epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Бяда адна не ходзіць..."

Бяда адна не ходзіць;

Цікуючы падпольна,

Бяда бяду знаходзіць,

Каб наступаць супольна.

 

Яе нашэсце, зрэшты,

Накаркаюць вароны

Тады, калі ўстаеш ты

Зусім безабаронны.

 

Накінецца знянацку

Сямігаловым змеем,

Якога па-салдацку

Мы ўтаймаваць не ўмеем.

 

Бяда — душы паверка,

І ты ў адчаі храбра

Хапаеш за паветра —

І ловіш локаць сябра.

 

Удаль глядзіш з мальбою —

І кроў у жылах стыне

Ад створанай табою

Глуханямой пустыні.

 

Так доўга, так пакутна

Рука руку знаходзіць...

А блізка зграя чутна —

Бяда з бядою ходзіць.