epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Хоць клалі сосны ў зруб..."

Хоць клалі сосны ў зруб,

Але з усіх парод

Хвалілі толькі дуб

За цвёрдасць з году ў год.

 

У царстве гушчару

Дубы — тугія лбы —

Каронамі ўгару

Узносілі чубы.

 

На ўвесь лясны раён

Дудзеў дубовы ствол,

Што па прызванню ён —

Паліраваны стол,

 

Што ўвойдзе ў кабінет,

Ступіўшы на паркет...

А там з нейлону стол

Ужо забраў прастол.

 

Шуміць пра свой намер

Дуб між лясных братоў.

І я яму цяпер

Паспагадаць гатоў.

 

— Як ордэны, лісты

Страсуць вятры з цябе.

І шпалай ляжаш ты

На земляным гарбе.

 

І запяе тады

Струною магістраль:

— Туды,

Туды,

Туды,

Дзе пахне сонцам даль!

 

І рэха паплыве:

— Хай, як адзін народ,

Заўжды, заўжды жыве

Сям’я лясных парод!