epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Азбука бегу

Была зіма.

Зімы няма.

А на душы —

Старэчай тугі ледзяшы.

Маленькі раўчук —

Дзіця сонца і снегу,

Авалодваючы азбукай бегу,

На асфальце

Пявуча

Рукой свавольнай

Першыя літары

Піша,

Як вучань

На дошцы школьнай...

Жэўжык,

Які ў сумётах нямеў,

Якога не чулі ўчора,

Бач ты, як зашумеў:

Падавай яму мора!

У рыжаватай імжы

Струны наладжваюць капяжы.

Кроплі,

Пакінуўшы родны карніз

І не хаваючы свой адчай,

Ляцяць галовамі ўніз —

У ручай,

Які, пасваволіўшы трошку —

Годзе шумець дармова! —

На роўную выбег дарожку —

Да мора.

І вось ужо ў ім,

Як у басейне сваім,

Купаецца сонца,

Купаецца воблака,

Купаецца вышыня.

Лёгка плёхае цішыня,

Мару аб моры, ручай, калышы,

Хай спраўдзяцца ўсе спадзяванні твае.

Старая туга, што асела ў душы,

Растае.

* * *