epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Афіцыянтка

Пагойдваючыся,

паднос

Плыве параходам з кухні.

Чайнік задраў нос.

Пеніцца піва ў куфлі.

Кубінскі цукар і чай

Грузінскі —

якое суседства!

Сталоўка —

тлумны прычал

Галоднага чалавецтва.

Хоць самы розны народ

Прымаюць гэтыя сцены,

Тут прага напоўніць рот —

Заўсёды кліент нязменны.

Грыміць з рэпрадуктара Бах

Вышынна-блакітнае штосьці,

А ў едакоў на зубах

Хрумсцяць парасячыя косці.

Выбух — і пробка ў столь,

А поруч нехта аб стол

Стукае афіцыяльна,

Гукае:

— Афіцыянтка!

Яна сваю стому нясе,

Змяіцца між столікаў кобраю,

З’едзены ўсмешкі ўсе,

З’едзены словы добрыя.

Чым наталіць душу,

Якая зубамі ляскае?..

— Афіцыянтка,

прашу

На першае — кубак ласкі!..