epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Бор

Зусім як у маленстве...

Лес з грыбамі,

Што з-пад зямлі прабіліся гарбамі.

Не бор,

А хор:

Ты толькі слова скажаш —

І стогалоссем ён табе адкажа.

Тут ціш,

Якая сярод хвой задумных

Схавалася ад магістраляў шумных.

А мы ідзём у гэтакім уборы.

Што не прыкмеціш паміж шатаў бору.

Мы не бяром грыбоў, бо рукі ў нас заняты.

Не кошыкі трымаем — аўтаматы.

Не можам мы спыніцца, каб навокал

Зірнуць прыветным улюбёным вокам...

І ўсё-ткі не ў маленстве, а сягоння,

З сябрамі поплеч ідучы ў страю,

Убачыў я, мой добры друг зялёны,

Усю красу тваю!