epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Хатні рай

Ад камандзіровак, ад сябровак —

Хочацца развітвацца ці не,—

Ад сталовак тлумных і вандровак

Забірае хатні рай мяне.

 

Дома жонка ля пліты штукарыць.

Каву ў ступцы, як вядзьмар, таўку.

Рок-н-рол шчупак віхлясты шпарыць

На патэльні, як на пятачку.

 

З пары —

Хмары.

Вось і навальніца!

Грукну шклянкай — грому нараблю.

Толькі грозна гляне чараўніца —

Дзве маланкі мілыя злаўлю!

 

Да стала заўжды лячу са страхам:

Спознішся — бяда не абміне.

Позіркам дакорлівым, як штрафам,

Пакарае любая мяне.

 

Ды абрушыць з абурэннем шчырым

Лаянку ласкавую сваю.

Каб вайна закончылася мірам,

Пляшку ўпотай з шафы дастаю.

 

Але зноў каханая асекла:

— Чарка ў будзень — гэта цераз край...

І каму паскардзішся, што ў пекла

Вельмі шмат пазычыў хатні рай!