epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Хочаце..."

Хочаце —

Пераніцую любога,

Новыя рысы надам спакваля.

Хочаце —

З вас зраблю бога.

Хочаце —

З вас зраблю караля.

І не ўсміхайцеся, калі ласка,

Я жартаваць зусім не прывык.

Я па службоваму абавязку

І па характару — чараўнік.

Калі вам сняцца чыны вайсковыя,

Калі вы з пароды гарачых задзір,

Якіх свабода цывільная скоўвае,—

Прымерайце свой генеральскі мундзір!

А вы, кірпатая, ў трэцім радзе

Станьце царыцаю хараства,

Перад якою з мальбой у паглядзе

Рыцары сцелюцца, як трава.

Каб вы пабачыць маглі ў люстэрку

Прывабнымі постаць сваю і твар,

Я клапатліва здымаю мерку

З вашых няўтольных жаданняў і мар.

Змена адзення — заўсёды падзея,

Заўсёды свята. Вядомая рэч,

Што сустракаюць нас па адзенню...

А хто не хоча добрых сустрэч?

Мастацтвам маім залюбуецца кожны:

Ходзяць, працуючы дбала на вас,

У пальцах маіх паслухмяныя ножны,

Якімі крою

Прастору і час...

Хтосьці пазычанае надзене,

І ўбачыш адразу: справа — швах.

І пачатковыя нашы надзеі

Трашчаць пачынаюць па ўсіх швах.

Таго, хто ролю чужую выконвае,

Падсцерагае сумны канец...

Гэта даводжу вам пераконана

Я —

тэатральнай майстэрні кравец.

* * *