epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Аддайце — не ў крыўду жонцы..."

Аддайце — не ў крыўду жонцы —

Належнае ветру і снегу.

Давайце даверымся сонцу.

Давайце даверымся бегу.

 

Мы грэем сябе ў паядынках

З зямлёю і небам айчыны

І ў беласнежных абдымках

Мяцеліцы — лютай жанчыны...

 

Як хораша ў неруш прабіцца

У ззянні прыручаных зорак

І хоць на імгненне згубіцца

У царстве ваўкоў і вавёрак...

 

Прымаю з гарэзнасцю смелай

Калючых віхур небяспечнасць —

Вядзе мяне ў далечы белай

Лыжня, што пракладзена ў вечнасць.

 

Пад сонцам лячу, як пад сцягам,

У белым заснежаным полі

Прасцягам — бліскучым працягам

Маёй чалавечае долі.