epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Адведзіны

Нібы гадзіннік, што на час заведзены,

Няўмольна лёс адлічвае гады.

Жыццё маё — святочныя адведзіны

Зямлі і неба, лесу і вады.

 

І — хочаш ці не хочаш, адыходзячы,

Трымай адказ, чаго прыходзіў ты...

Дзеля таго, каб выпіць келіх слодычы

Ці падарыць хоць жменьку дабраты?

 

Я саджанцам жыцця парой халоднаю

Не шкадаваў уласнага цяпла,

Я атуляў іх любасцю лагоднаю,

І самі вырасталі кроны зла.

 

Хоць бразгала перад чужынцам засаўка,

Мой секлі сад, што я ў душы пранёс,

То пікамі знішчальных промняў — засуха,

То ледзяной сякераю — мароз...

 

Гадзіннік лёсу, што на час заведзены,

Усё хутчэй адстуквае гады.

Жыццё маё — кароткія адведзіны

Святла і цемры, шчасця і бяды.

 

Калі ж дужэе дрэўца чалавечнасці,

Якое я адхукваў у мароз,

Чаго яшчэ? Ніякай іншай вечнасці

Я не прашу ў цябе, няўмольны лёс.