epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Акуніся ў рацэ маленства..."

Акуніся ў рацэ маленства,

Абдыміся з патокам імклівым —

І адчуеш ізноў падабенства

Сам з сабою — плыўцом шчаслівым.

 

Мары даўняй парыў гарачы

Зноў падхопіць цябе небывала,

Дзе на дрогкі кручок удачы

Залатая рыбка клявала.

 

Зноў з сабой цябе пабратае

На рацэ ў паядынку натхнёным

Хваля тая, што човен хістае,

А не падае ў ногі з паклонам.

 

Потым вынырнеш, засяроджаны,

Адпіхнуўшыся лёгка ад донца,

Станеш чысты, як нованароджаны,—

Сын ад шлюбу вады і сонца.

 

Змыеш стому сваю і змору,

Каб, адчуўшы віроў шаленства,

Зноў падацца ў абдымкі мора...

Дзе ты, рэчка майго маленства?