epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Бусел

Рэчы, пацясніцеся ў пакоі:

Я гляджу ў шчаслівым неспакоі,

Як калыска —

Лодка без вясла —

Ледзьве-ледзьве ў дзверы праплыла.

 

Чым суняць грамадзяніна Слаўку?

Закрычаў уладна на ўвесь свет —

Падае свой голас,

як заяўку

На жылую плошчу ў гарсавет.

 

У калысцы хлопчык,

як палоннік,

Цэлы дзень бунтуе неўпапад —

Сіліцца парваць палон пялёнак,

Што скруцілі з галавы да пят.

 

Супакойся, мой бунтар нястомны:

Чуеш,

Як клякоча за сцяной

Дзюбаю сталёвай кран пад’ёмны —

Звонкі бусел на назе адной.

 

Я акенца адкрываю насцеж:

Змоўк і ўраз заслухаўся малы...

Несучы на дужых крылах шчасце,

Клекачыце, добрыя буслы!