epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Заўсёды з Леніным

І
ІІ
ІІІ
IV


 

 

І

Зайгралі зарніцы

На ўсходзе.

На рэках гудуць берагі.

Вясна. Красавік.

Адыходзяць

Счарнелыя даўна снягі.

 

Вясновае сіні

Валокны

Спавілі палеткі, гаі...

Б’е сонца ў раскрытыя вокны.

Шляхамі бягуць ручаі.

 

І птушкі ў лясах

Заспявалі

Між клёнаў, бярозак і хвой.

Вярба,

Як дзяўчына ў каралях,

Стаіць над вірлівай вадой.

 

А сінія кветкі

Няйначай —

Сцяжкі веснавыя зямлі.

На вуліцы

Гоман дзіцячы —

Пускаюць у свет караблі.

 

Спрачаюцца.

Плёскат і пырскі...

Майструюць плаціны, валы.

Калісьці

Ў прыволжскім Сімбірску

Так бавіўся хлопчык малы.

 

Пад ветразем

Човен з паперы

Па хвалях пускаў ён плысці.

Так бавіўся хлопчык

I верыў —

Шмат новых шляхоў у жыцці.

 

Глядзеў ён,

Як браў па разводдзю

Той човен кірунак, разгон.

Сябры яго звалі Валодзя,

Па-сталаму жмурыўся ён.

 

І кожнай вясной,

Як праменні

Пачнуць халады разганяць,

Мы славім

Яго нараджэнне,

Аб смерці не хочам мы знаць!

 

Хіба адшукаецца

Чорствы,

Што з чорнаю думкаю звык?

Няпраўда!

Наш Ленін не мёртвы,

Наш Ленін —

Ён вечна жывы!

 

Наш Ленін

Спакою не знае,

Не знае прыпынку нідзе —

Ён сёння ідзе па В’етнаму,

Па джунглях Малайі ідзе.

 

Праходзіць Тыбет, Філіпіны,

Барнео, Суматру, Цэйлон...

Не знойдзецца ў свеце мясціны,

Куды б не прынёс ён святло.

 

У Леніна

Ўсюды сустрэчы,

Няма ім няпройдзеных троп.

І думай важкой, чалавечай

Нахмураны ленінскі лоб.

 

Адзінага

Толькі ён хоча,—

Каб кожны да шчасця ішоў,

І людзі

Ўзнімаюцца, крочаць

Пад ззяннем чырвоных сцягоў.

 

Мо знойдзецца хто,

Запытае,

Мо з’явіцца думка ў каго:

— А як ён цяпер

Выглядае,

Хто бачыў сягоння яго?

 

— Які ён па твару,

Па росту?

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Такі, як заўсёды ён быў.

Ласкавы, і сціплы,

І просты,—

Усё чалавецтва любіў.

 

Усюды

Аб людзях ён дбае,

Сваіх не шкадуючы сіл.

Ён скрозь:

У В’етнаме — в’етнамец,

Фелах там, дзе коціцца Ніл.

 

Яго

Не адрозніш з народа,

Па выгляду многа такіх.

Па думцы

Мудрэйшай заўсёды

Знаходзяць яго між усіх.

 

Глядзіць ён

Далёка над часам,

І гэта вядома здавён —

Ён бачыць,

Як партыя наша,

І партыя бачыць, як ён!

 

Жадаючы шчасця

Мільёнам,

Кладзе ён да радасці след.

Вы чуеце,

Што ён сягоння

Гаворыць, абходзячы свет?

 

— Да міру

Людскія жаданні,

Аб радасці мараць яны.

Не можа быць

Гора нізвання,

Не трэба жахлівай вайны.

 

Няхай

Узнімаюцца дзеці

І ярка юнацтва цвіце,

Хай шчасце куецца на свеце

І вечная дружба расце.

 

Так

Ленін сягоння гаворыць,

Не знаю тых дум гарачэй!

А зоры,

Чырвоныя зоры

Палаюць над светам ярчэй.

 

І шлях

Свой свабодны пазнаўшы,

Яснейшы кірунак другі —

Калоніі, плечы узняўшы,

Скідаюць свае ланцугі.

 

Вы чуеце

Ўзрушаны голас

Ўстрывожаных матак вакол.

І хобаты жэрлаў

Паволі

Гарматы спускаюць на дол.

 

І вецер

Ласкавы, вясновы

Гамоніць пра мір і любоў,

Бо з мудрым, заранкавым словам

Усюды наш Ленін прайшоў!

 

ІІ

У кожнага —

Ленін у сэрцы.

У думках, у безлічы спраў...

Згадаеш сягоння,

Здаецца —

Ніколі ён нас не кідаў.

 

Мы ўсе з ім

Свой ранак сустрэлі.

Жыццё

Перайшлі разам з ім.

Хоць скроні мае пабялелі,

Стаю перад ім я малым.

 

Я помню —

Між лесу глухога

чэзлых, спустошаных ніў

Угледзеў мяне ён, малога,

Што з торбай на паству хадзіў.

 

Мяне

Яго словы ўскрылілі

І ласкай сагрэлі ўсяго.

І кніжку далі мне. Адкрылі

Да шчасця дарогу яго.

 

Хто гэтага шляху

Не зведаў

Між нашых абуджаных сёл —

Сялянскія сходкі,

Камбеды,

А потым рэўком, камсамол...

 

А далей

Жыццёвая прага

Вяла ручаінай да рэк,

Да мора

Пад ленінскім сцягам,

Да партыі роднай навек!

 

З ёй заўжды я

Ў руху імклівым,

Працую, і мару, і сню...

Сягоння я самы шчаслівы,

Вялікую маю радню.

 

Я чую,—

Праз горы, праз воды,

Сяброў незлічона са мной...

Нас Ленін з’яднаў назаўсёды

Адзінаю праўдай сваёй.

 

Мой друг

І таварыш далёкі!

Не месціцца сэрца ў грудзях,

Калі ты трымаеш

Высока

Нязгаслы, праслаўлены сцяг.

 

Калі ты

За шчасце людское —

Узрушаны моцна да слёз,

Калі вашы песні

Прыбоем

Лунаюць па вуліцах скрозь.

 

Твае ўсе жаданні

І мары

Я чую заўсёды душой,

Я чую цябе,

Мой таварыш,

І крочу нязменна з табой.

 

Калі ж ты

Гібееш ад кары,

Дзе морак астрожны імжыць,

Я чую цябе,

Мой таварыш,

Мне хочацца краты разбіць.

 

І сэрца сціскаюць клапоты,

І гнеўна хвалюецца кроў,

Пакуль з-за астрожных варотаў

Не выйдзеш змагацца ты зноў.

 

Быць разам з сябрамі-братамі,

Трымацца пляча, ідучы,

Нас Ленін вялікі

Гадамі адзінству такому вучыў.

 

Трымацца

І крочыць наперад

У поступе мужных калон.

Не знаю я

Большае веры,

Чым ленінскі гэты закон!

 

З вялікасных дзён

Лістапада —

Мы людзі пачуццяў адных,

І радасна ўсім,

Калі радасць,

А горка, дык горка для ўсіх.

 

Вялікая наша краіна!

А сэрца ўсю хоча абняць —

Бываеш на поўначы сіняй,

На поўдні, дзе скалы вісяць.

 

За ўсіх сваіх родных

Турботы.

Бывае,

Не спіш па начах.

Хай недзе далёка спякота,

А чуеш спякоту ў грудзях.

 

І марыш

Мець сілу такую,

Каб мог ты, патрэбна калі,

Сам хмару з нябёс

Дажджавую

Паслаць ім туды на палі.

 

Калі ж дзе на поўдні

Садамі

Імчыцца віхор ледзяны,

Здаецца —

Прыкрыў бы грудзямі,

Каб зноў расцвіталі яны.

 

Здаецца б —

Узняўся сцяною,

Ад гора братоў засланіў...

Жыць дружнай,

Адзінай сям’ёю,—

Мы знаем, так Ленін вучыў.

 

Мы помнілі

Гэтыя словы

І цвёрды наказ Ільіча —

І ў дні непагоды суровай

Стаялі плячом да пляча.

 

Ішлі мы

Па грознай дарозе,

Праз полымя сёл, гарадоў...

Валіўся адзін у знямозе,

Другі падымаўся — ішоў!

 

Не зналі мы меры

Адвагі,

Агонь перайшлі мы і дым.

Вялі нас

Гвардзейскія сцягі

З абліччам на іх дарагім.

 

Ішлі мы,

Прыпынку не зналі,

Праз безліч пакутаў і слёз.

Сваю мы зямлю вызвалялі,

Дзе Ленін радзіўся і ўзрос.

 

Дзе ўсе мы

Былі ім сагрэты,

Дзе кожнага ён гадаваў,

Дзе Ленін

Народам сусвету

І сэрца і думкі аддаў.

 

Зямлю мы ачысцілі

Дбала,

Вярнуліся ў бацькаўскі дом.

. . . . . . . . . . . . . . . . .

Пасля той жахлівай навалы

Ляжала ўсё ў ранах кругом.

 

Было так,

Што цэлай цагліны

Нам нельга было адшукаць.

Здавалася,

З гэтых руінаў

Ці здолеем зноўку мы ўстаць?

 

Ці ўстануць

Кварталы былыя

І паркі, што пышна цвілі?

Находзілі думкі такія,

Калі мы да Мінска прыйшлі.

 

Ды гэту бяду

І трывогу

Насілі мы ў сэрцы не шмат —

Нам слалі сваю дапамогу

Сталіца Масква, Ленінград.

 

І нам

Памагчы узняліся

І шчыра далі нам руку —

У Кіеве,

Рызе, Тбілісі,

Растове, Ташкенце, Баку.

 

А сёння

Сказаць мы ім можам —

З іх дружбы

Наш горад ажыў.

Стаў Мінск наш магутным, прыгожым,

Такім,

Як ніколі не быў.

 

Дзе з горам

Маглі вы сустрэцца,

Дзе б толькі руін ні знайшлі —

Сягоння там братнія сэрцы

Усё да жыцця узнялі.

 

Цяпер

На былых зруйнаваннях

Зноў свецяць

Сялібы, дамы.

. . . . . . . . . . . . . .

Мы ленінскай дружбай з’яднаны,

І ёю магутныя мы!

 

 

ІІІ

Не быў я

На з’ездзе дваццатым,

Нас многа там быць не магло.

Але, хоць не меў я мандата,

Ды сэрца ў той зале было.

 

У зале Крамлёўскай,

Вядомай,

З вялікаю думкай на сход —

Сышліся,

Як быццам дадому,

І партыя ўся і народ.

 

Прыйшлі

На партыйнае веча

Ва ўсім разабрацца як след,

У нашым жыцці чалавечым,

У тым, што хвалюе сусвет.

 

Было там

Нямала гарачых

Гаворак аб справах жывых.

Я быў там.

Я Леніна бачыў,

Як слухаў ён вучняў сваіх.

 

Што робіць

Народ наш сягоння,

Зрабіць што наперадзе меў...

Здавалася,

Воблік ягоны

Ад гутарак гэтых святлеў.

 

Ён бачыў,

Вялікі наш Ленін,

Што час камунізма прыйшоў,

І рад быў, што шмат пакаленняў

Нядарма лілі сваю кроў.

 

Ён слухаў,

Ільіч наш любімы,

Ён бачыў усё — правадыр.

Прад ім разгарнула Радзіма

Усю неабдымную шыр.

 

Ляжала ў палях ураджайных,

У бляску

Асветленых сёл

І сотнямі тысяч камбайнаў

Гула пераможна вакол.

 

Была ўся

Ў магутных заводах,

У ззянні электраагнёў.

Такою,

Што ў думках заўсёды

Насіў ён праз многа гадоў.

 

Багатаю,

Загартаванай,

З паходняю міру ў руках,

Дзе новыя,

Ясныя планы

Наяве ўставалі ў вачах.

 

Ён бачыў

У ззянні, у бляску,

У промнях чырвонай зары —

Агні новай станцыі Брацкай

Пад велічны гул Ангары.

 

Ён чуў,

Як узбуджаны гоман

Стаіць ад відна да відна —

І там —

Дзе хвалюецца Нёман,

І там —

Дзе гамоніць Дзвіна.

 

...Што Арктыка

Блізкаю стала,

На полюсе — станцый дазор,

Што атам,

Расшчэплены ўдала,

Разбегся мільёнамі зор.

 

Ён бачыў:

Жаданне збылося,

Краіна, як волат, стаіць,

Хоць, праўда, людзям давялося

Нямала чаго перажыць.

 

Нямала ўзнікала

Патрэбаў,

І, можа, часамі зашмат.

Было — не хапала і хлеба,

Адзення было недахват.

 

Ды знаў ён,

Што самі мы,

Самі —

І ўлетку і зімняй парой,

Заўсёды сваімі рукамі

Лажылі мы камень на камень

Магутнай будовы сваёй.

 

Яе узнялі мы

Такою,

Што промні вакол зіхацяць.

І хоць яна ззяе красою

І сёння далёка відаць,—

 

Мы знаем:

Рабіць нам багата,

Каб скончыць вялікасны гмах.

Быў Ленін

На з’ездзе дваццатым

І ўперад азначыў нам шлях.

 

IV

Ляжыць ён

На плошчы Чырвонай,

Між сцен мармуровых ляжыць.

Нібы ён заснуў

І сягоння

З вялікаю думаю спіць.

 

І хоць

Цішыня там такая,

Што подых сцішаецца твой,

Выходзіш адтуль,

І здаецца —

Ён побач, ідзе ён з табой.

 

Калі мы што творым,

Будуем,

У кожную хвілю і міг

Заўсёды мы Леніна чуем

У думках, у справах сваіх.

 

Працуем —

Не знаем спакою,

Не ведаем стомы ў плячах,

Каб стацца хоць кропляй малою

Падобнымі на Ільіча.

 

Быць сціплым,

Сардэчным і простым,

Быць заўжды з народам усім,

Быць пільным,

Да ворагаў вострым,

Не ведаць хістання ні ў чым.

 

Абыдзеш

Ты свет увесь чыста —

Не знойдзеш, як ён, аднаго.

А крочым мы ўсе, камуністы,—

Свет чуе паходку яго.

Свет знае,

Якою дарогай

Людзей за сабой ён пазваў.

Не знойдзеш нідзе ты такога,

Каб Леніна сёння не знаў.

 

Калі хто ўсяго

Не узважыў,

Дык сэрцам імкнецца ў паход —

Я хлопчыка бачыў у Празе

На свяце — не больш пяці год.

 

Ішоў ён

Сапраўдным героем,

Хоць толькі ад цацак адрос,

Але ўжо сцяжок над сабою

Ён з воблікам Леніна нёс.

 

Расці яму,

Хутка ўзнімацца,

Далёка-далёка сягаць!

Са словамі «бацька» і «маці»

Пазнаў ён, як Леніна зваць.

 

Бо бацька

Дзіцяці з маленства

З любоўю не раз гаварыў:

— Ёсць вуліца ў Празе

Гібернска,

Дзе Ленін калісьці хадзіў.

 

Хадзіў

Ля ягонага дому

І думаў у тыя гады,

Каб сёння такому малому

Ні гора не знаць, ні бяды.

 

І хлопчык

Вясёлы, шчаслівы,

Бо Леніна сэрцам знайшоў,

Бо Ленін яго клапатліва

Далёка ў дарогу павёў.

 

Сягоння

Нас болей і болей,

Жыццёвы закон наш —

Расці!

І я, і мой сын-камсамолец,

І ўнук, што павінен прыйсці.

 

Нас Ленін,

Да шчасця пазваўшы,

Вядзе клапатліва ўвесь час.

Жыве ён

У партыі нашай,

Яна неўміручая ў нас.

 

Ёсць сплавы,

Што зліты на славу,

Іх шмат чалавецтва знайшло.

Такога ж магутнага сплаву

Дагэтуль яшчэ не было.

 

Струмень ёсць,

Што срэбра, бруіцца,

Пад сонцам, здаецца, звініць...

Як партыя ж наша,

Крыніцы

Не маюць такой чысціні.

 

А ў плыні —

Імклівы без краю.

Калі ж перашкода стаіць,

Дык гнеўна тады закіпае,

Знішчае і далей імчыць.

 

Вяршыні {Вяршыпі

Прырода стварыла

Праз год міліёны сама.

Ды велічы гэткай і сілы,

Як партыя наша,— няма!

 

І гэту

Бязмежную веру

Заўсёды мы ў сэрцах нясём.

Мы з Леніным крочым наперад

Мы з партыяй нашай ідзём!

 

Ідзём мы —

У строі паходным

На светлы камуны маяк!

Аб партыі думаю роднай,

Аб Леніне думаю я.

 

Аб з’ездзе дваццатым,

Пра тое,

Як шлях ён ўдаль азарыў...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Відно мне,

Як гэтай вясною —

У наступ пайшлі трактары.

 

Чутно —

Пяцігодка нас кліча.

Мы выйшлі на кліч грамадой.

Чутно мне, як гул будаўнічы

Стаіць над краінай усёй.

І сёння

Я ўвесь ўсхваляваны,

З такою надзеяй пяю,—

Каб гэты радок вершаваны

Знаходзіў дарогу сваю.

 

Каб мог ён

З народам сустрэцца

І радасць пачуццяў узняць —

Аб Леніне, партыі сэрцу

Хацелася вельмі сказаць.

 

Як партыя наша

Нястомна

Вядзе нас, наперад заве.

У партыі многамільённай

Сягоння наш Ленін — жыве!


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, паэмы, 1954-1964.- Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 396-410
Крыніца: скан