epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Адзіны мой доктар

Мне сябра даўно не звоніць,

І позніцца вестка ад брата...

Не ведаю, хто абароніць

Душу,

што журбою ўзята.

Я слухаю ў стоенай злосці,

Як у мяне за плячамі

Самота нязванай госцяй

Бязгучна звініць ключамі.

Цікуе ў замочным вочку,

Ахвяру крадком знаходзіць,

Мяне ў сваю адзіночку

Хоча яна праводзіць...

Ды я выбіраю кірунак:

(Не бразгай у дзверы, самота!)

Адзіны надзейны ратунак,

Адзіны мой доктар —

работа.

Забраўшы мяне да астачы,

Грэе ў сваім палоне,

Яна, нібы поціск гарачы

Вернай сяброўскай далоні.