epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Хоць у мой зрок..."

Хоць у мой зрок

Уваходзілі,

Як параходы ў шлюз,

Поўнае сонца,

Жанчыны самотныя

І адзінокія зоркі,—

Я не ведаў, нашто мне вочы,

Пакуль не ўбачыў цябе.

Хоць прыпадаў не раз

Да кварты сталовай

І да паходнай біклагі,

Да рэчкі вандроўнай

І да пастаяннага мора,—

Я не ведаў, нашто мне губы,

Пакуль не спаткаў цябе.

Ты засвяціла,

Як выйсце

З катакомбаў халодных блукання

У муках,

Як камень, марудных

Цябе адшукаўшы,

Знайшоў я самога сябе!

Таму, як малітву штодзённую,

Я чытаю цябе запоем,

Усю —

Ад загалоўка валасоў

І да шматкроп’я пацалункаў —

Перад тым,

Як забыцца сном.