epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Чаму ты плойме..."

Чаму ты плойме выдуманых бед

Разнасцежыла сэрца так старанна?

Бяда, калі пазнюся на абед,

Бяда, калі прыходжу надта рана.

 

Не там сяджу, і не туды гляджу,

І не магу я ўцяміць — нехарошы! —

Што парасон ратуе ад дажджу

І ад слаты —

гумовыя галёшы...

 

Навошта акіяны караблю,

Калі вады і ў завадзі па горла?

За ўсім, што я раблю і не раблю,

Ты бачыш нешта цёмнае, як гора.

 

Пакіньце ж, здані,

наш цвярозы свет,

І толькі дождж слязамі дол акропіць

Па пахаванні выдуманых бед,

А нам з табою і сапраўдных хопіць!

* * *