epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"А ўсё-ткі трэба быць дабрэй..."

А ўсё-ткі трэба быць дабрэй

Да птушак, да дзяцей і жонкі,

Скразняк адчыненых дзвярэй

Раптоўна свет адкрые звонкі.

 

З душы лагоду адвядзе

Пярнаты птах зямлі і неба:

Як спрытна верабей крадзе

У голуба крупінку хлеба!

 

Машыны ў стоенай цішы

Трымцяць ад нерухомай мукі:

Цераз дарогу малышы

Ідуць, трывала сплёўшы рукі.

 

Світальнае расы сляза.

Пупышка, набрыняўшы сокам,

Чакае промня, як ляза,

Каб лісцем зашасцець высокім.

 

І тут ураз адчуеш ты,

Як ком да горла падступае:

У свеце толькі дабраты,

Як лепшых лекаў, не хапае.