epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Адкрывалі мацерыкі..."

Адкрывалі мацерыкі

І маленькія астраўкі,

Пікі горныя і пагоркі

І даўно патухлыя зоркі.

Вынаходнікі столькі знайшлі,

Адкрывальнікі столькі адкрылі,

Што ў бабулькі старой — Зямлі

За спіной разгарнуліся крылы.

Грэла кожнае адкрыццё.

Вынаходзілі плуг і порах.

У спаборніцтве смерць і жыццё,

Вынаходзячы, крочылі поруч.

Ціснем — вецер у твар сячэ:

Гонка, гонка — хвароба веку!

Ах, бы толькі адкрыць яшчэ

Чалавека

У чалавеку.

Дайце браму краіны любві

Адчыніць, нібы дзверы дома.

Моры гневу і рэкі крыві

Аддадзім назаўжды былому.

Я адкрыць хачу, як і ты,

У жыцці, а не ў цудах казкі

Кантыненты людской дабраты,

Акіяны пяшчоты і ласкі.

Ты задумаўся — што з табой?

Ты народжаны быць адкрытым.

Як падземнай ракі прыбой,

Неадкрытасць крычыць крыкам.

* * *