epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Асеннія барвы

Расінкі поту жнівень з твару сцёр —

Здае цяжар спякотных абавязкаў.

І верасень — грамадскі кантралёр

Касцянкамі лічыльніка заляскаў.

Адсвечвае галактыкаю сад,

У барвы шчодрай спеласці адзеты.

Як успамін, раіцца лістапад:

Зялёнае буянства лета,

Дзе ты?

Нібыта штору, адхіні смугу,

Развей лісты, як сцёртыя чырвонцы,

Кладзі на шалі чыстую вагу

Пладоў, зярнят і дум, цяжкіх ад сонца.

Сам космас, быццам просьбіт, басанож,

Сыходзіць ноччу да Зямлі з паклонам,

Дрыготка падстаўляе зорны кош

Пад яблыкі, што надаюць са звонам.

Зрываючыся з прывязі галля,

Бабахне бэра, як скарбонка лета.

І сутыкнуцца груша і Зямля —

Малая і вялікая планеты.

Цямнее лоб зямлі не ад гадоў —

Ад восеньскай разважнасці халоднай.

Як лёгка ёй пад ношаю пладоў,

Як цяжка ёй ад лёгкасці бясплоднай.

Пад шыпамі машын яна дыміць,

Ды круціцца, не просячы рамонту,

І хмарыцца ад думкі: як прамыць

Запыленыя жніўнем гарызонты.