epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Бывай, няміга

Тут,

дзе цябе ў задуменні шукаю,

Няміга,

Час прасуе бульдозерам

рэшткі руін.

Бывай, Няміга —

былога закрытая кніга,

Якую цяпер

не разгорне

мой сын.

На тваіх берагах

скрыжоўвалі прашчуры пікі,

Малацілі мячы харалужныя,

не цапы.

Умалот быў у бітвы быліннай

вялікі:

Тут галовы братоў

слаліся, як снапы.

Над табою,

рака старадаўняй

страшэннай казкі,

Мы часінай нядаўняй

чужынцам давалі адпор.

Іржавеюць дасюль над зямлёю

варожыя каскі,

Па якіх

днём і ноччу

руіны стралялі ва ўпор.

Схавалі цябе, але не пахавалі

мінчане,

Ты не дасі нам, Няміга,

забыцца,

адкуль мы прыйшлі.

Штыкамі і кулямі,

пікамі і мячамі

У тумане вякоў пісалі

славу айчыннай зямлі.

Сягоння сучаснікам

Над аняменнем Нямігі,

Дзе стопавярховае сонца

з імглы паўстае,

Узяўшы бар’ер гукавы,

бліскавічныя «Мігі»

На чыстым блакіце

аўтографы пішуць свае.

І гэтак шчымліва карціць

прысланіць вуха

Да цябе, як да ракавіны,

у якой

Заплешчацца раптам

таямніча і глуха

Мінуўшчына наша

схаванай падземнай ракой.