epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Блазен

Чаму святла не тушаць?

Чакання сверб, як ток.

За горла смага душыць:

Хутчэй — маны глыток!..

І —

нецярплівы пошум

Вяслуе па радах.

І барабаніць пошчак

У зіхатлівы дах.

Рыўком, як шок, паспешным

Заслону торг ды торг.

Каму выходзіць першым,

Вядуць апошні торг.

Пакуль вачмі аблазім

Па ўсіх кутках,

У цэнтр арэны блазен

Выходзіць на руках.

Далоў на сметнік драму!

Да д’ябла праўды соль!

Камедыянт праграму

Вядзе, нібы кароль.

Паставы выгінастыя,

Чыгунныя ілбы...

Хвала табе, дынастыя

Хадульнае хады!

І выбухне фугаскай

Грымотнае «ура»,

Свішчы, вішчы і пляскай,

Вітай валадара.

Далоні, быццам рублікі,

Парукай кругавой:

На трон любімец публікі

Сядае галавой.

Кумір — метровы вырадак,

Кладоўкай цудаў — рот...

Ах, тут усё навыварат,

Усё — наадварот.

Замкнёнымі радамі

Кругі, кругі, кругі...

Ад радасці рыдаем,

Рагочам ад тугі.

* * *