epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Быў ў зялёным загсе..."

Быў у зялёным загсе

май за свата.

Пячатка-сонца змацавала шлюб.

І з той зары

я адзначаю свята

Тваіх марудных і п’янлівых губ.

Мне сто вякоў спаткаць цябе карцела.

Мільгаюць тут, —

скажы,

з якіх часоў? —

Спякотны дзень твайго тугога цела,

Густая ноч жытнёвых валасоў;

Нябёсы воч —

блакіт бяздонных тоняў

Турботай затуманены пагляд,

Скуластыя мацерыкі далоняў,

Прычальны родны бераг немаўлят...

Люблю цябе зямную, не ікону!

Люблю цябе, нібы ратай раллю!

Тут я адзін.

Не стукайце.

Нікому

У тваім сэрцы месца не ўступлю!

* * *