epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Адрачэнне галілея

— Я зрабіў перад богам вялікі грэх,

Раскусіў забароненай праўды арэх.

Прызнаюся і ўголас каюся —

Адракаюся...

Адракаюся я ад таго, што люблю,

Ад святла, што сляпіла мне вочы,

Адракаюся я ад таго, што Зямлю

Вырваў з цемры сусветнае ночы.

У сабе назаўжды заглушу, задушу

Ерась тую, што вечна бунтуе.

Рот замкну на замок, замурую душу,

Крык яе нематой забінтую.

Мне раскаянне полымем скроні пячэ,

Кулаком сябе стукаю ў грудзі.

Дык чаго вам яшчэ?

Ну, чаго вам яшчэ,

Слугі боскія,— грозныя суддзі?

З вамі ў лад праклінаю ў пакутнай жальбе

Грэх знішчальны сумлення любога,

Адракаюся я ад самога сябе,—

У імя ўсемагутнага бога.

...І Зямлю над удары царкоўных званоў

Пнуцца кінуць служакі з размаху

Тром кітам патрапаным на міласць ізноў,—

Ашуканству, прымусу і страху,

І чадзіць з-пад кадзілаў святая мана,

І ахутвае дымам планету.

Але — бачыце! — круціцца ўсё-ткі яна

У бясконцым сузор’і сусвету.

Хіба можна ўцячы ад таго, што ў душы

Прарастае з бунтарскага зерня,

Ад таго, што, знямеўшы цяпер у цішы,

Заўтра выбухам свет пераверне?!

— Хоць паказваў мне страх тапара вастрыё,

Я не стаў, я не ўпаў на калені.

І таму ад цябе, адрачэнне маё,

Адракаюся імем сумлення!

* * *