epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Балада пра лясное рэха

Не разлучаўся цар Вядзьмар

З драўлянаю аховай.

Любіў ён скаланаць гушчар

Прамовай выбуховай.

Ляцелі словы, як з трубы,

Гулі, як рой асіны.

Каменна слухалі дубы,

І трэсліся асіны.

Каціўся громам грозны бас.

І — прыкрая пацеха —

Яго нязменна кожны раз

Перакрыўляла рэха.

Ці не двайнік дражніў цара?

І гэта падабенства

Угневанага Ведзьмара

Прыводзіла ў шаленства.

І раптам ён патрос наўзгад

Сваёй чупрыны стрэху,

Лесавікам аддаў загад:

— Схапіць у момант рэха!

Звязаць, крамольнае, і рот

Заткнуць яму навекі,

Каб не дрыжаў лясны народ

Ад звонкай небяспекі!..

І ад зары і да зары

Вядзьмарскія служакі

Па непралазным гушчары

Снавалі, як вужакі.

І вось ужо лесавікі

Дакладваюць старанна,

Што рэха ўзята на штыкі

І смерцю пакарана.

Шчаслівы цар загаварыў

Баском нечалавечым,

Не ў сілах свой стрымаць парыў

Перад драўляным вечам:

— Таму, хто выканаў загад,

Узнагарода будзе!

Я прышпіліць героям рад

Дубовы ліст на грудзі...

Пачаў Вядзьмар чытаць указ

Лесавікам на ўцеху...

А воддаль грымнула ў адказ

Вясёлым шротам рэха.

* * *