epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Хоць прыходзім сюды..."

Хоць прыходзім сюды

Мы, як сціплыя госці,

Ёсць у нашай хады

Гаспадарскае штосьці.

 

Чуцен крок наш здаля

Сёння так, як і ўчора:

Плугара, каваля,

Песняра і шахцёра...

 

Што асудзім на злом,

Што скуём, што пасеем?

І дабром або злом

Наша заўтра заселім?

 

Мы і вы, я і ты

Перад часам падсудны:

Пакідаем масты,

Песні, зоркі і судны.

 

Што было — не сплыло

Днём, у быце пазбытым.

Дум і сэрцаў святло

Пакідаем арбітам.

 

Не палохае нас

Забыцця небяспечнасць.

Мы прыходзім на час.

Мы прыходзім на вечнасць.