epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Ах, як страляе пуга..."

Ах, як страляе пуга сырамятная!

Майстэрскі пастушыны ўзмах рукі —

І секане чаргою аўтаматнаю

Неверагодны лёскат ля ракі.

У рух прыходзіць дымная аселіца:

Авечкі, што скублі траву ўразброд,

Пачуўшы свіст, які пагрозна цвеліцца,

Збягаюцца ў адзіны карагод.

Бізун, які па росах звонка плёхае,

Калі, здаецца, луг увесь прыціх,

Не толькі аглушае і палохае,

Але і цешыць рабалепны слых.

Нашто авечкам вышыня птушыная?

Ім толькі б гэту пашу не ўпусціць,

Заўжды падкажа пуга пастушыная,

Каму пасціся і каму пасціць!

Як хораша, што статкам з пільнай ласкаю

Кіруе гаспадарская рука...

Калі бізун над самым вухам ляскае,

Не страшна нават і выццё ваўка.

Ды раптам сядзе цішыня на купіны,

І статка непакоіцца чарга:

Ах, як гняце, ах, як бляе пакутліва

Па бізуну авечая туга!..

Няхай сабе пастух — пустое пудзіла,

Няхай у галаве яго — труха!..

Ды ў рэшце рэшт аўтарытэтнай пугаю

Гарантавана ўлада пастуха.