epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"А спачатку была трава..."

А спачатку была трава —

Па калені табе і мне.

І ад сена гула галава

У драўляным глухім гумне.

І калі раставала ноч,

Праз адтуліны, што ў сцяне,

Сонца кратала тысячай воч

Бессаромна цябе і мяне.

Хоць бяжы ад сябе саміх —

Так палохала нас святло.

Век травы — чалавечы міг.

Белым снегам зямлю замяло.

Як адолець мне снежны прастор?

Ах, сумёты — вяршыні гор —

Як пакласці, пакуль жыву,

Вас падушкамі пад галаву?

Паміж намі — зімою

Снягі.

Паміж намі — вясною

Снягі,

Паміж намі і ўлетку

Снягі,

Паміж намі і ўвосень

Снягі.

Дзе вы, росныя мурагі?

Дзе вы, сена стагі?

* * *