epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"А лета не канула..."

А лета

Не канула ў Лету,

Яно адслужыла тэрмін,

Бунтоўны агонь свайго цвету

Замкнула, быццам у тэрмас,—

У крутабокія яблыкі,

І кавуны, і бэры,

Што да зімы,

Як караблікі,

Шыбуюць на белы бераг.

Усё, што ў бяссонных пошуках

У лепеце лісцяў завяжацца,

У стопудовых кошыках

У лістападзе ўзважыцца.

Няхай цеплыні эстафета

Перадаецца бясконца...

Дзень добры,

Наследнікі лета —

Румяныя дзеці сонца!