epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Адбітак пальцаў

Таму, хто ступіць на заморскі бераг,

Адолеўшы крутых стыхіяў плынь,

Загадваюць:

на дзесяці паперах

Адбітак пальцаў, як пячаць, пакінь...

 

З дрыготкіх зрэнкаў — прагавітых джальцаў

Здыміце акуляры, слепакі!

І перад вамі, як адбіткі пальцаў,

Паўстануць буйна ўсе мацерыкі.

 

Глядзіць у затуманеныя воды

З амерыканскіх тлумных берагоў

Адбіткам пальцаў статуя Свабоды,

Аглухлая ад звону ланцугоў...

 

Калі б была ў яе на выезд віза,

На востраў Кубу адплыла б даўно...

Адбітак пальцаў —

гэта Монна Ліза

І Рэмбрандта важкое палатно.

 

Адбітак пальцаў — гэта ўсё жывое:

І нот шматкроп’е. І ракет дымы...

І нават Млечны Шлях над галавою,

Куды ступаем па ступеньках мы.

 

Хай будзе ўсім дапытлівым вядома,

Адкуль да зор узлёт мы пачалі:

Мая далонь — пляцоўка касмадрома,

З якой увысь стартуюць караблі!

 

Мая далонь у стоме, бы ў затоне.

На ёй, нібы вяршыні, мазалі.

І, як па карце, па сваёй далоні

Прарочу я наступны лёс зямлі.

 

Калоціць страх сусветную арханку:

Ламаючы счарнелы лёд акоў,

Дзяржаўна ўздымуць золак сцяга ўранку

Пяць дружных пальцаў — пяць мацерыкоў!