epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Брашы, сабака

Мяне твой чуйны нюх не абміне,

Калі праходжу міма ля паркана.

З якім натхненнем брэшаш на мяне,

Сабака,— неспакойны служка пана...

 

Я бачу — у вачах тваіх туга.

Гняцешся ты арбітай прывязною.

Цябе спусціць бы толькі з ланцуга,

Я знаю, што зрабіў бы ты са мною.

 

Не трэба мне тваёй і дабраты,

А я ні кроплі не зайздрошчу ўпотай

Абраннікам, якіх заўсёды ты

Лізнуць гатоў з ахвярнаю пяшчотай.

 

Сабака, ты — старанны працаўнік,

Ты гаўкаеш гаспадару на ўцеху.

І ў рэшце рэшт, я да цябе прывык

І да твайго аплачанага брэху.

 

Хоць лёгка, ды нязвыкла на душы,

Калі цябе не чую і не бачу.

Брашы, сабака, на мяне брашы,

Сумленна зарабляй свой хлеб сабачы.