epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

"Вось і лета сышло..." (Надыход восені)

Вось і лета сышло,

Адспявалі калоссі,

Цяжка нам заўважаць,

Як з'яўляецца восень.

 

Непрыкметна зусім —

Прыплыве павуцінкай,

Гляне жоўтым лістком

3-пад зялёнай хусцінкі.

 

Усплыве туманом

Над рачулкаю соннай,

Устрывожыць дымком

3 пахам бульбы пячонай.

 

Зачаруе агнём

Маладзенькай рабіны,

На адлёце крылом

Памахае бусліным.

 

А пасля,

А пасля

Ліст апошні сарвецца...

Ды не знаю, чаму

Ты мне, восень, па сэрцу!


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Родная літаратура: падручнік-хрэстаматыя для 5-га класа агульнаадукац. шк. / склад.: Л.К.Цітова. – Мінск: Народная асвета, 1998
Крыніца: невядомая