epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Аб тым, куды я еду..."

Аб тым, куды я еду,

Не гавары суседу,

Не гавары суседцы —

Усёвідушчай сведцы.

Не гавары —

як-небудзь

Стрымай сябе, змаўчы.

Скажы зямлі і небу,

Скажы глухой начы!

 

Парушыўшы граніцу,

Разбурыўшы сцяну,

Я еду ў таямніцу,

Я еду ў навіну.

 

З мяцеліцы зімовай

У весні першацвет

Перад бяссільнай змовай

Старых і новых бед.

 

Не гавары суседу,

Стаіўшыся ў журбе,

Аб тым, куды я еду...

Я еду да цябе!