epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Адчуем у грудзях..."

Адчуем у грудзях біццё —

І задаём сабе загадку,

І ўжо гатовы ўсё жыццё

Перакрамсаць, пачаць з пачатку.

 

Але нікуды не падзенем

Той праўды горкай, той бяды,

Што мудрасць сталасці заўжды

Да нас прыходзіць са спазненнем.

 

А ці не ў тым, а ці не ў тым

Мы спасцігаем сэнс высокі,

Што да вяршынь кіруем крокі

На ўздыме цяжкім і крутым?

 

Вясновым днём на сад зірні,

Святлом пялёсткавым убраны:

Красуюць кроны ў вышыні,

А карані зямлёй схаваны.

 

Калі ты ў вечнасці ў гасцях,

Твой лёс — узлёт напятай хвалі.

Пачатак твой — заўжды працяг

Сябе і тых, што тут бывалі.