epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Акно

Як мне святлом упіцца хочацца,

Калі світанкам праз акно

За кропляй кропля сонца сочыцца,

Як вінаграднае віно.

 

Зара смугу далей адсоўвае,

Зажмурыш вочы ад святла:

Ты, ноч, маёй турмой часоваю,

Маёй цямніцаю была!

 

Мой дом —

майстэрня, а не камера.

Прамень, сюды прыходзіш ты,

Каб вызваліць,

як скульптар з каменя

Мяне з маўклівай чарнаты...

 

І я ўжо больш не агароджаны.

Удзячны добраму агню,

Здаецца, як нованароджаны,

Ад шчасця крыкну ўпершыню.

 

Рукой ружовы шар пакратаю,

І зноўку думка апячэ,

Што, перакрэсленыя кратамі,

На свеце вокны ёсць яшчэ...