epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Ад тармазоў — сіпаты, дымны віск..."

Ад тармазоў — сіпаты, дымны віск:

Дрыжы, прыпынак, цішыні пазбыты.

І ўціскваюць, нібы патрон у дыск,

Мяне ў тралейбус, што бітком набіты.

 

Мароз — траскучы абстракцыяніст —

Свае шэдэўры выставіў на шыбах.

На шкле, здаецца, алавяны ліст,

Увесь у хітраватых перагібах,

Як ні глядзі ў акно —

ўсё адно

Не зможаш у маршруце разабрацца.

Куды бяжыць тралейбус, не відно,

Мастак халодны, з-за тваіх абстракцый.

 

Ды дзьмухну я — і раставай да дна,

Абстрактны лёд, наляпаны бязладна.

І, нібы ў рамку, у квадрат акна

Пейзаж рэальны ўпісваецца ўладна.

 

Узмах рукі — і золак трапяткі

На волю з ночы выплыў, як з палону.

Ад сонца прыкурыўшы, камінкі

Дымяць у твар самому Апалону.

 

Бывай, тралейбус! На прыпынку Дзень

Выскокваю з цябе, як з дрогкай брычкі.

Хай дакранецца ранішні прамень

Да барады лязом вясёлай брытвы!