як кожны дзень жывецца нівам,

Як дрэвам, кветкам у садах.

 

 

СЛАЎЛЮ!

Сын твой,

Мая Беларусь,

Слаўлю я

Ўвесь Саюз.

 

Слаўлю

Чырвоны сцяг,

Ленінскі

Слаўны шлях.

 

Слаўлю

Савецкі герб,

Слаўлю

Здабыты хлеб.

 

Слаўлю

Цябе, завод,

Слаўлю

Ракеты лёт.

 

Слаўлю

Задум разгон,

Слаўлю

Сяброўства плён.

 

Слаўлю

Граніц граніт,

Слаўлю

Наш меч і шчыт.

 

 

МОРА

Слова гучнае, як горы,

Ці як зоры — з дзён даўных,

Мора-веліч,

Песня-мора,

Мора колераў усіх.

 

Хвалі, хвалі ў сінім дыме

Як шапочуць,

Як гудуць —

Коньмі чорнымі, сівымі,

Белагрывымі завуць.

 

Хто іх гоніць, хто ўладарыць,

Можа, вецер-буй

Здалёк,—

То падымуцца да хмараў,

То рассцелюцца, як шоўк.

 

Ні канца ім, ані краю,

Ходзяць,

Гояць грамадой,

Я ж ніколі не пазнаю,

Развітаюся з якой?

 

 

РУНЬ

Прыйшоў Кастрычнік.

Па шляхах

Як быццам золата растрос...

А рунь, а рунь —

Зялёны сцяг

На сіні восеньскіх нябёс.

 

Штодня сцюдзёней,

Ды дарма

Мароз ёй грозіць з кожным днём,

Бо неўзабаве ўжо зіма

Пакрые пульхным палатном.

 

Вятры

З ёй будуць размаўляць,

Бары, дубровы і гаі...

А руні,

Руні спачываць,

Пакуль не ўзбудзяць ручаі.

 

Пакуль

Пад птушак галасы

Не набярэцца сіл такіх,

Што скрозь зашэпчуць каласы...

Ах, што за пах, за песні ў іх!

 

 

КРЫЖЫ І ЗОРКІ

У кожным часе воблік свой,

Між іх,

Як быццам рубяжы,—

Калісьці над усёй Масквой

Крыжы, крыжы, крыжы, крыжы...

 

Крыж сімвалам галоўным быў

Князёў,

Баярынаў, купцоў,

Крыжоў маскоўскіх не лічыў,

Казалі — сорак саракоў.

 

Наш час усіх увысь вядзе,

Масква ўзнялася

Да нябёс.

Ёсць крыж часамі дзе-нідзе,

А зоркі, зоркі, зоркі скрозь!

 

Як год семнаццаты прыйшоў,

Крыжы схіліліся

На ніз,

І зоркі з полымя сцягоў

Ўзляцелі пераможна ўвысь!

 

 

* * *

Я вельмі сонца ўсход люблю,

Чаму ж трывожны

Сёння ўсход —

Відаць, спазнаўшы ўсю зямлю,

Нямала ўбачыла нягод.

 

І мо таму шляхі свае

Прайшоўшы там,

Дзе гром, дзе бой,

У нас чырвоным устае,

Нібы аблітае крывёй.

 

 

МУЗЫКА

Ці чулі вы, як раыа-рана,

Калі раса па ўсёй зямлі,

Ўзлёт музыкі неспадзянай:

Ну, як сапраўдныя арганы,

Так граюць гай, сады, палі...

 

Ах, як нам блізка і знаёма

З гадоў дзіцячых, маладых —

Вясновых рэчак дзіўны гоман,

Дажджоў цымбалы, бубны грому,

Жалейкі птушак паміж іх.

 

А чулі вы, як восень просіць

Нас на канцэрт на сто ладоў,

А можа, чуць вам давялося,

Як грае ноч на скрыпках сосен

Смычкамі восеньскіх вятроў?

 

І мне, прызнацца, з кожным годам

Зямлі гучанне ўсё мілей,

І ўдзень, і ўноч, ажно да ўсходу

Я пазнаваю, як прырода

Вучыла музыцы людзей.

 

 

* * *

Адны пакуты —

Славы смага,

Нямала ведаў я такіх,

Калі сам верыў, бедалага,

Што незаменны ён для ўсіх.

 

Пісаў штодня,

Упарта. Многа.

Вякамі марыў палымнець.

Памёр.

Прыкрылі некралогам,

І ўсёй вядомасці канец.

 

 

ЦІ Ж ГЭТА ПРАЎДА?..

Жыццё ёсць шчасце —

Аксіёма!

Ды кожны з нас часовы госць.

З прычыны гэтае, вядома,

І да зямлі папрокі ёсць.

 

Ці ж гэта добра,

Дайце рады,

Жыцця не ўбачыш, пражывеш,

Сама існуеш аж мільярды,

Чаму ж так мала нам даеш?!

 

 

І СМЕХ І ПЛАЧ...

Як трапіць гора нам спаткаць,

Мы ўсе ў настроі і ў цяжкім,

А ў дзіцяня —

І смех і плач,

Адно змяняецца другім.

 

Як хораша дзіцяці жыць,

Яго настрой усім відаць:

На тварык —

Хмарка набяжыць,

І ўраз — праменьчыкі гараць.

 

Не можаш сцішыцца ніяк...

Глядзець зайздросна

На малых:

Ах, каб ды нам заплакаць так

І засмяяцца цераз міг.

 

 

НЕ МАГУ ПАГАДЗІЦЦА...

Ну што ж, таварыш мой, скажаш,

Гады прамільгнулі, бы ў сне.

І дзеці,

Не раз я заўважыў,

Як месца ўступаюць і мне.

 

А я ж ані жару, ні лёду

Яшчэ не баюся ані —

З усходу

Да сонца заходу

Праводжу за працаю дні.

 

І я не сагнуты, як быццам,

Дый плечы мае — змагары,

Дык як жа, скажы,

Пагадзіцца,

Што й я ўжо сягоння стары?

 

 

ЧАС ПІША...

Здаецца,

Бура альбо ціша,

А ты той самы, не другі,

А час на твары піша й піша —

Усе дарогі, ўсе шляхі,

Усе здабыткі і грахі.

 

Ты, як заўсёды,

Захапляўся

І маладосцю і красой,

А час міжволі распісаўся —

Крыху прыгнутаю спіной,

Сівой, бялявай галавой.

 

А ты —

На ўсё яшчэ харобры,

Не ўгледзеў, як твой час мінуў,

Калі ж у люстра глянуў добра,

Тады сваю мяжу адчуў

І толькі з болем уздыхнуў!

 

 

АРУ ДЛЯ ЎСІХ...

Няўжо яно было такое

Святло з лучыны, з камінкоў.

Прайшлі часы перада мною

Сахі драўлянай і цапоў.

 

Больш за паўвека долю стрэлі

І сталі мы на новы шлях,

Шырэла поле, мы дужэлі

І распрамляліся ў плячах.

 

Мы сталлю новы час падкулі,

Пусцілі ў ход электра, газ,

А што ўжо думкай сіганулі,

Дык за Юпіцер і за Марс...

 

Нам трэба гэтак, а няйначай,

Бо першымі мы мусім быць,

Я рады, што навокал бачу

Людзей, што й сілы не злічыць.

 

Ды я і сам нібы са сталі,

Наш час складаней год былых,

Сабе дзяды й бацькі аралі,

А я сабе —

І дзеля ўсіх!

 

 

А Я ЧАКАЮ...

Зіма, зіма... Вятры над гаем,

Шляхі снягамі замятае,

А я тых дзён, тых дрэў чакаю,

Як зашуміць зялёны строй

Між вішань з белаю фатой.

 

Ды ім не вечна красавацца,

І стануць кветкі асыпацца,

Я ж пажадаю дні пабачыць,

Калі ўсё поле ў каласах,

Куды ні пойдзеш — хлебны пах.

 

Ды песня жніўная спяецца

І зерне зберацца, звязецца,

Мне ж тыя дні усцешаць сэрца,

Калі галіны гне цяжар,

Нам несучы свой шчодры дар.

 

Ды кінуць неба Беларусі

Шпакі, і журавы, і гусі,

А я пабачыць зноў памкнуся

І першы, быццам пух, сняжок,

І першы, быццам шкло, лядок.

 

Нязменна дням жыцця мяняцца

І людзям з імі сустракацца,

І будзе лісце асыпацца,

І зноўку вішні зацвітуць...

Ды нам юнацтва не вярнуць.

 

 

ПРЫХОДЗІЦЬ РАНІЦА Ў АКНО...

Вясной, амаль што кожны дзень,

Прыходзіць гэтак да мяне —

Праскочыць праз акно прамень

І разбяжыцца па сцяне...

На міг малінавым святлом

Ён на падстоллі заіскрыць,

То ўспыхне светлым матылём,

То здасца — крыллем зашуміць.

А за сцяной, штораз гучней,

Зазвоняць птушак галаскі,

Азвецца першым верабей,

За ім разыдуцца шпакі,

А там і ўвесь крылаты хор —

І спеў, і тлум, і грай, і свіст...

А там затахкаў і матор,

Паплыў у поле трактарыст.

А там і паравоз якраз

Вядзе сімфонію гудкоў,

А там загуў з цыстэрнай МАЗ,

Павёзшы з фермы малако.

А там кансервавы завод

Падаў гудок свой, паравы...

А там загуў і самалёт

З-пад Мінска ажно да Масквы.

А змоўк матор. З палёў чуваць,

З дзяўчат, з хлапцоў хтось заспяваў...

Ну дзе там, хіба можна спаць?

І я, ўсхапіўшыся, устаў!

 

 

ЧАПАЙ ПА ВУЛІЦЫ ІДЗЕ...

Здаецца мне,

Што, смерць скарыўшы,

Жыве любімы наш герой —

Ідзе Чапай, Урал праплыўшы,

Па новай вуліцы сваёй.

 

А па-над ёю зоркі, зоры,

І чырвань сцягаў навакол.

Ідзе па гораду,

Каторы

Прамчаў калісьці, як арол.

 

Глядзяць у неба вежы смела,

Кварталы новых карпусоў.

Не, тут даўно

Няма ўжо белых,

Ні фабрыкантаў, ні купцоў.

 

Ані купчых, ні іхніх трантаў,

Ані тракцірных зазывал.

Ідуць на плошчу

Дэманстранты,

Грыміць «Інтэрнацыянал»...

 

І рады наш Чапай, вядома,

І думка вырасла свая;

Маё імя —

На кожным доме,

Дык значыць вуліца мая.

 

Далей Чапай ідзе ў калонах,

І вочы кратае слязой,

Чытае радасна:

Будзённы,

І Варашылаў, і Лазо.

 

А з вокнаў песні ручаямі,

І сэрца поўна пачуцця,

Дык вось яно,

За што з сябрамі

Не шкадавалі мы жыцця.

 

Ідзе Чапай. Яму ў народзе —

Усюды адкрываюць шлях,

На плошчу Леніна

Выходзіць,

І сэрца быццам звонкі птах.

 

 

СПІЦЬ ЗЕРНЕ...

Прыкрылі снягі і палі і імшары.

І ціша. Гамоняць яліны адны...

Спіць зерне на складах,

па свірнах і марыць,

Калі яго збудзяць праменні вясны.

 

Калі на машынах наведаюць людзі

Ды зноў адвязуць іх да роднай зямлі,

Калі пакладуць ёй на цёплыя грудзі

І дні веснавыя напояць, калі?..

 

А там ускалыша іх песняю вецер,

І лета прыгрэе сваёй цеплынёй,

А там, у калоссях, як золатца, дзеці

Памкнуцца да сэрца ізноў галавой.

 

А там пазбіраюць іх жніўнай парою

І шмат захаваюць у шчыльны засек,

Каб зноўку па кругу пайсці чарадою,

Як зерні за зернямі кружаць спрадвек!

 

 

ЖЫЦЦЁ ПРАХОДЗІМ...

Жыццё праходзім крок за крокам,

Глядзім удаль, перад сабой

Ды прыглядаемся навокал

І ўвысь — над нашай галавой.

 

Трывожымся аб дзённым хлебе...

А даўшы волю перунам,

Нібы аўтографы на небе,

Маланка піша шчодра нам.

 

То выблісне на міг адзіны,

То зыркне, хоць пагляд хавай,

То ляжа поперак ялінай,

То ўскіне клічнік у канцы.

 

А то распішацца хваліста,

То скрывіць росчыркаў стаўбцы,

То скончыць кропкаю агністай,

То ўскіне клічнік у канцы.

 

Мая ж, на боль, хавае памяць,

Ніхто не ведае аб тым,

Як распісалася вачамі

Даўно на сэрцы ты маім.

 

Ты распісалася як быццам

Зусім жартоўна, на бягу...

Я ж не магу дасюль забыцца,

Паставіць кропкі не магу.

 

 

ЗА ЎСЁ ДАРАЖЭЙ...

Бязмежны космас. Зор без ліку

Відаць узброеным вачам.

І не такою ўжо вялікай

Зямля здаецца сёння нам.

 

Нас вабяць таямніцы далі,

Што з кожным днём усё бліжэй,

Зямля ж, дзе шчасце мы пазналі,

За ўсё на свеце даражэй.

 

Менш космасу ў мільярдным разе,

Зямля, табе маё «люблю!..».

Ах, людзі, людзі... Мы ў адказе

За невялічкую Зямлю.

 

А на Зямлі забойствы, войны,

Прад здзекам атамаў дрыжыць...

Ну, дайце ёй пажыць спакойна,

Каб вам самім спакойна жыць.

 

Здабудзем розумам, рукамі

Ёй больш дажджоў і больш цяпла,

Каб гаманіла каласамі

І ў яркіх колерах цвіла.

 

 

* * *

Я, чым далей, павольней крочу,

Між вельмі прагных не крычу,

Я ўжо нікому не зайздрошчу

І лёгкай славы не хачу.

 

Маё найбольшае багацце —

У скарбах роднае зямлі.

Я дзякую жыццю і працы,

Яны далі мне, што маглі.

 

Далі мне моц, далі каханне

І, каб заўжды ў шуканні жыў,

На кожны ранак адчуванне,

Што я чагосьці не зрабіў.

 

Цяпер, каб як хацеў старацца,

Больш не зраблю і больш ярчэй,

Калі ж па шчырасці прызнацца,

Чаго б хацелася яшчэ?

 

Каб цвёрдым крокам, станам гнуткім

Гару мінаў я — за гарой

І каб гады не вельмі хутка

Адлічвалі мне тэрмін свой.

 

Я не прашу завельмі многа,

Каб хоць, як сёння, быў здароў,

Я ж на галоўную дарогу,

Здаецца, толькі і ўзышоў.

 

 

ЛЮДСКОЕ СЭРЦА

У сэрцы нашым шмат прастору,

Яго не змераць сотняй міль,

Людское сэрца быццам мора,

У ім бывае шторм і штыль...

 

Без душ сяброўскіх жыць не можа,

Між імі ззяе, як маяк...

А буйны вецер растрывожа,

Не супакоіцца ніяк.

 

Ну што ж, у ім адценняў многа,

Калі б ні ціша, ні вятры,

Яно б не вабіла нікога

І хутка б згасла, без пары.

 

 

НАВАСЁЛ

 

Как будто

пришел

к социализму в гости...

 

Ул. Маякоўскі

Як не надзівіцца Антон,

Нібы зямля не тая.

Зірк, узышоўшы на балкон,—

Іначай выглядае.

 

Нібы шырэй у гэты час,

Такі разлёт адчуўся,

Да небасхілу аж калгас

Ягоны разгарнуўся.

 

А вунь і лес і луг відзён,

Дзе пасвіць свой ён статак,

І задаволены Антон —

Нічога сабе хата.

 

Кватэру знаным пастухом

Запрацаваў аддана —

На тры паверхі новы дом,

Вышэйшы, чым у пана.

 

Ці мог падумаць ён калі

Аб гэтакім прасторы?..

Яшчэ падміргвае здалі

Ягоны панадворак,—

 

Што пры дарозе, ля сасны,

Сваімі ўзвёў рукамі —

Малая хатка ў два акны,

Паветка з хлеўчукамі.

 

І лазня, дзе ён печку склаў,

Зрабіў карыта з дубу,

І той асвер, што, як жураў,

Застыў з даўжэзнай дзюбай.

 

Ён там пражыў час доўгі свой,

І знаюць ўсе — нягожа.

Але, як сёння, дык такой

Не ведаў ён раскошы —

 

Жыві сабе, не знай пакут,

Адно — працуй старанна.

У тры пакоі новы кут,

Ды да таго ж і з ваннай.

 

Малы кружочак толькі зруш,

Струмень, і адмысловы —

Цялёпкайся, а хочаш — душ,

Як дожджычак ліпнёвы.

 

А трэ — мачалкай так і сяк

Ты можаш шаравацца...

Шкада, што венічкам ніяк

Там нельга пахвастацца.

 

Цяпер, у гэтыя гады

І парыцца не кожны.

Але, каб толькі той бяды,

Без веніка жыць можна.

 

Затое ў трубах ёсць цяпло,

А трэба — прахалода,

А ў вокнах сонейка, святло,

Кватэра — асалода!

 

А ўранку, каб на працы быў,

Дык радыё гукала...

Не, так ніколі ён не жыў —

Пастух Антон Гурала.

 

 

* * *

А быў ён, слоў гусіны статак,

Крыклівы, ды без ладу ў ім —

Паэзіі маёй пачатак

Быў і складаным і цяжкім.

 

Як па жвіры, ішоў я босы,

Мяне калола і пякло,

Душа ірвалася ў нябёсы,

Ды ведаў-крылляў не было.

 

І я, як тая рыба, біўся,

Як свой кірунак выбіраў,

І ў недавучаных вучыўся,

Недапаэтаў прызнаваў,—

 

Пакуль не выбіўся, як трэба,

Бо верыў, смела ўдаль глядзеў

І чорнаму не здрадзіў хлебу,

Які з вялікім смакам еў.

 

 

АПОШНІЯ ПАВЕДАМЛЕННІ

Ад рання да ночы, нязменна

Ўвесь час, калі толькі не ў сне,

Апошнія паведамленні,

Як ежа, патрэбныя мне.

 

Дзе ў свеце здарэнне якое,

На доле ці ў стромых гарах,

Лятуць яны з кулі зямное

Па розных, нябачных шляхах.

 

І з радасці, шчасця ці з гора,

То словам, то слоў ручаём,

То ветрыкам свежым адораць,

То раптам удараць як гром.

 

Найболей жа ціха і роўна,

Жадаючы весткі падаць...

Ды сэрцу усё ж неспакойна,

Яму ж усё хочацца знаць.

 

І як там, што ў шахтах здабыта,

І сталі зварылі ці шмат?

І як наліваецца жыта,

І як, ці паспеў вінаград...

 

І як там, наколькі наперад,

За волю прайшлі змагары,

І як там ідуць піянеры,

Ці зырка гараць іх кастры?

 

І як там, калі давядзецца,—

У космас ляцець і каму?..

І з песняй таварыша стрэцца

І мо пазайздросціць яму.

 

А можа, і ўздыме натхненне,

Што хутка канец і вайне...

Апошнія паведамленні,

Як ежа, патрэбныя мне!

 

 

А ДНІ, ШТО МАЛАНКІ, У НАС...

А дні, што маланкі, ў нас,

За тыднямі — месяц, год...

Вазьмі мяне, новы час.

Вазьмі мяне ў свой паход!

 

Вядома — я не прыстаў,

Нямала й хачу пажыць —

На вахту любую стаў,

Я ведаю, што рабіць.

 

Пайшлі мяне ў стэп, тайгу,

Ты будзеш здабытак мець,

Адно, чаго не магу,—

На Месяц і Марс ляцець.

 

Я дужы. Да снежных гор

З нізіны ж узняцца змог,

Ні вецер, ніякі мор

Ніколі не збілі з ног.

 

Хай цяжка было рукам,

Мяне не злажыў і боль.

Не пагражала грудзям

Ніякая ў свеце моль.

 

Я выстаяў многа раз

Супроць немалых нягод,

Вазьмі мяне, новы час,

Вазьмі мяне ў свой паход!

 

 

ВОЙНЫ Б НЕ З’ЯЎЛЯЛІСЯ...

Войны ўсякія былі,

Шмат ад іх бядачылі —

Пачыналі са стралы,

Са смалы гарачае.

Ямы ладзілі, равы...

Стаўшы сілай ратнаю,

Падышлі да булавы,

Да мяча булатнага.

А пасля пайшлі палкі

З рознымі брыгадамі —

Кулі, шаблі і штыкі,

Бомбы са снарадамі.

Танкі з жудасным агнём

Рушылі лавінамі,

Засыпалі, як дажджом,

Мінамёты мінамі.

А вайна мацнее, чуць,

Што ні год навінкамі...

Самалёты смерць нясуць

Атамнай начынкаю.

Досыць войнаў.

Час канчаць

З войнамі няспыннымі,

А дзе выйсце тое ўзяць?

Бачу я адзінае —

Каб народы ўсёй зямлі

Нашых дум трымаліся,

Каб усталі, што зляглі,—

Войны б не з’яўляліся!

 

 

РАЗМОВА З ЭЛЬБРУСАМ

Больш сорак год, як бачаць вочы

Цябе ў праменнай вышыні,

І я, Эльбрус, табе зайздрошчу —

Што не змяніўся ты ані.

 

Магутнаму, такое сілы,

Што ўзрос плячамі аж да зор —

Ды як зямля цябе стварыла,

Срабрыстага, між чорных гор?

 

Я, пастарэўшы, пасівелы,

Зноў рады гаварыць з табой,

Ты ж, як раней, крыштальна-белы,

З нязменна гордай галавой.

 

Ты, як маяк між чорнай ночы,

Далёка бачышся з нізін.

І я, Эльбрус, табе зайздрошчу,

Ды толькі хіба я адзін?

 

 

МЫ ДЗЕЦІ ЎСЕ АДЗІНАЙ МАЦІ...

Гады праходзяць за гадамі

У бурных дзеях на зямлі...

Нямала зроблена і намі.

І чуецца: «...Вось мы былі!..»

 

Канечне, кожны на рабоце

Сябе дарэшты аддаваў.

Канечне, мы былі на ўзлёце

І ў самым пекле розных спраў.

 

Канечне, мы недасыпалі

І елі хлеб скупы з асцём.

Крыві нямала пралівалі,

Ахвяравалі і жыццём.

 

Канечне, з нас былі героі,

Адолеўшыя час цяжкі,

Затое бачылі такое,

Чаго не бачылі вякі.

 

Зрабілі мы ў сваёй Радзіме

Усё, каб далі расцвілі,

Але нашто прад маладымі

Хваліцца нам: «Вось мы былі!..»

 

Яшчэ няскончана дарога,

І прад нябачаным стаім.

Канечне, мы стварылі многа,

Ды хопіць спраў і маладым.

 

І гарту поўная, адвагі,

Сказаць нам можа маладосць,—

З пашанай, з добраю павагай:

— Так, вы былі!.. Мы ж сёння ёсць!

 

І гэта так! Яны аддана

Кладуць сягоння ў Заўтра шлях,

І праўда, варта толькі глянуць —

Які ж узлёт, які размах!

 

У цаліну жыццё ўдыхнулі,

Партыйны здзейсніўшы наказ,

Яны і ў космас сіганулі,

Наш герб паклаўшы аж на Марс.

 

Ідуць сцяжынамі крутымі

З адкрыццяў верай у вачах,

І за ракетамі такімі,

Што нашым ворагам на страх.

 

Ах, як з іх кожны ганарыцца,

Што можа край абараніць!..

Навошта ж гэтак нам дзяліцца,

Хто што зрабіў, каму рабіць?..

 

А множым мы адно багацце,

І кожнаму час выпаў свой.

Мы дзеці ўсе адзінай маці,

І ўсе мы роўна любы ёй!

 

 

СЯБРАМ-ПЕРАКЛАДЧЫКАМ

Мастацтва роднай Беларусі,

Як выраслі шляхі твае,

Бо дзе я, дзе ні апынуся,

Я чую —

Беларусь пяе...

 

Паэзіі і нашай крылы

Узняты сотняй братніх моў!

Не, мы яшчэ не ацанілі

Яе шматлікіх галасоў.

 

Тых галасоў, што загучалі

Праз вусны родных нам братоў —

На струны ўласныя паклалі

Іх шмат выдатнейшых майстроў.

 

І палымнеюць песні ў сэрцах,

І праз вякі ім жыць і жыць...

І трэба ведаць,

мне паверце,

Нялёгка гэткае рабіць.

 

Каб перадаць усім, як трэба,

Каб аж запеніла ў грудзях,

Усю красу зямлі і неба,

Бароў і рэчак колер, пах...

 

Каб не забыцца ні чагосьці,

А асцярожна ўсё забраць,

Каб кубак дум і прыгажосці,

Наліты да краёў, падаць.

 

Каб з зачарпнутага з крыніцы

Данесці, кроплі не разліць,

Каб з кубка, што не замуціцца,

Даць чытачу усмак папіць.

 

І вось за гэту ласку, працу

Хачу падзякаваць я вам —

І масквічам, і ленінградцам,

Ва ўсіх рэспубліках сябрам.

 

За тое, што і наша слова

Ўлілося ў россып яркіх зор,

Што ўзнёслае з бароў сасновых

Гучыць між стэпаў і між гор.

 

 

ВЯСЁЛКА

Ах, як нам вясёлкі ззялі

У юначую вясну!

А яшчэ Вясёлкай звалі

Камсамолку мы адну.

 

Усміхнецца, зарагоча,

Жарты з вуснаў агнявых...

А галоўка, твар і вочы —

Колькі колераў жывых.

 

Нас вясёлка ў высі звала,

Што з’яўлялася, як госць,

І паўнеба чаравала...

Ну, а наша — ўсіх, як ёсць!

 

Нас усіх яна скарыла,

Мы хадзілі чарадой,

А яна найболей кпіла,

А надзеі — ніякой.

 

Ды прыпала ж ёй, гарачай,

На адным пагляд спыніць...

З тых часоў — вясёлку ўбачу,—

Сэрца ў смутку зашчыміць!..

 

 

АБЫ-ЯКОЙ НЕ ЗАСТАВАЙСЯ!

Каб старасць

Рана не спасцігла,—

Дай пагарэць сваёй крыві,

Не будзь, як халадзец, застыглай,

А ўсімі фарбамі жыві.

 

Ты перасудаў не лякайся,

Што людзі зложаць у паспех,

А ты мяняйся, ты мяняйся,

Як гнеў —

На любасць,

Плач —

На смех.

 

Прывабнага не адцурайся

І выпі шчасця поўны коўш.

І ты мяняйся, ты мяняйся —

Як змрок —

На сонца,

Суш —

На дождж!

 

 

КАЎКАЗСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ

У сінь вышынь Каўказ прыбраны.

Між стромых гор —

Лугі, палі,

І, як зялёныя фантаны,

Таполі рвуцца з-пад зямлі.

 

І шум ядлоўцу на сцяжынках,

І клёкаты арла

Здалёк,

І гоман срэбнай ручаінкі,

Нібы гаранкі галасок.

 

А горы скрозь, куды ні выйсці.

Гняздо на іх —

То горца дом.

А скалы, скалы...

Хто калісьці

Насек іх дужым калуном?

 

Глядзіш на іх. Расце здзіўленне —

Ў бяздонне гледзячы

на дол,

Сасна трымаецца карэннем,

Як быццам кіпцямі арол.

 

А воблакі, нябёсаў хвалі,

Што пух,

Напоўнілі прастор.

Няздарма бога малявалі

На гэтых воблаках між гор.

 

 

ЧАМУ Я ГЭТАК ВАС ЛЮБЛЮ?

Я не магу на вас забыцца,

Вы ўсе са мной,

Як нават сплю.

Не, вы скажыце, вы скажыце,

Чаму я гэтак вас люблю?

 

Бярозу тую — мнагаплачку,

Што ля бацькоўскага двара,

І тую рэчачку Вушачку,

Якой далёка да Дняпра...

 

І той лужок, дзе давялося

Брысці не раз між трыснягоў,

І той гаёк з кашлатых сосен,

Якім — куды да тапалёў!

 

І тую ўтульную мясцінку,

Дзе мы пілі кляновы сок,

І тую вузкую сцяжынку,

Што быццам жоўты паясок.

 

Чаму ж лавіць лічу найлепш я

У нашай ціхай рэчцы рыб,

Чаму здаецца прыгажэйшым

Мне ў нашым лесе кожны грыб?

 

Чаму ласкавей дождж цярушыць

І пах больш чуткі медуніц,

Чаму адменны смак у грушаў,

У сліў, у вішань, у чарніц?..

 

Я вас даўно

Пакінуў быццам,

Ды ўсе са мной, як нават сплю...

Не, вы скажыце, вы скажыце,

За што я гэтак вас люблю?!

 

 

РАКА

З бароў, з дуброў

З крыніц, лугоў,

Дзе трыснягі,

Дзе асака —

Цячэ рака,

Цячэ рака...

 

Праз шум травы,

Праз паплавы.

Паміж палёў

І мурагоў —

Як ланцужок,

Як паясок.

 

Ёй пасабіць

Ручай бяжыць,

І чым далей,—

Рака шырэй,

Ды ўжо й відны

На ёй чаўны.

 

Паміж бяроз

Я з ёй узрос,

Лёс выпаў мой

Заўсёды з ёй

Ісці, плысці

Ва ўсім жыцці.

 

Пад гул гадоў

З ракой ішоў,

Рака шмат раз

Вяла мне сказ,

Ляцела ўдаль

Гамонка хваль.

 

Шмат пекнаты

Схавала ты —

Кахання жар,

Юначых мар,

Гульні разбег,

Дзіцячы смех.

 

Але й жуды

Былі гады,

Што неслі кроў

Да берагоў.

Паўнела скрозь

Рака ад слёз.

 

Ды ў днях цяжкіх

Прагнала ўсіх

Ад берагоў

Ты чужакоў,

Свой змыла кут

Ад злых пакут.

 

Рака, мой лёс!

З табой я рос,

Я рад вітаць

І адчуваць,

Як ты плывеш,

Як ты пяеш!

 

 

НЕБА

Дыханне ніў, і луста хлеба,

І радасць зроку, спеў галля...

Ах, неба,

неба,

неба,

неба —

Як прагне да цябе зямля!

 

Ты для зямлі — яе патрэба,

Ці ты ў ясноце, ці ў журбе.

Ах, неба,

неба,

неба,

неба —

Мы рвёмся змалку да цябе.

 

Як прагне тваёй ласкі глеба,

Твайго цяпла, дажджоў тваіх —

Ах, неба,

неба,

неба,

неба —

Краса ты колераў усіх.

 

То быццам шоўк, то быццам зрэб’е

То крэп, разгневана калі...

Ах, неба,

неба,

неба,

неба —

Табе малюся і зямлі.

 

 

ІІ

 

ПАЭМА

 

 

ІІІ

 

ВЕРШЫ

 

ПАМЯЦІ ГЕРОЯЎ

Хто страціў бацьку, брата, сына...

Іх шмат недачакалі мы.

Яны ад Волгі да Берліна

Адбілі ўсё сваімі грудзьмі.

 

Іх зрэдку па адным хавалі,

У братніх могілках яны,

Калі б усе, што леглі, ўсталі,—

Ніколі б не было вайны.

 

Салдаты мужнасці, адвагі,

Крыві нямала пралілі,

Калі б пафарбаваць ёй сцягі —

Усю б планету спавілі.

 

 

РУСКІ Ў КОСМАСЕ

Ён чалавек. Ды ўвысь узмаху

Ніхто такога не зрабіў,

І вось ён першы, быццам птаха,

Пархнуўшы з карабля, паплыў.

Сусвет прад ім. Але дарога

Даўно ўжо вывучана ім —

Адзін, як бог, і нават богу

Не давялося быць такім.

Між зор нязвыклых пралятае,

Арбіты невядомы круг.

Адзін. Ды побач, адчувае,

Ёсць камандзір яго і друг.

Сяброўская ідзе размова

Аб тым, як што і след зрабіць —

І рускае важкае слова

На ўсю Галактыку гучыць.

І свет глядзіць, што за нагода

На нечуваны той палёт —

Плыве ў бяздонні сын народа,

А што за волат той народ!

 

 

САЛДАТЫ

Адгулі віхуры ў сорак пятым,

Хай бы ім ніколі не прыйсці,

Дык сядай, бывалыя салдаты,

Пагаворым шчыра аб жыцці.

Дваццаць год, а толькі ўчора быццам

Скончылі нялёгкі мы паход —

Першае, чым можам

пахваліцца,

Што за малайчына наш народ.

Кожны кажа: добра ваявалі,

Бо, як вораг рушыўся да нас,

Недаелі мы і недаспалі,

Надавалі ж катам і ў запас.

Знаюць, паспыталі нашу сілу,

Хто ж ізноў, як той бандыт, крычыць,

Гэта з тых, каго адна магіла

Можа назаўсёды навучыць.

Не, не пусцім іх да нашай хаты,

Можам раду добрую знайсці,

Дык сядай, бывалыя салдаты,

Пагаворым шчыра аб жыцці.

Як Радзіма наша працавала,

Як натхнёна працаваў народ —

Дваццаць год. І зроблена

нямала,

Хоць у гэтым наша кроў і

пот.

Мы праходзім сямімільным

крокам,

У народа-волата пастаць,

Ну, а што ўзляцелі мы

высока —

Можа ўсім і месяц расказаць.

Мы жадаем брацкай дружбы

шчыра,

Нашы мары — толькі ў міры жыць,

У руках у нас паходня міру

Над усёй планетаю гарыць.

З кожным годам множыцца

багацце

І для ўсіх жаданае відно,

Нашы грудзі поўныя ад

шчасця,

Ды яшчэ трывожыць нас

адно —

Хтосьці кліча на змаганне

з намі,

Хтосьці кліча выйсці супраць

нас,

Ну, а выйдуць — выйдзем мы

з сынамі,

Так ударым і ў апошні раз!

 

 

ДЖОН РЫД

Сніцца мне,— і гэта не прывід,—

Мабыць, мара выплыла мая —

Ад сцяны Крамля пайшоў Джон Рыд,

Шмат дзе з ім страчаюся і я.

 

А Джон Рыд прыйшоў

у Вашынгтон,

Не таму, што змусіла нуда,

Хмура ён глядзіць на Пентагон,

Ад каго на свет уся бяда.

 

Ў Джона Рыда несканчоны шлях,

З дзён дзяцінства вырас ён такім,

З неграмі ідзе ў адных радах,

Негры Алабамы сёння з ім.

 

Ён народ даўно пакінуў свой,

Быццам да свабоды на зары,

А паміж в’етнамцаў у Донг-Хой,

Дзівіцца, што ў небе за звяры?

 

Землякі. Не верыцца яму,

Ды глядзіць пад бомбаў гул

і свіст —

Гэта з тых, што садзяць у турму

Усіх, хто кажа горда: камуніст!

 

Што ж ты вырабляеш,

Уол-стрыт,

Згінеш сам, хоць кінеш чорны след,

Верыць у наступнае Джон Рыд —

Будзе жыць Амерыка як след.

 

 

* * *

З нас кожны з тайнаю сваёй.

Вось я іду,

іду — маўчу.

Ніхто не бачыць, што са мной.

А я да болю

так хачу,

Каб сёння з Ільічом між нас

Жылі і Пушкін

і Талстой,

Каб першы я ўзляцеў на Марс,

Навек мы скончылі

з вайной!

І на буржуя прыйдзе звод.

Буржуем

пудзіла завуць.

Кастрычніку —

аж трыста год!

Са мной сябры.

І я жыву!..

Эх, мары, мары...

Мой жа твар

сцвярджае: я часовы госць.

Зямля й мяне з праўдзівых мар

Забера гэткага,

як ёсць.

 

 

* * *

Пакуль жывём, датуль шукаем.

Знаходкам рады мы сваім,

Ды не відаць адкрыццям краю.

Як і канца не бачна ім.

 

Ах, як усё яно складана —

Сусвет... і песня салаўя...

Яшчэ як след не разгаданы

Шляхі пчалы і мураўя.

 

 

НАДЗЕЯ

Як з чорнай ночы, праз завеі,

Імкнеш патрапіць да святла —

Вядзі мяне, мая надзея,

Як і дагэтуль ты вяла.

 

Няхай праз боль і перашкоды,

Праз непамыснасці ў жыцці —

Мяне прыводзіла заўсёды,

Куды хацелася прыйсці.

 

Як сэрца кліч і гарт саспеюць,

Правер ты накірунак свой —

Заўсёды спраўдзіцца надзея,

Калі дапамагаеш ёй.

 

 

* * *

Як шротам, кроплі дажджавыя

Павыбілі дарог пяскі.

І паразвесілі рабіны

Свае чырвоныя сцяжкі.

 

Празрысты ранак на ігліцах

Паначапляў з крышталю слёз

І павуцінне, быццам струны,

Напяў паміж ялін, бяроз.

 

Пажоўклы ліст пад гоман ветру

Пацалаваў маё вакно...

Чакае сэрца

І чагосьці

Зашмат трывожыцца яно.

 

 

* * *

Малым, шукаўшы разумення,

Ці летнім днём, ці ў снегавей,

І я стаяў у задуменні —

А што за лесам, што далей?..

 

Пазнаў нямала за жыццё я,

А больш хацелася б, глыбей,

Як бы і сёння прада мною —

А што за лесам, што далей?..

 

 

МАРЫ

Няўжо часіна ўжо такая,

Што я цікавасць мог згубіць,

Цябе не ведаю,

Не знаю,

Але ты мусіш,

Мусіш быць!

 

Я не апошні і не першы,

Я клікаю цябе адну...

Бо, як і ўсе,

Зіму сустрэўшы,

Я мару прагна

Пра вясну!

 

 

* * *

У век адкрыццяў знамянальных

З машынамі яно лягчэй,

Ды без электравылічальнай

Кахаюць так, як і раней.

 

Яно, бясспрэчна, вельмі зручна

У час наш вынаходны жыць,

Але ж і тэхніцы выключнай

Удараў сэрца не злічыць.

 

Калі пакліча хто сягоння,

Абы жар сэрца не пагас,

Я і без розных электронаў

З’яўлюся ў самы пэўны час.

 

Сватамі аўтаматы сталі,

Цікава ўсё, як ні кажы;

Мы ж лепш сябровак выбіралі —

Пачуццямі сваёй душы.


1965-1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 4. Вершы, паэма 1965-1972.- Мн.: Маст. літ., 1989. - с. 7-494, 511-522
Крыніца: скан