epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Адкажы мне..."

Адкажы мне,

што ты такое:

Хлеб

ці

малітва?

То атуліш гаючаю ракою,

То падступіш да горла,

як брытва.

Я памкнуўся ўжо хоць куды

Уцякаць ад цябе

ў паняверцы.

Але дзе там!

За павады

Падцяла зацуглянае сэрца.

Ты мой крыж,

да якога прыбіт я цвікамі,

І маё ўваскрасенне.

Без цябе я —

у бездань упушчаны камень,

Іголка па сене.

Ты згубіла мае ключы

Ад спакою —

не ад пакою!

Я малю цябе,

не маўчы,

Адкажы мне,

што ты такое?

* * *